Not seeing a Scroll to Top Button? Go to our FAQ page for more info.
 

Электронны рэсурс «Агонь душы Ніны Мацяш»

Электронны рэсурс «Шчыраверная слову. Галіна Малажай»

Электронны рэсурс «Уладзімір Калеснік — чалавек Адраджэння»

Віртуальны музей «Ян Чачот — прадвеснік беларускага Адраджэння»

Электронный ресурс «Узняцца да лёсу чалавечага: да 75-годдзя з дня нараджэння Валянцiны Локун (1946–2016)»



Фонды и коллекции

Фонды и коллекции

Фонд установы культуры «Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага» на 01.01.2023 налічвае 794 335 экз. дакументаў і з'яўляецца ўніверсальным па зместу. Па відах дакументаў гэта кнігі, брашуры, перыядычныя выданні, аўдыёвізуальныя дакументы (грампласцінкі, аўдыёкасеты, кампакт-дыскі, дыяфільмы, дыяпазітывы, відэакасеты), выяўленчыя дакументы, ноты, карты, стандарты, аўтарэфераты, электронныя дакументы, рэдкія выданні. Тыпавы склад прадстаўлены дакументамі краязнаўчага характару, літаратурай гуманітарнага профілю, прыродазнаўчай і тэхнічнай літаратурай, літаратурай па мастацтве, даведачнымі і бібліяграфічнымі выданнямі, літаратурай на замежных мовах, мастацкай і дзіцячай літаратурай.



Кніжны фонд налічвае 544 990 адзінак захоўвання. У бібліятэцы мэтанакіравана вядзецца работа па фарміраванні кніжных калекцый.



«Руская калекцыя» ў аддзеле абанемента фарміравацца ў 2003 г. у рамках праграмы «Рускі праект». У яе склад уваходзяць кнігі лаўрэатаў і намінантаў розных літаратурных прэмій, лепшыя кнігі мінулых гадоў.



«Праваслаўная калекцыя» ў аддзеле абанемента фарміруецца з 2007 г. у рамках праграмы супрацоўніцтва з Брэсцкай і Пінскай епархіямі Беларускай праваслаўнай царквы. Налічвае больш за 2,5 тыс. кніг.



Калекцыя беларускай мастацкай літаратуры фарміруецца з 2007 г. у агульнай чытальнай зале  і ўключае зборы твораў беларускіх класікаў, выбраныя сачыненні, зборнікі , асобныя творы класічнай і сучаснай беларускай літаратуры. На 01.01.2024 г. калекцыя налічвае больш за 6117 тыс. экзэмпляраў дакументаў.



З 2011 г. у агульнай чытальнай зале фарміруецца калекцыя вядомага беларускага пісьменніка, краязнаўцы, журналіста, дзяржаўнага дзеяча Алеся Мікалаевіча Карлюкевіча. Яна ўяўляе сабой збор дакументаў (кніг, брашур, перыядычных выданняў, кампакт-дыскаў, буклетаў, паштовак) з асабістай бібліятэкі, якія А. Карлюкевіч перадаў у дар бібліятэцы. Асаблівая каштоўнасць калекцыі — кнігі з асабістымі аўтографамі класікаў беларускай літаратуры і сучасных беларускіх аўтараў: М. Танка, Р. Барадуліна, А. Зэкава, Л. Рублеўскай, Л. Дранько-Майсюка, А. Казлова і інш. На 01.01.2024 г. калекцыя налічвае больш за 2167 тыс. экз. дакументаў.



Аддзел захоўвання асноўнага фонду мае ўніверсальны па зместу і відах выданняў фонд. На 01.01.2023 г. фонд склаў 225 366 экз. розных выданняў. Гэта галіновая літаратура навуковага і навукова-папулярнага характару, манаграфіі, энцыклапедыі, слоўнікі, даведнікі, падручнікі і навучальныя дапаможнікі для ВНУ, зборы твораў класікаў сусветнай і айчыннай літаратуры.



У склад кніжнага фонду аддзела ўваходзіць калекцыя класікаў марксізму-ленінізму, выданні якой з'яўляюцца помнікам савецкай эпохі ў гісторыі нашай краіны. Налічвае 1024 экзэмпляры.



Фонд перыядычных выданняў аддзела захоўвання асноўнага фонду складаюць беларускія, расійскія газеты і часопісы, асобныя выданні замежнай перыёдыкі. Агульная колькасць 286 160 экз. часопісаў і 7 030 падшывак газет. На дадзеным этапе выдзелены:

– вучэбна-метадычны сектар — часопісы для настаўнікаў, выкладчыкаў універсітэтаў, куды ўключаны выданні Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, выдавецкага дома «Первое сентября», серыі «У дапамогу педагогу»;

– краязнаўчы сектар — абласная газета «Заря», раённыя газеты Брэсцкай вобласці, брэсцкія гарадскія газеты «Вечерний Брест», «Брестский курьер» і інш. Самыя раннія выданні —падшыўкі газеты «Заря» 1946–1950 гг.



Фонд аддзела выданняў на замежных мовах на 01.01.2023 г. складае каля 20 тыс. дакументаў на 50 мовах .



Фонд на французскай мове ўключае 1 518 кніг і больш за 100 электронных выданняў, каля 800 адзінак — арыгінальныя кнігі на французскай мове, падораныя Пасольствам Францыі ў Рэспубліцы Беларусь з 1998 па 2010 гг. Гэта навучальныя і вучэбна-метадычныя комплексы для вывучэння і выкладання французскай мовы, мастацкая і галіновая літаратура. Сярод арыгінальных кніг навукова-папулярная серыя "Quesais-je?", падораная ў 1998 г. Яна ўключае кнігі па розных галінах ведаў, а таксама лінгвістычныя слоўнікі LeRobert. У фондзе можна знайсці больш за 20 кніг сучасных французскіх аўтараў у перакладзе на рускую мову з серыі «Бібліятэка французскай літаратуры», заснаванай у 1997 г. у рамках праграмы «Максім Багдановіч» і выдадзеных у Мінску выдавецтвам «МАКБЕЛ».



У аддзеле фарміруецца шэраг калекцый. Сярод іх:


• Калекцыя «The Millenium Library» класікі сусветнай літаратуры на англійскай мове, якая налічвае 200 тамоў, выдадзеных у Вялікабрытаніі. Калекцыя была падорана бібліятэцы ў 2000 г. Брытанскім Саветам.


• Калекцыя «Брытаніка» — 387 дакументаў арыгінальнай вучэбна-метадычнай літаратуры і навучальных комплексаў на англійскай мове брытанскіх выдавецтваў Longman, Oxford University Press, Cambridge University Press. Падорана Брытанскім Саветам у 1997 г.


• Калекцыя «Books for Children and Youth» («Кнігі для дзяцей і юнацтва»). Больш за 450 арыгінальных мастацкіх і навукова-папулярных кніг вядомых амерыканскіх аўтараў. Аснову калекцыі складаюць 150 кніг лаўрэатаў літаратурных прэмій у галіне дзіцячага чытання і мастацкага афармлення Caldecott Honor Book, The Caldecott Medal, Newbery Honor Book.


• Тэматычная калекцыя арыгінальных кніг на нямецкай мове «Deutschaktuell» (2 500 дакументаў) пачала фармавацца ў 1998 г. пры ўдзеле Інстытута імя Гётэ ў Мінску. Аснову калекцыі складаюць кнігі па лінгвістыцы, методыцы выкладання нямецкай мовы і мастацкая літаратура серый «Klassiker der deutschen Literatur», «Der Kanon die deutsche Literatur», падораныя ў 2007 г. Інстытутам імя Гётэ ў Мінску і Таварыствам сяброў г. Брэста з г. Равенсбурга (Германія).


• Калекцыя арыгінальнай польскай галіновай і мастацкай літаратуры «A to Polska właśnie» (больш за 3 770 адз.). Пачала фармавацца ў 1989 г. Аснову складаюць кнігі, падораныя Нацыянальнай бібліятэкай г. Варшавы, Гарадской публічнай бібліятэкай г. Бяла Падляскі, выдавецтвам «Adam Marszałek».


Украінская калекцыя арыгінальных выданняў на ўкраінскай мове пачала фармавацца ў 2007 г. пасля атрымання ў дар ад Консульства Украіны мастацкай і галіновай літаратуры. У тым жа 2007 г. бібліятэцы былі падораны кнігі на ўкраінскай мове БрДУ імя А. С. Пушкіна. Кнігі размяшчаюцца ў фондах некалькіх аддзелаў: аддзела літаратуры на замежных мовах (больш за 500 дакументаў галіновай літаратуры), аддзела абанемента (больш за 100 экз. мастацкай літаратуры), аддзела літаратуры па мастацтве, аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі.


Індыйская калекцыя літаратуры на англійскай мове і хіндзі налічвае крыху больш за 150 арыгінальных выданняў галіновай літаратуры. Гэта кнігі па гісторыі, культуры, палітыцы, сучаснасці Індыі, рэдкія слоўнікі, падручнікі (хіндзі-англійская), буклеты індыйскіх гарадоў, а таксама відэаматэрыялы.


Фонд аддзела рэдкай кнігі налічвае каля 3200 экз. дакументаў. Уключае кнігі, брашуры, карты, улёткі, перыядычныя выданні, рукапісныя дакументы (храналагічны ахоп — з XVI ст. па сяр. XX ст.), а таксама факсімільныя і рэпрынтныя выданні кніжных помнікаў, літаратуру па кнігазнаўстве, гісторыі кнігі і кніжнай справы.


Фонд аддзела краязнаўства налічвае звыш 46 тыс. адзінак захоўвання. Гэта кнігі, перыядычныя выданні, папкі малых форм мясцовых выданняў (плакаты, буклеты, закладкі, праграмы мерапрыемстваў, этыкеткі, рэкламная прадукцыя прадпрыемстваў). У фондах аддзела знаходзіцца вялікая колькасць дакументаў у выглядзе рукапісных матэрыялаў, ксеракопій, газетных выразак, матэрыялаў на машыначытальных носьбітах.



У аддзел паступаюць кантрольныя экзэмпляры ўсёй друкаванай прадукцыі, якая выдаецца на тэрыторыі Брэсцкай вобласці.



Фонд выяўленчых дакументаў захоўваецца ў аддзеле літаратуры па мастацтве. Уключае мастацкія плакаты, паштоўкі, рэпрадукцыі (больш за 2 тыс. адзінак захоўвання).



Фонд нотных выданняў налічвае 11 507 адзінак захоўвання. Гэта багатая музычная калекцыя твораў айчынных і замежных кампазітараў-класікаў і сучаснікаў, клавіры, партытуры оперных спектакляў, дапаможнікі, навучальныя дапаможнікі для дзіцячых школ мастацтваў. Размяшчаецца ў аддзеле літаратуры па мастацтве.



Фонд аўдыёвізуальных дакументаў (11 186 адзінак захоўвання) уключае кампакт-дыскі, грампласцінкі, дыяфільмы і дыяпазітывы. Найбольш поўна прадстаўлена калекцыя вінілавых грамкружэлак (каля 5 тыс. асобнікаў). Фонды аўдыёвізуальных дакументаў размяшчаюцца ў аддзеле літаратуры па мастацтве, аддзеле выданняў на замежных мовах, дзіцячым і юнацкім аддзелах.



Фонд карт налічвае 236 адзінак захоўвання. Геаграфічныя і фізічныя карты знаходзяцца ў агульнай чытальнай зале, гістарычныя карты захоўваюцца ў аддзеле краязнаўства.



Фонд аўтарэфератаў дысертацый прадстаўлены аўтарэфератамі дысертацый, абароненых на тэрыторыі Беларусі, і складае 12 822 адзінак захоўвання.



Фонд электронных дакументаў налічвае каля 3 тыс. экзэмпляраў. Дакументы на электронных носьбітах сабраны па розных тэмах, напрамках навукі, культуры і мастацтва. Знаходзяцца электронныя выданні ў функцыянальных аддзелах і галіновых чытальных залах бібліятэкі.



Фонды дзіцячага і юнацкага аддзелаў складаюць больш за 114 тыс. экзэмпляраў (31 925 тыс. і 82 879 тыс. адпаведна). У іх сабраны кнігі, перыядычныя выданні, электронныя дакументы, вучэбная, даведачная і метадычная літаратура для абслугоўвання дзяцей і падлеткаў, а таксама для кіраўнікоў дзіцячага і юнацкага чытання.


Зварот да спісу