![]() |
![]() |
![]() |
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
![]() |
![]() |
![]() |
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
З 10 студзеня 2024 г. у аддзеле рэдкай кнігі Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага дзейнічае выстава «Слово о книгопечатании: от Гутенберга до Скорины», прысвечаная найвялікшаму вынаходніцтву ў гісторыі чалавецтва — кнігадрукаванню.
З'явіўшыся як адказ на распачатыя змены ў свеце (ад сярэднявечнага светапарадку да капіталістычных адносін), кнігадрукаванне само пачынае мяняць свет: актыўна развіваецца асвета, расце колькасць пісьменных людзей, інфармацыя распаўсюджваецца ў разы хутчэй, навуковыя і тэхнічныя адкрыцці становяцца здабыткам усяго чалавецтва.
Кнігадрукаванне было вынайдзена спачатку ва Усходняй Азіі (Кітай, Карэя), а затым, у XV стагоддзі, ужо ў Заходняй Еўропе. Нямецкі вынаходнік і друкар Іаган Гутэнберг у 1440-х гадах стварыў спосаб кнігадрукавання рухомымі літарамі, удасканаліў прэс для друкарскага станка і прыдумаў аптымальны склад спецыяльных чарнілаў, якія выкарыстоўваліся ў працэсе кнігадрукавання. Прапанаваныя ім рашэнні былі такія дасканалыя, а масавы попыт на кнігу такім вялікім, што ў самы кароткі тэрмін (яшчэ пры жыцці вынаходніка), упершыню ў гісторыі чалавецтва, узнікла магчымасць масавай вытворчасці і распаўсюджвання кніг.
Іаган Гутэнберг жыў і працаваў у нямецкім горадзе Майнцы, а ўраджэнец старажытнага горада Полацка, выдатны філосаф, асветнік, гуманіст, пісьменнік, вучоны эпохі Адраджэння Францыск Скарына ўвайшоў у гісторыю як беларускі першадрукар. Менавіта ён у 1517 годзе выдаў у Празе першую друкаваную беларускую кнігу — Псалтыр, адну з найбольш папулярных і распаўсюджаных у хрысціянстве кніг. Дзейнасць Францыска Скарыны аказала вялікі ўплыў на развіццё кнігадрукавання і пісьменства ў Вялікім Княстве Літоўскім, іншых усходнеславянскіх краінах.
На выстаўцы прадстаўлены апошнія манаграфіі беларускіх, расійскіх і замежных даследчыкаў, якія раскрываюць вытокі кнігадрукавання ў еўрапейскіх краінах, лёсы першадрукароў, аблічча і друкарскія асаблівасці першых друкаваных кніг. Асаблівую цікавасць уяўляюць кнігі, якія расказваюць пра жыццё і працы Іагана Гутэнберга і Францыска Скарыны, людзей рознабакова адораных і абсалютна адданых сваёй справе.
Жыццё людзей XXI стагоддзі напружанае, дынамічнае, тэхналагічнае. Аднак ёсць рэчы, якія былі вынайдзены некалькі стагоддзяў таму, а мы імі да гэтага часу актыўна карыстаемся. Сярод іх — друкаваная кніга.
Аддзел рэдкай кнігі запрашае наведаць бібліятэку і пазнаёміцца з матэрыяламі новай экспазіцыі.
Аддзел рэдкай кнігі
+375 162 57 48 30