Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
Развіццё прававой дзяржавы, фарміраванне моцнай грамадзянскай супольнасці патрабуюць высокай прававой культуры, без якой не могуць быць у поўнай меры рэалізаваны такія базавыя каштоўнасці і прынцыпы жыцця грамадства, як верхавенства права, прыярытэт праў і свабод чалавека. Акрамя гэтага, сёння, як ніколі, важна ведаць гісторыю сваёй краіны, трагічныя і гераічныя старонкі, а таксама даносіць гэтую гістарычную праўду да моладзі. У гэтым — важная місія бібліятэкі.
З гэтай мэтай з 9 па 31 сакавіка 2022 г. ў Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага быў арганізаваны Месячнік гісторыка-прававых ведаў «Прававая вясна», прымеркаваны да Года гістарычнай памяці. Актуальнасць прадстаўленых тэм, выкарыстанне сучасных падыходаў у рабоце, супрацоўніцтва з цэлым шэрагам устаноў і ведамстваў г. Брэста знайшлі адлюстраванне ў праграме Месячніка.
Дзень памяці «Генацыд у Беларусі», які адбыўся 10 сакавіка, стаў сімвалічным пачаткам «Прававой вясны». У мерапрыемстве прынялі ўдзел Ірына Міхайлаўна Грачова, старэйшы памочнік пракурора Брэсцкай вобласці, з інфармацыяй «Аб ходзе расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе жыхароў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд», Анна Генадзеўна Карапузава, дырэктар Дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці з прадстаўленнем архіўных матэрыялаў «Трагічныя старонкі акупацыйнага рэжыму на Брэстчыне: дакументы сведчаць».
Акрамя гэтага, адбылася прэзентацыя разгорнутай выставы літаратуры «Генацыд у Беларусі. Памяць не памірае» з фонда Брэсцкай абласной бібліятэкі. На экспазіцыі былі прадстаўлены дакументальныя матэрыялы, у тым ліку з аддзела рэдкай кнігі; навуковая, навукова-папулярная літаратура, публікацыі з перыядычнага друку, якія праліваюць святло на падзеі, звязаныя з акупацыяй тэрыторыі Беларусі нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
«Летні працоўны семестр-2022» — такая тэма сустрэчы навучэнскай моладзі, якая прайшла 14 сакавіка, з першым сакратаром Маскоўскага раённага камітэта ГА «БРСМ» Кацярынай Харытонік і спецыялістам гарадскога камітэта Надзеяй Цярэшка.
16 сакавіка 2022 г. адбыўся Дзень прафарыентацыі на тэму «ёсць такая прафесія — следчы» для навучэнцаў класаў праваахоўнай накіраванасці СШ № 8, 35, а таксама юнакоў і дзяўчат з СШ № 22. Спікерамі выступілі прадстаўнікі Упраўлення следчага камітэта па Брэсцкай вобласці: Барысюк Аляксей Фёдаравіч — старшыня Упраўлення кадраў і ідэалагічнай работы; Вячорка Аляксей Мікалаевіч — старшыня Брэсцкага міжраённага аддзела следчага камітэта; Дзівінец Вольга Пятроўна — следчы па асабліва важных справах Упраўлення працэсуальнага кантролю.
У ходзе мерапрыемства прагучалі выступленні па наступных тэмах: «Прафесія — следчы, роля Следчага камітэта ў сістэме праваахоўных органаў Рэспублікі Беларусь»; «Асноўныя патрабаванні да кандыдатаў на службу ў Следчы камітэт і для паступлення на СЭФ, сацыяльныя гарантыі і льготы для супрацоўнікаў Следчага камітэта»; «Стан злачыннасці ў сферы незаконнага абароту наркотыкаў, асаблівасці расследавання крымінальных спраў, прафілактыка і віды адказнасці».
Тэарэтычны матэрыял быў падмацаваны дэманстрацыяй відэафільма, прысвечанага 10-годдзю з дня ўтварэння Следчага камітэта. Вялікую цікавасць у навучэнцаў выклікаў «інтэрактыў» — знаёмства з цэлым арсеналам крыміналістычнай тэхнікі непасрэдна ў зале правядзення мерапрыемства, а таксама мадэляванне і разбор следчай сітуацыі, звязанай з забойствам чалавека, на месцы здарэння.
«Увядзенне біяметрычных дакументаў: асноўныя перавагі і гарантыі надзейнасці » — гэта актуальная тэма стала падставай для сустрэчы з прадстаўніком службы па міграцыі і грамадзянству Маскоўскага раёна г. Брэста 22 сакавіка.
Адбыўся занятак Школы прававых ведаў на тэму «Цена зависимости — жизнь» з удзелам загадчыка юрыдычнай кансультацыяй Ленінскага района г. Брэста Таццяны Яўгенаўны Павлюковіч, урача Брэсцкага абласнога наркалагічнага дыспансера Вячаслава Ігаравіча Працкайла, удзельніка грамадскага аб’яднання «Матери против наркотиков» Святланы Бялянікінай.
На ўсіх сустрэчах былі прадстаўлены выставы літаратуры па тэме мерапрыемстваў.
Акрамя таго, у рамках праграмы «Прававой вясны» быў арганізаваны выязны Дзень інфармацыі на базе Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна г. Брэста (16.03). Гэта комплексная форма работы, якая была рэалізавана бібліятэкай пры ўзаемадзеянні з Рэгіянальным цэнтрам прававой інфармацыі Брэсцкай вобласці, адвакатамі і натарыусамі горада, адбылася вельмі эфектыўнай — слухачы атрымалі інфармацыю пра бібліятэку, яе партнёраў па прававой рабоце, адначасова скарысталіся прысутнасцю спецыялістаў і атрымалі індывідуальныя юрыдычныя кансультацыі. Досвед паказаў, што выяздныя дні інфармацыі даюць магчымасць наблізіць прававое інфармаванне да насельніцтва праз правядзенне ў арганізацыях і цэнтрах, дзе больш звыкла і камфортна знаходзіцца людзям.
Бібліятэка стала месцам праяўлення здаровага духу спаборнасці моладзевых каманд з розных навучальных устаноў горада праз удзел у гульнёвых формах прававой накіраванасці. «Канстытуцыя — моц Асноўнага закона» — тэма квіза, які быў праведзены 21 сакавіка на адной з пляцовак бібліятэкі прадстаўнікамі БРСМ. Студэнты навучальнай лабараторыі «Юрыдычная клініка» БрДУ імя А.С. Пушкіна падрыхтавалі і правялі прававую гульню «Па лабірынтах правы». Журы на чале са спецыялістам Рэгіянальнага цэнтра прававой інфармацыі падвяло вынікі і ўручыла камандам-пераможцам сувеніры з сімволікай НЦПІ.
А завяршыў Месячнік у Брэсцкай абласной бібліятэцы Днём прававога кансультавання з удзелам натарыусаў і адвакатаў. 29 чалавек атрымалі кваліфікаваную юрыдычную дапамогу на бескаштоўнай аснове.
Аб рэзанансе «Прававой вясны» сведчыць шырокае асвятленне ў СМІ: інфармацыя аб праекце ў прамым эфіры ОНТ у праграме «Наше утро»; 7 рэпартажаў Брэсцкага тэлебачання: Буг-ТВ, БТ-4, Лагуна; публікацыі ў газетах «Заря» і «Брестский вестник».
Месячнік наведалі 389 удзельнікаў. Праграма «Прававой вясны» аказалася разнапланавай, тэмы актуальнымі, а падыход дыферэнцыраваным. На сустрэчу былі запрошаны спецыялісты з розных устаноў і ведамстваў, зацікаўленыя ў прававой асвеце насельніцтва. Моладзь праявіла цікавасць да мерапрыемстваў. Бясплатныя юрыдычныя кансультацыі аказалі практычны эфект для жыхароў горада: кожны, хто звярнуўся за дапамогай, атрымаў яе. А гэта — найважнейшыя складальнікі паспяховай і эфектыўнай прававой работы, якую можна вырашаць толькі сумеснымі намаганнямі.
Агульная чытальная зала
Кантактны тэлефон: +375 162 57 48 74