Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
У аддзеле краязнаўства Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага экспануецца кніжная выстава «Цытадэль над Бугам: 180 гадоў з часу завяршэння будаўніцтва Брэсцкай крэпасці». На выставе прадстаўлены кнігі навуковага і мастацкага характару, часопісы, навуковыя артыкулы, польскія выданні, а таксама карты, фотаальбомы і паштоўкі.
Брэсцкая крэпасць — унікальнае фартыфікацыйнае збудаванне ў Беларусі, найважнейшы помнік Другой сусветнай вайны, сімвал гераічнага супраціву і выбітнай мужнасці яе абаронцаў. У 1965 г., падчас святкавання 20-годдзя Перамогі над фашызмам, Брэсцкай крэпасці было прысвоена званне «Крэпасць-герой», а ў 1971 г. яна становіцца мемарыяльным комплексам.
Сваімі каранямі гісторыя Брэсцкай крэпасці адыходзіць да XVIII стагоддзя і непарыўна звязана са Старым горадам Брэст-Літоўскам. Першы камень крэпасці быў закладзены 1 чэрвеня 1836 г. па загадзе імператара Мікалая I, а 26 красавіка 1842 г. над ёй узвіўся крапасны штандар. На той момант гэта было адно з найлепшых абарончых збудаванняў у краіне, якое імператар не аднойчы наведваў. Умацаванне знаходзілася ў месцы зліцця Заходняга Буга і Мухаўца, дзе знаходзіўся прыродны востраў, які і стаў месцам размяшчэння Цытадэлі — галоўнага ўмацавання крэпасці.
Яшчэ тры выспы стварылі штучна, выкарыстоўваючы воды ракі Мухавец і рукатворную сістэму равоў. На іх размясціліся дадатковыя ўмацаванні: Кобрынскае, Валынскае і Цярэспальскае. Пра гэты перыяд гісторыі Цытадэлі шмат пісалася. Сярод усёй літаратуры можна вылучыць такія кнігі як: Воробей, А. В. «Город и замок Брест Литовский» (Брест, 2018), Гладыщук, А. А. «Замок Берестейский. Книга 1. Русь» (Гродно, 2017), «Атлас крепости Брест-Литовск: Фортовый период (1876—1915)» (Брест, 2017), «Атлас крепости Брест-Литовск: Бастионный период (1823—1876)» (Брест, 2017), «Брэст і наваколле ад старажытнасці да сучаснасці [Карты]» (Мінск, 2020).
Пасля пачатку Першай сусветнай вайны Расія саступіла гэтую мясцовасць Нямеччыне, якая па ўмовах Рыжскага міру перадала крэпасць Польшчы ў 1918 г. У 1939 г. па дамове з немцамі Цытадэль з прылеглай тэрыторыяй увайшлі ў склад СССР. Гераічная і ўсім вядомая гісторыя бастыёна пачалася 22 чэрвеня 1941 г., калі Брэсцкая крэпасць прыняла на сябе першы ўдар гітлераўскіх войскаў. Паміраючы ад знясілення, пад пастаянным агнём, байцы да апошняй хвіліны жыцця працягвалі ваяваць з супернікам. Канчаткова ўзяць Брэсцкую крэпасць пад свой кантроль немцам удалося толькі да канца жніўня.
Першым пісьменнікам, які ўзяўся асвятляць гераічную абарону Брэсцкай крэпасці, быў Сяргей Сяргеевіч Смірноў. На выставе «Цытадэль над Бугам: 180 гадоў з часу завяршэння будаўніцтва Брэсцкай крэпасці» можна ўбачыць шэраг кніг гэтага аўтара, у тым ліку — адно з першых выданняў «Брестская крепость» (Москва, 1964) Сяргея Смірнова з аўтарскім аўтографам. Цікавыя чытачу будуць і кнігі: «Брестская крепость на ветрах истории» (Брест, 2004), «Брестская крепость. Война и мир» (Брест, 2010) пад рэдакцыяй А. М. Суворава, Бешанов, В. В. «Брестская крепость» (Минск, 2004).
На сённяшні дзень Брэсцкая крэпасць з'яўляецца мемарыяльным комплексам, які захоўвае і перадае гісторыю Цытадэлі. Гісторыю станаўлення крэпасці мемарыялам можна прачытаць у наступных крыніцах: «Реликвии музейных коллекций мемориального комплекса «Брестская крепость-герой» (Брест, 2018), «Брестская крепость. От музея до мемориала: история создания, экспозиция, уникальные объекты» (Брест, 2006), «Музей обороны Брестской крепости: Путеводитель» (Минск, 1978).
Пазнаёміцца з выставай можна ў аддзеле краязнаўства да канца мая.
Аддзел краязнаўства
Кантактны тэлефон: +375 162 57 48 79