|
|
|
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
||||||||
|
|
|
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
||||||||
30 лістапада 2025 г. у бібліятэцы адбылася сустрэча чытацкага клуба «КанТэкст». Яе прысвяцілі яшчэ аднаму юбіляру гэтага года — Аляксандру Купрыну — таленавітаму рускаму пісьменніку, творчасць якога выпала на пераломныя гістарычныя падзеі.
Многія называюць Купрына рамантыкам і спеваком чыстага кахання. «Не ў сіле, не ў спрыце, не ў розуме, не ў таленце, не ў творчасці выяўляецца індывідуальнасць. Але ў каханні!» — пісаў Аляксандр Купрын. Сябры клуба прачыталі розныя творы аўтара. Адна з лепшых аповесцей пра каханне Купрына — «Гранатавы бранзалет» — напісана з рэальнай гісторыі, а трагічны фінал дадумаў аўтар.
Аднойчы Аляксандр Іванавіч гасцяваў на Палессі ў памешчыка Івана Парошына, які распавёў пісьменніку загадкавую гісторыю сваіх адносін з нейкай вядзьмаркай. Менавіта гэтая гісторыя, узбагачаная мастацкай выдумкай, легла ў аснову аповесці «Алеся».
Творчасць аўтара ахоплівае і ваенную тэматыку — вядомыя аповесці «Паядынак», «На пераломе (кадэты)», «Прапаршчык армейскі», раман «Юнкеры». Гэтыя творы апісваюць жыццё і службу ў расійскім войску — ад кадэцкага корпуса да афіцэрскай службы і асяроддзя. Армейская тэма асвячаецца дэталёва і з веданнем справы, бо аўтар пасля заканчэння Аляксандраўскага ваеннага вучылішча быў накіраваны ў пяхотны полк, дзе праслужыў чатыры гады, потым выйшаў у адстаўку. Аповесць «Паядынак» прачыталі многія; некаторыя чыталі яе з перапынкамі, літаральна пражывалі пачуцці герояў, аналізавалі іх учынкі, некаторымі былі проста абураныя.
Вядома, не абышлося і без абмеркавання біяграфіі. Цікавыя факты: Аляксандр Іванавіч Купрын змяніў больш за 20 прафесій, сваімі настаўнікамі лічыў Антона Чэхава і Льва Талстога (партрэт Талстога з аўтографам узяў з сабой у эміграцыю). У 1919 г. Купрын эміграваў у Францыю. У Парыжы прайшлі 17 гадоў яго жыцця. Жыццё па-за Расіяй гняло Купрына: «Эмігранцкае жыццё дарэшты зжавала мяне, а аддаленасць ад Радзімы сплюшчыла мой дух да зямлі…». У 1937 годзе ён вярнуўся ў СССР, аднак пражыў нядоўга: памёр ад анкалогіі 25 жніўня 1938 г. у Ленінградзе.
Да канца сустрэчы сышліся на меркаванні, што вельмі карысна перачытваць кнігі: шмат чаго бачыцца па-новаму, змяняецца стаўленне да герояў і іх учынкаў.
Далучайцеся да аматараў чытання, будзем разам адчыняць цікавы кніжны свет!
Аддзел абанемента
+375 162 57 48 09