У электронным рэсурсе «Шчыраверная слову» змешчаны матэрыялы, падрыхтаваныя кафедрай беларускага мовазнаўства Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна, якія ўвайшлі ў зборнікі «Святло сакавіцкага слова» (1998), «Актуальныя праблемы мовазнаўства і лінгвадыдактыкі» (2008, 2013, 2018). Прапануюцца асобныя публікацыі Г. М. Малажай з яе кніг і навуковых зборнікаў.
Бібліяграфія выданняў Г. М. Малажай, а таксама публікацыі пра яе жыццё і творчасць даюць магчымасць убачыць, як годна яна працавала, якую Кнігу пакінула — для навукоўцаў, студэнтаў, настаўнікаў, вучняў. Кнігу, якая дазваляе спазнаваць красу і сілу беларускай мовы.
Пазнаёміцца з жыццёвым і творчым шляхам Галіны Мікалаеўны дазваляюць фотавыявы, змешчаныя ў розных раздзелах рэсурсу. З ласкавай згоды нашчадкаў Г. М. Малажай і ўдзячнасцю ім размяшчаюцца здымкі з сямейнага альбома.
Электронны рэсурс «Шчыраверная слову» адкрывае самабытную асобу нацыянальнай культуры, адметную старонку ў гісторыі адукацыі і асветы Беларусі. Усё зробленае Г. М. Малажай сагрэта святлом яе душы. Гэта знак моцы духу жанчыны, прыгожай і сціплай, што здолела так многа здзейсніць у сваім зямным жыцці, каб жыло роднае слова. Бібліятэка выказвае шчырую падзяку Марыі Новік, якой належыць прапанова стварэння рэсурсу і яго напаўненне матэрыялам.