Жыццёвы i творчы шлях В. Ф. Праскурава

«‎...Гады ідуць — як вада плыве: дзень за днём, як хваля за хваляй — хутка і непрыкметна. Калі ж чалавек з галавой акунецца ў любую работу, тады гады не ідуць — ляцяць»‎.

Біяграфія

     Праскураў Васіль Фёдаравіч, нарысіст, журналіст, пісьменнік, заслужаны дзеяч культуры БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, лаўрэат прэміі Саюза журналістаў СССР, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, нарадзіўся 25 жніўня 1926 г. у вёсцы Негаціна Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці. Бацька, Фёдар Карпавіч, працаваў лесніком, маці, Санклета Максімаўна, хадзіла ў наймы, бо сваёй зямлі бацькі не мелі. У 1929 г. бацькі ўступілі ў калгас. У сям’і было пяцёра дзяцей, Васіль самы меншы, адзіны сын.
     У 1934 г. пайшоў вучыцца ў Нягоцінскую пачатковую школу, пасля працягваў вучобу ў Святошыцкай няпоўнай сярэдняй школе. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны Васіль Праскураў скончыў сем класаў, болей вучыцца ў дзённай школе яму не давялося. У перыяд нямецка-фашысцкай акупацыі жыў разам з маці, бабуляй і сёстрамі ў сваёй роднай вёсцы. Бацька памёр у пачатку вайны, і іх сям’і, як і ўсім аднавяскоўцам, удосталь прыйшлося зведаць і голаду, і холаду.

     У 1945 г. В. Ф. Праскураў быў прызваны ў Савецкую Армію. Пяць з паловай гадоў служыў у Цэнтральнай групе войскаў у Венгрыі, Германіі, а потым у Аўстрыі. Да дэмабілізацыі з арміі з’яўляўся карэспандэнтам армейскай газеты «За честь Родины».

     У 1950 г. быў дэмабілізаваны з войска. Дома, у в. Негаціна, яго ніхто не чакаў, засталася пустой бацькоўская хата. Не стала бабулі і маці, дарослыя сёстры мелі свае сем’і і раз’ехаліся хто куды. Яго паклікала да сябе ў Ганцавічы старэйшая сястра Ганна Фёдараўна Праходская, якая пасля заканчэння Пінскага педінстытута працавала ў Ганцавічах настаўніцай. Уладкаваўся на працу ў мясцовы райспажыўсаюз. Спачатку працаваў старшынёй сельпо, загадчыкам гандлёвага аддзела, затым — старшынёй райспажыўсаюза. У Ганцавічах скончыў сярэднюю школу працоўнай моладзі, экстэрнам — Брэсцкую гандлёва-кааперацыйную школу. Ажаніўся з Лідзіяй Сцяпанаўнай разам з якой выгадаваў чатырох дачок — журналістку, настаўніцу, двух урачоў.

     Усё сваё свядомае жыццё ён марыў быць журналістам. Першы літаратурна-крытычны артыкул апублікаваў у 1950 г. У 1958 г. уладкаваўся на працу літсупрацоўнікам у Ганцавіцкую раённую газету «Сялянская праўда». Прыкладна тады ж паступіў на завочнае аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта, атрымаўшы ў 1964 г. дыплом з адзнакай.

     У Ляхавіцкай раённай газеце «Будаўнік камунізму» В. Ф. Праскураў працаваў чатыры гады, з 1962 г. У 1966 г. быў прызначаны на пасаду рэдактара Ганцавіцкай раённай газеты «Савецкае Палессе» (задумка даць такую назву газеце належыць Васілю Фёдаравічу). Да апошніх дзён свайго жыцця, больш за дваццаць гадоў, ён з’яўляўся рэдактарам выдання. У гады рэдактарства Васіль Фёдаравіч удала наладжваў стасункі з беларускімі літаратарамі і дзеячамі культуры. Сярод найбольш вядомых гасцей ганцавіцкага рэдактара былі Ніл Гілевіч, Сяргей Грахоўскі, Леанід Дайнека, Алег Лойка, Васіль Зуёнак, Алесь Жук, Піліп Пястрак, Юрась Свірка, Ігар Лучанок.

     У той час, калі ў раённай газеце стаў працаваць Васіль Праскураў, пачаў стварацца ў Ганцавічах літаратурны асяродак. Хоць Васіль Праскураў і быў родам з Віцебшчыны, аднак як дбайны гаспадар збіраў вакол сябе літаратурныя таленты Палесся з розных куточкаў Ганцаўшчыны. Прыйдуць у літаратуру Іван Кірэйчык з в. Гута, Міхась Рудкоўскі з в. Востраў, Алесь Кажадуб з г. Ганцавічы, Алесь Каско з в. Чудзін. Пачынаючы з 1960 г. Ганцаўшчына з зайздроснай паслядоўнасцю дае аднаго-двух пісьменнікаў з вёсачак, раскіданых сярод тады яшчэ неасушаных балот і нявысечаных лясоў. У 1963 г. заявіў пра сябе Віктар Гардзей з Малых Круговічаў. У 1972 г. на старонках друку пачало з’яўляцца імя Уладзіміра Марука з в. Гута.

     За плённую журналісцкую працу ўзнагароджаны чатырма медалямі СССР, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1987 г. Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР.

     Працуючы рэдактарам, шмат пісаў для газеты. Друкаваўся ў абласной і рэспубліканскай прэсе. Часта пісаў аб людзях Палескага краю, адным з самых любімых газетных жанраў у яго быў нарыс. У гэтым жанры ён і заслужыў славу сапраўднага майстра слова, вялікага знаўцы чалавечых душ.
     У 1960–1980-я гг. адна за адной выходзілі яго кнігі: «Святая сівізна» (1966), «Трое з-за Лані» (1967), «Людзі-суседзі» (1974), «Пакажы чалавеку дарогу» (1979), «Пакланіся зямлі-карміцельцы» (1982), «Чорны хлеб» (1984). Апошні зборнік пісьменніка «Наўсцяж вясковай вуліцы», куды ўвайшлі акрамя нарысаў няскончаная аповесць, апавяданні і дакументальныя матэрыялы, выйшаў пасля яго смерці, у 1995 г. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя П. М. Лепяшынскага за кнігу «Пакланіся зямлі-карміцельцы».

     Памёр В. Ф. Праскураў 22 мая 1987 г. Пахаваны ў Ганцавічах на старых могілках. На доме, дзе ён жыў, і на будынку рэдакцыі, у якой працаваў, у яго гонар устаноўленыя мемарыяльныя дошкі. На Алеі пісьменства ў г. Ганцавічы на адным з памятных знакаў занатавана яго прозвішча. Ганцавіцкая цэнтральная раённая бібліятэка, вуліцы ў г. Ганцавічы і аг. Агарэвічы названы ў гонар пісьменніка.
     Да святкавання 90-годдзя з дня нараджэння на сайце УК «Ганцавіцкі раённы краязнаўчы музей» створана віртуальная выстаўка «Васіль Праскураў. На зямлі сярод людзей».

В. Ф. Праскураў

Пасведчаннi

Членскі білет Саюза журналістаў
СССР В. Ф. Праскурава

Камсамольскі білет В. Ф. Праскурава

Пасведчанне пазаштатнага карэспандэнта «Сельскай газеты»
па Ганцавіцкаму раёну В. Ф. Праскурава

Пасведчанне члена Ганцавіцкага
райкама КП Беларусі В. Ф. Праскурава

Пасведчанне дэпутата Ганцавіцкага раённага Савета дэпутатаў
працоўных Брэсцкай вобласці Праскурава В. Ф. 1975 г.

Пасведчанне дэпутата Ганцавіцкага раённага Савета дэпутатаў
працоўных Брэсцкай вобласці Праскурава В. Ф. 1977 г.

Пасведчанне дэпутата Ганцавіцкага раённага Савета дэпутатаў
працоўных Брэсцкай вобласці Праскурава В. Ф. 1982 г.

Пасведчанне дэпутата Ганцавіцкага раённага Савета дэпутатаў
працоўных Брэсцкай вобласці Праскурава В. Ф. 1984 г.

Аўтабіяграфія

    «Нарадзіўся я 25 жніўня 1926 г. у в. Негаціна Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям’і. Бацька мой, Фёдар Карпавіч, працаваў лесніком, маці, Санклета Максімаўна, хадзіла ў наймы, бо сваёй зямлі бацькі не мелі. Справа ў тым, што бацька быў трынаццатым па ліку з дзяцей у сям’і, а маці — шостым. Да калектывізацыі бацькі вымушаны былі парабкаваць у заможных сялян. З расказаў маці ведаю, што нарадзіла яна мяне ў полі, калі жала ў гаспадара авёс.
    У 1929 г. бацькі ўступілі ў калгас. У сям’і нас было пяцёра дзяцей. Я — самы меншы, адзіны сын. У 1934 г. пайшоў вучыцца ў Нягоцінскую пачатковую школу, пасля заканчэння якой працягваў вучобу ў Святошыцкай няпоўна-сярэдняй школе. Святошыцы знаходзіліся за сем вёрст ад нашай вёскі, і мы, вучні, штодня хадзілі ў школу — туды і назад — пехатою (можа таму і вучыліся вельмі добра).
     За два дні да пачатку Вялікай Айчыннай я скончыў сем класаў Святошыцкай няпоўна-сярэдняй школы. Больш вучыцца ў дзённай школе мне не давялося. У перыяд фашысцкай акупацыі жыў разам з маці, бабуляй і сёстрамі ў сваёй роднай вёсцы. Усе працавалі, каб выжыць, на сельскай гаспадарцы. Аб гэтым пакутлівым часе ў кароткай біяграфіі не раскажаш. Бацька памёр яшчэ ў пачатку вайны, і нашай сям’і, як і ўсім аднавяскоўцам, удосталь прыйшлося зведаць і голаду, і холаду.
     У 1945 г. быў прызваны ў Савецкую Армію. Пяць з паловай гадоў служыў у Цэнтральнай Групе Войск — спачатку ў Венгрыі, а потым у Аўстрыі. Пасля дэмабілізацыі прыехаў дамоў. Маці і бабуля к гэтаму часу памерлі, сёстры павыходзілі замуж. Я прыпыніўся ў старэйшай сястры, якая працавала ў Ганцавічах настаўніцай. Уладкаваўся на работу ў мясцовы райспажыўсаюз. На працягу сямі гадоў працаваў старшынёй сельпо, загадчыкам гандлёвага аддзела, старшынёй райспажыўсаюза. Адначасова скончыў сярэднюю школу рабочай моладзі, экстэрнам — Брэсцкую гандлёва-кааператыўную школу. Аднак усё жыццё хацеў стаць журналістам, таму настойліва прасіў кіраўніцтва раёна адпусціць мяне на работу ў рэдакцыю мясцовай газеты «Сялянская праўда». Паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі (завочнае аддзяленне). Скончыў. I вось ужо 26-ы год працую журналістам, сямнаццаць з іх рэдагую ганцавіцкую раённую газету «Савецкае Палессе».
     Жанаты. Жонка Лідзія працуе дырэктарам аптовай базы. Маю чацвёра дзяцей — чатырох дачок: журналістку, урача, настаўніцу і школьніцу. Член КПСС. Узнагароджаны чатырма медалямі СССР, дзвюма Ганаровымі Граматамі Вярхоўнага Савета БССР. Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР, лаўрэат прэміі Саюза журналістаў СССР.
     Вельмі люблю пісаць. Проста не магу жыць без гэтага. Некаторыя кнігі маіх нарысаў (асабліва «Людзі-суседзі», «Пакажы чалавеку дарогу») добра былі сустрэты крытыкамі. Што я сам думаю аб іх? Прызнаюся шчыра, як на споведзі: усё гэта толькі трэніровачныя ўзоры той вышыўкі, якую я хачу, якую павінен зрабіць. Не напісаць, а вышыць на паперы».‎

Аўтабіяграфія, напісаная В. Праскуравым перад уступленнем у Саюз пісьменнікаў

Яшчэ раз пра «‎‎чорны хлеб‎»‎

Праскураў, В. Ф. Яшчэ раз пра «‎чорны хлеб‎»‎/ Васіль Праскураў //
Наўсцяж вясковай вуліцы : аповесць, апавяданні, нарысы, дакументальныя
матэрыялы / Васіль Праскураў. – Брэст, 1995. – С. 213–216.

Узнагароды

Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР Праскураву В. Ф. (1966)

Ганаровая грамата прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР
Праскураву В. Ф. аб прысваенні заслужанага дзеяча культуры
БССР (1968)

Почетная грамота Министерства лесного хозяйства БССР
Проскурову В. Ф. (1970)

Юбилейная медаль «‎За доблестный труд.
В ознаменование 100-летия со дня
рождения Владимира Ильича Ленина‎» (1970)

Подяка Волинського обкому КП України
Проскурову В. Ф. (1972)

Знак «‎‎Победитель социалистического
соревнования 1973 года»‎ (1974)

Знак «Победитель социалистического
соревнования 1974 года» (1974)

Ганаровая грамата Брэсцкага абкома КПБ і выканаўчага
камітэта Брэсцкага абласнога Савета дыпутатаў працоўных
Праскураву В. Ф. (1975)

Знак «‎Ударник девятой пятилетки» (1975)

Постановление Управления
по делам издательств, полиграфии
и книжной торговли Брестского
облисполкома о награждении Почетной
грамотой Проскурова В. Ф. (1976)

Поздравительный адрес Бюро
областной организации Союза
журналистов БССР и Управления
по делам издательств, полиграфии
и книжной тогровли Проскурову В. Ф.
(1976)

Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР
Праскураву В. Ф. (1976)

Знак «‎Победитель социалистического
соревнования 1979 года» (1980)

Почётная грамота Ганцевичского райкомa
КП Белоруссии, районного Совета народных
депутатов Проскурову В. Ф. (1983)

Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР Праскураву В. Ф. (1986)

Почетная грaмота Брестского областного
совета профессиональных союзов
Проскурову В. Ф. (1986)

Поздравительный адрес Правления
областной организации Союза
журналистов БССР и Управления по
делам издательств, полиграфии и
книжной тоговли Брестского
облисполкома Проскурову В. Ф. (1986)

Знак «‎Ударник одиннадцатой пятилетки» (1986)

Дыплом лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларускай ССР у галіне журналістыкі імя П. М. Лепяшынскага (1986)

Кантакты

Брэсцкая абласная бібліятэка
імя М. Горкага
asjkdhakjls

Адрас: г. Брэст, б-р Касманаўтаў, 48, 224016

Пошта: otdel.it.bibl@gmail.com

Час працы:
сб-чц: 10:00–19:00
      пт: выхадны

Тэлефон: 8 (0162) 53-04-40

Ганцавіцкая цэнтральная раённая бібліятэка
імя В. Ф. Праскурава

Адрас: Брэсцкая вобл., г. Ганцавічы, вул. Кастрычніцкая, 5, 225432

Пошта: gnccrb@brest.by

Час працы:
аўт.-нд: 09:00–19:00
       пн: выхадны

Тэлефон: 8 (01646) 63-8-67