Вялікі дзякуй! За ліст! За тое, што бог паслаў Вас.
І паслаў не дзеля паддобрывання, задобрывання,
не нажывы, не якойсьці непрыстойнасці,
 а – дзеля служэння, дзеля роднага духу,
сумлення, шчыравання за наша, за  роднае, за людскае.
То і за Беларусь.

 
Фёдар Янкоўскі

Дзякуй за​ ліст ...

Марыя Новік. Слова ў эпісталярнай спадчыне Ф. Янкоўскага.
(Ліставанне Ф. Янкоўскага і Г. Малажай)

 СЛОВА Ў ЭПІСТАЛЯРНАЙ СПАДЧЫНЕ Ф. ЯНКОЎСКАГА. 
(Ліставанне Ф. Янкоўскага і Г. Малажай)

Асоба Фёдара Міхайлавіча Янкоўскага адкрываецца рознымі гранямі, раскрываецца (хоць усё адно застаецца таямніца) праз ягоныя навуковыя даследаванні, мастацкія творы, праз успаміны тых, хто яго ведаў асабіста, хто сябраваў з ім на працягу многіх гадоў жыцця. Незвычайнае творчае сяброўства, супрацоўніцтва склалася паміж Фёдарам Міхайлавічам Янкоўскім і Галінай Мікалаеўнай Малажай, паміж кафедрамі беларускай мовы Мінскага і Брэсцкага педінстытутаў.
 
Яшчэ не так даўно імя Фёдара Міхайлавіча згадвалася Галінай Мікалаеўнай Малажай, бо шмат з таго, што было распачата імі некалі разам, рабілася ўжо без яго. А Настаўнік па-ранейшаму заставаўся “ўзорам вернасці роднай Беларусі, узорам адданасці роднаму слову...” Сёння перада мною – стос ягоных лістоў, лісткоў, паштовак – у канвертах і без іх... Лісты Фёдара Міхайлавіча да Галіны Мікалаеўны. Пакінула іх на давер, на адкрыццё новых штрыхоў да партрэта Настаўніка. Яе Настаўніка, Настаўніка яе вучняў-берасцейцаў, Настаўніка многіх... Сама пачынала публікаваць асобныя лісты, вытрымкі з лістоў, разумеючы, што тое, адрасаванае толькі ёй, было і застаецца адрасаваным і яе кафедры, і яе вучням.
 
Разумела, што тое, напісанае ёй дробным почыркам, разборліва і не вельмі, – каштоўнае і дарагое не толькі ёй, але і многім, бо дазваляе вельмі выразна – праз
гады – пачуць голас вучонага, настаўніка, чалавека, дазваляе раскрыць, расчытаць яго праз слова ў ліставанні. Пакінула на давер... І хоць дасланыя пры жыцці
Ф. Янкоўскага лісты, вытрымкі з іх часам прапаноўвала пачытаць, зачытвала сама ці, наадварот, калі прыходзіў ліст да вучняў – Міколы Аляхновіча,
Станіслава Рачэўскага, – іх давалі пачытаць Галіне Мікалаеўне, – пачуццё хвалявання не пакідае, калі бярэш у рукі ліст з такім знаёмым почыркам, калі перакладваеш канверты і паштоўкі, якія адмыслова падабраныя, упакаваныя.
 
Сярод іх абавязкова паштоўкі з беларускім словам, з фотаздымкамі Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Кастуся Каліноўскага. Калі іх бракавала – то прыгожыя краявіды, свае і чужыя, птушкі, кветкі, з гумарам дабраныя малюнкі... І ўдалы спосаб не толькі аздобіць, але і не даць магчымасці зазірнуць у канверт “чужому” воку – невялікія малюначкі, палосачкі з беларускім арнаментам, якія наклееныя там, дзе канверт можна адкрыць... Часам сустракаюцца і тлумачэнні, чаму выбрана пасланая паштоўка, а то пасылалася і некалькі чыстых з пытаннем – каму? (г. зн. каму яшчэ такая паштоўка-выява будзе дарагой, прыемнай, стане падарункам). Паказальным з’ўляецца такое пасляслоўе – P S: Канверт? Выборг. Во-во – і 45, як “пацалавала” ў плячо разрыўная, як бабахнула побач міна... Выпадкова (не было акуляраў у кішэні) купіў – рассылаю... Выбарг. І абавязкова бачу пастраляных, зледзянелых нестраляных... 164 см. снегу пад высокімі рэдкімі хвоямі...  
     
Мінула амаль пяць гадоў, як не стала Г. М. Малажай, дваццаць гадоў, як няма
Ф. М. Янкоўскага. Папка з лістамі ад Ф. М. Янкоўскага з архіву Г. М. Малажай неаднаразова бралася ў рукі і адкладалася... Здавалася, яшчэ не час. Два юбілеі ў адзін, 2008 год, – 70-годдзе Г. М. Малажай і 90-годдзе Ф. М. Янкоўскага сталі тым штуршком, які выклікаў жаданне паглядзець на творчыя стасункі гэтых годных асобаў, вядомых і слаўных у Беларусі праз служэнне слову, праз адраджэнне нацыянальнай мовы, адукацыі, культуры. Пакуль што не будзе поўнай публікацыі лістоў, а толькі вытрымкі з іх – як штрыхі да партрэтаў, як выява доўгага і плённага супрацоўніцтва, узаемападтрымкі, як праява людскага ва ўзаемаадносінах.     Кожны ліст Ф. Янкоўскага пачынаецца сардэчным вітаннем-зваротам, вітаннем да самой Галіны Мікалаеўны, а таксама і да дарагіх ёй людзей. Ёсць і нейтральнае: Добры дзень, Галіна Мікалаеўна, аднак часцей за ўсё ўжываецца ў гэтым звароце слова дарагая. А таксам, абавязкова – вітанне сям’і, сямейнікам, “усім Малажаям”, з пералічэннем. Ёсць і іншае, тое, што выяўляе Фёдара Міхайлавіча як мовазнаўцу, які шукаў патрэбнае, дарэчнае слова на месцы такіх пашыраных у маўленні, аднак немілагучных – брашчане, брэстаўчане. Такога не сустрэнем у яго. Таму і зразумелая радасць, што выяўляецца ў такім звароце: Дарагая берасцейка! Сустрэў у тэксце і пасылаю яго, слова! І ў лістах выяўляецца Фёдар Міхайлавіч як збіральнік, паляўнічы на словы, як дбайны гаспадар, які клапоціцца, каб слова было дарэчнае, не скалькаванае. Пашыраў ужыванне знойдзеных слоў. У іншых лістах ужо сустрэнем такі зварот-вітанне: Дарагія берасцяне, берасцянкі! Кожны ліст Ф. Янкоўскага заканчваецца развітаннем-зычэннем, паклонам ад сябе і Серафімы Андрэеўны. Амаль заўсёды пасля Р S. І складваецца адчуванне жывой размовы, калі, пабыўшы ў гасцях, нагаварыўшыся, яшчэ засталося шмат недагаворанага, яшчэ ёсць пра што пагаварыць. Гаворка ж была – пра тое, што зроблена, пра планы – што варта рабіць і зрабіць, парады – як зрабіць напісанае сваё і суаўтараў – лепшым, клопат, каб чарговая кніга была патрэбнай і добрай. Раіўся з Галінай Мікалаеўнай, дзякаваў за яе працу, разумеў цяжар, загружанасць. А таму і шчырыя словы-зычэнні ўсім, паводле народнага звычаю, народнай традыцыі – развітацца з усімі, і з гаспадыняй, і сямейнікамі, пажадаць найлепшага. Невыпадкова і ў шмат якіх абразках Фёдара Міхайлавіча сустрэнем навуку пра культуру стасункаў паміж людзьмі, пра культуру, моўны этыкет у стасунках з людзьмі. Ягоныя лісты даюць магчымасць пачуць, убачыць багацце ветлівых формулаў вітанняў і адвітанняў. 
     
Лісты з 1967 па 1989... Гэта час станаўлення і творчага ўзлёту самой Галіны Мікалаеўны як даследчыцы ў галіне беларусістыкі. Гэта час незвычайна насычаны клопатамі, звязанымі са стварэннем кніг у суаўтарстве з выкладчыкамі мінскай кафедры беларускай мовы. Гэта час дужа неспакойны, бо звязаны з вучобай, аспірантурай берасцейцаў, ужо яе вучняў, у Фёдара Міхайлавіча, з клопатам пра іх будучыню, пра своечасовае “падварушванне” і выхад у самастойнае жыццё. Лісты Фёдара Міхайлавіча не надта разгорнутыя. Большасць з іх – лаканічныя, у іх шмат умоўчвання, недагаворанасці, што характэрна і для ягонай мастацкай прозы. Адчуваецца, што Галіна Мікалаеўна вельмі тонка адчувала, лавіла, прачытвала тое, што было схавана за шматкроп’ем, за графічным выдзяленнем асобных слоў, радкоў, за шматзначнымі клічнікамі і пытальнікамі. Лісты Фёдара Міхайлавіча адкрываюць даверлівыя адносіны паміж настаўнікам і той, што вучылася ў яго, і навучылася. Гэта выява і адносінаў як паміж добрымі калегамі, якія плённа супрацоўнічалі, так і як паміж людзьмі, якія маглі даверыць і сваё, вельмі асабістае і балючае. Ф. Янкоўскі напіша ў адным з лістоў: Пераношу жахлівыя гадзіны, суткі. 1.05.83 – 41 год, як паліцаі, уласаўцы спалілі сямейку. 1.05.83 – адкрыццё помніка ... дзвюм вёскам. Да 1.05.83 пазванілі: будзе аўтобус, знойдуць мяне. Чакаў, чакаў – не азваліся, у назначаны час, нешта здарылася. А што? Сам за руль не саджуся. І другія суткі ці не горш, як у вар’яцкім сне. 
     
З лістоў Фёдара Міхайлавіча гучаць мудрыя парады, у якіх – і выпакутаваны сэнс жыцця, і ягонае радаснае ўспрыманне працы, і пераадоленне нягодаў; пажаданне- падтрымка сабе і іншым, мудрая навука. 

         • Трэба і буду варушыцца. 
         • Жыццё жыць – трэба варушыцца. 
         • Ладу, складу і дабра, для душы, для працы. 
         • Няхай Вам лёгка працуецца, спраўна ўстаецца і смачна спіцца. 
         • Зразумела: пра нешта нікому не скажы, а пра другое – абавязкова скажы. 
         • І духам не падаць. І сэрцам не слабець. 
         • Быць самой у сваіх руках. 
    • Што рабіць і зрабіць? Планы і намеры канкрэтызуюцца. Трэба – другім разам – падзяліцца з Вамі, Вам паведаміць. Потым прадумаць, параіцца: мае меркаванні, Вашы меркаванні, нашы меркаванні. 
    • Нечаканасці ў жыцці былі і будуць. Яны бралі і будуць браць энергію, выкрадаць патрэбны настрой. Але калі пішацца – добра, хораша, нават шчасце. 
         • Няхай любоў і замілаванне да роднага стане галоўным у жыцці.  
    
У лістах выяўляецца і вялікая ўдзячнасць Галіне Мікалаеўне за разуменне, падтрымку, і высокая, сардэчная ацэнка яе працы, яе шчыравання: 
    
“Вялікі дзякуй і нізкі паклон за слова Ваша, за тое, што азваліся, спыталі, сказалі”. 
  
“Дзякую, што напісалі, дзякую за падтрымку. Ужо калі падкошаны і падтоптаны, калі бюлетэні і гарката нядобрых дакучаюць і жыць замінаюць, – рады сэрцам – праца паплечнікаў, праца ў імя дарагога і святога імя – беларушчыны”. 
  
“Вялікі дзякуй! За ліст! За тое, што бог паслаў Вас. І паслаў не дзеля паддобрывання, задобрывання, не нажывы, не якойсьці непрыстойнасці, а – дзеля служэння, дзеля роднага духу, сумлення, шчыравання за наша, зароднае, за людскае. То і за Беларусь”. 
    
Эпісталярная спадчына Ф. Янкоўскага яшчэ чакае адкрыцця і вывучэння. Пэўна, у многіх ягоных вучняў захоўваюцца дарагія лісты, лісткі, паштоўкі са словам Настаўніка, калегі, сябра. Няхай гэтыя старонкі стануць запрашэннем да збору і сістэматызацыі ліставання з Фёдарам Міхайлавічам. Лісты ці іх копіі з удзячнасцю будуць прынятыя да працы.  
                                                                     Каб жыло наша Слова : зборнік навуковых артыкулаў 
                                                                     да 90-годдзя з дня нараджэння Фёдара Янкоўскага   
                                                                     [пад агул. рэд. М. І. Новік]. – Брэст, 2009. – C. 26–29.
  

Галіна Малажай. «Найгалоўнейшае, ад чаго не адступлюся...»

  «НАЙГАЛОЎНЕЙШАЕ, АД ЧАГО НЕ АДСТУПЛЮСЯ…»

Гэта радочак з прысягі на вернасць роднаму слову, якую ў маладосці даў Фёдар Янкоўскі перад бацькавым полымем: “На світанні ці змярканні, золкаю ці ведранаю ноччу, хмурным ці сонечным днём — заўсёды і ўсюды жыццё маё будзе не дзеля кавалка хлеба; найгалоўнейшае, ад чаго не адступлюся, хоць апынуся ці ў акопе, ці ў шпіталі, хоць буду галодны і халодны, — маё  роднае слова, родная літаратура вялікага краю, родная Беларусь. Вы — мая радасць і ўцеха, вы — мая скруха і боль, вы — маё шчасце, жыццё”. Педагог, навуковец, пісьменнік ніколі не парушыў гэтай прысягі, хоць на жыццёвай дарозе было шмат скрушных дзён, не раз сціскалася сэрца ад глуму над “роднай літаратурай вялікага краю”. Але была і радасць. Настаўнікавы вочы свяціліся шчасцем, калі ён сустракаўся з рупліўцамі на ніве роднай філалогіі, калі трымаў у руках чарговую працу, у якой выяўлялася і паказвалася непаўторнасць беларускай мовы — яе слоўных і фразеалагічных багаццяў.
   
Фёдар Міхайлавіч Янкоўскі насуперак афіцыйнай мовазнаўчай палітыцы стварыў філалагічную школу, якая імкнулася і да гэтага часу імкнецца прыцягнуць увагу грамадскасці да нацыянальна-самабытнага ў моўнай спадчыне беларусаў. Мне пашчасціла сустрэць на жыццёвым шляху гэтага апантанага чалавека, які быў глыбока перакананы, што “наш час вымагае не бясследнага існавання, а жыцця, запоўненага клопатам і працаю, жыцця для Радзімы-Бацькаўшчыны”. Пад “гаючы ўплыў” (Янка Брыль) гэтай шматраннай асобы трапілі многія. І не толькі члены кафедры беларускага мовазнаўства Мінскага педінстытута, якой ён кіраваў дваццаць сем гадоў, не толькі ягоныя аспіранты (а пад кіраўніцтвам Янкоўскага абараніліся дваццаць пяць чалавек), не толькі студэнты, якім ён выкладаў гісторыю беларускай мовы, якіх уводзіў у таямніцы беларускай фразеалогіі, далучаў да нарматыўнага беларускага маўлення, заахвочваў збіраць і сістэматызаваць дыялектныя словы, некаторыя з якіх маюць права быць і ў літаратурных даведніках. Паўтару сказанае Лявонам Падгайскім яшчэ ў 1978 годзе: “Кожны, каму давялося хоць бы раз пагаварыць з Фёдарам Міхайлавічам, на ўсё жыццё пранікаўся глыбокай павагай да яго”.
       
Абаяльнасць і далікатнасць Фёдара Янкоўскага спалучаліся з выключнай прынцыповасцю і патрабавальнасцю да тых, з кім ён працаваў. Сённяшні першы прарэктар Брэсцкага дзяржуніверсітэта Станіслаў Рачэўскі нядаўна на вечарыне, прысвечанай 80-м угодкам свайго Настаўніка, расказваў пра абавязковыя ранішнія званкі аспірантаў навуковаму кіраўніку са справаздачаю, што зроблена за чарговы дзень. Я, на шчасце ці на жаль, не была пад такім кантролем. Затое ў мяне захаваўся ладны стос лістоў, атрыманых ад Фёдара Міхайлавіча на працягу дваццаці двух гадоў. Гэта і прыгожа падпісаныя паштоўкі, і невялікія лісткі, і адпраўленыя з бальніцы канверты з некалькімі радочкамі ўнутры на адвароце (не было паперы), і пісьмы на трох-чатырох старонках. У іх шмат парад, падказак, разважанняў і проста таго, што яму хацелася часам выказаць чалавеку, які яго пачуе і зразумее. Дазволю сабе прывесці вытрымкі з некаторых лістоў, не падкрэсліваючы асобныя словы і радкі, што так любіў рабіць аўтар, але захоўваючы скарачэнні:


Вучыцеся разважаць, пераконваць на пэўным касцяку сакавітага і спажыўнага “мяса”; яго ў Вашых спробах пісаць пакуль што не хапае. Чытайце пра стыль, стылістыку, пра жыццё літаратурнага слова, пра слова ў кантэксце. 
    
Чытайце, чытайце… Не абмяжоўвайцеся толькі тымі працамі, у якіх размова ідзе пра перафразы. Чытайце В. Вінаградава, у т. л. і пра фразеалогію. Не глядзіце на працы Вінаградава так, як часта глядзяць на іх недавукі, невукі і гультаі.
       
 Плёну Вам! Няхай любоў і замілаванне да роднага стане галоўным у працы.                    
                                                                                                                                             
                                                                                                                                                          Шчыра Ф. Янкоўскі
                                                                                                                                                                            7.2.1969 г.


Добра,што знаходзіце што рабіць заўтра. Буду вельмі рады, калі перад Вамі будзе што рабіць для заканчэння працы, а потым план і планы: “добра было б зрабіць тое і тое…” З гэтага ужо будзеце ў навуцы”.
                                                                                                                                               
                                                                                                                                                             Усяго Вам добрага
                                                                                                                                                                             12.1.1971 г.

     
                                                                                   “Дзень добры ў хату!
                                                                                     Дзень добры ўсім!
   
Каманду з мін. (кабінета), відаць, педінстытут атрымаў  семінар. Найперш прадумаў, дагледзеў. Далей як  не ведаю (нават на колькі  1 ці 2 дзянькоў, колькі чалавек 1, 2, 3…).
Не тое, што непакоіць, але каб не бясследнасць…
Што Вы будзеце падрыхтаваўшыся  ведаю. Гэтага мала. Каб на (пад) кожнае пытанне рыхтаваўся яшчэ чл. кафедры (або два…). Барані божа, каб не было ў нас такога несумлен.: “Тут усё гал. сказалі. Я толькі хачу косачку паставіць… Я толькі спынюся на неабходнасці ставіць у канцы пыт. сказа пытальнік”. Барані божа!
 Напісаў замнога. Правінаваціўся.
                                                                                                                                                          Шчыра Ф.Янкоўскі”
                                                                                                                                                                        26.10.1983 г.


“Меўся з верасня 1985 рэзка зменшыць заняткі і занятасць у інстыт. Але рашэння майго яшчэ няма. Толькі… былі нібы падказкі: “Можна ж, трэба ж (першую) стажыроўку (на 34 годзе працы на кафедры)”, “будзе просьба наконт кір. аспірантамі” і “каб не адзін аспірант”.         
Думаю, прыкідваю… А можа пагібець яшчэ?         
Каго з дзвюх Вашых дзяўчат Вы падкінулі б мне? Ці ясная просьба? Ці ясная падказка адносна Стася (Рачэўскага Г. М.)? Можа, увага яму, падказка яму, натхненне яму падмаглі б з тэмпам, з мабілізацыяй сілы? Як глядзіце? (Як глядзіце? А так: як сам Ф. Янк. — бясконца крэсліць, вяртае, бракуе… А як мне  Г. Малаж. — дык “аптымізуй” і “падымай”?..)
Яшчэ раз дзякую за прочьтение Само(га) слова! За мілы падарунак-падказку філалагічныя эцюды.
                                                                                                                                                                 Ваш Ф. Янкоўскі
                                                                                                                                                                        10.06.1985 г.


Рашэнне пакінуць загадванне кафедраю прымалася Фёдарам Міхайлавічам цяжка: шмат часу і сілы аддаў ён яе станаўленню. У аўтабіяграфіі, змешчанай у кнізе “Вытокі песні”, Янкоўскі пісаў: “Гады працы ў гэтым калектыве — мае добрыя гады. Узаемная павага і падтрымка, шчырыя адносіны да працы, да роднага слова забяспечылі калектыву поспехі”. У 1956 годзе, калі малады навуковец узначаліў кафедру, гэта, як пазней пісаў ён сам, “была жменька з шасці супрацоўнікаў, сярод якіх — кандыдат філалагічных навук”. Хутка кафедральны калектыў дзякуючы арганізацыйным і педагагічным здольнасцям яго кіраўніка пачаў вырашаць складаныя навуковыя і навучальныя праблемы. У 1969 годзе доктарам філалагічных навук стаў сам Фёдар Янкоўскі, у 1980 — ягоны вучань Лявон Падгайскі, недарэчную і заўчасную смерць якога так балюча перажываў Настаўнік. Хораша праходзілі абароны кандыдацкіх дысертацый, пісаліся вучэбныя праграмы для філалагічных факультэтаў, забяспечвалася выкладанне розных лінгвістычных дысцыплін навучальнымі дапаможнікамі, арганізоўваліся метадычныя семінары і канферэнцыі… Зразумела, Фёдара Міхайлавіча непакоіла думка, ці не паўплывае на стыль працы зладжанага калектыву замена кіраўніка. Пра гэта шмат трывожных радочкаў у дасланых, мабыць, не толькі мне лістах. Няхай застануцца яны пакуль неапублікаваныя…

Фёдар Янкоўскі не быў кабінетным навукоўцам. Ён кожны дзень быў на людзях, з людзьмі, нават тады, калі дактары настойліва рэкамендавалі адпачыць “ад усяго”. Але гэта “ўсё” для Фёдара Міхайлавіча было яго жыццём, ад яго “адпачыць” нельга. Ён не мог уявіць, як можна ўважліва не паглядзець на напісанае аспірантам, калегам, не адгукнуцца на атрыманы ліст. Перачытваю адзін з яго шматлікіх адказаў-водгукаў на зробленае мною:

Дарагая Галіна Мікалаеўна!
Сёння атрымаў, не, наатрымліваў!!!
Вялікі дзякуй за рукапіс. Прачытаў сёння ж. Адразу пісаў на лістках. А мо згадзіцца.
Вялікі дзякуй за добрае слова!
Але сёння трэцяга не зраблю. Не! Зраблю і трэцяе: запакую ў канверт, а заўтра  чацвёртае  адашлю. Во як цана набіваецца…
 Шчасліва! Усяго добрага Вам, усім Вашым!
                                                                                                                                                          Ваш Ф. Янкоўскі


Так працаваў Настаўнік, такога спрыту чакаў ён і ад паплечнікаў, паслядоўнікаў. Аднак давялося ўсё-такі пакінуць загадванне кафедраю. Перад гэтым былі планы на перспектыву — выдаць калектыўныя кнігі “Беларускія афарызмы”, “Слова ў мастацкім кантэксце”. Фёдар Міхайлавіч вызначыў раздзелы названых прац, калектыў аўтараў, паставіў перад імі канкрэтныя задачы… У чэрвені 1987, адказваючы на мой ліст, Фёдар Міхайлавіч пісаў з бальніцы: 

“Радуюся: напісалі сваё, а яно і маё: “Вельмі цікавы Вярцінскі” (Вашы словы). Пры выпадку — не схаваю ад яго. І ў мяне чытаецца ён, Вярцінскі.

Панчанка і Караткевіч? Як памятаю (але… як я памятаю), то запісваліся яны на долю Вашу. З Богам! Але… пазваню С. А. (Серафіме Андрэеўне, жонцы — Г. М.), хай зірне ў вузенькі за 5 кап. блакноцік, на ім напісаў “Афарызмы” (там  “улік”, “даручэнні”)”.

Гэтыя даручэнні ўжо выконваліся марудна. Ды і Фёдар Міхайлавіч ўжо не так падганяў. Неспакой, праўда, быў ранейшы:

 “Не чую голасу з Брэста. Не бачу нікога з Брэста.
 Я ўжо дома. Навін не маю.
 Сумую: ні адзін з пунктаў плана на лета 88 года не выканаўся… Што зробіш!.. А хацелася пабыць, пабываць. Даўно трэба. І ўсё ідзе на паскасаванне планаў.
Што ж з выш. атэст. камісіі?
Усяго добрага Вам  Малажаі!
 Усяго добрага і паклон Веры Л., М. Аляхновічу, В. Мароз, Ст. Рачэўскаму!
                                                                                                                                     
                                                                                                                                                Шчыра Ваш Ф.Янкоўскі
                                                                                                                                                                       10. 08.1988 г.


Напрыканцы сакавіка 1989 года Фёдар Міхайлавіч перадаў мне пакет са сваімі фотаздымкамі. Кожная картачка загорнута ў асобны ліст паперы, зверху надпіс, які як бы раскрывае сутнасць жыццёвай сітуацыі, адлюстраванай у кадры. Праз некаторы час прыйшоў нязвыкла вялікі ліст. Пра фотаздымкі ні слова. Віншаванне з выхадам “Дыялектнага слоўніка Брэстчыны”, радасць ад таго, што здала ў выдавецтва рукапіс пра слова, перыфразу, фразему; уражанні ад санаторыя “Іслач”. Потым да гэтага часу незразумелыя для мяне радкі: 

“Як мы? У суботу і нядзелю мелі Свята — завіталі А. Рагойша і жонка яго. Скора НАША — Антосева і маё — свята. Скора — 50! Ён, Антось, з-пад Ракава”. Хоць тут пра свята сустрэчы блізкіх людзей, мне чамусьці чуецца адгалосак болю той раны, якую ўсё сталае жыццё хаваў ад людзей былы партызан. А далей: “Навіны? Не вельмі яны “новяцца”.
Было б самае дарагое новае, каб пакрысе вярталася працаздольнасць, працавітасць.
Ад інстытута амаль адвык. Кафедра? Хай жыве жывая. Хто “бліжэе”, а “сЯЯ”-тая мо і чужэе. Улада ж! Выхаванкі ўлады, дыктату; вывучку ж не спішаш: Трэба той, хто трэба; трэба, пакуль трэба (і інш. “акрэсленні”). Пішу пра гэта проста, не са смуткам. Не.
Што іншае? Хіба не кепства?  Паддубская — пры мне — напісала. Нямковіч — пры мне пісала, напісала. Новік — пісала, напісала. Вось тут — на старасць — і жыві!.. Падганяць? Варушыць? Ці іншае што?..
Не прыміце за сумоту. Не! Нашто? За што?
Шчасліва, дарагая Галіна Мікалаеўна!
Шчасліва сям’і!
                                                                                                                                         
                                                                                                                                                         З паклонам Я і С. А.”
                                                                                                                                                                    27.04.1989 г.  

Было яшчэ некалькі кароценькіх лістоў. Была апошняя сустрэча — у бальніцы. Былі ягоныя наказы давесці да ладу незакончанае… Была надзея, упэўненасць, што зробленае “чыстымі рукамі” спатрэбіцца роднаму краю. Надзею такую не трацім і мы. Яго паслядоўнікі, часта прыгадваючы канец аднаго з ягоных абразкоў: “Калі робіш добрае і робіш добра, не чакай і не шукай сабе спакою. Ён, мабыць, не твой”.

                                                                                                                                                             Крыніца. —
                                                                                                                              № 1 (50). – 1999. – С. 26–30.


Марыя Новік. «Дзеля роднай працы з родным словам...»

«ДЗЕЛЯ РОДНАЙ ПРАЦЫ З РОДНЫМ СЛОВАМ»: З ЛІСТОЎ Ф. М. ЯНКОЎСКАГА
ДА Г. М. МАЛАЖАЙ
   

Ліставанне — рэч надта асабістая: адкрываецца ў лісце адзін чалавек другому нечым вельмі прыватным, сваім, тым, што можна сказаць шчыра, па даверы, часам пад настрой, эмацыянальны стан душы…  Ф. М. Янкоўскага і Г. М. Малажай звязвала працяглае творчае супрацоўніцтва, сяброўства. Галіна Мікалаеўна знайшла ў асобе Фёдара Міхайлавіча Настаўніка, была ўдзячная яму за падтрымку, за тое, што ў складаны час, калі трэба было з чыстага ліста, нанова распачынаць працу над кандыдацкай дысертацыяй, Фёдар Міхайлавіч адгукнуўся, узяў на сябе навуковае кіраўніцтва. З гэтага часу распачынаецца іх супраца, іх узаемападтрымка, іх плённае шчыраванне ў галіне беларусістыкі.      
       
 Ліставанне працягвалася на працягу 22 гадоў. Гэта вялікія лісты, лісточкі, паштоўкі… Іх каля двухсот. Большасць лістоў ад Фёдара Міхайлавіча Галіна Мікалаеўна  захавала. Пакінула іх па даверы, разумела, што ў гэтых лістах Настаўніка, вучонага, пісьменніка — жывыя штрыхі да ягонага характару, да ягонае душы. У іх — і выява той агромністай працы, якая была часам невідочнаю для іншых, у іх — выява яго трывог і радасцяў, клопату, ягонай пазіцыі, ягоных стасункаў з людзьмі. Частку лістоў, урыўкі з іх Галіна Мікалаеўна падала ў публікацыі для часопіса “Крыніца” № 50 за 1999 год. Падала тое, што, пэўна, лічыла неабходным, каб дадаць важныя штрыхі да яго асобы.         
     
Перабіраючы, гартаючы лісты і лісточкі, паштоўкі і паштовачкі, канверты, углядаючыся і расчытваючы такі дробны почырк, часам не надта чытэльны, а часам такі роўны і прыгожы, дакранаешся да таго, што было напісана, сказана Настаўнікам, трапляеш у кола ягоных думак і перажыванняў, ягоных трывог і клопатаў, ягоных радасцяў і захапленняў. 
     
У лістах, што захаваліся ў архіве Г. М. Малажай, адкрываецца Фёдар Міхайлавіч — той,знаёмы і адкрыты табе, і той, схаваны за знешнім спакоем, вытрымкай, выяўляецца напружаная шматгадовая праца вучонага-філолага, пісьменніка, боль і радасць, суперажыванне мудрага чалавека.    
     
Паводле ўспамінаў Галіны Мікалаеўны, сустрэча з Фёдарам Міхайлавічам адбылася падчас здачы апошняга кандыдацкага экзамену, пасля якога была прапанова паступіць у аспірантуру і згода на навуковае кіраўніцтва. Найбольш ранні ліст пазначаны 10.9.1967 г. Відаць, што перапіска ўжо існавала раней, бо ў гэтых лістах — водгук Ф. М. Янкоўскага на тэзісы Г. М. Малажай, падзяка ёй за дасланыя кнігі. Тут
Ф. М. Янкоўскі выяўляецца як навуковы кіраўнік, кансультант. Ягоныя “агульныя пажаданні” — гэта канкрэтныя парады, падказкі наконт працы над тэмаю пра перыфразу, гэта своеасаблівы план працы, прыкладныя накірункі для навуковых росшукаў. А ўжо рэальна зробленае дысертанткай — прачытана ім, і гэта — такі “дадатак” на асобных старонках-лістах. Часам такія “дадаткі” былі напісаныя на лістах, згорнутых уздоўж напалову, такіх лістоў бывала некалькі, складзеных, як доўгая запісная кніжка. Так, пэўна, было самому зручней пісаць, так лягчэй было карыстацца таму, каму яны былі адрасаваны. Адаслаўшы ліст, пазначаны 10.9.1967, Фёдар Міхайлавіч неўзабаве дасылае наступны. У ім — пытанне і трывога, ці дайшоў ліст, а далей — працяг распачатых разважанняў пра навуковае асэнсаванне перыфразы, пра спецыфіку гэтай адзінкі.   
                                                                                                                                                                         26.10.1967 г. 
                                                                                                                                                                              у Мінску 
                                                                         

                                                                          Добры дзень Вам!      

 Адаслаў Вашы нататкі і свае прыпіскі. А ці дайшло ўсё гэта? Ці не згубілася ў дарозе?      
 Пакуль яшчэ не ўпрогся ў працу, рашыў напісаць некалькі радкоў.      
 Я там пісаў і што трэба рабіць.      
Думаю, што найлепшы клопат, найлепшая задача  засвоіць і напісаць, што такое парафраза (перифраза, перифраз). Зразумела, не адным сказам, размова тут не пра азначэнне. Гэта  цэлы раздзельчык (не! цэлы раздзел!) Што гэта   факт мовы, факт маўлення? Гэта адзінка (з’ява) мовы (языка) ці адзінка маўлення (речи)? Ці лінгвістычная гэта з’ява? Можа экстра-, пазалінгвістычная? З якога боку (якіх бакоў) яе можна (трэба) вывучаць, даследаваць. Без гэтага, без напісання раздзела наўрад ці паспяхова будзеце пралічваць нават збіранне матэрыялу.      
Зразумела, што трэба будзе спецыяльна начытацца і пра выяўленчыя сродкі мовы, паэтыку, пра метафарычнасць, метанімічнасць і іншыя з’явы.               
Бывайце! 
                                                                                                                                                           Шчыра Ф. Янкоўскі
    

Такая вось кансультацыя на адлегласці. Хто з аспірантаў не чуў падобных пажаданняў-разважанняў, парад Фёдара Міхайлавіча на пачатку сваёй працы над дысертацыяй, ягонага ўмення падключыць да роздуму наконт таго, у якім накірунку рухацца, акрэсліць прыкладны план навуковых росшукаў, знайсці неабходныя навуковыя працы ды назапасіць ілюстрацыйны моўны матэрыял. Галіна Мікалаеўна навучалася ў аспірантуры завочна ды працавала ў Берасці, на адлегласці ад навуковага кіраўніка, таму і былі лісты-кансультацыі. Далей будуць парады, падказкі падчас працы над выбранай навуковай тэмай, абмеркаванні, праўкі, выхад на абарону, якая адбудзецца 30 кастрычніка 1971 года, праз 4 гады. У лістах гэтае пары — і клопат Настаўніка, і падтрымка таленавітай, перспектыўнай беларусісткі, даследчыцы, актыўнай і дысцыплінаванай, чуйнай да слова. Таму у многіх лістах — гаворка ўжо пра падрыхтоўку і выданне слоўніка “Беларуская перыфраза”, а затым — радасць Настаўніка ад выхаду гэтай кнігі. Ён купляе яе, рассылае, дорыць сваім сябрам-філолагам, пісьменнікам, пасылае і перадае за мяжу. 
 
У асобе Галіны Мікалаеўны Фёдару Міхайлавічу імпануе дасведчанасць, ініцыятыўнасць, жаданне ствараць новыя кнігі і дапаможнікі па беларускай мове. Імпануе і хуткая рэалізацыя задуманага, а таксама высокая культура выкладу ў навуковых працах, уменне даходліва і выразна гаварыць па разнастайных пытаннях філалогіі. Паступова Фёдар Міхайлавіч стане давяраць Галіне Мікалаеўне свае тэксты, будзе вывяраць і правяраць сваю пазіцыю, свой выклад, напісанае ў навуковых і мастацкіх творах. Будзе дзяліцца і сваімі ўражаннямі, і падключаць да новай працы ў галіне беларускай філалогіі. Дзяліўся сваімі клопатамі і трывогамі, уражаннямі — ці ад семінараў, канферэнцый, ці ад удзелу ў тэлеперадачы “Роднае слова” і  падключаў да гаворкі ў тэлеэфіры, каб жыло слова роднае і пашыралася на вялікае кола тэлегледачоў. Гэта лічыў важным для жыцця беларускае мовы ў грамадстве, у дзяржаве: “Дзякую за слова пра “Роднае слова”. Неўзабаве паўторыцца (ці не 18.11). Як трэба падтрымка такой затеи ад людзей  гледачоў! Маладых, сталых, пажылых. Вельмі шкадую, што навыразалі кавалкаў старанна і грунтоўна прадуманых. І абяззброены: трэба с хода, просто. Прасіў пакуль што не клікаць. Было і куды страшней  паўгадзіны на тэму, пагаварыць пра фразеалогію, пра характарыстычнае слова (2), пра слова народнае (3), пра слова ў кантэксце (4), прыказку (5). І г. д. Узяў бы і пагаварыў…”
           
Быў усцешаны новымі прапановамі ад Галіны Мікалаеўны, падтрымліваў яе ініцыятыву, скіраваную на стварэнне новых дапаможнікаў для студэнтаў, якіх не было яшчэ ў беларускай адукацыі. Даваў мудрыя падказкі ды стрымліваў напружаны рытм, які, адчуваў, набірала дзейнасць выкладчыцы, загадчыцы кафедры: “З Хрэстаматыяй? Шчасліва ўражаны. І меркаваннямі-думкамі, і настроем, і ўзроўнем кваліфікацыі. Вельмі рады. Слаўна. Толькі ці ж трэба рабіць узор? Няхай будзе прыстойны першы дапаможнік. І будзе добра. А там  у бога дзянькоў многа. Не ўсё трэба зрабіць адразу”.  
      
Ужо ў 1977 годзе адчуваў незадаволенасць, стомленасць ад працы над калектыўнымі дапаможнікамі, дзе быў і аўтарам, і рэдактарам, тым самым як бы перасцерагаў і Галіну Мікалаеўну ад захаплення такімі працамі:  “Сумная рэч весці і сваю, і не сваю працу. І трэба”. У 80-я гады парады-перасцярогі, пажаданні выказваюцца адкрыта і даволі катэгарычна:“Дакучліва, але … як меней (да мінім., да нуля!) калектыўн. творчасці! Калектыўных кніжачак”. Яшчэ і яшчэ раз раіў-падказваў у няпростыя гады працы Галіне Мікалаеўне: “Не спяшайцеся з пакіданнем кафедры (як і не спяшайцеся рабіць кагалам… не рабіць за іншых, не вала(к)чы абы-каго”. Са свайго вопыту ведаў, як няпроста ствараць кнігу, калі аўтары да таго ж яшчэ і знаходзяцца на адлегласці, ведаў, які гэта клопат, адказнасць быць рэдактарам, таму і перасцерагаў: “Паўтару: не падайцеся на новыя і новыя працы (кніжкі) з групаю (-амі). Тут  толькі меней! Толькі мукі і мукі!”. Ведаў і цаніў працаздольнасць, актыўнасць Галіны Мікалаеўны, яе ўменне аператыўна і  якасна рабіць сваю дзялянку працы, таму і зычыў ёй: “З богам! І з мераю працаваць. І не растрачваць сябе на кагальнае...”  Ці зноў напамін: “Кагал” у працы? Жахлівы вораг творчых. То і казаў, то і паўтараю Вам: “Прэчце”кагал”.

Радаваўся, што ідуць у беларусістыку новыя людзі, разумныя, дасведчаныя, верныя. Цаніў спакой і паразуменне ў сям’і, перажываў падчас страты ў сем’ях блізкіх, сваіх калег, бо і сам страты меў цяжкія, раны незагойныя. Ведаў цану добрага слова ў гадзіны смутку, жалобы. Пасылаў Галіне Мікалаеўне, калі яна страціла бацьку, слова падтрымкі, суперажывання, надзеі і веры: “Дарагая Галіна Мікалаеўна. Я ведаю, што ў Вас гора. Спрабаваў пазваніць (і раз, і два, і тры) — не дазваніўся. Ды ўрэшце гэта драбніца не мае ў такім выпадку ні сэнсу, ні вартасці.
       
 Ведаю, што не дзень і не тыдзень наступае яно, гора. 
    
А цяпер трэба не заглушыць яго, не лячыць раны, а проста жыць, рабіць, жыць жывымі днямі сваімі, блізкіх, сям’і. Я веру, што ў Вас знойдзена і сцежка, і той аганёк, на які ідзяце і будзе ісці. Сцежка ў беларусістыку”. 

Шчыра адгукаўся, падтрымліваў падчас расчараванняў, трывожных роздумаў. Пасылаў слова падтрымкі, мудрага суцяшэння: “Пуста і холадна? Не трэба. Ёсць і добрыя клопаты. Трэба ўмець цаніць і добрае. Яго многа ў Вас. Гэта  і эрудыцыя,і дасведчанасць, адсутнасць запазычанняў ад астапабэндэраўшчыны”.  
     
Вельмі адказна ставіўся да арганізацыі і правядзення нарадаў, метадычных семінараў, канферэнцый, сустрэч, патрабаваў і ад яго ўдзельнікаў і арганізатараў працы не дзеля галачкі, а па душы, дзеля вырашэння рэальных праблемаў, звязаных з перспектывамі развіцця беларускай адукацыі, асветы, стварэння беларускае кнігі: “Арганізацыя семінару не проста цяжкі клопат. Ды гэта ж не на аснове пастаноў, не з каманды, не з дырэктывы. А хочацца, каб быў семінар”.     
     
У лістах да Галіны Мікалаеўны неаднаразова адкрые свае болі, сваё засмучэнне, што здароўе падводзіць, што не ўдаецца быць у руху, у працы. Можна прыгадаць шматлікія вытрымкі, яны дапамагаюць адчуць стан душы творчага чалавека, поўнага клопатаў, задум, выкладчыка, які любіў сваю працу, працу са словам, са студэнтамі, аспірантамі. У лісце ад 18.2.79: “ Быў у тэрапеўта. “Трэба  у бальніцу. Сэрца. Выпадзенне пульса”. Праз 30 м. — у хірурга. “Трэба бальніца. Парушэнне крывазвароту. Ногі”. А я  прачытаў пасля гэтага (серада, пятн.) дзве лекцыі… двое практычных…”    
    
Вельмі часта прыходзілася быць у лякарні або дома. Былыя раны напаміналі пра перажытае жахлівае: “… Што ў мяне? У панядзелак (здаецца, 19.11?) падумаў і нават сказаў: зноў мяне абваліць. Але хаджу, казаў, чытаў, даклад зрабіў, сустракаўся з аспірантамі, прымаў кандыд. экзамены. І г  д., і г. д., і г. д… Нарэшце або зусім хрыплы голас, або зусім-зусім яго няма; фінскі снег чуў лепей, чым тыдзень назад, завітвае арытмія…”  
    
Напружаная праца давалася няпроста. Ды заставалася ў душы вернасць працы, руху, вернасць роднай зямлі, яе слову: “Гады мае і раны, любоў  абранніца мая Беларусь…” Ліставанне  адкрывае мужнасць і сілу духу Ф. Янкоўскага, ягонае ўменне  падтрымліваць у няпростых жыццёвых сітуацыях. Некаторыя выказванні — гэта  мудрыя  парады-суцяшэнні: “…Ну а беды, дробныя ці маленькія, — тыдні бяды. Без іх не бывае. Гэта трэба памятаць. І роспач не памочнік, не дапамога, не выйсце”. Трывога і неспакой характэрныя для многіх лістоў Фёдара Міхайлавіча. Дзяліўся сваім, асабістым, сваімі ўражаннямі і пачуццямі, бо быў упэўнены, што тут будзе і  адпаведнае ўспрыняцце, і разуменне. Трывожылі, балелі раны, мучылі, не давалі спакою. Не любіў распавядаць пра іх нікому, ведалі пра балючыя страты родныя, а таксама самыя блізкія сябры. Даверыў сваю таямніцу і Галіне Мікалаеўне ў лісце ад 2.05.83.
    
… Пераношу жахлівыя гадзіны, суткі. 1.05.83  41 год, як паліцаі, уласаўцы спалілі сямейку. 1.05.83  адкрыццё помніка дзвюм вёскам. Да 1.05.83 пазванілі: будзе аўтобус і знойдуць мяне. Чакаў, чакаў  не азваліся ў назначаны час, нешта здарылася. А што? Сам за руль не саджуся. І другія суткі ці не горш, як у вар’яцкім стане… Божухна ты мой… Нешта здарылася з чалавекам (вучыўся ў мяне да вайны), а з канца мая нідзе ўжо… на пенсіі… Верны, сумленны. Паабяцаў, а нешта ж здарылася. Рабіў колькі званкоў, казаў: бяда з яго здароўем.  
     
Нядаўна пачуў з расфармірованых страявых (я… начальнік) засталіся (са мною разам  тры), а тут новы званок  дыхаюць ужо толькі два…  
     
А трэба жыць. Трэба трывожыцца, гарэць. Абраў службу. Абраў сабе занятак  душы, сіле. 
     
… Ці не хопіць і трывогі, і болю, і слова пра занятак душы і здароўю? Хопіць.   
     
Ды не змаўчу. Так нядаўна быў я малады. Так нядаўна было мноства не толькі знаёмых, а і блізкіх вакол (у аколіцах) Менска і ў Мінску. І так мала ўжо іх сёння. Адышлі і адыходзяць. Або зусім, назаўсёды, або ў абсалютны пасіў, калі засталося толькі або выйсці і пасядзець на лаўцы, або пахадзіць па межках на гародзе, у садочку…  
     
А трэба жыць.
     
Трэба падняць і старонкі дзённіка, і лісты-пісьмы, і хоць сёе-тое з запісак, з картатэкі..
     
Трэба. І буду варушыцца. 
     
Гэта  галоўная надзея, галоўны прамень і аргументчык на жыццё… Ад стомы, перагрузак працоўных, паліклінік і бальніц  ратаваўся не такімі ўжо і частымі апошнім часам адпачынкамі за горадам, падарожжамі на Рыжскае ўзмор’е, дзе любіў пабыць, у Дубултах, у доме творчасці імя Яна Райніса. Найчасцей бываў у Петрыкаве ды ў Лётцах, санаторыі на Віцебшчыне. У лісце ад 21.07.1983 пачуем голас Фёдара Міхайлавіча, яго перажыванне душэўнае, што не нахадзіўся і не нагледзеўся, мовы не наслухаўся… 
     
Шмат сілы і працы фізічнай і душэўнай забралі пярэбары ў новую кватэру, на Нямігу. Быў стомлены пераездам, хоць і радаваўся новай, больш прасторнай кватэры. У лісце ад 25.01.1986 Фёдар Міхайлавіч прызнаецца пра свой стан, пра стан Серафімы Андрэеўны. І зноў перасцерагае Галіну Мікалаеўну:  
      
 … Не перасяліліся. Не думаў, якія і колькі мук… 
    
… С. А.? Палепшання няма. Лячэнне было  горш чым цяжкае… На душы  не скажаш, не перакажаш. На гэта  ні сілы, ні волі, ні ўпэўненасці. Горка, жахліва, цяжка. 
     

… Разумею, уявіў, як жывецца Вам. Робіце і Вы тое непатрэбнае, на што растраціў (многа) сябе: працы “ўсіхныя” (ці іхнія…). Добра, што многа зрабіла. Але гэта  Ваша бескантрольнасць, “заробкі” на няўдзячнасць, аслабленне сіл. Ці трэба так і столькі?    
       
Пра сваё жаданне пакінуць загадванне кафедрай, пра свае трывогі і сумненні падзеліцца з Галінай Мікалаеўнай неаднаразова. Вельмі кранальна гучаць радкі з ліста Настаўніка, які выбраў на ўсё жыццё служэнне роднаму слову: “… І не адступае, выспела, наспела: хопіць, трэба  пакрысе  быць толькі за сталом і на выцечках за горад. І толькі адно прытарможвае: не буду бачыць 50 пар вачэй, не буду з нічога (такіх з 50 не … 5) рабіць штось, а некаторых  да пазнання, вывядзенне ў людзі… Гэта нібы тормаз, стрымліванне!”  
       
Быў поўны планаў, жадання павандраваць, наглядзецца і наслухацца. Быў поўны творчых планаў. Захавалія лісты і за 1989 год… Пісаў, дзяліўся, раіў, трывожыўся, планаваў, і развітваўся, і хацеў так многа яшчэ сказаць…  
     
Лісты Ф. М. Янкоўскага да Г. М. Малажай — гэта выява такой багатай, насычанай працы дзеля беларусістыкі, дзеля Беларусі, гэта і выява душы мужнага і нязломнага чалавека, чуйнага да красы сваёй зямлі, да роднага слова. Невыпадковыя ў ліставанні выявы на канвертах і паштоўках. А на іх такія лаканічныя, паэтычна-ўзнёслыя зычэнні. Так, на адной паштоўцы, дзе – сланечнікі: “Пасылаю поле, пасылаю роднае, пасылаю любае…” А на   другой: “І прыміце Само Сонца ў хату, у душы!” На паштоўцы з краявідам — лета, возера, лес: “А пасылаю  сам кавалачак Чысціні, Прыгажосці, Вечнасці. Самой Прыроды!..”  
     
Сімвалічна, шматзначна ўспрымаюцца і такія радкі Фёдара Міхайлавіча: “… Глядзеў: на якой паштоўцы ці на якім лістку напісаць Вам, у Брэст, з дзесяць радкоў. Спыніўся на птушцы і … лініі, з яе двума канцамі”. І як пажаданне ўсім гучаць словы Настаўніка:
“… Будзем з патокам! Але ж не з мутным, не з шырокім, не з рускіх равънинъ! А з крынічных якіх былі ці не мясціны на Міншч., Віцебшч., Віленшч., былі і на Гродзеншч.”.  
   
Эпісталярная спадчына Ф. Янкоўскага арыгінальная, багатая. Тут прыведзены толькі некаторыя вытрымкі з ягоных лістоў. Каб адчуць рытм працы, адчуванняў Настаўніка, варта ўспрымаць пэўны ліст цалкам, але нават  праз вытрымкі з лістоў можна па-новаму паглядзець на ягоную ахвярную працу дзеля Беларусі, дзеля роднае беларускае мовы.  

                                                                                                                   «Дарагое мне – і маё – беларускае» :                                                                                        навуковы зборнік да 100-годдзя з дня нараджэння                                                                                                                                  прафесара Ф. М. Янкоўскага. –                                                                                                                                                     Рыга, 2018. – С. 42–48.