Not seeing a Scroll to Top Button? Go to our FAQ page for more info.
 

Электронны рэсурс «Агонь душы Ніны Мацяш»

Электронны рэсурс «Шчыраверная слову. Галіна Малажай»

Электронны рэсурс «Уладзімір Калеснік — чалавек Адраджэння»

Віртуальны музей «Ян Чачот — прадвеснік беларускага Адраджэння»

Электронный ресурс «Узняцца да лёсу чалавечага: да 75-годдзя з дня нараджэння Валянцiны Локун (1946–2016)»



Рэспект кнізе: размова аб прачытаным за год

Рэспект кнізе: размова аб прачытаным за год

Рэспект кнізе: размова аб прачытаным за год

26 студзеня 2025 г. адбылася першая ў новым годзе сустрэча ўдзельнікаў чытацкага клуба «КанТэкст». За мінулы год было прачытана шмат розных цікавых кніг, але ўсё ж некаторыя асабліва запомніліся і ўразілі, таму і тэма сустрэчы гучала так: «Рэспект кнізе: размова аб прачытаным за год».


А яшчэ да нас прыехалі госці — кіраўнік мінскага чытацкага клуба «Фавор» (старонка суполкі ў Інстаграм — favor_mіnsk) Марыя Слабада і яе памочніца Ангеліна. Аб жыцці свайго клуба яны расказалі нам з дапамогай яркіх слайдаў. Марыя паведала, чым жыве іх клуб, створаны год таму. Інтарэсы ўдзельнікаў клуба вельмі рознабаковыя: ад беларускіх і рускіх класікаў (Якуб Колас «Сымон-музыка», Фёдар Дастаеўскі «Браты Карамазавы», Гайто Газданаў «Вечар у Клэр», Уладзімір Набокаў «Абарона Лужына») да сучасных замежных аўтараў (Суліцэр «Зялёны кароль», Асака Юзукі «Масла»). Кожную сустрэчу яны прысвячаюць адной кнізе, цікава яе дапаўняючы.


У сваю чаргу, нашы ўдзельнікі таксама падзяліліся сваімі літаратурнымі арыенцірамі. Распавялі пра самыя топавыя кнігі (на іх думку) з прачытанага за год. Беларускі класік Іван Шамякін у сваіх раманах таленавіта стварыў цэлую галерэю характараў. Асабліва была адзначана аповесць «Слаўся, Марыя», прысвечаная памяці каханай жонкі. Аповесць-гімн жанчыне. Вельмі высокую ацэнку атрымалі кнігі лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі — паўднёвакарэйскай пісьменніцы Хан Ган, нарвежскага драматурга і паэта Юна Фасэ, шведскай пісьменніцы Сельмы Лагерлёф. Некалькі ўдзельніц лічаць Хан Ган адной з самых таленавітых сучасных аўтараў, а яе раман «Вегетарыянка» — складаным і глыбокім. У твораў Юна Фасэ свая адмысловая ўнікальная літаратурная мова і стыль. Многія падтрымалі меркаванне, што кнігі афганскага аўтара Халеда Хасейні сапраўды вартыя ўвагі, яны ўзнімаюць пытанні гісторыі, псіхалогіі, ролі жанчыны («Тысяча зіхоткіх сонцаў», «Бягучы за ветрам»). Сага Даніэля Шпека «Piccola Сіцылія» таксама не засталася незаўважанай. Раман Рычарда Х'юза «Моцны вецер на Ямайцы» ўзнімае тэму дзіцячай жорсткасці. Трылогія Фрэдрыка Бакмана («Мядзведжы кут», «Мы супраць Вас», «Пасля буры») кранае патаемныя струны душы і запомнілася шматлікім. Кніга французскай пісьменніцы Дэльфіны дэ Віган «Падзяка» пакідае ў душы светлы сум. Усім сэрцам пражываеш пачуцці пажылой жанчыны, у якой пачынаецца хвароба афазія. Чалавеку з афазіяй цяжка падбіраць словы. Часам словы ўвогуле не прыходзяць на розум, часам чалавек замяняе іх іншымі. Кніга вучыць пачаць шанаваць сваё «цяпер». Адну з удзельніц клуба з дзяцінства зачароўваў дзіўны голас сусветна вядомага тэнара Антоніа Бачэлі. Цудоўным чынам склаліся абставіны і летась яна патрапіла на яго канцэрт. А потым у рукі патрапіла яго кніга «Музыка цішыні», якая чыталася з асаблівым пачуццём. На старонках гэтай кнігі тасканскі геній дорыць нам музыку. Музыку цішыні. Сярод сучасных расійскіх аўтараў адзначылі выдатны літаратурны стыль лаўрэата прэміі «Вялікая кніга» Аляксея Варламава (раман «Одсун»), Аляксандра Ратнера «Таямніцы жыцця Нікі Турбіной».


Немагчыма пералічыць усе кнігі, пра якія ішла гаворка. Далучайцеся да клуба, і вы заўсёды будзеце ў курсе ўсіх цікавых кніг і аўтараў!


Аддзел абанемента

+375 162 57 48 09


Зварот да спісу