Not seeing a Scroll to Top Button? Go to our FAQ page for more info.
 

Рэсурс «Рэдкія кнігі ў зборах Берасцейшчыны»

Рэсурс «Лічбавая памяць Брэстчыны»



Выстава да Дня славянскага пісьменства ў аддзеле абанемента

Выстава да Дня славянскага пісьменства ў аддзеле абанемента

Выстава да Дня славянскага пісьменства ў аддзеле абанемента

24 мая ўсе славянскія народы, якія карыстаюцца кірылічным алфавітам, адзначаюць Дзень славянскага пісьменства. У Беларусі яго святкуюць з 1986 года і называюць Днём славянскага пісьменства і культуры. Дата 24 мая выбрана невыпадкова — у гэты дзень праваслаўная царква шануе памяць святых роўнаапостальных Кірыла і Мяфодзія, якія лічацца стваральнікамі славянскай азбукі і перакладчыкамі старажытных тэкстаў на славянскую мову.


Да гэтага дня ў аддзеле абанемента Брэсцкай абласной бібліятэкі ім. М. Горкага з 20 па 31 мая 2026 года пройдзе выстава «Шлях да асветы: узнікненне друкаванай кнігі».

На выставе прадстаўлена кніга «Кирилл и Мефодий первоучители и просветители славянские» (Масква, 2014), якая расказвае аб асветніцкай дзейнасці і складаным місіянерскім шляху роўнаапостальных Кірыла і Мяфодзія.


Вынаходства кнігадрукавання справядліва лічыцца сапраўдным прарывам у гісторыі чалавечай цывілізацыі. Гэта адкрыццё стаіць на адным узроўні з такімі значнымі дасягненнямі, як вынаходства колы, компаса або пораху. Кнігадрукаванне было вынайдзена двойчы: у Кітаі і ў сярэднявечнай Еўропе. Першай друкаванай кнігай лічыцца індыйскі твор «Алмазная сутра» (868 г.) у перакладзе на кітайскую мову.


Узнікненне кнігадрукавання ў Еўропе звязана з дзейнасцю ў г.Майнцы нямецкага майстра Іагана Гутэнберга каля 1440 года. Першымі друкаванымі кнігамі сталі «Біблія» і «Псалтыр», выдадзеныя на лацінскай мове.


Беларускае кнігадрукаванне з'явілася ў першай чвэрці XVI стагоддзя і звязана з дзейнасцю Францыска Скарыны. Першая яго кніга—«Псалтыр» выйшла ў свет у жніўні 1517 года. За няпоўныя тры гады Францыск Скарына пераклаў, пракаментаваў і падрыхтаваў да друку больш за 20 кніг Бібліі. Для чытачоў прадстаўлены зборнікі артыкулаў і кнігі, якія распавядаюць пра жыццё і дзейнасць Ф. Скарыны і яго сям'і: «Францыск Скарына: даўнія факты — новыя ідэі» (Мінск, 2021); «Францыск Скарына. Са слаўнага горада Полацка» (Мінск, 2017) і інш.


На экспазіцыі можна пазнаёміцца з кнігамі па гісторыі кнігадрукавання: Л. І. Уладзіміраў «Всеобщая история книги» (Масква, 1988); «Узнікненне кнігадрукавання ў Еўропе і Беларусі» (Мінск, 2017); Н. Ю. Бярозкіна «Гісторыя кнігадрукавання Беларусі (XYI—пачатак XX ст.) (Мінск, 2000); Я. Л. Неміроўскі «Путешествие к истокам русского книгопечатания» (Масква, 1991) — аб заснавальніку першай на Русі друкарні, выдаўцу кніг на роднай мове Іване Фёдараве. Кніга А. Марціновіча «Гісторыя праз лесы. Том 3» (Мінск, 2017) апавядае пра беларускіх кнігадрукароў Ф. Скарыну і яго паслядоўнікаў Івана Фёдарава, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, Спірыдона Собаля, Ігната Граната.


Беларуская кніга прайшла доўгі і няпросты шлях свайго развіцця і не толькі захавала традыцыі Ф. Скарыны і яго паслядоўнікаў, але і дасягнула найвышэйшых вяршынь паліграфічнага майстэрства, якія былі адзначаны шматлікімі рэспубліканскімі, усесаюзнымі і міжнароднымі ўзнагародамі.


Увазе чытачоў таксама будуць прадстаўлены кнігі–лаўрэаты Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі», які праводзіцца з 1960 года з мэтай далейшага развіцця кніжнага мастацтва, павышэння мастацкай і паліграфічнай культуры беларускай кнігі.


Кніга — гэта мост паміж мінулым, сучаснасцю і будучыняй, здольны захоўваць самае каштоўнае, што створана чалавечай цывілізацыяй на працягу многіх тысячагоддзяў.


Выстава чакае ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй кнігі і пісьменства.


Аддзел абанемента

+375 162 57 48 09


Зварот да спісу