Жыццёвая мудрасць праскураўскага слова

«‎…калі хочаш свежа пісаць — трэба думаць; калі хочаш пісаць, каб запаміналася, — трэба думаць і яшчэ раз думаць; калі хочаш мудра пісаць — трэба думаць, думаць і яшчэ раз думаць».

Цытаты з кніг В. Ф. Праскурава

Пра каханне

  • «Маладое каханне нечым нагадвае пачатак веснавой паводкі. Усё ў іх амаль аднолькавае, усё — цераз край».

  • «Толькі ў абнімках галубяцца закаханыя сэрцы».

  • «Як хораша, калі ў дарагім для цябе чалавеку зноў і зноў адкрываеш нешта новае, ад чаго, як у юнацтве, страпянецца сэрца ў грудзях і пасвятлее нават самы высокі поўдзень».

  • «Каханне — пачуццё спрадвечнае і святое. Вялікае шчасце — быць каханым, але намнога большае — кахаць самому».

  • «Няпраўда, што закаханыя сляпыя, што свет для іх засланіўся, а жыццё нібыта раздвоілася. Толькі той, хто здольны кахаць, ўсё добра бачыць».

  • «Будзь ты заўжды благаславёна, вера ў чалавечае каханне! Толькі на жыватворным грунце веры ў поўную сілу можа расквітнець чароўнае дрэва кахання; рэўнасць атручвае на гэтым дрэве самыя прыгожыя суквецці».

  • «Усё старэе ў жыцці. І толькі яно, каханне, вечна юнае. Калі да чалавека не завітала такое пачуццё — гэта ўсё роўна, што не ўзыходзіла сонца».

  • «У ЖЫЦЦІ кожнага чалавека бывае гэтая цудоўная і незабыўная пара (пра каханне). Для кожнага яна праходзіць па-свойму, сваімі сцежкамі-дарогамі. Пэўна, таму яна і бывае такой жаданай, што наперад не ведаеш, дзе, на якіх скрыжаваннях сустрэнеш яе і беспамылкова пазнаеш: гэта — яна».

  • «Праз многія вякі яго, каханне, не раз вадзілі на эшафот, кідалі ў ледзяныя палонкі, палілі ў пякельным агні. А яно жыве. І будзе красаваць вечна на Ніве Жыцця, пакуль яго жывяць сокі вернасці. Паспрабуй вырваць яго, пазбавіць тых жыватворных сокаў — і яно завяне, засохне, загіне».

  • «Як, якімі пуцявінамі ты прыходзіш, каханне? Хто асмеліцца беспамылкова адказаць? Не нарадзіўся яшчэ такі празорлівец, такі мудрэц, такі вяшчун. Затое ўсе ведаюць: прыходзіць тады, калі яны — удвох».

  • «Ах, каханне! Слодыч і горыч людская, спрадвечная загадка роду чалавечага. Хто адгадае яе? А ці варта ўвогуле адгадваць? Без сваёй загадкавай таямнічасці яно, напэўна, згубіць самае галоўнае — святасць, як першародную аснову».

Пра працу

  • «Што ж датычыцца славы, дык я лічу, што адзіна правільны і надзейны шлях да яе — гэта праца. Толькі ў працы можна пазнаць усе радасці жыцця».

  • «…Гады ідуць — як вада плыве: дзень за днём, як хваля за хваляй — хутка і непрыкметна. Калі ж чалавек з галавой акунецца ў любую работу, тады гады не ідуць — ляцяць».

  • «Лёгкай работы і сапраўды не бывае. І асабліва ў жывёлагадоўлі. Калі за справу бярэшся з душою, заўсёды знаходзіцца штосьці такое, што абавязкова трэба зрабіць, без чаго ніяк нельга працаваць далей».

  • «Сцвярджаюць: не забываюцца толькі крыўды. Няпраўда. Радасці таксама не забываюцца. Ні праз год, ні праз дзесяць. Шкада, аднак, што ёсць яшчэ людзі, якіх радасць працоўнага поспеху часам расхалоджвае».

Пра людзей

  • «Што ні песня, то новы матыў, што ні чалавек — своеасаблівы характар. Як усе песні не спяеш на адзін матыў, так і чалавека не параўнаеш аднаго з другім».

  • «Кожны чалавек — тая ж непрачытаная кніга. Розніца, мабыць, у тым, што кніга ад першай да апошняй старонкі ўся перад табой — чытай. А вось чалавек не заўсёды ахвотна раскрывае сваю жыццёвую кнігу, не кожнаму давярае перагортваць старонкі пражытых гадоў».

  • «Калі ты паказаў чалавеку дарогу — значыць дзень пражыў не дарма».

  • «Вялікая гэта адказнасць — быць важаком. І вялікая цяжкасць. Асабліва важаком людзей. Хітрыкамі тут не возьмеш. Чалавек ад прыроды такі: на дабро — дабром адплоціць, на пачастунак — пір закоціць».

  • «Добра гэта сказана «З песні слова не выкінеш». А жыццё чалавека — тая ж самая песня. І калі ў ёй трапляецца сумнаватае слова, то навошта яго выкідваць? Пачуюць людзі і скажуць: не даспяваў, ці мо смеласці не хапіла, ці проста не ведаў слоў».

  • «Лёс чалавека — тая ж палявая дарога: на ёй і красачкі, і калдобіны».

  • «Лёгка сказаць: пакажы чалавеку дарогу. У кожнага яна свая, адзіная. І кожны з нас па-свойму рупіцца, каб як мага хутчэй выбіцца на яе. Ды не кожнаму гэта ўдаецца адразу».

  • «Усе мы людзі, усе мы чалавекі, і ўпаўне натуральна — ніхто з нас не застрахаваны ад памылак. Усё можа быць: на памылках вучымся».

  • «Люблю сціплых людзей. У абсалютнай большасці гэта добрыя людзі. Менавіта — добрыя. Лепшага слова тут не трэба. Кажуць: цяпер не ў модзе сціплыя людзі. Няпраўда! Адно паназірайце за такім чалавекам збоку, і вы пагодзіцеся са мной: ён быццам свеціцца нейкім дзіўным святлом, ад якога так хораша становіцца на сэрцы, што хочацца зрабіць яму, гэтаму чалавеку, нешта прыемнае, і боязна, каб незнарок не пакрыўдзіць».

  • «Людцы добрыя, гандлёвыя работнікі! Не кожнаму з нас наканавана быць прадаўцом, затое ўсім даводзіцца быць пакупнікамі, амаль штодня страчацца з вамі. Шчыра прызнаюся: і зайдрошчу, і любуюся, калі вы дарыце людзям радасць».

  • «Нішто так не дапамагае кіраўніку, як давер’е людзей. Кажуць, што яно падзесяцярае сілы. Але ж і да шмат чаго абавязвае. Паспрабуй спатыкнуцца раз-другі, і няма больш яго, давер’я».

  • «Упэўненасць у важаку — што знаёмая дарога; яна карацейшая здаецца і лягчэйшая. Але не менш важна і другое: як ты будзеш паводзіць сябе ў гэтай дарозе. Можна праехаць вярсту і загнаць, запарыць каня, а можна праехаць сорак — і ўсё будзе ў парадку».

  • «Чалавек — самае што ні ёсць прыгожае на зямлі».

  • «Вялікае шчасце для бацькоў, калі яны вераць сваім дзецям, як самім сабе. Гэта вялікае шчасце ў жыцці».

  • «Паўвека — поўдзень чалавечага жыцця. З яго вышыні асабліва выразна бачны ўсе пяцьдзесят перагонаў жыццёвай дарогі. І як прыемна, калі ўся яна была без прывалаў, праходзіла не ў зацішку, не па задворках чалавечых лёсаў, а ў гушчыні жыцця, на яго вірлівай быстрыні, сярод людзей сваіх, якім ты быў патрэбен кожны дзень, нават кожную хвіліну. У гэтым мабыць і заключаецца вышэйшае прызначэнне чалавека, яго сапраўднае шчасце».

  • «Кажуць: дзеці — кветкі жыцця. Чыстая праўда. Але ж яны яшчэ і непагаснае святло ў нашых вокнах. Святло незвычайнае — поклічнае, як нішто іншае, шчодрае на пяшчоту. Дзе б ты ні быў, што б ні рабіў — яно неадлучна з табой. І пакуль гэта святло гарыць у сэрцы, ты маеш высокае права на Зямлі — называцца бацькам».

  • «Жанчыны не ўмеюць так бескарысліва радавацца сустрэчы, як мужчыны. І калі ўжо тыя абдымаюцца, дык гэта — ад душы, без усялякай падробкі на шчырасць.»

  • «Сярод беднякоў яно і ў чужым краі горнецца чужы да чужога, як у лесе сляпы да сляпога. А ў гурце і гора лягчэй гараваць».

  • «Папракаць чалавека ягонай бядой — гэта аднолькава бесчалавечна і агідна».

  • «Страшна падумаць: што было б з намі, калі б побач не было «дыпламаваных» жыццём людзей! З іх глыбокімі, як памяць, ведамі, з іх памяркоўнай мудрасцю, нетаропкай разважлівасцю, з іх смешнымі — не бяда! — прыкметамі, большасць з якіх даўным-даўно абвергнуты і нічога, апроч спачувальнай усмешкі, не выклікаюць сягодня. Як хораша, як цудоўна, што яны ёсць, гэтыя людзі! Калі і варта цяпер маліцца, дык толькі ім. І словам, і сэрцам».

  • «Заўважце: хто сам Чалавек, той заўсёды сярод людзей».

  • «Спытаць з чалавека ўсе любяць. Але ж і самому трэба быць увасабленнем той самай дысцыпліны. І парадку ва ўсім. І ўсюды…».

  • «Які ты прыгожы, чалавек, калі думаеш! Упарта сціснуты губы, трошкі ссунуты на пераноссі бровы, увесь выгляд праменіць нешта загадкава-таямнічае, як дрыготкая, ледзьве ўлоўная просінь новага світанку».

  • «Чалавеку ўласціва ўзводзіць лабірынты ўсялякіх меркаванняў, здагадак, дапушчэнняў. Чым яны больш сціплыя, тым, мабыць, лепей: і пятляць будзеш меней, і, ў выпадку расчаравання, спакойна, як дробненькае зыбанне, сцерпіш любыя нечаканасці».

  • «У чалавека ўсе павінна быць прыгожым — і справы, і думы. Толькі тады ён сапраўдны чалавек, варты нашага цудоўнага часу. Пазнаёміцца з такім — асалода для душы, радасць для сэрца».

  • «Здаўна вядома: гурт весяліць людзей. А калі тыя людзі маладыя, калі ўсё ідзе па-людску, весялосці ў гурце хоць адбаўляй. Праўда, многае залежыць ад завадатара…».

  • «Удовіна доля — камяністае поле. Не тое поле, дзе аруць і сеюць, а поле жыцця. Усяго жыцця! З яго сінявокімі, але золкімі ці дажджлівымі ранкамі — для яе; з яго пагоднымі, але млоснымі ад бясконцай патугі днямі — для яе; з яго салаўінымі, але маркотнымі ад зморы вечарамі — для яе; і, нарэшце, з цнатліва-жаданымі, але такімі няўтульнымі і бяссонымі начамі — зноў-такі для яе, для ўдавы».

  • «Удаве і паслізнуцца нельга: скажуць, п’яная».

  • «Удава ў вёсцы — што неба: ва ўсіх на віду».

Пра зямлю-карміцельку

  • «Зямлю, можа, больш, чым жонку, любіць варта. Жонкі — яны розныя бываюць. А зямля — яна адданая табе да скону».

  • «З гадамі змяняецца ўсё — і зямля, і людзі. Людзі растуць, старэюць, а зямля маладзее».

  • «Недаравальна было б у полі захапляцца важкім коласам і не згадаць пры гэтым сейбіта, які рупліва і нястомна засяваў ніву добрым насеннем».

  • «З даўніх давён яе называюць з бязмежнай любоўю, узнёсла і шчыра: зямля-карміцелька. У гэтае кароткае і мілагучнае слова людзі ўклалі такі глыбокі, такі ўсеабдымны змест, што ў ім неяк неўзаметку і ў той жа час спаўна адлюстравалася ўсё, што лагодзіць і песціць пад сонцам Жыццё».

  • «Зямля-карміцелька! Яшчэ далёкія продкі прыкмецілі і пакінулі нам у неўміручую спадчыну сваё адкрыццё: пад сонцам няма больш нічога ні мілей, ні прыгажэй за цябе».

  • «Зямля нашай Бацькаўшчыны! Ты спарадніла нас, і мы ўсе, як адзін, твае даўжнікі. Адвечныя. Да скону дзён. І ў кожнага з нас ёсць адзін-адзінюткі запавет-мара: зрабіць цябе яшчэ больш прыгожай і шчаснай».

  • «Хіба ж гэта не шчасце — бачыць толькі што ўзаранае поле. Роўнае і бяскрайняе. Пад высокім небам яно ляжыць велічна і горда… чакае суджанага дня — прыезду сейбіта».

  • «Вясковыя клопаты… Колькі іх на раду напісана ў хлебароба! Безліч. Але ж ёсць сярод іх галоўны клопат — надзённы і вечны, як само жыццё. І ўмяшчаецца ён у адно адзінае слова: зямля!».

  • «Хіба ж гэта не шчасце — пакратаць рукою неацэнную жаўцізну спелага коласа, моўчкі пастаяць перад магутнай сцяной збажыны, падыхаць спрадвечным водарам хлеба. Не! Што ні кажыце, а менавіта гэта і ёсць ні з чым не параўнальнае шчасце, найвялікшая асалода пачуццяў не толькі хлебароба, а ўвогуле чалавека Зямлі».

Пра Радзіму

  • «У чужым краі — не на сваёй лаве, не скажаш — пасунься. Памятай гэта, зямляк. Так што, калі прыйдзецца туга, бяжы ў свой край, тут і пад елкай рай».

  • «На тое яму, чалавеку, і дзве нагі дадзена, каб карыстацца абедзвюма. Сваёй зямлі адцурацца і на чужыне жыць — гэта ўсё роўна, што на адной назе хадзіць. Даўней гаварылі: ні проку, ні клёку».

  • «Любоў да Радзімы — асаблівая любоў, ні з чым не параўнальная. Яна жыве ў сэрцы чалавека. І калі ў сэрцы няма месца для такой любові, лічыце, няма чалавека. Нават больш: чалавека ўвогуле не было».

  • «Ніхто з нас не выбіраў сабе мацярок — гэта не ў нашых сілах, ніхто не выбіраў і Радзіму — якая ні ёсць — яна твая, не плявузгай на яе: Радзіма заўсёды вялікая, ты ж вялікі толькі ўкленчаны перад ёй».

Пра лес

  • «Лясы… Палескія лясы… Толькі той можа не любіць іх бязмежную прыгажосць, хто не любіць само жыццё».

  • «Лес — ён заўсёды лес. Шкада толькі, што для адных ён — святыня, «палац зялёнай дабрыні», а другім уяўляецца ўсяго-наўсяго багацейшай кладоўкай, на якой спрадвек няма ні замкоў, ні засавак».

  • «Па-мойму, няма лепшага месца для роздуму ці адпачынку, чым вузенькая сцежка ў спелым бары. Менавіта — спелым. Бо сосны ў ім — адна ў адну, і ўсе спакойныя, мудрыя. Быццам яны ўжо ўсё зрабілі, што меліся зрабіць на гэтым месцы, а цяпер стаяць адно для таго, каб навучыць цябе, чалавека, спакою і мудрасці».

  • «На лес не ўзнімай руку — ён служыць і сыну і ўнуку».

  • «Бацюхна лес! Хто сумленней за цябе? Ніхто. Ці многа, ці часта мы даём табе ў доўг? Нават прызнацца сорамна. А ты? Не тое, каб адназначнай — трохзначнай лічбай не выкажаш усёй тваёй шчодрай сумленнасці. Пэўна, таму і глядзіш ты на ўсіх звысоку. Не з пагардай, а менавіта звысоку. Якраз так, як належыць па праве».

Пра рознае

  • «Будзь ты благаславёна, у час сказанае слова! Няма табе роўні ў сіле ўздзеяння на людскія сэрцы. Слабага ты робіш дужым, сквапнага — шчодрым, абыякавага — зацікаўленым, самага палахлівага — смелым. Слова, гэта ты зрабіла чалавека тым, чым ён ёсць».

  • «Успаміны… Успаміны… Іх можна параўнаць хіба што з помнікамі. Хоць гэтыя помнікі і не адліты з бронзы, не высечаны з каменя. Яны — жывыя помнікі. Самыя ўражальныя, мабыць, самыя трывалыя».

  • «Даўно сказана: добры пачатак — палавіна справы. Ва ўсім — вялікім, малым, самай найменшай дробязі. Важна толькі ўдала пачаць, зрушыць з месца, а там — паказвай кірунак, не разгубіся перад цяжкасцямі, што сустрэнуцца на дарозе, не дай выйсці з берагоў патрэбнага рэчышча бурліваму патоку ініцыятывы, бо разальецца, страціць імклівую сілу, астыне».

  • «Які гэта неацэнны скарб — простая і ў той жа час задушэўная народная песня! Яна ўвабрала ў сябе — рупліва і на ўсе вякі — не толькі непаўторны каларыт роднай мовы; у свае дзівосныя мелодыі яна шчодра ўпляла ўсе гукі роднай зямлі, усю прыгажосць бацькоўскага краю, мудрасць народа, яго сардэчнасць і прастату».

  • «Планы даўно сталі нормай нашага жыцця. З імі не проста зручней, з імі цікавей і радасней працуецца, надзейней жывецца. Трапна нехта сказаў: план — закон».

  • «У дарозе, як на марозе, з той, мабыць, розніцай, што на марозе не даюць спакою нагам ды рукам, а ў дарозе — языкам».

  • «У самоце гады ідуць не шпарчэй, чым муха па смале».

  • «Ашчаднасць! Без яе ўсё роўна, што збіраць мак у рэшата: адны непатрэбныя макавіны застануцца. Гэта ж праўда, што ад зберажонага зярнятка вырастае цэлая жменя зярнят, а ўраджай любоўна дагледжанай раслінкі не збярэш і ў прыпол. Ашчаднасць, а не сквапнасць памнажае багацце».

  • «Матухны думы! Не адмахнуцца ад вас чалавеку, пакуль ён жыве, пакуль патрэбны людзям. Ды і як жыць інакш. Галава без дум — што бочка без дна: з выгляду быццам і сапраўдная, а ні на што не прыдатная… Думы, думы! Недарма параўноўваюць вас з пакрыўджанай пчалой: тая не адчэпіцца, куды б ні пабег, куды б ні схаваўся».

  • «Хто не ведае, як шкодзяць у даверанай гаворцы залішнія пытанні! Яны бы тая сякера, што цярэбіць з ялінкі ўсю яе вонкавую прыгажосць: і разлапістае, як шацёр, сучча, і кволыя парастакі, якім яшчэ доўга старчма цягнуцца да сонца, пакуль набяруцца моцы. А без іх, па аднаму камлю, ніколі не ўведаеш, якой была, як выглядала тая ялінка».

  • «З чым параўнаць цябе, першае найсвятлейшае пачуццё бацькоўства? Хіба што з высокім поўднем! З такім, калі сонца ў зеніце, а наўкола, куды ні глянь, не тое каб цень ці суцінак — намёку на іх няма».

  • «Будоўлі — спрадвечная радасць людская. Калі будуецца дом, аб жыцці думае чалавек, а ўзводзіцца хлеў ці іншая пабудова для жывёлы — аб дастатку мараць людзі».

  • «Пэўна, спрадвеку такая яна, маладосць, — няўрымслівая, уражлівая. Неспадзёўкі заляціць у сэрца іскрынка дзявочага позірку і — бяда, калі не пагасне адразу: завірыць, забушуе там яркім полымем. Тады — бывай, сон, супакой…».

  • «Даўно заўважана: дабрыня прыцягвае да сябе ўсё жывое, як магніт жалеза».

  • «Вочы справядліва называюць вокнамі душы. У іх часам можна ўгледзець куды больш, чым удаецца выказаць словамі. Трэба толькі быць уважлівым, умець бачыць добрае ў гэтых «вокнах» і не назаляць празмернай цікаўнасцю, не падглядваць у іх».

  • «Як многа ўсё-такі азначае жыццёвы вопыт. Будзь ты, як кажуць, хоць сямі пядзей у ілбе, а не май жыццёвага вопыту — грош цана тым пядзям. Жыццё — вось гэта акадэмія! І не бяда, што яна не выдае пасведчанняў, дыпломаў».

  • «Плётак баяцца няма чаго: з ветра вяроўкі не саўеш. А вось падстаў для іх, для плётак, даваць не варта».

  • «Старасць і мудрасць, як вядома, хаця не на адным канцы лаўкі сядзяць, але ж адна да другой бліжэй, чым маладосць з прадбачлівасцю. Дзе тут пярэчыць! Яно, відаць, справядліва: «Маладосць, матай на вус — на старасць будзе добры кус».

  • «У гаворцы яно так: хочаш пачуць — не замінай нічуць».

  • «Патрывожаная памяць няўмольная; хочаш ты гэтага ці не хочаш, яна са сваіх патаемных глыбінь узнімае, здавалася, ушчэнт забытае, узрушвае цябе ўсё новымі і новымі ўспамінамі».

  • «У дарозе мажліва ўсялякае — і радасць сустрэч, і гаркота нечаканых расчараванняў, калі не сказаць большага; немажліва ў дарозе толькі адзінае — не думаць».

Кантакты

Брэсцкая абласная бібліятэка
імя М. Горкага
asjkdhakjls

Адрас: г. Брэст, б-р Касманаўтаў, 48, 224016

Пошта: otdel.it.bibl@gmail.com

Час працы:
сб-чц: 10:00–19:00
      пт: выхадны

Тэлефон: 8 (0162) 53-04-40

Ганцавіцкая цэнтральная раённая бібліятэка
імя В. Ф. Праскурава

Адрас: Брэсцкая вобл., г. Ганцавічы, вул. Кастрычніцкая, 5, 225432

Пошта: gnccrb@brest.by

Час працы:
аўт.-нд: 09:00–19:00
       пн: выхадны

Тэлефон: 8 (01646) 63-8-67