Not seeing a Scroll to Top Button? Go to our FAQ page for more info.
 

Рэсурс «Рэдкія кнігі ў зборах Берасцейшчыны»

Рэсурс «Лічбавая памяць Брэстчыны»



«Жаночыя асобы Перамогі»: выстава да Свята Перамогі

«Жаночыя асобы Перамогі»: выстава да Свята Перамогі

«Жаночыя асобы Перамогі»: выстава да Свята Перамогі

9 мая штогод у нашай краіне адзначаецца дзяржаўнае свята — Дзень Перамогі. Гэты дзень бясконца дарагі беларускаму народу, які разам з мільёнамі савецкіх людзей абараніў у Вялікай Айчыннай вайне суверэнітэт сваёй краіны, унёс свой уклад у вызваленне Еўропы ад фашысцкага прыгнёту. Менавіта беларусы аднымі з першых прынялі на сябе ўдар гітлераўскай Германіі пры нападзе на СССР, адчулі ўвесь цяжар страшнай вайны. Зруйнаваная, але непакорная краіна, дзякуючы мужнасці і самаахвярнасці свайго народа, увайшла ў сусветную гісторыю як рэспубліка-партызанка.


Да святочнага дня 6 мая 2026 года ў агульнай чытальнай зале Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага адбылася прэзентацыя выставы літаратуры «Жаночыя твары Перамогі». На выставе прадстаўлены больш за 100 крыніц, сярод якіх — кніжныя выданні, брашуры, артыкулы з часопісаў, фотаальбомы, ваенныя лісты.


Вялікая Айчынная вайна стала сур'ёзным выпрабаваннем для ўсяго савецкага народа. Нараўне з мужчынамі з ворагам ваявалі і жанчыны. Яны змагаліся на полі бою, стваралі ўласныя артылерыйскія атрады і лётныя эскадрыллі, выносілі параненых, стралялі са «снайперкі», падрывалі масты, хадзілі ў разведку, кіравалі танкамі. Па статыстыцы, у гады вайны ў рады Чырвонай Арміі было прызвана больш за 980 тысяч жанчын. На акупіраванай фашыстамі тэрыторыі разгарнуўся шырокі партызанскі рух, вялася актыўная барацьба ў падпольных арганізацыях. З 374 тысяч партызан, якія вялі барацьбу на тэрыторыі Беларусі, 7 тысяч былі жанчыны. Сярод 190 партызан, удастоеных звання Героя Савецкага Саюза, — 26 жанчын, з іх 11 змагаліся ў лясах Беларусі. Вялікая і колькасць жанчын, узнагароджаных ордэнамі і медалямі Савецкага Саюза. Напрыклад, толькі ў Беларусі медаль «Партызану Айчыннай вайны» атрымалі 7807 жанчын.


На выставе прадстаўлены матэрыялы аб Зоі Касмадзям'янскай —партызанцы, першай жанчыне-Героі Савецкага Саюза; Марыі Акцябрскай — танкістцы, якая на ўласныя грошы купіла танк, назвала яго «Баявая сяброўка» і ваявала на фронце, помсцячы за смерць мужа; аб лётчыцах 46-га гвардзейскага Таманскага палка начных бамбардзіроўшчыц, якіх фашысты называлі «начнымі ведзьмамі» і інш.


Знакамітым снайперам, у тым ліку і самай праслаўленай жанчыне-снайперу Вялікай Айчыннай вайны Людміле Паўлічэнка (на яе рахунку 309 забітых немцаў) прысвечана кніга «Анёлы помсты. Жанчыны — снайперы Вялікай Айчыннай вайны». Сама ж Л. Паўлічэнка пакінула пасля сябе кнігу ўспамінаў «Я — снайпер. У баях за Севастопаль і Адэсу». Гэтыя кнігі выклікаюць вялікую цікавасць для чытачоў гістарычнай літаратуры. У дакументальнай аповесці беларускага пісьменніка У. Ліпскага «Крутыя вёрсты» распавядаецца пра дзіўны і цяжкі лёс Зінаіды Тусналобавай-Марчанкі — легендарнай савецкай медсястры, Героя Савецкага Саюза, якая выратавала за 8 месяцаў вайны 123 параненых байца. У лютым 1943 года ў баі пад Курскам цяжка параненай яна абмарозіла рукі і ногі, іх давялося ампутаваць. Жанчына паказала неверагодную мужнасць, пасля вайны жыла паўнавартасным жыццём, выступала ў шматлікіх арганізацыях і на прадпрыемствах, вяла перапіску з франтавікамі. У кнігах «Жанчыны ў партызанскім руху Беларусі» (склад. У. А. Калабаева) і «Беларускія партызаны — Героі Савецкага Саюза» (аўт. А. А. Усачоў) можна знайсці інфармацыю пра жанчын, чыя смеласць і адвага, праяўленая ў барацьбе, набліжала Перамогу: Веры Харужай, Зіне Партновай, Алене Колесавай, Алене Мазанік, Марыі Осіпавай, Надзеі Траян і інш. Ганна Маслоўская не толькі гераічна змагалася з ворагам у партызанскім атрадзе, але пасля вайны здзейсніла і грамадзянскі подзвіг — узяла на выхаванне 15 дзяцей, бацькі якіх загінулі падчас вайны. Пра працоўныя подзвігі савецкіх людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны можна даведацца з кнігі «Героі сацыялістычнай працы 1941–1945». Вялікую цікавасць уяўляюць таксама артыкулы аб подзвігах савецкіх жанчын у гады вайны з часопісаў «Саюзная дзяржава», «Радзіма», «Ваенна-гістарычны часопіс», «Планета», «Беларуская думка», «Алеся», «Работніца» і інш.


Экспазіцыя прызначана шырокаму колу чытачоў і будзе экспанавацца ў агульнай чытальнай зале. Запрашаем гараджан і гасцей Брэста наведаць нашу бібліятэку!


Агульная чытальная зала

+375 162 57 48 74


Зварот да спісу