ЛІТАРАТУРАЗНАЎЧЫ МАЦЯРЫК УЛАДЗІМІРА КАЛЕСНІКА
Кнігі У. Калесніка, як і іншых лепшых нашых паэтаў, празаікаў, крытыкаў, навукоўцаў, па сутнасці, былі тэарэтычным абгрунтаваннем будучага духоўнага Адраджэння беларускай нацыі. У. Калесніку ўдалося на багатым матэрыяле беларускай літаратуры ад старажытнасці да нашых дзён прадэманстраваць думку аб тым, што ўсе без выключэння лепшыя творы беларускіх пісьменнікаў былі не толькі таленавітымі, але і глыбока нацыянальнымі.
Міхась Тычына
З імкнення глыбей спасцігнуць непаўторнасць творчай індывідуальнасці мастака і ўзніклі адметныя рысы даследчай манеры У.А. Калесніка — глыбокі аналітызм, тонкае адчуванне эстэтычнай прыроды мастацтва. Каштоўна якраз тое, што У. Калеснік арганічна спалучаў у сваіх працах цікавасць да грамадска-палітычных аспектаў творчасці і эстэтычнага ўзроўню твора. Падобная арганічнасць — рэдкі дар, бо ў жывой практыцы мы найчасцей бачым дзве супрацьлегласці — ухіл у сацыялагізатарства, недаацэнку формы і, з другога боку, пэўнае ігнараванне грамадскіх функцый літаратуры.
Міхась Мушынскі
Я веру ўсёй душой, што агонь незалежнай думкі, які нёс у сабе гэты незвычайны і таленавіты чалавек і мастак, пяройдзе па духоўнай спадчыне новым, светлым беларусам. І цемра яго не праглыне…
Наталля Давыдзенка
Творы Уладзіміра Калесніка
Шчырасць і шчодрасць таленту
Міхась Тычына. Уладзімір Калеснік і шасцідзясятнікі
У пачатку 60-х гадоў узнікла фенаменальная з’ява, якая атрымала назву шасцідзясятніцтва. Творчы імпульс, атрыманы грамадствам у той час, быў такім моцным, што яго энергіі хапіла на наступныя тры дзесяцігоддзі. Два пакаленні беларускай інтэлігенцыі жылі верай у гуманістычныя каштоўнасці, чакалі змен у грамадскай атмасферы, выношвалі ілюзіі паступовага паляпшэння таталітарнай сістэмы, напаўнення сацыялістычнай ідэі чалавечым зместам. «Вясна надзей» змянялася «прымаразкамі», на месца адных міражоў прыходзілі другія, а найбольш таленавітыя і сумленныя прадстаўнікі пакаленняў 60-х працавалі не пакладаючы рук на будучыню, ва ўмовах абвастрэння ідэалагічнай барацьбы рабілі ўсё магчымае, каб духоўна падрыхтаваць грамадства да карэнных змен.
Чым далей, тым лепш відаць, што гэта быў унікальны час, які даў нашай літаратуры цэлую плеяду яркіх творчых індывідуальнасцяў. Уражвае, як дакладна і паслядоўна дзейнічаў тут універсальны прынцып дапасаванасці: кожны дапаўняў кожнага. «Лірык» Я. Брыль, вядома ж, адчуваў прысутнасць у літаратуры «эпіка» I. Мележа, а інтымная лірыка М. Танка добра глядзелася побач з паэтычнай публіцыстыкай П. Панчанкі і філасофскімі цыкламі А. Куляшова. Але і паэзія, і проза разам прагнулі прыходу тэарэтыка літаратуры, сябра-крытыка, які дапамог бы расчышчаць штучна створаныя вульгарызатарамі завалы. I вось побач з эстэтыкам Р. Бярозкіным узнікла постаць публіцыста А. Адамовіча і постаць самабытнага філосафа «беларускага шляху» У. Калесніка — выкарыстоўваю даўняе азначэнне Ю. Канэ, хаця і разумею, што гаворка ідзе толькі аб дамінанце творчай індывідуальнасці.
У магутнай кагорце шасцідзясятнікаў асоба Уладзіміра Андрэевіча Калесніка заўважаецца адразу. У яго быў свой абсяг літаратурных інтарэсаў. Пачынаў ён і доўгі час працаваў, як вядома, на досыць вузкай пляцоўцы двух міжваенных дзесяцігоддзяў у Заходняй Беларусі. Але ўжо ў манаграфіі «Паэзія змагання» выявілася звышзадума даследчыка, які разумеў, што ў заходнебеларускіх умовах не толькі літаратура, але і сама Камуністычная партыя была іншай. На Захадзе, паводле слоў аўтара, «класавая барацьба цякла натуральна, з’яўляючыся сродкам абароны рознымі класамі, грамадскімі арганізацыямі, партыямі сваіх сацыяльных і палітычных інтарэсаў». Да ўсяго гэтая барацьба адбывалася ў выразна нацыянальных формах: беларуская меншасць ваявала за свае правы — за беларускую школу, родную мову, за права выбіраць і быць выбраным ва ўладныя структуры. «Нацыянальны пачатак, — пісаў У. Калеснік, — стрымліваў у беларускім руху экстрэмісцкія замашкі левых сіл, дазваляў дасягаць прымірэння». Ва ўмовах Заходняй Беларусі яшчэ дзейнічала еўрапейская мадэль жыцця, а поруч з ёю была моцная плынь лепшых нацынальна-беларускіх традыцый, закладзеных «нашаніўцамі». У працах іншых шасцідзясятнікаў гэтыя думкі таксама прысутнічалі, але, магчыма, не ў такой, як у У. Калесніка, эмацыянальна-ўсхваляванай форме: аўтары міжволі то тут, то там «прагаворваліся».
Гэта быў час вяртання да жыцця многіх забытых імёнаў і да творчасці тых зусім нямногіх, каму пашчасціла ацалець. Чымсьці тыя гады нагадваюць сённяшні час, калі на нас абрынулася лавіна раней «забароненых», «арыштаваных» твораў. У Калеснікавай манаграфіі і наступных яго навуковых працах уражваў вадаспад імёнаў, назваў, фактаў літаратурнага жыцця — многія з іх яшчэ і сёння ўспрымаюцца як адкрыццё, а У. Калеснік змог, знайшоў спосаб увесці іх ва ўжытак або хаця б напомніць, проста назваць, што былі такія, было такое. К. Сваяк, А. Навіна, I. Канчэўскі, Н. Арсеннева, У. Жылка, Г. Леўчык, А. Салагуб, I. Дварчанін, Л. Родзевіч, — сустрэўшы ў У. Калесніка гэтыя імёны, дапытлівая студэнцкая моладзь і навукоўцы кідаліся ў бібліятэкі і архівы на пошукі першакрыніц, якія даследчык заўсёды абазначаў вельмі дакладна, быццам трымаў увесь час на ўвазе менавіта такога «праніклівага чытача».
Як сапраўдны патрыёт заходняга рэгіёна, У. Калеснік здолеў зацікавіць літаратурную грамадскасць творчасцю многіх з тых, каго грэбліва залічалі да прадстаўнікоў «абласной» літаратуры, да «самавукаў» і аматараў. Калі раней гаворка пра заходнебеларускую літаратуру абмяжоўвалася прозвішчамі двух-трох паэтаў-рэвалюцыянераў, пра якіх дакладна можна было сказаць, што яны сапраўды змагаліся ў падполлі, сядзелі ў астрогах, бадзяліся па этапах, то пасля кніг і артыкулаў У. Калесніка набыткам грамадскай супольнасці стала творчасць некалькіх дзясяткаў літаратараў. У канцы 50-х і пачатку 60-х гадоў, у маю бытнасць студэнтам, у Бярэсці дзясятак беларускіх паэтаў лёгка губляўся ў гушчы рускамоўных версіфікатараў. Усё змянілася з часу з’яўлення ў горадзе У. Калесніка: бадай кожны выпуск педінстытута даваў нашай літаратуры некалькі звонкіх імёнаў, многія з якіх вядомы далёка за межамі берасцейскай зямлі. І ўжо, зразумела, кожны яго студэнт (колькі іх было за 40 гадоў выкладчыцкай працы!) нёс у сваёй памяці ўрокі жыцця і творчасці выдатнага Настаўніка. Стварэнне унікальнай атмасферы духоўнасці ў рэгіёне, бадай, галоўны плён шматгадовых высілкаў гэтага чалавека.
Грамадства шпарка засвойвала новыя ідэі і погляды, якія прапагандавалі шасцідзясятнікі, і часам здавалася, што яны ўжо адстаюць ад часу, як злараднічалі ў партыйнай прэсе. Але прайшлі гады і выявілася, што праграма гуманістычнага абнаўлення, задуманая і распрацаваная шасцідзясятнікамі, усё яшчэ не выканана і што лепшыя з іх шэрагаў па-ранейшаму знаходзяцца наперадзе. Той прарыў да новых глыбіняў ісціны, які здзейсніў У. Калеснік у сярэдзіне 70-х гадоў, быў натуральным выяўленнем яго ўнутранай свабоды, якая тым мацней уражвае, што нарадзілася ва ўмовах няволі, яго высокай чалавечай годнасці, якая купляецца гатоўнасцю да самаахвярнасці. У гэты час У. Калеснік, азіраючыся на зробленае, з сумам канстатаваў сваю залежнасць ад афіцыйнага літаратуразнаўства і ідэалагічных догмаў, добра ўсведамляючы пры гэтым меру ўласнай віны і адказнасці: «Многае, — зазначаў ён, — хацелася перапісаць нанова». Гэтыя словы азначалі не толькі рашучы перагляд ім ранейшых поглядаў і падыходаў, але і імкненне здзейсніць задуманае, пісаць па-новаму. У кнігах «Ветразі Адысея» і «Тварэнне легенды» перад намі новы, незнаёмы У. Калеснік. Зробленае ім у гэтых даследаваннях уражвае сваёй змястоўнасцю, небывалай скандэнсаванасцю пачуццяў і думак: пра жыццё і лёс У. Жылкі ён піша так, як, можа, пісаў бы пра самога сябе, з поўнай самааддачай, нічога не ўтойваючы, выказваючыся дарэшты, быццам гэта яго апошняя кніга.
Несумненна, на У. Калесніка, як і на яго суаўтараў і сяброў А. Адамовіча і Я. Брыля, паўплывала цяжкая праца над кнігай-дакументам «Я з вогненнай вёскі...»: прайшоўшы пекла людскіх пакут, нельга было заставацца ранейшым. Мабыць, у жыцці кожнага чалавека здараюцца моманты, калі ён, прайшоўшы выпрабаванне пакутамі, крута мяняецца. Але не кожны чалавек здольны пры поўнай свядомасці адважыцца перажыць пакуты, якіх ён можа спакойна пазбегнуць. У. Калеснік адважыўся, бо належаў да пакалення, пра трагедыю якога, бадай, не скажаш лепш, чым гэта сказаў перад смерцю М. Зошчанка: «Ну і адрэзачак гісторыі нам выпаў!» Змена акцэнтаў у жыццёвых і творчых паводзінах У. Калесніка выявілася, напрыклад, у тым, што ён гераізуе ў сваіх кнігах ужо не Праметэя, а іншы чалавечы тып: «Арэол, — пісаў ён, — над чоламі паэтаў ззяе наймацней у часы вялікіх гістарычных зрухаў, калі мастацкае слова стварае праграмы змагання, увасабляе ідэалы, за якія вядзе бітву народ, аддаючы на ахвярны алтар лепшых сыноў. У такія часы нараджаецца тып мастака-змагара, што выводзіць свой род не ад алімпійца Апалона, а ад гераічнага Тыртэя». Як вядома, менавіта Тыртэй, старажытнагрэчаскі паэт-лірык, кульгавы школьны настаўнік, змог сваімі песнямі ўзняць баявы дух спартанцаў, якія дарэмна чакалі ад афінян вайсковай дапамогі. У самыя змрочныя часіны застою, калі многім здавалася, што выхаду ўжо няма, свет імкліва спаўзае да ядзернай катастрофы, і сярод шасцідзясятнікаў адбыўся раскол, словы такіх аўтарытэтных літаратараў, як У. Калеснік і яго сябры па пяру, сапраўды ўздымалі баявы дух і падмацоўвалі надзею на лепшае.
Кнігі У. Калесніка, як і іншых лепшых нашых паэтаў, празаікаў, крытыкаў, навукоўцаў, па сутнасці, былі тэарэтычным абгрунтаваннем будучага духоўнага Адраджэння беларускай нацыі. У. Калесніку ўдалося на багатым матэрыяле беларускай літаратуры ад старажытнасці да нашых дзён прадэманстраваць думку аб тым, што ўсе без выключэння лепшыя творы беларускіх пісьменнікаў былі не толькі таленавітымі, але і глыбока нацыянальнымі. У той момант, калі ўсякае адкрытае выяўленне сваёй нацыянальнай прыналежнасці жорстка каралася і адзінай нацыяй прызнавалася «савецкая нацыя», калі да ажыўлення нацыянальнага жыцця было яшчэ вельмі далёка, У. Калеснік вярнуў нам дарагое паняцце нацыянал-рамантызму, паказаўшы яго актуальнасць і жыццёвасць на матэрыяле творчасці Ф. Скарыны і М. Гусоўскага, Я. Купалы і У. Жылкі. Менавіта ў гэты час ён першым у нашым літаратуразнаўстве прыгадаў імя I. Канчэўскага і разгарнуў перад уражанымі вачыма сучаснікаў панараму яго ідэй беларускага «адвечнага шляху». У пазнейшыя гады У. Калесніку заставалася толькі дэманстраваць сваю правату ў гэтым пытанні на матэрыяле творчасці такіх новаадкрытых паэтаў, як Н. Арсеннева і Л. Геніюш. Думка, што нацыянальная літаратура, па сутнасці, стварае сваю легенду пра народ і што з духоўным пасталеннем народа гэта легенда становіцца рэальнасцю, большай, чым любая фізічная абалонка рэчаў, стала пафасам яго апошніх гадоў жыцця і творчасці. Бо што ёсць наогул чалавечая культура, як не створаная ўсімі папярэднімі пакаленнямі легенда, версія, міфалогія, у атмасферы якой мы ўсе жывём, якой дыхаем, не прыкмячаючы гэтага штохвіліны, бо яна паўсюль, яна ў кожным з нас, стала нашай сутнасцю.
У апошнія гады гэта вялікая ідэя сцвярджалася У. Калеснікам цалкам свядома і вельмі напорыста. «Вызваленчаму руху прыгнечаных нацый, — пісаў У. Калеснік, — заўжды не хапае кадраў патрыятычнай інтэлігенцыі, не стае творцаў і пашыральнікаў ідэй, таму расце высокі прэстыж духоўных каштоўнасцяў усіх відаў. Праблемай усведамлення народа займаюцца практычна ўсе актывісты — ад палітычных дзеячаў да паэтаў. Новай эпосе патрэбны не толькі работнікі, а перадусім сацыяльна актыўныя грамадзяне, энергічныя і мужныя, прадпрымальныя і жыццярадасныя, закаханыя ў жыццё і поўныя веры ў прагрэс, у неабмежаваныя мажлівасці ўдасканалення свету і самога чалавека». Сказанае пра далёкае наша мінулае ўспрымаецца як сказанае на ўсе часы. Сказанае пра нас з вамі.
Анатоль Верабей. Шлях праз эпоху (Абсягі жыцця і творчасці Уладзіміра Калесніка)
Уладзімір Калеснік з’яўляецца адной з самых яркіх постацей беларускай літаратуры другой паловы ХХ ст. Талент яго надзвычай шматгранны. Ён быў літаратуразнаўцам, крытыкам, пісьменнікам, даследчыкам фальклору, выкладчыкам, мастаком, разьбяром па дрэве, фатографам і цудоўным чалавекам, пра якога хораша і цёпла згадвалі і згадваюць многія.
Янка Брыль адзначаў здольнасць У. Калесніка «нястомна, на ўсю душу захапляцца прыгожым», лічыў, што ён «таленавіты, грунтоўна падрыхтаваны і добрасумленны даследчык беларускай літаратуры».
Фёдар Янкоўскі сцвярджаў, што яго «эрудыцыя, дасведчанасць… проста здзіўляе».
Уладзімір Караткевіч пісаў пра Уладзіміра Калесніка як пра «аднаго з таленавітых сучасных нашых крытыкаў, чалавека, шлях якога не ружамі быў усыпаны і які на гэтым шляху не страціў аніводнай з высокіх чалавечых вартасцей», лічыў, што ён «адзін з лепшых людзей, з якім даводзілася сустракацца», што яго характару ўласціва «разнастайная, шматгранная артыстычнасць».
Нарадзіўся Уладзімір Андрэевіч Калеснік 17 верасня 1922 г. у вёсцы Сіняўская Слабада Карэліцкага раёна. Вёска размешчана на беразе Нёмана на ўскраіне Налібоцкай пушчы. Сюды, на пясчугу, як старыя людзі казалі, князь Радзівіл калісьці ссылаў сваіх непакорных мужыкоў. Бацька будучага пісьменніка быў чалавекам майстравітым. Ад яго сын «пераняў спрыт да сякеры, малатка, гэбліка», а неяк змайстраваў нават і скрыпку. Уладзімір Калеснік пісаў у аўтабіяграфіі: «Жыццёвым дэвізам бацькі была незалежнасць. Ад каго? Ад усіх і ўсяго. У гэтым ён бачыў аснову шчасця і такога шчасця хацеў сыну. Быць незалежным — гэта значыць усё ўмець рабіць самому, умець зрабіць і зарабіць, каб не кланяцца ўсякаму чорту лысаму. Бацька ўмеў… Ён быў не толькі земляроб, але першы ў ваколіцы „вазак“ і плытагон».
Пасля заканчэння сямігодкі ў Ярэмічах У. Калеснік у 1936 г. паступіў у польскую Навагрудскую гімназію імя А. Міцкевіча. Прафесар Крук, выкладчык рысунку і ручной працы, падтрымаў яго захапленне маляваннем, разьбою па дрэве. Хлопец марыў стаць крытыкам жывапісу. Аднак пад уплывам «Палескіх аповесцей» Якуба Коласа вырашыў быць, як Андрэй Лабановіч, вясковым настаўнікам.
Уладзімір Калеснік зведаў на сабе несправядлівасць тагачасных уладаў у адносінах да беларусаў. Нацыянальную годнасць яму давялося адстойваць аднойчы нават з дапамогай уласных кулакоў. Значнае ўздзеянне на фармаванне светапогляду юнака зрабіў у той час стрыечны брат, член КПЗБ Арсен Балабановіч, які раскрыў яму вочы на тое, «як запрыгонілі, аграбілі і прынізілі паны нашых дзядоў». У выніку адбыўся канфлікт з дырэкцыяй Навагрудскай гімназіі, і Уладзіміру Калесніку на трэцім годзе навучання прапанавалі перавесціся ў іншую.
Прыход Чырвонай Арміі ў верасні 1939 г. быў сустрэты ў Заходняй Беларусі з радасцю. Аднак неўзабаве прыйшло расчараванне: было нямала беспадстаўных высылак у Сібір, кіруючыя пасты пачалі займаць прысланыя з усходу людзі, бянтэжыла эканамічная палітыка новага ладу і стаўленне да беларускай мовы. У 1939–1941 гг. У. Калеснік вучыўся ў Навагрудку — спачатку ў беларускай сярэдняй школе, потым у педвучылішчы.
На пачатку вайны разам з сябрамі збіраў зброю, ствараў падпольную арганізацыю. Каб не вывезлі ў Германію, працаваў настаўнікам пачатковых класаў у Некрашэвічах. Летам 1942 г. пайшоў у партызаны. Быў кулямётчыкам, падрыўніком, камандзірам узвода, начальнікам штаба атрада. Двойчы паранены. У партызанах быў і яго бацька. Малодшы і адзіны брат Яўген загінуў на фронце.
Згадваючы пра сваё партызанскае жыццё, Уладзімір Калеснік пісаў: «Самае агіднае відовішча — трупы. Іх трупы і нашы… Мы закопвалі тых і тых, а яны, карнікі, блакіруючы пушчу, звычайна адкопвалі з ямаў і голых, уздутых, сініх падвязвалі да галін дрэў калючым дротам…
Самае велічнае відовішча — выбухі толавых шашак над рэйкамі. Ноччу жалеза здаецца чырвоным і выгінаецца дзівоснымі дугамі — усё палатно чыгункі на некалькі кіламетраў…
Вельмі прыгожае вогненнае шытво трасіруючых куль у начным баі — такое хараство, што ніяк не можаш паверыць у небяспеку. Думаеш — гульня».
У апошнія гады жыцця У. Калеснік па-новаму асэнсаваў падзеі вайны, што выявілася ў яго ўспамінах «Адвечны кліч» і «Блакада», раздзелах кнігі «Доўг памяці». У «Адвечным клічы», абапіраючыся на вядомае выслоўе Ф. Скарыны пра любоў людзей да родных мясцін, ён зазначыў: «Мы ўжо да вайны абураліся каленцамі і конікамі савецкіх функцыянераў, а ў партызанах і падаўна не ідэалізавалі ўлады, ні яе носьбітаў… А, галоўнае, улада ганебна ўцякала ад немца. Змагаліся мы за вызваленне свайго краю ад акупантаў, верачы, што пасля перамогі зробім лепшае грамадства, прынамсі без скампраметаванага Сталіна, без страшных сялянам калгасаў, раскулачванняў, высылак. Няхай будзе гэта грамадства савецкае і наша, беларускае, грамадства даверу, а не даносаў і бязвінных ахвяр».
З ліпеня 1944 г. У. Калеснік працаваў у Мірскім райваенкамаце, настаўнічаў, быў інспектарам рана. У 1945–1952 гг. вучыўся на філфаку і ў аспірантуры Мінскага педінстытута. Пасля заканчэння аспіранутры два гады загадваў кафедрай беларускай літаратуры Бабруйскага настаўніцкага інстытута. З 1954 г. і да скону дзён жыў у Брэсце, працаваў выкладчыкам, загадчыкам кафедры беларускай літаратуры, стаў кандыдатам філалагічных навук, прафесарам, заслужаным работнікам вышэйшай школы Беларусі.
Друкавацца як літаратурны крытык Уладзімір Калеснік пачаў з 1953 г. У аўтабіяграфіі заўважыў: «Прыходам у літаратуру я абавязан перш за ўсё Янку Брылю». З Янкам Брылём пазнаёміўся яшчэ ў партызанах. Пазней іх звязала моцная дружба. Яны давалі адзін аднаму для ацэнкі рукапісы сваіх твораў, разам вандравалі па Беларусі і за яе межамі, працавалі ў архівах Вільні, Гродна, Слоніма, Брэста.
Уладзімір Калеснік прыкметна ажывіў літаратурнае жыццё на Берасцейшчыне. Доўгі час узначальваў літаб’яднанне пры абласной газеце «Заря», быў першым кіраўніком абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. У Брэсце яму належала такая роля, як у свой час у Гродне — Васілю Быкаву, у Магілёве — Аляксею Пысіну. Уладзімір Калеснік шмат увагі надаваў літаратарам Берасцейшчыны. Літаратуру гэтага рэгіёна ён успрымаў як арганічную частку беларускай літаратуры.
Стыхіяй У. Калесніка была заходнебеларуская літаратура, пра што сведчыць і яго першая кніга «Паэзія змагання» (1959), прысвечаная давераснёўскай творчасці Максіма Танка. Тэмай навуковай працы У. Калеснік выбраў спачатку літаратуру былой Заходняй Беларусі. Аб’ездзіў многія мясціны, сустрэўся з цікавымі людзьмі, папрацаваў у архівах і напісаў змястоўную працу. Аднак дапытлівага і патрабавальнага маладога навукоўца не магло задаволіць уласнае даследаванне, дзе ён не меў магчымасці выказаць поўнасцю свае думкі і меркаванні пра многія падзеі і з’явы заходнебеларускага жыцця (у той час яшчэ ляжаў цень абвінавачання на КПЗБ). У. Калеснік не мог тады выкарыстаць забароненыя творы і працы рэпрэсаваных заходнебеларускіх пісьменнікаў. Тым не менш ужо ў той час зроблены выбар — навуковец засяродзіўся на даследаванні паэзіі М. Танка.
Уладзімір Калеснік прыйшоў у беларускае літаратуразнаўства на хвалі так званай хрушчоўскай адлігі разам з Алесем Адамовічам, Сцяпанам Александровічам, Рыгорам Бярозкіным, Віктарам Каваленкам, Алегам Лойкам і іншымі даследчыкамі. Ягоная ўвага да заходнебеларускай літаратуры была абумоўлена не толькі мясцовым патрыятызмам, але і жаданнем напісаць цікавую, багатую і недаследаваную старонку з духоўнага і эстэтычнага жыцця нашага народа.
Ужо ў першай кнізе вучонага выявіліся характэрныя асаблівасці яго стылю — эстэтычна вытанчаная і адначасова філасофская, інтэлектуальная, аналітычна заглыбленая манера пісьма спалучалася з натуральнасцю мастацкага выкладання і пэўнай доляй публіцыстычнасці, палемічнасці. Праца У. Калесніка вызначалася шырынёй ахопу матэрыялу, глыбінёй асэнсавання асобы мастака, багаццем прыведзеных архіўных звестак. Даследчык засяродзіў увагу на Танкавых вершах і паэмах, але сказаў і пра яго апавяданні, нарысы, пераклады. Несумненную навуковую вартасць мелі разважанні пра вобразнасць і паэтыку давераснёўскай паэзіі М. Танка. Прывабліваў падыход да мастацкага слова як да эстэтычнай каштоўнасці. У кнізе шмат цікавых характарыстык, афарыстычных вызначэнняў («містычная філасофія фармалізму была непрымальна для Максіма Танка, сялянскага сына, прыроджанага рэаліста», «калі вочы ўвасабляюць душу, то рука — сімвал цела», «бацька і сын, сустрэўшыся родзічамі, расстаюцца аднадумцамі» і інш.), нямала дадзена спасылак на заходнебеларускія перыядычныя выданні.
Заходнебеларускі перыяд творчасці М. Танка даў удзячны матэрыял для даследавання сур’ёзнаму і ўдумліваму маладому навукоўцу. Уладзімір Калеснік адкінуў многія закасцянелыя догмы вульгарна-сацыялагічнай крытыкі і сцвердзіў новыя эстэтычныя крытэрыі ў ацэнцы мастацтва. І тое было прынцыповым набыткам як даследчыка, так і ўсяго беларускага літаратуразнаўства. Гэтай кнігай, па сутнасці, адкрываўся цэлы мацярык заходнебеларускай літаратуры.
Кніга «Паэзія змагання» стала адной з найлепшых працаў у беларускім літаратуразнаўстве другой паловы 50-х гг. Праўда, крыху пазней, у сярэдзіне 60-х гг., калі абдумваў раздзелы для акадэмічнага выдання «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры», У. Калеснік многае хацеў «перапісаць нанова. Нічога дзіўнага: пішучы яе, я сам пакутліва змагаўся супраць спакусліва лёгкай схаластыкі і схематызму. Не заўсёды перамагаў».
Характэрнае прызнанне патрабавальнага да сябе аўтара, праца якога стала трывалым падмуркам для даследчыкаў творчасці М. Танка і ўвогуле заходнебеларускай літаратуры. Пазней У. Калеснік створыць літаратурны партрэт «Будзённы дзень з Максімам Танкам», які ўвойдзе ў кнігу «Зорны спеў» (1975), напіша кнігу «Максім Танк. Нарыс жыцця і творчасці» (1981), дзе дапоўніць свае ранейшыя разважанні пра давераснёўскую творчасць паэта, скажа важкае слова пра яго паэзію 40–70-х гг.
Працу, распачатую ў даследаванні «Паэзія змагання», У. Калеснік прадоўжыў у кнізе «Час і песні» (1962), у якой засяродзіў увагу на асобных з’явах літаратурнага жыцця Заходняй Беларусі, асабліва на масавай паэзіі перыяду Грамады (1925–1927 гг.), даў партрэты Міхася Васілька, Алеся Салагуба, Міколы Засіма, заходнеўкраінскага пісьменніка Аляксандра Гаўрылюка.
Уладзімір Калеснік напісаў дакументальныя творы «Аповесць пра Таўлая» (1964–1965), «Пасланец Праметэя» (1984). Сумесна з Алесем Адамовічам і Янкам Брылём стварыў кнігу «Я з вогненнай вёскі…» (1975). Выданне гэтай унікальнай кнігі стала мастакоўскім і грамадзянскім подзвігам беларускіх літаратараў А. Адамовіча, Я. Брыля і У. Калесніка. «З’яўленне такой кнігі, — слушна адзначаў Міхась Стральцоў, — паказчык сталасці, публіцыстычнай і чалавеказнаўчай сталасці нашай літаратуры, а найбольш і найперш — паказчык сталасці і вышыні яе маральнай свядомасці. Гэта адначасова і дакументальна, з псіхалагічным паглыбленнем засведчаны факт і сённяшняй маральнай і ідэалагічнай свядомасці нашага народа. Тут выяўлены не толькі гераічныя грані народнага характару, але і запас ягонай дабрыні, ягонага трывання, мера ягонай падключанасці да ўсялюдскага, гуманістычнага пачатку».
У кнігу У. Калесніка «Зорны спеў» увайшоў літаратурны партрэт «Будзённы дзень з Максімам Танкам». Уключаны таксама літаратурны партрэт Янкі Брыля «Здымак у жыце», дзе ўважліва прасочаны не толькі жыццёвы і творчы шлях пісьменніка, але і зроблена ўдалая спроба вытлумачыць псіхалогію творчасці мастака.
У зборніку «Зорны спеў» У. Калеснік зноў звяртаецца да сваёй улюбёнай заходнебеларускай тэмы. Не абыдзена яна ўвагай у нарысах пра М. Танка і Я. Брыля. Закранута і ў артыкуле «Гняздо паэтаў», які ўваходзіць у гэтую кнігу, дзе расказваецца пра такіх творцаў, выхадцаў з вёскі Зачэпічы Дзятлаўскага раёна, як Пятрусь Граніт, Герасім Прамень, Васіль Струмень і пра паэта з суседніх Гірычаў Н. Жальбу. Гэты артыкул засведчыў, што даследчыка захаплялі не толькі вяршынныя постаці беларускай літаратуры. Для яго цікавымі людзьмі і шматграннымі асобамі былі пісьменнікі і з сярэднім ці не раскрытым да канца талентам.
Кніга «Зорны спеў» сведчыла аб пашырэнні геаграфіі даследаванняў У. Калесніка. У адным з яго артыкулаў, «Берасцейскае вогнішча», аўтар стварыў шырокую панараму развіцця эстэтычнай думкі на Берасцейшчыне, ад старажытнасці і да сучаснасці, даў творчыя біяграфіі Афанасія Філіповіча, Казіміра Лышчынскага, Піліпа Пестрака, Міколы Засіма, Міколы Купрэева, Міхася Рудкоўскага, Ніны Мацяш, Алеся Разанава і многіх іншых літаратараў, чыё жыццё было звязана з гэтым краем. На высокім прафесійным узроўні разгледзеў У. Калеснік таксама мастацкія асаблівасці і праблематыку паэмы «Сымон-музыка» Я. Коласа. Кніга «Зорны спеў» раскрыла глыбіню і шматграннасць творчых інтарэсаў У. Калесніка, засведчыла яго імкненне пераадолець ідэалагічныя каноны і догмы сацыялістычнага рэалізму.
Гэтая кніга цікавая і ў тым плане, што У. Калеснік у артыкуле «Старонкі рамантызму» адным з першых сярод нашых даследчыкаў зрабіў спробу асэнсавання праблемы рамантызму ў заходнебеларускай літаратуры. Каштоўнымі ўяўляюцца яго думкі пра славянскі і беларускі рамантызм, а таксама разгляд творчасці Ігната Канчэўскага, Гальяша Леўчыка, Леапольда Родзевіча, Казіміра Сваяка, Уладзіміра Жылкі. Свае ранейшыя разважанні пра рэвалюцыйны авангард і дэмакратычную літаратуру даследчык дапоўніў аналізам клерыкальнага і эстэцкага кірункаў.
Па-наватарску і для свайго часу смела змог паказаць даследчык мастацкую дасканаласць паэзіі У. Жылкі, суаднесці яе з набыткамі айчыннай і сусветнай літаратуры ў яшчэ адной сваёй кнізе — «Ветразі Адысея» (1977).
Праблемнасцю і тэарэтычнай заглыбленасцю вызначаецца кніга «Тварэнне легенды» (1987). У ёй даследчык звярнуўся да постацей Францішка Скарыны, Міколы Гусоўскага, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Францішка Багушэвіча, Янкі Купалы, казачніка Рэдкага.
Вядома, У. Калеснік быў чалавекам свайго часу. Згадаем, напрыклад, прыхільнасць даследчыка да сацыялістычнай ідэі, да сацыялізму «з чалавечым абліччам». Але галоўным у ягонай творчасці было тое, што ён зрабіў для адраджэння Беларусі.
На жаль, не ўсё, што хацелася, змог творца выказаць, надрукаваць. У апошнія гады жыцця падчас напісання працы пра выдатных заходнебеларускіх дзеячаў Леапольда Родзевіча, Уладзіміра Жылку, Алеся Салагуба, Ігната Дварчаніна, Францішка Аляхновіча, Браніслава Тарашкевіча і інш., якія ў савецкія часы былі залічаны да «ворагаў народа», зазначыў: «Даследчыкам загадана было або маўчаць пра гэтых пакутнікаў, або пацвярджаць ідэалагічную ману аб іх варожасці народу. Даводзілася шукаць спосабаў і прыёмаў, эзопаўскай мовы, каб падаць, хоць прыкрыўшы наміткай крытыкі, сігнал пра іх удзел у літаратурным і грамадскім жыцці Заходняй Беларусі… Мы, навукоўцы, станавіліся заложнікамі злачынства, учыненага сталінізмам».
Па-новаму змог раскрыцца У. Калеснік на чарговай хвалі нацыянальнага Адраджэння і грамадскага абнаўлення ў другой палове 80-х – першай палове 90-х гг., у апошнія гады жыцця (не стала яго 15 снежня 1994 г.). Аб гэтым сведчаць кніга «Янка Брыль: нарыс жыцця і творчасці» (1990) і артыкулы пра Рыгора Шырму, Валянціна Таўлая, Уладзіміра Караткевіча, Янку Брыля, Алеся Разанава, а таксама артыкул «Пражскі эпісталярый» і інш., якія склалі кнігу «Усё чалавечае» (1993).
Нешта ў яго крытэрыях і ацэнках можа выклікаць пярэчанне, нязгоду. Але многае ўражвае і захапляе аб’ёмам даследаванага матэрыялу, удумлівым падыходам да яго.
Тое, што зрабіў У. Калеснік для Беларусі, можна параўнаць з працай цэлага навукова-даследчага інстытута. Акрамя ўсяго іншага ён быў яшчэ складальнікам шматлікіх кніг беларускіх пісьменнікаў, у тым ліку і зборнікаў паэзіі Заходняй Беларусі «Сцягі і паходні» (1965) і «Ростані волі» (1990).
Уладзімір Калеснік адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1964), «Истории советской многонациональной литературы» (1971), «Истории белорусской советской литературы» (1977). За ўдзел у падрыхтоўцы апошняй стаў у 1980 г. лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа. На яго рахунку таксама навучальныя дапаможнікі і падручнікі для педінстытутаў і ўніверсітэтаў.
Яго студэнтамі былі такія беларускія пісьменнікі і літаратуразнаўцы, як Міхась Рудкоўскі, Мікола Купрэеў, Уладзімір Гніламёдаў, Міхась Тычына, Васіль Жуковіч, Алесь Разанаў і іншыя.
Цеплыню і чалавечнасць У. Калесніка адчувалі многія. Выяўляючы актыўную грамадзянскую пазіцыю, ён і ў апошнія гады жыцця прынцыпова і паслядоўна выступаў за праўду, дабро і справядлівасць, натхнёна і плённа працаваў. Варта згадаць ягоныя артыкулы «Ачышчэнне памяці» (Полымя. 1989. № 9), «З хронікі заходнебеларускага супраціўлення» (Полымя. 1995. № 3), дзе ён зноў звяртаўся да заходнебеларускай тэмы.
У апошнія гады пісаў дакументальна-аўтабіяграфічную аповесць «Доўг памяці» пра партызанскую барацьбу ў мінулай вайне. Два раздзелы з яе, «Адвечны кліч» і «Блакада», пра што мы ўжо згадвалі раней, былі надрукаваны ў беларускай перыёдыцы. У іх шмат цікавага пра савецкі лад і пра вайну, таго, што ў ранейшыя часы немагчыма было надрукаваць.
Не ўсё, што хацелася, змог выказаць пісьменнік і ў кнізе пра У. Жылку «Ветразі Адысея». Раздзел «Уржум. „Тэстамент“» з гэтай кнігі з’явіўся толькі пасля смерці даследчыка (Крыніца. 1996. № 1).
У прадмове да кнігі У. Жылкі «Творы» (1996), укладальнікам якой ён быў, У. Калеснік пісаў: «Прадаўжаючы патрыятычную легенду нацыянальнага вызвалення, створаную Купалам, Багдановічам, Коласам, Жылка звязваў у адзін вузел ідэі сацыяльнага, нацыянальнага і духоўнага адраджэння».
Цікавыя высновы зрабіў творца і аналізуючы гістарычныя аспекты нашага адраджэння: «Вяртаючыся да параўнання польскага і савецкага рэжымаў, варта адкінуць ілюзію спаборніцтва паміж імі па правілах, хто лепш дагодзіць беларускаму Адраджэнню. Такога не магло быць. Кожны з бакоў меў інтарэсы, і яны вызначалі палітыку».
З трывогай і болем асэнсоўваў У. Калеснік лёс роднага народа, яго мовы і культуры ў сваім незакончаным артыкуле «Менталітэт — птушка крыўдлівая». Аб’ектыўна ацэньваючы тыя грамадскія працэсы, якія адбываліся на Беларусі ў першай палове 90-х гг., ён узрушана пісаў: «Пра якую культуру і ментальнасць можна тут сур’ёзна гаварыць? Насамперш трэба нам самім прафесійна засвойваць культуру развітых краін, а не валачы на радзіму задворкавай брыдоты».
І гэтыя ягоныя словы гучаць як запавет нашчадкам. Іх пакінуў чалавек, які заўжды думаў над вечнымі праблемамі быцця і красы і які любіў родную зямлю і яе людзей.
Ала Сямёнава. Справаздача сумлення
Падобны ён да сваіх улюбёных герояў — змагароў, людзей самавітай думкі, смелага дзеяння. Чалавек высокіх прынцыпаў, светлы мысленню, нястомны працаўнік. Грамадзянін, асоба, літаратар — гэта непарыўна ва Уладзіміру Калесніку. І не будзённага кшталту. Спраўджвае ён «штодзённую справаздачу сумлення» («Берасцейскае вогнішча»). Не год і не два. Жыццё. У дзевятнаццаць год — антыфашыст, падпольшчык, у дваццаць — партызан, у дваццаць адзін — начальнік штаба партызанскага атрада. Пасля вайны — кандыдат, пазней — доктар навук, і не ў ступенях сэнс, сапраўдны вучоны, нястомны плугар на ніве беларускага пісьменства, ды ўсё больш па цаліку. Ад кнігі да кнігі. Загадчык кафедры ў Брэсцкім педінстытуце. І зноў — не проста на пасадзе, ад лекцыі да лекцыі, ад сходу да сходу. Нечыноўны выхавацель, настаўнік у самым сапраўдным разуменні гэтага слова, будзіцель думак і здольнасцей. Кіраўнік літаратурнага аб'яднання, сапраўднага культурнага вогніска ў Брэсце. А падтрымлівае агонь ён, Калеснік. Яго ж гартаванцы Ніна Мацяш, Алесь Разанаў, Васіль Жуковіч, Міхась Рудкоўскі, Іван Арабейка...
А як тут уседзіш склаўшы рукі, калі перад табой такі ўзор? Даследчык, крытык, празаік. Адзін з самых адметных сярод нашых літаратараў, які сёння мае плёнам годны стос прац: «Паэзія змагання», «Час і песні», «Зорны спеў», «Ветразі Адысея», «Лёсам пазнанае», «Аповесць пра Таўлая», «Пасланец Праметэя». Ні з чым не параўнанае сааўтарства — у стварэнні кнігі «Я — з вогненнай вёскі...» з Алесем Адамовічам і Янкам Брылём. Грунтоўныя раздзелы ў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры», «Истории советской многонациональной литературы», у падручніках для студэнтаў.
Даўно можна пісаць пра Уладзіміра Калесніка добрую кніжку. Назапасілася матэрыялу, выспеліўся той матэрыял. І літаратурны, і біяграфічны. Гэты ж допіс не мае на мэце вызначыць і прасачыць этапы развіцця творчасці Уладзіміра Калесніка, не прэтэндуе на ўсёахопнасць. Хацелася толькі пазначыць некаторыя адметныя рысы пісьменніка, накрэсліць нейкія штрыхі яго мастакоўскага аблічча.
Уладзімір Калеснік ласкаю лёсу належыць да тых даследчыкаў і крытыкаў, у якіх шчасліва супадаюць талент аналітыка і талент празаіка. Ён умее весці сур'ёзную акадэмічную гаворку выдатнай беларускай прозай. Высокая тэорыя, пільны аналіз, шырокая эрудыцыя, яркі, незбыт багаты слоўны запас, вострая, тэмпераментная, па-грамадзянску смелая думка. Усё гэта стварае непаўторны стыль пісьма Калесніка.
Аднойчы прачытаўшы яго, не прамінеш наступнай публікацыі. Ён валодае сакрэтам захапіць чытача. Не таннымі выкрунтасамі. Не падробкай пад густ кожнага. Ён прымушае сягануць да яго духоўнага росту. І росту яго герояў. Дае такую выбуховую экспрэсіўную хвалю — не хочаш, узнімешся. Умее ён самыя складаныя праблемы, там, дзе нехта б навукападобнна марудзіў, цягамотна слізгаючы ў цяжкавымаўляемых тэрмінах, давесці дакладна, дасціпна, ператвараючы тэарэтычныя выкладкі ў эмоцыі, а эмоцыі прамаўляючы вострым, ваяцкім словам. Часам проста — бліскуча.
Скажам, такое, заўсёды няпростае, у кантэксце сённяшніх падзей асабліва складанае пытанне. І — вось хаця б пачатак вызначэння праблемы Калеснікам: «Паўтараста дзесятка гадоў польская паэзія стварала вызваленчую легенду для падняволенага народа. Узорам служылі матывы праметэйскага міфа, антычныя сказы пра тытана, які падарыў людзям агонь, а потым пакутаваў за сваю чалавекалюбнасць... І вось калі мэта нарэшце была дасягнута, калі ў полымі рускай рэвалюцыі ўзнікла польская дзяржава, песнярам, па логіцы падзей, засталося толькі спець пераможны гімн, урачыста завяршыць вызваленчую легенду і вызваліцца ад абавязку служэння грамадзянскай ідэі, дазволіць сабе служыць адной толькі чыстай красе. Так яно і рабілася... Ды неўзабаве выйшла наяў, што дзяржава хоць і вольная, а ўсё ж уласніцкая, буржуазная, для адных яна родная маці, а для другіх — мачыха» («Звяно легенды»).
Нельга сказаць, што Уладзімір Калеснік піша лёгка. У яго працах відаць і рупны, шматгадовы архіўны пошук, і скрупулёзны аналіз, і філасофскае, і грамадзянскае ўсведамленне тэмы, і публіцыстычны напал. Але матэрыял даследавання пісьменнік ведае так, што валодае ім свабодна, вольна. І мастакоўскае выяўленне гэтага матэрыялу арганічнае, эмацыянальныя вобразныя стыхіі спалучаюцца з аб'ектыўным асэнсаваннем.
Абсяг слова Уладзіміра Калесніка надзвычай шырокі. Ад Гусоўскага да Яна Гушчы. І зноў жа, «унутры» тэмы са «стэрэаскапічным» ахопам. Гаворачы пра пераклад «Песні пра зубра» Язэпам Семяжонам, пісьменнік дае нам адчуць і «перазоў эпох», і духоўную атмасферу часоў Гусоўскага, і палітычны клімат розных краін, а за кожным канкрэтным радком паэмы — складаную повязь гістарычных варункаў, якія Калеснік ведае дасканала, год у год, прозвішча да прозвішча. І зноў — складанае і высокае абжываецца патрэбнымі словамі, набліжаецца да нас ад выснаванай моўнай стыхіі, часам нават такіх слоўных гарэзіў «Да ролі прыдворнага паэта гэты самабытны чалавек [Гусоўскі] падыходзіў так, як зубр да карэты». Уладзімір Калеснік, аналізуючы пераклад Язэпа Семяжона, дае па сутнасці сваю версію вобраза аўтара несмяротнага твора — Гусоўскага, гуманіста, чалавека Адраджэння, сучасніка Скарыны, сына сваёй эпохі, выпеставанага Айчынай, але вымушанага служыць мецэнату далёка ад радзімы, нават паэму свайго жыцця папісаць «на чужыне і на чужой мове». А народ, тут зробіць націск Калеснік, «акажацца на яго голас сапраўдным адрасатам, таму што ствараў Гусоўскі паэму ўсё маладое жыццё... разам са сваім народам».
Немалую ўвагу аддае Уладзімір Калеснік чыста філалагічнаму разбору самога перакладу. Не губляючыся ў лексічных прыватнасцях, калі ўваччу стракаціць ад прыкладаў, але ўвесь час помнячы пра слоўную структуру твора.
Як і ў працах «Першы вырай» і «Талент працавіты» — пра польска-беларускія літаратурныя сувязі і ў першую чаргу пра чалавека, які гэтыя сувязі нястомна ладзіць — польскага паэта Яна Гушчу. Тут Калеснік таксама цярпліва, удумліва, тактоўна прасочвае за многімі перакладамі ў анталогіі беларускай паэзіі, якую склаў Гушча («Першы вырай»). Але і ў «Першым выраі», рэцэнзіі на гэту анталогію, і ў нататках «Талент працавіты», пра творчую дзейнасць Яна Гушчы, Калеснік трымае ў полі зроку асаблівасці гістарычнага і культурнага развіцця Беларусі і Польшчы, няпростыя сумежжы беларуска-польскіх узаемаадносін, гаворыць пра нашых перакладчыкаў з польскай мовы.
І выбудоўвае нататкі сюжэтна. Яны маюць не толькі строгае лагічнае развіццё, але і ладную кампазіцыю, свае кантрапункты.
Пры ўсёй шырыні дыяпазону ёсць у Калесніка ўлюбёная, найбольш блізкая яму тэматыка. Гэта літаратура і літаратары Заходняй Беларусі. І ў сувязі з гэтым — праблема рамантызму. Таму што, як даводзіць сам Уладзімір Калеснік, «сучасны рамантызм у мастацтве вырастае не з чыста філасофскіх каранёў, а з глебы больш шырокай — з рамантычных зрухаў у грамадскім жыцці» («Ветразі Адысея»), вызваленчы ж рух Заходняй Беларусі «абвяшчаў героіку эстэтычным ідэалам эпохі» («Алесь Салагуб»). А значыць, і рамантызм — асноўным літаратурным метадам.
Праблема рамантызму ў большай ці меншай ступені разглядаецца ва ўсіх працах пра творцаў Заходняй Беларусі, найбольшую тэарэтычную кандэнсацыю, калі можна так сказаць, набываючы ў нарысе «Старонкі рамантызму» і асабліва ў кнізе «Ветразі Адысея», што падкрэслена і ў падзагалоўку — «Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі». І паралельна з У. Конанам, І. Навуменкам, Р. Бярозкіным, В. Каваленкам на сваім літаратурным абшары распрацоўвае праблему рамантызму.
«Рамантызм у Заходняй Беларусі 20-х гадоў стаў своеасаблівым стылем і нормай...» — адзначыць у «Старонках рамантызму» Уладзімір Калеснік. І пад гэтым узнёслым штандарам будзе разглядаць творчасць і жыццё Валянціна Таўлая, Уладзіміра Жылкі, Піліпа Пестрака, Гальяша Леўчыка, Міколы Засіма, Міхася Васілька, Алеся Салагуба, Юркі Пружанскага, Аляксандра Гаўрылюка, Петруся Граніта, Васіля Струменя, Герасіма Праменя, Н. Жальбы і інш. Свядома не стаўлю ў гэты шэраг найпершага з заходнебеларусаў Максіма Танка. Яму ці не галоўная ўвага Калесніка. «Паэзія змагання. Максім Танк і заходнебеларуская літаратура», першая кніга Уладзіміра Калесніка, і нядаўні, 1981 года, нарыс жыцця і творчасці «Максім Танк». І яшчэ — эсэ «Будзённы дзень з Максімам Танкам», надрукаванае ў «Зорным спеве» і ўключанае зараз у выбранае даследчыка «Лёсам пазнанае».
Танкаў творчы метад даследчык трактуе як той, што меў толькі «значную ўдзельную вагу рамантызму» ў давераснёўскі перыяд. Падрахоўваючы ж здабыткі паэта, ён адзначыць: «На дарожнай стрэлцы, якая будзе паказваць агульны кірунак духоўнага і творчага развіцця М. Танка, бясспрэчна, можна напісаць тэрмін рэалізм. Безагаворачна будзе ён стасавацца да характарыстыкі асобы мастака, што ж датычыць творчасці, манеры і стылю паэта, дык тут справа ўскладняецца ўстойлівасцю і нават свядомым замацаваннем рамантычных тэндэнцый». Той самы сінтэз рэалізму з рамантызмам, які ў адносінах да многіх праяў беларускай літаратуры адстайвае беларуская эстэтычная думка.
Але ж, пэўныя тэндэнцыі ў літаратуры — ад пэўных тэндэнцый у жыцці. Прынамсі, у 20–30-я гады ў Заходняй Беларусі — ад грамадскага руху. Бо ён, грамадскі рэвалюцыйны рух, быў асновай жыцця тых людзей, пра якіх піша Уладзімір Калеснік. Людзей, што стваралі рамантычных герояў і самі былі героямі, бо, паводле Калесніка, «не выпадкова рэвалюцыйныя дзеячы нясуць у сабе ярка выражаныя рысы рамантычных герояў». А паэты — героі нарысаў Калесніка — барацьбіты, рэвалюцыянеры. Людзі, адданыя высокай ідэі. Не для ўсіх аднолькава яснай. Не ўсімі аднолькава выяўленай у творчасці. Не ўсімі аднолькава баявіта ўзнятай у канкрэтнай дзейнасці. Пра ўсё гэта — у Калесніка. Без згладжвання. Без прылізвання.
Так, Максім Танк, герой рэвалюцыйнага падполля, чалавек легенды, і Максім Танк, творца, паэт рэвалюцыйнага руху,— роўныя кожны самому сабе, «талент... быў на меру характару».
Так, Уладзімір Жылка быў перад усім паэтам, творцай, «не меў схільнасці да арганізацыйна-практычнай работы», «найважнейшай справай у подзвігу ён лічыў маральна-псіхалагічную гатоўнасць да здзяйснення такога ўчынку» («Ветразі Адысея»).
Так, творчасць Алеся Салагуба досыць рытарычная і дэкларацыйная, але сам ён — тыповы заходнебеларускі інтэлігент 20-х гадоў.
І гэта вельмі прыдатна Калесніку. Бо, ствараючы літаратурныя партрэты, прасочваючы эвалюцыю ўсведамлення і творчасці заходнебеларускіх мастакоў, пісьменнік стварае і карціну грамадскага і літаратурнага жыцця Заходняй Беларусі 20–30-х гадоў. Карціну аб'ёмную, дакументальна вывераную, сацыяльна востра акрэсленую, з адчуваннем гістарычнай ролі гэтага краю і філасофскім усведамленнем духоўнага скарбу тых, хто месціўся ў краі, усведамленнем на шырокім фоне духоўнага побыту ўсяго чалавецтва. Карціну яркую, жывую. Са шматлікімі замалёўкамі, што былі б да гонару «чыстаму» празаіку. Яны даюць адчуць каларыт часу, мясцовасці, асяроддзя.
А ісці ж даводзіцца па цаліку, і цалік у хмызняку і выбоінах. Яно-то праўда, культурызаваць пад раллю той цалік не ён адзін імкнецца, нямала дакументальных матэрыялаў пра Заходнюю Беларусь 20–30-х гадоў пабачылі свет, у тым ліку такі адметны твор, як «Лісткі календара» Максіма Танка, прайшлі тут стрыжнявым сваім маршрутам Арэхва і Якуб Міско, адабраў з нябыту многія імёны Арсень Ліс. Але ж час складаны — безліч самых розных палітычных груповак, нацыяналістычныя прывіды і сапраўдная вызваленчая барацьба, да ўсведамлення сутнасці якой таксама не ўсе і не адначасна прыходзілі.
Уладзімір Калеснік сваімі кнігамі па сутнасці стварыў гісторыю літаратурна-грамадскага жыцця Заходняй Беларусі.
Ведучы ж гаворку пра тымчасовае літаратурнае жыццё, самая значная частка якога была адбіткам рэвалюцыйнага вызваленчага руху, нельга абысці гаворкай і авангардысцкую, скажам, плынь у польскай літаратуры, хаця на пралетарска-рэвалюцыйную паэзію яна ўплыву не мела. Але яна існавала, і той жа Максім Танк прыгадваў у «Лістках календара», што «цікавіўся... рознымі школамі і напрамкамі, але асцерагаюся, каб не трапіць на пракрустава ложа іх тэорый». А ўсё, чым цікавіліся яго героі, Калеснік вывучае дасканала, мацёра, каб стварыць для чытачоў поўную карціну. Чым жылі, чаго дасягнулі, чаго пазбеглі яны. Якія творчыя і культурныя сувязі трымаюць — да прыкладу, Максім Танк з класічнай, тагачаснай і сённяшняй замежнай, і ў першую чаргу па абставінах жыцця і часу — з польскай паэзіяй («Максім Танк»).
Не прыпісваючы, як гэта часам здараецца, высокіх памкненняў аднаго ўсім. І не спрашчаючы ні творчых, ні ідэйных пошукаў Жылкі, які няпроста прыйшоў да ўсведамлення марксісцка-ленінскай філасофіі. Не ўзнімаючы да выкшталцонай эрудыцыі Міхася Васілька ці Міколу Засіма. У іх быў свой радыус дзеяння, свой магніт прыцягнення. Шчырасць, палкасць, агульпы шлях з тымі, каму былі адрасаваныя іх вершы. І стойкая намеранасць на рамантычную хвалю творчасці. Што так пасавала гарачым дням барацьбы ў буржуазнай Польшчы і падчас Айчыннай вайны і страціла сваю выносістую моц у размераныя пасляваенныя гады. У Міхася Васілька на тую пару такія дні натхнення толькі выдаваліся, тады «адчуваў сябе маладым, бесклапотным блазнюком і мог прысягнуць, што пачатак свету быў сёння ў ранні» («Міхась Васілёк») і пісаў узнёслыя, шчырыя вершы.
Уладзімір Калеснік стварыў калектыўны партрэт дзеячаў Заходняй Беларусі, што складваецца і з калектыўных замалёвак, і з асобных партрэтаў. Дзе сваё месца займае Максім Танк. Сваё — Валянцін Таўлай. Сваё — Янка Брыль. У Брыля, праўда, літаратурная дзейнасць прыпадае на іншы час. Але станаўленне асобы, усведамленне сябе ў свеце і свету ў сабе, разуменне класавых межаў — у тых, давераснёўскіх гадах. І тэма многіх ягоных твораў — таксама там.
Для Уладзіміра Калесніка вельмі важна — бо для пісьменнікаў-заходнікаў, хто сталеў у давераснёўскі перыяд, іх ідэйныя пазіцыі былі вынашанымі, выпакутаванымі, не так, як для іх адналеткаў у Савецкай Беларусі, дзе разуменне марксісцкай ідэалогіі прыходзіла разам з першымі радкамі ў школе, з поклічам піянерскага горна, з першым сходам у камсамольскай ячэйцы.
Янка Брыль — здаецца, ці не адзіны празаік, пра якога піша Уладзімір Калеснік. Піша так, як і пра паэтаў, герояў сваіх твораў. Як пра творцу і чалавека. Па праву крытыка і па праву сябра, па праву чалавека, які быў побач і поплеч у партызанскім атрадзе, у мірныя дні працы, у святы, у вандроўках. Калеснік разумее героя свайго нарыса ў складаным узаемаспалучэнні аб'ектыўнага і суб'ектыўнага: «Творчасць Янкі Брыля з'яўляецца таленавітым сцвярджэннем духоўнага багацця беларускага народа, яго самавітага нацыянальнага характару, побыту, звычак, пявучага хараства яго мовы» («Здымак у жыце»).
У гэтым рэчышчы разумення і зацікаўленасці — творчы партрэт Ніла Гілевіча, паэта, нястомнага перакладчыка з балгарскай, сур'ёзнага вучонага, прынцыповага крытыка і публіцыста.
Заўсёдны, трывалы клопат Уладзіміра Калесніка — культура Беларусі, духоўныя яе здабыткі ва ўсіх праявах. І ўмее ён, здаецца, нават мімаходзь, сказаць на гэты конт нешта вельмі важнае. У нарысе «Будзённы дзень з Максімам Танкам» ён, прыгадваючы сустрэчы студэнтаў у Брэсцкім педінстытуце з Уладзімірам Караткевічам, раманы якога вабяць студэнтаў «высакароднасцю герояў, адухоўленасцю адносін паміж імі», занатуе такую важную думку: «Гістарызм тут [у творах Караткевіча] — сродак узвышэння маральных праблем да маштабаў агульначалавечых».
Гістарычна абумоўленае, шляхамі творчага развіцця прадвызначанае — усё гэта ў складаных сваіх узаемаадносінах, узаемазалежнасцях умее асэнсаваць Калеснік. І мы разумеем маштаб, значэнне крытэрыяў, узятых на ўзбраенне пісьменнікам. Гэтыя крытэрыі абумовілі і ягоны ўдзел у кнізе «Я — з вогненнай вёскі...».
...«Ветразі Адысея. Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі», па сутнасці, тэарэтычна падвялі пэўны рахунак у разглядзе рамантычнай традыцыі ў беларускай, і ў прыватнасці ў заходнебеларускай, паэзіі, згрупавалі асобныя патрабаванні тэмы «заходнебеларуская літаратура і грамадскае жыццё», бо Уладзімір Жылка аказаўся мастаком сапраўды значным і прынцыпова важным для разумення ідэйна-эстэтычных праблем беларускай літаратуры 20-х гадоў. Рамантызм як традыцыя беларускай літаратуры ў сваю чаргу аказаўся праблемай, якая «здольна дапамагчы нам удакладніць ацэнку многіх фактаў літаратуры і лепш зразумець тыя катаклізмы, якія перажывала наша пісьменства на пераломе 20-х і 30-х гадоў і якія сёння ўсё цяжэй становіцца разумець шырокім чытачам, прывыклым дзейнічаць ва ўмовах больш высокай грамадскай і таварыскай культуры».
І заканамерным было пасля «Ветразяў Адысея» з'яўленне кнігі пра Максіма Танка. Таму што Максім Танк — і мастак такога маштабу, што здолеў «акумуліраваць і выказаць самыя вострыя і балючыя праблемы жыцця, матэрыялізаваць у слове дух часу». І сваёй творчасцю, сваім мастакоўскім шляхам рэальна выявіць лёс рамантычнай традыцыі ў беларускай літаратуры, сінтэзаваўшы «свядомае замацаванне рамантычных тэндэнцый з рэалізмам», «узбагаціўшы рацыянальную ідэю гуманістычнаю інтуіцыяй». І запрашаючы чытача ў падарожны па шляху выдатнага мастака, шляху, што ўвабраў гады «змагання, вогненныя і мірныя», «загадзя абяцаць не толькі хвалюючую эстэтычную прыгоду, але і далучэнне да грамадзянскай гордасці за свой народ, які ва ўмовах сацыяльнага і нацыянальнага ўціску, што панаваў у былой Заходняй Беларусі, здолеў вывесці на арбіту гістарычнага жыцця свайго песняра». У гэтым сцвярджэнні, давядзенні да гэтай лагічнай высновы — прынцып, грамадзянская і творчая праграма Калесніка.
Што будзе наступнай вехай гэтай праграмы — ведае тое сам ён, Уладзімір Калеснік. Мо знойдзе і асэнсуе так, як гэта ўмее ён, яшчэ нейкія аспекты развіцця заходнебеларускай літаратуры. Можа падасца ў гісторыю. Мо зоймецца сённяшнім днём літаратуры. Яго творчасць дае падставы для любога творчага павароту.
Скажам, гісторыка-літаратурны нарыс пра Бярэсце, сённяшні Брэст («Берасцейскае вогнішча») — і пра гісторыю горада, і пра сённяшнія яго справы, у першую чаргу літаратурныя. Тут ёсць літаратурныя партрэты легендарнага «інжынера барыкад» Піліпа Пестрака, пакуль што, мусіць, самы тэарэтычна выснаваны і аб'ектыўны нарыс пра такога своеасаблівага паэта, як Алесь Разанаў, заглыблены ў філасофска-эстэтычную важнасць яго творчасці, эсэ пра Ніну Мацяш, зроблены з адчуваннем спраўджаных і няспраўджаных магчымасцей партрэт Міхася Рудкоўскага, патрабавальнае і добразычлівае слова пра Берасцейскую сябрыну: Васіля Жуковіча, Івана Арабейку, Ніну Гарагляд, Ніну Загорскую, пра ўсіх гадаванцаў Брэстчыны ў сённяшняй нашай літаратуры.
Прагназіраванне — справа няўдзячная. Памыляюцца і метэаролагі, і спартыўныя аглядальнікі. А тут — творчасць. Справа таямнічая і тонкая. Лепш не гадаць. Чакаць новых кніг Уладзіміра Калесніка.
З кнігі: Ала Сямёнава «Слова сапраўднага лад» (1986)
Мікола Мішчанчук. Грані творчай індывідуальнасці Уладзіміра Калесніка
Час не шкадуе нікога. Нават самых светлых і шчырых. Самых таленавітых, якія яшчэ столькі маглі б зрабіць... Свой жорсткі прысуд вынес ён і Уладзіміру Андрэевічу Калесніку — выпускніку Мінскага педінстытута, што стаў самым шчырым і рупным берасцейцам, стварыў слаўную школу, адметны напрамак у літаратуразнаўстве і мастацтвазнаўстве і — больш таго — узняў літаратуразнаўства ў цэлым на значна большую вышыню, чым яно было да яго, асвяціў яго нязгасным святлом сваёй высокай духоўнасці, навучыў гаварыць даверліва, эмацыянальна, страсна.
Ёсць даследчыкі розныя: акадэмічна-заглыбленыя, што будуюць сістэму доказаў пры дапамозе цытатаў (прадстаўнікі ленінградскай школы ў навуцы пра літаратуру), выбудоўваюць адмысловыя (па-руску віціеватыя) сэнсавыя рады. Яшчэ аспірантам пераканаўся, як цяжка вылузваць ісціну з падобных працаў. Цаной найвялікшых намаганняў стараўся зразумець, што ж такое рамантызм з напісанага Віктарам Шклоўскім і Бухштабам, Майміным і Дняпровым. І ўрэшце дазнаўся пра ісціну з кнігі Гукоўскага «Пушкін і рускія рамантыкі» (дарэчы, рэпрэсаванага сталіністамі) і з доследаў Уладзіміра Калесніка пра заходнебеларускую літаратуру, пра сцягі і паходні як атрыбуты акрыленай, мэтаімкнёнай да будучыні паэзіі. Праз дзесяцігоддзі, значна пазней, у кнізе «Тварэнне легенды» зноў знаходжу такое лаканічнае і простае, такое па-філасофску заглыбленае тлумачэнне рамантызму не толькі як літаратурнага напрамку, а як эстэтычнай і грамадска-сацыяльнай з’явы. Дваццаць шостае, па яго ўласных падліках: «У сферы эстэтычнай рамантызм (...) збірае ў агульным ацэначным фокусе прыгожае і ўзнёслае, велічнае і трагічнае (...). Сутыкненні светапоглядных і эстэтычных крайнасцей надаюць выключную кантрастнасць рамантычнаму бачанню і ацэнкам жыцця (...). Рамантычная сістэма эстэтычных каштоўнасцей складваецца і дзейнічае з устаноўкай на выключнае, гістарычную незвычайнасць, пераломнасць жыццёвага працэсу (...). Напружанасць дыктуе падвышэнне рэгістра ацэнак, вылучае на пярэдні план катэгорыю героіка-рамантычнага і адхіляе разуменне хараства як чагосьці гарманічнага, мернага, «нармальнага». Жыццё ацэньваецца ў рамантычным мастацтве, напэўна, звужана, але затое па вышэйшым рахунку. Чалавек звычайна выступае тут як таямнічы творчы суб’ект, носьбіт ідэі і змагар ці пакутнік за ідэю. (...) У рамантычнай свядомасці пераважаюць крытычныя тэндэнцыі, там бурліць страсць адмаўлення, якая можа выступаць нават у песнях, гімнах і одах». Даруйце за доўгую цытату. Але ў ёй — нельга выкінуць ні слова. Яна — само выяўленне асобы даследчыка-эрудыта, энцыклапедыста, навукоўца, мастака, публіцыста, палеміста. Усё сышлося ў адной кропцы — жаданне пераканаць нас, чытачоў, што рамантызм — гэта значна большае, чым нешта загадкавае, таямнічае, незвычайнае, чым простае незадавальненне абставінамі. Цытату можна раскласці на дзесяць, пятнаццаць драбнейшых, з якіх вынікае, што даследчык ішоў да прызнання ісціны праз доўгі і настойлівы пошук, праз выключнае, эмацыянальнае, страснае захапленне. І пасля поўнага асэнсавання галоўнай сутнасці прыйшоў да СВАІХ, ПЕРАКАНАЛЬНЫХ вывадаў, а не далучыўся да нейкай іншай думкі. Тое ж самае і гэтак жа сама страсна і доказна пісаў пра рамантызм Гукоўскі ў далёкім Саратаве, успрымаючы сэрцам і розумам творчасць Пушкіна і рускіх рамантыкаў. І ў яго думка не абцяжарвалася задоўгім акадэмічным цытаваннем, падавалася адкрыта, расшыфравана, як на далоні. Так, што нават слаба дасведчаны ў праблеме чытач мусіў яе зразумець.
Уладзімір Андрэевіч Калеснік — не вучоны «кабінетнага», чыста «бібліятэчнага» тыпу, а вучоны, творчасць якога ўключае ў сябе састаўной часткай акадэмічную доказнасць і — часта — бясстрасную аб’ектыўнасць. Гэтая рыса яго спадчыны раствараецца ў іншых — уменні папулярна і даступна данесці глыбокую ісціну да чытача, запаліць і запаліцца, павесці за сабой, няўрымслівым, непакойлівым, адкрытым — іншых. Такіх, як ён, «палымяна-эмацыянальных» даследчыкаў літаратуры ў нас няшмат. Калі справа датычылася праўды, справядлівасці, правільнасці, як ён іх разумеў, ён безаглядна кідаўся ў спрэчку-бойку, не зважаў на імёны і аўтарытэты. Яго думка высока цанілася ў Мінску і за межамі Беларусі. Да яго голасу мы прыслухоўваліся. Яго ацэнак часам баяліся. У той час, як многія верылі ў застойныя гады ў НТР і яе дасягненні, ён пісаў пра страту крытэрыю чалавечнасці ў эпоху навуковых адкрыццяў. Паважаючы і высока ацэньваючы грамадзянскую лірыку, ён настойліва вылучаў на першы план у творчасці Танка фактар агульначалавечнасці, клапаціўся, каб чытач зразумеў філасофскую значнасць і глыбіню творчых набыткаў аднаго з выдатнейшых паэтаў ХХ стагоддзя: «Дзяліць паэзію М. Танка на тэмы і праблемы практычна немажліва, бо ў аснове яе пафасу — прызнанне дзіўнай узаемазвязанасці рознага і непадобнага, пазнаваемага і пазнаючага, з’явы і сутнасці, прадмета і вобраза, рэальнасці і фантазіі». Як проста і як шматзначна сказана! Як трапна вызначана філасафічнасць паэзіі Танка як вынік узаемапранікнення ў ёй розных жыццёвых і часавых вымярэнняў, прычынаў і вынікаў, традыцый і наватарства. І сказана, запомнім гэта, — хутчэй за ўсё ў канцы 70-х, тых самых застойных гадоў, калі беларуская паэзія думкі не сталася фактам канчатковага прызнання літаратуразнаўцамі.
Як даследчык літаратуры Уладзімір Андрэевіч Калеснік выявіў шматграннасць сваіх інтарэсаў, свой неўтаймоўны характар у сферы не паўтарэння пройдзенага, а адкрыцця новага. Менавіта ён дабіўся прызнання састаўной часткай літаратурнага працэсу Беларусі ХХ стагоддзя заходнебеларускай літаратуры. Гэта з яго боку быў сапраўдны подзвіг, бо і фактаў трэба было прытрымлівацца, і прааналізаваць незлічоную колькасць твораў, і ўстанавіць адметнасць мастацкага слова ў другой частцы Беларусі, і дагадзіць неўтаймоўным ахоўнікам класавай чысціні прыгожага пісьменства. Менавіта ён, падобна Дзмітрыю Ліхачову ў рускай літаратуры, устанавіў заканамернасці старажытнай літаратуры, яе залежнасць ад этыкету і менталітэту нацыі, перакінуў масток ад яе да сучаснасці. Да гэтага часу непераўзыйдзенымі засталіся яго раздзелы падручнікаў, акадэмічнай гісторыі літаратуры — па глыбіні інтэрпрэтацыі матэрыялу, даступнасці яго выкладання, пастаноўцы новых задач даследавання.
Уладзімір Андрэевіч прадбачыў страты нашага літаратуразнаўства, якое паддалося спакусе ідэйна-тэматычнага вывучэння літаратуры, агульнафіласофскай ацэнцы яе, і смела рушыў па цаліне, даследуючы паэтыку, спецыфіку мастацкай вобразнасці, расчытваючы слоўную повязь і спалучэнне фарбаў, выражаных словамі, гукаў, што ў слове і за словам. У незвычайна таленавітай сваёй кніжцы «Максім Танк. Нарыс жыцця і творчасці», а затым у кнізе «Тварэнне легенды» ён бліскуча (не прааналізаваў, не!) прапусціў праз сэрца, перачытаў, пераасэнсаваў і Танкавы, і Купалавы, і Жылкавы шэдэўры. Ён убачыў іх, як дзіця бачыць свет, ён пачуў іх музыку. Як далёка нам яшчэ і сёння да такога майстэрскага карыстання дасягненнямі герменэўтыкі, да такога таленавітага і шматграннага ўспрымання літаратуры: «Паказальны сваёй складанасцю прыклад малявання словам, яго спецыфічнага адрознення ад сапраўднага жывапісу ці скульптуры дае нам паэт у вершы «Метамарфоза агню». Тут пластычныя вобразы (аб’ёмы) схоплены ў руху, у зменлівым рытме пераўтварэнняў. Рухлівыя языкі агню не маюць у М. Танка ні колеру, ні гучання, ні нават рытмікі — тут свабодны, прывідлівы рух пластычных аб’ёмаў. Так выяўляць стыхію агню не зможа ні жывапіс, ні скульптура, ні музыка, ні танец. Пластыку руху можа перадаць кінематограф, але і ён схопіць стыхію з нейкага аднаго пункту ў кожны канкрэтны момант, а слова-думка паэта можа спасцігаць працэс адначасова ў розных вымярэннях прастору і часу, можа заглядаць у яго нутро». Дай нам Бог так пісаць, як пісаў наш старэйшы настаўнік! Дай Бог часцінку таго праметэевага агню, які нёс ён людзям у сваіх грудзях, у сваім гарачым сэрцы!
«Большое видится на расстоянии...» А можа, «здалёк і зблізку»? Зблізку ён нам бачыцца недасяжнай постаццю, што вяла сумоўе не толькі з намі, зямнымі людзьмі, а і з зоркамі. Зблізку мы, маладзейшыя, хацелі быць да яго падобныя. Хацелі. Ды аднаго жадання мала — як ні стараліся, але наблізіцца да яго, а тым больш зблізіцца з ім не маглі. А ён рупіўся пра нас, маладых. Пра мяне, зялёнага выкладчыка МДПІ імя Горкага, што прыехаў знаёміцца з вопытам працы кафедры. Не пашкадаваў часу, запрасіў дадому, адвёз у гасцінічны пакой у інтэрнаце. Мне было так няёмка, так непакойліва каля яго — ужо вядомага, ужо зоркі. Праз гады пранясу і сустрэчы з ім на Рэспубліканскім семінары, калі ён — сам! (без нічыёй дапамогі) — вазіў нас і ў школы Брэста, і ў Крэпасць, быў нашым гідам, дарадчыкам, кансультантам... У Яўгенія Ільіна — настаўніка-наватара — прачытаў, а затым і пачуў з яго вуснаў, што ён вучыць дзяцей пазнаваць не літаратуру, а чалавека ў ёй. Погляд У.А. Калесніка на мастацтва слова такі самы — ён яго ачалавечвае сваёй асобай, сваімі думкамі і сардэчнымі памкненнямі і раскрывае яго чытачам у чалавечым абліччы.
«Большое видится на расстоянии...» І з адлегласці часу не перастане здзіўляць нас грандыёзнасць, велічнасць зробленага нашым Настаўнікам, перспектыўнасць таго напрамку, што дзякуючы яму склаўся ў літаратуразнаўстве і які ўмоўна можна назваць «сінтэтычным» (сінонімы — маштабным, шматгранным, акадэмічным і навукова-папулярным, навукова-педагагічным) у адначассе.
Гэта няпраўда,
Што зоркі згасаюць –
То толькі каметы спыняюць свой шлях.
Зорка яго
Небасхіл асвятляе
І адбіваецца ў светлых вачах.
Васіль Жуковіч. І абаронца й творца хараства
Талент меў ён шматгранны. Некалькі фактаў. Ва ўнікальнай кнізе «Я з вогненнай вёскі...» усе фотаздымкі зроблены ім, Уладзімірам Калеснікам. Яшчэ засталіся цэлыя залежы мастацкіх фатаграфій. Добра валодаў майстра слова і скульптарскім разцом ды мастакоўскім пэндзлем. Люба глядзець і лёгка заглядзецца, напрыклад, на скульптурны партрэт Скарыны, выразаны з дрэва. Такі каларытны вобраз — вынік майстэрства і фантазіі натхнёнага мастака. Што да ягоных карцін, то яны асветлены пяшчотнай любоўю да роднай прыроды, яе маляўнічых куточкаў, якія знаходзіў чуйным сэрцам, відушчай душою. Маляваць любіў змалку. Цікавіўся мастацтвам. Многа чытаў пра жывапіс, самастойна авалодаў тэхнікай акварэльнага малявання і разьбой па дрэве. Так што (асабліва пры адпаведнай адукацыі) ён мог стаць знакамітым мастаком ці скульптарам. Але ў Мінску пад час вучобы ў педінстытуце пераключыўся на літаратуру: Янка Брыль звёў з пісьменнікамі.
Пачаў літаратурную дзейнасць Уладзімір Калеснік пазнавата. Першую кнігу выдаў у 37 гадоў. Затое інтэлектуальная база ў яго была ўжо грунтоўная: аспірантура, інстытуцкая практыка, яе вялікасць НАЧЫТАНАСЦЬ. Без такога багажу нельга толкам арыентавацца ў акіяне літаратуры, прафесійна аналізаваць набыткі і хібы літаратурнага працэсу, спасцігаць загадкі таленту, творчую сутнасць таго ці іншага мастака слова. Напачатку 60-х я, студэнт, запрошаны куратарам у госці, быў прыемна ўражаны, здзіўлены: убачыў у кватэры на ўсю сцяну стэлажы з сусветнай класікай і філасофскай літаратурай, мноствам часопісаў; стаялі там выданні на роднай, польскай, рускай, украінскай мовах. Дарэчы, праз польскую мову і польскія крыніцы ён меў доступ да сусветных навінак, бо Польшча з’яўлялася іх прапагандыстам і перадатчыкам на славянскі кантынент сур’ёзных ведаў. Веды і валявы характар, імкненне дакапацца да ісціны-праўды адорвалі выдатнымі поспехамі. Яго творчасць клікала чытачоў і кліча сёння ў вабны свет мудрасці і хараства прадвесніка беларускага рэнесансу Францішка Скарыны і аўтара найвыдатнейшага твора рэнесансавай паэзіі на Беларусі — «Песні пра зубра» — Міколы Гусоўскага, у свет чараўніка, «мудрага непісьменнага пісьменніка» — казачніка Рэдкага і паэта-змагара, «духоўнага важака народа, вартавога спадчыны» — Янкі Купалы, чыя паэзія напоўнена духам Адраджэння, у свет надзіва багатай, іскрыстай і ўдумлівай, часам шчымлівай, але заўсёды жыццядайнай прозы Янкі Брыля, у свет паэзіі вольналюбівага Уладзіміра Караткевіча, ворага ўсякай артадоксіі, усякай руціны, змагара супраць стандартызацыі духоўнага жыцця, у свет цудоўнай, размаітай паэзіі Ніны Мацяш, Міхася Рудкоўскага, Алеся Каско...
Змагаўся ён за Чалавека ў чалавеку ў сцюжы і маразы, адлігі і слоту, у гады перагібаў, вакханаліі і хаосу. Праз ліхалецце класавай барацьбы, драму сялянства і трагедыю інтэлігенцыі, праз пекла вялікай айчыннай бяды, страшны разбуральны час дэнацыяналізацыі, нядрэмнай ідэалагічнай пільнасці пранёс Уладзімір Калеснік сваю ўражлівую і гарманічную душу. Валодаў ён рэдкасным дарам, здольнасцю аднолькава цікава і маштабна напісаць пра творчасць і самога творцу; у яго кнігах, прадмовах да кніг, у літаратурных партрэтах, эцюдах, эсэ, нарысах, створаных вялікім сэрцам і глыбокім розумам, мы знаходзім нямала ўзораў менавіта такой сінхроннасці, двуадзінства творчасці і творцы, калі гаворка ідзе, напрыклад, пра Уладзіміра Жылку, Янку Брыля, Фёдара Янкоўскага, Уладзіміра Караткевіча, Ніну Мацяш. Дапытліваму чытачу ён няўтомна паказваў неардынарныя, змястоўныя постаці творцаў на фоне народнага жыцця, грамадскіх падзей, гісторыі, на фоне айчыннай культуры, літаратурнага творчага працэсу краіны і ўсяго свету.
Так, на шырокім гістарычным фоне эпохі Рэнесансу паказана постаць паэта-лацініста Міколы Гусоўскага і яго неўміручая «Песня пра зубра», дадзена кампетэнтная ацэнка слову аўтара, звернутага да амбітнай каралевы Боны, якой ён не пабаяўся даваць парады, паставіўшы мастакоў, творцаў ідэй, над воінамі і каралямі.
Ідэалагічныя пастухі кантралявалі яго творы на дарозе да чытача, помсцілі за пошукі праўды. Ды і ў тых умовах яму ўдавалася ахоўваць беларускае паэтычнае слова ад наскокаў вульгарных тэарэтыкаў, абараняць праўду-красу роднай літаратуры. Хоць яшчэ змоладу даводзілася спальваць нервы, бо за адну толькі спасылку на Ластоўскага яго ледзь не выключылі былі з аспірантуры.
Першая кніга Уладзіміра Калесніка — «Паэзія змагання» (1959), пра раннюю творчасць Максіма Танка. Яна прасякнута клопатам пра высокі эстэтычны ўзровень мастацкага слова. Прыемна ўражвае кампетэнтнасць Калесніка-даследчыка, трапнасць і фундаментальнасць яго крытычных характарыстык ды яго грамадзянская смеласць. Ён варты пашаны хоць бы за наватарскі разгляд паэмы «Кастусь Каліноўскі», за глыбокую і смелую трактоўку вобраза нацыянальнага героя, «мужнага аўтара лістоў з-пад шыбеніцы» , арганізатара і аўтара «Мужыцкай праўды». У параўнанні з Вялем, стыхійным важаком, Каліноўскі — «ідэйны кіраўнік мас». «Трагічны быў гераізм Каліноўскага і яго таварышаў, — заўважае У.Калеснік, — але яны перамаглі ворагаў маральна». І вось квінтэсенцыя ягонай крытыкі танкаўскай паэмы: «Пазнаваўчая вартасць і мастацкая пераканаўчасць вобраза Каліноўскага была б яшчэ большай, каб паэт не абмінаў нацыянальнага пачатку ў яго поглядах і знайшоў гістарычна канкрэтныя прапорцыі сацыяльнага і нацыянальнага, характэрныя для ідэалогіі паўстання 1863 года».
Уладзімір Калеснік увогуле далёкі ад кампліментарнай крытыкі. Дзякуючы грунтоўнай яго манаграфіі зацікаўлены чытач можа пераканацца, што Максім Танк, «паэт вялікай культуры», «ваяўнічы рэаліст», як яго называе аўтар «Паэзіі змагання», адольваў сур’ёзныя хваробы творчага росту, шлях яго індывідуальнасці пралягаў праз такія небяспечныя перашкоды, як падатлівасць на ўплывы, фармальныя пошукі, рамантычную рыторыку. Шматлікія крытычныя заўвагі на адрас маладога паэта праўдзівыя, доказныя, бо грунтуюцца на канкрэтных прыкладах танкаўскіх вершаў і іх ацэнцы паводле высокага эстэтычнага крытэрыю.
Уладзімір Калеснік з кожнай новай кнігай рос як майстра слова. Вышэй і больш разняволена сягала думка, больш вобразнаю і паўнакроўнаю рабілася мова, класічным стыль, пра што гавораць кнігі «Тварэнне легенды» (1987) і «Усё чалавечае» (1993), апошняе прыжыццёвае выданне.
Ужо ў цяжкім стане здароўя апантаны творца завяршаў кнігу ўспамінаў «Доўг памяці», якую сам ён назваў шчырай, сумнай і балючай аповесцю. Так, гэтая проза, па-першае, не проста шчырая, а гранічна шчырая, яна — спавядальная. Па-другое, такое ж дакладнае тут вобразнае азначэнне — балючая, я сказаў бы, шчымлівая. Толькі сумнай назваць яе не магу, бо яна яскравая, жывая, у многіх эпізодах дасціпная. Гэтая аповесць мудрая. Нездарма «Доўг памяці» знаны Янка Брыль у сваёй прадмове назваў таленавіта-змястоўнай кнігай-помнікам.
Вядома, тут не месца для рэцэнзіі. Але словы захаплення самі просяцца на паперу, бо аўтар вядзе свой расповед з бязмежнай любоўю да жыцця, да праўды, да прыроды, да хараства, і памяць яго на здзіўленне чэпкая і светлая. «Нашу вёску Сіняўскую Слабаду ўтварылі, як гаварыла паданне, выселеныя князем Радзівілам буяныя, непакорныя мужыкі, на якіх не было ніякай управы» — такі пачатак аповесці. Адзін сказ, а як інтрыгуе! І ўжо адарвацца ад яе немагчыма. Сярод мноства створаных вобразаў родзічаў, вяскоўцаў, сяброў, настаўнікаў, партызан асабліва вылучаецца самавіты, гаспадарлівы і майстравіты, а яшчэ й востры на язык бацька, патомны нёманскі плытагон. Ён выкапаў ля самай хаты свой калодзеж, для маці сам зрабіў кросны, церніцу, прасніцу, сабе — сані, барану, іншыя прылады, аднойчы нават калёсы. І вось — жывы малюнак.«Калі бацька майстраваў, усе сямейнікі павінны былі стаяць напагатове: меншы брат Жэня трымаў лучыну, слухаў каманду куды свяціць, я падаваў у бацькаву ляўшу то цвік, то малаток, то долата, то сякеру, як хірургічная сястра». Які цуд! І далей: «Наш спартыўны азарт заключаўся ў тым, каб зарабіць як мага менш мянушак». І зноўку — моўная смаката!
Такі ж таленавіты быў вясковы сусед Ладымер Пазняк, які «змайстраваў сабе скрыпку адным нажом». То ж не дзіва, што й падлетак Валодзя ад бацькі і суседа «пераняў спрыт да майстравання», рабіў сабе канькі, лыжы, санкі, пеналы, а яшчэ і скрыпку.
У кнізе багата адметных эпізодаў маленства ў цудоўным Наднямонні — з гульнямі, свавольствам, з першымі страхамі, з павер’ямі, забабонамі старэйшых, з матулінымі казкамі і яе малітвамі, якія хлопчыку здаваліся «калекамі» (былі незразумелыя на стараславянскай мове), з ідэальным ласункам — мёдам дзікіх пчолаў, з сестрыною (старэйшай сястры Марусі) забаўлянкаю:
Кую, кую пятку
Мы паедзем к татку.
А ў нашага татка
Новая хатка,
І садок, і мядок,
І цыбулькі градка.
Маленства — гэта і захапленне маляваннем ды паэтычным словам Якуба Коласа, гэта і цэлы свет гульняў, забаў і свет абавязкаў. Цяплеюць вочы ад усмешкі, калі ў яркім дыване аповеду сустрэнеш празрыстыя нітачкі-радкі такога кшталту: «…Маёй зморай былі гусі… Пасвіць гусей мне не хацелася: вельмі ўжо непрэстыжная жыўнасць».
А якое маленства абыходзіцца без хлапчуковых прыгодаў? Вось і тут ці мала іх было! Рукі дабіраліся да патронаў, пасеяных «мікалаеўскай» вайной. Дзеці здабывалі порах, ссыпалі ў кучку і падпальвалі, «дзівячыся на феерверк», часам «кідалі абоймы проста ў агонь…». Як на споведзі перад святаром, у «Доўгу памяці» адбываюцца прызнанні ва ўсіх грахах. Аднаго разу Валодзька навёў сябрукоў на зялёны, смачны гарох, які дарэшты быў златошаны. А на Марусіным вяселлі ён, калі «поезд» паехаў у царкву ў Ярэмічы, а маці на кухні шыкавала з жанчынамі стравы,«ціхачом пазваў сябрукоў у святліцу і добра падпаіў іх гарэлкай, што засталася на сталах ад ранішняга стрыманага прысяду вясельнай дружыны. Маці проста аслупянела, убачыўшы застолле падшыванцаў…» Уражлівая, эмацыйная, яна ўшчувала: «Ну вот, як ікону за сястрою ў царкву павезці, то цябе не ўпросіш, саромеецца ён, бачыце, малы. А як да гарэлкі дарвацца, то не малы, каб ты напіўся смалы! Даруй, Божа, — грэх гэто ж на сваё дзіцятко гаварыць так…».
«Да гарэлкі, — прызнаецца герой аповесці, — я больш не дакрануўся… Не ўжываў я хмяльнога ажно да цяжкіх партызанскіх стрэсаў…»
Працэс навучання і выхавання ў пачатковай школе ў Ярэмічах аздабляў прапаведнік «Закону Божага», арыгінальны і дабрадушны святар Віталій, чый вобраз добра запамінаецца. Западае ў душу настаўніца гімназіі пані Марыя, што чытала ў класе творы беларускіх класікаў. Там, у Наваградскай польскай гімназіі, хлопчык з Сіняўскае Слабады станавіўся свядомым беларускім юнаком, акрылены марай настаўнічаць. Новай прыступкаю ведаў сталася беларускае педвучылішча ў Наваградку. Ды радасць мірнага жыцця, вучобы, сяброўства абарвалася вайною. Пачалася арганізацыя падполля, а там і партызанскае змаганне з ворагам. Юны інтэлігент прайшоў суровую школу кулямётчыка, мінёра-падрыўніка, камандзіра ўзвода і начальніка штаба атрада, зведаў жахі блакады і страты баявых сяброў. Быў двойчы паранены.
Аповесць цікавая і моцная не фабулай (строгае фабулы тут якраз і няма) — яна ўзрушае глыбокімі пачуццямі і думкамі аўтара, багатая развагамі (часта філасофскага характару) пра жыццё і смерць, пра сусвет і рэлігію, пра чалавечую годнасць, пра кнігі, карціны, пра каханне, пра хараство.
Абсалютная большасць старонак кнігі прысвечана партызанскай вайне, расповеду пра ўдзел у ёй маладых патрыётаў, іх мужнасць і самаахвярнасць. Па-быкаўску смелы Мастак не заплюшчваў вачэй і перад нізкім, амаральным, агідным. Ён піша пра «рэжымных зноскаў»: «…такіх субстанцый, як годнасць, у іх, бадай што, і не было». Галоўны герой паўстае супраць групы дэсантнікаў, якія разлагаліся маральна і былі на грані злачынства, адкрыта выступае з суровай крытыкай подлага кар’ерыста камбрыга Ключко. Словам, моцная і глыбокая асоба не магла мірыцца з учынкамі падонкаў, яна бунтавала. Але адораная душа і тут, у хвіліны часовага зацішша, не магла не думаць пра хараство, не захапляцца ім. Услухаемся ў такую рэдкасную мелодыю: «Не траплялася мне чытаць пра паэзію ціхай язды ў зімовую ноч, калі здаецца, што не сані едуць па аснежанай зямлі, а конь цягне чарадзейны смык па струнах вялізнай скрыпкі, выводзіць смутныя гукі, і табе чуюцца жураўліныя выраі ў небе пад зорамі…».
Як бы па спіралі ідзе, развіваецца думка пра цуд прыроды: «Палюбілася, бясконца палюбілася хараство ранішніх і вячэрніх зораў. Хацелася запомніць дзіўныя рамантычна-таямнічыя карціны Наднямоння»; «Любаванне хараством, здольнасць адчуваць, выпрацаваную даўно, яшчэ ў гімназіі, браць асалоду ад жывых колераў, нюансаў, адценняў і ад жывых пейзажаў, хараства травы, кветак, люстраных азёр, бруістых водаў Нёмана — усё гэта ў партызанах успрымалася як адпушчэнне віны…»; «Адкуль бярэцца ў прыродзе, у гэтым ціхім пейзажы такая магічная сіла?»; «Я любаваўся няўлоўнымі пераходамі колераў на небе і на зямлі, сачыў за містэрыяй усходу, хацелася запамятаць самы дзівосны момант, калі белы, як малако, туман румяніцца, ружавее, наліваецца святлом і колерам, становіцца паўпразрыстым і пачынае прыадкрываць таямнічыя сілуэты дрэў… Сціплыя прастакаватыя вольхі цяпер стаялі, як прынцэсы, прыбраныя на вяселле…»; «…недзе ў глыбінях душы зараджаўся шчымлівы страх, боль і горыч, што ўсё гэта пройдзе, і нельга, не ўдасца схапіць яго і запамятаць да драбніц. Імгненні хараства няўлоўныя, недасяжныя, хімерныя, як хвалі — набягаюць і прабягаюць…»; «Дзіўнае спалучэнне чырвані, золата і густой цёмнай зеляніны, што пераходзіла ў фіялет, было такім несамавіта прыгожым, што хацелася выкрыкам спыніць яго рух, пакінуць, каб наглядзецца, насаладзіць душу і быць гатовым памерці».
Цяпер зразумела, чаму пры ўсёй перагружанасці педагагічнай, навуковай і літаратурнай творчасцю Уладзімір Калеснік не мог абысціся без мастакоўскага пэндзля, разца і фотаапарата.
Кнігу «Доўг памяці», як сведчыць надпіс на тытульнай старонцы, аўтар прысвяціў Зіне Маслоўскай. Хто яна? Адным словам не адкажаш. Зіна Маслоўская — яго ні з чым не параўнанае Сяброўства, бо яно перарасло ў светлае і чыстае, святое пачуццё, яго Каханне. Яна ж — і горкая, пякучая страта, сардэчны боль, драма юнацтва і ўсяго жыцця: Зіна загінула, трапіўшы ў рукі ворагаў. Натуральна, самыя трапяткія і спавядальна-пранікнёныя старонкі аповесці — пра яе, не выключэнне — і дзве апошнія. «Усе амаль пяцьдзесят гадоў, што прайшлі ад майго знаёмства з Зінай Маслоўскай, — не ўтойвае аўтар, — былі пазначаны яе прысутнасцю… Зіна часта была маральным вартаўніком маіх паводзін, без якога я не здолеў бы так многа працаваць, не адчуваў бы сябе чалавекам, якому трэба многа, многа пазнаць, каб унесці хоць крупінку ў сусветную дзею. І калі тое, што я напісаў, здолее выклікаць у чытача адчуванне горкай яснасці, абудзіць захопленасць Зінай, яе духоўным хараством, для мяне гэта будзе знакам адпушчэння».
І яшчэ просяцца да чытача радкі з эпілогу:«Не ведаю, ці можна жыць за сябе і за тых, хто загінуў. Толькі ясна, што без іх мы, ацалелыя, жывём і павінны жыць інакш, чым жылі б з імі, — не так вольна, не так бяспечна і самаўпэўнена. Мы жывём пад двайным позіркам уласнага і іхняга сумлення, жывём з адчуваннем доўгу, якога не ў сілах, не ў стане да смерці сплаціць, бо доўг гэты — іх жыццё. Нават самым узорным уласным жыццём іхніх жыццяў на гэтым свеце не заменіш. Не ўквеціш гэтага свету так, як бы ўквецілі і ўзбагацілі яны.
Цяпер я ведаю, чаму ў сваіх снах працягваю здаваць экзамен свайму незабыўнаму Настаўніку. Яго духоўная вышыня і маральная чысціня застаюцца ці не асноўным арыенцірам. Прынамсі часта адчуваю позірк Яго сумлення.
«Ён разумеў, што духоўнае багацце грамадства складаецца з багатых духам натур, постацяў», — сказаў Уладзімір Калеснік пра Алеся Разанава ў артыкуле «Страла і мэта». Праціўнікам «забарон і ўказальных знакаў на шляху творчага духу» назваў Уладзіміра Караткевіча ў рэцэнзіі «Кантэкст несмяротнасці». А рэцэнзуючы зборнік паэзіі У. Караткевіча «Быў. Ёсць. Буду», заўважыў: «Ажывае са старонак спантанна шчыры, любячы і гняўлівы, узрушаны і расчулены, пахмурны і насмешлівы Валодзя Караткевіч».
У такіх выказваннях і азначэннях мне бачыцца найперш ён сам, ягоная сутнасць; да іх я дадаў бы яшчэ некалькі палярных рыс: сакрушальна-рэзкі і лагодны, экспрэсіўны і разважлівы, натхнёны і роспачна-прыгнечаны; ды нішто Уладзіміру Андрэевічу не замінала заставацца чулым, справядлівым, самаахвярным.
Памятаю, калі я, студэнт, трапіў у Берасці ў больніцу, ён даў грошай майму аднакурсніку Сяргею Сайко, каб меў з чым праведаць мяне. Успамін пра гэта адразу нагадвае і такі эпізод: у 1990 годзе ў Мінску я выпадкова сустрэў Уладзіміра Андрэевіча, ён выходзіў з будынку архіва. Калі даведаўся з гутаркі, што я наважыўся праведаць Міхася Рудкоўскага ў Навінках, дзе хворы паэт ляжаў пасля цяжкай аперацыі, дастаў з бумажніка і, як я ні адмаўляўся ўзяць, даў 25 рублёў, якіх хапала не толькі на чорную ікру, а й на іншыя далікатэсы і прысмакі.
Да месца тут сказаць, што неад’емнай якасцю яго шырокай душы была гасціннасць. Людна было на яго юбілеях. Сяброў, настаўнікаў, літаратараў нярэдка запрашаў дадому. Цяжка згадаць якую-небудзь прыкметную вечарынку, якая не завяршалася б вячэрай у кватэры Калеснікаў. Усе кухонныя клопаты клаліся пераважна на плечы сардэчнай і цярплівай Зосі Міхайлаўны, яго паплечніцы-спадарожніцы. Наглядзелася яна за дзясяткі гадоў і на мясцовых і на заезджых песняроў, нападавалася на стол... І вось ужо колькі гадоў як аўдавела. Засталася адна. Не, не адна — з яго спадчынай. Кнігі, карціны, фотоздымкі, драўляныя скульптуры зберагае. Рукапісам старалася даць ход. У перыёдыцы сёе-тое друкавалася. А вось падрыхтаваны трохтомнік залёг у выдавецтве. Планаваўся, згодна з Пастановай Савета Міністраў. Пасля збіраліся выдаць том выбраных твораў. Але глуха...
Зося Міхайлаўна днюе ў Навукова-асветным цэнтры імя У.А.Калесніка, створаным у Брэсцкім дзяржаўным універсітэце. Цішыню яе гарадской кватэры парушаюць часцей за ўсё маладзейшыя педагагіні — Марыя Новік і Святлана Варонік, у вольны ад працы і сваіх клопатоў час яны прыходзяць сюды пагаманіць. Заходзяць таксама даўнія сябры — паэт Кастусь Жмінько і яго жонка Галіна Аляксандраўна, медычка. З Белаазёрску падасць голас Ніна Мацяш. Парадуе лістом ці званком тэлефонным І.А. Брыль.
Чым больш гадоў няма з намі У.А. Калесніка, тым больш пераконваешся, як былі б дарэчы сёння ягоныя грамадзянская смеласць, прафесарская мудрасць, пісьменніцка-даследчыцкая актыўнасць і кампетэнтнасць, шчырасць і шчодрасць таленту. Зрэшты, чаму былі б, калі засталася яго літаратурная спадчына, а ў ёй — жывая душа творцы, дзейсная энергія праўды, дабра, гармоніі.
Наталля Давыдзенка. Агонь незалежнай думкі
У 1980 годзе я перайшла працаваць малодшым рэдактарам у рэдакцыю крытыкі і літаратуразнаўства (выдавецтва «Мастацкая літаратура») да незабыўнай Веры Сямёнаўны Палтаран. Там і пабачыла Уладзіміра Андрэевіча Калесніка, якога яна ведала ўжо гадоў, можа, трыццаць, паважала і любіла і часам прыпамінала аб ім з хітрынкай вясёлае, а то скупа — трагічнае.
Маё ж асабістае знаёмства з паважаным Прафесарам пачалося з вялікай памылкі. (Не ведаю, у якім годзе Уладзімір Андрэевіч атрымаў прафесарскае званне, але мы ўвесь час паміж сабой ушаноўвалі яго менавіта гэтак). Алесь Разанаў, яго ўдзячны вучань, якраз падрыхтаваў рукапіс кнігі прафесара «Лёсам пазнанае» да друку і ўручыў мне, для падліку памеру. Век камп’ютараў быў яшчэ за гарамі, і аб’ёмы мы лічылі — радок за радком — уручную, запісвалі лічбы ў слупок, а потым шчоўкалі на бухгалтарскіх вялікіх драўляных лічыльніках (цяпер нават мне не верыцца!).
Я была яшчэ неабстраляным малодшым, таму старалася асабліва, і налічыла 20 аркушаў. Алесь усумніўся, бо на вока бачыў перабор тэкстаў і рыхтаваўся нешта скарачаць, загадзя хвалюючыся, як гэта ўспрыме настаўнік. З планавымі аб’ёмамі было вельмі строга, і перавышэнне нават на паўаркуша дорага каштавала б і рэдактару, і рэдакцыі, і выдавецтву.
Я зноў засяроджана ўнурылася ў падлікі, але, відаць, у падсвядомасці нешта заклініла на той жа самай памылцы, і я зноў выдала лічбу 20 і супакоілася. Алесь паціснуў плячыма, і рукапіс пайшоў у вытворчасць. Кніга выйшла на 25 аркушаў. Па ўсіх мерках гэта было «жахліва». Камітэт па друку гатоў быў абрынуць кары нябесныя на выдавецтва, не кажучы ўжо пра маю бедную галаву, але… светлай памяці наш любімы дырэктар Міхал Фёдаравіч Дубянецкі нават і мушцы не даў апусціцца на маю і нашы рэдакцыйныя галовы! А я настолькі была шчаслівая працаваць сярод такіх цікавых людзей, што абсалютна па-дурному не разумела, якіх грому і маланак пазбегла і чаму навокал столькі людзей паціскаюць плячыма, хітра жмурацца і пасмейваюцца ў кулак, радуючыся пры гэтым за добрага аўтара. (У Камітэце нават западозрылі ледзь не свядомую «дыверсію»).
Праз некаторы час Уладзімір Андрэевіч наведаў рэдакцыю. І падышоў да мяне, каб «паглядзець на тую дзяўчынку, якая зрабіла мне такі цудоўны падарунак!» Мы заўсміхаліся адзін аднаму. І з таго часу ён быў заўсёды шчодры да мяне на прыхільныя ўсмешкі і позіркі. А вочы ў прафесара былі асаблівыя: чорныя, выразныя, праніклівыя, полымныя. І вельмі багаты на адценні высокі голас — лагодны, з хітрынкай, з’едлівы, а то і здзеклівы часам. Уяўляла сабе, як цікава было б слухаць яго лекцыі! Бо хутка зразумела, што ён, несумненна, меў вочы і душу мастака, і мастака асаблівага — які ўмеў і прамаўляць.
Магчыма, у наступны свой прыезд, ужо перагаварыўшы з Верай Сямёнаўнай усе брэсцкія і мінскія навіны і развітваючыся, Уладзімір Андрэевіч раптам звярнуўся да мяне: «Наталька, а дзе ў вас тут цукеркі прадаюць?» — «А ў „Рамонку“, побач». — «Дык хадзем са мной, даражэнькая, дапаможаш выбраць». Мы прыйшлі ў «Рамонак» і сур’ёзна ўтаропіліся ў россыпы цукерак за плячыма магазіншчыцы. Прафесар быццам вагаўся.
— А ты якія любіш? — спытаў у мяне, быццам раіўся.
— Я? Ну, «Цытрон», яны кісленькія.
— Так. Паважаная, — звярнуўся ён дзелавіта да прадаўшчыцы, — нам «Труфелей».
— Колькі?
— Кілаграм. …Яшчэ кілаграм. … Яшчэ… Зося Міхайлаўна мая любіць, каб на стале цукеркі былі, каб пачаставаць, як хто прыйдзе, — патлумачыў ён. — І «Цытрона» кілаграм.
Я ціха войкнула, але прафесар і вокам не павёў у мой бок.
— Так, трымай, — сказаў ён, вымаючы высокія папяровыя пакеты з кошыка, і рашуча пасунуў да мяне пакеты з «Цытронам» і «Труфелямі», — а гэта Веры Сямёнаўне аднясеш, — загадаў, стаўляючы трэці «стаўбун» з «Труфелямі», — а гэта Зосі. Усё!.. Ну, дзякуй, што дапамагла, данясеш? — і пасміхнуўся мне, як малой.
Я і адчувала сябе шчаслівай малой дзяўчынкай, несучы пакеты ў абедзвюх руках, і нават хацелася пахваліцца па-дзіцячы: «Ага! А ў мяне цукеркі!».
І мы весела рагаталі з Верай Сямёнаўнай, што не так даўно яна нечакана ўбачыла ў сваёй шуфлядзе ладны пакунак з «Мішкамі»; доўга гадалі — калі гэта і хто мог яго «падкласці». «Падазрэнне» ўпала на вельмі паважанага аўтара, кніжка якога выйшла незадоўга перад гэтым. І калі той прыйшоў за аўтарскімі экземплярамі і горача дзякаваў, Вера Сямёнаўна міла паўшчувала яго за прыемны, але ж зусім неабавязковы падарунак, чым і ўвагнала беднага «невінаватага» аўтара ў палаючую пунцовасць і буйны пот на лобе. Цяпер было ясна, чые то былі салодкія «Мішкі».
…Прайшло некалькі гадоў. Можна сказаць — «дзяўчынка падрасла», — пасля пераходу Алеся ў іншую рэдакцыю стала рэдактарам, а потым захварэла Вера Сямёнаўна, і я засталася ў рэдакцыі сам-насам і быццам «па спадчыне» атрымала нашых любімых аўтараў, а таксама рукапіс новай кнігі Уладзіміра Андрэевіча «Тварэнне легенды», і мы зноў сустрэліся.
Я вельмі сур’ёзна рыхтавалася да працы, перачытала амаль усе кнігі прафесара, але рэдагавала важкі том з асаблівай цікавасцю, з трапятаннем і вялікай бояззю, ці адолею, ці спраўлюся. Я не баялася не разабрацца ў змесце, але мне было ясна, што ўсе кнігі Калесніка — гэта кнігі, напісаныя менавіта мастаком. І як мастак у самым шырокім сэнсе гэтага слова ён і глядзеў, і ацэньваў творчасць вялікіх папярэднікаў — Скарыны, Гусоўскага, Купалы — мастаковым вокам, добразычлівым, горача зацікаўленым і прафесійным. Ён бачыў «колеры» іх твораў, чуў у іх пахі і галасы роднай зямлі, ён шукаў у іх правобразы і вобразы, ці, дакладней — адбіткі нацыянальных скарбаў, заключаных у слове і высокіх думках. Ён умеў цаніць і шанаваць духоўныя і жыццёвыя подзвігі сапраўдных адраджэнцаў нацыянальнай культуры.
І, будучы мастаком па сутнасці сваёй, ён і сам не надта зважаў на ўсялякія правілы, каноны і падсушаныя тагачаснай ідэалогіяй традыцыі. У яго душы гарэў агонь незалежнай думкі, але ён цвёрда ведаў да апошніх дзён свайго жыцця, якая сталёвая зашмарга трымала і трымае гэткіх незалежнікаў за горла і што супраціў можа каштаваць не проста галавы, але і жыцця.
Рэдагаваць, рыхтаваць рукапіс да друку — не самы цяжкі занятак, асабліва калі гэта вартая ўвагі рэч. Самае цяжкое, можа быць, — працаваць з аўтарам, «здымаць пытанні». Кніга для аўтара — што дзіця, любае, бясцэннае, выпакутаванае. А тут нехта ці нейкая сядзіць і пальцам «вочкі» дзіцяці калупае! А яно — дзіцятка — жывое! Заўсёды адчувала гэта ўсёй душой. Але ж ты, рэдактар, збоку глядзіш і трохі «прахалодней», і таму ў стане ўсумніцца, ці дастаткова добра ляжыць той ці іншы «завіток» на галоўцы чужога дзіцяці. І аўтара — дзеля яго ж самога — трэба залагодзіць часам так, каб ён паверыў табе — і даверыўся аддацца ў твае ўхопістыя ручкі, і не нарабіць яму ніякай шкоды. І тое «здыманне пытанняў» патрабуе ад цябе не толькі ведаў і прафесійнасці, але і псіхалагічных здольнасцяў, і ўсіх псіхічных сіл.
Надта спрактыкаваным рэдактарам я стаць яшчэ не паспела і трымцела, як зайчаня. Сяброўка мая Наталля Семашкевіч-Брыль, для якой Уладзімір Андрэевіч з самога дзяцінства быў проста «дзядзя Валодзя», каварна падлівала масла ў агонь, пацвельваючыся:
— Ой, Давыдзенка, перш чым пытанні здымаць, ты спытай у дзядзі Валодзі, ці здаў ён свой трафейны пісталет пасля партызанкі. А то глядзі — на трэцім пытанні і прыстрэліць!
Зранку я чакала прыезду аўтара і заломвала рукі ад хвалявання, калі ў рэдакцыі пачуўся званок.
— Наталля Аляксееўна? Гэта Зося Міхайлаўна…
Я была насцярожылася.
— Наталечка, я сказаць вам хачу — не бярыце да сэрца, калі ён крычаць будзе. Ён адыходзіць хутка… Што зробіш, такі ён чалавек, як кажуць — у кіпні купаны. Вы ўжо не крыўдуйце на яго калі што…
Мяккі, прыглушана-срабрысты голас Зосі Міхайлаўны трохі супакоіў і неяк адразу і назаўсёды лёг на душу як родны.
Пытанні мы здымалі два дні запар. Думаю, настроены перад дарогай мудрай жонкай, прафесар яшчэ доўга зносіў мае дробязныя пытанні, і не тры, а ўсе трыццаць тры, але цярпенне яго нарэшце скончылася-такі, і ён забурчэў, закрычаў, закамандаваў. Я сцішвалася на хвіліну, і ён сапраўды хутка адыходзіў. Сарваўшы акуляры і пастукаўшы імі па стале, супакойваўся:
— Ну што, што ты яшчэ знайшла?!
Узвіўся прафесар у адным месцы зусім нечакана, быццам я торкнула пальцам у ранку. Аказалася, то была скрытая палеміка з іншым паважаным і любімым нашым аўтарам і сябрам рэдакцыі Віктарам Антонавічам Каваленкам, пра што я і не здагадвалася і таму зусім не «спецыяльна», як западозрыў прафесар, зачапілася за гэты вельмі дарагі аўтару пасаж.
Старонкі былі прысвечаны ідэалу кахання ў патрыярхальным грамадстве. І прачытвалася так, што тады ўсё было добра і высока, а ў сучасным — ніякага кахання няма, адна толькі разбэшчанасць і суцэльная бездухоўнасць.
— За што ж вы так сучаснікаў? — пацікавілася я.
Прафесар спачатку пакрычаў, павучыў мяне, зялёную дзяўчынку, а калі перабушаваў, я папрасіла:
— Ну, уявіце сабе, што я ваша студэнтка, і самая няздольная, і проста раскажыце даходліва, што вы хацелі сказаць — сваімі словамі.
— Што хацеў, тое і сказаў! — з’едліва агрызнуўся прафесар, але ўсё-такі здаўся і, уздыхнуўшы, патлумачыў, што сказаць-то ён хацеў не гэта, а вось тое, што народ не быў цёмным і забітым статкам, што ён выпеставаў высокі ідэал кахання і сямейных адносін, сапраўдны духоўны ідэал, і сучаснікам варта было б прыгледзіцца, успомніць пра яго і ўспрыняць лепшае з нацыянальных духоўных набыткаў.
Палымяная думка даследчыка ляцела хутчэй за напісанае слова, а гэта, дарэчы, вельмі тыповая з’ява, асабліва для такіх аўтараў — багатых на думкі і вобразы. Бурлівыя, гарачыя думкі апярэджваюць словы, і тады прыдзірлівыя рэдактары павінны лавіць тыя думкі за хвост, як Іванька жар-птушку. Мае параўнанні рассмяшылі прафесара, і ён бурчэў ужо зусім лагодна:
— Добра, давай мне гэтыя дзесяць старонак, дадому завязу, папрацую. Я ўсё па пяць разоў перапісваў, а гэты кавалак толькі два, а ты і пабачыла…
Дасылаючы перапісаныя старонкі назад, ён напісаў у лісце (ад 16 снежня 1986 г.): «…не мог стрымацца, каб не паправіць заадно і стылю. Дакладнае слова ўсё больш набывае для мяне смак. Старэю і раблюся педантычным…»
У тыя гады выдавецкі працэс цягнуўся няспешна і павольна, як на валах, праходзілі доўгія месяцы, і яшчэ не раз прафесар бушаваў з-за маіх «прыдзірак» (да цытат, прынамсі, і менавіта пасля пераправеркі шматлікіх цытат, якія ён пісаў ледзь не па памяці, як выявілася ўжо ў карэктуры, я і зарубіла сабе на носе раз і назаўсёды: «Нікому не вер!»).
Нарэшце кніга выйшла, у самым канцы 1987 года, на радасць аўтару, чытачам і мне. Па аўтарскія экземпляры Уладзімір Андрэевіч прыехаў пасля Новага года, і адзначыць нашу радасць мы пайшлі на абед у «Планету». Добра, весела і шчыра гаманілі пра ўсё на свеце, і пра каханне таксама.
— Мужчына, Наталечка, канешне захопнік па сваёй сутнасці і сваёю меркаю мерае і свет, і жыццё, і жанчын. І гоніцца толькі за цялеснай уцехай. А жанчына — не, што ёй уцеха, яна сама ўцеха… Ёй іншае патрэбна, больш высокае…
— Уладзімір Андрэевіч, калі вы так добра гэта разумееце, скажыце вы мне, чым жанчына трымае каля сябе мужчыну многія гады, нават і без штампа ў пашпарце?
Ён адказаў імгненна і горача:
— Духоўным багаццем, Наталечка! Толькі гэтым і нічым іншым яго не ўтрымаеш, хоць ты што! Канешне, хто яго ў жанчыне не шукае, той і бегае, і мяняе, а так толькі сваім духоўным багаццем… «і пагаварыць»! — дадаў ён, весела бліснуўшы гарачым вокам, і мы разам засмяяліся, бо слова гэтае было ўжо як пароль і знак суладдзя нашых думак і пачуццяў.
Цікавілася я і яго працай над кнігай пра Таўлая, падбівала неадкладна падаць заяўку, бо кніга ж была амаль напісаная, вось і была б у нас зноў сумесная праца, як ён сам казаў. Прафесар весела памінаў маю ўедлівасць («Як ты мяне пра каханне прымусіла перарабіць! Тры разы перапісаў!»), я весела рызыкавала, што ён, відаць, папрывык да студэнтак і яму падабаецца, калі ў рот глядзяць, ціхія і маўклівыя.
— Мне падабаюцца гэткія!
— Якія?
— Непакорлівыя. Як ты! — зноў бліснуў прафесар вокам, як адрэзаў.
І мы зноў засмяяліся.
На наступны дзень мы зноў-такі падаліся ў «Планету»:
— Ат, Наталька, дапамажы час да ад’езду прабавіць, потым правядзеш мяне. …Быў у мастацкім салоне, хацеў табе на памяць карціну выбраць, але нічога добрага не знайшоў.
Я збянтэжылася — карціна! Ого! Гэта ж табе не цукеркі… Але пасмялела ад усіх яго душэўных шчадротаў — і папрасіла: а хай ён сам для мяне напіша, ён жа малюе. Хоць маленечкую!
— Праўда? А што! Толькі летам, к восені бліжэй… Я знайду для цябе такі куточак, каб душа твая супакойвалася… А Зося Міхайлаўна палюбіла цябе, як родную дачку.
— Ой! Як гэта?
— А вось так!.. Збярыся ты неяк ды прыедзь да нас, — запрасіў ён мяне не ўпершыню, — я табе ўсё пакажу, у пушчу з’ездзім, да Белай вежы ў Камянец, я такія прыгожыя мясціны табе пакажу, якіх ніхто не ведае!
Мне падумалася тады чамусьці, што гэта было б так хораша, што зусім нерэальна. А можа, і рэальна? — хаця б як добры ўспамін, што тое магло быць…
У выдавецкім калідоры мы сутыкнуліся з Рыгорам Барадуліным, і яны пашанотна і радасна абняліся. Бурапенны Рыгор Іванавіч хлынуў каскадам шчаслівых воклічаў:
— Вы ведаеце, хто такі з вамі побач? — выгукнуў ён з замілаваннем.
— Ведаю! Мой цудоўны аўтар! — закрасавалася я з гонарам.
— А вы ведаеце, хто напісаў на мяне першую рэцэнзію ў «Дружбе народов»? Калеснік! А хто мне Брэсцкую крэпасць паказаў? Калеснік! Фарпост культуры ў Брэсце — Калеснік!!!
— Рыгор, Рыгор, супыніся! — засмяяўся Уладзімір Андрэевіч. — Паслухай, а чаму б табе да нас зноў не прыехаць?
— Прыеду! З радасцю! Калі? — імгненна згадзіўся Рыгор Іванавіч, гэткі лёгкі на пад’ём у тыя гады, што, здавалася, у тую ж хвіліну, як гарэзлівы неўтаймаваны дух, гатоў быў рынуцца на вакзал.
— Дамовіліся. Падрыхтуем вечарыну ў інстытуце. Мяне і Зося даўно пыталася: «А чаму гэта Рыгор Іванавіч ніколі ў нас дома не бываў?»
Праз пару дзён Рыгор Іванавіч прынёс паказаць мне ліст Калесніка, які некалі нечакана атрымаў пасля выхаду годам раней яго перакладу «Слова пра паход Ігаравы». Прафесар вельмі высока ацаніў пераклад (як на маю думку — сапраўды геніяльны!) і не пашкадаваў сур’ёзных і праніклівых словаў, каб сказаць пра ўклад паэта ў скарбніцу нацыянальнай культуры.
Рыгор Іванавіч нёс да мяне ліст чамусьці разгорнутым, амаль у выцягнутай руцэ, і я адзначыла, што трымаў ён лісток як пялёстак белай ружы. (Мяне наогул нязменна здзіўляла, як моцныя, сапраўды сялянскія пальцы паэта абыходзяцца са старонкамі любога рукапісу — так асцярожна, амаль пяшчотна, далікатна, быццам гэта не паперы, а крылцы матылькоў).
Вечарына Рыгора Іванавіча ў Брэсцкім педінстытуце адбылася ў красавіку 1987 года (бачыла перадачу аб ёй па тэлевізары). Уладзімір Андрэевіч вазіў яго ў Белавежу, запрашаў на дачу і ў госці. І Рыгор Іванавіч вярнуўся расчулены да глыбіні душы і зачараваны Зосяй Міхайлаўнай. Мне ён прывёз прывітанне і запрашэнне прыехаць. І гэтая душэўная ласка і ўвага па-сапраўднаму сагрэлі маю захаладалую было ад асабістых нягодаў душу.
Мы працягвалі перазвоньвацца, зрэдку бачыцца з Уладзімірам Андрэевічам у рэдакцыі, гаманіць па душах. Ужо трохі «заварочалася» перабудова, ідэалагічны лядовы панцыр даваў першыя трэшчыны, злёгку крышыліся каменныя падмуркі, з наймення «адраджэнец» паціху здымалася кляймо «нацдэмаўшчыны», і з падмарожаных пупышак прабіваліся вясенне-зялёныя лісцінкі нацыянальнага жыцця. На гладзі і нашых выдавецкіх «водаў» загулялі асцярожныя хвалькі, але вакол сябе я пачынала бачыць не столькі абноўленыя твары, як пераніцаваныя маскі, часам прадажныя і, што было яшчэ балючэй — глыбока абыякавыя да нацыянальнай справы, у святле якой яны публічна пачыналі асцярожненька красавацца, а па сутнасці — паразітаваць на святой справе Адраджэння. І я горача, нястрымана рэагавала на бачанае і адчутае. Уладзімір Андрэевіч глядзеў на гэтых людзей інакш, ён дужа хацеў верыць і верыў, што яны шчыра робяць справу, што я не разумею, перабольшваю, і няма чаго мне наракаць. Я зразумела, што ён так бясконца доўга чакаў новых часоў, так спадзяецца на быццам бы сталых і маладых запісных адраджэнцаў, што не захоча, не зможа пачуць мяне. І наогул ведала, што пераконваць нікога ні ў чым не трэба, нават дзяцей. Прафесар тым больш абыдзецца без маіх назіранняў і трывог. А мне дастаткова адчуваць яго добрае стаўленне да мяне і давер.
Да 8 Сакавіка 1989 года ён даслаў мне віншаванне, як мне падалося, уважлівае да нашых размоў, але з падтэкстам, які я, можа быць, да канца магла і не расчытаць: «Дарагая Наталля Аляксееўна! Віншую са святам вясны, маладога сонца, грэшных спакус і святых надзей, няхай не пакідае цябе зычлівасць да тлумнага свету і паблажлівасць да ўсякай драбязы, што выводзіць з раўнавагі і адводзіць душу ад подзвігу. Запішыся ў кааператыў стоікаў, купі ліхтар і шукай сапраўнага аўтара. І не перажывай, калі не знойдзеш. Пішы сама! Ды прысылай мне на рэцэнзію. Пад канец сакавіка спадзяюся быць у Менску — пагамонім. Ул. К.».
Відаць, на яго словы «пішы сама» я і асмелілася даслаць яму сваю невялічкую падборку вершаў у калектыўным зборніку «Первая встреча» (пад псеўданімам Марына Наталіч). Уладзімір Андрэевіч адгукнуўся па тэлефоне ў чарговы прыезд у чэрвені, прыехаўшы, калі не памыляюся, на ўстаноўчы з’езд Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. Успомніўшы пра кніжку, ён сказаў, што геніяльнасць мне не пагражае, а так вершы ці то культурныя, ці то пісьменныя і нешта пра сувязь трагічнасці і геніяльнасці. Чутнасць была, на жаль, такая дрэнная, што я амаль нічога не магла разабраць, а перапытваць не насмелілася і на яго ласкавае асцярожнае пытанне «А ты як лічыш?» пагадзілася, што трагічнасць у маіх вершах наогул-то ёсць, а геніяльнасці канечне «недахват». І толькі пашкадавала, што недачула ўсіх яго слоў і, можа, не зразумела нечага важнага, але не хапіла духу перапытваць. Ён і без таго скардзіўся на дрэннае самаадчуванне.
Восенню, у кастрычніку, Уладзімір Андрэевіч прыехаў зноў, радасна гаманілі па тэлефоне, сказаў, што кнігу пра Таўлая трэба зрабіць на еўрапейскім узроўні, папрацаваць яшчэ ў архівах, але вось да архіва КДБ пакуль недаступіцца. «Я ж табе паабяцаў, што зраблю кніжку, разам будзем рабіць!» Потым пахваліўся, што трапіў на канцэрт Данчыка, і быў у захапленні, спадзяваўся, што і мяне там сустрэне, але пабачыў толькі некаторых супрацоўнікаў ды яшчэ нашага знаёмага хлопчыка: «Такі незвычайны, у белым…» Я хмыкнула, што не хацела б і гаварыць аб гэтым «прыгожанькім». Прафесар рэзка адчаканіў, што хлопчык ёсць талент, якія рэдка сустрэнеш, і яго трэба берагчы! Я пагадзілася, што так, магчыма, і талент, але ж чалавек непрыстойны, а для мяне гэта асноўнае ў адносінах да людзей. Звычайна такія людзі свае таленты лёгка могуць загубіць, з-за чарноцця душы. Прафесар узвіўся, што гэта суцэльная лухта — які ён чалавек, хай ён робіць у жыцці што хоча, гэта ўсё потым акупіцца ў сто разоў! Я змоўкла. Мы ўжо не ўпершыню не маглі прыйсці да згоды «пра добрыя справы дрэнных людзей», людзей канкрэтных, у якіх ён верыў як у «творцаў культуры», а я не (мне так і не прыйшлося пераканацца ў адваротным за ўсё апошняе дзесяцігоддзе, і ад гэтага было і балюча).
Ён гаварыў і ўзгараўся ўсё больш і ўжо проста крычаў — пра натоўп, статак, быдла, якое нясецца, нічога не бачачы перад сабой, і топча жывое!
— Прабач, можа, я што і перавысіў, але гэта так, прымі гэта да ведама!! І ўсё, больш не будзем! Я стаміўся! Кладзіся і ты спаць і спі спакойна, — ён засмяяўся нервова і здзекліва і кінуў трубку.
Агаломшаная крыкам, неразуменнем, я да ночы ліла слёзы. І ў адчаі вінаваціла сябе — за тое, што іду да ўсіх з адкрытым сэрцам, як да блізкіх і родных, і таму кажу ўсё, што думаю. І не адзін ён ставіцца да людзей гэтаксама: галоўнае справа, а не чалавек, хай і дрэнны (ды ці дрэнны яшчэ!), але справу робіць! Ён не прымаў майго пераканання, што дрэнны чалавек рана ці позна добрую справу ці зглуміць, ці прадасць. І я вінаватая, асмельваюся (дзяўчынка-жанчынка!) мець сваю думку ды яшчэ не хаваць яе. А трэба ведаць сваё месца і быць ціхай і маўклівай. І не атрымліваць вось так наводмаш! Захацела справядлівасці, дзівачка, а мы не роўныя. Гэта мужчыны маюць права на першынство ва ўсім, а жанчыны — толькі на другія і падсобныя ролі. І мужчынскі шавінізм з іх падкоркі яшчэ ніхто не выняў.
Я цвёрда хацела навучыцца толькі аднаму — сумленна рабіць сваю работу і ні з кім больш не дапускаць ніякіх асабістых адносін, чалавечых, даверлівых. Жыві як крэпасць — пры ўсякім набліжэнні закрывай дзверы, лепей будзе табе, лепей будзе і іншым. Твая душа — твая крэпасць. І нічога не даказвай, а можа, і не ведай. Папярэджвала ж цябе сяброўка, жахаючыся: «Што ж ты ляціш кожнаму насустрач — душа наросхрыст?!» Шкадуючы, Наталля ў той раз запэўніла мяне, пасміхнуўшыся: «Не раві, крычаў дзядзя Валодзя — значыць, за сваю лічыць…»
У лістападзе 1989 года памёр Фёдар Міхайлавіч Янкоўскі — і для мяне не проста яшчэ адзін паважаны чалавек, праз кнігі якога я асабліва адчувальна даходзіла да смаку, водару беларускага слова, спасцігаючы яго крынічную чысціню. На развітанні з ім у Доме пісьменнікаў здаля бачыла Івана Антонавіча Брыля з Нінай Міхайлаўнай і Уладзіміра Андрэевіча з Зосяй Міхайлаўнай. Каб і магла — не асмелілася б падысці да іх сама, яны хавалі найбліжэйшага свайго сябра. Пасля грамадзянскай паніхіды мы з Наталляй чакалі вынасу ў журботным натоўпе, як нечакана аднекуль з-за спіны падышоў нехта і ўзяў пад локаць: «Добры дзень, Наталька…» — сказаў ціхі голас. У такую хвіліну — ад шкадавання і спачування не змагла падняць галавы і толькі моўчкі паціснула яго руку ў адказ.
Праз паўгода, складаючы планы на 1991 год, зноў напомніла Калесніку пра заяўку на кнігу пра Таўлая, і ён даслаў заяўку, расчулены маім клопатам, але кнігу дапісаць усё не ўдавалася, так і не было доступу да партызанскіх архіваў. І Уладзімір Андрэевіч вырашыў здаць у рэдакцыю рукапіс іншай кнігі, якую назваў «Усё чалавечае».
У наступны прыезд ён хацеў пагаварыць пра свой рукапіс і, як настойваў — пачуць маю думку, прасіў сустрэцца ў гасцініцы «Мінск», разам паабедаць і вольна пасумовіцца. Сустрэліся мы прыязна, і я зноў амаль згубіла ўсялякую пільнасць, шчыра адказваючы на пытанні — як жыццё, як праца, што новага ў выдавецтве. Пасля страты Веры Сямёнаўны і вымушанага — з-за хваробы — звальнення Міхала Фёдаравіча Дубянецкага, якога я любіла і цаніла не толькі за дабрыню душы, але і за асаблівыя бясстрашша і крылатасць, якую ламалі і крышылі чужыя і, што страшней і агідней, «свае» навыварат, я асабліва балюча перажывала несумненна надыходзячы развал выдавецтва, такога слаўнага і таленавітымі людзьмі, і руплівымі супрацоўнікамі. Немінучая пагібель любімай справы душыла мяне смярдзючым пахам гніення, хлусні, подлай падмены, і я неабачліва абмовілася, што асоб, якія б рухалі пачэсную адраджэнскую справу, там амаль не засталося. І зноў атрымала наводмаш:
— Каб судзіць пра асобу, трэба самой ёю быць! Вось А. — чым не асоба?! Вучоны, крытык, прыстойны чалавек.
Не, сітуацыя была абсалютна невыправімая! І я проста рассмяялася.
— А Л.? Асоба? Мову ведае выдатна!
Я не пярэчыла, я дзёрзка рагатала. Гэта ён сам — Уладзімір Андрэевіч Калеснік быў асобай, яркай, сапраўднай постаццю беларускага Адраджэння, гэта ён меў права запальчыва дзяліць беларусаў на сваіх і чужых, на вартых увагі і нявартых, на здольных творцаў і пустадомкаў. І я сапраўды хацела ведаць сваё месца. У беларускай песні не было маёй кроўнай долі, і я магла шукаць прычыны водпаведзяў глыбока паважанага мной чалавека нават у тым, пра што ён асабіста ніколі не вымавіў і гуку, — што я перш-наперш чужынка, руская, і голасу ў беларускіх справах ніхто мне не даваў. (Падставы для такой думкі ў мяне былі: аднойчы наш супрацоўнік, геніяльны перакладчык, шанаваны мной чалавек, амаль сябар, у шчырэйшай гаворцы за традыцыйнай сяброўскай гарбатай, жорстка, гледзячы ў самыя вочы, спакойна пацвердзіў мне: «Да, Наташачка, вы — рускія тут — пятая калона, да, і, значыць, ворагі, што б вы ні рабілі. Да, і вы таксама!» Я павінна была гэта памятаць.)
За сабой я пакінула толькі адно права: любіць няродную мову, як сваю, шанаваць чужое, як роднае, таймаваць чужы боль пасільнай працай і не аддаваць душу крыўдзе назусім, таму што такім, як Вера Палтаран, Фёдар Янкоўскі, Уладзімір Калеснік, Міхал Дубянецкі і іх сапраўдным аднадумцам, рупліўцам-паплечнікам, і пайшоўшым з жыцця, і жывым, было невыносна балюча жыць, працаваць, тварыць, бараніць і ратаваць ад канчатковай пагібелі найвялікшы неацэнны скарб роднага Слова, культуру, нацыянальныя дух і святыні. Мне не выпала іх долі, але і я ўжо ведала, даўно ніякая не дзяўчынка, што з людзьмі жыць — па-людску і плакаць (а то і выць)…
І над новай кнігай мы працавалі так, што ад мяне ляцелі пух і пер’е, і прыходзілася залізваць раны. А прафесар не саромеўся часам скупа павініцца. Дасылаючы праўкі ў рукапіс, павіншаваў: «…са старым новым (1992) годам і праваслаўнымі Калядамі, няхай сняцца Табе чароўныя сны, а ява стане ў годзе наступным больш разумнай. Прабач за грахі мінулага года. Прывітанне ад Зосі».
Здароўе яго пагаршалася раз ад разу, але ніколі ён не забываў пазваніць, прыязджаючы па справах, сваіх і чужых. Кнігу перанеслі яшчэ на год, і калі ён пазваніў 1 студзеня 1993 года, голас яго быў ласкавы, ціхі і зусім сумны. Мне вельмі хацелася падвесяліць яму душу, і я абяцала, што карэктура кнігі будзе вось-вось.
— Бог з ёй, не хвалюйся так, будзе калі-небудзь, беражы сябе…
Апошні раз мы сустрэліся з Уладзімірам Андрэевічам у ліпені 1993 года на выставе беларускіх мастакоў з Пецярбурга, якія прыехалі на Першы з’езд Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына». Ён быў з Валодзем Ягоўдзікам, яго вучнем і сябрам, з якім я праз яго і пазнаёмілася і з лёгкай рукі стала рэдактарам і яго кніжкі, якую рабілі лёгка, душэўна і па-сяброўску. Яны абдымалі мяне з абодвух бакоў, абодва ласкава жмурыліся і пасміхаліся, вельмавалі адзін «душыцелькай», другі «сонейкам-рэдактарам». Уладзімір Андрэевіч велікадушна падмасліваў, што «выжала» з яго кніжку лепшай, чым ён здаў, і абяцаў, што наступную мы зробім яшчэ лепшай. Цяпер яго лечыць гематолаг і стала трохі лягчэй.
Але надзеі нашы на паляпшэнне не спраўдзіліся, ён злёг. У размове па тэлефоне сказаў аднойчы сумна, але з мужнай прастатой:
— Параспачынаў столькі прац… але ўжо не паспею дарабіць…
І апошнія сілы аддаў Жылку. Перапрацоўваў «Ветразі Адысея: Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі» (1977), правіў, узнаўляў знятае некалі па цэнзурных забабонах, дапісваў новыя старонкі. Сабраў у адзін том найпоўную спадчыну паэта і пра паэта (успаміны і эпісталярый).
Падзвіжнік пра падзвіжніка…
Я веру ўсёй душой, што агонь незалежнай думкі, які нёс у сабе гэты незвычайны і таленавіты чалавек і мастак, пяройдзе па духоўнай спадчыне новым, светлым беларусам. І цемра яго не праглыне…
Юрый Паталкоў. «Балючая любоў» Уладзіміра Калесніка (У. Калеснік як філосаф літаратуры)
Літаратурная праца ўвогуле не толькі адзін з відаў творчай дзейнасці чалавека, але, як думаецца, — квінтэсэнцыя духоўнага быцця людскасці ва ўсе часы гісторыі, прадмет, які патрэбна вывучаць прыярытэтна, высноўна; трактаваць літаратурную працу неабходна як увасабленне трансцэндэнтнай надзейнасці, як доказ таго, што чалавецтва яшчэ існуе як псіхалагічна адзіная мегаасоба.
Літаратуразнаўчыя канцэпцыі, як і ўсё на свеце, нараджаюцца, жывуць і паміраюць. Кожная новая генерацыя даследчыкаў, арыентуючыся на сучасныя для яе гістарычныя рэаліі, пазірае на створанае іх папярэднікамі з пэўнай скептычнасцю. Не абыходзяць гэтыя заканамернасці і творчы даробак Уладзіміра Андрэевіча Калесніка. Але ёсць і іншая заканамернасць: кожны сапраўдны творца ў галіне літаратуразнаўчага доследу абапіраецца на тыя маральныя сутнасці, час над якімі ўлады не мае. Можа быць, гэтыя сутнасці, увасобленыя ў асэнсаванні канкрэтнага слоўна-вобразнага матэрыялу, прадстаўляюць сабою галоўны ратавальны вопыт, дзеля якога і існуе вывучэнне слоўнага мастацтва. Ёсць усе падставы сцвярджаць, што такі незгасальны крэатыўны вопыт прысутнічае ў кнігах У. Калесніка і ён павінен вывучацца намі ў імя нашага духоўнага ратунку.
Усё жыццё гэтага нястомнага працаўніка было рэалізацыяй аднаго з галоўнейшых правоў чалавека — права на асобу. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, вузаўскі выкладчык, пабрацім беларускіх пісьменнікаў-партызан, навуковец, няўступлівы ў палеміцы, суразмоўца з выбуховым і адначасова міласэрна-ўсцішаным характарам, даследчык духоўнага свету Беларусі… Яму пашчасціла ўбачыць сваё, нацыянальнае, праз энцыклапедычнае асэнсаванне ўсясветнага, праз пранікненне ў эзатэрыку соцыапрыроднага мікракосмасу чалавечай натуры. Памеры яго працы, як бачыцца сёння, вызначаюцца не агромністасцю асэнсаванай ім прадметнай рэчаіснасці (хоць агромністасць гэтая ашаламляе сваімі гарызонтамі), а яшчэ не асэнсаванай намі ў поўнай меры філасофскай заглыбленасцю, пранікненнем у субстанцыяльныя, быційна-універсальныя таямніцы жыццясцвярджальнага ў слоўным вобразе.
Тыя, каму давялося працаваць побач з У. Калеснікам, памятаюць яго пашарпаны «Масквіч» чырвонага колеру, на якім разам з пісьменнікамі-аднадумцамі і анёлам свайго жыцця — жонкаю Зосяй Міхайлаўнай — гэты чалавек аб’ездзіў усе дарогі-пуцявіны Беларусі. Памятаюцца і размовы — выпадковыя і навукова-вызначаныя — з працаўніком навукі. Не забываюцца і жарты (часам «салёныя»), на якія У. Калеснік — не толькі знаўца, але і артыстычны прапагандыст беларускага фальклору — быў шчодры (хаця ўнутраны арыстакратызм не пакідаў яго і ў час гэтых жартаў). У друку з’яўляліся яго мастацкія фотаздымкі. Ведалі мы, што У. Калеснік да ўсяго таго — разьбяр па дрэве і жывапісец. Відавочнай была і яго мужчынская разважлівасць, у якой было штосьці загадкавае, тое, што не дазваляла ў адносінах да мысляра панібрацтва і стварала вакол яго нейкае кола недасягальнасці.
Сучаснікі У. Калесніка ў стане прыгадаць шмат сітуацый, выпадкаў, здарэнняў, гісторый, звязаных з гэтым чалавекам. Але ўсе гэтыя ўспаміны адно дадуць мажлівасць больш канкрэтна ўявіць толькі вонкавыя, зрокава ўспрыймальныя праявы духоўнага феномена, сутнасць якога нам трэба прачытваць (у імя асэнсавання будучыні) у кнігах берасцейскага вешчуна. Надыйшоў час углядацца ў запаветы майстра, не толькі аддаючы даніну пашаны чалавечаму подзвігу У. Калесніка, але і ў першую чаргу ў патрэбе наталіцца той філасофскай змястоўнасцю, якая магла б служыць для нас у пошуках адказу на пытанне: «А хто там ідзе?». Змястоўнасць гэтая берагоў не мае, таму будзем чэрпаць з яе багаццяў пакрыху, можа быць, зыходзячы з крытэрыяў найбольшай злабадзённасці, найвялікшай, жыццём падказанай, зацікаўленасці.
Адной з тэмаў яго даследавання быў лёс і прызначэнне пісьменніка ў соцыуме. Грамадства для У. Калесніка было не столькі ўвасабленнем дзяржаўных інстытутаў і пастаноў, колькі феноменам маральнай самадастатковасці этнасу і чалавецтва ў сучаснасці і гісторыі. Ужо на пачатку сваёй творчасці, у кнізе «Час і песні» (1962), навуковец выказаў падобныя назіранні: «У другой палове 50-х гадоў, калі стала адыходзіць ад дагматычнага здранцвення наша літаратурная думка, пачуліся то абураныя, то заклапочаныя, то вінаватыя галасы і адгалосы ў абарону сярэдняга пісьменніка, радавога салдата літаратуры. Грамадскасць прыкмеціла, што раней крытыка найчасцей выхваляла паасобных майстроў слова ды праз пальцы глядзела на руплівую працу ўсяго творчага калектыву».
У гэтым назіранні, як на сёння, аніякай сенсацыі няма: кожны вучань сярэдняга ўзроўню можа распавесці пра хрушчоўскую «адлігу». Але пакідаючы пакуль што тэарэтычныя аспекты выказвання, звернемся да маральнага яго зместу. У змесце гэтым можа знайсці «прытулак» я, ты, кожны з нас, бо мы — таксама «радавыя салдаты», паспалітыя, «маленькія людзі» літаратуры і рэчаіснасці. Выхваленне паасобных майстроў — гэта рамантычная пастава ў літаратуразнаўстве, — вывучэнне «надзвычайных» мастакоў у «надзвычайнай» сітуацыі. У. Калеснік ідзе да рэалістычнага літаратуразнаўства, разумеючы, што «радавыя салдаты» існуюць толькі ў штабных дакументах, а ў сапраўднасці ж «радавых» няма, паколькі справа салдата — у патрэбны час аддаць Айчыне найдаражэйшае — асабістае жыццё.
Галоўнае слова ў дадзеным фрагменце — «абарона». У. Калеснік нічым іншым у жыцці не займаўся, апроч абароны чалавека. Гэта была пазіцыя і асабістая, свядома абраная, і ненаўмысная, агульна ментальная. Нездарма словы У. Калесніка паводле свайго ўнутранага спачування нагадваюць класічныя радкі беларускай літаратуры:
Я буду маліцца і сэрцам і думамі,
Распетаю буду маліцца душой,
Каб чорныя долі з мяцеліцаў шумамі
Ужо больш не шалелі над роднай зямлёй.
Я. Купала. Мая малітва
Маліцца безадрасна, безаблічна нельга. Адрас адзіны — душа таго, хто моліцца. Сам Калеснік у «літаратурныя генералы» не прабіраўся. Мог жа і ў сталіцы працаваць: запрашалі не аднойчы… Але маліўся ён у сваім храме, якім стала для яго Брэстчына. Для даследчыка не было «сярэдніх» літаратараў. Былі — невядомыя, нявывучаныя, неабароненыя, несагрэтыя. Пісьменнік у адчуванні У. Калесніка — гэта не чараўнік мастацкай формы, а носьбіт ратуючай, менавіта ратуючай моцы. Бо калі па-іншаму, дык на што патрэбныя ўсе дзівосы метафорыкі? У. Калеснік адстойвае права творчай асобы на грамадскае прызнанне. Адстойвае і ў імя гэтай самай асобы, і ў неабходнасці перасцярагаць соцыум ад «дагматычнага здранцвення», гэта значыць ад небяспечнага анабіёзу, у якім народ можа аказацца безабаронным перад «чорнымі долямі з мяцеліцаў шумамі».
Мысліўца-філосаф адстойвае права масавай літаратуры на жыццё. Адно шчасце, што тэрмін «масавая літаратура» часоў У. Калесніка яшчэ не набрыняў тымі прыкрымі адценнямі сэнсу, якія мае сёння. Размаўляючы пра «масавую літаратуру», брэсцкі літаратуразнаўца зусім не меў на ўвазе камерцыялізацыю культуры, квазіпсіхалагічнасць сюжэтаў, стварэнне ў творах нізкапробных клішэ і г. д. Разважаючы над постаццю У. Калесніка, адчуваеш, што тэрмін, пра які ідзе размова, павінен ужывацца толькі ў тым сэнсе, які выступае ў яго кнігах. Бо нельга меркаваць, што так званы «масавы чытач» сённяшняга дня — гэта асоба неталенавітая, немаральная, усёядная.
Для У.А. Калесніка літаратурная творчасць існуе толькі як місійная крэатыўнасць: «Паэт — хай не прымае чытач нашых слоў за банальнасць — вельмі моцна любіць людзей, жыццё, яго багацце, росквіт, хараство і балюча ненавідзіць нелюдзей, ворагаў жыцця, сляпых служак царства нябыту, ён не выносіць змярцвення, нэндзы існавання. Ахоплены гэтай балючай любоўю і святою нянавісцю, паэт бачыць свет больш востра і глыбока, чым нехта лянівы сэрцам, чорствы, халодны, абыякавы».
У дадзеным выказванні зусім няма супрацьпастаўлення пішучых — чытаючым: «…у прынцыпе кожны чалавек — патэнцыяльны паэт. Калі б было інакш, дык чытачы не разумелі б паэтаў». Звернем увагу на перасцярогу: «Хай не прымае чытач нашых слоў за банальнасць». Перасцярога невыпадковая: ці здольна «дагматычна здранцвелае» грамадства чакаць ад літаратуразнаўства чагосьці, акрамя банальнага? «Балючая любоў» — гэта праца не толькі душы, але і рэальная, фізічная праца ў імя блізкага свайго. Гэта і культура пачуццяў, і этыка паводзін. У. Калеснік як бы пытаецца не ў грамадства ўвогуле, а ў кожнага з нас асабіста: «Ты насамрэч балюча любіш, ці толькі прамаўляеш пустыя слаганы?». Ад адказу на гэтыя пастаўленыя пытанні схавацца нельга, бо куды ж падзенешся ад уласнага сумлення? Можна было б, здаецца, і на сумленне забыцца, але неадступна бачыш перад сабою ўстрывожаныя і даверлівыя вочы тых, з «нэндзай існавання», з якой ты ўжо паспеў пагадзіцца, бо і сам жывеш у змярцвенні…
У нашых звыклых размовах пра мараль гучыць час ад часу вельмі агідная пазіцыя: чаго ж, маўляў, ты патрабуеш ад мяне, калі жыву я ў немаральным акружэнні? У. Калеснік адмаўляў згаданы ход мыслення. «Балюча любіць» — гэта быць асобаю незалежна ад акружэння, ад жыццёвых абставін. Адстойваючы такі прынцып, літаратуразнаўца нічога ад сябе не дадае: ён працягвае духоўныя ідэалы народнага вопыту і мастацкай змястоўнасці.
Колькі сёння (як ў ва ўсе часы) гучыць здрадніцкіх у сваёй аснове спасылак на вызначальнасць для асобы сацыяльных і маральных супярэчнасцей быцця! Але вось у У. Калесніка вызначальным феноменам аказваецца індывідуум. Так, «святая нянавісць» патрэбна. Але толькі і выключна ў імя «балючай любові». У гэтай выснове адчуваецца працяг гуманістычнай традыцыі А.С. Пушкіна: «…что в мой жестокий век…»: жорсткі век, але мой, родны. Так можа сказаць маці пра свайго прайдзісвета-сына. «Царства нябыту» — катэгорыя не палітычная, не экзатэрычная. Яна праява эзатэрыкі, выраз тых цёмных віхураў, якія разрываюць халоднымі мітрэнгамі апраметныя глыбіні ў маёй уласнай душы. Тваёй. Яго. Яе…
«Балючая любоў» У. Калесніка прыводзіць да пытання: у чым сэнс слова «народ»? У гэтым слове — усё патрэбнае для жыцця: можна жыць на род, а можна — і супраць роду. Калі — супраць, дык этнас можа ператварыцца ў натоўп, у масу, у статак. А можа, сцвярджаючы, што кожны чалавек — патэнцыяльны паэт, У. Калеснік мінаецца з рэчаіснасцю? Прынамсі, Прарок у аднайменным вершы Янкі Купалы сустракае чытацкае неразуменне:
— Па колькі ж нам дасі чырвонцаў,
Калі мы пойдзем за табой?
Так, У. Калеснік — даследчык, сфармаваны подзвігам Вялікай Айчыннай вайны, гуманістычнымі спадзяваннямі «адлігі», духоўнымі традыцыямі беларускай і сусветнай культуры. Гэтыя подзвігі, спадзяванні, традыцыі давалі мысляру падставы для таго, каб бачыць у кожным з нас імпліцытнага паэта. Але тут трэба зазначыць, што мае на ўвазе аўтар кнігі «Час і песні» пад словам паэт. У слове гэтым, паводле разумення У. Калесніка, акамулюецца перш за ўсё энергія духоўнай годнасці. Таму і гаворыць навуковец пра «балючую любоў» і пра «святую нянавісць». Такая энергія — не волатаўскае свядомае пераадоленне самога сябе, а інтуітыўнае адмаўленне істотаю і чалавецтвам бязраднасці перад экзістэнцыяльнымі пагрозамі.
Тыя з нас, хто разумее шчасце як сытае, бесканфліктнае, беспрынцыпнае існаванне, не толькі аддаляюцца ад паэзіі, але і набліжаюць духоўную (а гэта значыць — і фізічную) катастрофу чалавецтва. Менавіта такія думкі выказаў нам, студэнтам, У. Калеснік, калі прынёс на заняткі рэпрадукцыю нідэрландскага мастака Пітэра Брэйгеля Старэйшага «Сляпыя». Назаўсёды запомніліся маладым тлумачэнні выкладчыка пра гэты шэдэўр: «Паглядзіце: дзеянне адбываецца сярод лагоднага краявіду, у амаль што пастаральным вясковым пейзажы. Але сляпыя не ў стане ўбачыць прыгажосці і гармоніі прыроды. Яны, трымаючыся адзін за аднаго, няпэўна пракладваюць шлях у жахлівым для іх свеце, давяраюць правадніку, які і сам сляпы і ўжо падае ў смяротны роў. Вядома, сляпцы з палатна П. Брэйгеля — метафара духоўнай абмежаванасці кожнага з нас. Пранікаешся балючай любоўю да персанажаў карціны, да чалавецтва, якое пакутліва шукае шляхоў да прасвятлення».
«Царства нябыту» аказалася ў лекцыях У. Калесніка вобразам усяго дрэннага і непатрэбнага ў жыцці. Выкладчык, разглядаючы з намі твор П. Брэйгеля, прамовіў найважнейшае: «Любіце ў мастацтве цуд жыцця!». Давяраць можна толькі рэальным перажыванням чалавека, а не словам. Пра тое, што толькі боль узвышае асобу да творчасці, у кнізе «Час і песні» гаворыцца амаль маніфестацыйна: «На франтах Вялікай Айчыннай вайны і ў партызанах многія людзі адчулі сябе паэтамі, пачалі пісаць вершы». Такое выказванне супадае з вучэннем экзістэнцыялізму пра парогавыя сітуацыі. Героі Калесніка — «радавыя салдаты» літаратуры — выходзілі з іх перможцамі, а не ахвярамі.
Такім чынам, У. Калеснік — філосаф літаратуры і жыцця — трактуе паэтычную дзейнасць як форму духоўнага выжывання чалавецтва. Нездарма даследчык у кнізе «Час і песні» прыводзіць паказальны прыклад: «…у 1928 годзе нейкі нікому невядомы самавук (…) натхнёна сядзеў над сшыткам і выводзіў бездапаможныя радкі:
Хоць кругом калючы дрот
І моцны цемры карані –
Ідзём мы смела упярод.
Бо пераможам усё ж мы!
Чалавек гэты перажываў, відаць, (…) моцнае хваляванне, але выказаць яго не здолеў». Літаратуразнаўчы каментар да радкоў «самавука» мае, безумоўна, эмпатычны, суперажывальны характар: мастацкае слова для У. Калесніка — перш за ўсё глыбокая эмоцыя, здольная выклікаць у чытача высокія перажыванні ў адказ. Для яго радкі «Хаця кругом…» — не столькі ілюстрацыя да грамадска-палітычных настрояў індывіда і соцыума, колькі самавыказванне шляхетнага пачуцця свабоды. Публіцыстычны сэнс верша не адмаўляе яго асобага пафасу.
Кніга «Час і песні» выйшла з друку амаль паўвеку таму — у 1962 годзе. Ці можна прыймаць яе сёння як голас дня ўчарашняга? Як сказаць… Калі за тыповае для сучаснасці прыймаць уладу духоўнай карыслівасці, цынічнага практыцызму, сітуацыю Брэйгелеўскіх «Сляпых», — дык можна лічыць, што «балючая любоў» У. Калесніка нікому сёння не патрэбна. Але справа ў тым, што «сляпых» чакае пагібель. Таму сама патрэба ў выжыванні вядзе чалавецтва да гэтай самай «балючай любові». Папросту іншага шляху ў чалавецтва няма. Таму кнігі гуманіста У. Калесніка (у гроне іншых вялікіх гуманістаў Беларусі і замежжа) запатрабаваны сёння жыццём. І так будзе заўсёды, бо адна толькі праца душы можа выратаваць нас ад пагібелі. У. Калеснік разумеў час усёй сваёю істотаю. Сустрэча з гэтым місіянерам чалавечнасці чакае нас наперадзе.
Галіна Малажай. Ведаў, любіў, адмыслова карыстаўся
Уладзімір Андрэевіч не адзначаў афіцыйна свае дні нараджэння. У гэтым годзе яго вучні, ужо не пытаючыся дазволу Настаўніка, сышліся ясным вераснёўскім днём у адной з вялікіх аўдыторый Брэсцкага ўніверсітэта, каб падзяліцца ўспамінамі пра чалавека, які пакінуў светлы след у душы кожнага. Прыгадваліся жыццёвыя сітуацыі, якія выразна характарызавалі адносіны Калесніка да грамадскіх падзей, асобных людскіх учынкаў, да беларускай культуры, роднага слова. I падумалася: мабыць, зусім не выпадкова адна з першых кніг Калесніка, што выйшла ў 1962 годзе, была напісана ім разам з яго добрым сябрам — лінгвістам Фёдарам Янкоўскім. Яны абодва рабілі ўсё магчымае, каб беларускае слова не толькі гучала ў час выкладання, а натуральна лілося з вуснаў прамоўцаў, настаўнікаў, журналістаў, людзей розных прафесій і заняткаў. Дзеля гэтага і пісалася кніга «Вусная мова і выразнае чытанне». Дзеля гэтага навуковец рэдагаваў вучэбныя дапаможнікі па выразным чытанні, спрыяў выданню спецыяльнай фонахрэстаматыі.
Сам Уладзімір Андрэевіч быў добрым знаўцам роднага слова. Яго лекцыі, публічныя выступленні запомніліся многім не толькі іх зместам, а і адметнай формай выкладу, нават нейкім артыстызмам прамоўцы. Выключна валодаючы навуковым стылем (пра што сведчаць асабліва ягоныя апошнія кнігі «Тварэнне легенды» і «Усё чалавечае»), Калеснік мог дазволіць сабе то непасрэдную гутарковасць, якая часам даходзіла да прастамоўнасці, то ўзнёслую паэтычнасць, што рабіла выступленне завострана публіцыстычным. Гэта, безумоўна, залежала ад таго, пра што гаварылася, але немалы ўплыў на такія стылёвыя адступленні і «зігзагі» рабіла няўрымслівая натура лектара і прамоўцы, які не мог спакойна рэагаваць на некаторыя праявы жыцця. Былым студэнтам Калесніка да гэтага часу помняцца характарыстычныя выслоўі, якія вырываліся з вуснаў Настаўніка, калі ён абураўся невуцтвам, душэўнаю лянотай, абыякавасцю да свайго, беларускага. I толькі цяпер па-сапраўднаму даходзіць змястоўнасць такіх характарыстык, як «сацыялістычныя папуасы», «пашахонцы няшчасныя», «галубіцы іарданскія»...
Невыпадкова ў дакументальнай аповесці «Пасланец Праметэя» Калеснік напісаў: «Каб слова брала за душу, той, хто кажа ці піша яго, сам павінен мець шчырую душу ды чулае і гарачае сэрца». Такое сэрца меў аўтар шматлікіх літаратуразнаўчых прац, публіцыстычных артыкулаў, дакументальных кніг. Аўтабіяграфічны нарыс пра сябе Уладзімір Андрэевіч некалі (а было гэта яшчэ ў 1966 г.) назваў «Сваім следам». Свой выразны след ён пакінуў не толькі ў літаратуразнаўстве і дакументалістыцы.
Працы Калесніка вызначаюцца адметным стаўленнем аўтара да слоўна-фразеалагічных і граматычных рэсурсаў беларускай мовы. У выбары слоў і пабудове сказаў заўсёды выяўляецца «нястомная работа духу» (А. Чычэрын) таго, хто ступіў на дарогу творчасці. Першая манаграфія Калесніка называлася «Паэзія змагання». Не засяроджваючы ўвагі на сэнсавай ёмістасці гэтага загалоўка, адразу скажам: большасць манаграфій Калесніка называецца так, што адразу робіцца заяўка не на строгае акадэмічнае даследаванне, а на паэзію, якой заўсёды поўніцца творчая праца. Перачытаем назвы на вокладках некаторых Калеснікавых кніг: «Ветразі Адысея», «Зорны спеў», «Пасланец Праметэя», «Лёсам пазнанае», «Тварэнне легенды», «Усё чалавечае»... Паэтычная сутнасць душы даследчыка падказала, што ў загалоўкі варта вынесці спалучэнні слоў, якія ўздымаюць нас над будзённасцю жыцця. У літаратуразнаўчым нарысе «Купалы сны нязводныя» сам Калеснік піша, што яму хацелася «выкласці справу так папулярна, каб і воку, не ўзброенаму вучонай лупай, адкрылася [...] дзівосная духоўнасць яго паэзіі, яе еўрапейскі кантэкст і арганічная беларускасць...»
Арганічная беларускасць самога Калесніка заключалася ў тым, што ён заўсёды падкрэсліваў: родная мова — адна з найдаражэйшых духоўных каштоўнасцяў беларусаў. Яе ён пачуў на мілай сэрцу Карэліччыне, не цураўся ні ў гады ваеннага ліхалецця, калі партызаніў у беларускіх лясах, ні ў студэнцкія і аспіранцкія гады, а ў перыяд выкладчыцкай і навуковай працы быў надзейным абаронцам і прапагандыстам роднага слова. Уладзімір Андрэевіч добра ведаў тых філолагаў, якія рупіліся на ніве беларускай мовы. На ягоных паліцах і цяпер стаяць кнігі Яўхіма Карскага і Фёдара Янкоўскага, разнастайныя слоўнікі і даведнікі. Помніцца, якой радасцю свяціліся Калеснікавы вочы, калі ён убачыў «Дыялектны слоўнік Брэстчыны», выдадзены калегамі з кафедры беларускага мовазнаўства.
Асабліва трапяткія адносіны выяўляў Калеснік да мастацкага слова. На яго думку, гэта адзін са сродкаў «буджэння аслеплай соннай душы». Мастацкае слова ў адных выпадках «аказваецца словам суровай ці горкай праўды, звернутай да развагі і сумлення», у другіх — «рамантычным згусткам чалавечага духу, заклінаннем, святым агнём, здольным уваскрашаць упалыя душы, распальваць нячулыя сэрцы, напаўняць душы хараством свабоды і светлай будучыні». Найбольшую сілу мае паэтычнае слова, якое, як сцвярджае навуковец, «з’яўляецца выпрабаваным сродкам уваскрашэння духу свабоды і годнасці ў народзе». Гэтак Калеснік успрымаў не толькі прарочае, трыбуннае слова, а і простае слова беларускае, бо яно «не толькі экспрэсіяй, празорлівасцю ці праўдзівасцю, а самой наяўнасцю [падкр. — Г. М.] сваёй адраджае мёртвыя душы, усяляе пачуццё тоеснасці асобы, нацыянальнай годнасці, дае адчуванне гістарычнага быцця».
Генадзь Праневіч. Падзвіжнік духу
...Прыснілася: я паставіў сваю машыну ў гараж да Калесніка!.. У тым гаражы, што ўніз па вуліцы Спакойнай, адразу за Трышынскімі могілкамі, яшчэ пры жыцці гаспадара я быў усяго адзін раз. І нават, калі б хацеў, не змог бы сёння знайсці ні сам гараж, ні нават прыблізнае яго месца... Але хто ходзіць тваімі сцежкамі, Божа! І хто паказвае нам тыя сцежкі... Самохаць заехаць у Калеснікаў гараж, ды яшчэ і паставіць туды сваю машыну!.. І гэта нібы яшчэ пры ім, жывым, прысутным... Абсурднасць і абсалютная немажлівасць таго, што адбывалася незалежна ад маёй волі, выклікалі ўва мне нават у сне нейкую стрэсавую ашаломленасць, пачуццё непапраўнай віны, што паступова ахоплівалі ўсю істоту гарачаю хваляю сораму і прыкрасці...
...Містычны сон перарваўся зусім рэальным тэлефонным званком. На тым канцы проваду была Зося Міхайлаўна, ягоная жонка і найблізкі сябра, якая цяпер, пасля смерці гаспадара, узяла на сябе клопат аб усіх яго недавершаных справах, аб ягоных асірацелых аспірантах і дыпломніках... І вось цяпер клапацілася пра лёс аднаго з іх, беручы пад сваю абарону і апеку...
І сон, і ява звязваюць нас з ім, адышоўшым, інерцыяй прыцяжэння агромністага касмічнага цела, таямнічага і маласпазнанага, што ціха праплыло каля нас, захапіла ў сваю арбіту і бударажыць уяўленне гарызонтамі нязвыклымі, невядомымі...
Памяць не адпускае. Памяць лучыць нас з ім (жывых з мёртвым) адзіным ланцугом лёсу, дзе ў грандыёзным працэсе тварэння нацыянальнай свядомасці (Калеснік паэтычна называў гэта «тварэннем легенды») кожны толькі звяно, з’яднанае родавым абавязкам і духам з папярэднікамі і наступнікамі. Продкі цанілі і ставілі гэтае пачуццё лучнасці вышэй за ўсё: пачынаючы пабудову храма ці крэпасці, засяваючы белае поле пергаменту ці паперы зернем мудрых ісцін, ведалі: нашчадкі давершаць пачатае, бо вечны род людскі духам і добрымі справамі. З тым прыходзілі ў свет, аб тым клапаціліся, адыходзячы з яго.
Я чую іх спавядальныя галасы з глыбіні стагоддзяў.
Еўфрасіннін: «Но что Успѣша при нас бывши родове наши? И женишася, и посягоша, и княжиша, но не вѣчноваша. И житие их мимо тече. Слава их погыбе, яко прах, и хужши паучины».
Скарынаў: «Таковый убо был милосник наукы и мудрости (пра Пталамея Філадэльфа. — Г.П.), иже болѣй избрал оставити в науце и в книгах вечную славу и паметь свою, нежели во тленных великих царскых сокровищах».
У гэтым духоўным запавеце продкаў, з іх прагай выйсці за межы наканаванага зямнога быцця, прадоўжыцца ў памяці нашчадкаў праведнай сілай і аўтарытэтам сваёй духоўнай існасці, свайго духоўнага подзвігу, мне чуецца і яго саслабелы, балесны голас там, у бальнічнай палаце, калі, пакутуючы ад болю і мройна паказваючы вачыма некуды ўвысь, пад столь пакоя, ён як выдыхнуў нешта сваё запаветнае, вынашанае: «...От, каб дзе-небудзь там застацца, пісаў бы, думаў...»
Канцэнтрацыя на духоўным змесце жыцця, адчуванне сваёй прафесіі і творчай дзейнасці крытыка, літаратара найперш як місіі слугавання свайму народу і людзям, праз якую і ён сам як бы выходзіў у сферу вечнага чалавечага духу, альбо наасферу, як яе называў Вярнадскі, былі, як мне здаецца, магутным унутраным рухавіком і сэнсам яго падзвіжніцкай творчай дзейнасці на ніве нацыянальнай літаратуры, культуры, асветы.
Юнаком спазнаўшы пекла вайны і гераічны драматызм партызанскага змагання, страту сяброў і страх смерці, меру чалавечага і нечалавечага ў самім чалавеку, ён вельмі рана пачаў вымяраць сваё жыццё і ўчынкі катэгорыяй вечнага, маштабам гістарычнага поступу нацыі і ў гэтай сваёй грамадзянскай і чалавечай звышзадачы альбо місіі, старанна прыхаванай абалонкай знешняй прастаты і звычайнасці, вельмі часта заставаўся незразумелым не толькі абывацелю, але і людзям блізкім, нават сябрам...
Да гэтага трэба дадаць незвычайна развітую эстэтычную і маральна-этычную ўражлівасць і бясспрэчную сумленнасць, памножаныя на гарачлівы, бескампрамісны характар, якія непазбежна штурхалі яго ў самы вір жыцця, у эпіцэнтр грамадска-палітычных і літаратурных праблем і канфліктаў, з самага пачатку творчай дзейнасці выводзячы на вастрыё грамадска-навуковай думкі, што найперш канцэнтравалася тады ў сферы літаратуры і літаратуразнаўства.
Нездарма пасля вайны, калі вынішчаная ў 30-я гады беларуская літаратура і крытыка пачалі пакрысе апрытомніваць, збіраць сілы і інтуітыўна намацваць пераараны бульдозерамі сталінізму і вульгарна-сацыялагічнай крытыкі нацыянальны шлях, расстаўляць новыя вехі, тады яшчэ малады, пачынаючы крытык адразу ж замацаваўся на гэтым грунце як даследчык літаратуры Заходняй Беларусі. Нацыянальная адраджэнская ідэя, прыціснутая напластаваннямі марксісцкіх догмаў, задушлівай атмасферай ідэалагічнага ўціску і цкавання, падспудна жыла ў ім заўсёды. Цяпер жа яна станавілася той унутранай духоўнай апорай, што надавала сэнс жыццю, навуковай і літаратурнай творчасці, спакваля гартавала ў ім дух апазіцыйнасці і ўнутранага супраціўлення афіцыйнай ідэалогіі таталітарызму і уніфікацыі.
Дарэчы, У. Калеснік ніколі не быў ні руйнавальнікам сацыялістычных асноў, ні палітычным праціўнікам сістэмы. Ягоная апазіцыйнасць у цэлым не выходзіла за рамкі памяркоўна-ліберальнай рэфармісцкай ідэалогіі шасцідзесятнікаў, а арыентацыя на сацыялістычную ідэю і сацыялістычны выбар была і да апошніх дзён заставалася па-за ўсякай палітычнай кан’юнктурай. У пачатку 80-х гадоў мне нават даводзілася чуць на яго адрас папрокі ў залішняй артадаксальнасці.
Зрэшты, ці можна нешта пэўнае сказаць пра верніка па тым, як часта ў царкве кладзе ён паклоны?! Не палітычная фразеалогія і не марксісцка-ленінская аснашчанасць асобных прац У. Калесніка (месцамі і сапраўды густаватая) вызначалі глыбінную сутнасць, змест і напрамак яго літаратурна-крытычнай дзейнасці, а прафесійная сумленнасць і нацыянальны грунт мыслення, пазіцыя шчырага заступніцтва і абароны беларускасці, роднай мовы і культуры, што рэалізаваліся ў фундаментальнай распрацоўцы ім ідэалогіі і эстэтыкі нацыянальна-вызваленчага адраджэнскага руху ў гісторыі беларускай літаратуры ХVІ-ХХ стст. Варта задумацца над значэннем хоць бы аднаго толькі факта адкрыцця і грунтоўнай прапіскі ў гісторыі нацыянальнага пісьменства творчасці У. Жылкі, В. Таўлая, Л. Родзевіча, К. Сваяка, І. Канчэўскага, Л. Геніюш, М. Машары, М. Васілька, М. Засіма, шматлікіх іншых імёнаў і твораў паднагляднай і санацыйнай да самага апошняга часу літаратуры Заходняй Беларусі. І гэта ва ўмовах, калі нават на былых членах КПЗБ ляжаў цень падазронасці, закрываліся беларускія школы, ішоў шалёны русіфікатарскі наступ, а правадыры БССР ліхаманкава рыхтаваліся папоўніць беларусамі новую гістарычную супольнасць — савецкі народ...
Дзівакам-рамантыкам, накшталт У. Калесніка, пры такім раскладзе, што прапаноўвала сваім грамадзянам магутнейшая ў свеце таталітарная дзяржава з яе жорскай сістэмай іерархічнага падпарадкавання, строгай рэгламентацыяй і кантролем за ўсімі формамі выяўлення грамадскай думкі, не заставалася нічога лепшага, як разгортваць свой ідэал дзяржаўнага і грамадскага ўладкавання на пляцоўках ідэалагічна больш ціхіх і бяспечных, чым сфера рэальнай палітыкі. Скажам, дрэйфаваць у мінулую гісторыю Беларусі, да цьмяных берагоў Сярэднявечча, дзе ўзгаралася зорка беларускага Адраджэння, пачынаўся Новы час, наступаў Залаты век... І Францыск Скарына са старонак «Библии русской» разважаў аб мудрых законах, якіх павінны слухацца і якім мусяць падпарадкоўвацца нават цары...
Непапраўны ідэаліст і фантазёр, які публічна бажыўся ў сваіх камуністычных перакананнях, ён чамусьці захапляўся і аддаваў відочную перавагу ў сваіх працах прымітыўна-простым, змадэляваным паводле законаў жывой прыроды і боскай справядлівасці формам арганізацыі грамадства і грамадскага жыцця. Тым самым, паводле якіх жылі першыя хрысціянскія абшчыны, што яшчэ не скаштавалі пладоў рэальнага сацыялізму, паводле якіх і сёння жывуць у прывольных пушчанскіх лясах чароды асілкаў-зуброў, раяцца пчаліныя раі... Звяры і птушкі ведаюць свае лагавіскі і гнёзды, а людзі навекі захоўваюць у сваім сэрцы любоў і ласку да мясцін, дзе нарадзіліся і ўзгадаваліся з ласкі Божай...
Чалавек нябесны, улюбёны ў Сярэднявечча і паэзію класічных рамантыкаў, ён быў адначасна і чалавекам надзіва зямным, рэалістычным, які хадзіў па грэшнай зямлі, і гэты цвёрды грунт пад нагамі, смак цяжкой штодзённай навуковай і творчай працы, вір службовых, гаспадарчых, бытавых і іншых дробязных і нядробязных клопатаў і спраў былі для яго такой жа неабходнай і сэнсоўнай часткай жыцця, як і патрэба ўзірацца ў зорнае неба над галавой і недасяжны іскрысты Млечны Шлях...
Жыццё, людзі, свет цікавілі яго ва ўсёй разнастайнасці і шматаблічнасці сваіх праяў, ва ўсіх сваіх унутраных дачыненнях, сутыкненнях і супярэчнасцях, гармоніі і анамаліях, высокім і нізкім, трагедыйным і камічным.
Ён і сам быў чалавекам няпростым, складаным — як уласнай неардынарнай, рэдкай натурай, так і адбітым у ёй часам з яго кантрастамі, супярэчнасцямі і ілюзіямі, з яго надзеямі і памылкамі, з яго праўдамі і горкімі крыўдамі. Ён быў як само жыццё... І нават назвай сваёй развітальнай кнігі дзякаваў жыццю за дар блаславёнага святога і грэшнага чалавечага наканавання...
Ягоны чалавечы характар можна суаднесці з спектрам дзённага святла: у ім як бы ўсе мажлівыя адценні і грані чалавечай натуры, узятыя ў іх дыялектычных антыномах... Ён быў мудры і гарачліва безаглядны, праніклівы і наіўна-даверлівы, адчайна смелы, нават дзёрзкі і абачліва асцярожны, бескампрамісны і памяркоўны, паблажлівы і педантычна строгі, па-таварыску просты, даступны і субардынацыйна недасягальны... Быў шляхетна далікатны і абыходлівы з людзьмі і мог прылюдна разануць такое... у духу не горшых узораў вуснай творчасці народа, што заставалася толькі пачухаць патыліцу... Усё залежала ад узроўню асобы субяседніка і сітуацыі, грамадскай важнасці і прынцыповасці дыскутаванага пытання ці праблемы, унутранага настрою і стану душы.
Але над усімі антыномамі дамінавала і звязвала іх у цэласны чалавечы характар ягоная непаўторная мудрая, іранічна-мяккая ўсмешка, якая гаварыла пра яе ўладальніка больш і глыбей, чым усе напісаныя ім кнігі і сказаныя словы...
...Мне здаецца, што якраз у шматграннасці і дыялектычна-супярэчлівым універсалізме натуры і чалавечага характару Уладзіміра Андрэевіча, што дазвалялі яму лёгка распазнаваць розныя тыпы аўтарскай індывідуальнасці і характараў літаратурных герояў, прагназаваць і дакладна ацэньваць іх псіхалагічныя рэакцыі і паводзіны ў канкрэтных жыццёвых сітуацыях і, адпаведна, адэкватнасць іх эстэтычнай сублімацыі ў мастацкім вобразе, якраз і прыхавана таямніца яго унікальнага крытычнага дару.
Прычым сама літаратурна-крытычная праца была для яго не толькі інструментам пазнання рэчаіснасці і мастацтва, але і формай самога жыцця, той яго унікальнай гранню, якая дазваляла спаўна рэалізаваць якраз найбольш моцныя бакі яго шматграннай таленавітай натуры.
Калеснік — літаратар, творца і Калеснік — жывы чалавек — шмат у чым розныя людзі. Пісьмо, праца над словам астуджвалі яго гарачую імпульсіўную натуру, яго імгненную, часта непрадказальную рэакцыю на падзеі і з’явы грамадска-палітычнага і літаратурнага жыцця, людзей, дазвалялі спыніць і вярнуць час, скарэкціраваць празмерна эмацыянальныя ацэнкі альбо недакладныя высновы. Пісанае слова вызваляла ў ім прастору для вечнага, для глыбіннага філасофскага роздуму над сутнасцю жыцця і з’яў мастацтва, вызваляла ў ім мысліцеля, як Радэн вызваляў скульптурны вобраз, адсякаючы, па яго словах, усё лішняе.
Ён і сапраўды быў у гушчыні жыцця, быў як само жыццё, але адначасна і над жыццём.
Ён жыў у сваім часе, але і над часам.
Ён заўсёды быў самім сабою, але і над сабой, больш за самога сябе...
Усё ягонае жыццё ёсць гісторыя бязлітаснага спаборніцтва, змагання і барацьбы: з часам, лёсам, з самім сабою — учарашнім, недасканалым, кансерватыўным...
Я не магу назваць у сённяшняй нашай літаратуры пісьменніка, літаратара, роўнага яму ў гэтым чалавечым і творчым подзвігу: патрэба ў самаўдасканаленні, у пастаянным самаабнаўленні была ўнутранай асновай, стрыжнем яго натуры, яго тытанічнай, па-сапраўднаму рэнесансавай постаці.
У свае семдзесят тры гады ён пайшоў ад нас да крыўднага рана, па-маладому прагны праўды і хараства, поўны шматлікіх задум, у вечнай, няскончанай спрэчцы з жыццём і яго праблемамі.
Ягоны дух сягаў на стагоддзе!..
Прысніцца ж такое: я паставіў сваю машыну ў гараж да Калесніка!..
Ян Чыквін. Перадуманае, перажытае, запісанае
Ёсць кнігі як бы непрыкметныя з прычыны свайго ці то месца выдання або нягучнай назвы ці адсутнасці якой-колечы рыначнай рэкламы, але якія, аднак, з’яўляюцца вехавымі з’явамі літаратурнага працэсу. Такім яркім апошняга часу для беларускага прыгожага пісьменства творам мне бачыцца «Доўг памяці» Уладзіміра Калесніка, вядомага найперш літаратуразнаўцы і культуролага, нескаронага гегемона беларушчыны другой паловы XX стагоддзя (трэба нагадаць, што кніга выйшла амаль праз адзінаццаць гадоў пасля смерці аўтара дзякуючы намаганням блізкіх яму людзей, удзячных вучняў, калег). Звязаўшы сваю педагагічна-навуковую кар’еру з Брэсцкім дзяржаўным універсітэтам (на той час яшчэ педагагічным інстытутам), прафесар Калеснік спецыялізаваўся на гісторыі заходнебеларускай літаратуры, у апошні перыяд жыцця ахопліваючы сваёй аналітычнай увагай і беларуска-беластоцкі навейшы літаратурны кантэкст. Заходняя Беларусь была яго малой радзімай, і ён аддаў ёй усю сваю сыноўнюю любоў і неардынарны талент вучонага. Ягоныя фундаментальныя навуковыя даследаванні ў гэтай дзялянцы пазначаны адметнай канцэптуальнасцю, энцыклапедычнасцю і чалавеказнаўствам і насычаны асабістым захапленнем, перажываннем прадмету аналізу і пазнання. Літаратуразнаўчым даследаванням праф. Калесніка былі чужыя псеўда-аб’ектыўны гуманізм і адцягненая, нібыта выключна навуковая праўда. У цэнтры ягоных навуковых прац стаіць заўсёды шматмерны чалавек, індывідуум са сваім унутраным адкрытым светам, пошукам ісціны, са сваімі сацыяльна-палітычнымі ідэаламі, пачуццямі і эмоцыямі, урэшце са сваім творчым здзяйсненнем; стаіць асоба іn statu nascendi, а не гатовы, застылы прадукт выпадковага часу і лакальнага месца.
У кнізе «Доўг памяці» (якую Калеснік пачаў пісаць «калі пераступіў мяжу актыўнага жыцця» і якая выйшла ў свет ужо пасля смерці аўтара і з той, на жаль, прычыны яна заканчваецца-абрываецца на гадах другой сусветнай вайны) Калеснік заяўляе аб сабе як выдатны мастак слова, пісьменнік, віртуоз-стыліст. Ён выказваецца ў жанры аўтабіяграфіі свайго пакалення, у жанры паглыбленых успамінаў, інакш гаворачы, у такой форме прозы, у якой пачаткам суб’ектыўнага бачання самога сябе і свету прыдаецца канстытутыўны статус і якім пісьменнік карыстаецца ў поўнай меры.
Галоўным героем «Доўгу памяці» з’яўляецца, натуральна, сам аўтар. Па сацыяльнаму палажэнню ён мужык, селянін, па нацыянальнаму — прыгнечаны беларус, па сваіх прыродных якасцях — адораны жывапіснай памяццю дзяцюк, неўзабаве юнак, у якім жыве, разрастаецца плебейская гордасць і мужыцкая фронда, этычны максімалізм, фанатычная сумленнасць, рэвалюцыйнае памкненне здзяйсняць дабро і справядлівасць для чалавецтва і які «вельмі рана адчуў, — як піша аб сабе Калеснік, — нейкую балючую раздвоенасць свету». На этапе сталення, уваходжання ў грамадскае жыццё гэтага маладога чалавека сустрэне раптам, нечакана Вялікая Гісторыя, спрабуючы і яго, як мільёны іншых, сцерці ў свой пыл, знішчыць маральна і фізічна. Аднак ён выйдзе з драматычна-гістарычных калізій усё-такі жывым і той жа Гісторыі, прынамсі на некаторых яе загонах, сам накрэсліць вектары яе далейшага павароту-разгону.
Сацыяльна-палітычны, нацыянальны, культурны пласты беларускай гісторыі (праз чалавека, асобу) з пільнай увагай да іх заходнебеларускай канкрэтыкі пісьменнік выяўляе надзвычай глыбока і шырока, у каларытных вобразах, па-жывапіснаму дакладна і сугестыўна, тым самым пашыраючы межы аўтабіяграфічнага жанру, фактычна прапануючы як бы яго новы варыянт. Таму што «Доўг памяці» нетыповая кніга ўспамінаў. Яна найперш пра вопыт душы высакароднага, аж да поўнай бескарыслівасці, таленавітага беларуса, пра межы пачуццяў (як дадатных, так і адмоўных: роднасць з сябрамі, радасць жыцця, полымя кахання, але і страх, ганьба, паніка і г. д.). Яна — і пра гераічны стан грамадства. «Доўг памяці» — гэта таксама роздумная, палемічная кніга («Панапісвалі кнігі пра вайну і партызаншчыну спачатку тыя, хто хоча «падправіць праўду»; Пар. таксама: «гісторыю ствараюць спачатку выдумшчыкі»: або: «Вакол партызанскай вайны вядзецца папяровая вайна, ідэалагічная дыверсія») аб вялікіх праломах у айчыннай гісторыі, калі ішло паскоранае гартаванне беларускай нацыі — пра пабудову новага ладу жыцця на асновах марксізму і пра вайну, асабліва пра партызанскую вайну (чаму і як стваралася партызанка, спецыфіка, азбука партызанскага супраціву, будні гэтай вайны і міфы аб ёй, групы самадзейнікаў і атрады цэнтралізаваных партызан, сутнасць «небяспечнай этыкі», чым заставалася антыфашысцкае падполле і г.д.). Кніга ўспамінаў Калесніка — гэта і філасофскі трактат аб пошуках хоць бы прыблізнага адказу на адвечныя пытанні: што такое праўда? што такое памылка? што такое прагрэс? і г.д. I адначасова гэта кніга — наскрозь мастацкі, зіхатлівай прыгажосці літаратурны вітраж. Яна складаецца даслоўна з безлічы ўнутраных, пастаўленых па прынцыпу анфілад, лірычных мінінавел, мікраапавяданняў, напоўненых выбуховымі, трагічнымі сюжэтамі, якія ўсе прама або ўскосна звязаны з цэнтральным эпізодам, цудоўным гімнам чыстаму пачуццю кахання, амаль парабалічнай прыпавесці аб Зіне Маслоўскай. Дзяўчына гіне напачатку вайны ад рук фашыстаў, і яе светлы вобраз назаўсёды застанецца для аўтара ўспамінаў адным з нязменных пуцяводных маякоў, які ў цяжкія жыццёвыя моманты вайны стрымліваў яго самога быць такім жа нялюдскім, зверскім, жорсткім, як фашысты-немцы ці карнікі-літоўцы, хоць, як піша, часта «хацелася забіць свайго ворага».
Паэтычны вобраз Зіны цесна звязаны ва ўспамінах Калесніка з вобразам маці. Яна рана адышла, раздзіраючы гэтым напалам, пакідаючы незагойную рану на ўражлівай душы сына. Пра тайніцу гэтай заўчаснай сямейнай драмы ён усё збіраўся паведаць адной адзінай мілай сэрцу дзяўчыне. Але ж так і не паспявае раскрыцца перад дарагім яму чалавекам, вызваліцца ад цяжкога сакрэту. Вось і прышлося несці самому тое аж да канца, і толькі на зыходзе сваіх дзён расказаў Калеснік сваёй Ізольдзе-Зіне хоць у такой апасродкаванай форме пра свой пакутны крыж.
Не менш ёмісты ў «Доўгу памяці» партрэт бацькі, плытагона, які вучыў сына карыстацца ў жыцці практычным розумам, хоць з усіх сіл памагаў свайму «рамантыку», «цыгану» выйсці ў людзі. Жывапісныя вобразы брата, школьных сяброў, шматлікіх вясковых людзей, камандзіраў-партызан, а таксама настаўнікаў і розных панкоў і падпанкаў, якія раней «млелі ад любові да Сталіна», а потым (як некаторыя пазнейшыя відныя дзеячы беларускай эміграцыі) праходзілі раптоўныя метамарфозы і станавіліся фанатычнымі антысаветчыкамі і шыбка ішлі на супрацоўніцтва з фашыстамі-акупантамі.
Большасці герояў з гэтага многалюднага і шматгалосага свету фенаменальных успамінаў Калесніка сёння даўно ўжо няма ў жывых, астатнія, пэўна ж, знаходзяцца на пераходзе паміж святлом і краінай ценяў. Аднак усе яны разам пад пяром выдатнага мемуарыста атрымалі мастацкае вымярэнне, паўторнае дыханне і зноў вярнуліся ў вызначаныя ім вышэйшым конам гады жыцця, і сваімі здзейсненымі і няздзейсненымі лёсамі-парываннямі цяпер выяўляюць нам чалавечую праўду таго беларускага часу больш рэльефна і пераканаўча, чым хто іншы мог бы гэта зрабіць. О, непераўзыдзеная сіла жывога мастацтва!
Гісторыя Заходняй Беларусі 1921—1939 гадоў неразрыўна звязана, як вядома, з польскім пытаннем. У той час тут была польская ўлада. Солтыс, стараста, бурмістр, паліцыянт, харцэрства, школа і ўсе іншыя грамадскія вертыкальныя і гарызантальныя структуры былі носьбітам гэтай улады. Яна пранікала ці не ва ўсе шчыліны беларускага побыту. Сваёй культурай, традыцыямі, звычаямі, лацінскай вераю, сацыяльна-нацыянальнай праўдай і няпраўдай выцясняла адусюль карэннае, мясцовае, туземнае. А тое сваё, не структурызаванае і таму досыць кволае, слабое, трымалася-супраціўлялася польскаму захопу, палітыцы імклівага апалячвання краю адно прыналежнасцю да ўсходнеславянскага, агульнарускага абшару культуры і прасацыялістычнымі ідэалагічнымі сімпатыямі.
Ва ўспамінах Калесніка польскі ракурс прысутнічае, бадай, на ўсіх узроўнях кнігі, пачынаючы ад лексічна-стылістычнага, дзе аўтар дзеля гістарычнай праўды не мог жа абмінуць значнага ўплыву на тамтэйшы люд каларытнай пальшчызны, і канчаючы, узноўленым у мастацкім слове, тадышнім заходнебеларускім светам, гэтых даваенных польскіх «крэсаў» з іх паскоранай хадою гісторыі ў напрамку калапсу.
Было б несправядліва не ўзгадаць, што Уладзімір Калеснік любіў польскую культуру. Яе азы ён засвоіў яшчэ ў школе, а пазней свае паланістычныя веды сістэматычна дапаўняў і паглыбляў. У дзіцячыя гады, як і тысячы іншых беларусаў-заходнікаў, Калеснік быў раздзёрты паміж граматай рускай і граматай польскай. «Ніякіх беларускіх кніг у нашай хаце не было», — піша ён з горыччу пра тыя прамінулыя дні свайго малалецтва. Аднак тагачасная салідная падрыхтоўка, навучанне ў Наваградскай польскай гімназіі засталіся ў ім назаўсёды. У мемуарах шмат паланізмаў, паўсюль гучаць рэмінісцэнцыі з твораў польскіх і заходнееўрапейскіх пісьменнікаў, з любоўю ўспамінаюцца ім польскія кампазітары і асабліва мастакі-жывапісцы рэалістычнага і імпрэсіяністычнага напрамку. Неспатоленая прага маладога беларуса наталялася іхнімі творамі, і яны, гэтыя жывапісцы ў першую чаргу, фармавалі ягоны эстэтычны густ і талент. Па сутнасці «Доўг памяці» чытаецца як споведзь беларускага шчырага паланафіла ў сферы культуры і — парадаксальна — своеасаблівага беларускага Валенрода ў ідэйным супрацьстаянні. «Мой намер, маё рашэнне стаць настаўнікам было прынята ў гімназіі і з’яўлялася скрытаю праявай валенрадызму. Я вырашыў, што закаранюся ў педсістэму ворагаў майго народа і там, знутры, буду абуджаць у дзяцей любоў да роднага і пагарду да той сілы, якая паняволіла душу нашага народа, пагарджае яго мовай». Аднак, не за гарамі была сусветная бойня і рамантычна-прываблівую накідку валенрадызму неўзабаве мус было беларусу-гімназісту замяніць на вопратку антыфашыста.
Пры тым усё ж засваенне высокай польскай культуры ішло ў Калесніка поруч з адмаўленнем польскай ідэалогіі, польскага місіянерства «на крэсах», польскіх міфаў «аб крэсах», урэшце палітыкі Пілсудскага ў дачыненні да Беларусі. Аўтар мемуараў (у адрозненне ад некаторых іншых беларускіх буйных пісьменнікаў і паэтаў, якія сёння прабуюць «адчысціць» сваю біяграфію ад папярэдніх ідэалагічных схільнасцей і узаемаабдымкаў) чыстасардэчна прызнаецца, што з юначых гадоў ён быў заражаны ідэяю сацыялізму. «Мы яе любілі і жылі ёю», — кажа ён ад імя свайго пакалення, гордага сваім плебействам, максімалізмам у памкненні будаваць лепшы, новы грамадскі лад. У сутыкненні з гэтай ідэяй панска-польская ідэалогія, што «на крэсах» несла адно пагарду да мужыцкага, сялянскага, беларускага, станавілася асабліва запальнай, рухаючай сілаю для заходніх беларусаў у іх нацыянальным самагартаванні і самаўзгадаванні.
Янка Брыль сваю прадмову да кнігі сябра, паплечніка Уладзіміра Калесніка назваў лаканічна-вычарпальна «Помнік», што цалкам адпавядае сутнасці гэтага твора.
-
Міхась Тычына. Уладзімір Калеснік і шасцідзясятнікі
-
Анатоль Верабей. Шлях праз эпоху (Абсягі жыцця і творчасці Уладзіміра Калесніка)
-
Ала Сямёнава. Справаздача сумлення
-
Мікола Мішчанчук. Грані творчай індывідуальнасці Уладзіміра Калесніка
-
Васіль Жуковіч. І абаронца й творца хараства
-
Наталля Давыдзенка. Агонь незалежнай думкі
-
Юрый Паталкоў. «Балючая любоў» Уладзіміра Калесніка (У. Калеснік як філосаф літаратуры)
-
Галіна Малажай. Ведаў, любіў, адмыслова карыстаўся
-
Генадзь Праневіч. Падзвіжнік духу
-
Ян Чыквін. Перадуманае, перажытае, запісанае
ЛЕТАПIСЕЦ ЗАХОДНЕБЕЛАРУСКАГА ЖЫЦЦЯ
У 20–30-я гады нядаўна мінулага стагоддзя была ў нас свая беларуская Атлантыда. І называлася Яна — Заходняя Беларусь. Уладзімір Калеснік, узгадаваны на нёманскіх берагах, стаў дасведчаным летапісцам заходнебеларускага літаратурнага жыцця, праніклівым крытыкам і нястомным прапагандыстам такіх выдатных майстроў слова, як Максім Танк і Уладзімір Жылка, імёны якіх зрабілі б гонар любой літаратуры. Наогул, яму было характэрна разглядаць нацыянальныя духоўныя здабыткі ў агульнаеўрапейскім кантэксце, ён быў аднолькава дасведчаны як у антычнай культуры, так і ў народных фальклорных скарбах.
Уладзімір Ягоўдзік
Нарысы У. Калесніка спалучаюць дакладнасць гістарычнага даследавання (напрыклад, шырокае выкарыстанне архіўных і іншых аб’ектыўных крыніц) з асабістым пісьменніцкім поглядам на жыццё, гісторыю, літаратуру, яе творцаў і прыхільнікаў. Па жанры яны блізкія да літаратурных біяграфій з вядомай серыі «Жизнь замечательных людей». Разам з тым яны — вынік літаратурна-практычнай дзейнасці аўтара, што ўзяўся за нялёгкую задачу — далучыць да агульна-нацыянальных здабыткаў беларускай літаратуры яе рэгіянальную заходнебеларускую плынь пераважна рэвалюцыйна-дэмакратычнага і рамантычнага кірунку, яе таленавітых ці проста здольных творцаў, у тым ліку тых, якія ў 30-я гады аказаліся несправядліва «выкрасленымі» з жыцця і духоўнай культуры.
Уладзімір Конан
Гэта быў час вяртання да жыцця многіх забытых імёнаў і да творчасці тых зусім нямногіх, каму пашчасціла ацалець. Чымсьці тыя гады нагадваюць сённяшні час, калі на нас абрынулася лавіна раней «забароненых», «арыштаваных» твораў. У Калеснікавай манаграфіі і наступных яго навуковых працах уражваў вадаспад імёнаў, назваў, фактаў літаратурнага жыцця — многія з іх яшчэ і сёння ўспрымаюцца як адкрыццё, а У. Калеснік змог, знайшоў спосаб увесці іх ва ўжытак або хаця б напомніць, проста назваць, што былі такія, было такое. К. Сваяк, А. Навіна, I. Канчэўскі, Н. Арсеннева, У. Жылка, Г. Леўчык, А. Салагуб, I. Дварчанін, Л. Родзевіч, — сустрэўшы ў У. Калесніка гэтыя імёны, дапытлівая студэнцкая моладзь і навукоўцы кідаліся ў бібліятэкі і архівы на пошукі першакрыніц, якія даследчык заўсёды абазначаў вельмі дакладна, быццам трымаў увесь час на ўвазе менавіта такога «праніклівага чытача».
Міхась Тычына
У друку пачатку 90-х яго раз-пораз крытывалі за «савецкасць» у поглядах. Але я добра памятаю пачуццё, з якім у шэры змрочны дзень разгарнула ў чытальнай залі Нацыянальнай бібліятэкі невялічкую кніжку вершаў Уладзіміра Жылкі — першую за многія дзесяцігоддзі забыцця! — з прадмовай У. Калесніка. Гэтая паэзія перавярнула ўсю маю душу, і былі абсалютна прыймальнымі тыя радкі, дзе беларускі крытык пісаў пра нібыта «савецкасць» Ул. Жылкі — без іх ніяк не ўдалося б увогуле выдаць паэзію гэтага слыннага сына Беларусі. Мы ўжо добра ведалі гэтую «гульню» і навучыліся ацэньваць сутнасць, а не формы. Таму я напісала яму ліст з падзякай — «за Жылку». А ён, прыехаўшы ў Мінск, патэлефанаваў мне і павіншаваў з тым, што я так, як ён выказаўся, «чуйна», ацаніла Паэта. Дарэчы, усё, што ён адкрываў, было для нас, філолагаў, пісьменнікаў (як, зрэшты, і для шырокай грамадскасці) новым і нязведаным — і ў ягонай манаграфіі «Паэзія змагання», і анталогія «Сцягі і паходні», і зборнік «Час і песні», і многае іншае...
Вольга Іпатава
Укладальнік і аўтар прадмоў
Адкрывальнік беларускай Атлантыды
Уладзімір Конан. Талент крытыка
«26.05.2004, Менск.
Шаноўная Зося Міхайлаўна!
Янка Брыль перадаў мне Вашую прапанову даць свае матэрыялы пра жыццё і творчасць выдатнага літаратара, даследчыка і крытыка Уладзіміра Калесніка. Я знайшоў свой артыкул, напісаны з нагоды выхаду ягонай кнігі «Лёсам пазнанае». Мой артыкул-рэцэнзія друкаваўся ў ЛіМе 20 гадоў таму назад. Калі ён падходзіць да зборніка, то буду рады ўдзельнічаць у гэтым выданні пра выдатнага вучонага і таленавітага чалавека-настаўніка і прафесара.
Мае сустрэчы з ім былі рэдкія, але цікавыя. Галоўным чынам — на навуковых канферэнцыях у Менску, на розных сустрэчах у Саюзе беларускіх пісьменнікаў. Аднойчы сустрэўся з ім у Брэсце: на вяселлі Алеся Разанава і ягонай цяперашняй жонкі.
Былі і сустрэчы навукова-літаратурныя: Уладзімір Калеснік згадзіўся быць навуковым рэдактарам маёй манаграфіі «Ля вытокаў самапазнання: Станаўленне духоўных каштоўнасцей і святло фальклору» (Мн., 1989). Я з удзячнасцю выкарыстаў некалькі прапаноў, якія былі карыснымі для кнігі.
Мабыць, я адзін з многіх нашых калегаў, якія чыталі з цікавасцю ўсё, што друкаваў Уладзімір Калеснік. І заўсёды радаваўся ягонай прысутнасці ў літаратуры і навуцы.
Дай Бог Вам здароўя і поспехаў у жыцці!»
Спрэчкі аб крытыцы, як відаць, адносяцца да тыпу дыскусій, якія пачаліся даўно і ніколі не закончацца. Адны залічваюць яе да літаратуразнаўства, бо яно, на іх думку, мае тры «іпастасі» — тэорыю літаратуры, яе гісторыю і крытыку: другія бачаць у ёй асобны жанр мастацкай літаратуры; трэція даводзяць яе аўтаномнасць як «самастойнага віду духоўнай творчасці», які не можа быць зведзены ні да навукі, ні да мастацтва. Звычайна ў такіх спрэчках аргументамі з’яўляюцца асабістая інтуіцыя і пэўныя аналогіі, якія можна дапаўняць усё новымі ўраўненнямі. Напрыклад, зусім было б дарэчы параўнанне крытыкі з прамоўніцкім майстэрствам, бо без красамоўства і вобразнай дасціпнасці яна шмат у чым губляе прывабнасць для чытача.
Знаёмства з мноствам поглядаў на крытыку наводзіць на такія пытанні: а ці патрэбны тут наогул канчатковыя вызначэнні? Можа, асаблівасць крытыкі якраз у тым, каб, не будучы канчаткова «нічым», заставацца, так сказаць, «адкрытай сістэмай», убіраць у сябе ўсю духоўную культуру? Бо, як сведчыць практыка, лепшыя здабыткі крытычнага жанру валодаюць якасцямі літаратуразнаўства, эстэтыкі, мастацтвазнаўства, публіцыстыкі, мастацкай прозы, філасофіі, нават сацыялогіі і палітыкі. Схільны да лагічнага аналізу чытач слушна запярэчыць мне: у такім выпадку губляецца сутнасць і спецыфіка крытыкі, яна становіцца нейкай «выцяжкай» ці кантамінацыяй з фрагментаў іншых навук і мастацтваў. Спецыфіка крытыкі, безумоўна, ёсць, яна ў тым, каб быць інтэрпрэтацыяй мастацтва, «прыкладной» эстэтыкай; а мэта яе — аналіз мастацкай творчасці (з улікам усіх апасродкаваных сувязей яе з сацыяльным асяроддзем і гісторыяй народа), а разам з тым — узнаўленне вобразаў стваральнікаў мастацкай культуры, іх жыццёвага лёсу і творчага шляху. І толькі ад густу, добрай волі, таленту і майстэрства крытыка залежыць, па-першае, аб’ектыўнасць, агульназначнасць яго ацэнак, па-другое, іх непераходзячае значэнне і, па-трэцяе, каштоўнасць яго ўласных творчых набыткаў. Ад самога ж крытыка залежыць і тое, ці будзе яго пісанне арыгінальным творам, арганічнай навукова-мастацкай цэласнасцю, ці, наадварот, механічным спалучэннем фрагментаў чужых думак і канфармісцкіх, стандартных ацэнак — сумніцельным вырабам уяўнай дасведчанасці і фармальнай эрудыцыі.
З такімі крытэрыямі (усвядомлена ці інтуітыўна) падыходзіш да кожнай новай кнігі крытыка (ды й наогул пісьменніка), якога яшчэ добра не ведаеш. Звычайна дастаткова беглага пагляду, каб прыняць рашэнне — прачытаць грунтоўна, са «смакам» і эстэтычным задавальненнем, ці адкласці ўбок і больш ніколі да яе не вяртацца. Гэткая альтэрнатыва наогул не ўзнікла, калі ў канцы мінулага года з’явілася кніга «Лёсам пазнанае» Уладзіміра Калесніка — вядомага даследчыка роднай літаратуры і настаўніка студэнцкай моладзі. Наш чытач знаёмы з яго папярэднімі публікацыямі гэтых і іншых нарысаў, адзначаных глыбокай навуковасцю, дакументальнай аргументаванасцю і смелай пастаноўкай новых праблем. Добра запомніліся яго кніга «Ветразі Адысея. Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі» (1977 г.), літаратурны партрэт «Максім Танк» (1981 г.). І сёння нельга не вітаць ініцыятыву выдавецтва «Мастацкая літаратура», якое выпусціла ў свет кнігу выбраных літаратурных партрэтаў і нарысаў У. Калесніка ў добрым мастацкім афармленні якраз у год яго шасцідзесяцігоддзя. Партрэт аўтара — бадай што адзіная «юбілейная» адзнака кніжкі, бо тут няма і скідак на юбілейнасць. Усе нарысы — вынік грунтоўнага вывучэння літаратурнага руху ў былой Заходняй Беларусі і актыўнага ўдзелу крытыка ў сучасным літаратурным працэсе.
Нарысы У. Калесніка спалучаюць дакладнасць гістарычнага даследавання (напрыклад, шырокае выкарыстанне архіўных і іншых аб’ектыўных крыніц) з асабістым пісьменніцкім поглядам на жыццё, гісторыю, літаратуру, яе творцаў і прыхільнікаў. Па жанры яны блізкія да літаратурных біяграфій з вядомай серыі «Жизнь замечательных людей». Разам з тым яны — вынік літаратурна-практычнай дзейнасці аўтара, што ўзяўся за нялёгкую задачу — далучыць да агульна-нацыянальных здабыткаў беларускай літаратуры яе рэгіянальную заходнебеларускую плынь пераважна рэвалюцыйна-дэмакратычнага і рамантычнага кірунку, яе таленавітых ці проста здольных творцаў, у тым ліку тых, якія ў 30-я гады аказаліся несправядліва «выкрасленымі» з жыцця і духоўнай культуры. Як правіла, яны ў тагачасных складаных умовах і трагічных калізіях здолелі выявіць толькі меншую частку закладзеных у сваёй душы творчых магчымасцей. Вынікам гэтай працы былі выданне паэтычных зборнікаў М. Засіма «Выбранае» (1960 г.), М. Васілька «Зоры над Нёманам» (1963 г.), кнігі паэзіі заходнебеларускіх пісьменнікаў «Сцягі і паходні» (1965 г.) і ўступны артыкул да выбраных твораў Г. Леўчыка «Доля і хлеб» (1980 г.).
Новая кніга У. Калесніка пачынаецца з нарыса пра Г. Леўчыка (Ілью Ляўковіча), амаль равесніка Янкі Купалы. Творчасць яго — недзе на перыферыі вялікага купалаўскага свету; але без уліку яе, як і паўпрафесійнай паэзіі іншых паэтаў дакастрычніцкай пары, нацыянальная літаратура страціла б сваю «аб’ёмнасць» і гістарычную перспектыву. Валодаючы ў аднолькавай ступені метадам навуковага аналізу і літаратурнай інтуіцыі, даследчык здолеў вызначыць дамінантныя вобразы-сімвалы беларускай дакастрычніцкай літаратуры і ўключыць яе ў сістэму агульнаеўрапейскіх літаратурных ідэй. «Два матывы ляглі ў аснову нашай патрыятычнай легенды: матыў смерці і ўваскрэшання (сну і абуджэння) Беларусі і матыў подзвігу мастака-чарадзея, прарока і змагара... У еўрапейскай культуры аналагічныя матывы складаюць дыянісійскі адраджальны і праметэеўскі — ахвярна-гераічны канон».
Паняцце «легенда» праходзіць праз усю кнігу У. Калесніка, гэта яго рабочы тэрмін, што азначае тварэнне ў мастацтве (а часам і ў палітыцы) ідэальных каштоўнасцей і «праекцыю» іх на ўсю нацыянальную гісторыю. Я. Купала ў Савецкай Беларусі далучыўся да сацыялістычнай рэчаіснасці і адпаведнай ёй новай сістэмы каштоўнасцей. Г. Леўчык аж да сваёй трагічнай смерці (расстраляны ў 1942 годзе фашысцкімі акупантамі) апынуўся недзе ў трохкутніку свайго роднага Слоніма, Вільні і Варшавы, дзе жыў «на палажэнні то дробнага служачага, то беспрацоўнага». Паэт пасіўна-сузіральнага складу, жыццёвымі абставінамі адлучаны ад актыўнай палітычнай барацьбы, ён працягваў у заходнебеларускай літаратуры нашаніўскую традыцыю народніцкага альтруізму. Не падняўшыся да ўзроўню яркай творчай індывідуальнасці, Г. Леўчык, як гэта пераканаўча даводзіць крытык, усё ж выявіў часцінку характару душы свайго народа — гуманную добразычлівасць і перанесеную скрозь шэрасць штодзённага побыту інтэлігентнасць, гераічны аптымізм пры прыроджанай схільнасці да меланхалічных спадаў. Усё гэта адклалася на паэтычным стылі паэта, які пры ўсіх недахопах (брак творчай незалежнасці і мастацкай культуры) усё ж узняўся над ўзроўнем аматарскай масавай творчасці. На думку даследчыка, у прысвечаным Янку Купалу санеце «На Купалле», дзе малюецца сімвалічная постаць паэта-вандроўніка, што прынікае да штодзённага народнага побыту, а затым моліцца за свой край, Леўчык «звужана бачыў Купалаў ідэал мастака». Мне здаецца, што тут хутчэй аўтапартрэт: гэта ён, дробны пісар з Варшавы, не раз прыязджаў на родныя палеткі, «у вёску пад шэрыя хаты», каб увабраць у сябе іх радасць і гора, «расою абмыць заплаканыя вочы», увайсці «пад мховыя стрэхі», падслухаць дзявочыя думкі; затым роснай зялёнай мяжою ісці да лесу, і там:
Пад голаў злажыўшы дарожны мой
клунак,
На мох пад хваіну я там палажуся
І ціха за край свой тагды памалюся.
З гэтых малітваў і нараджаліся вершы.
Ужо ў першым нарысе нечым сцвердзілася назва кнігі: аўтар спакваля раскрывае, як лёс паэта фарміруе яго творчасць — духоўны аналаг ягоных жыццёвых вандраванняў. У наступных літаратурных партрэтах гэтая знітаванасць асобы пісьменніка, яго лёсу з яго творамі — яшчэ больш відавочная. Усе паэты з заходнебеларускіх бядняцка-сялянскіх гнёздаў — людзі нялёгкага і нават (як тыя ж Леўчык і Жылка, Алесь Салагуб) трагічнага лёсу. Адносна лягчэй прайшоў свой літаратурны шлях Міхась Васілёк (М. Касцевіч), хоць і тут адносна ранняя смерць — усё тая ж пячатка трагічнасці цэлых пакаленняў беларускай творчай інтэлігенцыі. Гэтаму паэту і цікаваму чалавеку У. Калеснік прысвяціў грунтоўны нарыс з арыгінальным «сюжэтам» і перыпетыямі, падрабязна ўзнавіў усе этапы яго жыцця і творчасці ў кантэксце нашай гісторыі, раскрыў яго духоўнае аблічча і псіхалагічную адметнасць. Пад пяром крытыка заходнебеларуская гісторыя ажыла, пазбавілася звыклай для нас ананімнасці, набыла шматгалоссе жыцця.
У заходнебеларускім рэгіёне Васілёк быў адзін з творцаў лірычнай паэзіі, узнятай на крыллях нацыянальна-вызваленчага руху 20—30-х гадоў. Разам з тым ён, пасталеўшы, спасцігаў і трагічнае ў жыцці; а ва ўмовах Савецкай Беларусі (40—50-я гады) талент паэта дасягнуў сталасці ў імкненні далучыцца да мастацкіх традыцый сацыялістычнага рэалізму. Аднак талент паэта — прыродны алмаз — у Васілька не набыў гранення і шліфоўкі сістэматычнай адукацыяй, і гэта нямала перашкаджала яму ў літаратурным жыцці. Даследчык не ўтойвае тыповых хібаў густу і недахопу майстэрства, характэрных для паэта-паўпрафесіянала: налёты рыторыкі і літаратуршчыны, папулярызатарскія спрашчэнні, фальклорная стылізацыя і карціннасць. І ўсё ж паэт часцей вырываўся «з пустыні рытарычнай мерзлаты ў цёплыя краіны сапраўднага мастацтва». Часам крытык, можа, занадта і строгі да паэта. Ці варта, скажам, трактаваць як «промах» супрацоўніцтва паэта ў «апалітычным» часопісе «Нёман» (дарэчы, яго ўзначальваў таленавіты мастак П. Сергіевіч) або ў ліберальным беларускім друку? Хоць паэзія тады цесна перапляталася з палітыкай, але ўсё ж захавала і пэўную аўтаномнасць.
Літаратурны партрэт А. Салагуба намаляваны на фоне па-мастацку зробленай гісторыка-этнаграфічнай экспазіцыі: гэта і паўпатрыярхальны побыт у глухой вёсачцы Смаргонскага павета з яе сямейнымі паданнямі; і Вільня — штаб рэвалюцыйна-вызваленчага руху, і «славутая» Лукішкская турма, дзе паэт праводзіў свае «канікулы» ў 1923 і 1927 гг.; урэшце — літаратурны Мінск, дзе апынуўся паэт, нелегальна перайшоўшы польскую граніцу ў 1928 г. Рана пачаў рыхтаваць сябе сялянскі юнак да барацьбы і грамадскай працы; «адточваў слова і па-рахметаўску гартаваў цела», актыўна ўдзельнічаў у працы Грамады, Таварыства беларускай школы (ТБШ), у паўлегальнай дзейнасці КПЗБ. Нарыс папаўняе нашы веды пра гісторыю Заходняй Беларусі і літаратурны рух
20-х гадоў. Але ж, мабыць, галоўны яго набытак — тонкі інструментарый для аналізу паэзіі перыяду станаўлення літаратурнага прафесіяналізму. І тут вопыт даследчыка карысны для сучаснай «бягучай» крытыкі, асабліва калі гутарка ідзе пра «маладую» літаратуру. Апошні «мінскі» этап Салагуба (пражыў ён усяго 35 гадоў) У. Калеснік падае сцісла, паасобнымі штрыхамі. Тут асабліва ўражвае трагічны фінал паэта: калі яго сястра ў 1934 г. перайшла граніцу і дабралася да мінскай кватэры Салагуба, то застала толькі разгубленую жонку паэта і малога сынка, які «нічога не разумеючы ў справах дарослых, маршыраваў па пакоі і весела распяваў папулярную тады песеньку: «Винтовочка, бей, винтовочка, бей, красная винтовочка, буржуев не жалей!»
Больш пашчасціла ў жыцці яго паплечніку па заходнебеларускіх барыкадах паэту і празаіку Піліпу Пестраку, прафесійнаму заходнебеларускаму рэвалюцыянеру, які амаль адзінаццаць гадоў сядзеў у турмах буржуазнай Польшчы, а пасля вераснёўскага вызвалення быў адным з вядучых пісьменнікаў БССР. Яму прысвяціў даследчык цікавы нарыс «Інжынер барыкад». Сапраўды, яго ранняя паэзія стваралася на барыкадах вызваленчага руху і ў турэмных камерах, дзе барацьба працягвалася ў іншых, менш актыўных формах.
Уладзімір Калеснік упершыню даследуе «заходнебеларускую» біяграфію змагара і паэта, па-свойму напісаную ў справаздачах паліцыі. «Рамантык па тыпу творчасці, П. Пестрак імкнецца ўсвядоміць сябе як рэаліст, пясняр праўды». Так вызначае даследчык яго пісьменніцкую індывідуальнасць. Але выявіў ён сябе пазней і пераважна ў прозе. Былі і ў ягонай паэзіі «самацветы», аднак тут «свячэнне ключавых вобразаў часта прыглушаюць доўгія дадаткі, рытарычна напышлівыя выкладкі праграмы барацьбы, агітацыйныя дэкларацыі».
На рамантычных крылах нацыянальна-вызваленчага руху з сялянскіх нізоў былой Заходняй Беларусі падняліся і менш вядомыя цяпер пісьменнікі, якія тым не менш паўплывалі на ўсталяванне традыцый народнасці ў нашай паэзіі. Сярод іх Мікола Засім, якому даследчык прысвяціў адзін са сваіх бліскучых літаратурных партрэтаў. Гэта бясспрэчная ўдача крытыка павучальная. Бо лягчэй, вядома ж, пісаць пра лідэраў у літаратуры і значна цяжэй пра яе «аўтсайдэраў». Праўда, М. Засім сцвярджаў родную літаратуру не толькі сваёй не вельмі багатай творчасцю, але і сваім жыццём, рэвалюцыйнай барацьбой, кіраваў брэсцкім абласным літаб’яднаннем. Без гэтай актыўнай жыццёвай пазіцыі яго спадчына была б менш цікавай.
Нарыс «Гнёзды паэтаў» прысвечаны пераважна самадзейнай масавай паэзіі Заходняй Беларусі, якая «моцна ўрастала там у грамадскае жыццё і як бы сплаўлялася з ідэалогіяй, пранізвалася палітыкай, станавілася не проста мастацтвам, а эстэтычна зараджанай формай народнай свядомасці наогул». Яе каштоўнасць хутчэй гістарычна-дакументальная, чым эстэтычная.
У. Калеснік паказаў, як з літаратурнага аматарства выраслі паэты Анатоль Іверс, Сяргей Крывец і інш. С. Крывец валодаў шматабяцаючым талентам, закрэсленым няўмольнай смерцю ад ран у самым канцы вайны. І мы разам з даследчыкам адчуваем, «якім патрэбным быў бы гэты востры бескампрамісны талент нашай сучаснай літаратуры».
Прыгожым завяршэннем кнігі з’яўляюцца нарысы «Будзённы дзень з Максімам Танкам» і «Здымак у жыце» (літаратурны партрэт Янкі Брыля). У кроплі марской вады адбіваецца ўсё мора; а ў адным дні выдатнага пісьменніка — яго жыццё, творчасць. Гэтую дыялектыку «часткі» і «цэлага» У. Калеснік паклаў у аснову нарыса. Тут ёсць пэўны сюжэт: паэт і крытык, звязаныя харошай дружбай, едуць разам у глыбінку Палесся, дзе павінны адбыцца сустрэчы дэпутата Вярхоўнага Савета БССР М. Танка з выбаршчыкамі. Так спалучаюцца дарожныя нататкі, нарыс пра грамадскую дзейнасць паэта і яго літаратурны партрэт, намаляваны з успамінаў і асацыяцый, якія нарадзіла прасветленая дарогаю памяць. Такім чынам узнікла адпаведнасць, гармонія паміж пульсацыяй жывой паэзіі і крытыка- біяграфічным нарысам пра яго. І, мабыць, сёння Калеснікава інтэрпрэтацыя праграмных твораў М. Танка — самая аб’ектыўная і абгрунтаваная.
У іншым сюжэтна-кампазіцыйным ключы нарыс пра Янку Брыля. Ён крыху бліжэйшы да традыцыйнага крытыка-біяграфічнага жанру, хоць і тут аўтар шырока выкарыстоўвае мастацка-выяўленчыя і эўрыстычныя магчымасці інверсій, асацыятыўнага мыслення, спалучэння асноўнай сюжэтнай лініі з пабочнымі эпізодамі, кінематаграфічнага мантажу кадраў з жыцця пісьменніка розных гадоў — ад дзяцінства да цяперашніх працоўных дзён на кватэры, у Саюзе пісьменнікаў, у Доме творчасці і г. д. І яшчэ адна сюжэтная лінія: пісьменнік і народ, паэт і родная прырода. Гэта розныя «іпастасі» нечага ўсеабдымнага, што завецца Радзімай. Раскрываючы перад чытачом творчую, бытавую і этычную культуру пісьменніка, крытык разам з тым даследуе і крыніцы гэтых духоўных каштоўнасцей. Яны ў высокай культурнасці, сапраўднай інтэлігентнасці таго народнага асяроддзя, адкуль прыйшоў і куды заўсёды вяртаецца (не толькі ў творах) народны пісьменнік.
У кнізе У. Калесніка ёсць яшчэ нарысы «Звяно легенды» — пра А. Гаўрылюка, які выйшаў з беларуска-палескіх палеткаў, прайшоў шлях рэвалюцыйнай барацьбы ў шэрагах КПЗБ і стаў украінскім паэтам, і «Талент працавіты» — пра творчую асобу польскага пісьменніка, сябра беларускай літаратуры і яе перакладчыка Яна Гушчы. Гэтыя добрыя творы здаюцца крыху расцягнутымі і тэматычна выглядаюць дадаткам да кнігі, але разам з тым добра «ўпісваюць» беларускую літаратуру ў больш шырокія рэгіёны — агульнасавецкі і агульнаславянскі.
Аляксей Майсейчык. Пра адметнасць даследчыцкага метаду У.А. Калесніка
У нашу літаратуру У.А. Калеснік уступіў як крытык і літаратуразнаўца ў першай палове 50-х гадоў. Да гэтага ён прайшоў добрую жыццёвую школу. У гады Вялікай Айчыннай вайны партызаніў. Адразу пасля вызвалення родных мясцін працаваў у Мірскім райваенкамаце, а затым настаўнічаў у Лукскай няпоўнай сярэдняй школе для вайсковаабавязаных. Усё гэта было далёкім ад здзяйснення юнацкіх мар У.А. Калесніка, якія яшчэ ў даваенны час прывялі яго ў Навагрудскае педвучылішча. Прадоўжыць вучобу ў педагагічным інстытуце ён змог толькі ў 1945 годзе. Стаўшы аспірантам Мінскага педінстытута, У.А. Калеснік у снежні 1949 года друкуе ў «Настаўніцкай газеце» свой першы артыкул.
Засяроджваючы ўвагу на станаўленні творчай індывідуальнасці У.А. Калесніка, трэба ўлічваць многія фактары яго жыццяпісу. Як ён згадвае сам у артыкуле «Сваім следам» у кнізе «Пра час і пра сябе», вялікае ўздзеянне на яго ў Навагрудскай гімназіі аказаў прафесар Крук, выкладчык малюнка і ручной працы. Ён развіваў здольнасці маляваць у адоранага талентам юнака. Настаўнік прыносіў свайму вучню кнігі, часопісы, малюнкі, каб той засвойваў прынцыпы адлюстравання хараства ў прыкладным мастацтве. «Асабліва любіў я Хэлмоньскага, Вычулкоўскага, Фалата, Рушчыца, з французаў — Клода Манэ, — успамінаў пазней Уладзімір Андрэевіч. — Фалат мне падабаўся, бо маляваў беларускія лясы, зімовыя пейзажы з ласямі, паляванні — усё вельмі свойскае і дарагое з дзяцінства. У Рушчыца была таксама беларуская прырода, але не такая, як у Фалата, — дзівосная, рамантычная, амаль казачная... Сам я маляваў акварэлі то рэалістычныя з натуры, то стылізаваныя ў кубісцкім духу». Аднаго разу гімназісту прыйшла нават думка стаць крытыкам жывапісу і пісаць так, як пісалі тады вядомыя спецыялісты ў гэтай справе Віткевіч і Герсан-Дамброўская.
У гімназіі У.А. Калеснік упершыню перажыў захапленне творамі родных яму беларускіх пісьменнікаў. Ва ўжо згаданым аўтабіяграфічным артыкуле ён піша: «Пад уражаннем „Палескіх аповесцей“» я рашыў змяніць свае планы на будучае. Не буду крытыкам мастацтва, стану вясковым настаўнікам. Буду вучыць сялянскіх дзяцей. Буду жыць і працаваць з чыстым сумленнем, як Андрэй Лабановіч. А маляваць буду для сябе, для прыемнасці».
Калі У.А. Калеснік вучыўся на трэцім курсе педвучылішча, пачалася вайна. Яна ўнесла свае карэктывы ў здзяйсненне задум юнака.
У ваенны час пакаленне У.А. Калесніка фактычна было пазбаўлена магчымасці развіваць свой мастацкі талент, тым больш у сферах літаратуразнаўча-крытычнай дзейнасці.
Не ва ўсім спрыяльнымі для творчага развіцця былі гады навучання У.А. Калесніка ў сталічным педагагічным інстытуце і аспірантуры. Менавіта на той час прыпадае некалькі палітычных кампаній, якія стрымлівалі натуральны працэс літаратурнага развіцця, скіроўвалі літаратуразнаўства і крытыку на дагматычныя пазіцыі. Гэта ў той час выйшлі пастановы ЦК ВКП(б) «Аб часопісах „Звязда“ і „Ленінград“», «Аб рэпертуары драматычных тэатраў і марах па яго паляпшэнню», «Аб кінафільме „Большая жизнь“». У іх вызначаўся адзіна «правільны» кірунак развіцця мастацтва: паказ савецкага грамадства ў яго няўхільным руху ўперад. Крытыка таго часу стала рупарам многіх дагматычных ідэй, пакладзеных у аснову названых партыйных пастаноў.
На тыя гады прыпадае шырока разгорнутая ў краіне барацьба супраць касмапалітызму, калі вялася барацьба «супраць пакалення гнілой буржуазнай культуры». Суровы адпор бязродным касмапалітам гучаў са старонак усіх літаратурных выданняў.
Гады вучобы У.А. Калесніка ў аспірантуры прыпадаюць на той час, калі ў савецкай літаратуры панавала т. зв. «тэорыя бесканфліктнасці», згодна якой пісьменнік пазбаўляўся права паказваць у сваіх творах адмоўныя бакі савецкага жыцця.
Безумоўна, што пералічаныя фактары не змаглі не паўплываць хоць у нейкай ступені на У.А. Калесніка як пачынаючага крытыка і літаратуразнаўцу.
Аднак жыццёвы вопыт, добры мастацкі густ, эрудыцыя абумовілі тое, што з самага пачатку творчай дзейнасці У.А. Калеснік не аказаўся ў рэчышчы дагматычных схем часу. Нярэдка перамагаючы сябе, ён рашуча ад іх пазбаўляўся, імкнуўся толькі да праўды, якой яна яму бачылася асабіста.
Для пацверджання гэтага нагадаем такі факт. Першая дысертацыйная тэма У.А. Калесніка была звязана з літаратурай Заходняй Беларусі. «Каб вывучыць фальклор рэвалюцыйнага руху, аб’ездзіў на веласіпедзе многія раёны, сустракаўся з былымі падпольшчыкамі. Падарожнічалі разам з Янкам Брылём, які збіраў тады матэрыял для рамана «Граніца». Разам працавалі ў архівах Вільні, Гродна, Слоніма і іншых гарадоў. У выніку я напісаў старонак трыста і хутчэй адчуў, чым пераканаўся (на вучоным савеце працу адобрылі), што мая пісаніна нічога не варта, — пісаў У.А. Калеснік у артыкуле «Сваім следам». — На кампартыі Заходняй Беларусі тады ляжаў цень. У архівах я не знаходзіў пацверджання тых абвінавачванняў, якія лічыліся аксіёмамі. Браць іх на веру не дазваляла гордасць. Ды і не лезлі праз горла папрокі ў адрас крыштальна чыстых людзей, з якімі я пазнаёміўся ў час вандровак і архіўных пошукаў. Рашыў змяніць тэму і пачаў пісаць пра давераснёўскую творчасць Максіма Танка».
Вывучэнне творчасці М. Танка стала добрай школай для маладога вучонага. У час яе даследавання выпрацоўваліся навуковыя прынцыпы падыходу маладога вучонага да гістарычных з’яў і мастацкага матэрыялу. Пазней У.А. Калеснік прызнаўся, што, пішучы кнігу «Паэзія змагання», ён «сам пакутліва змагаўся супраць спакусліва лёгкай схаластыкі і схематызму. Не заўсёды перамагаў». Сказанае, безумоўна, праўда. Але ў ім выявілася сціпласць патрабавальнага да сябе аўтара. Кніга «Паэзія змагання» У.А. Калесніка і сёння ўспрымаецца як сур’ёзнае навуковае даследаванне, асабліва на фоне выданняў другой палавіны 50-х – пачатку 60-х гадоў. Яна стаіць у адным радзе з такім даследаваннямі таго часу, як «Беларуская савецкая проза» Ю. Пшыркова, «Паэзія праўды» Р. Бярозкіна, «Сіла слова» Р. Шкрабы, «Беларуская байка» Я. Казекі.
На першую кнігу У.А. Калесніка адгукнуліся часопісы «Вопросы литературы», «Маладосць», «Літаратура і мастацтва». У асобе яе аўтара ў беларускае літаратуразнаўства ішоў удумлівы даследчык заходнебеларускай літаратуры.
Гаворачы пра станаўленне творчай постаці У.А. Калесніка, нельга не адзначыць вялікага ўплыву на яго Я. Брыля. «Прыходам у літаратуру я абавязан перш за ўсё Я. Брылю, — палічыў неабходным адзначыць Уладзімір Андрэевіч у аўтабіяграфічным нарысе. — Мы пазнаёміліся яшчэ ў партызанах. У Мінску заходзіў да яго на кватэру, там сустракаў многіх пісьменнікаў. Не трэба было вялікай назіральнасці, каб заўважыць, што ў прыватных гутарках і асабістым жыцці пісьменнікі часта больш цікавыя, чым у творах. Узнікла спакуса заняцца гэтай з’явай. Захацелася стаць прапагандыстам не толькі твораў, але і складаных жыццёвых і мастацкіх біяграфій».
Гэтае прызнанне Уладзіміра Андрэевіча дае магчымасць зразумець задуму яго другой кнігі «Час і песні». Яна ўяўляе сабою зборнік літаратурных нарысаў і партрэтаў. Кніга напісана не ў такой змушанай форме, як першая. Тая была заснавана на матэрыяле дысертацыі, дзе ёсць свае кананічныя для такіх прац патрабаванні. У нарысах кнігі «Час і песні» больш аўтарскай асабовасці. Тут выразна выявіліся парады Я. Брыля маладому даследчыку. «Янка Брыль чытаў усе мае аспіранцкія рэфераты, далікатна рабіў заўвагі па сэнсу і стылю. Слухаючы яго, я пачынаў дабівацца чалавечай натуральнасці выказвання, — прызнаваўся пазней Уладзімір Андрэевіч. — Я ўцяміў, што без сувязі з чалавекам слова пусцее і цьмее. Але, аказалася, мала знаць, трэба ўмець, ну і мець смеласць гаварыць ад сябе. Пісаць мудрагеліста ад імя нейкай абстрактнай асобы лягчэй. Брыль суцяшаў: «Нічога, усе мы, сядаючы за рабочы стол, любім нацягнуць на галаву вучоны каўпак». Памятаючы гэта, аўтар кнігі «Час і песні» ставіў мэтанакіраваную задачу: цікавы матэрыял па гісторыі заходнебеларускай літаратуры не засушыць нудным акадэмізмам і перапевамі. З другога боку, выкарыстоўваючы вядучы ў той час сацыялагічны метад даследавання, У.А. Калеснік шырока карыстаўся прыёмамі біяграфічнага метаду. Яму ўдалося паказаць, што творчасць такіх пісьменнікаў, як М. Васілёк, А. Салагуб, М. Засім, А. Гаўрылюк — гэта частка іх існасці, жыцця. Па тым часе кніга «Час і песні» вызначалася выключнай увагай аўтара да гістарычных фактаў. Яна ажыўляла мёртвыя сховішчы архіваў. У гэтым плане добрую паслугу вучонаму аказваў вопыт прадстаўнікоў культурна-гістарычнай школы. Безумоўна, прызнацца ў гэтым аўтар кнігі «Час і песні» не мог, бо ўсе акадэмічныя навуковыя школы мінулага адмаўляліся. Адзіным навуковым метадам і літаратуры, і крытыкі прызнаваўся толькі сацыялістычны рэалізм.
Навуковы метад даследавання мастацкіх з’яў У.А. Калесніка знайшоў сваё развіццё ў кнігах «Зорны спеў» і «Лёсам пазнанае». Тут іх аўтар выявіў сябе майстрам эсэ. Пра М. Танка ён напісаў дзве кнігі. Але колькі цікавага змог сказаць яшчэ пра паэта ў літаратурным нарысе «Будзённы дзень з Максімам Танкам». У эсэ «Здымак у жыце» У.А. Калеснік раскрывае багаты ўнутраны свет Я. Брыля, асаблівасці яго мастакоўскага светабачання. Глыбокае навуковае асэнсаванне творчасці празаіка ўдала спалучаецца з асабістымі ўражаннямі ад сустрэч з пісьменнікам. У нашых літаратуразнаўчых працах не так часта індывідуальнасць творцы разглядаецца ў працэсе самога творчага акта. Аўтару кнігі «Зорны спеў» не раз даводзілася быць сведкам таго, як зараджаліся ў Я. Брыля задумы твораў і як ён увасабляў іх у вобразы і мастацкія карціны. Разам з тым, перадаючы сваё ўспрыманне творчасці празаіка, У.А. Калеснік узнімаецца да шырокіх тэарэтычных абагульненняў. Ён адзначае, што творчасць Я. Брыля з’яўляецца мастацкім сцверджаннем духоўнага багацця нашага народа. Яго творы нясуць у свет жывую праўду пра змаганне беларусаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, пра яго нялёгкую мірную працу.
У названых кнігах У. Калеснік узнімаецца на новую ступень у асэнсаванні заходнебеларускай літаратуры. Зроблена ўдалая спроба паставіць і вырашыць тэарэтычную праблему — асаблівасці рамантызму ў гэтай літаратуры. У.А. Калеснік прыводзіць пераканальныя довады, чаму рамантызм у літаратуры Заходняй Беларусі 20-х гадоў стаў своеасаблівай нормай і стылем. Ён аргументавана аспрэчвае ўстойлівы погляд на заходнебеларускую літаратуру як на літаратуру толькі крытычнага рэалізму. Пры гэтым удакладняе і сваю канцэпцыю, якой прытрымліваўся ў раней апублікаваных працах.
У гісторыка-тэарэтычным плане разглядаецца праблема рамантычнай традыцыі ў беларускай паэзіі ў кнізе У.А. Калесніка «Ветразі Адысея». У цэнтры даследавання — паэзія У. Жылкі. Праз яго творчасць заходнебеларуская літаратура выходзіла на цесную сувязь з савецкай літаратурай, польскай рэвалюцыйнай паэзіяй і заходнееўрапейскімі літаратурамі.
На высокім тэарэтычным узроўні напісана кніга У.А. Калесніка «Тварэнне легенды». У яе ўвайшло пяць адносна самастойных гісторыка-тэарэтычных артыкулаў, першы з якіх прысвечаны нацыянальнаму асветніку Скарыну, а апошні — творчасці класіка нашай літаратуры Я. Купалу. У даследаванні размова вядзецца пра пісьменнікаў розных гістарычных эпох, розных напрамкаў і творчых індывідуальнасцей. Але ёсць у ім стрыжнявая праблема, якая вызначыла назву кнігі. У ёй праведзены цікавыя назіранні, як зараджалася і як на працягу стагоддзяў развівалася нацыянальна-вызваленчая легенда беларусаў. У сваіх вывадах аўтар зыходзіць з рэальных гістарычных фактаў, творчасці Ф. Скарыны, М. Гусоўскага, В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, Я. Купалы.
Выключная роля ў творчай распрацоўцы нацыянальна-вызваленчай ідэі, адзначае У.А. Калеснік, належала рамантыкам. У сюжэт гэтай легенды добра кладуцца лепшыя творы Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, М. Гарэцкага.
У працах У.А. Калесніка пастаўлены многія важныя праблемы як гістарычнага, так і тэарэтычнага зместу. У іх вызначана і апрабіравана метадалогія, якая дазваляе іх паспяхова вырашыць. У гэтым плане працы У.А. Калесніка маюць для навукоўцаў не толькі пазнавальнае, але і метадалагічнае значэнне.
Міхась Мушынскі. Уладзімір Калеснік як прадвеснік новай «Гісторыі беларускай літаратуры XX стагоддзя»
Заўжды адчуваў і адчуваю бязмежна глыбокую павагу да Уладзіміра Андрэевіча Калесніка. Павага гэтая ідзе ад усведамлення маштабнасці яго асобы, узятай у кантэксце грамадска-палітычнага і культурна-духоўнага жыцця Беларусі.
Уладзімір Калеснік — буйнейшая фігура на небасхіле беларускай крытыкі і літаратурнай навукі 50–90-х гадоў. Цэлае паўстагоддзе працаваў гэты таленавіты пісьменнік і вучоны на ніве беларускай культуры, літаратуры, асветы! Асэнсаваць яго ролю ў распрацоўцы тэарэтыка-метадалагічных прынцыпаў пабудовы новай «Гісторыі беларускай літаратуры», у асвятленні гісторыка-літаратурнага працэсу і канкрэтных творчых постацяў — задача ў такой жа ступені ганаровая, як і складаная. Тым болей, што мы глядзім на новую «Гісторыю» як на заданне агульнадзяржаўнага ўзроўню. Не вузкае кола аўтараў удзельнічае ў яе стварэнні, а фактычна ўсе літаратуразнаўчыя сілы Беларусі. I таму вопыт даследчыкаў, якія на працягу доўгага часу вызначалі твар нацыянальнай крытыкі і літаратурнай навукі, павінен быць усебакова асэнсаваны і выкарыстаны ў новай калектыўнай працы, закліканай прадэманстраваць узровень дасягненняў не толькі беларускага літаратуразнаўства, але і ўсёй навукова-творчай думкі. Між тым практыка папярэдніх «Гісторый беларускай літаратуры» сведчыць, што вопыт многіх таленавітых даследчыкаў належным чынам не выкарыстоўваецца. А гэта збядняе ўяўленні аб нацыянальным прыгожым пісьменстве, ускладняе становішча тых, хто будзе карыстацца калектыўнай «Гісторыяй». Яно і зразумела: «Гісторыя» замацоўвае пэўную шкалу каштоўнасцяў, і тое, што туды не трапляе, як бы адсоўваецца на другі план. Гэта датычыць і канкрэтных пісьменніцкіх імёнаў, і асобных жанраў, і складаных гісторыка-літаратурных праблем. Апроч таго, хацелася б закрануць тут і яшчэ адзін аспект. Сённяшнія мемарыяльныя чытанні я асабіста разглядаю як адзін з практычных крокаў у калектыўнай падрыхтоўцы навуковай біяграфіі Уладзіміра Андрэевіча і напісанні новай навуковай «Гісторыі беларускай крытычнай думкі». Упэўнены, прыйдзе час і на кніжных паліцах з’явіцца прысвечаная Калесніку кніга ў серыі «ЖСЛ» («Жыццё славутых людзей»). Сваёй шматграннай дзейнасцю Уладзімір Андрэевіч заслужыў падобную пашану — стаць героем кнігі і заняць ганаровае месца ў «Гісторыі беларускай крытыкі».
Перад тым, хто распачне працу над «Гісторыяй крытыкі», не-пазбежна паўстане пытанне: якую метадалогію, прынцыпы якой метадалагічнай школы браў у аснову сваёй дзейнасці Калеснік — крытык і даследчык? Змест яго прац — «Паэзія змагання» (1959), «Час і песні» (1962), «Зорны спеў» (1975), «Ветразі Адысея» (1977), «Максім Танк» (1981), «Лёсам пазнанае» (1982), «Тварэнне легенды» (1987), «Янка Брыль» (1990), «Усё чалавечае» (1993) — змест гэтага дзевяцікніжжа паказвае, што іх аўтар аддаваў перавагу т. зв. біяграфічнаму метаду як аднаму з кампанентаў культурна-гістарычнай школы. Дабратворнае ўздзеянне гэтай школы зведалі на сабе многія славутыя вучоныя, сярод якіх былі і выдатныя беларускія пісьменнікі — Максім Багдановіч, Сяргей Палуян, Максім Гарэцкі, акад. І.І. Замоцін. Чалавек энцыклапедычных ведаў, Уладзімір Андрэевіч таксама не мог не апынуцца ў сферы прыцягнення гісторыка-культурнай метадалогіі, але ўжо абноўленага зместу; ён свядома браў на ўзбраенне плённыя здабыткі папярэднікаў і творча ўзбагачаў іх жывым вопытам беларускага слоўнага мастацтва.
У чым прывабнасць біяграфічнага метаду? У тым, што ён рэальна дапамагае раскрыць творчасць пэўнага пісьменніка ў адзінстве сацыяльна-грамадскіх і індывідуальна-псіхалагічных праяў. Прыхільнікі біяграфічнага метаду зыходзяць з усведамлення велізарнай ролі выхавання, бытавога асяроддзя, сямейнага, хатняга ўкладу, спадчыннасці, асаблівасцяў псіхічнага складу таленавітай асобы.
Як бачым, пад увагу бяруцца як аб’ектыўныя, так і суб’ектыўныя фактары, якія ўплываюць на фарміраванне мастака і ягоную дзейнасць. Каштоўна тое, што за творчай асобай прызнаецца права на самавыяўленне і што ўнутраны свет творцы выступае тут як сфера, непадлеглая адвольнаму ўмяшанню і прымусу. Ва ўмовах жа таталітарнага рэжыму на мастака слова глядзелі як на паслухмянага выканаўцу ідэалагічных і палітычных заданняў часу. Пісьменнікам — у афіцыйнай трактоўцы — лічыўся той, хто адлюстроўваў, адбіваў, услаўляў, заклікаў, натхняў, але не той, хто тварыў новую, мастацка-вобразную рэальнасць, хто выяўляў сваё, непаўторнае, суб’ектыўнае бачанне свету. Суб’ектыўнае абавязкова ацэньвалася як вузка суб’ектывісцкае, г.зн. пазбаўленае грамадска-пазнавальнае вартасці. Суверэннасць пісьменніка як творчай асобы афіцыёзам не прызнавалася.
Інакш кажучы, перад сумленнымі вучонымі стаяла задача рэабілітаваць на практыцы біяграфічны метад. Зусім відавочна, што гэтая рэабілітацыя ўяўляла сабой апазіцыю тагачаснай ідэалогіі. Памятаеце, яшчэ Маякоўскі пісаў, што для раппаўца «личность — всё равно, что неприличность». I падобны вульгарызатарскі погляд на ролю асобы не змяніўся з часоў РАППа і БелАППа ні ў
30-я, ні ў 50-я гады. Вось чаму мы павінны аддаць належнае тым вучоным, хто абарону асобы творцы ўзводзіў у маральны прынцып і хто гэты прынцып рабіў асновай навуковай метадалогіі. Сярод гэтых даследчыкаў быў і У.А. Калеснік.
Звярніце ўвагу на такую цікавую дэталь, як падзагалоўкі пералічаных вышэй прац Уладзіміра Андрэевіча. Амаль у кожнай з іх прысутнічае жанравае азначэнне «літаратурны партрэт» і «нарыс». I гэтая адзнака жанравай прыналежнасці дакладна перадае сутнасць метадалогіі даследчыка, які на першы план, у цэнтр увагі паставіў вывучэнне творчай індывідуальнасці, непаўторнасці пісьменніцкай асобы. I трэба прызнаць, што напісаныя Калеснікам творчыя партрэты Максіма Танка, Янкі Брыля, Уладзіміра Караткевіча, Аляксея Карпюка, Валянціна Таўлая, Алеся Разанава, Уладзіміра Жылкі, Ніны Мацяш і многіх іншых беларускіх паэтаў, пісьменнікаў, дзеячаў культуры, напрыклад, А. Луцкевіча, I. Дварчаніна, — гэта сапраўдная класіка беларускай крытыкі і літаратуразнаўства. Вось тут і спатрэбіліся тыя назіранні, якія Уладзімір Андрэевіч назапасіў падчас сустрэч, сумесных паездак, выступленняў, гутарак, спрэчак з прыгаданымі вышэй пісьменнікамі. Звесткі, якія ён прыводзіў і якія датычылі гадоў дзяцінства, юнацтва, дадзеныя пра сямейнае выхаванне, пра хатні ўклад жыцця, пра кола знаёмстваў, дзіцячых захапленняў, узаемаадносін з прыродай і г. д. патрэбны былі не дзеля паўнаты ўзнаўлення жыццяпісу паэта, празаіка. Гэта была перш за ўсё спроба вытлумачыць прыроду таленту, адметнасць светабачання, генезіс эстэтычных схільнасцяў творчай асобы. Літаратурныя партрэты Янкі Брыля ці Уладзіміра Караткевіча таму і ўспрымаюцца як змястоўнае слова, бо іх стваральнік — Уладзімір Андрэевіч — здолеў адшукаць вытокі творчасці, асаблівасці светабачання гэтых выдатных мастакоў слова ў іх дзяцінстве, юнацтве, ва ўмовах іх сямейнага выхавання. Прычым, вызначаючы генезіс творчасці, У. Калеснік рабіў высновы доказна, пераканальна, пазбягаючы спрошчанасці і аднамернасці. Разуменне псіхалогіі творчасці, трактоўка асобы творцы не вульгарызавалася ім. I гэты момант мы павінны асабліва цаніць і выкарыстоўваць ва ўласнай практыцы як даследчыкі і літаратурныя крытыкі.
Пры знаёмстве з кнігамі Уладзіміра Андрэевіча адразу кідаецца ў вочы, што аб’ектам яго даследавання былі не толькі вяршынныя з’явы беларускага прыгожага пісьменства (Ф. Скарына, М. Гусоўскі, Я. Купала, М. Танк, У. Караткевіч, Я. Брыль), але і постаці менш буйныя. Менавіта дзякуючы намаганням У. Калесніка ў гісторыка-літаратурны працэс была ўведзена творчасць Алеся Салагуба, Анатоля Іверса, Леапольда Родзевіча, Міхася Васілька, Піліпа Пестрака, Міхася Машары, Міколы Засіма, Алеся Рэдзькі, Ніны Тарас, Сяргея Крыўца, Алеся Мілюця і інш. Можа хто і ўбачыць тут толькі праяву мясцовага патрыятызму, але мы маем справу з прынцыпова іншым меркаваннем: У. Калеснік, зыходзячы з уласных эстэтычных арыентацый, на практыцы замацоўваў думку пра неабходнасць беражлівага стаўлення да кожнай творчай асобы. Ён лічыў: кожны паэт, празаік, драматург цікавы па-свойму, толькі трэба знайсці і паказаць тое адметнае, непаўторнае, што кожны з іх унёс у літаратуру. Паводле меркаванняў Калесніка, «мы» — гэта не механічная сума «я». Чым адметней кожнае «я», тым багацейшае нацыянальнае мастацтва. I тым мацнейшае яго ўздзеянне на канкрэтнага чытача, на духоўнае станаўленне асобы.
У гэтай сувязі міжволі прыгадваецца размова з Уладзімірам Андрэевічам на адным з чарговых семінараў у Белдзяржуніверсітэце, дзе я апрабоўваў праблематыку «Якой быць „Гісторыі беларускай літаратуры“»? Гэта быў канец 80-х гадоў. Пры абмеркаванні майго даклада Уладзімір Андрэевіч перасцярог, каб у новай «Гісторыі» т. зв. тэндэнцыі і заканамернасці, нават калі яны будуць сапраўды новымі, не паглынулі жывую пісьменніцкую асобу, творчую індывідуальнасць. Трэба прызнаць, што гэта была своечасовая і каштоўная ў тэарэтыка-метадалагічным плане заўвага, якой і можна было чакаць, бо ніякіх заканамернасцяў па-за канкрэтнай творчай асобай у прыродзе не існуе.
Са сказанага не вынікае, нібыта Уладзімір Андрэевіч ігнараваў ці недаацэньваў працу тых аўтараў, хто імкнуўся ўзнавіць агульны рух літаратуры на вялікім гістарычным адрэзку і раскрыць тэндэнцыі, заканамернасці, якія можна выявіць толькі пры супастаўленні розных пісьменнікаў рознай творчай арыентацыі. Не, гаворка тут пра тое, што даследчык прапаноўваў ісці да агульнага праз спазнанне індывідуальна-непаўторнага, адметнага, своеасаблівага. Гэта шлях даўжэйшы, але затое і высновы пераканальныя, бо яны пазбаўлены апрыёрнасці.
Палемічны пафас абароны творчай асобы пранізвае літаральна кожную працу У.А. Калесніка. Надзвычай паказальны ў гэтых адносінах артыкул «Жыў-быў казачнік Рэдкі» ў кнізе «Тварэнне легенды». Казачнік пражыў болей за сто гадоў, «быў для сваіх землякоў, напэўна, постаццю незвычайнай, яны хоць і не захавалі ў памяці яго прозвішча — цяжка слыць прарокам на дамашнім сметніку, але затое клічку далі адпаведную — Рэдкі.
Так было заведзена: цаніўся род, а не індывід, нават самабытнейшая індывідуальнасць — асколак роду».
З імкнення глыбей спасцігнуць непаўторнасць творчай індывідуальнасці мастака і ўзніклі адметныя рысы даследчай манеры У.А. Калесніка — глыбокі аналітызм, тонкае адчуванне эстэтычнай прыроды мастацтва. Каштоўна якраз тое, што У. Калеснік арганічна спалучаў у сваіх працах цікавасць да грамадска-палітычных аспектаў творчасці і эстэтычнага ўзроўню твора. Падобная арганічнасць — рэдкі дар, бо ў жывой практыцы мы найчасцей бачым дзве супрацьлегласці — ухіл у сацыялагізатарства, недаацэнку формы і, з другога боку, пэўнае ігнараванне грамадскіх функцый літаратуры.
У гэтай сувязі дазвольце спыніць Вашу ўвагу на адным фрагменце літаратурнага партрэта Аляксея Карпюка, дзе гаворка вядзецца пра ягоны раман «Вершалінскі рай». Тут вельмі выразна раскрыўся даследчы талент Калесніка, вызначальныя рысы яго творчай манеры — шырыня погляду на літаратуру, цікавасць да тэарэтычных праблем, да праблем жанравай формы, глыбокае веданне грамадскай гісторыі, безумоўная прынцыповасць як літаратурнага крытыка, які не баіцца публічна сказаць горкую праўду. Гэты фрагмент цікавы і тым, што раскрывае змястоўную сутнасць біяграфічнага метаду. У. Калеснік у кнізе «Усё чалавечае» падкрэсліў, што «Вершалінскі рай» вырас з краязнаўчага нарыса. I калі б А. Карпюк спыніўся на жанравай форме нарыса, дык ад гэтага выйгралі б усе — і пісьменнік, і чытачы, і беларуская літаратура. Але Карпюк, асоба актыўная, настойлівая — а гэтыя рысы характару замацавала партызанская барацьба, нямецкі палон, — некрытычна паставіўся да сябе, перабольшыў уласныя магчымасці. «...Паверыўшы ў сваю цягавітасць ды напорыстасць», малады празаік «узяўся вывалакаць нарыс на ўзровень рамана». I якім жа аказаўся вынік творчых намаганняў А. Карпюка? «Пакутніцкі эксперымент пераканаў, што раманная форма — гэта не разбухлае апавяданне ці аповесць, а тым больш нарыс. Раман — больш складаная мастацкая структура, на цэлы рад вышэйшая за аповесць, на два рады — за апавяданне і хіба на тры — за нарыс». Гаворка, як бачым, ішла не пра тое, што раман як жанр нібыта больш каштоўны за апавяданне, а пра складанасць структуры, унутранай пабудовы. Інакш кажучы, размова пераносілася ў сферу тэарэтычных праблем, што было вельмі своечасова для тагачаснай літаратуры, у якой жанр рамана выходзіў на перадавыя рубяжы, і вельмі важна было трымаць планку эстэтычных крытэрыяў на адпаведнай вышыні. Болей таго! У. Калеснік убачыў небяспечны сімптом актыўнай раманізацыі беларускай прозы шляхам механічнай перапрацоўкі апавяданняў ці аповесцяў: «Пісьменнік працаваў метадам прыбудоўвання і дабудоўвання твора». Але гэты метад паказаў сваю непрыдатнасць: «Белетрызацыя вывела нарыс з рамак дакументальных і не ўвяла ў склад жанраў чыста мастацкіх».
Істотныя заўвагі крытычнага плану былі зроблены Калеснікам і адносна праблематыкі «Вершалінскага раю», яго ідэйнай скіраванасці: «Атэістычны пафас стаў фокусам заходнебеларускага грамадскага жыцця, у той час як на справе знаходзіўся дзесьці з боку ад цэнтру».
Як бачым, У. Калеснік здолеў пераканальна вытлумачыць прычыны творчай няўдачы раманіста. Прычыны як суб’ектыўна-псіхалагічныя, так і аб’ектыўныя, грамадска-палітычныя. Маецца на ўвазе імкненне пісьменніка патрапіць ідэалагічным устаноўкам на сатырычнае выкрыццё рэлігіі як нібыта рэакцыйнай сілы. Падобнага роду крытыка станавілася пазітыўным фактарам літаратурна-творчага жыцця.
Мяне заўжды захапляў высокі прафесіяналізм У. Калесніка, выключная скандэнсаванасць зместу яго прац, глыбіня выкладзенай думкі, праблемнасць артыкулаў і манаграфій. Але Уладзімір Андрэевіч быў яшчэ і выдатны палеміст. Можна не пагаджацца з ягонымі меркаваннямі, але прайсці міма іх як нібыта нецікавых нельга. Падобнай непавагі да чытача Уладзімір Андрэевіч не мог сабе дазволіць менавіта як прафесіянал, як чалавек з высокім пачуццём адказнасці за слова — вуснае і друкаванае. Ягоны разгляд вершаў, да прыкладу Г. Пашкова, — яскравае таму пацвярджэнне.
Увогуле, трэба сказаць, што прысутнасць У.А. Калесніка ў грамадскім і нацыянальна-культурным жыцці заўжды была адчувальнай, а яго маральны аўтарытэт — нязменна высокім. Барацьба за нацыянальнае адраджэнне была і заставалася пафасам усіх крытычных прац Уладзіміра Андрэевіча.
Трэба ўлічваць і такую акалічнасць. Сталае месца працы і жыхарства не ў сталіцы давала яму магчымасць не ўвязвацца ў групавыя спрэчкі, у дробязныя, побытавага кшталту сутыкненні, дзе вызначальнымі матывамі нярэдка былі амбіцыі. А таму слова Калесніка ўспрымалася беларускай інтэлігенцыяй як слова аб’ектыўнае, непрадузятае, прадыктаванае ў першую чаргу клопатам пра нацыянальную культуру, пра нацыянальнае Адраджэнне. Менавіта так успрыняў я Калеснікаву ацэнку маёй кнігі «Беларуская крытыка і літаратуразнаўства. 20–30-я гады» (1975), яго прыхільнае стаўленне. Я ганарыўся і ганаруся той высокай ацэнкай, бо яна была вельмі патрэбная мне, тады яшчэ маладому даследчыку, які адважыўся ўзяцца за складаную тэму. Падтрымка Уладзіміра Андрэевіча натхняла на далейшую працу.
Тым, хто сустракаўся з Уладзімірам Андрэевічам штодзённа, ён, безумоўна, павінен бачыцца крыху інакшым, чым бачыцца мне, маім калегам: перад намі У. Калеснік паўставаў перш за ўсё як навуковец, даследчык, як тэарэтык, метадолаг і, вядома ж, як пісьменнік, аўтар сусветна вядомай дакументальна-мастацкай кнігі «Я з вогненнай вёскі...». Падчас прыезду ў Інстытут літаратуры Уладзімір Андрэевіч заўжды быў, як кажуць, цалкам адмабілізаваны, псіхалагічна і прафесійна гатовы да размовы на самыя складаныя тэмы. Ён не зводзіў навуковую спрэчку на бытавы ўзровень, і гэта было надзвычай павучальна. Дык захаваем жа ў сваім сэрцы і ў сваёй душы шчырыя пачуцці павагі да Уладзіміра Андрэевіча, а ўсё тое каштоўнае, што ён зрабіў для беларускай літаратуры, айчыннага літаратуразнаўства і крытыкі, нацыянальнай культуры, зберажом і прымножым калектыўнымі намаганнямі.
Кацярына Мароз. Класік нацыянальнага літаратуразнаўства
З удзячнасцю мы ўспамінаем сёння свайго шаноўнага Настаўніка — У.А. Калесніка, які стаў нашаму пакаленню, як і многім іншым, своеасаблівым духоўным павадыром у няпростых грамадскіх умовах падчас студэнцкай вучобы, а пасля і працы ў школе, інстытуце. Ён быў агульнапрызнаным аўтарытэтам, лідэрам навуковай, асветніцкай, літаратурнай думкі на Берасцейшчыне, цэнтрам яе нацыянальнага жыцця, вакол якога гуртаваліся лепшыя творчыя сілы інтэлігенцыі. Святло Берасцейскага вогнішча праменілася на ўсю Беларусь. Згадваю, як у Мінску аспіранты па-харошаму зайздросцілі, што лёс дараваў мне вучыцца ў самога У. Калесніка.
Ён і сапраўды быў асобай неардынарнай, інтэлігентам еўрапейскага кшталту, чалавекам адраджэнскага тыпу мыслення, які паклаў свае сілы і здольнасці на алтар любові да Беларусі. Дасведчанасць і незвычайная эрудыцыя выявіліся ў розных галінах творчай думкі: нацыянальнай, сусветнай літаратуры і гісторыі, філасофіі і эстэтыцы, мастацтве і культуры ўвогуле. Светапогляд У.А. Калесніка быў адметным спалучэннем высокіх грамадскіх і маральных прынцыпаў, вывераных асабістым жыццём. Гэта светапогляд гуманіста, адраджэнца новай эпохі другой паловы XX стагоддзя, што ўвабраў агульначалавечыя і хрысціянскія каштоўнасці. I гэта нягледзячы на неспрыяльны, супярэчлівы час барацьбы матэрыялізму з ідэалізмам, антырэлігійнай прапаганды. Але якраз у гэтую эпоху тытаны беларускай гуманістычнай думкі аб’ядноўваліся, знаходзілі апору, падтрымку, своеасаблівую энергетычную крыніцу, што жывіла іх сілы, ва ўзаемных стасунках — такім было сяброўства У. Калесніка з Я. Брылём і У. Караткевічам, А. Адамовічам. Сярод гэтых высакародных людзей і творцаў, славутых сваёй чалавечнасцю, У.А. Калеснік вылучаўся талентам вучонага-даследчыка, літаратуразнаўцы.
Здольнасць да арыгінальнага суджэння, абумоўленага не проста абстрактным, аналітычным асэнсаваннем усебакова вывучанай жыццёвай ці мастацкай з’явы, але і эмацыянальным пранікненнем у яе, што ішло ад сэрца, душы, надавала прыцягальнасць чалавеку і вучонаму. Абаяльнасць яго павялічвалася за кошт несамавітага гумару і зычлівай іроніі, якія яскрава афарбоўвалі вусныя выступленні. Нярэдкімі былі і саркастычныя, выкрывальныя ноткі, накіраваныя супраць дылетанцтва, вульгарызацыі, эпігонства, інфантыльнасці, раўнадушша ў жыцці і навуцы. Уладзіміру Андрэевічу ўласцівы былі ўнутраная незалежнасць, разняволенасць думкі, прыроджаная справядлівасць, прынцыповасць, а таксама імпульсіўнасць і бескампраміснасць натуры. Высокі патэнцыял інтэлекту, сумленнасць вучонага, як і пачуццё ўласна чалавечай і нацыянальнай годнасці імпанавалі яго вучням і супрацоўнікам. Школа У. Калесніка выхоўвала людзей адказных і працавітых, годных і сумленных навукоўцаў, якія кіруюцца творчым падыходам да вывучэння літаратуры.
Асабліва каштоўнымі былі для нас, яшчэ студэнтаў, урокі выхавання эстэтычнага густу. Сам Уладзімір Андрэевіч валодаў бездакорным мастацкім густам, тонкім адчуваннем слова, яго сэнсавай напоўненасці і мелодыкі гучання. На занятках па выразным чытанні ён вучыў не проста тэхніцы чытання, а ўменню данесці эстэтычную асалоду слухачу. З захапленнем мы слухалі «Аvе Маrіа» М. Танка ў выкананні Уладзіміра Андрэевіча, як і шэраг іншых твораў, па-майстэрску прачытаных ім на беларускай і польскай мовах у аўдыторыях ці падчас літаратурнай экскурсіі, у прыватнасці, па старажытнай Вільні, якую ён нам адкрыў. Смеласць мыслення, творчы пошук даследчыка выяўляліся найперш перад намі, таму што ў аўдыторыі, на лекцыях па гісторыі літаратуры, апрабоўваліся будучыя раздзелы яго кніг. У.А. Калеснік вучыў думаць і крытычна ацэньваць гісторыка-літаратурныя з’явы, бачыць іх цэласна — у адзінстве формы і зместу. Глыбінёй і пераканаўчасцю ўражвалі яго разважанні пра красу і каханне, вечнае і зямное, сэнс жыцця і смерці. Эстэтычна-філасофская змястоўнасць была дамінуючай у працах У. Калесніка, гэтым, як і літаратуразнаўчай дакладнасцю і шматахопнасцю з’яў, вызначаецца іх навуковая каштоўнасць і на сённяшні дзень.
Кола творчых зацікаўленняў даследчыка абумоўлена было яго наватарскім і праніклівым поглядам на літаратурны працэс. У цэнтры яго ўвагі аказваліся недаследаваныя ці малавывучаныя пытанні, кардынальныя, вузлавыя праблемы гісторыі беларускай літаратуры і сучаснасці: нацыянальны заходнебеларускі рух і літаратура, літаратура і фальклор, творчасць і дзейнасць Ф. Скарыны, М. Гусоўскага і эпоха Адраджэння, роля літаратуры ў станаўленні ідэалогіі нацыянальнага адраджэння 19–20 гг., рамантызм як кірунак, творчасць М. Танка, Я. Брыля, У. Жылкі, У. Караткевіча і інш. Гісторыка-літаратурная канцэпцыя У. Калесніка ахоплівае адраджэнскія перыяды ў развіцці нацыянальнай гісторыі, культуры і літаратуры — ад старажытнасці да нашых дзён. Нацыянальная ідэя — «тварэнне» беларускай нацыянальна-адраджэнскай легенды — з’яўляецца стрыжнявой ідэяй яго прац, хоць часта ў 50–70-я гады яна вымушана была хавацца за камуфляжам ідэалагічных падвесак сацыяльнай, рэвалюцыйнай барацьбы. Разглядаючы развіццё літаратуры праз прызму адраджэнскай ідэалогіі і агульначалавечых каштоўнасцей, нацыянальнай самабытнасці і засваення здабыткаў сусветнай літаратуры, вучоны працягваў распрацоўваць плённую літаратуразнаўчую традыцыю, якая з канца
20-х гадоў была кваліфікавана як «нацдэмаўшчына». Пачынальнікам яе быў М. Багдановіч («Беларускае адраджэнне»), а развівалі ў сваёй «Гісторыі беларускай літаратуры» М. Гарэцкі і А. Луцкевіч («Нашы песьняры», «Адбітае жыцьцё» і інш.). На новым этапе гісторыі У.А. Калеснік імкнуўся рэабілітаваць традыцыю, узбагаціць яе сваімі метадалагічнымі знаходкамі, паглыбіць і развіць спачатку на матэрыяле, які быў «белай плямай» у гісторыі літаратуры XX стагоддзя, але мог стаць лепшым пацверджаннем плённасці такога даследавання і нават ілюстрацыяй узаемадзеяння нацыянальна-вызваленчага руху і літаратуры, ролі паэзіі як каталізатара беларускага адраджэння. Эпоха «адлігі» спрыяла такім доследам, але ўмовы рэалізацыі задумы былі абмежаваныя: неабходна была ўпартасць і цягавітасць, каб атрымаць доступ да засакрэчаных архіваў у розных гарадах былога Саюза і за мяжой, сустрэцца з удзельнікамі падзей і іх сведкамі, зрабіць агромністую працу па сістэматызацыі, вывучэнні і навуковым выкладзе матэрыялу, улічваючы партыйна-ідэалагічныя, класавыя прынцыпы літаратурна-крытычнай творчасці. I нарэшце, прайсці праз цэнзурныя забароны функцыянераў ад навукі, каб кнігі выйшлі, і тым самым увесці новыя імёны паэтаў, пісьменнікаў, іх творчасць, цэлыя старонкі гісторыі беларускага прыгожага пісьменства ў літаратурны працэс. З адлегласці часу нам бачыцца сапраўды тытанічная праца вучонага, неабходная для развіцця нацыянальнай культуры, літаратуры і навукі.
У.А. Калеснік стаў першаадкрывальнікам і папулярызатарам заходнебеларускай літаратуры, па сутнасці, і творчасці М. Танка, У. Жылкі і іншых паэтаў гэтага перыяду, — у гэтым яго агульнапрызнаная вялікая заслуга. Кожная кніга была этапнай з’явай як у творчай эвалюцыі даследчыка, так і ў беларускім літаратуразнаўстве. Першым даследаваннем, якое ўбачыла свет у 1959 г., была «Паэзія змагання. М. Танк і заходнебеларуская літаратура», праз некалькі гадоў (1962 г.) выйшла кніга літаратурных нарысаў і партрэтаў «Час і песні». Пасля праз доўгі час, толькі ў 1977 годзе, з’явілася манаграфія «Ветразі Адысея. У. Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі». На пачатку
80-х выйшла з друку дапоўненае і дапрацаванае выданне выбраных літаратурных партрэтаў і нарысаў «Лёсам пазнанае». Былі яшчэ і дакументальныя аповесці — «Аповесць пра Таўлая», «Пасланец Праметэя». У апошняй прыжыццёвай кнізе «Усё чалавечае» (1993 г.) раздзел панарамнага характару «Пражскі эпісталярый» адкрывае ў спрыяльны час новыя факты, матэрыялы з жыцця і дзейнасці заходнебеларускай творчай інтэлігенцыі. Па сутнасці, У.А. Калеснік усё сваё навуковае жыццё звяртаўся да абранай тэмы: адкрываў, удакладняў, развіваў, паглыбляў і зноў адкрываў. Пры гэтым вялася праца па падрыхтоўцы раздзелаў у акадэмічную гісторыю літаратуры, складанні і выданні хрэстаматыі, зборнікаў паэзіі адкрытых аўтараў. Кожная кніга вызначаецца канцэптуальнасцю і наватарствам. Яны арганічна ўкладваліся і ў агульную нацыянальна-філасофскую і эстэтычную канцэпцыю літаратуразнаўцы.
Наватарскай была ўжо сама метадалогія даследавання. Яна ўяўляла сабой лепшы варыянт адзінства гістарычнага, сацыялагічнага (з акцэнтам на нацыянальны аспект) і эстэтычнага метадаў аналізу, але дамінуючым было вызначэнне эстэтычнай сутнасці творчых і грамадскіх з’яў. Сам У.А. Калеснік у першым даследаванні адзначаў: «Сувязь паэзіі Танка з жыццём аўтар разглядаў як сувязь эстэтычную, спыняючыся на мастацкіх асаблівасцях найбольш удалых твораў кожнай тэмы, кожнага творчага этапу». Ужо на міжнародных мемарыяльных навуковых чытаннях асэнсоўваўся, у прыватнасці, М.І. Мушынскім як асноўны метад, распрацаваны У. Калеснікам, — метад біяграфічны. I сапраўды, у метадалагічнай канцэпцыі даследчыка яму належыць базіснае месца, раўназначнае эстэтычнаму. У цэнтры аўтарскай увагі заўсёды была асоба, творчая індывідуальнасць мастака слова, яго жыццё, сямейныя і творчыя вытокі і ўплывы, характар і ўзаемаадносіны з людзьмі, грамадствам увогуле, з прыродай і Сусветам. Творца вырастаў найперш з чалавека, талент складваўся ва ўмовах жыццёвых, сацыяльных, маючы ў аснове прыродныя здольнасці. У.А. Калеснік імкнуўся выверыць і паглыбіць свае высновы, наводзячы асабістыя, сяброўскія кантакты, як гэта было, напрыклад, з М. Танкам або з роднымі, сябрамі і знаёмымі, стараўся нават пабываць у іх родных мясцінах. Усё дзеля таго, каб стварыць жывое аблічча мастака. I ў выніку мы маем кнігі літаратурных ці творчых партрэтаў, якія сталі значным укладам у літаратуразнаўстве, сталі адкрыццямі ў свой час цікавых і таленавітых паэтаў: Гальяша Леўчыка, Міхася Васілька, Алеся Салагуба, Піліпа Пестрака, Леапольда Родзевіча, Міколы Засіма і інш. Якраз заслугай У. Калесніка, як і А. Адамовіча, Р. Бярозкіна, лічыцца тэарэтычнае абгрунтаванне неабходнасці вывучэння творчай індывідуальнасці ў літаратуразнаўстве другой паловы 50–60-х гадоў.
Паспяхова пазбягаючы схематызму ў ацэнках, даследчык адным з першых звярнуўся да цэласнага аналізу мастацкага твора як з’явы эстэтычнага парадку, у адзінстве формы і зместу. Вядучымі ў яго творчай лабараторыі былі прынцыпы аб’ектыўнасці, навуковасці. Ён імкнуўся да справядлівай крытычнай ацэнкі, застаючыся на вышыні сумленнага вучонага. I гэта было нялёгка ў варунках ідэалагічнага дыктату, рэвалюцыйна-класавых і партыйных прыярытэтаў. Таму частка матэрыялаў асядала ў архівах У.А. Калесніка (над імі старанна рупіцца яго жонка і паплечніца Соф’я Міхайлаўна і сёння). А на суд цэнзуры і чытача выносіліся матэрыялы, якія датычыліся больш рэвалюцыйна-дэмакратычнага кірунку ў заходнебеларускай літаратуры. Адраджэнскі, «незалежніцкі» кірунак у ёй не мог быць разгледжаны ў тагачасных умовах. Аднак шэраг здабыткаў у галіне філасофіі («Адвечным шляхам» I. Канчэўскага, «Гэтым пераможам!» У. Самойлы), літаратуры (творы К. Сваяка, В. Адважнага, Хв. Ільяшэвіча, Н. Арсенневай і інш.), мастацтве (Я. Драздовіч і інш.) нацыянальна-адраджэнскага, эстэтычнага кірункаў грамадскай думкі знайшлі эпізадычную ацэнку на старонках названых кніг, — і трэба аддаць даніну смеласці аўтара. Але гэтыя ацэнкі нярэдка абмежаваныя сацыялагічнай і скептычнай трактоўкай, вытрыманай у стылі непрымання ідэі «незалежнасці» Беларусі. Часткова такая з’ява тлумачыцца яго палітычнымі поглядамі.
I нават улічваючы гэты аспект, Калеснік як даследчык ніколі не быў павярхоўным. Яго праніклівы погляд сягаў у глыбінны, філасофскі сэнс творчасці, ён шукаў адзнакі таленту і выяўляў яго самабытнасць (у адносінах і да тады «забароненых» паэтаў ці другараднага прадстаўніка рэвалюцыйнага крыла). Ужо ў першай манаграфіі выявіліся наватарскія падыходы, прыёмы даследчыка. Творчасць М. Танка разглядалася як арганічная частка ўсёй заходнебеларускай літаратуры, стваралася своеасаблівая гісторыя ўсяго заходнебеларускага літаратурнага і грамадска-культурнага працэсу праз ускосныя дадзеныя, супастаўленні з іншымі пісьменнікамі, устаўныя звесткі сацыялагічнага, гістарычнага і мастацтвазнаўчага характару. Перад намі разгортваецца шырокая панарама (таксама і ў кнізе «Час і песні») беларускага руху ў 20–30-я гады, дзейнасць КПЗБ і розных арганізацый рэвалюцыйна-дэмакратычнай арыентацыі, асабліва Грамады, іх органаў друку, раскрываецца з’ява масавай паэзіі рэвалюцыйна-рамантычнага кірунку і разглядаецца творчасць яго прадстаўнікоў. Крытык асэнсоўваў прычынна-выніковыя сувязі паміж грамадскім рухам, жыццём і станаўленнем творчай асобы, яго светапоглядам. Здольнасць уважліва аналізаваць вобразную сістэму, спасцігаць унутраную задуму, бачыць істотнае ў прыродзе таленту дазволілі даследчыку сказаць свежае слова пра вершы і паэмы Танка, яго мастацкі стыль, наватарства. Імкненне спасцігнуць своеасаблівую логіку, філасофію творчасці мастака слова стане адметнай рысай стылю У. Калесніка. I найбольш яна выявіцца ў адной з найлепшых прац «Ветразі Адысея. У. Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі». Прасочваючы творчую эвалюцыю паэта ў кантэксце заходнебеларускай літаратуры, савецкай, польскай і еўрапейскай паэзіі, даследчык раскрывае генезіс і развіццё рамантызму ў сусветнай літаратуры, яго ўплыў на станаўленне беларускага рамантызму, развіццё патрыятычнай легенды ў заходнебеларускай паэзіі. У шматлікіх тэарэтычных выкладках, ілюстраваных аналітычным разглядам паэтычных твораў А. Міцкевіча, Я. Купалы, К. Сваяка і іншых, падаецца вызначэнне сутнасці, прыроды, адметнасці рамантызму і рэалізму як раўнапраўных метадаў, стыляў і кірункаў. У. Калеснік уступае ў палеміку з навукоўцамі, якія зводзілі развіццё беларускай літаратуры да аднаго метаду і кірунку — рэалізму, асэнсоўвае эстэтычную ролю нацыянальнай міфалогіі і фальклору ў працэсе фарміравання літаратуры, іх творчае засваенне, асіміляцыю, асучасніванне ў рамантызме. Разглядаючы нацыянальна-адраджэнскую і эстэтычна-філасофскую змястоўнасць вершаў і паэм Жылкі, іх рамантычную вобразнасць і сімволіку, Уладзімір Андрэевіч робіць тонкія назіранні над сутнасцю красы, хараства, кахання, высокай духоўнасці, свабоды мастака і іншых мастацкіх катэгорый. Даследчык яшчэ раз сцвердзіў адметнасць свайго сінтэтычнага дару — крытыка-эстэта і філосафа.
У.А. Калеснік меў непасрэднае дачыненне і да вывучэння крытычнай думкі Заходняй Беларусі, прыцягваючы па неабходнасці гэты матэрыял да асэнсавання творчасці асобных паэтаў і літаратурнага працэсу ў цэлым. Яшчэ пры выбары тэмы дысертацыйнай працы Уладзімір Андрэевіч арыентаваў мяне на даследаванне творчасці крытыкаў А. Луцкевіча, У. Самойлы, А. Станкевіча, М. Танка, Р. Шырмы. Пры непасрэдным вывучэнні архіўных матэрыялаў мне давялося ўпэўніцца ў тым, што гэтыя творчыя асобы былі цэнтральнымі фігурамі заходнебеларускай крытыкі, другім словам, яшчэ раз пацвердзілася здзіўляючая дасведчанасць і шырыня ведаў нашага Настаўніка. Эпізадычныя ацэнкі дзейнасці крытыкаў мы можам знайсці ў яго працах. Некаторыя з фрагментарных ацэнак уяўляюць цікавасць выразнай і прынцыповай пазіцыяй іх аўтара, сумленнага чалавека і бескампраміснага даследчыка. Так, прызнаючы неардынарнасць творчай індывідуальнасці А. Луцкевіча, яго «самасць», якая дала б яшчэ большы плён у публіцыстыцы і крытыцы пры іншым стане грамадскага жыцця, У.А. Калеснік стрымліваўся ад яго маральнай рэабілітацыі, звяртаў увагу на складанасць і супярэчлівасць яго жыццёвага шляху, які патрабаваў вывучэння і асэнсавання. Шмат новых фактаў даведаліся мы з ліставання У. Жылкі і А. Луцкевіча, якое вялося вакол праблем нацыянальнага і агульначалавечага зместу літаратуры («Пражскі эпісталярый»). Аднак прафесійная крытыка не атрымала належнай ацэнкі, таму што «незалежніцкія» пазіцыі аўтаматычна выключалі ў савецкую эпоху мажлівасць яе вывучэння, — іменна таму аб’ектыўна цэласнай карціны, якую б мог даць такі праніклівы даследчык, як У. Калеснік, у выніку мы не маем.
Даследуючы рэвалюцыйна-рамантычны накірунак заходнебеларускай паэзіі, ён аддаваў перавагу прадстаўнікам новай фармацыі ў грамадаўскай і камуністычнай, народнафронтаўскай крытыцы — Л. Родзевічу, А. Салагубу, М. Танку, Р. Шырму і іншым. Увогуле даследчык трапна вызначае пераважна публіцыстычны характар літаратурнай крытыкі рэвалюцыйна-дэмакратычнага кірунку, якая «часта не ўлоўлівала і недаацэньвала эстэтычных характарыстык і разыходжанняў у мастацтве».
Такім чынам, спадчына У.А. Калесніка мае асаблівую тэарэтычную каштоўнасць і практычнае значэнне. Наватарскія тэндэнцыі ў метадалогіі літаратуразнаўчага аналізу, якія яскрава выявіліся ў працах на заходнебеларускую тэматыку, сталі сведчаннем замацоўвання даследчыкам сваёй нацыянальнай і мастацка-крытычнай канцэпцыі, якая сваімі гранямі-знаходкамі судакраналася з еўрапейскай эстэтыкай і развівала беларускую традыцыю. Гуманістычная аснова і высокапрафесійны, эстэтычна-філасофскі ўзровень даследаванняў, цікавых і карысных для кожнага пакалення навукоўцаў і студэнтаў, надаюць канцэпцыі У.А. Калесніка класічны характар.
Міхась Маліноўскі. Сумаваць яшчэ рана
Неяк у Крошыне, што на Баранавіччыне, ля паўнаводнай і шчодрай Шчары непаўторны Уладзімір Калеснік крышачку прыпыніўся і пачаў чытаць вершы:
Хтось расчэсваў зялёныя сосны,
Што адкінулі кудры назад.
Аб начах тых смалістых і росных
Я ніяк не магу расказаць.
І хоць сёння ўсхвалёваны ранак Паліць смагаю мяккую сінь,
Але ўсё ж сумаваць яшчэ рана,
Калі можна падняць парусы!
А потым, нібы правяраючы, спытаў:
— Чые яны?
Не задумваючыся, я адказаў: «Анатоля Іверса, з яго першай кнігі 1939 года «Песні за загонах», а верш называецца «Хтось расчэсваў зялёныя сосны». Больш таго, вядомейшы беларускі літаратуразнавец і пісьменнік Уладзімір Калеснік здзівіўся, калі я яму сказаў, што гэтую кнігу «Песні на загонах» нават трымаў у сваіх руках… Што цікава, нараджэнец Слонімшчыны славуты Алег Лойка таксама адзначыў: «Я люблю вершы А. Іверса пра лес: і раннія — «Хтось расчэсваў зялёныя сосны», і сённяшнія яго радкі-прызнанні: Сярод яловых готык Заўжды я не чужы…
…Гэты незабыўны дзень, асаблівы тым, з якой любоўю і натхненнем чытаў твор аднаго з маіх блізка знаёмых, паважанага і любімага паэта вядомейшы і дасведчаннейшы даследчык заходнебеларускай літаратуры Уладзімір Калеснік, запомніўся, запаў мне на ўсё жыццё. Прайшоў час, і я атрымаў ліст ад Анатоля Іверса, у якім ён зноўку запрашаў да сябе ў госці, сярод іншых слоў паэт пісаў: «У Баранавічах на вуліцы Барысаўскай… жыла вельмі добрая для нас сям’я. Муж Уладзімір Арцюх даўно памёр. Сын Яўген з кватэры адышоў, пайшоў па ваеннай лініі, але жыў у Баранавічах. На Барысаўскай засталася адна маці Марыя…». А далей знайсці і перадаць прывітанне… Праўду кажучы, я і не ведаў, хаця і вывучыў біяграфію паэта, што ён быў жыхаром майго сучаснага горада, што ён працаваў у ім — тадышнім абласным цэнтры. Канешне, я адразу выканаў яго просьбу, а потым і паспяшаўся ў госці. Дык аказалася, што ў паэта неаднойчы гасцяваў і шчыраваў і Уладзімір Калеснік, як гэта рабілі і Піліп Пестрак, і Янка Брыль, і Алег Лойка, і іншыя вядомыя і славутыя людзі Беларусі. Іван Дарафеевіч Міско паказваў мне здымкі, зробленыя У. Калеснікам — сапраўдным фотамастаком! А побач завіхалася яго жонка — гаспадыня Ніна, якой ён прысвяціў цудоўны верш «Развеяліся хмары» і даслаў мне ў Баранавічы. …Моцная, верная дружба паміж Анатолем Іверсам і Уладзімірам Калеснікам прайшла не толькі цераз іх жыццё, а як найчасцей здараецца ў творцаў, і цераз іх працы. Так, я чытаю верш паэта «Лясныя дарогі» са зборніка «Прыдарожныя сосны» і выпісваю такія радкі:
Сумаваць яшчэ рана
Я распытваў у лася,
Ці дудар стаіць, здаровы?
Фыркнуў лось — і казка ўся
Пра прыгоды дударовы.
Не, не ўся. Далей нясі
Праз туманную пялёнку.
І Калеснік між асін
Падхапіў мяне на плёнку.
А ў канцы радкоў ёсць зноска, дзе напісана: «Уладзімір Андрэевіч Калеснік — беларускі пісьменнік, доктар філалагічных навук, прафесар, аўтар некалькіх кніг па даследаванні заходнебеларускай літаратуры». Вось так увекавечыў Анатоль Іверс свайго сябра, тамака ёсць і здымак У. Калесніка, які зняў паэта-сланімчаніна на лясной дарозе…
Я гартаю кнігі Уладзіміра Калесніка і ўсюды знаходжу, што пяро даследчыка «гаворыць» і пра Анатоля Іверса. Уладзімір Андрэевіч адзначае, што «Анатоль Іверс самы значны, пасля Таўлая, паэт з ліку тых, каго вылучыла рэвалюцыйная Слонімшчына ў даваенны час», у матэрыяле «Братанне з Караткевічам» Калеснік піша, які нялёгкі час выпаў пасля вайны Івану Дарафеевічу: «За сталом у Бурсевічаў прыгадалі Іверса і пачалі скрушліва гаварыць пра няўдзячны час, які абрынуўся на яго. Упаўнаважаны ЦК КПБ на Слонімшчыне, нехта Анішчык, блаславіў яго на работу ў Слонімскі магістрат, каб увайшоў у давер ды інфармаваў партызан аб намерах акупантаў. Той сумленна выконваў небяспечныя даручэнні. Улады, пранюхаўшы пра яго сувязь з партызанамі, захапілі і расстралялі жонку сувязнога. Дадам, і не толькі жонку Веру, але і бацьку паэта, абое загінулі і, мабыць, спалены ў печах у сумнавядомым канцэнтрацыйным лагеры Калдычэва, што ля маіх Баранавічаў. У змаганні з фашыстамі загінуў брат Іверса, бацька жонкі паэта і шмат іншых суродзічаў. Сам Іверс цудам збег з горада ў лес, яго папярэдзіў сябра. Цяпер жа, пасля вайны, яму замест падзякі адмовілі ў даверы, выжылі з газеты, пасадзілі на падсочку. Я чытаў той загад № 18 ад 31 жніўня 1947 года, дзе паэта звальнялі з пасады ў рэдакцыі «Вольная праца» з 1 верасня. Тадышні рэдактар знайшоў: «Правда, помехой в работе была его беспартийность». Вось што Іван Дарафеевіч пра тое ўспамінае («Слонімскі веснік», 1996, № 9): «І пасля вайны я не зазнаў спакою. Двойчы выкідвалі з работы. Сакратар Баранавіцкага абкама партыі таварыш Ажгірэй сказаў мне ў вочы: «Работали у немцев. Не внушаете политического доверия». Гэта замест таго, каб разабрацца па сутнасці. А раённыя падгалоскі пайшлі яшчэ далей. Бачыце, ім не падабалася, што гавару па-беларуску, называлі нацыяналістам». У Слоніме член Саюза пісьменнікаў СССР з 1940 года застаўся без працы. Яму дапамог з Баранавічаў яго колішні таварыш і друг па гімназіі Уладзімір Арцюх, ён не толькі даў яму працу на сваім прадпрыемстве, але і месца для жыцця ў сваім дамку па вуліцы Барысаўскай… У адной з маіх папак ляжыць сто пісем Івана Дарафеевіча, гэта вельмі цікавыя і павучальныя лісты нязломнага, бескарыслівага і бескампраміснага чалавека…
Я перакладваю на сваім стале шматлікія кнігі Уладзіміра Калесніка і падораныя асабіста зборнікі паэзіі самім Анатолем Іверсам і зноў нібы адчуваю галасы іх абодвух, зліўшыхся ў маім любімым творы «Хтось расчэсваў зялёныя сосны».
З процьмы думак —
Не вытканых кроснаў —
Мне запомніўся ўзор-дзераза…
Былі ночы — іх аблыталі сосны,
Што адкінулі кудры назад.
Ёсць у Анатоля Іверса цудоўны зборнік «Я пайшоў бы ўслед за летам», а мне так карціць замяніць у ім слова «лета» і прачытаць так: «Я пайшоў бы ўслед за Вамі, Паэт!..».
1998
З кнігі: Жыццё і творчасць Анатоля Іверса : успаміны, згадкі, рэцэнзіі, прысвячэнні, пісьмы, фотаздымкі. Мінск, 2012. С. 21–47.
ВАРТАВЫ БЕРАСЦЕЙСКАГА ВОГНІШЧА
У канцы 50-х і пачатку 60-х гадоў, у маю бытнасць студэнтам, у Бярэсці дзясятак беларускіх паэтаў лёгка губляўся ў гушчы рускамоўных версіфікатараў. Усё змянілася з часу з’яўлення ў горадзе У. Калесніка: бадай кожны выпуск педінстытута даваў нашай літаратуры некалькі звонкіх імёнаў, многія з якіх вядомы далёка за межамі берасцейскай зямлі. І ўжо, зразумела, кожны яго студэнт (колькі іх было за 40 гадоў выкладчыцкай працы!) нёс у сваёй памяці ўрокі жыцця і творчасці выдатнага Настаўніка. Стварэнне ўнікальнай атмасферы духоўнасці ў рэгіёне, бадай, галоўны плён шматгадовых высілкаў гэтага чалавека.
Міхась Тычына
Уладзімір Калеснік быў больш чым асоба: сваёю рупліваю дзейнасцю, грунтоўнай адукаванасцю, шматграннай таленавітасцю, выдатнасцю ён ствараў на Берасцейшчыне поле, у якім усё таленавітае, адданае творчасці, справе беларускай культуры і асветы атрымлівала заахвочванне і здабывала самасцвярджэнне, і быў гэтым полем.
Алесь Разанаў
Сваёй прыцягальнай асобай, аўтарытэтам незалежнага вучонага і таленавітага пісьменніка Уладзімір Калеснік тварыў і ствараў вакол сябе самадзейную супольнасць творчых людзей, сімвалам і прытулкам для якіх станавілася «Берасцейскае вогнiшча» – як ён сам акрэсліў асяроддзе, дзе пануе няўрымслівы дух творчага гарэння... Ён любiў гэтае таварыскае кола сяброў-лiтаратараў, вучоных і мастакоў, выкладчыкаў i студэнтаў-пачаткоўцаў, людзей розных узростаў i прафесiй, якiх яднаў агонь святой i чыстай любовi да радзімы, роднага слова, лiтаратуры, паэзii, мастацтва, навукі.
Генадзь Праневіч
Не лёгка спалучаць работу ў інстытуце з літаратурнай творчасцю, але ў студэнцкай аўдыторыі можна праверыць, аб’ектывізаваць свае эстэтычныя ацэнкі; жывы вусны кантакт са слухачамі дапамагае пазбаўляцца ад той нейтральнаадчужанай інтанацыі ў гаворцы, якая спадарожнічае бадай кожнаму літаратару. З гэтай моладзі прыходзяць у літаратуру новыя сілы, і радасна думаць, што нейкі ўдзел у лёсе таленавітых юнакоў прымаў і ты, сплочваў доўг перад сваімі настаўнікамі і старэйшымі сябрамі па пяру. Колькі год запар даводзіцца кіраваць абласным літаб'яднаннем, дзе добрая палова членаў – былыя мае студэнты. Сёння такія паэты, як Міхась Рудкоўскі, Мікола Купрэеў, Мікалай Цялічка, ужо выйшлі на літаратурную ніву рэспублікі, а шэраг іншых рыхтуецца да гэтага свята. Талентаў прыбывае з кожным годам. Дзякуючы іх творчым намаганням думы і справы адсталага ў мінулым Палесся ўліваюцца ў рэчышча духоўнага жыцця краіны. Гэта радуе.
Уладзімір Калеснік
З аўтабіяграфіі «Сваім следам», 1964 г.
Дух творчага гарэння
Алесь Каско. Настаўнік паэтаў
Калі я паступаў у Брэсцкі педінстытут (у 1968-м), дык разам з заяваю паслаў у прыёмную камісію свае першыя вершыкі. Мне ўяўлялася, што тут вучаць не толькі на настаўнікаў, але і на паэтаў.
У рэшце рэшт, мала памыляўся, бо, стаўшы студэнтам, у кабінеце літаратуры ўбачыў партрэты інстытутскіх выпускнікоў — Міхася Рудкоўскага, Міколы Купрэева, Васіля Жуковіча, у філфакаўскай насценнай газеце — вершы трэцякурсніка Міколы Пракаповіча, абразкі другакурсніка Алеся Зайкі… А тут яшчэ «ссыльнага» Алеся Разанава пасялілі ў наш пакой, калі аціх вядомы канфлікт вакол беларускасці ў БДУ. Ім апекаваліся тады сам наш рэктар Сяргей Гусак і ён, Уладзімір Калеснік. Ды чаму толькі «тады»? Алесь і Уладзімір Андрэевіч ведаліся даўно, яшчэ з таго часу, калі першы быў шасцікласнікам і вызначыўся на абласным конкурсе школьных сачыненняў.
Моцна заняты працаю ў інстытуце і ўласнай творчасцю, У. Калеснік цікавіўся ўсімі і ўсім, радаваўся кожнаму парастку, асабліва дужаму і перспектыўнаму. Курыраваў інстытуцкі літгурток, запрашаў вядомых пісьменнікаў са сталіцы і наладжваў дыспуты пра новыя кнігі, не прапускаў пасяджэнняў абласнога літаб’яднання, якім кіраваў, прымаў у сябе на кватэры ўсякага «смелага» аўтара або адказваў яму лістом на ліст. Калі пра літаратурнае настаўніцтва казаць моваю педагогікі, дык асноўнай формай для яго была акурат «індывідуальная работа з вучнем» (вучнем найперш здольным, вартым траты сіл і часу). А гэта: з праўдзіваю ўважлівасцю перагортваць рукапісныя і вершы, і вершыкі, тасаваць і бласлаўляць іх у друк, а калі не «ідуць» — весці перамовы з дырэктарам выдавецтва ці, як трэба, і з самім міністрам; чытаць ледзь не кожную публікацыю і кожны чарговы зборнік, адгукацца ў прэсе, уводзіць імя аўтара ў вушы прыёмнай камісіі СП; нарэшце ўпарадкоўваць разам з паэтам кнігу выбранага і пісаць да яе прадмову мала меншую за аўтарэферат, а то і за кандыдацкую дысертацыю… Пры гэтым адно зрэдку буркнуць, што, маўляў, з-за растакое вашай лірыкі-мурлырыкі ён мусіць ставіць у чаргу да свайго рабочага стала самога Скарыну ці Караткевіча. Але ўсё паспяваць зрабіць. І не зважаць, што не менш мацёрыя калегі пачынаюць папракаць за «местачковы патрыятызм» або «манапалізацыю» крытыкі.
Такая форма настаўніцтва мяжуе з бацькоўскай апекаю і мецэнацтвам. Каму і шкодзіла яна, дык гэта самому настаўніку, бо забірала процьму часу, фізічных і маральных сіл, псіхалагічна ўзбуйняла — хай сабе і вельмі рэдкія — памылкі і расчараванні. Затое нешта не сустракаў я пакрыўджаных вучняў, якія наракалі б на залішнюю сяброўскую апеку: маўляў, скоўвала. Ставала Уладзіміру Андрэевічу і мудрасці, і педагагічнага такту, і чалавечай павагі да маладзейшага, каб не пасягаць на ягоную свабоду. А ўрэшце, моцная творчая натура сам, ён хацеў бачыць такую ж натуру і ў вучню, што і станавілася галоўным гарантам плённасці ўзаемных стасункаў. Аўтарытэт настаўніка, папярэджваў ён у адным з артыкулаў, можа лёгка пахіснуць слабага паэта, а паэт-асоба ў адказ на крытыку яшчэ больш умацуецца на абраным шляху. Свабоду творчай асобы У. Калеснік сцвярджаў адназначна, без агаворак: «…мастак не можа дайсці праўды без эмоцый і перабораў, таму мае права гаварыць усё, што хоча, і рана ці позна давядзецца гэтае права афіцыйна прызнаць і ў нас, без гэтага мастацтва і яго галоўны стрыжань — літаратура — завянуць, страцяць прэстыж і дома, і ў свеце». (Залатыя, надзённыя словы, шаноўны настаўнік!)
Кажучы пра вучняў У. Калесніка, маю на ўвазе найперш паэтаў-землякоў, хоць, магчыма, не ўсе яны лічаць сябе такімі; нехта не супадаў у поглядах, аднак у большай ці меншай ступені падпадаў пад ягоную ўвагу. Спакусліва, але рызыкоўна «прысвойваць» таго, хто сягаў у шырокі кантэкст жыцця, эстэтыкі, літаратуры, у космас думак і пачуццяў Скарыны, Гусоўскага, Купалы… Вялікія папярэднікі жывуць у кожным нашчадку, і той, хто браўся за даследаванне іхняга жыцця і творчасці, пісаў і пра сённяшніх нас — берасцейцаў, гарадзенцаў, менчукоў, — дбаючы пра будучыню ўсёй нацыянальнай культуры.
Дык жа і непасрэднай увагаю не абмінаў ён маладых паэтаў з іншых абласцей і са сталіцы. Ці шмат мэтраў літаратуры і знаўства аб ёй не пагрэбавала напісаць хоць адну-другую так званую бягучую рэцэнзію на адметную публікацыю ў перыёдыцы або на асобны паэтычны зборнік? А Уладзімір Калеснік падаваў узоры такіх рэцэнзій. Мне, напрыклад, дасюль памятаецца грунтоўны ягоны аналіз у «ЛіМе» за 1984 год кніжкі Генадзя Пашкова «Зямлю слухаю». І выснова ягоная: «…паэтычная творчасць — справа куды больш цяжкая, чым гэта сёння здаецца… І дай божа дачакацца таго часу, калі маладыя паэты адчуюць гэта самі. Тады і мае заўвагі стануць прымальнымі, больш таго — будуць дапоўнены аўтарам, ён убачыць такія хібы, якія мне бачыць не пад сілу. Гэта і будзе нармальны творчы рост». Не выбачаўся перад аўтарам, а саўдзельнічаў у ягонай творчасці, ягонай будучыні…
Адно што мы, берасцейцы, больш чым хто пачуваліся несамотна і пэўна побач з ім. Ягоную прысутнасць усведамлялі не без гонару і спаўна, калі сябры-калегі з іншых «правінцый» з прыкметнай зайздрасцю падкрэслівалі: «У вас ёсць Калеснік, і гэтым усё сказана».
Затое і прагал пасля страты бачым надзвычай вялікі. Хто заменіць настаўніка? Хіба што ўсе разам — тыя, хто «аперыўся» з ягонага крыла.
Хіба што ў пэўнай долі…
Аляксей Каўка. Аўтографы нагадалі
…А вось яшчэ адзін вельмі дарагі мне аўтограф: «А.Т. Каўка — з павагай і ўдзячнасцю за канцэпцыю гістарычнай справядлівасці ў адносінах да нашай спадчыны. Ул. Калеснік». Сваю кніжку «Тварэнне легенды» з такім надпісам Уладзімір Андрэевіч прыслаў мне, калі я цяжка хворы, зусім нямоглы, ляжаў у Брэсцкай абласной бальніцы. Ці трэба гаварыць, што такая ацэнка маёй сціплай працы па напісанні нарыса аб гісторыі Іванаўскага раёна з вуснаў выдатнага пісьменніка была для мяне гаючымі лекамі. І зноў жа ўспаміны…
З Уладзімірам Андрэевічам я сустракаўся рэдка, можа тры ці чатыры разы, але сустрэчы гэтыя назаўсёды запалі ў душу. Выдатны пісьменнік, таленавіты даследчык беларускай літаратуры, умелы педагог быў і цудоўным чалавекам. Ён вызначаўся добразычлівасцю да людзей, дабрата свяцілася ў яго вачах. Аднойчы (не ведаю ўжо з якой нагоды) ён прыехаў у Іванава. Вырашыўшы свае справы, зайшоў у рэдакцыю. Помніцца, што размова ішла пра літаратуру, я распытваў, як збіраўся матэрыял і пісалася кніга «Я з вогненнай вёскі…». Тут я даведаўся, што, апроч усяго, Уладзімір Андрэевіч добра валодаў фотаапаратам — калі яны з Янкам Брылём і Алесем Адамовічам збіралі па Беларусі матэрыял для кнігі, то ён зрабіў многа здымкаў для ілюстрацыі гэтага ўнікальнага выдання.
Неяк мы загаварылі пра ўмовы для літаратурнай працы. З лагоднай усмешкай Уладзімір Андрэевіч нагадаў, як на пачатку сваёй працы ў Брэсце жыў з жонкай у невялікім пакойчыку, дзе амаль усе сцены былі застаўлены кніжкамі, ля акна стаяў невялікі столік. Дык вось у той пакойчык заглянуў аднойчы Піліп Пестрак. Агледзеўшыся, ён сказаў: «У цябе ж цудоўныя ўмовы для літаратурнага занятку». Гэтаму пісьменніку, які многа часу правёў у турэмных камерах, цесны пакойчык здаўся ледзь не раскошай.
Калі я праводзіў Уладзіміра Андрэевіча, на калідоры нам сустрэўся Мікола Купрэеў. У гэтага паэта быў перыяд жыццёвага разладу — без пэўнага занятку, а значыць і без якога-небудзь заробку, нават без дакументаў ён бадзяўся па Брэстчыне, заходзіў у рэдакцыі, дзе ў яго былі знаёмыя, за мізэрны ганарар браўся хоць за якую работу.
— А ты, Мікола, усё яшчэ цыгануеш? — прывітаўшыся, звярнуўся да яго Уладзімір Андрэевіч.
Адчуваючы сябе ніякавата перад сваім інстытуцкім настаўнікам, які часта адзначаў яго літаратурныя здольнасці, ён вінавата пакруціў галавой.
І тады Уладзіміру Андрэевічу, відаць, захацелася хоць як-небудзь падбадзёрыць таленавітага паэта:
— У «Літаратуры і мастацтве» падрыхтаваны твае вершы да друку. У бліжэйшым нумары з’явяцца…
У.А. Калеснік заўсёды падтрымліваў здольную літаратурную моладзь. Аднойчы мне давялося прымаць удзел у сумесных выступленнях перад чытачамі нашага раёна літаратараў Брэстчыны і Валынскай вобласці Украіны. Я бачыў, як ён зацікаўлена, я б сказаў, з нейкім замілаваннем слухаў вершы паэтаў Міхася Рудкоўскага, Ніны Мацяш, Міколы Пракаповіча. Як сціплы чалавек, ён не вылучаўся сярод сваіх выхаванцаў, вёў гутарку нароўных, дасціпна жартаваў. Павагай і тактоўнасцю прасякнуты і яго артыкулы аб літаратарах. У сваёй прадмове да зборніка вершаў Міколы Засіма ён піша, што ў апошні час, збіты з тропу недальнабачнымі літаратурнымі крытыкамі, гэты паэт-самародак нярэдка пісаў і невылечна слабыя вершы. І калі яму гаварылі, што той ці іншы верш слабаваты, ён адказваў: «Нічога-нічога, я дома па ім яшчэ гэблікам прайдуся». «Але гэбліка дома не было», — піша У.А. Калеснік. І тут, здаецца, усё зразумела.
Згадваючы ўсё гэта, мяне не пакідае адчуванне нейкай сваёй віны перад добрым чалавекам. Справа вось у чым. Атрымаўшы ад У.А. Калесніка згаданую вышэй кніжку з аўтографам, я не паспеў падзякаваць за кнігу і добрыя словы ў мой адрас. Пісаць жа потым (калі пакінуў бальніцу) здавалася позна. Рашыў дачакацца чарговай сустрэчы і тады выказаць сваю сардэчную ўдзячнасць. Ды вось не дачакаўся… Уладзімір Андрэевіч пакінуў гэты свет… Крыўдна і балюча на сэрцы…
Віктар Гардзей. Водбліскі Берасцейскага вогнішча
Барвовы верасень з яго зорнымі і яшчэ па-летняму цёплымі начамі высвеціў для беларускай літаратуры цэлае сузор’е знакамітых пісьменнікаў. Менавіта ў гэтым месяцы нарадзіліся Ніл Гілевіч, Сяргей Грахоўскі, Анатоль Грачанікаў, а што да Максіма Танка і Уладзіміра Калесніка, то яны не толькі сябравалі, але і свае юбілеі адзначалі ў адзін дзень — 17 верасня. На літаратурным небасхіле зорка Уладзіміра Калесніка гарыць ярка і непагасна. Добры дзясятак ягоных кніг узнаўляюць гісторыю заходнебеларускай літаратуры, асобныя творы прысвечаны разгляду давераснёўскай паэзіі Максіма Танка, Уладзіміра Жылкі, Валянціна Таўлая, тонкі і дасведчаны крытык з’яўляецца аўтарам шэрагу вучэбных дапаможнікаў для педінстытутаў і універсітэтаў, акрамя таго, разам з А. Адамовічам і Я. Брылём ён напісаў вядомую кнігу «Я з вогненнай вёскі...». Былы партызан, Уладзімір Калеснік і сам зведаў усе жахі вайны: быў падпольшчыкам у верхнім Наднямонні, мінёрам дыверсійнай групы, камандаваў узводам, узначальваў штаб маладзёжнага атрада ў Баранавіцкім партызанскім злучэнні. Пасля перамогі скончыў Мінскі педагагічны інстытут і аспірантуру пры ім, кіраваў мясцовым аддзяленнем СП Беларусі. Прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа, Уладзімір Андрэевіч Калеснік для берасцейскіх літаратараў на дзясяткі гадоў стаў чулым выхавацелем, настаўнікам, добрым сябрам, і, несумненна, кожнаму з нас, яго ўдзячных вучняў, ёсць што расказаць пра гэтага мудрага чалавека, славутага беларускага педагога, крытыка і літаратуразнаўцу.
Вячэрні Брэст тою даўняй зімою, надзіва мнагаснежнай і мяккай — з сумётамі ды без маразоў, быў па-казачнаму чароўны і прыгожы. Магчыма, так здавалася мне, палескаму правінцыялу, які прыехаў у абласны цэнтр на нейкія месячныя курсы, аднак дзівоснае відовішча запомнілася надоўга. Вуліцы яшчэ малазнаёмага горада, да самых акон замеценага нядаўнімі завеямі, скрадвалі крокі па рыпучым снезе, глушылі шум аўтамабіляў, і нават не верылася, што такая цішыня наогул можа стаяць на пагранічным ускрайку неабсяжнай імперыі. Убаку, над Бугам і Мухаўцом, у раёне легендарнай крэпасці, трапяталася электрычнае зарыва, цемру там раз-пораз праціналі водбліскі далёкіх агнёў, і ўсё дрыготкае мора святла тут, пасярод ярка ілюмінаванага Брэста, уяўлялася суцэльным велізарным вогнішчам — зыркім, ды ўсё ж па-зімоваму стылым і халодным.
Не ведаю калі, раней ці пазней, Уладзіміру Калесніку засвяцілася свежая і сакавітая метафара, але сваю цудоўную аповесць пра колішні і сучасны літаратурны рух на Брэстчыне знакаміты пісьменнік так і назваў — «Берасцейскае вогнішча». Пра гэты твор, які прываблівае перш за ўсё высокай эрудыцыяй аўтара, глыбінёй аналізу і дакладнасцю ацэнак, гаворка будзе ніжэй, а пакуль што вернемся ў той далёкі, казачна прыгожы і заснежаны вячэрні Брэст. Як добра помніцца, стаяла зіма 1969 года і, кажучы радкамі вядомай песні, тады «мы были молоды, бродили мы по городу». Глыбокі снег пад махрыстымі ад інею прысадамі побач са мной таптаў белавежскі рамантык і першы брэсцкі паэт Міхась Рудкоўскі. Якраз напярэдадні ён атрымаў станоўчую выдавецкую рэцэнзію на сваю трэцюю кнігу вершаў «Позвы», і таму настрой у яго быў адпаведны — зычлівы і лагодны. Тут жа, у цэнтры Брэста, калі праходзілі паўз някідкі мураваны будынак, дзе месцілася рэдакцыя абласной газеты, Міхась Рудкоўскі раптам схамянуўся:
— Ах, чорт, ледзь не забыў! Сёння ж Калеснік збірае літаб’яднанне. Пайшлі, хоць паглядзіш на жывога класіка.
На той час, трэба сказаць, абласная «Зара» ўжо друкавала мае вершы, і, зразумела, пабываць у рэдакцыі на пасяджэнні «Заранкі» было вельмі зманліва. Зноў жа хацелася сапраўды ўбачыць строгага крытыка і прафесара Уладзіміра Калесніка, якога ведаў па кнізе «Час і песні», шматлікіх літаратуразнаўчых публікацыях у ЛіМе і часопісе «Полымя». Ведаў таксама, што Уладзімір Андрэевіч іменна ў Брэсце, акрамя літаратурна-крытычных прац, напісаў шэраг вучэбных дапаможнікаў і падручнікаў для філолагаў. Вось з такім цікавым чалавекам, які для многіх берасцейскіх паэтаў стаў у прамым сэнсе хросным бацькам, мне, пачаткоўцу, і выпала сустрэча ў той далёкі і незабыўны студзеньскі вечар.
Па крутой лесвіцы на другі паверх, дзе ў кабінеце добразычлівага рэдактара «Зары» Пятра Суцько звычайна збіралася абласное літаб’яднанне, услед за Міхасём я падымаўся з нейкай унутранай насцярогай і баязлівасцю. Хадзілі чуткі, што масціты кіраўнік «Заранкі» не дужа шануе хоць старых, хоць маладых творцаў, чые вершы не робяць даверу, і з гэтай прычыны блізкае знаёмства з Уладзімірам Калеснікам выклікала пэўную трывогу. Седзячы за рэдактарскім сталом, ён сапраўды непаважліва глядзеў на тых, хто сваім спазненнем перапыняў працу літаратурнай суполкі, аднак, калі заяўляўся навічок, ветліва запрашаў яго прайсці і заняць вольнае месца. Цішком, стараючыся не грукаць, мы, відавочныя парушальнікі дысцыпліны, праціснуліся ў самы цёмны кут службовага пакоя, але наша наіўная хітрасць тут жа была заўважана і ацэнена належным чынам.
— Міхась! — даволі строга і насмешліва сказаў Уладзімір Андрэевіч. — Ты як самы вядомы бард Берасцейшчыны мог бы сесці і бліжэй. Тваё слова нешта ды значыць. А гэты, насуплены, што ўваліўся разам з табой, хто такі?
— Мой зямляк, выхаванец Васіля Праскурава, — збянтэжыўся Міхась Рудкоўскі і назваў маё прозвішча.
— Чуў. Але няхай спачатку пачытае вершы, — буркнуў незадаволены кіраўнік «Заранкі» і тут жа пачаў разбіраць творы нейкай маладой паэткі.
Слухалі яго ўважліва, ды і слухаць было каму: прасторны рэдактарскі кабінет ледзь умясціў берасцейскіх знаёмых мне і незнаёмых літаратараў, сярод якіх, несумненна, мала хто не суцяшаў сябе надзеяй хоць у старасці паказытаць лысіну лаўровым вянком. Недалёка ад мяне засяроджана, напэўна абдумваючы сваю чарговую элегію, сядзеў таленавіты Мікола Купрэеў, за ім, наструніўшы чуйны слых, прыгнуўся рускамоўны Анатоль Гарай, збоку ад іх нервова камячыў у пальцах лісцінку з вершам будучы публіцыст, аўтар многіх кніг Мікола Панасюк. Ганарліва, у атачэнні маладых прыгожых паэтак, хутчэй за ўсё студэнтак педінстытута, наводдаль прыціхлі неразлучныя Мікола Пракаповіч і Алесь Каско. За асобным сталом у вэрхале папер задумліва праціраў акуляры тагачасны сакратар літаб’яднання Уладзімір Вялічка. Адным словам, «Заранка» была ў поўным зборы, але, як кажуць, у цеснаце, ды не ў крыўдзе.
Педагог ад Бога, мудры, вопытны настаўнік творчай моладзі, Уладзімір Калеснік, паслухаўшы нашы вершаваныя творы, для кожнага аўтара знайшоў цёплае слова, кожнаму даў талковую параду: каму з прыязнай усмешкай, каму — з добрай доляй іроніі, каму — і зусім строга. Але ніхто не пакрыўдзіўся. Запомнілася, што менавіта на гэтым пасяджэнні літаб’яднання Мікола Пракаповіч, тады яшчэ малавядомы старшакурснік Брэсцкага педінстытута, прачытаў свой змястоўны верш «Ходзікі». Уладзімір Андрэевіч верш пахваліў, адзначыў яго вобразнасць і метафарычнасць, глыбіню думкі, а ўвогуле ўсе ацэнкі славутым майстрам даваліся досыць асцярожныя, не абразлівыя, з той разумнай пазіцыі, што «надежды юношей питают». Гэта я кажу дастаткова ўпэўнена, бо ў той жа самы вечар, у тым жа прасторным рэдактарскім пакоі мяне таксама змусілі паказацца з уласнымі рыфмамі на ясныя вочы берасцейскай багемы. Цяпер ужо цяжка сказаць, пры якой думцы засталася ўся тагачасная «Заранка», а вось з вуснаў шаноўнага крытыка і літаратуразнаўцы давялося выслухаць цікавую і павучальную лекцыю.
На здзіўленне, мае вершы Уладзіміра Калесніка як быццам не зацікавілі: гаварыць ён пачаў пра Ганцаўшчыну ўвогуле, пра тое, што гэта край сівых легенд і паданняў, славуты палескі кут, дзе калісьці жылі і тварылі вядомыя казачнікі — Рэдкі, Азёмша, Кравец. Менавіта тут збіраў скарбы фальклору Сержпутоўскі, менавіта тут, у вёсцы Люсіна, на пачатку веку натхняўся казкамі жыцця Якуб Колас. З асаблівай цеплынёй у голасе Уладзімір Андрэевіч нагадаў, што цяпер у Ганцавічах плённа працуе празаік-нарысіст Васіль Праскураў, успомніў Міхася Рудкоўскага, Івана Кірэйчыка і Міколу Купрэева, якія свой творчы шлях у літаратуру пачалі на ганцавіцкай паэтычнай зямлі. Вядома, я слухаў уважліва і, прызнаюся, трошкі пачуваўся няёмка, бо пра многія цікавыя моманты з гісторыі свайго краю даведаўся ўпершыню. Між іншым выдатны знаўца Палесся ўсё тое, аб чым гаварыў у незабыўны студзеньскі вечар, пазней не адзін раз паўтарыў у сваіх кнігах і артыкулах. Што да маіх вершаў, то і тут была важная і прыемная для мяне выснова:
— Пакінь — нешта выберам для літаратурнай старонкі.
Вось так і адбылося знаёмства з гэтым патрабавальным і строгім, зычлівым і шчодрым чалавекам — Уладзімірам Калеснікам. Сапраўды, як у той добрай казцы: была снежная зіма, быў цудоўны вечар, была дзіўная сустрэча, якая запомнілася на ўсё жыццё. Яе, тую даўнюю сустрэчу, нельга забыць хоць бы з такой прычыны, што наш брэсцкі Калеснік, як мы яго цёпла называлі паміж сабой, у далейшым меў істотны ўплыў на маю літаратурную творчасць. Прозвішча маладога паэта, які, паводле вызначэння настаўніка, «вылецеў з-пад крыла Васіля Праскурава», усё часцей пачало з’яўляцца не толькі на старонках абласной «Зары». Я і сягоння шчыра ўдзячны Уладзіміру Андрэевічу за яго ўвогуле прыхільную ацэнку маіх першых паэтычных кніг «Касавіца» і «Чырвоны грабеньчык». Калі ж у выдавецтве «Мастацкая літаратура» рыхтаваўся да друку новы зборнік «Верасное палясоўе», ён, «наш брэсцкі Калеснік», папрасіў паказаць яму рукапіс, што я і зрабіў. Прайшло небагата часу, і аднойчы ў той жа «Зары» масціты кіраўнік літаб'яднання надрукаваў падборку з дасланых вершаў і прадмоўку «Чакаючы кнігу паэта...».
Тая кніга, нарэшце, пабачыла свет, і адразу ж з-пад пяра Уладзіміра Андрэевіча з’явілася ўжо і зусім аб’ёмная, даволі цёплая і прыязная рэцэнзія «Галініцца верш», надрукаваная ў абласной газеце на самым відавоку. Крытык назваў мацнейшыя і слабейшыя бакі ў творчасці аўтара, адзначыў «узросшую плошчу судакранання асобы паэта з жыццём» і тут жа, папракаючы выдаўцоў, шчыра пашкадаваў, што некаторыя творы, прачытаныя ім яшчэ ў рукапісе, не ўмясціліся ў тоненькі зборнік, гвалтоўна абрэзаны з меркаванняў эканоміі паперы і ганарарных сродкаў.
Цяпер гэты папрок, мабыць, прагучаў бы крыху наіўна, таму што сёння закрываюцца і самі выдавецтвы, але тады, напрыканцы сямідзясятых, заўвага аўтарытэтнага чалавека мела прынцыповае значэнне, і, можа таму ўжо наступная мая кніга «Засевак Радзімы» выйшла ў значна большым аб’ёме і вартым увагі мастацкім афармленні. Ведаю, што гэтак жа балюча Уладзімір Калеснік перажываў за кнігі Міхася Рудкоўскага, трывожыўся за лёс Міколы Купрэева, і наогул усім, каго хоць трошкі цаніў і паважаў, стараўся дапамагчы, чым толькі мог. Па тэлефоне ці ў час асабістых сустрэч ён цікавіўся новымі творамі Васіля Праскурава, а яго арыгінальную аповесць «Рута-мята» прачытаў з алоўкам у руках і, зразумела, даў каштоўныя парады. «Рута-мята» пасля друкавалася ў газеце «Зара» і заваявала сур’ёзны поспех у чытачоў. Не скажу, што з Уладзімірам Андрэевічам я сустракаўся досыць часта — усё-такі Ганцавічы далекавата ад Брэста, аднак і выпадковыя, і знарок прызначаныя сустрэчы з ім добра запомніліся, а некаторыя з іх сёння магу ўзнавіць у дэталях, успомніць многае з таго, што гаварыў мне альбо каму-небудзь іншаму самы шаноўны на Берасцейшчыне літаратар, крытык і вучоны — наш добры сябра, наш мудры дарадца і настаўнік.
Чамусьці на памяць часцей за ўсё прыходзіць 1982 год, багаты на радасныя і сумныя падзеі, год, калі бачыцца з Уладзімірам Калеснікам даводзілася ледзь не кожны месяц. Яшчэ вясною, дзесьці ў красавіку, у Люсінскай сярэдняй школе, дзе калісьці працаваў Якуб Колас, адкрываўся літаратурна-краязнаўчы музей, названы імем вялікага песняра. Не трэба казаць, што гэта была вельмі важная падзея ў культурным жыцці вобласці. На адкрыццё музея ў Люсіна прыехала літаб’яднанне «Заранка» ледзь што не ў поўным сваім складзе. Столькі літаратараў, пераважна маладых і ўжо вядомых паэтаў, Ганцаўшчына яшчэ не бачыла. Цёпла сустрэтыя тутэйшым начальствам, яны правялі творчы вечар у раённым Доме культуры, а на другі дзень перад імі гасцінна адчыніліся дзверы знакамітай школы. Музей Якуба Коласа, аформлены з вялікай любоўю і добрым мастацкім густам, усім спадабаўся, хоць, мабыць, не менш спадабалася калгаснікам, настаўнікам і вучням сама сустрэча з прыезджымі літаратарамі. Гледачы цёпла прынялі выступленні Васіля Праскурава, Ніны Мацяш, Міколы Пракаповіча, Алеся Каско, Алега Мінкіна, украінскага паэта Пятра Маха, але, здаецца, самы вялікі поспех выпаў на долю Уладзіміра Калесніка, які, здзівіўшы прысутных незвычайнай эрудыцыяй, падарыў музею цэлую вязанку сваіх кніг. Вечарына ў школе зацягнулася аж на некалькі гадзін, а працягвалася на беразе Дубаўскога возера, пад славутымі Ядвісінымі дубамі, дзе на пачатку веку блукаў закаханы аўтар трылогіі «На ростанях».
У Люсіна сябры абласнога літаб'яднання прыехалі з добрым настроем, усе вясёлыя ды ў гуморы, але і ад’язджалі яны поўныя светлых уражанняў ад сустрэчы з дзівоснымі палескімі мясцінамі. Паэтычны, песенны «рафік» з гасцямі да самай мяжы з суседнім раёнам праводзілі ганаровым экскортам начальніцкая «Волга», калгасная легкавушка, наш рэдакцыйны «уазік». Пад калматымі хвоямі спыніліся, шчыра развіталіся, і той «рафік», надта гаманкі пасля ганцавіцкіх пачастункаў, пачаў аддаляцца, знікаць у густой смузе Машукоўскага лесу — прапаў з вачэй, але не з памяці. Уладзімір Калеснік, усёй душой любячы сваю «Заранку», якая на той час, здаецца, ужо мела статус абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў, застаўся вельмі задаволены, што ўдалося сабраць найлепшых берасцейскіх паэтаў разам, вывезці іх на прыроду, як сам казаў, у край сівых легенд і паданняў. На другі дзень ён пазваніў у рэдакцыю, падзякаваў за цёплы прыём, а роўна праз чатыры месяцы, у верасні, пазваніў зноў і запрасіў Васіля Праскурава і мяне на свой юбілей — у верасні нашаму белавежскаму літаратурнаму зубру спаўнялася шэсцьдзесят гадоў. Ужо ў Брэсце, на цудоўнай вечарыне, я, прыгледзеўшыся да суседзяў па застоллі, з прыемнасцю пераканаўся: «Заранка» ва ўсёй красе і бляску і тут была ў поўным зборы, таму што гасціннасць самога Уладзіміра Андрэевіча сапраўды не мела мяжы.
Юбілейная вечарына, як цяпер помню, праходзіла ў вялікай і доўгай, нібы абора, банкетнай зале гатэля «Інтурыст». Павіншаваць шаноўнага пісьменніка прыехалі і прыйшлі яго даўнія сябры, былыя партызаны, філолагі педінстытута, абласныя кіраўнікі. Людзей сабралася — яблыку няма дзе ўпасці. Побач са мною, з прыходу, сядзелі Міхась Рудкоўскі, Зінаіда Дудзюк, Алесь Каско, а дзесьці там, у канцы залы, кажучы па-сучаснаму, «тусаваліся» Янка Брыль, Аляксей Карпюк, Васіль Праскураў. Сярод знакамітых гасцей багата каго я зусім не ведаў, таму з увагай слухаў іх віншавальныя тосты. Сам жа юбіляр, літаральна патанаючы ў абярэмках кветак, пачуваў сябе няёмка і болей маўчаў, чым гаварыў, што ўвогуле на яго не было падобна. Ён жа любіў сяброўскія бяседы, умеў, захапіўшыся тэмай, весці доўгую нітку размовы — толькі сядзі ды вастры вушы, усё больш пераконваючыся: перад табой вельмі шчыры, вельмі дасведчаны чалавек! Тады ж, на сваім юбілеі, Уладзімір Андрэевіч быў трошкі сумны і збянтэжаны — не чакаў, мабыць, што ў яго столькі сяброў. Вечарына закончылася позна, і мы з Васілём Праскуравым дабіраліся ў гасцініцу «Буг» пяшком цераз увесь горад, таму што было добра пасля апоўначы, і, зразумела, гарадскі транспарт ужо не хадзіў.
У розныя часы, у розных абставінах Уладзімір Калеснік запомніўся мне такім, якім і быў на самай справе — то жартоўна-іранічным, то нахмурана-журботным. Тым летам, калі ў суседняй Польшчы ўзбунтавалася «Салідарнасць», ён моцна перажываў, што нават лепшыя сябры з Варшавы перасталі яму слаць лісты. Пра гэта Уладзімір Андрэевіч паскардзіўся Васілю Праскураву — з ім, берасцейцам, аднойчы мы выпадкова спаткаліся каля гатэля «Буг» і разам зайшлі ў тутэйшы рэстаран папалуднаваць. «Наш брэсцкі Калеснік» тады быў нахмураны, заклапочаны, седзячы за сталом, ён прызнаўся, што шукае сабе замену, хоча перадаць літаратурныя справы Берасцейшчыны каму-небудзь маладому, а сам пойдзе на пенсію, зоймецца толькі ўласнай творчасцю. Хутчэй за ўсё, гэта была мара стомленага чалавека, бо дапамагаць здольнай моладзі ён так і не кінуў да канца свайго жыцця. Разгубленага, зніякавелага, як у ваду апушчанага я запомніў Уладзіміра Андрэевіча яшчэ адзін раз — праз год пасля чарнобыльскай катастрофы, у Ганцавічах, на пахаванні Васіля Праскурава. Але не будзем пра сумнае, балючае і горкае, тым болей, што свайго добразычлівага настаўніка я ведаў і вялікім, непапраўным аптымістам.
Вось ужо колькі дзесяцігоддзяў для мяне асабіста сапраўднай энцыклапедыяй колішняга і цяперашняга літаратурна-грамадскага жыцця на Берасцейшчыне стала ці не самая лепшая кніга Уладзіміра Калесніка «Зорны спеў». Напісана яна як добры мастацкі твор і чытаецца з захапленнем, запамінаецца іменна светлым аптымізмам і верай у беларускае нацыянальнае Адраджэнне. Тут у цесным суседстве можна бачыць слаўныя імёны Францыска Скарыны, Міколы Гусоўскага, Паўлюка Багрыма, Ігната Канчэўскага, Алаізы Пашкевіч, з нашых сучаснікаў — Максіма Танка, Янкі Брыля, Піліпа Пестрака і многіх іншых, чыю творчасць аўтар глыбока даследуе і аналізуе. Поўнае ўяўленне пра ўсёабдымны, маштабны талент буйнога вучонага і літаратуразнаўцы дае, напрыклад, ягоная аповесць «Берасцейскае вогнішча». Гэта яркая кніга пра пачатак нашага роду, змястоўны і аб’ёмны летапіс ці, сказаць дакладней, уважлівы агляд былых і сённяшніх літаратурных набыткаў багатай на гістарычныя падзеі зямлі. У аповесці Уладзімір Андрэевіч не забыў нікога, успомніў усіх, хто мае хоць якія творчыя задаткі, кожнай сястрыцы, як гаворыцца, раздаў па завушніцы. Асобныя раздзелы мудры настаўнік прысвяціў «інжынеру барыкад» Піліпу Пестраку, пакутнай і таленавітай Ніне Мацяш, удумліваму Алесю Разанаву. З нейкім бацькоўскім замілаваннем, з асаблівай пяшчотай і любоўю напісаўся ў «нашага брэсцкага Калесніка» і нарыс пра творчасць Міхася Рудкоўскага «След блакітнага аленя». Ёсць нейкая наканаванасць, няўлоўная таямніца ў тым, што яшчэ ў 1967 годзе белавежскі рамантык прысвяціў Уладзіміру Андрэевічу выдатны верш «Мой дзед быў сельскім кавалём», дзе, між іншым, засяроджваюць увагу такія радкі:
Спакойна дзед мой паміраў,
не паміраў, а дагараў,
не дагараў ён, а згараў,
як вугаль ў горне.
Свае мімалётныя згадкі пра старэйшага таварыша, настаўніка і дарадцу можна было б і не заканчваць на такой сумнай, журботна-шчымлівай ноце, калі б не вось гэтая акалічнасць. Тая, што з іржавай касой, убілася ў берасцейскую літаратурную сябрыну і забірала іх, маіх сяброў, аднаго за адным, з жудаснай метадычнасцю — праз кожныя чатыры гады. Забірала найярчэйшых. Спачатку Васіля Праскурава, потым Міхася Рудкоўскага, потым — незабыўнага Уладзіміра Калесніка. I кожны волат не дагараў, а згараў — ад болю і пакут, ад таго, што на зямлі засталося багата непаробленых імі спраў. Пасля вялікіх і незаменных страт берасцейскае вогнішча, вядома, не патухла — свеціць, блішчыць, хоць разгараецца марудна і цяжка, і пакуль што святло яго не такое яркае і зыркае, як у тыя мілыя і слаўныя часы, калі па заснежаным вечаровым Брэсце можна было хадзіць, прынамсі, без боязі за сваё жыццё, у чароўнай цішыні любуючыся палахлівымі водбліскамі электрычнага зарыва, якія трапяталіся над стромымі мурамі, дзесьці далёка за Бугам і Мухаўцом.
Зінаіда Дудзюк. Творца. Запавет
Творца
Па-сапраўднаму таленавіты чалавек не зайздросціць чужой славе, не баіцца канкурэнцыі, а шчыра радуецца чужой творчай удачы ці праяве здольнасцей у некага, па-сапраўднаму таленавіты чалавек заўсёды загружаны справамі і задумамі, але не шкадуе часу на тое, каб памагчы пачаткоўцу, падтрымаць яго. Такі быў Уладзімір Андрэевіч Калеснік.
Хачу расказаць пра самую першую сустрэчу з ім, бо яна асабліва яскрава сведчыць пра характар Уладзіміра Андрэевіча.
Пасля дзесяцігодкі я працавала на будоўлі ў Белаазёрску. Тады ж упершыню надрукавала вершы ў бярозаўскай раёнцы. Аднойчы знайшоў мяне на працы высокі ўсмешлівы чалавек у чорным берэце, шэрай куртцы, назваўся Уладзімірам Калеснікам. Я не магла паверыць, што спецыяльна сустрэцца са мною прыехаў сапраўдны пісьменнік з Брэста, не ведала, як сябе паводзіць, разгублена маўчала.
У пакоі было шумна, пад галас будаўнічай тэхнікі Уладзімір Андрэевіч нешта гаварыў мне, а я амаль нічога не чула. Зразумела толькі, што ён чытаў мае вершы і запрашаў паступаць у педінстытут.
Ён быў настаўнікам, таленавітым, прыроджаным, лічыў сваім абавязкам дапамагаць маладым вызначыць свой шлях, пільна сачыў за ростам таленту, дапамагаў выплываць з небяспечных жыццёвых віроў.
На жаль, я не выкарыстала добрую параду Уладзіміра Андрэевіча, тады мяне зусім не вабіла праца настаўніка. Хацелася мець грунтоўную тэхнічную прафесію, таму паступіла ў Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут.
Толькі на трэцім курсе адважылася паслаць свае вершы ў «Зарю», дзе яны адразу былі надрукаваны, а кіраўнік абласнога літаб’яднання У.А. Калеснік запрасіў мяне на выступленне ў інтэрнат педінстытута. У гэтым выступленні браў удзел паэт Алесь Разанаў, здаецца, тады ён сам яшчэ быў студэнтам.
Я падышла да Уладзіміра Андрэевіча пасля выступлення, чым яго вельмі расчаравала, бо ён хацеў, каб тут прагучалі і мае вершы.
Пісьменнік, педагог, навуковец, У.А. Калеснік быў адораны шматлікімі талентамі: ён цудоўна маляваў і фатаграфаваў, займаўся разьбою па дрэве і сталярствам. Шматграннасць асобы выклікала цікавасць да самых разнастайных галін навукі і мастацтва, гэта быў інтэлектуал з энцыклапедычна шырокімі і глыбокімі ведамі. Як сапраўдны творца, ён будаваў вакол сябе таленавітае, стваральнае асяроддзе, не стамляўся шукаць здольных людзей, дапамагаў ім зразумець сваё прызначэнне, вызначыць свой жыццёвы шлях, адчуць сябе асобаю, адказнаю не толькі за ўласны лёс, але і за лёс Радзімы і ўсяго Свету.
Запавет
Сучаснікі не могуць быць суддзямі папярэднікам. Задача новых пакаленняў зразумець тых людзей, што жылі раней, каб зрабіць адпаведныя высновы ў выбары ўласнага шляху. А паколькі паэты і празаікі пасля сябе пакідаюць не проста дакументальныя звесткі, а эмацыянальныя споведзі, насычаныя душэўнымі парываннямі і памкненнямі, жывым рухам думкі, дык яны аказваюцца пад пільнаю ўвагаю даследчыкаў, бо праз жыццёвы шлях адной асобы можна ўбачыць пэўны этап гісторыі ўсяго народа. Адным з таленавітых і апантаных даследчыкаў мастацкай творчасці папярэднікаў і сучаснікаў быў Уладзімір Андрэевіч Калеснік, які захоплена і пільна ўзіраўся ў магутныя постаці Францыска Скарына, Міколы Гусоўскага, Анатоля Альшэўскага, Гальяша Леўчыка, Міколы Засіма, Уладзіміра Караткевіча, Максіма Танка і шмат іншых. Гэтыя людзі мелі легендарныя лёсы. Яны не проста праіснавалі пэўны тэрмін на зямлі, а імкнуліся ўласным прыкладам змяніць свет да лепшага, размаўляючы з цэлым народам узнёслымі вершамі ці мудраю прозаю.
«Сакрэт мастацкай творчасці не ў суме прафесійных ведаў і навыкаў, нават і не ў працавітасці, а ў маштабах асобы мастака, у здольнасці чалавечай душы ўбіраць у сябе, акумуліраваць і выказваць самыя вострыя і балючыя праблемы жыцця, матэрыялізаваць у слове дух часу. Вось чаму толькі ў творчым парыве рашаюцца мастакі часам гаварыць пра сваё прызванне, пра місію паэтычнага слова». На тытульным лісце кнігі — аўтограф Уладзіміра Андрэевіча: «Зінаідзе Дудзюк з пажаданнем творчых поспехаў. 12.ІХ.1981. Брэст. Ул. Калеснік».
Трэба прызнацца, што поспехі на той час мае былі яшчэ ніякія. Я толькі падрыхтавала і здала ў выдавецтва «Мастацкая літаратура» першы зборнік вершаў «Праводзіны птушак», які выйшаў у 1983 г. Але гэты аўтограф яскрава гаворыць пра тое, як верыў Уладзімір Андрэевіч у маладых людзей, як чакаў з’яўлення новых творцаў, што не баяўся авансам заахвоціць пачаткоўца пахвалой, падтрымкай, добрым словам. У ягонай душы шчасліва ўжываліся таленавіты прафесійны пісьменнік і выдатны педагог.
Гартаючы кніжку, я знаходжу ранейшыя мае заўвагі на палях і падкрэсленыя радкі. Тады кніжкі У.А. Калесніка былі для мяне як падручнікі, з дапамогаю якіх можна было спасцігаць творчую лабараторыю іншых творцаў, каб, гледзячы на іх, вучыцца пісаць нешта сваё.
«Паэт бачыць і балюча адчувае драматычны разрыў паміж гуманістычнымі ідэаламі, якія выпрацавала перадавая сусветная культура, і цынічнай, драпежнай рэальнасцю рынкавых адносін. Часта энергія верша, яго пафас поўняцца драматызмам перападаў паміж светам гуманістычнай культуры, сусветна вядомымі міфамі, легендамі, вобразамі, выпрацаванымі народным геніем, і вульгарнай цынічнай явай спажывецтва, бізнесу, каланіяльнага драпежніцтва. Лірычны герой то западае душой у светлую мару — легенду, то вяртаецца да сузірання бездухоўна нялюдскай явы. На гэтых перападах і пераключэннях свядомасці паўстае востры драматызм актыўнага эстэтычнага ўспрымання, духоўная драма сучасніка». Гэта зноў жа ўрывак з кнігі У.А. Калесніка, памянёнай вышэй, выдадзенай у 1981 г., але напісана так, быццам слынны пісьменнік і сёння жыве сярод нас і назірае за рэчаіснасцю.
У мяне захоўваецца шэсць кніжак з аўтографамі Уладзіміра Андрэевіча. Гэта каштоўная бібліятэчка, якую я берагу і час ад часу звяртаюся да яе, каб яшчэ і яшчэ раз судакрануцца з глыбіннай мудрасцю твораў, напісаных не толькі розумам, але і захопленым сэрцам, гуманістычнай інтуіцыяй душы.
На тытульным лісце кнігі «Лёсам пазнанае» рукою Уладзіміра Андрэевіча напісана: «Зіне Дудзюк — таленавітай паэтэсе, актыўнай удзельніцы берасцейскай літаратурнай сябрыны. 20.V.1983 г. Ул. Калеснік». Атрымаць у падарунак грунтоўную кнігу нарысаў, аб’ёмам больш чым паўтысячы старонак, прысвечаных пераважна паэтам, якія паходзілі з Заходняй Беларусі, маладой аўтарцы, у якой толькі-толькі выйшаў першы тоненькі зборнічак вершаў было вялікім гонарам і магутнаю падтрымкаю. Не толькі высакародны жэст, але і сам змест кнігі, выяўляючы незвычайныя лёсы пісьменнікаў — Гальяша Леўчыка, Міхася Васілька, Алеся Салагуба, Піліпа Пестрака, Міколы Засіма, якія нарадзіліся на гэтай жа зямлі, як бы паказваў прыклады розных жыццёвых і творчых шляхоў. Уладзімір Андрэевіч разглядаў асобу ў кантэксце таго часу, які выпаў на яе долю, і ў тых варунках, якія з годнасцю перажывалі творцы, не здраджваючы свайму высокаму прызначэнню і прызванню, нягледзячы на тое, што адбывалася з імі ў жыцці.
«Многае залежыць ад прыроджаных рыс, многае ад знешніх умоў. Так, напрыклад, з нашаніўскай кагорты песняроў толькі асобныя прайшлі праз турмы і ссылкі, а з ліку заходнебеларускіх паэтаў — амаль усе. Нацыянальны ўціск аказаўся тут больш «кваліфікаваным»: творчыя і грамадскія старонкі пісьменніцкіх біяграфій падраўняліся». (Цытата з кнігі «Лёсам пазнанае»). Слынны крытык выяўляў знітаванасць долі пісьменнікаў з лёсам народа, іхняе шчырае жаданне дапамагчы людзям, і, калі не пракладаць шлях да лепшае будучыні, дык хоць бы ісці ў першых шэрагах, каб будзіць і клікаць за сабою астатніх. «Умовы жыцця далучалі беларускіх паэтаў да патрыятычнага слугавання натуральна, з першых крокаў, бо творчыя сцежкі вялі тады проста на прасцяг вызваленчага руху народа».
Адным з гэтакіх барацьбітоў быў і Анатоль Альшэўскі, ураджэнец Бярозы, горада мне не чужога, менавіта там у раёнцы ўпершыню былі надрукаваныя мае вершы. Дакументальную аповесць «Пасланец Праметэя» Уладзімір Калеснік прысвяціў гэтаму няўрымсліваму і адважнаму рэвалюцыянеру, імкнучыся зразумець тыя пачуцці, якія прымушалі Анатоля Адамавіча адмовіцца ад спакойнага і ўладкаванага жыцця дзеля ідэі. Але трэба памятаць, што тыя, хто стаіць пры ўладзе, далёка не заўсёды імкнуцца ўвасабляць гуманныя ідэі ў жыццё. Найчасцей пра ідэі шмат гаворыцца, а робіцца ўсё наадварот. У 1937 г. Анатоля Альшэўскага напаткаў пакутніцкі шлях незаконнай рэпрэсіі, дакладней сказаць, знішчэння той самай уладай, на якую ён паклаў сваё натхнёнае жыццё. Анатоль Адамавіч быў таленавітым публіцыстам, гарэнне душы ўкладаў найчасцей у ананімныя артыкулы, якія друкаваліся ў падпольных выданнях. Ягоная дачка вырасла ў дзіцячым доме, бо маці дзяўчынкі — Фаіна Цыгельніцкая, — таксама была рэвалюцыянеркаю, а гэты занятак не дазваляў жанчыне мець сям’ю, клапаціцца пра дзяцей. Яна ахвяравала сваё жыццё дзеля ідэі, якая калі і спраўдзілася, дык не самым лепшым чынам, бо шмат што забрала ў яе. Сям’ю ёй замянялі калектывы, у якія трэба было ўжывацца ці згуртоўваць іх вакол сябе.
Уладзімір Андрэевіч шчымліва піша пра ўражанні ад сустрэчы з дачкою Анатоля Альшэўскага Інай Анатольеўнай: «Мы гаворым з Інай пра новую для яе работу на кафедры ў педінстытуце, жартуем, але ніяк не магу я вызваліцца ад дзіўнага пачуцця: увесь час бачыцца мне яна, дарослая жанчына, вучоны, педагог, тым дзіцем, што, выхоўваючыся «калектыўна», з першых дзён сваёй свядомасці ахвяроўвала калектыву бацькоў. А яны ішлі служыць той справе, цаны якой яшчэ не ведала яе дзіцячая галоўка. І ажывае гэтае адчуванне, калі гаворка заходзіць пра бацьку. Мы, дарослыя, ведаем, што лепш бывае асабістага не закранаць. Але яно само выплывае на паверхню. Прыгадвае дачка вафельны бацькаў ручнічок. Падпольшчык прынёс яго калісьці дамоў у Бярозу, аддаў сястры Зоі памыць, а тая паглядзела і сказала, што тут, у Польшчы, такіх ручнікоў не прадаюць і не ўжываюць, і лепш яму ўзяць ручнік саматканы. Так і застаўся ў куфры бацькаў ручнік. Сямейная рэліквія — адзіная асабістая рэч няўрымслівага, слаўнага чалавека, рэвалюцыянера».
На кнізе «Пасланец Праметэя» аўтограф наступнага зместу: «Зіне Дудзюк — паэтэсе, для якой краязнаўчыя тэмы таксама бываюць паэтычнымі. 15.ІІІ.1985. Брэст. Ул. Калеснік». Сапраўды, каго з паэтаў не цікавілі і не захаплялі паданні, легенды і факты гісторыі роднага краю. Яскравым прыкладам выкарыстання ў творчасці фальклорных крыніц з’яўляецца паэзія Уладзіміра Жылкі. Але зноў жа лепш звярнуцца да аўтарытэтнай думкі У.А. Калесніка, які адзначыў, што У. Жылка «смела ўпісаўся ў прагрэсіўна-рамантычную плынь беларускай паэзіі і ўзбагаціў яе новымі ідэямі і вобразамі. Патрыятычная сімволіка такіх яго вершаў, як «Меч», «Палімпсест», «Праметэй», «Вершы аб Вільні», пашырае традыцыйныя межы гераічнай вобразнасці, якімі карысталася беларуская лірыка. Так, у адным з названых твораў пераасэнсоўваецца казачны матыў выворвання земляробам зачараванага прадмета («алешыны»), які ажывае і становіцца дзіцем. («Пяснярскі лёс» — прадмова У.А. Калесніка да зборніка вершаў Уладзіміра Жылкі «Пожні».
Хто мужны, хто смелы, хто дужы,
Хто цэлем працят залатым,
Над тым неўладарныя сцюжы
І лёс не ўладарны над тым.
…Так пісаў у адным са сваіх вершаў У. Жылка. І гэтыя радкі можна цалкам аднесці і да асобы Уладзіміра Андрэевіча, які з вялікай любоўю і веданнем справы ўклаў гэты зборнік. Уражваюць не толькі вершы, але і дзённікавыя запісы паэта, які памёр маладым чалавекам:
«1923 г. 15 сакавіка.
Смерць саўсім не страшыць, нават больш: яна жаданая госця. Пужае жах жыцця — жорсткі і няўломны, (няўмольны). Я баюся пустаты і хаосу, а яны паўнаўладныя. Песні хаосу заўсёды з намі, чортавы, праклятыя песні. Толькі на час праяснее неба нашага духоўнага свету, і здаецца (здаецца толькі) гармонія». Гэта напісаў паэт у дваццаць тры гады, а памёр у высылцы ад сухотаў, два месяцы не дажыўшы да сваіх трыццаці трох.
Уладзімір Андрэевіч вяртаў з забыцця імёны выдатных людзей, якімі ва ўсе часы была багатая Беларусь, і адначасова прагнуў бачыць побач з сабою маладых творцаў, здатных годна выконваць уласнае прызначэнне. Зборнік Жылкі «Пожні» укладальнік падараваў мне з пажаданнем: «Сей насустрач ранняй вясне. Добрага плёну. 6.III. 86».
Васьмідзясятыя гады былі асабліва плённымі ў творчасці У.А. Калесніка. Наступная грунтоўная і вельмі цікавая ягоная кніга «Тварэнне легенды» была прысвечана такім выдатным постацям беларускай культуры і літаратуры, як Францыск Скарына, Мікола Гусоўскі, Янка Купала і народны казачнік Рэдкі. Уладзімір Андрэевіч быў перакананы, што менавіта народнай мудрасцю першапачаткова жывіцца кожны талент, перш чым заспявае на поўны голас уласную натхнёную песню.
«Кожная нацыянальная літаратура тады становіцца паўнакроўнай і паўнацэннай, калі мае сілы асвойваць, пераствараць, адраджаць скарбы вуснай народнай паэзіі, яднацца з народнай духоўнай творчасцю ў агульнай місіі эстэтычнага абслугоўвання жыцця...» Так піша У.А. Калеснік у кнізе «Тварэнне легенды».
Творчасць кожнага пісьменніка выходзіць з народа і вяртаецца ў народ пераасэнсаваная, узбагачаная роздумам, душэўным хваляваннем, узлётам, спасціжэннем мінулага, сучаснага і прадбачаннем будучыні. Па словах У.А. Калесніка: «Родная мова ў вуснах чалавека асабліва выдатнага, надзеленага аўтарытэтам вучонасці, была з часоў Скарыны і засталася назаўжды сімвалам патрыятычнай вернасці». Гэта не проста мудрая сентэнцыя, а цвёрдая перакананасць аўтара слоў, з якою ён пражыў усё жыццё, нястомна дзелячыся ведамі і душэўным агнём з вучнямі і паслядоўнікамі. Кнігу «Тварэнне легенды» я атрымала ў падарунак у студзені 1988 г., «з добрымі пачуццямі і пажаданнем творчых шляхоў ва ўсіх напрамках». Уладзімір Андрэевіч уважліва сачыў за творчым рухам кожнага з літаратараў Брэстчыны. У 1988 г. выйшоў мой другі зборнік вершаў «Абрысы лета», да гэтага часу было надрукавана некалькі драматычных твораў і апавяданняў, зроблены пераклад вершаванай казкі П. Яршова «Канёк-гарбунок», які Уладзімір Андрэевіч прачытаў і зрабіў слушныя заўвагі. Менавіта гэтыя мае творчыя спробы і меліся на ўвазе, калі пісаўся аўтограф.
Захоўваецца ў мяне, праўда, без аўтографа яшчэ адна балючая і страшная кніжка, напісаная з удзелам У.А. Калесніка, якая называецца «Я з вогненнай вёскі». Яшчэ ні аднаго разу не ўдалося мне прачытаць яе цалкам з пачатку да канца. Кожны раз, чытаючы яе, страчваю сон і пачынаю хварэць. Жудасная рэчаіснасць, апісаная ў кнізе, палоніць не толькі свядомасць, але і падсвядомасць. І ўжо мімаволі перамяшчаешся ў той жорсткі час, перажываеш тыя падзеі, якія выпалі на долю нашых людзей у час Другой сусветнай вайны. Тое, што Уладзімір Калеснік разам з Янкам Брылём і Алесем Адамовічам сабралі гэты матэрыял, перапрацавалі і напісалі кнігу — вялікі творчы і чалавечы подзвіг, які, напэўна, яшчэ будзе ацэнены нашчадкамі належным чынам.
Апошнюю кнігу «Усё чалавечае» я атрымала ў падарунак ад Уладзіміра Андрэевіча 24 лютага 1994 г. з надпісам: «Дарагой Зіне Дудзюк, таленавітай паэтцы і драматургу, летапісцу Берасцейшчыны — з пажаданнем поспеху ва ўсіх напрамках». У той час Уладзімір Андрэевіч ужо цяжка хварэў, часта ляжаў у бальніцы, але працягваў шмат і плённа пісаць, а я, працуючы ў газеце, часам наведвала яго і брала артыкулы, каб надрукаваць. За маю журналісцкую працу я і атрымала з вуснаў Уладзіміра Андрэевіча ганаровае званне «летапісца». Сапраўды, я вяла рубрыкі, якія датычыліся краязнаўства, літаратуры і культуры, але не столькі пісала сама, колькі заахвочвала пазаштатных аўтараў, пераважна навукоўцаў. Пачатак дзевяностых гадоў вылучаўся абуджэннем нацыянальнай свядомасці беларусаў, шмат хто з гісторыкаў і краязнаўцаў ахвотна супрацоўнічаў з газетай.
Кніга «Усё чалавечае» напісана раскавана, як споведзь, дзе аўтар не толькі апавядае пра выдатных беларускіх пісьменнікаў, але і паказвае свае творчыя стасункі з імі. Неабсяжныя энцыклапедычныя веды, глыбокая эрудыцыя, асаблівае адчуванне часу, гістарычнага і цяперашняга, выклікаюць у чытача надзвычайную цікавасць да гэтай кнігі, бо за кожным радком стаіць вялікі вопыт, жыццё, пражытае самааддана ў нястомнай працы і творчасці. Жывучы і працуючы ў правінцыйным Брэсце, У.А. Калеснік быў адным з найлепшых беларускіх крытыкаў, які пракладаў адметныя пуцявіны ў даследчыцкай працы, асвятляў тыя аспекты літаратурнага працэсу, якія доўгі час былі пад забаронаю савецкай цэнзуры. А для гэтага трэба было мець вялікую мужнасць. На гэты конт Уладзімір Андрэевіч заўважыў у артыкуле «Тут можна жыць» з кнігі «Усё чалавечае»: «Быць адкрытым і шчырым не толькі не аплачвалася, а і дорага каштавала, бо нярэдка такія людзі станавіліся «казламі» адпушчэння. Асобным, на мой погляд, паказальным парадоксам з’яўляецца беларускае абласніцтва... У росце культуры і творчасці абласное кіраўніцтва мала зацікаўлена, справядліва сказаць наадварот — яно зацікаўлена ў тым, каб інтэлігенцыя не набыла значэння і не пачала «ствараць праблемы…» Мне падабаецца наша літаратурнае асяроддзе, бо ў ім ва ўсе часы, як я памятаю, хапала ўнутранай свабоды, часам смеласці, на горшы ж канец, гумару, каб, дапускаючы кампрамісы, ведаць, што гэта паскудная справа».
З таго часу, як у 1988 г. быў надрукаваны гэты артыкул у газеце «Літаратура і мастацтва» і падпісаны псеўданімам Уладзімір Берасцейскі, мала што змянілася ў жыцці нашай пісьменніцкай суполкі. Хоць рэспубліка быццам бы набыла незалежнасць, але пэўнасці няма ні ў чым. Ідэалогія, палітыка і эканоміка вагаюцца, як растузаныя шалі. А самае крыўднае, што ў незалежнай Рэспубліцы Беларусь па-ранейшаму, як і сто, і двесце гадоў таму, даводзіцца змагацца за беларускую мову і школу, шукаць спосабы выдання кніг.
Змянілася толькі тое, што пайшоў з жыцця Уладзімір Андрэевіч Калеснік, выдатны пісьменнік і педагог, вучоны і даследчык, празорца, прарок, якога ніхто і ніколі не заменіць. Без яго мы, маладзейшыя, разгубіліся і здрабнелі. Што ж, з часам прыйдуць новыя творцы, якія праславяць Берасцейшчыну. Ім пакінуў Уладзімір Андрэевіч шмат мудрых і цікавых кніг, якія трэба чытаць і перачытваць. У ліку іх я яшчэ не назвала кнігі «Зорны спеў» і «Ветразі Адысея», дакументальныя і мемуарныя творы, мноства артыкулаў, падручнікаў і дапаможнікаў для вышэйшай школы.
Апошнія радкі кнігі «Усё чалавечае» гучаць, як запавет: «Апарат кіравання асветай і культурай, у маім адчуванні — гэта плод усесаюзнага бюракратычнага правінцыялізму. У нашай беларускай культурна-асветнай сітуацыі недарэчнасць гэтага ўтварэння пераўзыходзіць фарсавыя межы, бо культурай часта кіруюць людзі, якія не толькі не ўмеюць ствараць каштоўнасці культуры і не ведаюць іх цаны, але не хочуць ведаць нават мовы, на якой тыя каштоўнасці ствараліся. Працэс тварэння духоўнай культуры суверэннай краіны павінен быць толькі самакіраўнічым працэсам. У механізме самакіравання з часам галоўнае месца зоймуць майстры культуры, творцы і носьбіты яе. Невялікі адміністрацыйны апарат будзе іграць службовую і абслугоўваючую ролю, як выканаўца калектыўнай думкі і волі самадзейнага архіпелага творчых калектываў і асобных незалежных буйных мастакоў, стваральнікаў школ, кірункаў, стылёвых плыняў. Так я сабе ўяўляю будучае — і не толькі ў сферах духоўнай вытворчасці».
Нам застаецца толькі набліжаць гэтую будучыню, працуючы наколькі ў каго хопіць здольнасці і сілы.
Мікола Пракаповіч. Што чакае за крутой гарой
Лёс майго першага паэтычнага рукапісу складваўся даволі драматычна: вершы правінцыяла-пачаткоўца нейкім чынам трапілі на рэцэнзію да аднаго з мэтраў беларускага літаратуразнаўства, і той педантычна прайшоўся па яшчэ недаспелых радках. Папросту, зарэзаў рукапіс. Атрымаў я гэтую рэцэнзію — і быццам дарога абарвалася. Усё — наперадзе прорва...
У каго шукаць рады? Ногі самі прывялі да Уладзіміра Андрэевіча Калесніка. «Можа, мне зусім кінуць пісаць?» — пытаюся. А недзе ўсярэдзіне танюсенькі галасок нашэптвае: можа, пашкадуе, можа, абвергне крытыку таго мэтра... Але Уладзімір Андрэевіч адказаў даволі рэзка: «Калі можаш не пісаць — не пішы!» Гнятлівая паўза цягнулася вечнасць. «Сядай! — не запрасіў, загадаў. — Зося, прынясі нам чаго-небудзь». Гэта ўжо да жонкі. Увайшла Зося Міхайлаўна. З добрай, нейкай светлай усмешкай і вясёлымі іскрынкамі ў вачах. Гэта я ўжо пазней зразумеў: вясёлыя іскрынкі з’яўляліся, калі гаспадар бываў не ў гуморы, і гаспадыня такім чынам маральна падтрымлівала нас: зараз адыдзе, супакоіцца.
Мы прагаварылі некалькі гадзін. Дакладней, гаварыў Уладзімір Андрэевіч, я больш слухаў. Гэта была не лекцыя, якія я старанна канспектаваў у інстытуце, не грунтоўная, а нярэдка і з’едліва-іранічная крытыка, што гучала на нашых літаратурных «серадах». Гэта было слова Настаўніка.
Не хутка я павёз у выдавецтва новы рукапіс. Але не ўпэўнены, ці з’явіўся б ён без той сустрэчы, калі ў маёй душы зноў разгарнуліся крылы...
Людзі староннія называлі Уладзіміра Калесніка нашым літаратурным бацькам. Калегі-літаратары з іншых абласцей ды й са сталіцы па-добраму нам зайздросцілі — дарадца, абаронца. І тыя і гэтыя мелі рацыю. Але для мяне асабіста галоўным было іншае: не толькі ў час літаратурных сустрэчаў, а і на рыбалцы, у грыбах, за шчырай сяброўскай бяседай — заўсёды ў душы жыло адчуванне неардынарнасці, велічы гэтага чалавека. Адна яго прысутнасць не дазваляла расслабіцца, трымала ў напружанні мозг. Станавілася сорамна, калі які гаварун пачынаў несці банальшчыну. Нехта з нас тут жа імкнуўся перахапіць ініцыятыву, бо, толькі зірнуўшы на «дзеда», разумеў: насоўваюцца хмары. Не, нічым, ніколі ён не падкрэсліваў сваёй вышэйшасці, сваёй значнасці, хаця ніколі нікому не даваў сябе прынізіць. Самаўпэўненасць — рыса, характэрная людзям пераважна недалёкім. Таленавіты чалавек заўсёды ў сумненнях, з іх нямымі сведкам — бяссоннымі начамі-роздумамі. Хацелася хоць крыху наблізіцца, узняцца да яго духоўнага і інтэлектуальнага ўзроўню. Нешта падобнае, напэўна, адчувае альпініст ля падножжа гары, чыю заснежаную вяршыню хаваюць аблокі.
Што чакае за крутой гарой —
Выявіцца толькі на вяршыні...
Гэта радкі Ніны Мацяш. Яе творчасцю і няпростым жыццёвым лёсам сапраўды па-бацькоўску апекаваўся Уладзімір Андрэевіч. Ля падножжа ягонага жыццёвага шляху цёк Нёман, шумелі векавыя Налібокі. Сын селяніна-адыходніка, плытагона, знанага і паважанага па ўсіх прынёманскіх вёсках. Імя бацькі, як пароль, не аднойчы выручала сына-партызана ў нялёгкія хвіліны. Услых, на людзях, Уладзімір Андрэевіч рэдка згадваў партызанскія гады, хіба нейкія вясёлыя, гумарыстычныя сітуацыі: маладосць і на вайне маладосць. Але часам, дзе-небудзь каля цяпельца, у кампаніі блізкіх людзей боль па незваротных стратах, які ён хаваў глыбока ў сэрцы, прарываўся вонкі. Гаварыў ён тады нейкім нязвыкла ціхім, грудным голасам. Вочы ўзіраліся міма нас, у аднаму яму бачную далячынь, дзе на блакадным снезе сцякалі крывёю ягоныя сябры, гэткія ж маладыя і адчайныя, як ён сам, хлопцы, дзе гарэлі партызанскія вёскі. Здавалася, ён гатовы застацца на гэтым гарачым снезе, толькі б уцалелі сябры, толькі б не гняло так пакутліва адчуванне віны: не збярог, не захінуў сабою, не абараніў... Гэта была не тая партызанская вайна, пра якую даводзілася чытаць. Можа таму так доўга не расказваў пра яе Калеснік-пісьменнік, хоць мару аб партызанскіх мемуарах выношваў шмат гадоў.
Калі можаш не пісаць... Такой патрэбы ў працы, штодзённай, штохвіліннай, такой самааддачы мне не даводзілася бачыць ні ў кога. Дома, за пісьмовым сталом, у вагоне цягніка, у гасцініцы... Архівы Берасця, Гародні, Вільні, Менску... Сустрэчы з людзьмі, ліставанне... Кнігі, часопісы, газеты — на беларускай, рускай, польскай мовах... І зноў пісьмовы стол, спісаныя дробным почыркам старонкі, у якіх разабрацца магла хіба што Зося Міхайлаўна.
Не ведаю, як у іншых рэгіёнах, на Берасцейшчыне творы Уладзіміра Калесніка знікалі з кнігарняў у першыя ж тыдні пасля выхаду. Таму што пісаў ён не толькі гісторыю літаратуры, але і гісторыю краю, пісаў цікава, захапляльна, з любоўю.
І ўсё ж творчасць Уладзіміра Калесніка, як і беларуская літаратура ўвогуле, сёння па-сапраўднаму не запатрабавана і не ацэнена беларусамі. Народ глухі да роднага слова, бо і самога народа не стала. Народа, якога б лучыла агульнанацыянальная, агульнадзяржаўная ідэя. Некалькі стагоддзяў размывання нацыянальнай свядомасці крэсавай ды імперскай палітыкай далі свой чорны плён: людзі забыліся, хто яны. А бяспамяцтва да таго ж і агрэсіўнае. Учытайцеся ў газетныя артыкулы, дзе пад выглядам абароны правоў чалавека і змагання за наш дабрабыт зневажаюцца наша гісторыя, мова, культура — колькі ў іх непрыхаванай злосці! Ад бездапаможнасці яна, ад няправеднасці, ад жадання паставіць на галаву спрадвечныя ісціны.
Як балюча ўспрымаў усё гэта Уладзімір Андрэевіч і тады, калі магутны бульдозер партапарату па жывому здзіраў нацыянальныя адметнасці, заганяючы рэспубліку ў пракрустава ложа «савецкага народа», і цяпер, калі кволыя парасткі нацыянальнай свядомасці зноў утоптваюцца ў бруд.
«На якой мове размаўляе кароль, на такой гаворыць і шляхта», — адказаў Уладзімір Калеснік на рытарычнае пытанне партыйнага боса ў час сустрэчы членаў ЦК КПБ з творчай інтэлігенцыяй рэспублікі.
Цікава, як бы рэагаваў Уладзімір Андрэевіч на вынікі рэферэндуму і ўсяго таго, што адбываецца ў нашы дні?
Па нітачцы, па каліўцу распраналі нашы душы. Мы не паспелі гэтага ні заўважыць, ні ўсвядоміць, і па-ранейшаму няўпэўнена топчамся ля падножжа той вяршыні, на якой засталіся Багдановіч, Купала, Караткевіч... На якую светла ўзнялася душа Уладзіміра Калесніка, аглядаючы неабсяжныя прасторы нашай магчымай будучыні.
Яны пазначылі нам шлях.
Хадзема, сябры...
Валянціна Кукса. Сем згадак пра Уладзіміра Калесніка
1
Неяк запрасілі нас у Дамачаўскую школу. Да сустрэчы са школьнікамі заставалася многа часу, і мы гулялі па лесе. Мікола Пракаповіч з Сяргеем Казаком утварылі сваю кампанію, а мы з Уладзімірам Андрэевічам — сваю. Лёгка гаварылася. Пра школу, выхаванне, пра сучаснага настаўніка, пра мову, якая занядбана, лічы, што знікае. І што яшчэ варта за яе змагацца.
— Настаўнік прыйшоў у школу абыякавы да людскага, — абуралася я. — Вось на бацькоўскім сходзе выйшла да нас настаўніца і кажа: «Я — настаўніца беларускай мовы і літаратуры. Я прыхаджу ў клас і говорю: «Вы бабы базарные!» Ці варта далей слухаць такога чалавека? Што яна можа даць вучню? І якія адносіны будуць у бацькоў да мовы?
— Табе, Валя, дадзена вялікая зброя: любоў і веды. Аддавай дзецям тое, што сама маеш. Так пакрысе кожны, і — складзем багацце Беларусі.
Што расказвала яму я, слухаў, як кажуць, не дыхаючы. У душы варухнулася сумненне: няўжо ён сапраўды прафесар? Што ж ён, не ведае хіба такога звычайнага?.. О, якім мудрацом пачувае сябе расказчык, калі мае слухача! А слухач Уладзімір Андрэевіч быў адмысловы. А як шчыра ён смяяўся! Іншы смяецца так, нібыта баіцца сапсаваць сабе твар, альбо аднымі вуснамі, а вочы застаюцца сур’ёзнымі, а то і злымі. У яго ж смяяўся ўвесь твар: вусны, вочы, нават лоб... Не смяяцца разам з ім было немагчыма.
2
Двойчы прачытала яго кнігу «Усё чалавечае», каб даведацца пра слаўных людзей, і палюбіла іх так, бы любіў Уладзімір Андрэевіч. Бясконца здзіўляешся глыбіні і неабсяжнасці яго ведаў пра чалавека, майстэрству паказваць сувязь грамадскага развіцця з глыбіні вякоў да нашых дзён. І ў яго так проста. Бы рыбу вудзіць: закінуў глыбока і цягне да нас. Глядзіце, як яно ёсць.
У яго пакоі, сярод ягоных карцін і скульптур з дрэва ёсць воблік Скарыны. З бярозавага нарастка. Я запытала:
— Як гэта Вы зрабілі?
— Проста. Бяры далато і — дзёўбай, — усміхнуўся. — Зусім проста. У лесе знайшоў нарасць на бярозе. Прыгледзеўся — а то жывы Скарына. Усё сама прырода зрабіла, а я трошкі руку прыклаў.
Тады мне падумалася: ніхто другі не ўбачыў у нарастку Скарыну, а менавіта Уладзімір Андрэевіч. Мусібыць пяцьсот гадоў ідуць яны адным шляхам, асветнікі, працягваючы той шлях. Ці не тады знайшоў Уладзімір Андрэевіч Скарыну ў бярозе, калі пісаў пра яго і яго Біблію? У гэтым ёсць свая заканамернасць.
3
Помню, ляжаў ён у бальніцы, і мы пайшлі да яго. Я, Саша Калачоў і Аляксей Піменавіч Бакуменка. Саша тады запытаў у яго:
— Уладзімір Андрэевіч, Вы дзе сустрэлі вайну?
— Смаркачом быў, панімаеш. Патрыёт аднабокі. Нам павесткі даручылі разносіць. Мы і рады старацца. Прынясеш у хату, ноч, баба ў енк, дзеці папрачынаюцца — лямант у хаце стаіць! А мяне злосць бярэ: што яны там, панімаеш, макрату разводзяць. Мне думалася, што вайна — гэта ого-го! Гераізм! А баба што за герой са сваім енкам? А вайна — гэта ж табе не ў хованку гуляць. Смерць...
Пра вайну, як і пра ўсё, ён казаў толькі праўду.
4
Пра хваробу я даведалася даўно. Тады мы сустракаліся з украінскімі пісьменнікамі. Выступалі перад калгаснікамі на Валыні, ездзілі па Івацэвіччыне, былі ў калгасе, якім кіраваў Уладзімір Рымша. На тэрыторыі яго стаіць паўразбураны Косаўскі палац, па архітэктуры такі ж ёсць яшчэ ў Францыі, у Парыжы. Там людзі любуюцца дасюль цудоўным тварэннем, а ў нас — палілі, узрывалі, трактарамі расцягвалі, але нічога не маглі зрабіць. Тады Рымша вырашыў яго рэстаўраваць і зрабіць палац адпачынку для сваіх жа калгаснікаў, а то і больш. Стаялі яны ўдвох, Уладзімір Рымша і Уладзімір Калеснік, каля гэтага гістарычнага гмаха і марылі...
Пад час абеду больш гаварылі, а то і запісвалі адзін аднаму нешта ў запісныя кніжкі. І я думала: найвялікшае багацце, якім дзеляцца, — слова.
І вось мы ў дарозе ў Брэст. Уладзімір Андрэевіч сядзеў у рафіку наўскос ад мяне і задуменна глядзеў у акно. А там восень шчыравала! І такія барвовыя дубы! Воклічу не стрымаць. Уладзімір Андрэевіч правёў іх зайздросным позіркам, а праз хвілю спахмурнеў, неяк згорбіўся. Уздых паказалі плечы. Я падсела да яго.
— Пра што Вы такое сумнае думаеце?
Не ў кожнага так спытаеш. Не кожнаму залезеш у душу.
— Пра хваробу, Валя. Кроў мая хворая. — Ён абняў мяне за плечы. Не знайшлася, што яму сказаць.
5
Мяне вылучалі ў дэпутаты. Каб даць згоду, я хацела параіцца з Уладзімірам Андрэевічам. Адчувала, што не падужаю несці цяжар дэпутаткі, бо на чэснасці далёка не заедзеш, дыпламатычных якасцяў я не маю, дый не жаночая справа — палітыка, так я лічыла і лічу. Уладзімір Андрэевіч пачаў яшчэ з дзвярэй — вешае паліто маё і пытае:
— Ну, Валя, як, дала згоду?
— Не. Адмаўляюся.
Божа мой! Такога сярдзітага і ўзбуджанага я ніколі яго не бачыла. Ён крычаў. Недзе падсвядома я была ўжо гатовая да такой яго рэакцыі.
— Не! Ты паглядзі на гэтую гультайку! А хто будзе працаваць?! Я?! Я сваё адвазіў. Толькі на вас і надзея. На маладых. А не на нас, парахнякоў. Мне б паспець сваё давесці да канца. Для вас, для Беларусі... Праходзь, чаго стаіш у парозе?
Усё. Ён супакоіўся гэтак жа хутка, як і ўзарваўся. А я яшчэ больш адчула, як спяшаецца многае дарабіць мой добры дарадчык. І яго «для Беларусі» — гэта не гульня ў патрыятызм. Што я перад ім, што студэнцтва, што той архітэктурны помнік, якога так і не рэстаўраваў Рышма, — усё адно: Беларусь.
6
Помніцца паездка да Ніны Мацяш. Добрая сябрына за сталом. Перагаварылі пра надзённае і набалелае, горка пасмяяліся з таго, што беларусізацыю аніяк не хочуць прымаць кіраўнікі, абазвалі Ніну «белай варонай» на Беларусі і... пачалі спяваць. Канечне — Ніна пачынальніца, а мы толькі памагаем ёй. Я, Галя Скарына, Марыйка Новік, Валера Скарына. «А чый то конь бяжыць...», «Палала сосна...», ды ці ўсё перапомніш. О, колькі значыла народная песня для Уладзіміра Андрэевіча! Ён растварыўся ў песні, слухаў і... плакаў.
І яшчэ помніцца яго сямідзесяцігоддзе. Яму гаварылі і дзяжурныя словы ўдзячнасці за ўсё зробленае ў інстытуце, літаратуры, навуцы, і цёплыя, душэўныя, а ён сядзеў і неяк сарамліва мыгыкаў, бы не ведаў, як сябе паводзіць у такіх выпадках.
А за сталом зноў спявала Ніна Мацяш. Зноў мы ёй дапамагалі. Пазней Уладзімір Андрэевіч пацалуе мяне ў галаву, мне стане сумна і да слёз цёпла, і скажа:
— Што я рабіў бы на тым сваім юбілеі без вашых песень? Скукоцце было б. Узносілі б хвалебны, панімаеш...
7
На пачатку сакавіка пазваніў мне Уладзімір Андрэевіч і папрасіў:
— Прыедзь, як маеш час. Справа ёсць.
Ды пра які мой час можна думаць? Дамовіліся на шаснаццаць гадзін. Прыехала. Пазваніла. Ніхто не адчыняе. Стала трывожна. Я не спазнілася, чаму не адчыняе? Яшчэ і яшчэ націскаю на званок. Нарэшце чую крокі, адчыніліся дзверы. А ён стаіць у куртцы, бярэце. Увесь у пілавінні.
— Зося, во, лекцыі пайшла чытаць. А я на балконе. Дзверы раблю. Бо часта адсутнічаю, а Зося адна, — завіхаўся ён каля мяне. Запрасіў у пакой, але я зазірнула на балкон. Падлога, усланая пілавіннем і стружкай, пахнела смалою і свежай, але сухой драўнінай. Аж успомнілася, як бацька цяслярыў з дзядзькам, да якога так падобны Уладзімір Андрэевіч. Захацелася пагладзіць дзверы рукой.
— Ідзі, прысядзь, — гукнуў Уладзімір Андрэевіч. Я падышла да стала і села ў мяккае крэсла, у якім сядзела кожны раз, калі прыходзіла да Калеснікаў: Зосі Міхайлаўны і Уладзіміра Андрэевіча.
— Валя, — звярнуўся ён да мяне. — Не здужаю я ўжо несці ношу ў ТБМ. Хочацца яшчэ шмат чаго напісаць і дапісаць. А тут часта ў бальніцы ляжу. Ты не адмаўляйся. Я цябе прапаную замест сябе ў раду Таварыства беларускай мовы. У рэспубліканскую.
І я не магла яму адмовіць. А пасля лёгка перайшлі на вясну, што ўжо набірае сілу. Хутка і зямля пакліча.
— Ты расаду пасеяла?
Я кіўнула.
— І я пасеяў. Мо яшчэ пасаджу. А вось... есці... мабыць, ужо не буду. — Заўважыў мой позірк, дадаў: — Не хоча жыць маё цела. Мозг яшчэ працуе.
Тое лета, амаль да восені, Уладзімір Андрэевіч праляжаў у бальніцы. Разы тры я наведвала яго. І кожны раз мы заставалі яго за працай.
— Як там Зося мая спраўляецца? Разрываецца паміж мной і справамі. Агарод... Вот бы машыну адрамантаваць. Кола там... Ды ў гаражы падправіць, каб яна лёгка заязджала... — пра адну сваю пані Зосю і клапаціўся. Хоць бы раз пра сябе. — Сюды ж, у абласную, не блізкі свет.
І вось мне пазванілі:
— Памёр Уладзімір Андрэевіч.
Маўчу. Не плачу.
— Ты чуеш?
— Чую.
Іду ў кватэру нумар 54. Стаю перад дзвярыма. Гляджу на іх і бачу Уладзіміра Андрэевіча. У куртцы, бярэце, абсыпанага пілавіннем.
— А я на балконе дзверы раблю. Двайныя пастаўлю. Бо часта адсутнічаю, а Зося адна...
Алесь Разанаў. Вяртанне ў Брэст
Уладзімір Калеснік быў больш чым асоба: сваёю рупліваю дзейнасцю, грунтоўнай адукаванасцю, шматграннай таленавітасцю, выдатнасцю ён ствараў на Берасцейшчыне поле, у якім усё таленавітае, адданае творчасці, справе беларускай культуры і асветы атрымлівала заахвочванне і здабывала самасцвярджэнне, і быў гэтым полем.
Безумоўна, ён лічыўся з ідэалагічным надвор’ем, што панавала ў краіне, але ў сваіх выказваннях і меркаваннях заўсёды ішоў ад асабістага досведу, ад чалавечай маралі і ў скрытай, а то і ў адкрытай спрэчцы творцаў і ідэолагаў аддаваў відавочную перавагу творцам.
Калі пасля выключэння з Белдзяржуніверсітэта я апынуўся ў Брэсце, з няпэўнай надзеяй прадоўжыць сваё навучанне ў тутэйшым педінстытуце, той чалавек, да якога я пайшоў па раду і дапамогу, быў Уладзімір Калеснік. З ім я быў ужо трохі знаёмы, але зводдаль, і калі выкладаў яму сваю «бунтоўную» справу, панура думаў: ну вось, зараз пачую яшчэ адну натацыю, як трэба і як не трэба паводзіцца студэнту. Але дзіва, тое, што пачуў тады ад яго, было словамі падтрымкі і паразумення. Наша размова скончылася на абнадзейвальнай для мяне ноце, за пачастункам, якім мілая, руплівая Зося Міхайлаўна ўжо застаўляла стол!..
Літаральна на наступны дзень я ўжо меў месца ў студэнцкім інтэрнаце, а яшчэ праз нейкі час, пэўна, пасля ўзаемаўзгаднення інстанцый, і ў самім інстытуце.
У Брэсце на вуліцах спявалі пеўні, а за чыгуначным мостам удзень і ўначы падавалі свой голас цягнікі. Тут зноў са мной загаварылі далячыні, тут зноў свет стаў блізкі. Адчуваючы сяброўскую ўвагу сваіх новых знаёмых і самога Уладзіміра Калесніка, з думкай якога лічыліся і берасцейскія ўлады, я зноў станавіўся творцам, што мог не асцерагацца сваіх памкненняў і парыванняў.
Неяк, калі я з трыма аднакурсніцамі адбываў студэнцкую практыку на Пружаншчыне, у Хораўскай школе, за якую гадзіну да пачатку заняткаў да нас на сваім «Масквічы» заявіўся з праверкай Уладзімір Калеснік. Я ўжо карпеў над канспектам, бо звечара не падрыхтаваўся да сённяшніх урокаў, а мае каляжанкі ў суседнім пакоі яшчэ дагледжвалі сны. Было тут перапалоху!.. Але дарма мы баяліся. Праверка аказалася на самой справе дасведчанымі парадамі старэйшага таварыша маладзейшым.
Наступныя дні ў мяне былі вольныя, і калі Уладзімір Калеснік прапанаваў паехаць з ім у Брэст, я з задавальненнем згадзіўся. Дыхала восенню, вечарэла, і над самай атуленай лесам дарогай, якою мы ехалі, вісела велізарнае чырвонае сонца. Вісела доўга-доўга, і, прыцягнутыя яго таямнічай сілай, змоўклыя, мы ехалі насустрач, ці наўздагон, яму. Ехалі доўга-доўга.
Мне і цяпер часамі здаецца, што з Уладзімірам Калеснікам мы едзем у сонца.
Генадзь Праневіч. Невядомыя вершы Уладзіміра Калесніка
Канечне ж, гэта неспадзяванка і нават маленькая сенсацыя — нікому невядомыя вершы вядомага крытыка і літаратуразнаўцы Уладзіміра Калесніка, якія ён пачаў запісваць у спецыяльна прыгатаваную для гэтага акуратную, немалога фармату запісную кніжку недзе яшчэ ў першай палове 50-х гадоў.
Вершаў няшмат. Усяго іх дванаццаць. Пра тое, што масціты вучоны і крытык, маючы безліч творчых захапленняў, пісаў яшчэ і вершы, акрамя ягонай жонкі Зосі Міхайлаўны да самага апошняга часу ніхто ніколі не чуў і нават не здагадваўся. Сам аўтар, маючы ўжо рэнамэ саліднага вучонага і літаратара, сваім паэтычным практыкаванням таксама, відаць, не прыдаваў асаблівага значэння і публікаваць не збіраўся. Ды і наўрад ці гэта было магчыма на той час па ідэалагічных меркаваннях…
І вось трымаю іх у руках і дзіўлюся: пра крытыкаў звычайна гавораць як пра творцаў, якія не адбыліся, не здзейсніліся… А тут у большасці не проста добрыя, але моцныя вершы, у якіх нязвыклыя для таго часу адчуванне ўнутранай свабоды і творчай разняволенасці, інтэлектуалізм і філасафічнасць, якія стануць знакавымі для беларускай паэзіі толькі ў другой палове 60-х гг.
Падрыхтаванаму чытачу няцяжка будзе заўважыць у вершах У. Калесніка той самы дух свабоднай творчай асобы, які віраваў і ў ягоных крытычных і публіцыстычных артыкулах і навуковых працах, поўных эмацыянальнага запалу, палемікі, гуманістычнага пафасу, якія нямала паспрыялі тагачаснай нашай паэзіі ў пошуку і асваенні ёю новых інтэлектуальных і эстэтычных вышынь.
Але ёсць і розніца: вершы У. Калесніка — бесцэнзурныя, бо пісаліся не для друку, былі выяўленнем унутранага свабоднага пачуцця і мыслі аўтара. Бо не даравалі б былому партызану ні цікаўнасці да філасофіі Ніцшэ («Чытаючы Ніцшэ»), ні смелых высноў аб «азіятчыне» крамлёўскіх уладароў, пад гнётам якіх «трывае Русь ужо семдзесят гадоў» («Жалобныя рэфлексіі»).
Цяпер асабліва выразна разумееш, што арыгінальны мастак, свабодны творца ўвесь час канкурыраваў і спрачаўся ў ім з марксісцкім вучоным і крытыкам, а ўласная, няхай і несістэматычная паэтычная практыка, як нішто іншае, дапамагала разбураць нарматыўныя ідэалагічныя ўстаноўкі і стэрэатыпныя ўяўленні аб змесце, формах і межах паэзіі, адстойваць і сцвярджаць выключнае права паэта на свабодны пошук і творчае самавыяўленне.
І хоць паэзія, (дарэчы, як і жывапіс, разьба па дрэве, фатаграфія і інш.), не стала для Уладзіміра Андрэевіча асноўнай сферай творчасці, сам факт існавання вершаў і іх даволі высокі мастацкі ўзровень красамоўна сведчаць аб універсальнай і рознабаковай творчай адоранасці гэтага выдатнага творцы і дасканалага крытыка, якому давяралі свае таямніцы музы самых розных мастацтваў.
Тэксты ягоных вершаў падаюцца паводле арыгіналаў, якія захоўваюцца ў хатнім архіве.
Генадзь Праневіч
УЛАДЗІМІР КАЛЕСНІК
Дзве радасці ведае свет:
Адна ў агні спраў
добрых
і злых
гарыць — не згарае.
Другая
возерам у ціхі дзень
на неба глядзіць —
не мігае,
халодная, лагодная,
дабру і злу чужая.
VІ. 1954
Робіцца млосна мне,
Ныюць-гараць раны.
Раніцай роснаю
Панясу млосць сваю
У лясы пад курганы.
Пад пяском-дзірваном
Спяць сябры-партызаны.
ЖУРАВЕЛЬ
Трывожна, пранізліва, страшна
крычаў журавель,
ад стаі
адстаўшы.
Гэта ён дзесьці ў лёце высокім
край хмары снегавой
знячэўку крануў крылом.
І з тонкага горла сам
вырваўся сполаху
енк немы <…>
Х. 1955 г.
Ты на сустрэчу мне не вышла,
А я чакаў, а я шукаў…
І сколькі раз за гэты вечар
Цябе ў натоўпе сустракаў.
У кожнай смуклай і прыгожай
Тваіх шукаў, знаходзіў рыс,
Аж покуль маладзік з адчаю
На нізкім голлі не павіс.
Я ў горы павярнуў дахаты,
Ды не было спакою мне:
Цябе шукаў я аж да рання
У соннай яве і ў паўсне.
25.VІ.1957
ЧЫТАЮЧЫ НІЦШЭ
Усё нахабней я дражню свой лёс,
А ён буркне, як стары пёс.
І тут жа дрэмле, жмурыць вейкі —
Бяскарна мне даруе здзекі, —
Уздымайся, самалюбец, да нябёс,
Бо да дабра і зла прытуплена ўвага.
Няўжо жыцця разбіта раўнавага?
7.ІІІ.1960
ЖАЛОБНЫЯ РЭФЛЕКСІІ
У камунізм імкнулася фантазія,
Даверліва ляцела ў даль вякоў,
Але знянацку пасць крывавую
Раскрыла сонна Азія —
Зяўнула старчаю заразаю:
— Спыніся, Русь, на семдзесят гадоў!
5.ІІІ.1960
ЯК ГЕРКУЛЕС
Як Геркулес Аморалу,
Пасадзіўшы цябе на калені,
Ніткі праду…
З туману ўспамінаў,
Нібыта з воўны авечай,
Белай і цёмнай, —
То будзе посцілка нам для кахання.
Ніткі праду —
З дзікіх сваіх пажаданняў,
Як з жорсткіх канопляў,
Кастравых і моцных.v
То будзе страсці вяроўка,
Якою надзейна прывяжаш
Свайго валацугу.
Разам прадзем
Ніткі з нашых надзей,
Як з недапрадку вясёлкі, —
То будзе сцяг наш кахання і шчасця.
Яго мы ўздымем
Над вогнішчам родным.
Кастрычнік 1960 г.
ДАРОГІ ЮНАЦТВА
Дарога юнацтва!
Ты роўная — простая
Саломкай праменняў
Раўнютка засланая.
Хто ж-та заслаў цябе?
Маці, якая ніколі не можа паверыць
Што сын ужо ходзіць, не падае?
Бацька, што толькі на словах
Гразіцца пусціць свайго сына
Самай цяжкою дарогаю?
Можа, дзяўчына,
Што ў снах паяўляцца ўмее
Такой чараўніцай з матчынай казкі?
А, можа, уся гэта дарога —
З праменняў, з вясёлкі
Казачны экскалатар —
Толькі прыснілася ноччу купальскай.
Угору вядзе, да вяршынь,
А лёгенька крочыцца —
Нібы калачык з горачкі
Коціцца.
12.ХІ.1960 г.
-
Алесь Каско. Настаўнік паэтаў
-
Аляксей Каўка. Аўтографы нагадалі
-
Віктар Гардзей. Водбліскі Берасцейскага вогнішча
-
Зінаіда Дудзюк. Творца. Запавет
-
Мікола Пракаповіч. Што чакае за крутой гарой
-
Валянціна Кукса. Сем згадак пра Уладзіміра Калесніка
-
Алесь Разанаў. Вяртанне ў Брэст
-
Генадзь Праневіч. Невядомыя вершы Уладзіміра Калесніка
ДУХОЎНЫ ПРАВАДНІК МІЖКУЛЬТУРНЫХ СТАСУНКАЎ
Сваёй прыцягальнай асобай, аўтарытэтам незалежнага вучонага і таленавітага пісьменніка Уладзімір Калеснік тварыў і ствараў вакол сябе самадзейную супольнасць творчых людзей, сімвалам і прытулкам для якіх станавілася «Берасцейскае вогнiшча» — як ён сам акрэсліў асяроддзе, дзе пануе няўрымслівы дух творчага гарэння... Ён любiў гэтае таварыскае кола сяброў-лiтаратараў, вучоных і мастакоў, выкладчыкаў i студэнтаў-пачаткоўцаў, людзей розных узростаў i прафесiй, якiх яднаў агонь святой i чыстай любовi да радзімы, роднага слова, лiтаратуры, паэзii, мастацтва, навукі.
У гэтым коле блiзкiх па духу людзей ён быў для ўсiх не проста старэйшым сябрам, настаўнiкам, але паходняю, носьбiтам высокага i ахвярнага Праметэевага агню, што здабываў i выкрэсваў настойлiвай i ўпартай працай на нiве айчыннага пiсьменства i культуры.
Захоплены i натхнёны iдэямi слугавання радзiме, людзям роднага краю, ён пачуваў сябе чалавекам Адраджэння, пераемнiкам гуманiстычных i асветнiцкiх традыцый Ф. Скарыны i М. Гусоўскага, Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, М. Танка і інш. Ягоны магутны творчы дух i грамадзянскi тэмперамент, энцыклапедычныя веды i эрудыцыя вучонага выклiкалi ў малодшых не толькi пашану, але i настойлiвае жаданне вучыцца, пазнаваць, тварыць. I на гэтай дарозе ён быў для iх настаўнiкам, бацькам, сябрам.
Генадзь Праневіч
Від самого початку наших братерських стосунків, під час літературних свят, які відбувалися в різних районах Волині та Берестейщини, починаючи з 1975 року, Володимир Андрійович був нашим духовним провідником, наставником і щирим, добрим другом. Як ведучий наших зустрічей з читачами, інтелігенцією і сільськими трудівниками, він умів повести розмову надзвичайно легко, невимушено, просто і в той же час інтелектуально.
Васіль Гэй
Чым больш гадоў няма з намі У.А. Калесніка, тым больш пераконваешся, як былі б дарэчы сёння ягоныя грамадзянская смеласць, прафесарская мудрасць, пісьменніцка-даследчыцкая актыўнасць і кампетэнтнасць, шчырасць і шчодрасць таленту. Зрэшты, чаму былі б, калі засталася яго літаратурная спадчына, а ў ёй — жывая душа творцы, дзейсная энергія праўды, дабра, гармоніі.
Васіль Жуковіч
На літаратурных прасторах
Уладзімір Калеснік. Нарачанская сустрэча
Прычынай нечаканай для мяне і незабыўнай сустрэчы з Міхасём Лыньковым стаў хутчэй бытавы, чым літаратурны выпадак. Было гэта летам 1965 года. Папулярнаю фігураю літаратурнага Мінска ў тую пару зрабіўся балгарскі госць Георгі Вылчаў. Чалавек бывалы, інтэлігент-еўрапеец па звычках і філолаг па адукацыі, ён займаўся гісторыяй літаратур маленькіх славянскіх народаў. За некалькі год працы над гэтаю дасціпна знойдзенаю тэмай паспеў аб’ездзіць свае родныя і югаслаўскія Балканы, Карпаты, землі лучыцкіх сербаў, а потым, калі спіс «маленькіх» славянскіх літаратур вычарпаўся, цікавасць даследчыка перакінулася на «сярэднія». У абсягу дапытлівасці аказалася беларуская літаратура. Літаратуразнаўчая методыка Вылчава была, як на тыя нашы паняцці, «піжонская»: ён ахвотней знаёміўся з жывымі класікамі, чым з класічнымі творамі, адкладваючы гэтую працаёмкую частку літаратурнага рамяства на час, калі прыйдзе настрой і натхненне.
Па натуры Вылчаў быў кантактабельны, таварыскі і, як належыць падстарэламу халасцяку, крыху бесклапотны. Прыроджаную схільнасць да сустрэч і жывых кантактаў з людзьмі пераносіў і на навуковыя заняткі. З гэтага спосабу магло выйсці і, дарэчы, наклёўвалася нешта арыгінальнае, але даследчыку не хапала ні часу, ні ахоты, каб уражанні і звесткі, здабытыя ў гутарках, асэнсаваць і паглыбіць сістэмнаю працай над творамі ды ператварыць у артыкулы ці нарысы. Яго кароткія эсэ і нататкі, што часам друкаваліся ў нас і ў Балгарыі, не апраўдвалі спадзяванняў зацікаўленых асоб.
Беларускія майстры слова пачалі не то што астываць у пачуццях да госця, але перайшлі на стрыманае чаканне, падумаўшы, відаць, што Вылчаву варта даць больш творчага спакою, самоты, каб субяседнік перанёс на паперу той шырокі і дэталізаваны малюнак беларускай літаратуры, таварыскага жыцця пісьменнікаў, які трымаў у сабе. Такога малюнка чакала і літаратурная грамадскасць, і даць яго не маглі ж на самай справе дамашнія крытыкі, што з-за блізкай дыстанцыі бачаць факты, як здавалася, «не ў той перспектыве», не ў тым ракурсе і прапорцыях.
На гэты раз Вылчаў прыехаў у Мінск неспадзявана і без камандзіровачных, надзея была на гасціннасць пісьменнікаў, але ж летам найбольш дастатныя работнікі пяра былі ці ў дамах творчасці, ці на дачах, і балгарскі госць рызыкаваў стаць заложнікам сталічнай гасцініцы, дзе раптам падскочыла аплата за пражыванне замежных грамадзян. І вось у такі момант скрытага, але вострага «крызісу» атрымаў я ліст ад Янкі Брыля. Ён прасіў мяне забраць Юрку Вылчава з гасцініцы і прывезці на Нарач, куды мы з жонкай ехалі пагасцяваць у Брылёў, ды разам адправіцца на дзвюх машынах у падарожжа па Прыбалтыцы.
Брылі некалькі гадоў падрад здымалі «чыстую» палавіну хаты ў Яцыны, пажылога адзінокага гаспадара з вёскі Купа. Месца для гасцей, якія да Брылёў прыбывалі як па канвееры, было дастаткова. Гаспадар прывык да змены кватарантаў і радаваўся свежым людзям, якія, дарэчы, асвяжалі і застолле, у якім Яцыне адводзілася пачэснае месца. Гаваркі і дасціпны нарачанскі селянін умеў трымацца свабодна і з годнасцю, цікава расказваў пра даваенных польскіх паноў, параўноўваючы іх з сучаснымі. Дасціпныя параўнанні Яцыны выходзілі ўсё ж на карысць сучасных, больш «дэмакратычных» паноў, і гэта лесціла пісьменнікам. Брылю Яцына, відаць, нагадваў дзядзьку па матчынай лініі, краўца, які паслужыў прататыпам Лапінкі ў «Праведніках і зладзеях» і іншых апавяданнях. Кульгавы Яцына лічыўся, як звычайна бывае ў вёсках, асобай пераходнага полу, перад якою і жанчыны не трымаюць сакрэтаў, а не то што мужчыны. З гэтай нагоды ён ведаў шмат далікатных гісторый з мясцовага жыцця, раздаючы, як кажуць, жывінкі і блёстачкі.
У Купе мы затрымаліся даўжэй, чым меркавалі: спачатку спакушала маляўнічае Наднарачча, мы выязджалі на менш вядомыя, але па-свойму яшчэ больш прыгожыя, бо апавітыя таямніцай закінутасці лясныя азёры. Час ішоў непрыкметна. А потым пачало псавацца надвор’е, і мы зноў адклалі паездку ў Прыбалтыку. Памятаю, у нядзелю Янка Брыль прапанаваў наведаць Міхася Лынькова. Заманліва было пабачыць аднаго з патрыярхаў беларускай рамантычнай прозы. Пачалі наплываць на памяць поўныя сардэчнага цяпла, задуменныя, з лірычнаю смяшынкай яго апавяданні. Усплываў напоўнены спагадлівай дабрынёю, чуласцю да чужых пакут і клопатаў свет пісьменніка. У гэтым свеце чалавек жыў з колішніх школьных гадоў. Адно ўсведамленне, што гэты свет існуе, робіць цябе больш даверлівым і зычлівым да людзей. Задумлівасць, філасафічнасць і добры, сардэчны лынькоўскі гумар — плады незвычайнага і непаўторнага асабістага вопыту, які жыццё адкрывала перад ім яшчэ з часоў грамадзянскай вайны. Адкрывала, як той купальскі скарб — бяры, калі ты смелы. Перажытае і напісанае рабіла асобу Міхася Ціханавіча загадкавай і прывабнай.
Мне, праўда, аднойчы, яшчэ ў свае аспіранцкія гады, хіба што ў 1950-м давялося выпадкова сустрэцца з Міхасём Лыньковым у Доме творчасці Каралішчавічы, куды я прыязджаў выпытваць у Піліпа Пестрака таямніцы заходнебеларускай літаратурнай спадчыны. Але тая сустрэча была мімалётнай, пісьменнікі якраз гулялі ў гарадкі, абменьваліся з’едлівымі рэплікамі, а балельшчыкі адгукаліся нястрыманым рогатам, ажно пошчак ішоў па лесе. Я быў упэўнены, што Міхась Лынькоў забыў мяне як выпадковага чалавека, які трапіў на вочы ў нязручны для знаёмства момант.
Здзівіла мяне, што Міхась Ціханавіч апярэдзіў Брыля, які памкнуўся прадстаўляць, кіўнуў галавою і звярнуўся як да знаёмага: «Так, уюнаша Калеснік, памятаю… Землякі з’язджаюцца, прыемна…»
Засталі мы Лынькова на двары ля адчыненага гаража. Ён быў у рабочай вопратцы, у руках трымаў, здаецца, гаечны ключ і малаток і таму вітаўся кіўком галавы. Георгі Вылчаў памкнуўся падарыць яму альбом-буклет упамінак сваёй далёкай Балгарыі. Міхась Ціханавіч папрасіў прабачэння, памыў рукі, «паручкаўся» з нашым агульным госцем, потым з намі і запрасіў нас паразглядаць альбом. Ад часу да часу ён прасіў Вылчава пракаменціраваць нейкі здымак.
За гэтым заняткам і застаў нас Максім Танк, які зайшоў па-суседску запрасіць Лыньковых ды і нас за кампанію на абед.
Запрашае Яўген Іванавіч асабліва: непасрэдна шчыра, як сваіх сямейнікаў. Уражанне такое, што ўжо даўно нейкія сілы на зямлі ці на небе параднілі ўсіх нас, звялі ў адну сям’ю, сям’я падрыхтавала гасціну. Нам, запрошаным, не трэба думаць пра клопаты, якія будуць мець гаспадары, а проста зайсці ў хату ды прадаўжаць размову. Працівіцца такім запросінам, канешне, немажліва. Нам застаецца толькі ісці да жонак, якія, аказваецца, ужо прынялі запрашэнне. Пакуль мы тут бавілі час у Лыньковых, Максім Танк пабываў ужо ў Купе ў Яцыны…
Тым часам мы маем у запасе яшчэ добрых пару гадзін.
Просім прабачэння ў шаноўнага Міхася Ціханавіча, што наляцелі нечакана і, можа, пераблыталі яго планы. Ён паблажліва ўсміхаецца. Да нечаканых сустрэч тут прывык: людзі адпачываюць, глядзі, і ўспамянуць ды зойдуць – прымай чытачоў. Піянеры бываюць амаль кожны дзень.
— Пікантная нечаканасць здарылася надоечы: засталі мяне, вы б думалі дзе? На страсе, з пэндзлем і кацялком фарбы. Фарбаваў прыбіральню. Апрануты, вядома, як і трэба маляру. Запэцканы, бо вопыту не шмат, а тут — на табе, ідуць госці. Я махаю пэндзлем, адварочваюся, думаю, не пазналі ды міма пройдуць. А яны:
— Добры дзень. Дзядзечка, ці тут жыве Міхась Лынькоў?
— Тут, — кажу і адварочваюся. — Толькі яго зараз няма дома. Цераз паўгадзіны будзе. Пагуляйце, паглядзіце на возера і прыходзьце.
— А мы ўжо наглядзеліся.
Стаяць. Чакаюць, не адыходзячы. Потым пашапталіся між сабой, і нехта самы смелы азваўся:
— А мы пазналі: дзядзя Лынькоў — гэта вы!
Што тут рабіць? «Папаўся, жучку, — думаю сабе. Застукалі на гарачым…» Мусіў прызнавацца ды, перавёўшы ўсё здарэнне ў жарт, сустракаць гасцей, хоць і няёмка сябе адчуваў у такой непрэзентабельнай форме. А сягоння я толькі з маторам займаўся. Справа высакародная — тэхніка.
Мы смяяліся, уяўляючы так жыва расказанае здарэнне. Міхась Ціханавіч, не чакаючы ў такіх выпадках водгукаў, дае прапанову (звяртаецца чамусьці да мяне, хіба адчуў «масцеравую» душу):
— Ну дык бярыце, містэр Калеснік, тачку, павязём матор да лодкі ды пакажам нашаму балгарскаму госцю Нарач. Так і быць. Як кажуць, «в предвкушении обеда».
Тачку падхапілі Янка Брыль з Георгіем, дазваляючы мне пстрыкаць фотаапаратам. Заходзім у гараж. Такога я не чакаў — цэлая майстэрня. Разбягаюцца вочы, але няма калі ўглядацца.
Здымаю Міхася Лынькова ў гаражы, хоць і няўпэўнены, што здымак выйдзе: цемнавата ў дашчаным будынку, сцены якога знізу даверху займаюць паліцы, закладзеныя напільнікамі, свярдзёлкамі, малаткамі, дэталямі матораў, гайкамі, балтамі. Майстраванне —любімы занятак у час адпачынку пісьменніка. Ён сам абслугоўвае і рамантуе сваю ўжо не новую «Пабеду», сам наладжвае лодачныя маторы, а іх тут ажно тры: два айчынныя і адзін амерыканскі, памятка пра паездку на сесію Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
Кажуць, рэчы здраджваюць таямніцы людзей, якія імі карыстаюцца. Тут мне прыгадалася, помню, нядаўна вычытаная ў Арыстоцеля характарыстыка калакагатыйнага чалавека, як на сённяшнія паняцці — станоўчага героя свайго часу. «Ён, — як гаворыць афінскі мудрэц, — маючы мажлівасць набываць, набывае прыгожае, а не карыснае і прыбыльнае…» І ў тым жа кантэксце выказаў другую думку, якая мяне заўжды ўражвала парадаксальнасцю стылю, не ўласцівай прыхільніку залатой сярэдзіны: «У важных выпадках, — як гаварыў Арыстоцель пра ідэальнага эліна, — ён ідзе на небяспеку, грэбуючы жыццём і ведаючы, што не пры ўсіх акалічнасцях яно жадана…»
Міхась Лынькоў збіраў розныя экзатычныя рэчы. Прывёз з Амерыкі незвычайныя блёсны з рубінавымі вочкамі і чырвонымі плаўнікамі, як у нейкіх казачных рыб. Скардзіўся, праўда, рыбак, паказваючы блёсны, што нарачанскія шчупакі не ўпадабалі чамусьці замежнай прынады, паважаюць і смакуюць печкуроў.
Выехалі на возера. Быў мяккі пахмурны дзень. Нарач яшчэ лагодная, празрыстая, а неба ўжо неспакойнае. Дзесьці ўвышыні працавалі ветры, варочаючы грувасткія скібіны хмараў. Сонца то праглядала, то патанала ў пухкіх скамечаных падушках.
Нарачанскія сосны маўкліва стаялі ў чаканні ветру. Лодка імкнулася стралою, камячыла воблакі, выстругвала цвёрдую трасу ў кірунку гатаўскага бору.
Чароды рыб праходзілі між хмызнякамі водарасцей і днішчам, не звяртаючы нават увагі ні на вуркат матора, ні на звешаных з бартоў пасажыраў.
Усе маўчалі.
Янка Брыль першы адчуў няёмкасць і запрапанаваў песню.
Юрка Вылчаў паддакнуў. І паплыла над Нараччу: «Гэ-эй у по-го-го-лі азярэчка…»
Міхась Ціханавіч, свабодна седзячы на карме з рукой на маторы, падхоплівае баском. Да іх далучаецца Юрка мяккім лірычным барытончыкам. Міла і пацешна чуць, як ён пераніцоўвае беларускія словы на балгарскі лад. Плыве песня, і здаецца, яшчэ пацішэла мернае вуркатанне матора.
— Вунь, глядзіце, качкі! — абрывае песню Брыль. Чарада дзікіх качак спакойна плыве каля трыснягу. Міхась Ціханавіч скіроўвае на іх лодку. Падпускаюць блізка, нібыта хочуць пазіраваць на здымак. Шкада, што ў мяне на апараце неадпаведны аб’ектыў. А замяніць не паспею. Каб не расчароўваць кампаніі, пстрыкаю для прыліку. Будзе пейзаж, але без качак…
Лірычны настрой прайшоў ад гэтага нашага як-ніяк «палявання». І Юрка Вылчаў пачынае балгарскую партызанскую песню. Яе ўжо завучылі беларускія пісьменнікі, прыйшлася даспадобы песня. І не дзіва, свой свайго пазнае, хоць і здалёку, і, можа, са спазненнем. Гучаць бы гэтай мужнай песні ля партызанскіх кастроў у Беларусі… Каб жа ведалі яе тады мы. Ды слухаючы паважны і мужны напеў, дзе так хвалююча, як прысяга, паўтараюцца словы рэфрэну «Балкан ты родэн наш», пачынаеш усведамляць, што тая партызанская вайна, наша — твая і тваіх балгарскіх сяброў — і вялася за вызваленне вось гэтай песні. Гэтай і нашай «Ой бярозы ды сосны». Вельмі натуральна перайшлі спевакі ад балгарскай да беларускай. Хораша.
Паўза. Такія песні прымушаюць думаць. А я каторы раз ужо маракую на сваю безгалосасць.
Не ведаю, як завязалася размова пра немцаў і вайну. Прычына не запомнілася, хіба што песні і далі тэму. Зрэшты, асаблівых прычын і не патрэбна шукаць. Здаецца, Янка Брыль прыгадаў, што ў першую сусветную вайну фронт праходзіў па Нарачы і на дне дагэтуль іржавеюць заграды з калючага дроту — утрапенне рыбакоў. Паўночны бераг быў у немцаў, а супрацьлеглы — у рускіх. Зімою лёд разгароджвалі драцянымі рагаткамі. Ідучы да Лынькова, мы праходзілі міма помніка кайзераўскаму афіцэру, якога нейкі ўдалец-казак адправіў на той свет, ледзь не ў самім штабе. Дзёрзкія вылазкі рабіліся дзеля зухаўства, але яны засталіся ў памяці людзей і сёння яшчэ перадаюцца з вуснаў у вусны як легенды.
Наша гаворка сышла на дыскусійную тэму, якія немцы горшыя: з тае ці з гэтае вайны? Мы трое, малодшыя, былі ўпэўнены, што з гэтае. Такая ацэнка была агульнапрынятай. А Міхась Ціханавіч, які памятаў абедзве вайны, не знаходзіў вялікай розніцы. І каб пераканаць нас, расказаў выпадак з уласнага жыцця.
— Помню, першы год працаваў настаўнікам у вёсцы Ліпінічы Буда-Кашалёўскага раёна. Было гэта ў 1918 годзе. Нямецкія войскі акупіравалі Гомельшчыну. А я ўжо быў гарачым прыхільнікам саветаў. Не я адзін, былі там і старэйшыя таварышы, вопытныя рэвалюцыянеры, прайшлі адукацыю на барыкадах у 1905 годзе, камуністы. Арганізавалі мы падполле і партызанскі атрад. Мяне, як маладога і адукаванага, зрабілі ад’ютантам камандзіра. Пакуль немцы перасоўваліся невялікімі групамі, нам удавалася біць іх і проста раззбройваць, забіралі абозы, дабывалі трафеі. А потым у раён уступілі рэгулярныя часці — цэлыя дывізіі. Дык яны так прыціснулі нас, што кіраўнікі нашы рашылі распусціць атрад. Інакш пагінулі б усе без толку. Галоўная бяда — насельніцтва запалохалі немцы. Расстрэльвалі нават за адзін патрон, знойдзены ў хаце або ў кішэні. І не думалі нават разбірацца, адкуль той патрон у чалавека ўзяўся і навошта яму патрэбны. Знайшлі — расстрэл. Так і ў гэтую вайну.
Давялося і мне пабываць у іхніх лапах. Вярнуўся я ў сваю школу з атрада, пачаў вучыць. І тут якомусьці салдату кінулася ў вочы, што на мне нямецкі рэмень з форменнаю вайсковаю спражкаю. Арыштавалі. Адкуль узяў? Допыт.
— Ты забіваў нямецкі зольдат?!
— Ды не, кажу, купіў рэмень у аднаго салдата.
— У якога?
— …
Доўга трымалі пад арыштам. Цудам адкараскаўся. Браджэнне і ў іх пайшло, рэвалюцыя. І не да рэменя ім стала. Аднак і ў тую вайну акупанты былі акупантамі. Не думайце…
Выязджаем на касу. Чайкі! Колькі чаек! Цэлымі гуртамі, як дзяўчаты вясною, важныя прыгажуні разгульваюць па жоўценькім, перамытым хвалямі пясочку. Рады сонцу, рады цяплу. Жывуць прывольна. І людзей не баяцца.
Ажно дзіўна думаць, што сярод гэтай вось прыгажосці бушавалі агонь і смерць, ішла вайна. А было ж так, было. Відаць сляды старых акопаў. Міхась Ціханавіч зноў успамінае пра тую першую сусветную… Ён апрануты ў шэрую байкавую кашулю, а па ёй цёплы пінжак, на галаве сівы берэт. Абветраны твар прыгожа падсвечваецца сівізной. Ёсць нешта скульптурнае, моцнае, велічнае і ў той жа час свойскае, роднае ў гэтых рысах. Тут як бы ў адно зліліся інтэлігент з селянінам ці рабочым. Нейкая добрая сіла, справядлівая і мудрая, зыходзіць ад яго. З ім адчуваеш больш пэўна.
— Вось прыкрасць — думаю ўслых. — Уся плёнка!
Мне спагадаюць, бо ўсіх ачараваў краявід з чайкамі. А я шкадую іншага: няма як зняць Міхася Лынькова іменна тут, на касе, на вузкай палосцы пяску сярод бяскрайняга блакіту вады і эпічных аблокаў з бяздоннымі прорвамі ў таямнічую густую сіняву. Гэты фон так пасуе да чалавека рамантычнага, мудрага і бывалага. Жыццё навучыла яго цаніць тую пагодлівасць духу, якая і ёсць, можа, самая вялікая аздоба старасці, бясцэнны скарб, найвялікшая ўзнагарода за сумленна і цяжка пражытыя гады.
Як шкада, што няма плёнкі! Гэта быў бы самы лепшы кадр. Самы лепшы… і яго не будзе. Ах ты, капрызнае шчасце фотааматара! Можа, таму ты і вабіш нас, што самыя лепшыя кадры заўсёды не зняты? Як у рыбака. Самая большая рыба тая, што сарвалася. Так жа было і ў Міхася Ціханавіча з нарачанскім шчупаком. Ды калі б не зрываліся самыя вялікія шчупакі, хіба хацелася б лавіць рыбу?
Я ўдзячны сённяшняму дню, што падарыў менавіта гэтых пару гадзін і гэты ўспамін пісьменніка пра сябе, які ён па сціпласці не ўключыў у сваю аўтабіяграфію, нават у тую, што пісалася да зборніка «Пяцьдзясят чатыры дарогі». Разлічаны на дапытлівага чытача, зборнік якраз меўся ўвабраць і ўвабраў з жыццёвых дарог беларускіх пісьменнікаў шмат цікавых прыгод. Сціпласць перамагла, відаць, у Міхася Лынькова пісьменніцкую патрэбу гаварыць пра агульнае цераз асабовае. Цераз асабістае, сваё даходзіць да агульнага так, як у гэтым выпадку дайшоў ён і давёў нас да разумення вайны.
Лодка наша бярэ курс на Купу. Ужо відаць на цёмным фоне лесу тры дачы: Максіма Танка, затым Лынькова і Куляшова. Тры сасновыя хаты, зрубленыя па ўзоры сялянскіх хат з невялікімі прыбудоўкамі ў выглядзе веранды ці мезаніна. Яны відаць толькі адсюль, з возера, бо ад сушы да іх ушчыльную падышоў сасновы лес. Праўда, на падворку Лыньковых, акрамя соснаў, растуць і арабіны, і дубкі, і клёны, і ліпы. Усё гэта пасаджана яго рукамі. Задаволены тым, што мы прыглядаемся да яго зялёных гадаванцаў на абсадзе, Міхась Ціханавіч гаворыць нібы самому сабе:
— Трэба ўзбагачаць прыроду.
Часопіс «Маладосць». 1996. № 1. С. 227–234
Васіль Гэй. Слово про друга
Дорогі друзі-берестейці!
Дозвольте долучити й волинське слово до літературного портрета пам’яті незабутнього Уладзіміра Андрэевіча Калесніка.
Від самого початку наших братерських стосунків, під час літературних свят, які відбувалися в різних районах Волині та Берестейщини, починаючи з 1975 року, Володимир Андрійович був нашим духовним провідником, наставником і щирим, добрим другом. Як ведучий наших зустрічей з читачами, інтелігенцією і сільськими трудівниками, він умів повести розмову надзвичайно легко, невимушено, просто і в той же час інтелектуально. Представляючи літераторів, давав кожному дуже точну коротку характеристику, визначав головні мотиви творчості.
Зразком любові до рідного краю, його добрих сусідів, прикладом глибокої ерудиції, щирості, розуміння законів творчості й людської приязні може бути стаття В.А. Колесника «Поетичні свята» в літературному збірнику «Братерство» (Мінск, «Мастацкая література», 1988), де представлені твори поетів Волині у перекладах білоруською мовою Миколи Прокоповича, Алеся Каско, Івана Арабейки, Михася Рудковського, Миколи Аляхновича, Василя Сахарчука, Зінаїди Дудзюк.
Для кожного з волинських авторів В. Колесник знайшов тепле і ємке слово, кожного, можна сказати, пригорнув до свого щирого серця. Саме завдяки авторитету й старанням нашого Голови-Старшині і з’явилась ця солідна публікація в поважному виданні. І ми завжди будемо пам’ятати про це, як не забудем й самого образу Вчителя, який зумів згуртувати літераторів-берестейців, здружити усіх нас. Тож будьмо гідними пам’яті цієї неординарної особистості, продовжуймо ті шляхи творчості та братерства, якими ходили разом з ним.
Уладзімір Калеснік. Два светы Яна Чыквіна
Ян Чыквін, беларускі інтэлектуал еўрапейскай школы, нарадзіўся 18 мая 1940 года на Беласточчыне ў сям’і беларускага селяніна з вёскі Дубічы Царкоўныя. Дзяцінства ў вялікай дружнай сям’і, зачараванасць экзотыкай прыроды Белавежскай пушчы, паходы па ягады, арэхі ў яе тайнікі — усё гэта адклалася ў дзіцячай памяці як райскі час.
Свет дзяцінства ў Я. Чыквіна вясковы, але не традыцыйны. Сяліба яго бацькі стаяла за вёскай, была адгароджана зялёнаю сцяною дрэў. Да ціхага засценка не даходзілі зыкі вясковых сварак, зайздросных дакораў, не чутны былі суседскія канфлікты, толькі начамі даносіўся брэх сабак. Для ўражлівага падлетка зацішны падворак і высокая, пакрытая чарапіцаю хата былі сімваламі бяспекі, утульнасці, гармоніі і ладу ў свеце. Запоўнены быў гэты божы зацішак зычлівасцю і суладнай дабрынёю, любоўю і клопатамі дарослых сясцёр і брата аб малодшых: у дарослых меншыя абуджалі апякунчыя памкненні і пяшчотную лагоднасць. Сям’я — у дзіцячым адчуванні Чыквіна — выглядае нейкай казачнай самадастатковай грамадой, якая ў параўнанні з супярэчлівай стракатай вёскай была элітнай. Адчуванне абранасці стала, мабыць, чымсьці натуральным для хлапчука, і, мажліва, з пераездам у горад страта абранасці стане балючаю кропкай душы, але і стымулятарам на нялёгкім шляху да эліты інтэлектуальнай.
Горад аказаўся для падлетка антыподам вёскі: па-першае, там скрозь гучала польская мова, беларуская адсунулася ў акалічныя вёскі; па-другое, людзі былі ў горадзе нейкімі чэрствымі, кожны думаў сам за сябе і дбаў сам пра сябе. Суседзі, што жылі побач, сустракаліся раніцою, моўчкі віталіся і разыходзіліся, як бы не мелі чаго адзін аднаму сказаць. Знайшлося, праўда, і ў горадзе вогнішча, дзе можна было пагрэць душу — гэта беларускі ліцэй, адкрыты з разлікам на сялянскіх дзяцей з акалічных беларускіх вёсак. Паступіў сюды вучыцца і Ян Чыквін, захапіўся паэзіяй, стаў пісаць вершы і друкаваць у беларускіх выданнях. Занятак гэты быў яго вялікай таямніцай, падпісваў ён адсыланыя ў друк творы псеўданімам Янка Дубіцкі. Закончыўшы ліцэй, Я. Чыквін паступіў у студзені 1959 года ў Варшаўскі універсітэт на аддзяленне русістыкі славістычнага факультэта, дзе праявіў сябе здольным студэнтам і ў 1969 годзе быў прыняты на кафедру навуковым супрацоўнікам, абараніў кандыдатскую дысертацыю, потым доктарскую, стаў прафесарам. Але не парвалася яго сувязь з роднаю вескай, там, на бацькавай сялібе, заставаўся брат. Вось так, па волі абставін, беларускі вясковец аказаўся далучаны да дзвюх культур: народнай, фальклорнай беларускай і гарадской, сучаснай, гуманітарнай, якая магла быць і польскай, і рускай, і еўрапейскай. У еўрапейскі арсенал імкнулася і беларуская. Культура дзяцінства вабіла гармоніяй, хараством прыроды, цеплынёй адносін, а культура сталасці імпанавала высокімі духоўнымі абсягамі, неспазнаным, неразгаданым, адносіны тут былі рэгламентаванымі і часта жорсткімі, тут цаніўся прафесіяналізм. Так прабуджалася туга па вёсцы: «Дзяцінства за мною няспынна ідзе ў размалёванай фарбамі сукенцы…»; «Нашто, нашто ўзірацца нам у вечныя агні, // калі пайшоў ад нас стваральнік чыстай дабрыні»; «У вечнасці ўсе мы жывем-паміраем // няўмольна, штодзённа, нячутна – як лета».
Я. Чыквін станавіўся навукоўцам і пісьменнікам (з 1970 года член Саюза польскіх літаратараў), рос ва ўмовах значна большай, чым у нас, у БССР, раскаванасці духоўнага і творчага жыцця. Польская інтэлігенцыя ўмела адваяваць патрэбную свабоду творчасці і годнасць асобы нават у камуністычнага рэжыму. Я. Чыквін выснаваў сабе на ўжытак даволі арыгінальную канцэпцыю чалавека і рэчаіснасці: чалавек існуе ў трох сферах і вымярэннях: прыродным, грамадскім і духоўным. Цялеснасцю сваёй ён прыпісаны да матэрыяльнага свету, да біясферы і не можа выйсці за межы прыроды, яе правоў. У грамадскай сферы асоба чалавека рэгламентуецца, зводзіцца да пэўных функцый, свабода яго абмяжоўваецца канкрэтным грамадскім ладам, залежыць ад ладу і ад узроўню грамадскай культуры, стану яе развіцця. Пераносячыся ў сферу духоўнага жыцця, чалавек не згаджаецца на ніякія абмежаванні, хоча быць свабодным і такім ёсць. Тут прыгадваецца Купалава думка: «Сэрца, дум ніхто не звяжа…».
Для чаго выкарыстоўвае мастак свабоду духу? Па яго разуменню, для вобразнага перастварэння рэчаіснасці і самога сябе ў ёй.
Мастацтва для Я. Чыквіна — гэта від духоўнай дзейнасці чалавека, трэба разумець дзейнасці пазнавальнай. Толькі, у адрозненне ад практыкі і навукі, у мастацтве не заўжды дзейнічае класічная логіка дзвюх вартасцей і прычынна-выніковых повязяў: свет вобразны, паэтычны ствараецца і паводле логікі многавартаснай, логікі размытых значэнняў, якасцяў, паняццяў, высноў. У мастацтве можна імгненна зрабіць рэальнасцю любую мрою, казку і таксама імгненна можна гэты свет мроі закрэсліць, здзьмухнуць. Тут не заўсёды дзейнічаюць прамыя прычынна-выніковыя залежнасці, свет з’яўляецца рэлятывісцкім, умоўным, алегарычным. Так, цікава —двайная і трайная логіка…
Не чуў толькі, адкуль паходзіць ідэя стварыць «мяшаны» свет мастацтва. Карціць адно: што рабіць літаратуразнаўцам, якія дзясяткі гадоў засвойвалі шэдэўры сусветнай паэзіі, выпрацавалі тонкія густы, кваліфікавана ацэньвалі паэзію па мерках класікі, што ім рабіць, калі натрапяць на твор з трайной логікай і не адчуюць, каб ён закрануў іх розум ці сэрца, проста тэкст выдасца неўразумелым наборам слоў ці суджэнняў, якія амаль нічога не значаць. Я. Чыквін казаў на літаратурным вечары ў Брэсце, што такіх твораў нельга аналізаваць, бо аналіз ім пашкодзіць, іх трэба ўспрымаць усёй душою. Добра, але ж душа складаецца з двух пачаткаў — розуму і пачуцця, паміж якімі ёсць двайная лагічная сузалежнасць. А што ж рабіць чытачу, калі да яго не дайшоў твор, замешаны на трайной логіцы? Лічыць сябе нявучаным таўкачом? Ці мо прыгадаць радкі Мандэльштама:
Как же быть мне не ученому,
Так и скиснуть мне легко,
Отвечало кипяченому
Парное молоко.
І няма такой школы, дзе вучаць трайной логіцы — паскардзяцца маладыя аматары паэзіі. Матэматыкі могуць мне сказаць, што тэорыя адноснасці Эйнштэйна не месціцца ў рамках двайной логікі, хоць гэта і не паэзія. Я адкажу: Фрэйд лагічна прыйшоў да высновы, што культура, якую адносна нядаўна стварыў чалавек, загнала інстынкты ў сферу саромнага і яны ўтварылі там сховы выбухной падсвядомасці, часам вырываліся ўзяць рэванш, прыгадаць, што падсвядомасць старэйшая за свядомасць і ёй дыктаваць паводзіны людзям.
Мова літаратурная, граматная мова — гэта логіка, нармальная логіка і з ёю варта лічыцца паэтам, якіх спакушае логіка трайная. Ключом да трайной логікі, як мне здаецца, павінна застацца логіка двайная, яна ж няблага справілася з альтэрнатыўнымі эстэтычнымі катэгорыямі, якія адлюстроўваюць супярэчлівасці рэчаіснасці: хараство — брыдота, узнёслае — нікчэмнае, трагічнае — камічнае. Ужо гегелеўская дыялектыка паднялася над застыласцю лагічных катэгорый, але не адмяніла іх...
Русістыка была ў Варшаўскім універсітэце філалагічнай дысцыплінай шырокага профілю, у праграму ўваходзіла сусветная літаратура і гісторыя культуры, грамадзянская гісторыя, філасофія, перадусім гуманітарныя яе плыні. Я. Чыквін, засвоіўшы каштоўнасці культуры еўрапейскай і сусветнай, упэўнена адчуваў сябе ў асяроддзі гуманітарнай інтэлігенцыі, але як беларускі паэт, часам бачыў сябе непатрэбным сталіцы і тады на выручку прыходзілі ўспаміны дзяцінства, краю, дзе беларускіх паэтаў любяць:
Нялёгка дарога
З вёскі ў горад
І з горада к вам.
Па вас сумуючы
У сэрцы з трывогай
Іду наўздагон
Тут не пражытым гадам.
Вучоны, прафесар Варшаўскага ўніверсітэта і паэт увайшоў у інтэлектуальную эліту, а яна ў сацыялістычнай Польшчы ўтварала моцнае аўтаномнае асяроддзе, якое не баялася выклікаць на прамыя перамовы першых асоб дзяржавы, дамагалася свабоды думкі, слова, грамадзянскай павагі да ведаў і талентаў, цярплівасці да самабытнага і нетыповага ў чалавеку. Індывідуальнае, непаўторнае, нават дзівацкае ў мастакоў ці вучоных часта бывае якраз праявай творчай сілы, гарантам арыгінальнасці, працуе на развіццё духоўнага патэнцыялу нацыі.
Паэт захаваў і глыбей асэнсаваў атрыманыя ад бацькоў, дзядоў і прадзедаў скарбы беларускай духоўнасці. І мала каго здзіўляў гэты сімбіёз еўрапейскага элітарнага, мадэрнага з беларускім фальклорам і рускім неарамантызмам, ён прымаўся як нармальная праява развіцця творчай асобы ў культурным памежжы.
У нас, у БССР, наменклатурныя кашавары, зацверджаныя на бюро, сацыёлагі і ідэолагі, што абслугоўвалі стратэгічныя сацыяльныя заказы дыктатуры вывесці мутанта па імені «савецкі чалавек», называлі нацыянальную культуру, асабліва фальклор, архаікай, муміяй патрыярхальных часоў. Такія мянушкі сыплюцца і сёння з лагера беларусафобаў, а мы не ўмеем бараніць яе. На самай справе гэта была і ёсць натуральная, створаная сотнямі пакаленняў агульначалавечая культура, адвечны кодэкс сужыцця індывідаў, пачынаючы ад сям’і, племені і канчаючы народнасцю, нацыяй, дзяржавай, патрыятычным абавязкам, зафіксаваным у абрадах, песнях, казках і прыказках.
У асяроддзі беларускіх літаратараў Польшчы высока цэніцца гуманітарная адукаванасць, прафесіяналізм. Па гэтых паказчыках прызнаным апекуном літаратурнага жыцця быў рэдактар газеты «Ніва», літаратар, публіцыст і паэт Юры Валкавыцкі. На пасадзе старшыні літаратурнага аб’яднання добра праявіў сябе Я. Чыквін. Для яго старшынстваваць — значыць разумець, паважаць і захоўваць сяброўскія адносіны з пісьменнікамі ўсіх пакаленняў, а іх прынамсі чатыры, і творчых кірункаў, якіх, стратэгічна гледзячы, два: традыцыйны і мадэрны.
Паэзія Я. Чыквіна вырастае на сутыках славянскіх і еўрапейскіх літаратур. Гэта забяспечвае аўтару жывы і непрытворны кантакт з усёй літаратурнаю сябрынай. Заглыбляючыся ў навуковую працу і паэтычную творчасць, становячыся філолагам-прафесіяналам, Я. Чыквін адчуваў усё большую патрэбу ў цішыні, у творчай адзіноце, вось тады і прыходзілі на ўспамін дзіцячыя гады і бацькава сяліба, ціхі засценак за зялёнаю сцяною. Мне здаецца, нельга цалкам супрацьпастаўляць у жыцці і ў творах паэта вёскі і гораду, як раю і пекла, бо і ў вёсцы яго паставіла ў прывілеяваны стан паходжанне і набытак бацькоў, а ў горадзе ён сам набыў веды, стаў прадстаўніком акадэмічнай інтэлігенцыі. Не дапускаю, каб Я. Чыквін хацеў назаўжды вярнуцца назад. Нават бацька не хацеў бы вяртацца ад трактара і камбайна да плуга і сярпа. Прыезды да гасцінных брата і сястры, што засталіся ў вёсцы, не маглі ачароўваць яго так, як у дзяцінстве, бо многае змянілася там. Такім чынам, цяга да роднага гнязда мела сваю антыцягу. Я. Чыквін вырашыў гэтую праблему кампрамісна: пасяліўся ў Бельску Падляскім, у бацькавым доме, але ўжо гарадскім і ездзіць адсюль у два канцы: на работу ў Варшаву, а на адпачынак — у Дубічы.
Зялёным агнём набрыняла трава.
Гэта радасць вясны, а мяне там няма.
(…………………………………)
Праз дзён пясок і каменне начэй
Прарастае сляза гарадскіх вачэй.
Я, як чалавек, які з дзяцінства прывучыў сябе пераважна да зрокавага жывапіснага бачання і адлюстроўвання з’яў прыроды, выразна бачу ў пейзажах Я. Чыквіна паэтычны, эмацыянальны спосаб адлюстравання, а не жывапісны. Паэт не хоча спаборнічаць з мастакамі пэндзля, бо ён мае славесныя, больш адухоўленыя сродкі выяўлення. Яму не рупіць як перадаць падабенства ўбачанага краявіду, важней перадаць сваю ўзрушанасць, свае настроі, роздумы, абуджаныя ўбачаным.
Глыбока асэнсаваў Я. Чыквін сваё становішча перасяленца, ацэньваючы яго поруч з доляй старога вяза з бацькавай сялібы:
Вязе мой слаўны, вязе вясковы,
Ці шчаслівы ты ў шапцы вясковай?
Брыдзеш ты па свеце кульгавым карэннем,
Як факт аўтэнтычны, канкрэтнае здарэнне.
І рукі скрыпяць у суставах старэчых,
І мову птушак стаў ты калечыць.
Ва ўспрыманні паэта вяз персаніфікаваўся, стаў уражлівым на злыбеды свету і празорлівым, свядомым свайго памірання і прамінання жыцця. Сустрэча з вязам выявіла каварнасць часу, які нясе ў сабе забыццё:
Мой вязе з дзяцінства, з бацькоўскага краю,
Прыеду ў вёску, цябе не пазнаю.
І ты мяне не пазнаеш таксама,
Убачыш — палічыш няпраўдай ці зманам.
Тут разгортваюцца эстэтычна-ацэначныя здольнасці і маральныя сілы душы паэта. Прырода ў гэтым выпадку не чыста біялагічная субстанцыя, што вызваляе чалавека ад грамадскіх і духоўных функцый, а дазваляе жыць па законах натуры. Прырода для паэта — абуджальная сіла мастацкай фантазіі, крыніца гармоніі і красы, яна разгортвае перад мастаком свет першабытнага быцця, палоніць суладдзем, вітальнасцю, але ў той жа час нясе ў сабе ідэю экзістэнцыяльнай небяспекі, лакальнай, глабальнай ці мо касмічнай катастрофы па віне чалавека.
Трэба сказаць, што Я. Чыквін бярэ ад індывідуалісцкіх, супярэчлівых творчых пастулатаў неамадэрнізму толькі тое, што адпавядае яго таленту і светаўспрыманню. Сум і гаркота, якія часам наведваюць яго і ацвярэджваюць у часе паэтычных падарожжаў і прабывання на прыродзе, гасяцца іроніяй. Часам здаецца, ці не іранізуе ён нават над пастулатам раздвоенасці душы, якую, можа, лішне назоліста прыпісваюць крытыкі польскім і беларускім пісьменнікам памежжа:
Усё жыццё я подбегам іду,
За сабой дачку з жонкаю вяду.
Дзве душы за сабой вяду
Праз шырокую і мутную ваду.
Пятрусь Макаль у прадмове да зборніка Я. Чыквіна «Светлы міг» заўважыў і фальклорную, і мадэрную тэндэнцыі ў вобразных структурах вершаў, але, па нашых крытэрыях, ухваліў першую як «народную» і зганіў другую як чужародную. Паспрыяўшы аўтару, ён дае зразумець, што практычна мадэрнізму ў тэкстах паэта няма, пахваліў за гэта, як за сведчанне духоўнай стойкасці аўтара і ўсёй беларускай паэзіі ў Польшчы. Для часткі паэтаў старэйшага пакалення гэта можа і падыходзіць. Аднак не адзін Я. Чыквін піша там інтэлектуальную паэзію. Творча карыстаецца мадэрнаю вобразнасцю і Надзея Артымовіч, у якое неамадэрнісцкія прыёмы самавыяўлення выступаюць асабліва моцна. Ідэі Шапенгаўэра і Ніцшэ пра затоеную незвычайнасць свету сапраўды дамінуюць у яе творах і ствараюць незвычайны эфект паэтычнасці маналогу праз увядзенне неспазнанага, алагічнага, абсурднага і парадаксальнага, а лірычнаму суб’екту прыдаюць комплексы непаўнацэннасці, зняверу, страху.
На пытанне літаратуразнаўцы Т. Занеўскай, як яна разумее сутнасць і прызванне паэзіі, Надзея Артымовіч адказала: «Паэзія – гэта падарожжа ў глыбіню самога сябе». «Сапраўдная паэзія з’яўляецца інтэлектуальнаю (і не толькі інтэлектуальнаю) правакацыяй. Хараством, якое правакуе» (Teresa Zaniewska, A dusza jest na Wschodzie, Białystok 1993, s. 97 (далей спасылкі на гэтае выданне падаюцца ў тэксце). І ў вершы, які з’яўляецца творчым крэда, паэтка канкрэтызавала гэтую ідэю:
Веру ў вечнае хараство,
веру ў адно нявыказанае слова,
веру ў белае маўчанне.
Як мне бачыцца, маладое пакаленне беларускіх паэтаў у Польшчы змяніла акцэнты ў разуменні творчага прызнання. Моладзь хоча не адстаць у праблематыцы і майстэрстве ад польскай паэзіі, цалкам заарыентаванай на наватарскія плыні ў Еўропе. Еўрапеізацыя беларускай паэзіі мысліцца маладымі, як узвышэнне, якое самім фактам наяўнасці можа падняць патрыятычныя пачуцці і падняць гордасць за новую літаратуру. Без вагання, па ўласным гусце, карыстаюцца мадэрнісцкай і постмадэрнісцкай паэтыкай маладыя паэты са згуртавання «Белавежа», часам асобныя даходзяць да скрайнасцей, бяруцца за ключавыя экзістэмы, мноства разоў асэнсаваныя і ўсё ж, на іх думку, неразгаданыя. Асабліва смелыя тут дзяўчаты: вось да прыкладу, рызыкоўныя аж да неўразумеласці вобразы праграмнага верша Валі Анішчук:
ці можна
нарадзіцца
ў турме без крат?
гэтак ужо
дзясяткі гадоў
раджуся
На свой лад і склад суб’ектывізуе ўспрыманне адвечных каштоўнасцей Яніна Шостак:
сяджу ля ракі вякоў
на ўзгорку мар згубленых
вочы пранікліва разгрызаюць
хвалі існасці
часу ўжо сёння
не было ўчора выразнага
не было кветак у руцэ
малітвы на вуснах
Тут, у канцы, чуецца развітанне з беларускай фальклорнай паэтычнай канвенцыяй, сістэмай традыцыйных параўнанняў, метафар, сімвалаў, гіпербал, з сонмам казачных чарадзейных вобразаў.
Ян Чыквін належыць да такіх інтэлектуалаў, якія ў паэтычных параўнаннях ці гіпербалах улоўліваюць не толькі несумяшчальнае, адрознае, але і адрознасць падобнага, што забяспечвае сэнс узаемадзеяння паміж імі. Тут ёсць уся паўната кампаратывізму, як метаду, літаратурнага аналізу і сінтэзу. Ён бачыў сістэму вобразаў і эстэтычных катэгорый беларускай народнай паэзіі, сутнасці паэзіі як такой, а не кучу рудыментаў, якія аджылі свой век. Гэта была сістэма сродкаў пазнання свету і пранікнення ў тайны душы чалавека. У рэшце рэшт і выявы абсурднага ў жыцці ці свядомасці асобы пачалі не мадэрністы. Лесвіцы абсурдаў уяўляе сабой народная казка-небыліца. Мадэрністы маглі аб’яўляць само жыццё чалавека абсурдам існавання. Але ж гэта было жыццё адчужаных або самаадчужаных ці звышуражлівых, ці скрыўджаных. Калі ж хваляцца абсурднасцю свайго жыцця патэнтаваныя гультаі і гультайкі, то гэта таксама абсурд, толькі прытворны: ён смешыць, надаецца толькі для анекдотаў. Індывідуалізм, нарцысцызм — таксама скептычныя казусы чалавека, толькі рэдка ў каго прызнавалі іх паказчыкамі звышчалавечымі.
Ян Чыквін выяўляе жыццё чалавека ў прыродзе, грамадстве і ў духоўнай сферы, карыстаючыся рознымі падыходамі і манерамі. Цікава, што і некаторыя польскія пісьменнікі, якія паходзяць з Беларусі, адчуваюць у свядомасці падобныя пачаткі і нярэдка ў шаноўным узросце вяртаюцца бліжэй да беларускасці. Чэслаў Сэнюх сказаў Т. Занеўскай: «Шкадую, што адкрыў гэта позна, што так доўга праз гэтую маю заходнюю «аўтааранжацыю» прабіваўся мой радзімы наднёманскі гук» (с. 120).
Земавіт Федэцкі, перакладчык беларускай паэзіі і збіральнік песеннага фальклору на Лідчыне, ускліквае: «Па маім перакананні, беларускія песні — найпрыгажэйшыя ў свеце!» (с. 125); Ежы Літвінюк, перакладчык з беларускай на польскую мову, адносіць беларускую літаратуру да тых, якія прытрымліваюцца позірку «з парога вясковай хаты» і лічыць не выпадковым тое, што літаратура Савецкай Беларусі «не практыкуе магічнага рэалізму a la Ajtmatow» (с. 116).
Агульны настрой і стан душы Яна Чыквіна задуменны, медытацыйны, філасофскі, ён адпавядае ладу беларускай песні, балады. Паэт выяўляе хібнасць свету, але знаходзіць і яго дасканаласць, гармонію, хараство. У канцы трагічных тунеляў запальвае хоць адну іскрынку надзеі. Гэта ўсё свет прыроды і свет у прыродзе — маленства, сталасць і старасць на ўзлонні прыроды. Паказальным у гэтым сэнсе з’яўляецца цыкл вершаў са зборніка «Светлы міг». Згадаем «Старасць», «Бружмель», «Прымірэнне» (Дубіцкая элегія) і інш.
Як і ў кожным удалым творы, тут у вочы кідаецца адразу некалькі аспектаў зместу і формы, асноўнаму з іх цяжка знайсці роўных у беларускай паэзіі. Гэта матыў дастойнага жыцця і смерці. Загушчанасць тэксту, майстэрская кандэнсацыя вобразаў, эканомія слоў — да чаго заклікалі польскія мадэрністы Я. Бжэнкоўскі і Ю. Пшыбось — але ў той жа час беларускі дух, праўдзівасць маналогу, назіральнасць, глыбокае пранікненне аўтара ў псіхалогію састарэлага на вятрах няўмольнага часу земляроба ці лесніка, а можа фаўна ці лесуна, асобы ўжо незямной, бо яна рэалізавала сябе доўгай стваральнай дзейнасцю ў супрацоўніцтве і пабрацімстве з прыродай. Да бярозы і дубоў старац звяртаецца, як да сясцёр і братоў. Ён не красамоўца, што прывык збіраць вакол сябе людзей анекдотамі, і не варажбіт, які словам хоча ўздзейнічаць на добрыя ці злыя сілы прыроды, ён проста шчыры саўдзельнік жыцця, які прывык жыць не спажыўцом, а работнікам, узбагачальнікам. Навучыла яго няхітрае жыццё ўжываць у размовах простыя, але дакладныя і важкія словы, у вырашальных сітуацыях яны напаўняюцца сілай узрушэння. Цяпер гэта апошнія словы героя, які нямоглым, аслеплым і аглухлым прыйшоў у дуброву развітацца, пабачыцца з раднёй і легчы на вечны супачын пад расахатымі дубамі. Ён просіць названых братоў, бо не бачыць людзей, зрабіць яму апошнюю паслугу — дапамагчы растварыцца ў прыродзе. Фінальны маналог сказаны ў духу натуральнага пантэізму. Ёсць у пажаданнях старца і элемент рытуальнага дзейства. Толькі яно не падобнае на ніякі з вядомых фалькларыстам і этнографам пахавальны рытуал, а беларускім рытуальным абрадам нават пярэчыць:
Вядзіце мяне ў гушчар,
Перад сыходам абмыйце дажджом,
Распраніце мяне да касцей,
Укіньце ў воўчае зелле,
Не склікайце ніякіх гасцей —
Хай па мне растанцуецца зелень.
Тут высвечваецца моц характару і нейкі здзіўляюча спакойны, нават пакорлівы настрой, філасофская згода на пераход у зялёны свет раслін без музыкі і аплаквання. Прырода мае свае законы і чалавечая цялеснасць не можа не падпарадкоўвацца ім, супраціўленне не мае сэнсу, яно прывядзе толькі да самапаніжэння, маладушнасці, эгаістычнага страху. Прырода адкіне такога саўдзельніка жыцця. А ў яго няўзрушлівасці і спакоі праявіцца дух эпічнага хараства, якім жыве царства нерушы.
Ян Чыквін таленавіта ўвасобіў у вобразнае дзейства тэарэтычны прынцып пра тое, што чалавек жыве насамперш у свеце прыроды свабодным, але не пустым, а змястоўным свеце, які мае сваю жыццёвую місію.
Бружмель — гэта куст, дрэва самаахвярнасці, ён прыгадаўся аўтару як узор жыцця, калі паэт адрываў з календара прыстойна і плённа пражыты дзень. Зрыванне лісткоў нагадала корч бружмелю, які шчодра і спакойна кідаў лісце сваё «у жорны восені, у фіялетавы агонь». Уладзімір Караткевіч знайшоў дрэва ахвярнасці ў далёкаўсходніх джунглях — чазенію, якая карэннямі крышыла скалы, каб маглі расці іншыя расліны, а Ян Чыквін знайшоў беларускі адпаведнік недзе ў Белавежскай пушчы.
Што ж выклікаюць у лірычнага героя маўклівыя зносіны з дрэвам ахвярнасці? Пачуццё ўнутранага задавальнення за сумленна і плённа пражытыя дні:
Я шчаслівею з кожным днём,
Шчаслівы ў карэннях долі:
(……………………………………)
Перахварэла ўсё — і не засталося болю,
Ні знакаў запытання, ні затоенага жалю,
І менш расплат, і менш падлікаў!
Адным словам, бружмель аказваецца бальзамам духоўным, які дапамагае належна ацаніць ахвярнасць як норму жыцця.
Вершы «Прымірэнне» (Дубіцкая элегія) і «А дом наш» увасабляюць пакутлівыя моманты ачышчэння, да якога запрашае чалавека прыкладам сваім жывая прырода.
Верш «Прымірэнне» дае назву ўсёй праблеме: менавіта прымірэнне чалавека з лёсам рыхтуе яго дастойны адыход у свет замагільны. У гэтым вершы прымірэнне носіць не індывідуальны, а абшчынны характар. Усе дубіцкія жыхары, цяжка натаміўшыся, ідуць адпачыць на могілкі, да магіл сваіх родных і блізкіх. Аўтар не выдзяляе сябе з сябрыны землякоў:
І седзячы ля долу, у канцы дарог,
Дзе вечнасць набірае свой разгон,
Мы лёсу дзякуем, што кожны мог
Жыцця свайго паслухаць перазвон;
Сярод жывых пабыць жывым,
Дзе гоман, рух, душа баліць,
І смагласць ёсць, і можна піць
Ваду і сонца, ссаць сцябло травы…
Прыгожа-велічна выглядае гэты звычай задумоўвацца над пражытым, выпраўляць агрэхі і памылкі ці радавацца дабравольна і самастойна ўзятай на сябе крыўдай, болем за другіх людзей.
Прырода Я. Чыквіным бачыцца амбівалентна, не малюецца толькі цёплымі фарбамі, бываюць у ёй збоі, бываюць проста цяжкія станы, якія ўражліваму чалавеку балюча перажыць:
На плоце сарокі плакалі
Не ў згодзе з заўтра і ўчора.
Быў дзень зусім абыякавы,
І вёска чакала на гора.
Лірычны суб’ект прымае ўсе благія прадчуванні блізка да сэрца:
Так цяжка было ў прыродзе,
Што ўсё на калена аддана
Упала. І белы штодзень
Перапачварыўся ў вандала.
Але гэта анамаліі, нормай жыццёвага працэсу ў прыродзе з’яўляюцца лад і парадак:
Усё было справядліва ў прыродзе —
Далёка дзесьці была недарэчнасць
Адвечнай смерці, што прыйдзе і пойдзе,
А ўсё-такі нешта пакіне на вечнасць.
Канчаецца гэты верш страфою, якая магла б стаць тэкставым эквівалентам фантастыкі Марка Шагала:
І час стаяў, як ракіты на лузе,
Гнуткі, жывы, працякаючы ў хаты.
Над вёскай міску неба трымаў бусел,
Каб заўжды тут было толькі свята.
Коласаўскага пейзажа з яго адкрытаю маляўнічасцю і шчыраю захопленасцю харашынёй дубоў-волатаў, кудравых соснаў і спічастых елак, дрыготкіх асін і срэбралістых таполяў у Чыквіна амаль няма. Ён любіць адкрыць краёчак пейзажу і тут жа ўключае яго ў тыгель чыстага інтэлекту, поўны абстракцыямі, антыномамі, амбівалентнымі ацэнкамі. Вось яскравы прыклад такога сімбіёза прыроды з духам:
Ішлося з хаты проста ў агарод:
У гушчу вырастаючых жаданняў,
У сонечны затон, ілюзію свабоды,
У постаць трагічную ды самазваную.
Чытаючы гэты куплет, здавалася, што аўтар гатоў прыняць Коласаву, арыентаваную на фальклор, народную паэтыку, але другія вершы вядуць чытача ў сферу інтэлекту і духоўнасці, далучаюць да таго смутку без прычын, які з’яўляецца радзімай прыкметай летуценнікаў, чулых і балесных душ.
Я. Чыквін любіць разгортваць паэтычны маналог, ідучы ад канкрэтных аб’ектаў краявіду, ён часта пераходзіць да абстрактнага абагульняючага тэрміну «прырода», але тут жа ўвасабляе яго, ператварае ў назву нейкай жывой істоты:
Вечарэла. Кволай ноччу
Зацягнулася паўнеба.
А другая палавіна
Не магла расстацца з сонцам.
(……………………………)
Без’языкая, святая,
Каляровая прырода
Непрыкрытая ляжала,
Як прыгожае стварэнне.
Не забываючы пастулатаў экзістэнцыяльнай еўрапейскай філасофіі пра непазнавальнасць свету і неразгаданасць чалавечага «я», смуткуючы з прычыны мінання жыцця, неспадзяваных чаргаванняў народзін і смерці, Я. Чыквін вытрымлівае меру дапушчальнага ў душы лірычнага героя песімізму. Цёмная ноч, якая звычайна ў авангардыстаў выступае як напамінак смерці, у яго эстэтызуецца:
Калі заціхне гоман дня
І вечар прашуміць сварлівы —
Ох, як да ночы цягнецца Зямля,
Да губ яе маўклівых!
Чорнавалосая багіня,
Штодзённа йдзем к тваім рукам
Прасіць — не вечны адпачынак,
А забыццё пасмакаваць.
Паэзія выступае як сродак замацавання індывідуальнага чалавечага лёсу ў бязмежнай прасторы духоўнасці, каралавым рыфам, створаным фантазіяй і воляй многіх пакаленняў. Дух пераўзыходзіць матэрыю тым, што яго несмяротнасць непасрэдна датычыць чалавека як істоты, надзеленай творчым дарам і прагай пазнаць неспазнанае. Каб увекавечвацца такім чынам у духу і цераз дух:
Душой імкнёмся ўвысь, ляцець абы-куды,
За гэтым сном з адкрытымі вачамі —
Убачыць яснасць з боку тайнай цемнаты.
Як бачым, запаветнаю марай паэта застаецца пазнаць неспазнанае, схаванае ад вачэй цемрай неразгаданасці.
Фантазія ў Я. Чыквіна не простая, чытаць яго вобразы даводзіцца з напругай, а часам і пакідаць фрагменты неразгаданага падтэксту. Але, нягледзячы на ўскладнёную чытэльнасць, а можа і дзякуючы ёй, чытача агортвае адчуванне велічнасці лёсу чалавечага і фатальнага трагізму пражывання адпушчанага яму часу. І свой чалавечы лёс, і лёс творчы паэт адчувае як часціну драмы, што пераходзіць у трагедыю памірання ў свеце, у бясконцым неабсяжным абсягу біясферы. Паэтычная фантазія паэта ахвотна і лёгка выходзіць за межы рэальнасці і простай логікі. Яна ўмее парваць жалезны ланцужок прычыннасці, выйсці ў трэцяе вымярэнне. Гэта часам выглядае як падражніванне з рэчаіснасцю, законамі двайной логікі, матэрыяльнага быцця і небыцця. Паэт робіць выпады ў краіну немажлівага, нязбыўнага і вяртаецца ў свет надзённы, або наадварот.
Пейзажы ў Я. Чыквіна рэдка калі маляўнічыя адбіткі прыгожых куточкаў, часцей паэтычныя, закадзіраваныя ў вобразным слове два тыпы ўспрымання сучасным чалавекам свету прыроды: фальклорны, сузіральны, калі чалавек раствараецца ў прыродзе, ідэалізуе яе праявы, або, натыкаючыся на прывіды цёмных сіл, замыкаецца ў свае роздумы, і другі, сучасны, экзістэнцыяльны тып адносін да прыроды. Тут прырода — гэта сусвет, які нагадвае аб трагізме сваіх народзін і памірання, цешыць то веліччу, то даймае марнасцю і смерцю. Паэт умее зводзіць у адной вершаванай кампазіцыі два антыномныя успрыманні аднаго і таго ж краявіда, аднаго аб’екта. Вось бачанне фальклорна-славянскае, ідылічнае:
Не проста сена воз, а толькі так:
Пахучая травамядовая гара
Паўзе дарогаю маўкліваю, аж страх,
За Магаметам соннаю кабылаю.
А вось альтэрнатыўнае ўспрыманне:
Не проста сена воз, а цяжкая гара,
Стог палыну, атрутны конь Траяна,
Паўзе дарогаю запыленай, аж страх,
У вёску, страшнай сілай кіраваны.
У першым выпадку лірычны герой быў часцінай прыроды, яна ўзмацняла ў ім вітальную пэўнасць жыцця, ён бачыў воз сена з захапленнем і гіпербалізаваў яго, а ў апошняй страфе верша лірычны суб’ект ва ўладзе сумніву, ён чуе ў тым жа духмяным возе сена горкі пах палыну і атрутных траваў. Дзе ж праўда? Мабыць, у гэтай здольнасці бачання і сутыкненні настрояў, амбівалентнасці ўражанняў, што адпавядае зменлівасці свету, які невядома куды ідзе — да гармоніі ці да хаоса.
На чым грунтуецца ў ментальнасці Я. Чыквіна супрацьстаянне і сужыванне рафініраванага інтэлектуалізму з даўно выпрацаванай традыцыяй, запаветам продкаў? Прычына — перасяленне з вясковага дзяцінства, што праходзіла натуральна, на ўлонні прыроды, у гарадскую інтэлігенцкую сталасць з яе гуманітарнай культурай. Набыта глыбозная і складаная філасофія сучаснага духоўнага жыцця, якое сладаецца з пазнавальнага і неспазнанага, лірычнага і лагічнага, адкрытага і закрытага. Пераезд не выцясніў народнай культуры, дзе ўсё ясна і даступна пазнанню, калі не розумам і сэрцам дык Божым звеставаннем ці д’ябальскім хітраваннем. Прыняўшы сучасную філасофію, Я. Чыквін не хоча адракацца ад асноўнай сістэмы арыентацыі, бо яна па-свойму надзейная правадніца па жыцці ды яшчэ крыніца надзеі. Сучасныя экзістэнцыяльныя канцэпцыі і вучэнні ў прынцыпе ўсе насякнуты песімізмам, бязвер’ем, страхам перад непазнавальнасцю знешняга свету, непрадказальнасцю ўнутранага. Свет і чалавек зведаны не да канца, застаюцца для сябе загадкамі. Калі справа даходзіць да пазнання і дзеяння ў сферы светабудовы ці ўплыву на глабальныя працэсы, дык перад унутраным зрокам адкрываецца неймаверная, неўразумелая жывому чалавеку абыякавасць да жыцця як звышкаштоўнасці: аказваецца, што ў тайніках псіхікі цывілізаванага, намудраванага свету таілася і тоіцца ідэя самазнішчэння:
пакутніцы Хрыста Навіна,
і вас ужо ўпланавалі
ў атамны тэатр вайны,
і, можа, да апошняга
спектакля
сталася ўсяго гадзіна.
Вось чаму лячыць душу ад песімізму ці фаталізму, стаўшы гарадскім чалавекам, паэт едзе ў свае ціхія Дубічы: «У копах сена будзем спаць, на беларускім слове сенажаць».
Варта зазначыць, што, пераходзячы ў сферу роднага, казачнага і песеннага, Я. Чыквін бярэ сродкам паэтычнага самавыяўлення беларускую народную паэтычную канвенцыю, вусна-паэтычную вобразную сістэму і, створаную на гэтай аснове класікамі, беларускую кніжную паэтыку: у гэтых вершах моцныя рыфмы і сэнсоўная прычынна-выніковая фабулярнасць або сюжэтнасць. Але гэтае сумяшчэнне рознага не даецца гладка, бо сумяшчаць даводзіцца дзве праўды, далей якіх чалавецтва яшчэ не дайшло. Раздваенне вобраза свету ў душы адпавядае раздваенню самой катэгорыі часу, а значыць і прасторы, і зносін:
Мой скрутны час і час эпохі
Не супадаюць ані трохі.
Размінаюцца, як Гмін з Сенатам!
Інакш усё ідзе ў грамадстве, якое нават у найбольш высокіх сферах сваёй структуры не здолела набыць мудрых якасцей быцця, уласцівых для прыроднага. Грамадства трасе няспынная варажнеча, канфліктнасць, бо існуе несвабода і не хапае аб’ектыўных сталых законаў яго існавання, там усё ў руках сварлівых грамадзян:
Усе мы
выйшлі па-за брамы раю.
Цвярозым холадам павеяла,
і расступілася пазнанне —
пром наперад,
назад не аглядаючыся…
Але, чым далей адыходзіцца чалавецтва ад свайго пачатку, ад раю, тым больш раз’ядноўваецца, адчужаецца, эгаізуецца. Асабліва агідным з’яўляецца дэградацыя грамадства унітарнага, дэспатычных дзяржаваў:
Хістаецца ўлада, што той вось гамак.
Усё толькі з’езды, сходкі, размовы,
Фарысейства палітыкаў, грошай дурман
Ды малако ад п’янай каровы.
Бяспраўе. Лухта. Сіла. Падман.
Гульбішча страсцяў. Догмы як гнусы…
Мне чуецца ў гэтым вострым і катэгарычным маналогу пратэст супраць прыёмаў палітычнай барацьбы, далёкіх ад дэмакратыі і гуманнасці, якія ўжываліся раней у сацыялістычных краінах і цяпер ужываюцца крайнімі правымі і левымі экстрэмістамі, кланамі, клікамі, якія карумпіруюць уладу, а паходзяць яны з арсеналаў нібыта адхіленага і адоленага таталітарызму. Паэт не выступае ў жанры грамадзянскай ці палітычнай лірыкі проста ідэолагам, удзельнікам палітычных сутыкненняў, спрэчак, ён выпрабоўвае пэўныя праявы грамадзянскага і палітычнага жыцця на гуманістычную дабротнасць. Цікавіць яго не палітычны рынг ці біржа, а антыграмадскія, шкодныя для сучаснікаў і, мажліва, згубныя для нашчадкаў працэсы. Як жыхар заходняй ускраіны Белавежы, гістарычнай Яцвяжчыны, ён вельмі балюча і абурана ўспрымае вынішчэнне гэтага запаведніка тэхнізаванымі вандаламі:
Чуеце:
Грукат тапара,
Брынчыць піла,
Вішчыць піла.
Вянуць вязы —
Яцвягі.
(……………….)
Валяцца хвоі —
Зялёныя воі.
Дубы і асіны —
Рагамі ласінымі.
(…………………)
Драўляным горлам
Дрэва стогне —
Гібее лясное сутонне.
Але і гэты, знешне як бы апісальны фатаграфічны верш, не месціцца ў рамкі рэалізму, бо пачынаецца ён метафарай абсурду: «О, стойкія дзеці пушчы… ратуйце вашы душы», а ў самім вершы ўсе пушчанскія дрэвы персаніфікаваны. Пушчанскі вандалізм, прапушчаны праз суд мастака чытаецца не як папярэджанне SOS, а як балючы горкі сігнал пра цывілізацыйную дэфектыўнасць грамадства як такога...
У беларускай літаратуры філасофскі погляд на каханне — рэдкасць, сустрэць яго можна ў Багдановіча, Жылкі, Разанава, Дранько-Майсюка ды Ніны Мацяш. Я. Чыквін ужывае гэты прынцып паслядоўна. У ягонай філасофіі быцця каханне, інтымная блізкасць — гэта акты поўнага спасціжэння жаночага хараства лірычным суб’ектам. Нешта падобнае як «Шлях Эраса» ў Платона. Хараство жанчыны да канца раскрываецца цераз каханне. І хаця ў Чыквіна яно адносіцца да сферы духоўнай, як бескарыслівая сувязь двух індывідаў, але і цялесны бок кахання не прыкрываецца фігавымі лісткамі. У гэтай сферы Я. Чыквін закончаны еўрапеец, ён лічыць цела не грэшнаю часткай існасці чалавечай, як пра гэта кажа біблейская легенда аб першародным граху. Граха няма, калі ёсць шчырае і высокае любаванне і збліжэнне закаханых людзей. Вобразы жанчын у яго інтымных вершах нясуць здаровую, нават пышную цялеснасць, як на палотнах Тыцыяна ці Рэнуара. Толькі цялесная панада ў паэта не афішуецца, жанчына застаецца таямнічай істотай, уладальніцай адухоўленай цялеснасці, якое нельга разбіраць па частках. У інтымных вершах напэўна больш, чым у іншых тэмах, глыбокая шыфроўка сутнасных рыс асабовасці і больш складаныя ацэнкі харашыні:
Ноч ясная тваёй душы
У ціхай прыстані пасцелі,
І цячэнне рук ў цішы
Па ўсяму ўзбярэжжы цела.
Снілася ты мне ў вяках.
Набліжалася спатканне.
Як жа доўга я чакаў!
Як жа на сябе мы глянем?
Падняцца над тысячагоддзямі табуізацыі цялеснага як забароненага Богам пазнання дабра і зла, але не апускацца да сляпога інстынкту, хоць ён і называецца ў Фрэйда далікатным словам libido. Шлях да яднання закаханых праз асалоды ў пашане, у адчуванні таямнічасці, без якой не можа стварыцца сямейны, малы, але такі патрэбны для маральнага здароўя дзяцей, нашчадкаў раёк. Тайна пазнання не ў нейкім дрэве, яго пладах, а ў душах дваіх. Неспазнанасць — гарантыя трываласці і роднасці:
Наша ноч ужо бяжыць
Светаценем, гукаграннем…
Цёмны цень тваёй душы
Ў ціхім сонным калыханні.
Хараство закаханых — гэта не прывідлівы туман, а субстанцыя жыцця, якую яны перадаюць сям’і. Бадай самы далікатны верш у Я. Чыквіна прысвечаны дачцэ, немаўляці, вобраз якое падаецца таксама як і вобразы дарослых дзяўчат у экспрэсіўнай мадэрнісцкай манеры:
Прыгожая,
найменшая мая дзяўчынка,
хвілінка,
мімалётнасць
у разгойданай калысцы,
плывеш у часе
з усмешкаю матчынай.
Бацька прыглядаецца да гэтай чыстай радасці, ачараванасці жыццём і ўлоўлівае ў немаўляці прагу пазнання невядомага яшчэ свету:
Цягнеш ручкі да сухіх прадметаў,
мову вяжучы з найпрайсцейшых гукаў.
Пазнаючы таямнічасць свету,
ножкай ўздумала ты па ім грукаць.
І ўсё ж Ян Чыквін не адкідае сучасную цывілізацыйную філасофію быцця, бо той жа індывідуалізм і скепсіс экзістэнцыялістаў — форма пратэсту супраць адчужэння асобы ад грамадства, як адолець чалавеку пагрозу быць асаматнелым, азлобленым, помслівым. Фрэйдава вучэнне аб прыярытэце інстынктаў, падсвядомага над розумам — таксама вынік пошукаў сацыяльна-псіхалагічных прычын стрэсавасці, страты смаку жыцця і такога ж адчужэння. Экзістэнцыяльныя канцэпцыі чалавека як сусвету ў самім сабе, заклікі да самаізаляцыі ад нялюдскага свету, заглыблення ў самога сябе — таксама спробы захаваць душу жывую ў свеце чыстагана. Нешта з гэтых ідэй бывае карысным думанніку, які не ўпадае ў роспач, фанатызм і не дагматызуе гіпотэз. Паэт застаецца гуманітарыем, які шукае этычнай цаны і ацэнкі розным канцэпцыям, напамінаючы пра існаванне філасофіі быцця і этыкі народнай, якая стваралася продкамі ва ўмовах здаровага працоўнага ўкладу і надзейна ахоўвае іх ад панікі прывідамі смерці. Вось канцоўка верша «Адвечны дыялог»:
— Глянь, мама, йдзе да нас сасна ў госці,
Як гожа-гожая дзяўчына.
— І можаш з яе дошак, сынку,
Ужо зрабіць мне дамавіну.
Народная свядомасць з яе нахілам да мудрай медытацыі, прызнаннем кону і скону нармальнай часткай пражывання, дапамагае жывым захаваць годную вытрыманасць пры адыходзе родных і дарагіх:
Даўно нежывы бацька полем ідзе.
Ён арэ.
Ён і плуг.
Ён і скіба раллі, і зерне,
І водсвет далёкага раю.
Чыстыя ў Я. Чыквіна лірычныя сігналы здаровай радасці жыцця:
Мы жывем. Якая радасць гэта!
Мы жывем, як антытэза да прадметаў.
Адчуваючы, мы бачым, ходзім
Па зялёнай сферы быту.
Другі радок звяртае на сябе ўвагу непасрэдным паэтычным успрыманнем жыцця чалавечага як супрацьлегласці існавання мёртвых прадметаў, якія таксама жывуць. Але ідуць ў кірунку антыросту, таму маюць толькі момант нараджэння і аджывання. У другой страфе нас чакае зноў жа пазнавальная, а дакладней ацэначная гнасеалагічная прыгода:
Мы жывем. Аднойчы і нікуды.
Апошняе слова — непрадбачаны алагізм, які расхіствае жыццярадасны настрой і ўводзіць жыццёвую плынь у нікуды. Паводле экзістэнцыялістаў жыццё — само ў сабе мэта. Чытач папярэджаны перад павярхоўнасцю вітальнасці. А далей ідзе як бы згладжванне супярэчнасцей, новы паварот да жыцця простага і адкрытага:
Мы жывем, кахаючы істоты,
Полем ходзім і ракой вандруем,
Вяжам ва ўспаміны ніткі сушанага лета.
Апошні радок таксама паварочвае да алагізму — «нітак сушанага лета», метафары, якая прызвана не астудзіць аптымізм, а нагадаць пра супрацьлеглае, конавае, якое нас не пакідае і не пакіне.
Сакрат Яновіч у прадмове да зборніка «Неспакой» назваў аўтара, Яна Чыквіна, «лірыкам інтэлекту», «паэтам пытанняў». Ён адзначае знарокавыя шурпатасці ў тканіне верша, гэта павінна падкрэсліць думку, што «ні жыццё, ні творчасць не з’яўляюцца гарманічнай бягучасцю… Каб любіць і выяўляць такі свет, трэба мець мудрасць старца». Гэтая дэфініцыя мне здаецца самай трапнай з усіх, якія давялося чытаць пра паэтычную манеру Яна Чыквіна. Зразумела, яна не ўсеахопная і не адзінаправільная.
Уладзімір Конан зрабіў добрую справу, увёўшы крытычны агляд некаторых ацэнак, што належаць польскім і беларускім рэцэнзентам зборнікаў паэзіі Я. Чыквіна. Трапна заўважана У. Конанам, што польскія крытыкі — Эльжбета Фэліксяк, В. Смашч не хочуць прыкмячаць у вершах, прысвечаных бацькаваму дому, адраджэнскіх ідэй, праблемы малой бацькаўшчыны. Бацькаўшчына ў Я. Чыквіна, як і ў іншых паэтаў «Белавежы», гучыць драматычна — гэта святая зямля бацькоў, якая памалу і непрыкметна выплывае з рук нашчадкаў і трапляе ў рукі прадпрымальнікаў, а яшчэ гэта — бацькаўшчына духоўная, якую яшчэ цяжэй і адказней захоўваць, прадаўжаць, супраціўляючыся «законнай» асіміляцыі.
Творчая праца тым і адрозніваецца ад нятворчай, што яна забірае ўсяго чалавека і назаўжды, без выхадных дзён і адпачынку, часта без сну. Асноўная мэта мастацтва — эстэтычнае ўладкаванне свету па законах гармоніі і хараства, ачалавечванне чалавека-саматворцы, які ў пошуках праўды, дабра, красы ўзбагачае сваю здольнасць бачыць і разумець свет як сферу чалавечага бытавання і дзейнасці, хоча зрабіць сваё месца, сваю радзіму больш прыгожай, цывілізаванай.
Мастак вастрэй і балючай, чым звычайны сярэдні чалавек, адчувае, перажывае і выяўляе гармонію і дысгармонію, лад і бязладдзе, хараство і брыдоту, дабро і зло, трагізм і камізм як антыномы быцця і побыту. Дае ім дакладныя гуманістычныя ацэнкі, вучыць натхняцца стваральным людскім у жыцці і адхіляць, змагацца супраць брыдоты, хаосу, нялюдскасці і нявольніцтва.
Кожны таленавіты верш пры новым чытанні адкрывае чытачу новыя пласты падтэксту. Хвалюе ў цэлым таксама, але ў дэталях
па-іншаму. Нярэдка даводзіцца самому крытыку доўга чакаць, пакуль надыдзе момант дакладнага ўспрымання, якое ў зарубежным літаратуразнаўстве таксама называюць творчасцю, бо колькі чытачоў, столькі і твораў атрымліваецца з аднаго, многімі прачытанага тэксту. Лічу, што ўсякае самастойна дасягнутае абнаўленне літаратуразнаўчага ўспрымання твора — нармальнае з’явішча. А ненармальнымі з’яўляюцца дамаганні рэгламентаванага падыходу і прызнання нейкай плыні ці школы за адзіна слушную.
З працы «Творчае пабрацімства», 1994 г.
Уладзімір Калеснік. Прывітальнае слова на сустрэчы з балгарскімі пісьменнікамі 26 мая 1972 г.
Вось ужо шэраг дзён у нашай рэспубліцы праходзіць урачыстае свята — дні балгарскай культуры. Святочная хваля дасягнула нашага горада. Паходню дружбы прынеслі ў наш вясенні Брэст і ў наш інстытут пасланцы братняй сацыялістычнай Балгарыі. Мы маем шчасце прывітаць на сённяшняй сустрэчы добрых сяброў з Беларусі і беларускай літаратуры Дзмітра Ангелава і Івана Давыдкава.
Мы шчыра рады прыезду нашых беларускіх таварышоў, якія суправаджаюць пасланцоў братняй Балгарыі паэтаў Генадзя Бураўкіна і Уладзіміра Паўлава, адказнага сакратара Беларускага аддзялення ўсесаюзнага таварыства культурнай сувязі з зарубежнымі краінамі Нінэль Іванаўну Ярмалюк. Мы ўдзячны абласному і гарадскому камітэту партыі за тое, што яны аказалі нашаму калектыву чэсць прыняць дарагіх гасцей. Я выказваю гэтую ўдзячнасць.
Дарагія таварышы!
Дазвольце мне ад імя рэктарата, партбюро, мясцкома, ад імя ўсяго нашага калектыву сардэчна прывітаць нашых дарагіх гасцей і запэўніць іх, што мы глыбока раздзяляем братэрскія пачуцці да балгарскага народа, які ў гэтым годзе ў абстаноўцы асаблівай урачыстасці святкуе цэлае сузор’е знамянальных дат: традыцыйныя дні заснавальнікаў славянскага пісьменства братоў Кірыла і Мефодзія. Вялікае нацыянальнае свята ў Балгарыі сёлета супадае з 90-годдзем з дня нараджэння выдатнага дзеяча балгарскага і міжнароднага рабочага і рэвалюцыйнага руху, вялікага друга Савецкага Саюза Георгія Дзімітрава.
Абедзве даты, хоць аддзяляюць іх цэлыя стагоддзі, звязаны між сабой, як галінкі ў вянку гісторыі. Сапраўды, яркі росквіт і высокі ўзлёт балгарскай літаратуры, пісьменства і культуры, які мы назіраем сёння, стаў мажлівы толькі дзякуючы глыбокаму абнаўленню жыцця балгарскага народа на сацыялістычнай аснове. Выдатныя рэвалюцыянеры, героі вызваленчага руху заўсёды з’яўляюцца адначасна выдатнымі дзеячамі культуры, рухавікамі прагрэсу, магутнымі гуманістамі.
У сваю чаргу гісторыя сусветнай літаратуры даводзіць нам, што ўсе найвыдатнейшыя нацыянальныя пісьменнікі былі адначасна рэвалюцыянерамі, прытым не толькі рэвалюцыянерамі ў творчасці, але і ў грамадскай дзейнасці. Гэтую заканамернасць пацвярджае гісторыя балгарскага і беларускага народаў.
Калі акінуць вокам пісьменства нашых народаў з самых далёкіх часоў, дык мы ўбачым здзіўляючую пераклічку лёсаў нашых выдатных мастакоў слова. Тысячу гадоў таму назад невядомы летапісец кірылаўскім пісьмом запісаў упершыню назву нашага горада Бярэсця. Гэта быў дзень нараджэння нашага горада, замацавання яго ў памяці народа, у грамадскай свядомасці, у гісторыі.
Ужо ў эпоху Адраджэння Бярэсце і берасцейская зямля даюць гісторыі славянскай культуры і вызваленчага руху вартыя памяці імёны людзей і з’явы культурнага жыцця. Мы можам ганарыцца, што ў Брэсце ў пачатку ХVІ стагоддзя быў напісаны Лаўрэнціем Зізаніем першы ва ўсходніх славян буквар. Балгарскія сябры маюць поўнае права раздзяліць з намі гэтую гордасць, бо буквар Зізанія быў напісаны азбукай, якую вынайшлі выдатныя землякі Кірыл і Мефодзі.
У эпоху позняга Адраджэння, калі балгарскі народ змагаўся за сваё нацыянальнае адраджэнне, за вызваленне ад турэцкай няволі, ён даў свету славутага паэта і змагара Хрысто Боцева. Ён быў паэтам і змагаром, камандзірам атрада паўстанцаў. Хрысто Боцеў аддаў жыццё за свабоду сваёй радзімы, усведамляючы, што гераічная смерць у баі азначае бяссмерце. На гераічнай зямлі Брэстчыны вельмі свежа і жыва гучыць бессмяротны дэвіз славутага сына Балгарыі: «Той, хто ў змаганні паў за свабоду, — не памірае».
Варта прыгадаць, што гераічнае жыццё і гераічная смерць Хрысто Боцева знамянальна пераклікаецца з жыццём і лёсам нашага земляка, выдатнага пісьменніка-палеміста, змагара за вызваленне беларускага народа Афанасія Філіповіча. Сучаснік Боцева, ён прыняў мужную смерць ад рук рэакцыйнай шляхты за падтрымку сялянска-казацкіх бунтаў, за ўдзел у вызваленчай барацьбе.
Чым бліжэй мы падыходзім да нашых дзён, тым ярчэй свеціць еднасць лёсу нашых народаў, тым глыбей гучыць пераклічка нашых літаратур. І гэта заканамерна. У канцы ХІХ стагоддзя — пачатку ХХ стагоддзя вызваленчы рух працоўных мас Балгарыі і Беларусі ўступае ў новую фазу — фазу пралетарскай рэвалюцыі і пралетарскага гуманізму.
Заснавальнікі новай беларускай літаратуры Янка Купала і Якуб Колас — аднагодкі Георгія Дзімітрава. Сёлета мы адзначаем іх
90-годдзе. І мы маем права ганарыцца, што не толькі каляндарнае супадзенне дат дае нам права паставіць побач імёны Купалы, Коласа, Георгія Дзімітрава. Мы ставім гэтыя імёны поруч таму, што Янка Купала і Якуб Колас былі не толькі выдатнымі нацыянальнымі паэтамі, а таму, што яны былі паэтамі рэвалюцыйнымі, былі выдатнымі песнярамі-будзіцелямі, змагарамі за шчасце прыгнечаных мас Беларусі.
Найноўшая гісторыя беларускай і балгарскай літаратур дае шмат здзіўляючых прыкладаў пераклічкі еднасці лёсу сучасных нашых пісьменнікаў. Узнёсла пераклікаюцца жыццёвыя дарогі выдатнага паэта і рэвалюцыянера Максіма Танка і нашых землякоў Валянціна Таўлая і Піліпа Пестрака і балгарскіх паэтаў Хрыста Смірненскага і Хрыста Радзеўскага. Ранняя творчасць Максіма Танка вырастала з глыбінь рэвалюцыйна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, яна, як і творчасць Смірненскага, напоўнена пафасам сцвярджэння Кастрычніцкай рэвалюцыі, сацыяльнай справядлівасці і пралетарскага гуманізму. Беларускім чытачам, літаратурныя густы якіх выхоўваюцца на творах Купалы, Коласа, Танка, будуць блізкімі палымяныя радкі Смірненскага з яго верша «Чырвоныя эскадроны»:
Ах, ляціце сярод сечы, ліўня вогненнай
карцечы,
Папярэднікі сустрэчы, у наступны дзень і год!
З бурай, грукатам, маланкай абвясціце
новым ранкам
Неадольных хваляў наступ — вязняў збуджаных паход!
А якое блізкае і зразумелае беларускім чытачам вось гэтае паэтычнае і грамадзянскае крэда Хрыста Радзеўскага, дзе ён, звяртаючыся да партыі, кажа:
І калі ты на грозны прыступ
Мільёны клічаш за сабой –
Я ўжо не Радзеўскі, не Хрыста,
Я — безымянны воін твой.
Вядзі ж мяне пад сцягам ясным,
Наперад, партыя, вядзі!
Скрозь пыл імён — сваім нязгасным
Чырвоным іменем свяці.
Суровыя годы вайны і фашысцкай акупацыі беларускі і балгарскі народы правялі ў супольным змаганні. Для антыфашыстаў і партызан Балгарыі і Беларусі ў той цяжкі час свяціў адзін агульны светач надзеі — гэта вялікі і магутны Савецкі Саюз. Згуртаваныя партыяй камуністаў, народы Савецкага Саюза ў бяспрыкладных па мужнасці, ахвярнасці і гераізме баях зламалі хрыбет гітлераўскаму вермахту. У скарбніцы перамогі прагрэсіўнага чалавецтва над фашызмам поруч ляжаць уклады, якія ўнеслі балгарскія і беларускія партызаны, балгарскія і беларускія пісьменнікі — песняры гэтага свяшчэннага змагання.
Героем партызанскай барацьбы і яе натхнёным стаў паэт Нікола Вапцараў. Летам 1942 года Нікола Вапцараў паў ад рук фашысцкіх захопнікаў. Імя яго стала сімвалам змагання, а паэзія прызыўным клічам, з якім ішлі ў бой партызаны Балгарыі, каб вызваліць родную зямлю ад фашысцкага панавання. Мужны і трагічны лёс выдатнага сына Балгарыі блізкі і беларускім пісьменнікам. Наша літаратура ў тыя трагічныя годы аддала ў барацьбе за Радзіму нямала сваіх таленавітых сыноў. У партызанскіх атрадах змагаліся пяром і гранатай дзясяткі сёння вядомых мастакоў слова — Анатоль Астрэйка, Алесь Асіпенка, Янка Брыль, Міхась Васілёк, Іван Навуменка, наш зямляк Мікола Засім, Мікола Ткачоў, Антон Бялевіч і многія іншыя. Пасля вайны пісьменнікі-франтавікі і пісьменнікі-партызаны сталі правафланговымі адбудовы нашай нацыянальнай культуры, якую хацеў утаптаць у прах нябыту каваны бот гітлераўскіх варвараў.
Дарагія таварышы! Можна яшчэ намнога прадоўжыць і папоўніць гэтае пасведчанне духоўнай роднасці ідэйнага братэрства народаў і культур Балгарыі і Беларусі. Адзначу толькі, што важную ролю ў збліжэнні нашых народаў і культур іграе агульная нам, беларусам, і Вам, балгарам, любоў і пашана да рускага народа, перадавыя сыны якога ў мінулым шмат зрабілі для вызвалення Беларусі і Балгарыі ад нацыянальнага ўціску. Нас яднае павага да рускага рабочага класу, які стварыў СССР — дзяржаву, якая ўвасабляе братэрства людзей працы. СССР — вялікі гарант міру і бяспекі ў свеце, гарант нашага культурнага супрацоўніцтва і яднання.
Плённы ўклад у памножанне гэтай скарбніцы дружбы ўнеслі прысутныя на нашай сустрэчы балгарскія пісьменнікі і іх калегі па пяру, чыёй працай і талентам выйшлі ў Балгарыі і сталі даступнымі чытачу творы многіх беларускіх пісьменнікаў. Гэта важкі і рэальны ўклад у дружбу і братэрства нашых народаў.
Мы, як чытачы і энтузіясты беларускага мастацкага слова, скажам дарагім гасцям, балгарскім пісьменнікам і перакладчыкам дзякуй і пажадаем ім новых поспехаў у іх творчай працы. Мы жадаем, каб прабыванне нашых гасцей на Брэстчыне было плённым і прыемным.
У Беларусі выйшлі балгарскія народныя казкі і песні, зборнік вершаў «Ад стром Балканскіх», зборнік вершаў для дзяцей «Чарадзейны ліхтарык», кнігі Івана Давыдкава, Найдана Вылчава, Георгія Караславава, Стояна Даскалава і іншых.
З рукапісаў Уладзіміра Калесніка
Уладзімір Калеснік. Прывітальнае слова з нагоды наведвання Брэста ўзбекскімі пісьменнікамі 1966 г.
Дарагія сябры!
Вы прыехалі да нас услед за вясной, як прадвеснікі ўраджайнага лета. Беларусь сустракае Вас песнямі салаўіных гаёў, салютуе вясёлымі раскатамі яшчэ маладога грому, воплескамі гледачоў і слухачоў, ачараваных шчодрым талентам узбекскага народа.
Дазвольце і мне далучыць свой голас да гэтага ўзрушальнага, захопленага голасу Беларусі. Дазвольце прывітаць Вас ад імя творчай інтэлігенцыі Брэста, ад імя мастакоў, пісьменнікаў, музыкантаў прыгранічнага горада як дарагіх пабрацімаў, што сышліся тут, на свяшчэннай зямлі цытадэлі не на правах гасцей, а на правах суайчыннікаў. Гэта свяшчэнная зямля належыць не адным нам, беларусам, зямля цытадэлі — гэта святыня ўсіх народаў нашай краіны, алтар мужнасці і гераізму, алтар пакут і перамог. Вы прыехалі сюды на сустрэчу з самою гісторыяй, вы прыехалі сюды ў пошуках велічы сэрца савецкага чалавека, і я ўпэўнены, што знайшлі гэтую веліч, бо ў пашчэрбленых варожымі снарадамі сценах крэпасці-героя б’ецца мужнае сэрца трыццаці нацый нашай краіны, чые сыны стаялі тут насмерць, абараняючы будучыню чалавецтва, лёс нашай цывілізацыі.
Я веру, што гэты гарт і веліч сэрца абаронцаў крэпасці над Бугам адгукнецца ў Вашых натхнёных творах, а сённяшні дзень стане тым днём унутранага ачышчэння душы і сэрца, без якога не можа тварыць сапраўдны мастак.
Наш дваццаты век — мудры па ўзросту і па схільнасцях даследчык і творца. Кожны дзень ён прабіваецца ў непазнанае. Узброены электронным мікраскопам, сочыць прывідлівыя арбіты пратонаў, нейтронаў, узброены электронным тэлескопам, дваццаты век сочыць шляхі зор, камет, галактык. І гэты мудрэц і даследчык, як ні дзіўна, прызнае аднолькавыя правы за мастацтвам як формай пазнання свету, жыцця, чалавека. А мастацтва, як усім нам вядома, не карыстаецца ў пазнанні ні мікраскопам, ні тэлескопам. Адзінай яго прыладай з’яўляецца сэрца мастака. Гэтаю прыладай карыстаўся Алішэр Наваі, ёю карыстаўся Леанарда да Вінчы, які называў жывапіс навукай і законнаю дочкай прыроды, гэтаю прыладай карыстаўся і наш асветнік, гуманіст Францыск Скарына, які 450 гадоў таму назад надрукаваў першую беларускую кнігу. Навука з таго часу тысячы раз абнаўляла прыборы ў сваім паступальным руху наперад. А сэрца мастака як быццам засталося нязменным. Але гэта толькі здаецца. І справа не ў тым, што вучоныя вынайшлі штучнае сэрца і электронны мозг. Штучнае сэрца ўмее пампаваць кроў, але не ўмее любіць і ненавідзець. Гэта ўласцівасці чалавечага сэрца. І вось за вякі сэрца паэзіі навучалася любіць і ненавідзець. Абстрактнае хрысціянскае міласэрдзе вырасла ў гуманізм. Племянны фанатызм стаў савецкім патрыятызмам. Рэлігійнае падзвіжніцтва ў імя Бога ўзрасло да рангу подзвіга ў імя народа. Такіх менавіта людзей, светлых розумам, мужных сэрцам, працавітых, мне выпала шчасце сустракаць у сонечным Узбекістане ў дні дэкады беларускай літаратуры і мастацтва. Сёння радасна пазнаваць вобразы гэтых людзей у праўдзівых і хвалюючых творах узбекскіх мастакоў, прывезеных да нас на дэкаду. Многа сардэчных слоў давялося нам пачуць на сустрэчах ва Узбекістане, але мне асабіста прыйшлося даспадобы крылатае слова, якім вітаюць узбекі чалавека ў часе працы: «Халіанглар» — не стамляйцеся.
Дарагія сябры, мастакі Узбекістана і нашы беларускія мастакі, не стамляйцеся любіць і славіць чалавека, які працай упрыгожвае свет, які змагаецца за мір, за будучыню планеты. Не стамляйцеся выкрываць зло, якое перасцерагае чалавека на шляхах прагрэсу. Не стамляйцеся гаварыць праўду.
Высокіх поспехаў Вам і Вашай пачэснай місіі памагаць народу знаходзіць шляхі ў лепшае заўтра.
З рукапісаў Уладзіміра Калесніка
Уладзімір Калеснік. Прывітальнае слова да таджыкскіх пісьменнікаў
Дарагія нашы госці, дарагія таварышы!
Дазвольце мне ад імя пісьменнікаў і ўсёй творчай інтэлігенцыі Брэста і Брэстчыны прывітаць пасланцоў славутай таджыкскай літаратуры і пажадаць, каб гэтая паездка па Беларусі гулкім рэхам натхнёная адгукнулася ў іх новых творах. Наша лясістая Беларусь золатам асенняга лісту выслала дарогу сваім пачэсным гасцям. Трэці дзень я маю шчасце ездзіць у таварыстве таджыкскіх пісьменнікаў па дарогах Брэстчыны. Беларуская восень скрозь збірае на сталы багацці палёў, лясоў і рэк, ад шчырага сэрца дорыць ім крамяныя асеннія кветкі. Нашы людзі гасцінна, як і вось зараз, у гэтай зале, адкрываюць насцеж дзверы, абдымкі і сэрцы перад мастацкім талентам братняга Таджыкістана.
Ёсць многа прычын для гэтай глыбокай узрушанасці, для гэтай непадробленай радасці, для гэтага сардэчнага хвалявання. Першая прычына — гэта тое, што нашы госці прадстаўляюць вялікі народ, вялікую і самабытную літаратуру. Гістарычнае жыццё таджыкскага народа ахоплівае дзясяткі вякоў. Яшчэ на зары нашага тысячагоддзя з-пад гор Паміру, гэтай спрадвечнай калыскі індаеўрапейскай культуры, расходзілася святло высокай паэзіі, бляск якой дасягаў еўрапейскага кантынента.
Геніяльны паэт і мысліцель, заснавальнік класічнай таджыкскай літаратуры — Абу Абдуло Рудакі ствараў тады свае мудрыя бейты, горда называючы сябе пасланцом праўды, які прыйшоў на зямлю як прарок.
Рудакі параўноўваў траснікову палачку, якая ў яго часы служыла пяром — з кветкаю жальбы і адначасна з лязівом шаблі. Сваім жыццём прыбліжанага і выгнанага з царскага палаца песняра-праўдалюба Рудакі завяшчаў новым пакаленням таджыкскіх паэтаў не дагаджаць царам, а служыць толькі праўдзе, справядлівасці і дабру. І гэты запавет літаратура Таджыкістана пранесла праз вякі і сёння горда трымае яго як баявы сцяг.
Прызнаюся, я з хваляваннем прачытаў у 9 нумары «Полымя» верш прысутнага тут на вечары паэта Муміна Канаатава «Наша праўда». Гэта яркі гімн нашай савецкай і адначасна агульначалавечай праўдзе, праўдзе веку, праўдзе зямлі:
О не, не асілкі мы, не цудатворцы.
Зусім не пра нас у паданнях гаворыцца,
Хоць наша справа, як цуд той на цудзе,
А мы толькі людзі, звычайныя людзі.
Мы дужыя праўдай сапраўднай зямною,
Яе здабылі мы нятаннай цаною.
Яе збераглі мы ў агні і блакадах.
Яна — наша шчасце. Яна — наша ўлада.
Да сонца з імкненняў людскіх вырастае
І свеціць як сонца нам праўда святая.
Гарыць маяком над шляхамі-дарогамі,
Агонь яе чысты, агонь яе строгі…
Другі верш Канаатава, надрукаваны ў «Полымі», называецца «Таджыкская мова». Ён уразіў мяне сугучнасцю з аднатэмнымі вершамі Панчанкі, Танка, Барадуліна. Добра, падумаў я, калі паэты так горача любяць родную мову, бо мова — сімвал радзімы і сімвал спадчыны, якую наследуем мы ад мінулых эпох.
Радасна адзначыць з гэтай высокай трыбуны, што ў нашай савецкай краіне пошукі праўды-ісціны сталі ўсеагульным законам жыцця. Уладкаваннем чалавечых адносін па законах праўды і справядлівасці занята партыя камуністаў вось ужо больш як сто гадоў сваёй гісторыі. Гэтай мэце падпарадкавана дзейнасць усёй сацыялістычнай дзяржавы і шматнацыянальнай савецкай грамадскасці. Партыя і народ нічога не патрабуюць ад нас, савецкіх пісьменнікаў, акрамя сумленнага даследавання жыцця, праўдзівага адлюстравання яго светлых і ценявых бакоў.
Узброеныя навуковаю тэорыяй марксізму, мы ведаем, што тым хутчэй пабудуем камуністычны лад, чым паўней, глыбей будзем ведаць праўду аб усіх праявах таго жыцця, якім мы жывем, якое мы любім і хочам, каб яно з дня ў дзень станавілася лепшым.
Нядаўна ў сценах Брэсцкай цытадэлі нашы дарагія госці маглі пабачыць адно з многіх палёў бітвы за вялікую праўду сацыялізму супроць фашысцкага цемрашальства. У бітве гэтай стаялі поплеч, як браты, таджык і беларус, рускі і грузін, украінец і казах. Гэты подзвіг савецкіх воінаў апладняе сёння нашы думкі, нашы сэрцы, пасяляючы і пачуццё пашаны і святога захаплення веліччу савецкага чалавека, патрыёта.
Дарагія таварышы, у складзе дэлегацыі пісьменнікаў Таджыкістана знаходзяцца ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, гэта народны паэт Таджыкістана Бакі Рахім-задэ і названы раней паэт Абдуджабар Кахары і Мухідзін Фархат, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў баях за вызваленне Беларусі. Мне, як былому партызану, хочацца пакланіцца ім нізка і сказаць тут, на гераічнай зямлі Брэста, вялікае дзякуй за баявую дапамогу нам, беларусам, у цяжкую гадзіну для нашай рэспублікі.
Сёння народны паэт Таджыкістана, шаноўны Бакі Рахім-задэ і паэт Абдуджабар Кахары і паэт Мухідзін Фархат ствараюць мастацкія творы, на якіх выхоўваецца маладое пакаленне савецкіх людзей. Яны шмат робяць, каб данесці да свайго народа здабыткі беларускай паэзіі. Бакі Рахім-задэ пераклаў на таджыкскую мову зборнік вершаў П. Броўкі, а Мухідзін Фархат — вершы нашых народных паэтаў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Дазвольце мне пажадаць ім творчага натхнення і вялікіх поспехаў.
На палях і ў лясах Беларусі змагаліся з намі побач многія сыны таджыкскага народа. Таму зусім зразумела, што тэма вайны стала стрыжнявой, кроўнаю тэмай таджыкскай літаратуры. Ёй прысвяціў многія творы прысутны на нашым вечары празаік і паэт Фатэх Ніязі. Яго раман «Вернасць» пра подзвіг абаронцаў Сталінграда, па словах Мірзо Турсун-задэ, набыў шырокую папулярнасць у чытача.
Праязджаючы па гарадах і сёлах Беларусі, нашы госці маглі пераканацца, што народ заняты стваральнаю працай. У творчай працы ён памнажае свае веды аб свеце, свой вопыт жыцця. Гэта ўсеагульны рух да пазнання, да ісціны накладвае на нас вялікую адказнасць. Сёння не прыме чытач твораў легкадумных, дзе аўтар гаворыць паўпраўду, твораў саладжавых, хвалебных, роўна як і твораў, начыненых жоўцю і безадказным крытыканствам.
Чытаючы творы нашых гасцей у часопісах і зборніках, мы, сябры па пяру, з радасцю адчулі, што вялікая адказнасць за праўдзівае слова аднолькава трывожыць вас і нас. Нам хочацца разам зліць гэту трывогу і творчы неспакой, падзяліцца імі і ва ўрачыстых абставінах, і ў прыватных размовах. Мы верым, што гэта сустрэча прынесла ўжо не малую карысць.
Як ні далёкая дарога з Беларусі ў Таджыкістан, як ні розніцца прырода нашай лясістай стараны ад горнага краю таджыкаў, які размясціўся ажно дзесьці пад дахам свету, як ні розныя нацыянальныя рысы характару беларусаў і таджыкаў, а ўсё ж у сённяшнім жыцці нашых народаў больш агульнага, чым рознага. Мы разам і адначасна будавалі сацыялізм, разам абаранялі яго ад ворагаў, разам і адначасна раслі духоўна ў гэтай тытанічнай працы і барацьбе. І не дзіва, што пісьменнікі нашы, верныя праўдзе жыцця, верныя прынцыпам сацыялістычнага рэалізму, адлюстравалі вялікую духоўную ломку чалавека, уступаючага ў новы свет. Я дазволю сабе спаслацца ўсяго на адзін прыклад. Праблема перавыхавання чалавека-ўласніка стаіць у цэнтры вядомых твораў беларускай літаратуры: «Адшчапенец» Якуба Коласа, «Трэцяе пакаленне» Кузьмы Чорнага, «У Забалоцці днее» Янкі Брыля, і ўжо як тэма гістарычная з новай глыбінёй асэнсоўваецца ў рамане Івана Мележа «Людзі на балоце». Дастаткова прачытаць вялікую сюжэтную паэму лаўрэата Ленінскай прэміі Мірзо Турсун-задэ «Хасан арбакеш», каб пераканацца, што і славуты пісьменнік Таджыкістана на нацыянальным матэрыяле сваёй краіны таксама глыбока вырашае гэту ж праблему. Характэрна, што паэма «Хасан арбакеш», апублікаваная ў сярэдзіне пяцідзясятых гадоў, стала важнаю вехай у гісторыі таджыкскай літаратуры. Яна давала таджыкскім літаратарам красамоўны доказ таго, што толькі несупыннае абнаўленне рэалізму, важнейшага творчага метаду сучаснага мастацтва, дазваляе пісьменніку памнажаць скарбніцу нацыянальнай літаратуры.
А вазьміце героіка-рэвалюцыйную тэму. Хіба не відавочна тут блізкасць пошуку беларускіх і таджыкскіх пісьменнікаў? Напярэдадні двух вялікіх дат — 50-годдзя савецкай улады і 100-годдзя з дня нараджэння У.І. Леніна — гэта вельмі надзённыя пошукі. Такія творы, як раман «Раніца новага жыцця» Сатыма Улуг-задэ, члена-карэспандэнта АН Таджыкістанскай ССР, які ўзначальвае сёння дэлегацыю пісьменнікаў Таджыкістана, па характару творчых пошукаў блізкі да нашых беларускіх раманістаў, скажам, Міколы Лобана, Аркадзя Чарнышэвіча, Ільі Гурскага.
Адзінства ідэйных і эстэтычных пазіцый савецкай літаратуры з аднаго боку і адзінства лёсу ўсіх народаў нашай краіны з другога — вось што вызначыла блізкасць творчых пошукаў, пэўную пераклічку тэм і праблем у літаратуры двух народаў, хоць яны жывуць на супрацьлеглых рубяжах нашай дзяржавы. Слова «адзінства» не азначае тоеснасці. Дастаткова прачытаць хоць бы па адным творы таджыкскіх і беларускіх пісьменнікаў на блізкія тэмы, каб пераканацца, якія гэта розныя па мастацкай форме, па нацыянальным каларыце творы. І гэта вельмі добра. Бо ў мастацтве, у адрозненне ад рамяства, цэніцца толькі тое, што непаўторна, адзінае ў сваім родзе. Шаблон, схема, эпігонства, пераймальніцтва — ворагі мастацтва. Я веру, што сустрэчы паміж таджыкскімі і беларускімі літаратарамі і чытачамі дапамогуць паўней выявіць тое, непаўторнае, што ёсць у творах пісьменнікаў абодвух народаў і можа ў сілу прывычкі да свайго радзімага — не заўважаецца. Размова аб канкрэтных творах і творчых пытаннях павінна быць плённай ужо па той прычыне, што мы прытрымліваемся агульных эстэтычных крытэрыяў. Гэтыя крытэрыі — праўда жыцця, партыйнасць і народнасць.
Думаецца, размова такая павінна быць плённай яшчэ і таму, што ў складзе дэлегацыі таджыкскіх пісьменнікаў знаходзяцца літаратураведы і крытыкі Шаўхат Ніязі і Расул Хадзі-задэ.
Размова гэтая, напэўна, будзе плённай, бо ўсе мы, савецкія літаратары, адчуваем сябе членамі адной вялікай сям’і, у нас агульныя клопаты пра будучыню краіны, пра яе росквіт і славу. Хораша выказаў гэтыя пачуцці сям’і адзінай наш дарагі госць паэт Файзуло Ансары ў вершы «Тост»:
Няхай ты сын далёкага народа,
Са звычаем сваім, — у гэты час,
Нас за сталом родніць любоў і згода,
Адны надзеі акрыляюць нас.
Ва ўсім сугучны нашы дні і мары,
З адным настроем мы змяняем свет.
Узнімем жа, сябры, высока чары,
За нашай дружбы сонечны букет!
З рукапісаў Уладзіміра Калесніка
-
Уладзімір Калеснік. Нарачанская сустрэча
-
Васіль Гэй. Слово про друга
-
Уладзімір Калеснік. Два светы Яна Чыквіна
-
Уладзімір Калеснік. Прывітальнае слова на сустрэчы з балгарскімі пісьменнікамі
-
Уладзімір Калеснік. Прывітальнае слова з нагоды наведвання Брэста ўзбекскімі пісьменнікамі
-
Уладзімір Калеснік. Прывітальнае слова да таджыкскіх пісьменнікаў
Паэтычныя фотаімгненні
-
Госці ў Брэсцкай крэпасці
-
З гасцямі ля волата-дуба
-
На Свіцязі. Госці з Польшчы
-
Падчас дэкады беларускай культуры ва Узбекістане
-
Падчас творчых сустрэч беларускіх пісьменнікаў ва Узбекістане
-
Пасля наведвання крэпасці
-
Паэтычная вечарына з удзелам Ніны Мацяш, Яна Чыквіна
-
Рады вітаць!
-
Сустракаем гасцей. У цэнтры У. Калеснік
-
На сустрэчу з чытачамі
-
Сяброўская гарбата
-
Творчыя імгненні
-
У Белавежскай пушчы
-
У зімовай Белавежскай пушчы
-
У Самаркандзе
-
У час з'езда пісьменнікаў у Маскве
-
Уладзімір Калеснік ва Узбекістане
-
Ускладанне кветак да Вечнага агню ў Брэсцкай крэпасці
-
Ян Гушча, Анатоль Вярцінскі, Васіль Быкаў. Творчы дыялог
-
Янка Брыль, Мікола Аўрамчык. Узбекістан
УЛАДЗІМІР КАЛЕСНІК — РЭЦЭНЗЕНТ
…Яго рэцэнзіі былі не адпіскамі, а сяброўскімі развагамі і парадамі, меркаваннямі і аспрэчваннем.
…Галоўнае, што рэцэнзіі Уладзіміра Андрэевіча стымулявалі думку, штурхалі на свой пошук, на паўнейшы доказ сваіх пастулатаў, на больш пільную выверку сваёй уласнай канцэпцыі ў яе гарманічнасці, доказнасці, пераканаўчасці.
Алег Лойка
… Я заўсёды быў удзячны Валодзю за яго дапамогу ў тым, што мне ўдалося надрукаваць.
Памятаецца адзін выпадак. Калі я напісаў, як мне здавалася, усё аб нашым партызанскім атрадзе, я паехаў у Каралішчавічы, дзе ў доме творчасці быў Валодзя, і паказаў яму. Ён сустрэў мяне надзвычай сардэчна. З алоўкам прачытаў маю працу, многа крэсліў і выказваў свае думкі, якія эпізоды паказаць больш шырока. Над яго заўвагамі я працаваў, і яны без паправак былі надрукаваны ў зборніках «В принёманских лесах» і «За край родной».
…На рэдкасць ён быў прыдзірлівы, крэсліў рукапіс, як мне здавалася, залішне. Пасылку ад яго звычайна адсылала Зося, яго жонка, і заўсёды рабіла прыпіску: «Не крыўдуй на Валодзю. Ён так і да свайго»..
Не зважаючы на выключныя здольнасці аналізаваць падзеі і пісаць, ён лічыў патрэбным усё, што напісана аб партызанскім руху, даваў чытаць мне. У стыль я не меў права лезці, бо ён лепшы майстар, чым я. Але мае заўвагі па датах і ацэнцы падзей успрымаў спакойна, з удзячнасцю. Не раз я здзіўляўся, чаму ён так рэагуе, бо за многія гады ведаў яго характар.
Яўген Крамко
«Лежачы лежнем у бальніцах, каб не ўпасці духам, папраўляю па абзацу ды па паўстаронкі за дзень сваёй кнігі „Ветразі Адысея. Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі“. Мне там выразалі каля трох аркушаў, выдралі цэлы раздзел пра рэпрэсіі і пра паэму „Тэстамент“, напісаную ў ссылцы. Усё гэта трэба вярнуць і ачысціць тэкст ад ідэалагічных схемаў і шаблонаў, якімі прыкрываў крытыку лявацтва ў камуністычным руху. Не ведаю, ці дайду да канца. Сіл няма».
З ліста Уладзіміра Калесніка Анатолю Іверсу
Яго рэцэнзіі не былі адпіскамі
Алег Лойка. Быў ён чалавекам Адраджэння
Быў ён чалавекам Адраджэння, як і быў Асветнікам, энцыклапедыстам — з тонкім профілем твару, што так нагадваў мне заўжды хрэстаматыйныя профілі французскіх энцыклапедыстаў-асветнікаў Дзідро ці Мантэск’е. Энцыклапедыст — фаварыт факта, фактазнаўца і сістэматызатар. Літаратурная энцыклапедыя літаратуры Заходняе Беларусі, заходне-беларускага літаратурнага руху 20–30-х гадоў нашага стагоддзя, гісторык літаратуры, выдавец анталогіяў, любімы прафесар студэнтаў і паэтаў Берасцейскага вогнішча.
Але гэты асветнік і энцыклапедыст быў найперш чалавекам Адраджэння, і менавіта ў ім скрыжаваліся і Адраджэнне як такое і Асветніцтва як такое. І тут і аб гэтым першым можна сказаць, што яно было ў ім найперш, і аб другім — таксама. Ды ўсё ж, што найперш?
Адраджэнцам ён быў шырынёй свайго таленту, кругагляду інтарэсаў: зноў жа аналогія — як беларускі Леанарда да Вінчы, і тэарэтык і практык, і мастак-жывапісец і фатограф, і крытык і празаік, і гісторык літаратуры і фалькларыст, і дойлід-разьбяр па дрэву і прафесар. Я ўжо не кажу аб грамадскай заангажаванасці, аб тытанізме духу і чыну...
Зноў жа, але... Бо тытанізм — гэта ў выніку. А напачатку было адраджэнскае сватаўство красы — пры адраджэнскім максімалізме, маральным імператывізме (аснова дружбы з Янкам Брылём), пры так званым абстрактным гуманізме (асновы ўзаемаадносінаў з Алесем Адамовічам). Была напачатку канстатацыя паэзіі змагання. Красы змагання. Урачыстасць паверкі слова эстэтычнымі крытэрыямі — пры франтальным, энцыклапедычным зацікаўленні да з’яў.
Адраджэнца і Асветніка Уладзіміра Калесніка бачу я напачатку ў вілцы паміж яго афіцыйным навуковым кіраўніком па аспірантуры прафесарам І.В. Гутаравым і «Ветразямі Адысея». Потым ужо будзе «Тварэнне легенды» і «Усё чалавечае».
Успамін 1958 года. На кафедры беларускай літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ідзе абмеркаванне кандыдацкай дысертацыі Уладзіміра Андрэевіча Калесніка. Гутараў Іван Васільевіч пытаецца: «Каму б я, каб давялося, ад ЦК КПБ даверыў бы вызначаць ідэалагічную сутнасць беларускіх пісьменнікаў?..» Адказ: «Уладзіміру Андрэевічу Калесніку». Тым жа часам так атэставаны класіфікатар ад ідэалогіі быў ужо пры «Паэзіі змагання»: бо нездарма ж ён менавіта так назваў сваю кнігу 1959 года! Час, ідэалагічныя нарматывы, аднак, доўга былі, што кажуць, у ягоных пячонцы ды селязёнцы. Зжываць іх дапамагалі ветразі рамантызму. Энцыклапедыст і рамантык — нібы несумяшчальна, а стала фактарам і рэактарам, стымулятарам, каталізатарам вылучэння ў ім толькі адзіных чыста эстэтычных крытэрыяў — адраджэнцкіх.
Мяне, мае творчыя спробы ён падтрымліваў менавіта як адраджэнец, — падтрымліваў, колькі разоў знаходзячы ў маіх пальцах здольнасць адчуваць літаратуру як прыгажосць, як жывую існасць. А як падтрымліваў ён мяне як крытык, як рэцэнзент, першым у маскоўскіх «Вопросах литературы» напісаўшы пра маю манаграфію пра «Новую зямлю» Якуба Коласа, будучы рэцэнзентам першага выдання маёй гісторыі беларускай літаратуры ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў, будучы рэцэнзентам маёй другой кніжкі серыі «Жизнь замечательных людей» — кніжкі пра Францішка Скарыну. І яго рэцэнзіі былі не адпіскамі, а сяброўскімі развагамі і парадамі, меркаваннямі і аспрэчваннем. Па гісторыі літаратуры яны на кожны з двух тамоў былі не меншыя друкаванага аркуша, а колькі было паметак на палях кожнага тома рукапісу алоўкам, тое сапраўды трэба было мне ў свой час таксама вызначыць выдавецкімі памерамі. Справа не ў тым, што ўсе заўвагі, аспрэчванні мною прымаліся, безаглядна ўлічваліся. Бо па заўвагах было відно, што іх робіць магчымы аўтар іншага варыянту гісторыі нацыянальнай літаратуры, чым мой, і я колькі разоў гаварыў Уладзіміру Андрэевічу, як і Міколу Грынчыку, што адна зорка ў небе — не сузор’е, што датуль наша літаратуразнаўства не будзе сузорыстым небам розных літаратуразнаўчых школаў, сапраўды развітым літаратуразнаўствам, пакуль студэнты адзін пры адным не паставяць ну, не меней трох, чатырох, пяці падручнікаў па адным і тым жа стагоддзі, па адных і тых жа перыядах.
Але галоўнае, што рэцэнзіі Уладзіміра Андрэевіча стымулявалі думку, штурхалі на свой пошук, на паўнейшы доказ сваіх пастулатаў, на больш пільную выверку сваёй уласнай канцэпцыі ў яе гарманічнасці, доказнасці, пераканаўчасці.
А што значыла пісаць на адзін рукапіс дзве рэцэнзіі, пры чым афіцыйную, платную недзе ў аб’ёме да 9-10 старонак, а неафіцыйную, рукапісную, толькі ў рукі аўтару — больш чым на
20-ці старонках дробнымі літаркамі — з прыпіскай: «Можаш, — Алежка, не зважаць, але падумай, табе відней...» І Алежка думаў і думае пра тое і цяпер з найшчырэйшай удзячнасцю ў душы аўтару такіх падпольных рэцэнзіяў, што зводзілі нашыя думкі ў адно па-за вокам пільных рэдактараў і цэнзараў! Канкрэтна кажучы, гэтыя двухадрасныя рэцэнзіі Уладзімір Андрэевіч пісаў для «Молодой гвардии» і для мяне як аўтара кнігі пра Францішку Скарыну, і мая кніга пра нашага першадрукара мела б куды іншы выгляд, каб не самаадданасць Уладзіміра Калесніка нашым з вамі агульным справам.
Яго адносіны да роднай літаратуры, да працы ў ёй — узор усім нам. Ягонае «Тварэнне легенды» — гэта адзін з выдатных маніфестаў Беларускага Адраджэння канца ХХ стагоддзя. Упэўнены, што гісторыя беларускай літаратуры зробіць і імя Уладзіміра Калесніка легендарным.
Дзмітрый Бугаёў. Натура барацьбіта (Жменя згадак пра Уладзіміра Калесніка)
Уладзіміра Андрэевіча Калесніка я трохі ведаў яшчэ з
50-х гадоў мінулага стагоддзя, бо вучыўся ў аспірантуры пры Мінскім педінстытуце імя А.М. Горкага, з якім Калеснік быў трывала звязаны працяглы час.
Ён атрымліваў тут і вышэйшую адукацыю, і аспіранцкую падрыхтоўку, быў блізкім сябрам Ф.М. Янкоўскага, часта наведваў яго ў педінстытуцкім інтэрнаце па вуліцы Кірава. Мне таксама давялося правесці ў гэтым інтэрнаце тры аспіранцкія гады і якраз у той час, калі там жыў Янкоўскі. Пакоі ў нас, вядома, былі розныя, але размешчаныя на адным паверсе і з выхадам у адзін калідор. Таму выпадковыя сустрэчы з Янкоўскім здараліся нярэдка. Калі-нікалі бачыў іх разам з Калеснікам. Яны абодва ўжо тады вылучаліся сваёй відавочнай сталасцю, мелі за плячыма вопыт барацьбы з фашызмам, словам, яўна адрозніваліся ад яшчэ зялёных і ў многім легкадумных аспірантаў майго ўзросту, але ставіліся да нас з таварыскай зычлівасцю, бо адчувалі і нашу захопленасць беларушчынай.
А яшчэ ў мяне былі добрыя стасункі з Алесем Адамовічам, які сябраваў і з Янкоўскім, і асабліва з Калеснікам.
…У 1960 годзе я нарэшце наважыўся абараняць кандыдацкую дысертацыю па ранняй творчасці Міхася Лынькова. З гэтай нагоды Уладзімір Калеснік, які ўжо працаваў (з 1956 года) загадчыкам кафедры беларускай літаратуры ў Брэсцкім педінстытуце, па просьбе А. Адамовіча напісаў мне наступны вельмі прыязны водзыў, які падаю тут цалкам, бо ён нідзе не друкаваўся.
«Жыццёвы і творчы шлях Міхася Ціханавіча Лынькова да апошняга часу не вывучаны ў той меры, на якую заслугоўвае такі арыгінальны пісьменнік — адзін з заснавальнікаў беларускай савецкай прозы.
Артыкулы Д.Я. Бугаёва, прысвечаныя гэтаму пытанню, з’яўляючыся ў друку, выклікалі ўвагу літаратурнай грамадскасці, студэнтаў і настаўнікаў-славеснікаў нашай рэспублікі.
Калі меркаваць пра дысертацыйную працу толькі па артыкулах ды аўтарэфераце, дык і яны даюць падставу сцвярджаць, што дысертант зрабіў новы крок у вывучэнні ранняй творчасці Лынькова, пераадолеўшы схематызм і спрашчэнства, якія наслаіліся ў шэрагу папярэдніх літаратурна-крытычных прац і часткова атрымалі значэнне дрэннага нарматыву. Даследаванні Д.Я. Бугаёва праведзены на ўзроўні сучаснага савецкага літаратуразнаўства, мастацкія творы разглядаюцца аўтарам у адзінстве зместу і формы, глыбока раскрываюцца сувязі пісьменніка з жыццём.
Карціна творчага шляху Лынькова здаецца тым больш пераканальнай, што аўтар разглядае яго творы на шырокім гісторыка-літаратурным фоне, прыцягваючы матэрыялы беларускай, рускай, украінскай літаратур.
Напісанае з улікам дасягненняў савецкага літаратуразнаўства апошніх гадоў, даследаванне Д.Я. Бугаёва з’яўляецца, на наш погляд, плённым працягам той працы, якую правялі беларускія даследчыкі да яго, таму суіскальніку варта было б адлюстраваць у аўтарэфераце не толькі тыя моманты, якія адрозніваюць яго працу ад папярэдніх прац па гэтым пытанні, але падкрэсліць якраз тыя агульныя моманты, што сведчаць пра навуковую паслядоўнасць, уласцівую савецкаму літаратуразнаўству, якое стаіць на метадалагічным фундаменце марксізма-ленінізма.
Кафедра лічыць што суіскальнік заслугоўвае прысуджэння яму вучонай ступені кандыдата філалагічных навук.
Заг. кафедры беларускай літаратуры
кандыдат філалагічных навук У. Калеснік».
Такія водзывы звычайна пісаліся па пэўнай схеме. Збольшага яе прытрымліваўся і Калеснік. Але яго прынцыповасць, удумлівае стаўленне да справы выявіліся і тут. Пра гэта сведчаць і агульная змястоўнасць напісанага тады Уладзімірам Андрэевічам, і ягоныя заўвагі. Зусім абмінуць штосьці спрэчнае Калеснік не мог і ў сяброўскім водзыве — не дазваляла сумленнасць. З-за яе ён дапускаў і рэзкасць ацэнак, калі сутыкаўся з павярхоўнымі ці залішне прыгладжанымі працамі. Такую прыгладжанасць пасля бясконцых рэдагаванняў і ўзгадненняў ён убачыў у «Нарысах па гісторыі беларускай літаратуры» (1956) і сказаў нямала рэзкіх слоў пра гэта, выклікаўшы нараканні з боку некаторых аўтараў тых нарысаў і іх рэдактараў. Аднак Уладзімір Андрэевіч, калі быў перакананы ў сваёй слушнасці, не зважаў на ўшчуванні самых амбітных, у тым ліку і надзеленых уладнымі паўнамоцтвамі асоб. Сам ён па дробязях не лез на ражон, да літаратурнай палемікі ставіўся спакойна, разважліва, асабліва не крыўдаваў, калі нешта аспрэчвалася і ў ягоных працах. Зразумела, гэта датычылася толькі тых выпадкаў, калі нейкія падставы для аспрэчвання былі.
Кажу пра гэта, абапіраючыся на свае стасункі з Калеснікам у сувязі з вывучэннем танкаўскай творчасці. Я звярнуўся да яе пасля кнігі Уладзіміра Андрэевіча «Паэзія змагання. Максім Танк і заходнебеларуская літаратура» (1959). Гэта першая кніга даследчыка, але кніга выдатная, як і іншыя яго этапныя для нашага літаратуразнаўства працы. Пазней ён казаў, што яе моцна парэзала цэнзура, бязлітасна выкрасліўшы некалькі друкаваных аркушаў. Я суцяшаў, зазначаючы, што і ў тым выглядзе, у якім кніга дайшла да чытача, яна вылучаецца сваёй грунтоўнасцю, багаццем фактычнага матэрыялу і значнасцю абагульненняў. Калеснік з гэтым не спрачаўся, але знятых раздзелаў усё роўна шкадаваў. Па сабе ведаю, што выкрасленае гвалтоўна, насуперак волі аўтара, заўсёды здаецца самым цікавым і значным.
Рыхтуючы сваю кнігу пра Максіма Танка (яна выйшла ў 1964 годзе), я мусіў звярнуцца за парадамі да паэта, бо без ягонай дапамогі цяжка было разабрацца ва ўсёй складанасці тых судовых спраў, якія заводзіліся на яго ўладамі ў заходнебеларускія часы. Танк, вядома, дапамог, але разам з тым настойліва казаў, што ён лічыць памылковымі некаторыя сцверджанні пра яго ў кнізе «Паэзія змагання». Усе Танкавы пярэчанні Калесніку я ўключыў у сваю працу (яны для таго і рабіліся паэтам) і не без асцярогі чакаў рэагавання Уладзіміра Андрэевіча. Чалавек усё ж можа пакрыўдзіцца, думалася мне, хоць я даваў і шэраг сцвярджальных спасылак на «Паэзію змагання», цытуючы тое, што Танк не крытыкаваў. Было ў мяне і некалькі дробных удакладненняў ужо ад сябе, зробленых там, дзе я заўважыў нейкія «апіскі», што праскочылі ў Калесніка. Ні за гэтую ўедлівасць, ні за паўтор танкаўскіх крытычных заўваг Калеснік ніколі не папракаў, фактычна пагадзіўшыся, што я павінен быў лічыцца найперш з поглядам самога паэта.
Такім чынам, нядобразычліўца з-за спрэчкі пра паэзію Танка я сабе не прыдбаў. Нашы адносіны заставаліся нармальнымі, увогуле прыхільнымі. Былі сустрэчы на розных пісьменніцкіх сходах, на якія Калеснік прыязджаў з Брэста. Калі мне даводзілася гаварыць у вусных выступленнях ці ў друкаваных артыкулах пра нашу крытыку, я, канечне ж, не абмінаў добрым словам і Калесніка. Але даследчыя дзялянкі ў нас збліжаліся, а тым больш перакрыжоўваліся рэдка. Бо ён шмат пісаў пра старажытнасць і асабліва пра заходнебеларускую літаратуру. А я якраз тут спецыялістам сябе не лічыў, як даследчык не займаўся ні творчасцю заходнебеларускіх пісьменнікаў (акрамя Максіма Танка), ні літаратурай ранейшых эпох, хоць у час выкладчыцкай працы ў Мазыры чытаў курс дарэвалюцыйнай літаратуры, цішком, але шчодра выкарыстоўваючы напаўзабаронены тады вялізны фаліянт В. Ластоўскага «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі».
Даводзілася не раз рэцэнзаваць абагульняльныя літаратуразнаўчыя працы, якія пра Заходнюю Беларусь заўсёды пісаў Калеснік, бо тут па аўтарытэтнасці ніхто з ім тады зраўняцца не мог. Але і ў такіх выпадках пра асвятленне заходнебеларускага літаратурнага працэсу я падрабязна пісаць не рызыкаваў, абыходзячыся сумарным заключэннем. У якасці прыкладу згадаю тое, што напісалася ў рэцэнзіі на двухтомную «Гісторыю беларускай літаратуры», выдадзеную ў 1977 годзе ў Мінску на рускай мове. У той рэцэнзіі падкрэслівалася, што для новай «Гісторыі беларускай літаратуры» і даследчыкі, якія ў папярэдніх працах такога профілю таксама рыхтавалі адпаведныя раздзелы, «цяпер, як правіла, не толькі нанава пісалі, але і нанава вывучалі свае ранейшыя тэмы, ва ўсякім разе, паглыблялі і ўзбагачалі іх асэнсаванне. Гэта ў першую чаргу стасуецца да разгляду заходнебеларускай літаратуры, зробленага У. Калеснікам, які, дарэчы сказаць, амаль што адзін і ўзняў на сапраўды навуковы ўзровень гэтую галіну нашага літаратуразнаўства». (Агаворка «амаль што адзін» не выпадковая. Яна выклікана тым, што пра творчасць некаторых заходнебеларускіх літаратараў час ад часу пісалі і іншыя, маладзейшыя за Калесніка крытыкі з добрым веданнем жыцця ў Заходняй Беларусі, напрыклад, М. Арочка, А. Ліс.).
Ацэнка напісанага Калеснікам для той «Гісторыі... » раздзела ў мяне зроблена, канечне ж, па вельмі высокім рахунку, але ўсяго адной фразай. Праўда, там і іншым даследчыкам пахвала выдаецца без шматслоўнасці, а больш падрабязна, з канкрэтнай аргументацыяй ідзе толькі крытыка спрэчных мясцін. У Калесніка іх я не бачыў. I ён зноў успрыняў усё належным чынам.
Рэцэнзія на двухтомную рускамоўную «Гісторыю беларускай літаратуры» друкавалася ў 1978 годзе. К таму часу я ўжо меў зноў бліскучую Калеснікаву кнігу «Ветразі Адысея. Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі» (1977 г. з аўтографам: «Дзмітрыю Бугаёву — з пажаданнем новых поспехаў у даследаванні сучаснай прозы. У. Калеснік. 8.ІІ.—1978». А потым была падаравана параўнальна невялікая памерам, але змястоўная кніга «Максім Танк. Нарыс жыцця і творчасці» (1981). Тут зноў кароткі, але яшчэ больш прыязны аўтограф: «Дзмітрыю Бугаёву — з павагай да творчай прынцыповасці. У. Калеснік. 18.Х.—1981. Брэст».
У 1983 годзе У. Калеснік падарыў мне свой зборнік выбраных літаратурных партрэтаў і нарысаў «Лёсам пазнанае». Кніга выдадзена «Мастацкай літаратурай» (1982) да 60-гадовага юбілею даследчыка. I зроблена яна так, як і павінны рабіцца нешэраговыя выданні выдатных літаратараў, класікаў у сваёй галіне (а што Калеснік дасягнуў самых выдатных вышынь у нашай крытыцы, стаў яе класікам, сёння ўжо відавочна для многіх).
Але яшчэ колькі слоў пра тое выданне. Яно вельмі арыгінальна аформлена, надрукавана на лепшай паперы, з партрэтамі аўтара і тых майстроў слова, якім прысвечаны нарысы, напісаныя з зайздроснай таленавітасцю. Выдавецкі рэдактар кнігі — А. Разанаў, цяпер славуты паэт, якога Калеснік мужна бараніў усе тыя гады, калі на хлопца насядалі з усіх бакоў рэтраграды ад ідэалогіі і літаратуры, не прымаючы ні яго грамадзянскай няскоранасці, ні эстэтычнай нязвыкласці ягонай паэзіі.
Кнігу «Лёсам пазнанае», якую толькі пагартаць, і то прыемна, а чытаць — адно задавальненне, я атрымаў з аўтографам: «Дзмітрыю Бугаёву з нязменнай сімпатыяй і павагай. 6.V.1983. Ул. Калеснік».
Належна выдадзена і Калеснікава кніга «Тварэнне легенды» (1987). Яна мае вельмі сціплы падзагаловак «Літаратурныя партрэты і нарысы». На самой справе гэта вялікая праблемная манаграфія, адна з тых, у якіх даследуюцца кардынальныя праблемы нацыянальнага быцця. Падрабязней скажу пра яе далей. А цяпер перачытаем ужо і зусім апалагетычны аўтограф з кнігі: «Дзмітрыю Якаўлевічу Бугаёву — змагару за гонар і годнасць нашага літаратуразнаўства, за права на ўласную думку. 26.ХІІ.—87. Ул. Калеснік. Брэст».
З гэтай кнігай Уладзіміра Калесніка я знаёміўся яшчэ па прысланых аўтару з выдавецтва карэктурных адбітках, бо незадоўга да яе выхаду ў свет апынуўся ў Брэсце. У студзені 1987 года мяне ўрэшце выбралі на пасаду прафесара БДУ — без абароны доктарскай дысертацыі. Падчас летняй экзаменацыйнай сесіі трапіў у Брэст у якасці старшыні дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі па беларускай літаратуры. Вось тады і паявілася магчымасць наладзіць з Калеснікам больш шчыльныя дзелавыя кантакты, паглядзець на яго педагагічную працу зблізку. Яна пакінула найлепшае ўражанне. Уладзімір Андрэевіч быў педагогам надзвычай дасканалым, гэткім жа таленавітым, як і ў літаратуразнаўстве ці грамадскай дзейнасці. Ён трымаўся годна, свабодна, з той душэўнай адкрытасцю, якая бывае ў людзей разумных, дасведчаных і незакамплексаваных рознай афіцыяльшчынай і клопатам пра чыноўніцкую субардынацыю. З ім можна было гаварыць зусім шчыра, зноў жа свабодна, даверліва, без аніякай палахлівай аглядкі пра ўсе тагачасныя вострыя праблемы і ў самім жыцці, і ў літаратуры. І мы гаварылі шмат, у смак, не асцерагаючыся падвохаў. Гэтаму нямала спрыяў сам той час, пазначаны істотнымі грамадскімі пераменамі. Але Калеснікава чалавечнасць яшчэ падахвочвала. А яна адчувалася скрозь.
Прыемна было бачыць, як паводзіў ён сябе са сваімі выкладчыкамі і студэнтамі. Роўны тон, спакойная разважлівасць тут былі нормай. Прымаючы экзамены ў студэнтаў, Калеснік не збіваўся на безадказную паблажлівасць, дамагаўся добрага ўзроўню ведаў, але і па-дурному прыдзірлівым не быў. Усмешка, жарт, зусім не злосны ці з лёгкай падкавыркай, не разлічанай, аднак, на яўнае прыніжэнне чалавека, падкуплялі ў ім асабліва.
Вельмі высокая павага да Калесніка адчувалася не толькі ў выкладчыкаў і студэнтаў, але і ў тых людзей за межамі педінстытута, з якімі мы па яго прапанове колькі разоў сустракаліся. Гэтыя сустрэчы наглядна сведчылі, як трывала зросся ён з Брэстчынай, якім свойскім і дарагім стаў тут многім.
У 1987 годзе я атрымаў ад У. Калесніка і ладны ліст, які зноў падаю поўнасцю.
«Брэст, 12.ХІІ.87.
Паважаны Дзмітры Якаўлевіч!
Дзякую Табе за перададзеную цераз Сіранькова кнігу пра Быкава. Прачытаў з задавальненнем, хоць і часу не меў, але стараўся пазнаць яшчэ адну працу з серыі бібліятэкі для старэйшых школьнікаў. Прыемна было ўсведамляць, што пачаўся прынцыповы пералом у гэтай занарматывізаванай да бязлікасці серыі. Звяртаючыся да Дзяльца, калі рэдактары мне рэзалі рукапіс манаграфіі пра Брыля, я прапанаваў яму зняць абмежаванні памеру ці хоць зрабіць нейкія рамкі (10-15 аркушаў), і гаварыў, што пара адмовіцца ад жорсткай рэгламентаванасці зместу, і выказваў меркаванне — упэўненасць, што Твая кніга пра Быкава пры адпаведнай падтрымцы з боку выдавецтва і Камітэта магла б напэўна стаць вяхою абноўленых арыенціраў, арыенціра на буджэнне думкі, дапытлівасці і прывучвання юных чытачоў да культуры палемікі, адвучвання ад артадаксальна-дагматычнай глупоты. Я рады, што кніга Твая, нягледзячы на кансерватызм выдавецтва, усё ж стала такім творам, які сёння патрэбны як паветра ці гаючая вада, каб лячыць душы ад застою.
Мяне, на жаль, трасуць і скубуць (рукапіс), перанеслі ўжо ў план 1989 года. Не дзейнічаюць на ўпартых пасрэднасцей нават словы аўтарытэтных людзей, лезуць і правяць мову — гэта пасля Брыля, які чытаў жа рукапіс, і пасля Цябе, які (дзякуй Табе) вельмі высока адазваўся пра мову. Думаю змагацца, засланяючыся Табою і Брылём як шчытом. Давядзецца папсаваць крыві і сабе і выдаўцам, а ўсё дзеля філалагічнага дылетантцтва, якое мучае і раз’ядае і мастакоў многіх і нас, крытыкаў, і найгорш чытачоў, для якіх руска-беларуская мяшанка выдаецца ідэальнаю літаратурнаю мовай. Зрэшты, такую мову яны чуюць і ад настаўнікаў у школе і са школы прыносяць дамоў, яе чуюць па радыё і г. д.
Ну, ладна, не будзем займацца старэчым бурчаннем.
Прачытаў учора Тваю палеміку з Каваленкам. Думаю, што абодва Вы, міленькія-харошанькія, хочаце вырашыць маральна-псіхалагічную загадку, развязаць гордзіеў вузел тым самым спосабам: знайсці абавязкова адназначную дэфініцыю — вечны, скончаны здраднік гэты самы Рыбак ці не. А Рыбак жа застаўся жывы. Вы ж спрачаецеся як пра нябожчыка. Дакладней, Ты лічыш яго скончаным мярзотнікам-антычалавекам, а Віктар [Каваленка] упэўнены, што ў яго ёсць яшчэ шанец. I абодва Вы забываеце, што праблема зусім не ў гэтай плоскасці. Праблема ў тым, ці ёсць у грамадстве права на адкупленне віны, і як савецкі, ваенны варыянт гэтага права суадносіцца з адвечным, агульначалавечым (больш ён жорсткі ці не і чаму? Апраўдана гэта ці не? На які час дапушчальна жорсткасць і абмежаванні ў праве на раскаянне?), гаворыцца ў Цябе нешта пра змыванне віны крывёю, але мімаходзь. А між іншым фактам вайны на Беларусі была і біяграфія Гіль-Радзівонава. Я не думаю, што ён, камандзір карнага фарміравання, перайшоў да нас, партызан, толькі са страху перад намі і нашай Перамогай. Тысячы здраднікаў жывуць сабе за мяжой прыпяваючы і знаходзяць сабе апраўданне і гераічнае падвышэнне ў прэсе. Тут дзейнічала ўсё ж і сумленне, і раскаянне, і права на адкупленне віны. Перад усім гэтае права!! Але пра гэта можа пазней... Цісну руку. Ул.Калеснік».
Ліст ёмісты і шматзначны. Ён, акрамя ўсяго іншага, паказвае глыбіню разважанняў Калесніка, яго ўменне гаварыць праўду. Я ж толькі патлумачу, што размова ідзе ў пачатку ліста пра маю кнігу «Васіль Быкаў. Нарыс жыцця і творчасці», выдадзеную «Народнай асветай» у 1987 годзе (серыя — «Народныя пісьменнікі БССР»). Яе перадаў Калесніку брэсцкі выкладчык А.Ф. Сіранькоў. М.I. Дзялец тады быў старшынёй Камітэта па друку, які курыраваў выдавецтвы, паліграфію і кніжны гандаль. Рыбак — персанаж з быкаўскай аповесці «Сотнікаў». Рукапіс Калеснікавай кнігі пра Брыля я рэцэнзаваў для выдавецтва «Народная асвета». Кніга выйшла толькі ў 1990 годзе, але памерам трохі большым, чым аналагічныя папярэднія выданні (13,84 друк. арк.). Калеснік падараваў мне яе з надпісам: «Дзмітрыю Бугаёву, чыя лёгкая рука блаславіла рукапіс гэтага сачынення, — з удзячнасцю і найлепшымі пажаданнямі. Ул. Калеснік. Мінск, 13.XI.90».
Ды вярнуся нарэшце да «Тварэння легенды». Разгорнутую рэцэнзію на гэтую кнігу я надрукаваў толькі ў 1989 годзе («Полымя», № 2). Затрымка была выклікана рознымі прычынамі. Гэтую працу я разглядаў як адну «з самых значных, глыбокіх і канцэптуальна змястоўных у нашым літаратуразнаўстве». Бо тут зноў выразна выявілася маштабнасць крытычнай думкі Калесніка, які цяпер стварыў кнігу пра тое, як беларусы станавіліся «народам», як яны выпрацоўвалі сваю ўласна патрыятычную і нацыянальна-вызваленчую свядомасць. Ключавымі фігурамі ў гэтым працэсе Калеснік называе Ф. Скарыну, М. Гусоўскага, казачніка Рэдкага (за ім — глыбіні нашага фальклору і памежжа паміж нацыянальным фальклорам і літаратурай) і, канечне ж, Я. Купалу. Але фактычна ў кнізе праз ёмістую прызму тварэння нацыянальнай легенды, нацыянальных асноў даследуецца ўся беларуская літаратура дакастрычніцкай пары. А праз савецкага Я. Купалу зроблены пэўны экскурс і ў паслярэвалюцыйныя гады. Аўтар звяртаецца да В. Цяпінскага і С. Буднага, А. Філіповіча і М. Сматрыцкага, В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча і Я. Лучыны, П. Багрыма і К. Каліноўскага, не кажучы ўжо пра Я. Коласа і М. Багдановіча, Цётку, М. Гарэцкага і З. Бядулю. Праўда, у кнізе не згадваюцца імёны А. Гаруна ці В. Ластоўскага. Але тады гэтыя пісьменнікі яшчэ не былі рэабілітаваны. I пахвалу на іх адрас савецкая цэнзура прапусціць ніяк не магла.
Ацэньваючы «Тварэнне легенды» як выдатнае дасягненне нашага літаратуразнаўства, я мусіў звярнуць увагу і на тое, што савецкі перыяд у творчасці Я. Купалы тут пададзены без належнай крытычнасці, што ў даследчыка абмінута трагедыя, якая напаткала паэта ў 30-я гады XX стагоддзя. Вядома, у мяне адзначалася, што прычына гэткай недастатковасці не ў самім Калесніку, а ў тым, што яго кніга пісалася і выдавалася тады, калі яшчэ не ўсе цэнзурныя забароны былі зняты і пра многія жахлівыя факты літаратурнай гісторыі мы яшчэ добра не ведалі. Нам жа такую праўду старанна дазіравалі, адкрывалі па кропельцы, калі схаваць яе цалкам было ўжо немагчыма. Уладзімір Андрэевіч мае заўвагі па кнізе»Тварэнне легенды» прыняў без пярэчанняў (казаў пра гэта пры сустрэчы), бо ён і сам па меры таго, як гарбачоўская галоснасць набывала пашырэнне, выказваўся пра савецкія парадкі ўсё больш рэзка і бескампрамісна. У яго ж і праўда была натура барацьбіта, якая штурхала на пошукі ісціны, вялікай праўды пра чалавека і свет. Гэтаму была падпарадкавана і яго грамадская актыўнасць, і літаратурная дзейнасць, і педагагічная праца.
А ў заключэнне працытую яшчэ адзін неапублікаваны Калеснікаў тэкст — адрасаваную мне віншавальную паштоўку:
«Дарагі Дзмітры Якаўлевіч!
Сардэчна віншую з Новым годам! Няхай не зморваецца Твая працавітая рука і не траціць баявога запалу сэрца!
Абнімаю. Ул. Калеснік.
26.ХІІ.1987».
Якія харошыя, бадзёрыя, чалавечныя словы! I які нячысцік пастараўся, каб яны загучалі іначай, сталі па кантрасце нагадваць пра незваротныя страты? Бо і маё сэрца праз непрацяглы час ледзь-ледзь выкараскалася з чорнай прорвы (інфаркт з клінічнай смерцю ў
1991-м). А пра смерць, ужо канчатковую, няўмольную, самога Уладзіміра Андрэевіча, якая балюча скаланула не толькі свядомасць, але і ўсё нутро, я пачуў у Бараўлянах, чакаючы непрадказальнай па магчымых выніках аперацыі на страўніку.
Суцяшэнне толькі адно. Зробленае чалавекам такога маштабу, як Уладзімір Калеснік, застаецца нашым духоўным набыткам. Каб нічога, нават драбніцы, не страціць з гэтага набытку, я і падаў усе неапублікаваныя тэксты Калесніка, якія ёсць у мяне, цалкам, без скарачэнняў і знарочыстых умаўчанняў.
Артыкулы, водгукі, эсэ
У МАГНІТНЫМ ПОЛІ АСОБЫ
Уладзімір Андрэевіч быў для многіх з нас добрым геніем. Ці, дакладней, добрым, мудрым сябрам. Сябрам як у рэальна-жыццёвым, так і ў больш шырокім, духоўным сэнсе гэтага паняцця.
Анатоль Вярцінскі
Як пачаткоўцы, так і сталыя паэты ды празаікі ўважалі за гонар апынуцца ў коле зацікаўленняў Калесніка-крытыка і літаратуразнаўцы — фенаменальна дасведчанага даследчыка і аналітыка плыняў і з’яваў «прыгожага пісьменства». Неардынарнае мыслярства шчасліва спалучалася ў ім з узнёслым рамантызмам: побач з Уладзімірам Андрэевічам не было холадна нікому. Праўда, нікому не гарантавалася і няўзрушнасць ідылічнага ўтулля: ходзячы зблізку каля агню, чалавеку надараецца і апячыся... А ў магнітным полі гэтай самабытнай Асобы была, бадай, не адна тысяча людзей: настаўнікі (калегі ды выхаванцы), творчыя людзі (і не толькі Беларусі), партызанскія сябры, дзяржаўныя службоўцы, суседзі ды землякі...
Свяцільня духу Уладзіміра Андрэевіча Калесніка слала кожнаму тое, у чым хто меў найнеабходнейшую патрэбу: з каго злятала, хоць на пэўны момант, самадурства ды пыха, каму дадавалася веры ў патэнцыял нацыянальнай культуры, хто набываў непасрэдную дапамогу ці маральную падтрымку ў скрутных будзённых абставінах: душа Настаўніка расхіналася насустрач цэламу свету з усёй яго зямною нэндзай і высокай Красою.
Ніна Мацяш
Мінулая эпоха з яе жорсткай палітычнай рэгламентацыяй духоўнага жыцця грамадства не лішне спрыяла поўнай рэалізацыі творчай асобы. Уладзімір Калеснік, як і многія прадстаўнікі інтэлектуальнай сферы, з-за аб’ектыўных прычын здзейсніў дадзенае яму звыш не ў поўнай меры. Тым не менш, адораны ад прыроды пранікнёным аналітычным розумам, дзейсны па натуры, ён жыў у сваім часе актыўным творчым жыццём. Плённа даследаваў здабыткі беларускай мастацкай думкі і культуры. У шматлікіх літаратуразнаўчых працах-кнігах праз навукова-эстэтычны аналіз спадчыны айчынных творцаў сцвярджаў таленавітасць і мудрую стойкасць свайго народа, права яго на годную будучыню. Тым заслужыў добрую, удзячную памяць сучаснікаў і нашых наступнікаў — нашчадкаў.
Арсень Ліс
Насустрач цэламу свету
Васіль Жуковіч. Шчодры падарунак лёсу
Настаўнік мой,
любімы
самы,
чамусьці гэтак часта сню:
здаю табе адзін экзамен,
экзамен той — на вышыню...
Ён часта паўстае ў маёй памяці, інтэлектуальна абаяльны Уладзімір Андрэевіч Калеснік, рэдкасна цэльная асоба, аўтарытэтны педагог-прафесар, чый гарманічны талент амаль 40 гадоў нёс нязменную вахту на кафедры беларускай літаратуры ў Брэсцкім педінстытуце (цяпер універсітэт), крытык, літаратуразнаўца, празаік, чые творы, найперш эсэ, успаміны, літаратурныя партрэты, эцюды, прадмовы да шэрагу выданняў, — надзвычай цікавыя і карысныя як студэнту і навукоўцу, так выкладчыку і краязнаўцу, проста інтэлігентнаму чалавеку. І светла думаецца не толькі пра яго, Настаўніка з вялікай літары, а ўвогуле пра неацэнную з’яву — духоўна багатую а с о б у, яе выключную ролю ў грамадстве, яе дабратворны ўплыў на людзей, іх свядомасць і нават лёсы. Калі чытаў успаміны Янкі Брыля пра Р.Р. Шырму ў кнізе «Песня на ўсё жыццё» (1983), моцна ўразілі мяне словы ўдзячнага Г. Траяпольскага: «Я наўрад ці стаў бы пісьменнікам, калі б не сустрэў у жыцці Рыгора Раманавіча». Сталася так, што таленавіты настаўнік-беларус у многім вызначыў долю выдатнага рускага празаіка. Трэба ж было сыну бежанцаў з Пружаншчыны апынуцца якраз у няблізкай Варонежскай губерні, каб паспрыяць фармаванню майстра мастацкага слова. І вось думаецца пра больш блізкае ды й асабістае: павінен быў на Берасцейшчыне, у нібыта забытым Богам краі, з’явіцца адораны ад прыроды і добра адукаваны Уладзімір Калеснік, каб даваць тут асвету юнакам і дзяўчатам і каб ажывіць берасцейскае творчае вогнішча. І трэба ж было, скажам, нам з Міхасём Тычынам (цяпер ён вядомы крытык, даследчык літаратуры, а яшчэ цікавы празаік) апынуцца ў той самай групе філолагаў, якую апекаваў якраз ЁН, настаўнік-творца. Вядома ж, гэта быў шчодры дарунак лёсу — адчуць гарачае няўрымслівае сэрца настаўніка, улюбёнага ў Беларусь, яе зямлю, народ, мову, наблізіцца да яго магутнага магнітнага філасофска-філалагічнага поля, цудадзейнай эрудыцыі, высокага інтэлекту.
Уладзімір Андрэевіч... Уладзімір Калеснік... Строгасць і лагода чуліся мне (яшчэ да знаёмства, сустрэчы з ім) у гукапісе найменных слоў, нетаропкасць і разважнасць у іх рытмічнай мелодыцы. А прозвішча падказвала, што род яго пайшоў ад майстравога вяскоўца... І калі цёплай вераснёўскай раніцай (ішоў 1959 год) перад намі, шчаслівымі першакурснікамі, з’явілася ладная і самавітая постаць выкладчыка ў строгім касцюме, у чыстай выпрасаванай кашулі наросхрыст, каўнер якой быў аптымістычна-разняволена, але акуратна выкладзены на пінжак, сэрца адчула: гэта ЁН...
Пачалося знаёмства. Куратар у кожнага з нас распытваў, адкуль родам, з якой сям’і, чаму абралі мы педагагічную сцяжыну. Хударлявы твар яго быў надзвычай засяроджаны, карыя вочы — уважлівыя, праніклівыя; голас гучаў прыцішана ва ўнісон з цішынёй у аўдыторыі і адметна-меладычна, як бы апраўдваючы рытміку імя і прозвішча. Ва ўдумлівым настаўніку адчувалася вялікая інтэлектуальная прастора, духоўная вышыня, запас трываласці.
Першыя ўражанні не падманулі. Тое, чым прасякнута была яго педагагічная дзейнасць і чым магічна ён уздзейнічаў на моладзь, называлася нацыянальнай ідэяй; ён з’яўляўся яе мужным носьбітам і самаадданым правадніком. Дасканала ім прамаўляліся змястоўныя лекцыі і праводзіліся заняткі па старажытнай беларускай літаратуры, фальклоры, гісторыі эстэтычных вучэнняў і нарматыўнай эстэтыкі. Але не толькі чытаючы названыя курсы, асветнік-гуманіст абуджаў у нас пачуццё годнасці, любоў да цудоўнай літаратурна-мастацкай спадчыны Бацькаўшчыны, да яе зямлі, мудрых і мужных сыноў і дачок, дэманстраваў сваю грамадзянскую пазіцыю, а яшчэ свой здаровы мастацкі і эстэтычны густ — ён усяго гэтага бліскуча дасягаў і на занятках па выразным чытанні (такі курс у інстытуце ўкараніўся па яго ініцыятыве). Заняткі тыя можна назваць выняткам з правіла, глытком свежага паветра, паратункам пасля сумных, стандартна-сухіх лекцый абсалютнай бальшыні выкладчыкаў.
Была добрая дэмакратычная завядзёнка: нам даваліся заданні выбіраць на свой густ і завучваць упадабаныя вершы. Дадзеная свабода ў выбары вымагала асаблівай адказнасці, прымушала варушыцца, думаць, даходзіць да сэнсу, а разам з тым стымулявала развіццё здольнасцяў. Ды ў паэзіі мы арыентаваліся слабавата. Яна пасля развенчанага культу Сталіна набывала зусім іншы, якасна новы характар, а мы ўсё яшчэ натраплялі ў старых выданнях на творы занадта ідэйна прычасаныя, нізкапробныя.
Выкладчык ім ацэнкі даваў адпаведныя: «Рыторыка!», «Тарабаршчына!», «Безгустоўшчына!». Знянацку пачуць такое — што зняць тону гразі з душы. Нарэшце ў ход пайшлі шэдэўры Багдановіча, класічныя творы Коласа і Купалы, вершы сучасных паэтаў. Так паціху здаравелі хваравітыя шкалярскія густы. Калеснікава эстэтыка, здавалася, магла святкаваць перамогу. Але сапраўдныя пакуты чакалі выкладчыка наперадзе. Выяўлялася страшна нізкая культура дэкламавання мастацкіх твораў. Цёмным лесам здавалася шмат каму хоць бы задача вызначэння лагічнага націску ў радку. Памятаю, як студэнтка Т. у першым жа радку верша Максіма Танка «Усё ж лягчэй чамусьці дыхаць мне...» нязменна ставіла лагічны націск на займенніку мне. Выкладчык настойліва падказваў ёй: «дыхаць, дыхаць, дыхаць!», хоць яна яшчэ доўга паўтарала зацята сваё... Уладзімір Андрэевіч дамагаўся ад нас павагі да мастацкага вобраза, востра крытыкаваў яшчэ адну першакурсніцу за абыякавае ўспрыманне Багдановічавага паэтычнага месяца, настойліва дабіваўся выразнага вымаўлення ад студэнткі М., у якой заміж слова «ткачыхі» атрымлівалася недарэчнае «качыхі». Заўвагі ягоныя былі дасціпныя, звычайна калючыя і заўсёды вобразныя. Студэнту Ц., паслухаўшы яго дужа ціхае і запаволенае дэкламаванне, ён казаў:
— Ну што ты воз, поўны сена, цягнеш па калдобінах!..
А студэнту Н., калі той сябе моцна біў у грудзі вершаванымі словамі «Советская Отчизна, родная наша мать…», заўвага адрасавалася гранічна сціслая і абсалютна зразумелая:
— На паўтона ніжэй!
Тут, на занятках па выразным чытанні, мы, першакурснікі, пачулі пра такія, дужа смешныя, недахопы ў вымаўленні, як «поўны рот кашы», «гундосіць, як панамар» ды іншыя. Педагог высокага прафесійнага рангу добра ведаў сілу мастацкага слова, не прамямленага, а прамоўленага выразна, прыгожа, як ведаў і самога слова важкасць і хараство.
Аднойчы, на чарговых занятках, высветлілася, што ў групе мала хто ведаў пра паэта Валянціна Таўлая, і куратар звярнуўся да дзяўчат:
— О, галубіцы іарданскія, калі б такога паэта мелі грузіны, альбо узбекі, альбо яўрэі, як бы яны яго шанавалі!..
Абуджаліся юныя душы ад сну, спакваля фармавалася ў іх нацыянальная свядомасць, — прысутнасць Уладзіміра Андрэевіча азначала ўплыў. Энергіяй свайго інтэлекту, эрудыцыі ён сілкаваў душы людзей, уздымаў іх, як сонца ўздымае ўсё жывое, даваў магчымасць адрываць вочы ад жыцейскіх клопатаў і пераносіцца ў высокі свет духоўнасці, мудрасці і хараства.
Заміж эпілогу
І яшчэ адзін штрых да партрэта Настаўніка… У лістападзе 1981 года я адтрымаў ад Уладзіміра Андрэевіча ліст, поўны заклапочанасці пра душу чалавечую. Цытую: «Наша сустрэча — былых студэнтаў і класнай дамы, — як мяне ахрысцілі Твае каляжанкі, паказала хіба што ўсім нам, як патрэбна сяброўская памяць, каб не спынілася самаачалавечванне ўсіх і кожнага з асобку і каб настаўнік мог заставацца настаўнікам, паэт — паэтам, г. зн. смела, шчыра глядзець у вочы вучням і чытачам. Хоць, з другога боку, гэтая сустрэча многім з нас паказала, як мы заарганізаваны абставінамі, як зацугляны жыццём, што мусім лічыць гадзіны і мінуты нават святочных, а не будзённых дзён. Думаецца, трэба, каб нехта напісаў раман ці п’есу пра гэтую страшную пошасць нашых дзён, спадчыну тых часоў, калі сапраўды народу было цяжка і асабістае падпарадкоўвалася грамадскаму ў дырэктыўным парадку. Сёння ў гэтай справе моцна дзейнічае звычка, завядзёнка. А як яе зламаць? Нам, людзям творчасці, ясна — цераз гуманізацыю адносін, цераз выхаванне патрэбы ў гуманістычных пачуццях, нават патрэбы новай душы, і новых суадносін у градацыі каштоўнасцей, пры якой індывідуальная душа чалавека, яе багацце — ёсць асноўная залатая манета, з якіх толькі і можа складацца скарбніца душы калектыўнай, нацыянальнай і агульначалавечай. Пра гэта мы, зрэшты, гаварылі, хоць і не дагаварылі многага да канца, таму, думаю, разгарыцца патрэба сустракацца яшчэ і яшчэ...»
Не разгарэлася, на жаль. Больш былыя студэнты не сустрэліся з шаноўным куратарам. Невялічкая групка набралася з тых нас, што прыйшлі і прыехалі горычным снежаньскім днём 1994 года, каб развітацца назаўсёды з Настаўнікам.
Уладзімір Гніламёдаў. Такім яго ведаю
Я думаю над сакрэтам яго маладосці. Сакрэт ёсць, але, здаецца, яго можна разгадаць: Уладзімір Андрэевіч вечны і нястомны працаўнік. Адпачываючым я яго, прызнацца, ніколі не бачыў. Адпачынак для яго — змена відаў працы. У выдатнага савецкага паэта Мікалая Забалоцкага ёсць такія радкі:
Не позволяй душе лениться!
Чтоб воду в ступе не толочь,
Душа обязана трудиться
И день и ночь, и день и ночь!
Так вось і ў нашага Уладзіміра Андрэевіча.
Упершыню давялося ўбачыць і пазнаёміцца з ім недзе ў сярэдзіне 50-х гадоў, калі ён прыехаў выкладаць у Брэсцкі педінстытут. Чытаў розныя курсы — мне давялося слухаць у яго выкладанні беларускі фальклор і фалькларыстыку. Меў вялікі поспех, бо мала сказаць, што гэта было цікава — нас, студэнтаў, проста захапілі лекцыі і семінарскія заняткі маладога выкладчыка. Мы не толькі слухалі лекцыі, вывучалі фальклор па падручніках і хрэстаматыях — самі запісвалі песні, прымаўкі, загадкі... За фальклорам ці праз фальклор адкрывалася гісторыя народа, яго эстэтычныя ўяўленні і псіхалагічны склад, адкрывалася аблічча роднага краю.
Зрэшты, не толькі гэта. Перад вачамі міжвольна паўставала жыццёвая і духоўная біяграфія самога настаўніка. Сялянскі сын, які «пераняў ад бацькі спрыт да сякеры, малатка, гэбліка», спрыт да працы, малым хлопцам, а потым вучнем Навагрудскай гімназіі спазнаў «дары» буржуазнага ладу жыцця на «крэсах усходніх» — сацыяльны і нацыянальны ўціск. Сярод мноства добрых людзей, якія трапіліся на жыццёвым шляху, быў і стрыечны брат, камуніст Арсень Балабановіч, які нашмат паглыбіў светаразуменне свайго маладзейшага родзіча. Уладзімір Андрэевіч успамінае: «За некалькі тыдняў ён перавярнуў дагары нагамі мае ўяўленні аб гісторыі, адкрыў столькі таямніц... Я ўжо ведаю, як узніклі класы, як запрыгонілі, аграбілі і прынізілі паны нашых дзядоў.
Ведаю, як далей пойдзе развівацца наша грамадства...»
Святам на ўсё жыццё стаў верасень 1939-га...
Вучыўся перад вайной у Навагрудскім педвучылішчы, «упершыню пазнаў і палюбіў сапраўдны здаровы калектыў — без сацыяльных градацый, без нацыянальнай грызні, без рэлігійных забабонаў».
У Вялікую Айчынную вайну — гады партызанскай барацьбы, якія прынеслі вялікі вопыт душы...
Пасля вайны — літфак Мінскага педінстытута, праца.
Багацце перажытага паспрыяла таму, што творчае аблічча Уладзіміра Андрэевіча Калесніка з самага пачатку аказалася шматгранным. І якая грань больш важная, цяжка вызначыць. Ён — заслужаны работнік вышэйшай школы Беларускай ССР (аўтар вучэбных дапаможнікаў для студэнтаў) і ўжо трыццаць год як выступае ў друку з літаратурна-крытычнымі, літаратуразнаўчымі і дакументальнымі творамі. Не раз даводзілася чытаць яго артыкулы пра мастацкія выстаўкі. Ён і сам спрабаваў займацца жывапісам. Помню пейзаж у старой яго кватэры, напісаны ім самім, — краявід, што адкрываўся з акна бацькавай хаты.
Захапленне У. Калесніка мастацкай фатаграфіяй — на прафесійным узроўні.
Выдаў шэраг кніг, якія былі заўважаны, — кожная пакінула свой след у літаратуры і літаратуразнаўстве. Першая з іх — «Паэзія змагання. Максім Танк і заходнебеларуская літаратура» — выйшла яшчэ ў 1959 годзе, сцвердзіўшы ў навуковых росшуках даследчыка заходнебеларускую тэму, якая знайшла далейшы працяг і развіццё ў такіх работах і выданнях, як «Час і песні», «Сцягі і паходні», «Ветразі Адысея. Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі», а таксама ў дакументальных рэчах — «Аповесць пра Таўлая» і «Пасланец Праметэя».
Паглядзіце на яго кнігі: яны вельмі арганічныя для аўтара, і вырастаюць яны адна за адной, як галіны на дрэве. Гэта той выпадак, калі ў творчым акце навуковага пошуку ўдзельнічае цалкам уся асоба даследчыка з яго жыццёвым і духоўным вопытам грамадзяніна і патрыёта. Пра гэта сведчаць і раздзелы, напісаныя У. Калеснікам для акадэмічных гісторый беларускай літаратуры. Нездарма яму прысвоена ганаровае званне лаўрэата Дзяржаўнай прэміі рэспублікі.
Каштоўная рыса яго метадалогіі як даследчыка — гістарызм, які, мне здаецца, ад кнігі да кнігі ўсё больш паглыбляецца, перадаючы чытачам тонкае і праўдзівае адчуванне гісторыі, уласцівае аўтару.
Асобна стаіць кніга «Я з вогненнай вёскі...», створаная сумесна з А. Адамовічам і Я. Брылём. Уклад У. Калесніка ў гэту кнігу, як вядома, разнастайны і значны.
І яшчэ адна важная грань дзейнасці — плённа кіраваў Уладзімір Андрэевіч Брэсцкім літаратурным аб’яднаннем, якое дзякуючы яго клопатам вырасла ў абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі. Сёння Брэст ці не ўпершыню (калі не лічыць асобныя факты далёкага і бліжэйшага мінулага) стаў літаратурным горадам, што, безумоўна, узбагачае яго культурнае і мастацкае жыццё.
Абсяг творчай і грамадскай дзейнасці Уладзіміра Андрэевіча Калесніка — добры прыклад для ўсіх нашых літаратараў.
Яўген Крамко. Сейбіт
Незабыўнае першае знаёмства. Неяк у майскую нядзельку сорак другога года раненька я выйшаў на падворак. Сонца толькі-толькі ўзнялося над лесам і ахінула садок і падворак. На голлі яблынь блішчэлі лісцікі, лагодны цень накрываў плот. Над хатаю і загонамі то там, то сям звінелі жаваранкі. Усё наваколле дыхала бадзёрай свежасцю жыцця, панавала гаючая раніца. Раптам бачу па сцяжынцы з-за гумна ў двор ідуць двое. Углядваюся, хачу пазнаць. Але дарэмна.
Павіталіся, адзін назваўся Кастусём, другі Валодзем.
— Мы з Сіняўскай Слабады прыйшлі да цябе на сувязь ад нашых падпольшчыкаў, — без усякай прадмовы кажа Валодзя. Для мяне гэта была нечаканасць, бо толькі пільнасць у той час гарантавала пазбегнуць арышту.
Таму я маўчу, не ведаю, што адказаць.
— Не сумнявайся. Нам параілі зайсці да цябе з групы Балабанава, — кажа Кастусь. Спасылка на камандзіра першай партызанскай групы ў нашым раёне развеяла мае сумненні, бо гэта група была створана ў нашым лесе з нашым удзелам.
Далей гутарка пайшла даверліва. Госці паведамілі аб дзейнасці падпольшчыкаў свае вёскі. Я ў агульных рысах — аб Беражноўскіх. Прозвішчаў я, так і яны, не называлі. У гэтым не было патрэбы.
Кастусь Балабановіч быў сярэдняга росту, мажны, з цёмнымі густымі валасамі, здавалася, флегматычны. Гаварыў мала, але ўпэўнена, рашуча.
Валодзя Калеснік вышэй сярэдняга росту, бялявы, хударлявы, хуткі ў руках, энергічны, гаваркі. Не выпадкова яны былі блізкімі сябрамі, разумелі адзін аднаго і ніколі, як мне здавалася, не супярэчылі адзін аднаму.
Зацікавіла іх маё паведамленне, як мы арганізавалі ўзброенае дзяжурства на дарозе ў вёску, каб знянацку нас не захапіла паліцыя.
Але галоўным пытаннем, якое ўзнялі сіняўцы, было пытанне пераходу да адкрытай партызанскай барацьбы.
— Лічу, варта падпольшчыкам з нашых вёсак сустрэцца дзе-небудзь у лесе і вырашыць пытанне, каб разам у адзін і той жа дзень пачаць барацьбу, — сказаў Калеснік.
— Я думаю, было бы вельмі цікава, каб у дамоўлены кірмашовы дзень падпольшчыкі прыехалі ў Мір на кірмаш, перабілі немцаў і паліцыю і гэтым пачалі ўзброеную барацьбу, — выказваў сваю думку Кастусь.
Я не супярэчыў, бо прапанова падалася цікаваю, але нейкаю малаверагоднаю. «Хіба мала можа быць розных выпадковасцей,» — падумаў.
І ўсё ж мы дамовіліся, калі і дзе сустрэцца, каб вырашыць пытанне выхаду ў партызаны. Далейшыя падзеі пацвердзілі, што гэтая задумка была не рэальнай. У той дзень, на які планавалася сустрэча на Ціхове, наляцелі карнікі, спалілі хутар і застрэлілі гаспадара. Мы так і не даведаліся, ці гэта быў налёт выпадковы, ці хтосьці нас выдаў.
У жніўні познім вечарам у двор да нас са зброяю заходзяць трое: Калеснік, Іван Мацко і Кастусь Смалянка. Павіталіся, ды Валодзя кажа:
— Як бачыш, мы ўжо са стрэльбамі. Лічу, што і вы пойдзеце з намі.
— Адзін вырашаць гэта пытанне я не бяруся. Пойдзем у вёску і з хлопцамі абмяркуем, што рабіць, — адказаў я.
Як прыйшлі, на ўскраіне вёскі ўжо была група партызан і некалькі нашых падпольшчыкаў.
— Вы згодны змагацца з акупантамі? — пытае энергічны, невысокі партызан Дзенісенка (мы яго ведалі раней).
— Згодны, — у разнабой адказалі мы.
— Тады бярыце зброю і каб да світанку былі ў Крынічным на пароме, — нібы загадаў Дзенісенка.
Па яго загаду некалькі партызан пайшлі ў бліжэйшыя хаты, паклікалі мужчын. Дзенісенка кажа:
— Ад імя савецкай улады гэтыя хлопцы мабілізаваныя намі ў партызаны. Перадайце ў вёсцы, што яны ўзяты намі прымусова.
Партызаны пастралялі ў паветра і пайшлі за вёску. Ля мяне затрымаліся ўжо знаёмыя партызаны: Калеснік, Балабановіч і двое незнаёмых.
— Гэта Андрэй Саятэвіч, а гэта Іван Качановіч з вёскі Ператокі, — знаёміць мяне Валодзя. — Як прыйдзеце на пераправу, папярэдзь сваіх хлопцаў, каб не ішлі з Міцькаю (так клікалі Дзенісенку), — кажа Калеснік.
– Мы створым свой атрад з мясцовай моладзі і пакажам, як трэба ваяваць. Такіх ваяк, як яны, мы пабачылі ў Чапаеўскім атрадзе, — кажа Саятэвіч.
Ноччу са свайго склада мы ўзялі зброю і пайшлі на пераправу. Нас сустрэлі ветліва. Ноч была спакойная. Гэта рабіла мяне разважлівым, але спакою на душы не было. Нейкая самота варушыла свядомасць, відаць, невядомасць і трывога за сям’ю. Незразумелая для мяне была і спрэчка Дзенісенкі і Саятэвіча, з кім нам ісці.
Мы моўчкі ішлі берагам Нёмана з групаю Саятэвіча. На аеры і ў плюснягу блішчэлі ў промнях ранішняга сонца пацеркі расы. За намі на атаве заставаліся сляды ад збітае расы.
Зайшлі за вёску Антанёва і леглі спаць. Калеснік лёг ля мяне ды кажа:
— Ты паслухай тут шум баровы.
Сапраўды ён быў незвычайны. Над галовамі неяк асабліва шапталіся ласкавыя хваіны. Колькі спалі не ведаю, згубіўся лік часу.
Вечарам пайшлі ў вёску Лядкі, дзе мы, ужо без Дзенісенкі, правялі «мабілізацыю» ў партызаны.
На базе нашых першых груп у верасні быў створаны атрад з мясцовай моладзі і назвалі яго «Камсамольскім», так, як называла нас насельніцтва.
Вось цяпер думаю, якая дальнабачнасць і мэтанакіраванасць была ў Валодзі Калесніка ў той цяжкі арганізацыйны час. Каб не ён, відаць, уся наша падпольная група пайшла з групаю Дзенісенкі, у якой тады пераважна былі вайскоўцы-акружэнцы ці ўцёкшыя з палону.
Сярод юнакоў нашых вёсак, што першымі пайшлі ў лес, Валодзя быў самы адукаваны.
Яшчэ да Навагрудскага педагагічнага вучылішча, дзе скончыў два курсы, у яго багажы былі сем класаў польскай школы і тры класы гімназіі. Відаць, таму ў яго моцна адчувалася начытаннасць і «іскарка» пісьменніцкага і мастацкага таленту, якіх мы тады не разумелі, хаця адчувалі яго інтэлігентнасць, а разам з ёю — прастату і таварыскасць. Усё гэта стварала амаль агульную павагу да яго. Веды і нейкая свая інтуіцыя, відаць, былі прычынай таго, што ён першы ў сваёй вёсцы зразумеў звярыны воблік фашызму.
Вярнуўшыся дамоў разам з Кастусём Балабановічам, сябрам па педвучылішчы, пачалі збіраць зброю, якую пакідалі адыходзячыя войскі, ствараць падполле і падрыхтоўку да партызанскай вайны. Пры ўдзеле Калесніка і Балабановіча такую падрыхтоўку вяла і перадавая моладзь суседніх вёсак — Антанёва, Пагарэлкі, Лядак і іншых.
Калі акупацыйныя ўлады зрабілі спробу гульні ў беларускі суверэнітэт і дазволілі адчыніць беларускія пачатковыя школы, Калеснік пайшоў працаваць настаўнікам у вёску Некрашэвічы, каб легальна мець магчымасць стварыць і там падполле. І ў гэтым меў поспех. Моладзь Некрашэвіч і суседніх вёсак потым ваявала ў партызанскіх атрадах.
Мара Калесніка аб стварэнні асобага атрада існавала даўно. Калі наша задума разам выйсці ў лес не адбылася, тады падпольшчыкі Сіняўскай Слабады і Пагарэлкі самастойна пайшлі ў лес і далучыліся да атрада імя Чапаева. Там ужо былі жыхары вёскі Ператокі Андрэй Саятэвіч і Іван Качановіч. Гэтым атрадам камандаваў вайсковец па мянушцы «Барадач». Саятэвіч, Качановіч, сіняўскія і пагарэльскія юнакі звярнуліся да камандзіра з просьбаю дазволіць ім пайсці ў свой раён і там стварыць атрад. Такі дазвол яны атрымалі з пісьмовай памяткаю, як гэта лепш зрабіць.
У верасні пасля некалькіх паспяховых баявых аперацый каля вёскі Антанёва на палянцы паміж рэдкіх каржакаватых хваін, якія асвятляла скупое вераснёвае сонца, мы селі ў круг. Андрэй Саятэвіч устаў і кажа: «Я атрымаў дазвол на стварэнне свайго атрада. Валодзя, — звярнуўся ён да Калесніка, — на прачытай».
Валодзя ўзяў невялікі шматок паперы і спакойна, нібы вучням, павольна прачытаў парады «Барадача», як стварыць баяздольны атрад. Усе мы, а нас было ўжо чалавек сорак, маўчалі.
— Згодна з парадай «Барадача», — працягваў далей Калеснік, — мы мусім выбраць камандаванне атрада. Лічу, што на пасаду камандзіра вельмі добра падыходзіць Андрэй Сцяпанавіч Саятэвіч. Ён старэйшы за нас, больш чым мы ў партызанах, а гэта значыць набыў вопыт барацьбы...
— Згодны, — у разнабой выгукнулі мы. Там жа выбралі камандзіраў рот, узводаў і аддзяленняў.
Узгадваючы той сход, я не пакідаў здзіўляцца, чаму Калеснік задаволіўся толькі пасадаю камандзіра ўзвода. Відаць, сціпласць, якая была яму характэрна, перашкаджала. Цікава, што ні ў кога з нас не было жадання быць прызначаным на нейкую высокую пасаду.
Адзін баявы выпадак яшчэ больш замацаваў у мяне пашану да Калесніка. А адбылося вось як. Нам стала вядома, што ў вёсцы Сімакава немцы плануюць паставіць свой апорны пункт, пастарунак. Ён моцна перашкаджаў бы нам хадзіць на чыгунку Стоўбцы —Гарадзея. Вось мне, Валодзю і партызану з вёскі Сімакава Федзі Жуку прапанавалі пайсці ў разведку, і калі гэта праўда, спаліць школу, дзе меўся быць іх штаб.
Пакуль мы палявымі дарогамі дайшлі ў вёску, быў амаль світанак. Вяртацца, не выканаўшы задання, мы не маглі і, па сваёй юнацкай нявопытнасці, вырашылі там дняваць. А дзе? У лясках каля вёскі, якія там называюць «Гаі», небяспечна. Выпадковыя людзі могуць нас заўважыць і паведаміць у Мір, дзе быў вялікі гарнізон, а гэта зусім блізка да Сімакава.
— Пойдзем да солтыса, пабаіцца прадаць, — прапанаваў Валодзя. «Хто можа падумаць, што ў солтыса партызаны», — разважалі мы. Так і зрабілі. Яшчэ было цёмна, Федзя давёў нас да хаты солтыса, а сам пайшоў да знаёмых. Пастукалі ў акно. Нам адчынілі, і мы без запрашэння ўвайшлі ў хату.
— Наш атрад недалёка ў лесе, а мы прыйшлі ў разведку і будзем у вас дняваць, — ціха сказаў я.
— Але днём немцы маюцца прыехаць абгледзець школу пад пастарунак, — дрыготкім голасам адказаў гаспадар.
— Яшчэ цемнавата, завядзі нас у гумно. Хто будзе ведаць, што там партызаны. Але калі прадасі, табе адпомсцяць нашы, — папярэдзіў я.
Ён узяў ключы і праз прыгуменне завёў нас у гумно, якое было далекавата ад хаты. Паставіў драбіны і паказаў, як залезці на сена.
— Ці замыкаць гумно? — шэптам спытаў гаспадар.
Мы далі згоду, лічылі, што так будзе больш бяспечна. Але як толькі ён пайшоў, мною авалодаў страх. «Самі па добрай волі селі ў пастку». Валодзя маўчаў, відаць, як і я, перажываў страх нашага становішча.
Да раніцы мы не заснулі, моўчкі чакалі бяды. У сцяне ад вуліцы выдралі мох, зрабілі штосьці падобнае да байніцы і вырашалі, калі нас солтыс выдасць, то будзем адстрэльвацца да апошняга.
— Калі будзе бой, гумно загарыцца. Пашкадуе гаспадар дабра, — кажа Валодзя. У гэтым была нейкая надзея.
Але трывога наша была дарэмная. Ужо добра развіднела, і гаспадар у рэшаце, нібы ішоў каню па авёс, прынёс нам сняданак: кучку аладак і яешню на сале. Мы паснедалі і заснулі. Толькі сон быў трывожны. Колькі прайшло часу — не ведаю, але праз сон пачулі гул машын.
— Прадаў свалачына, — сказаў сябар, і мы падрыхтаваліся да бою. Стала добра відаць, як дзве грузавыя машыны з немцамі і паліцэйскімі затрымаліся ля двара солтыса, адзін немец у вайсковай форме выскачыў з кабіны і пайшоў у хату. Праз хвіліну-другую выйшлі з хаты немец і солтыс і машыны паехалі па вёсцы. Мы выцерлі з твару пот, Валодзя лёг дагары і моцна пачаў смяяцца.
Толькі сцямнела — выйшлі на вуліцу. Да нас далучыўся Федзя, і мы паспяшаліся да школы. З бліжэйшых хат паклікалі людзей і загадалі насіць у школу салому, рознае ламачча, дошкі. Аднаго з гаспадароў прымусілі запрэгчы каня, падпалілі школу і шпарка паехалі за вёску.
Нам шлях асвятляла полымя пажару. У вёсцы не згарэла ні адна хата.
Неяк вясною 1943 года група партызан на чале з камандзірам атрада трапіла на засаду, цяжка быў паранены Саятэвіч. На яго месца тымчасова прызначылі Рэмізоўскага, начальніка штаба суседняга атрада. Не ведаю чаму, але новы камандзір баявой актыўнасці не праяўляў. Паколькі ў нашым атрадзе партызанская «дэмакратыя» была на належным узроўні, галосна пайшла незадаволенасць камандзірам. Асабліва вызначаліся Балабановіч і Калеснік. Тады Рэмізоўскі дазволіў ім з дабраахвотнікаў стварыць дыверсійную групу і пайсці на чыгунку. Такая група з 7 чалавек была створана на чале з Балабановічам.
Трагедыя напаткала непаседлівых энтузіястаў. Калі пасля начнога паходу на лясным хутары Старая Міранка група спынілася адпачыць, на досвітку іх хутар акружылі карнікі. Днявальны ў апошні момант заўважыў ворагаў, і ўцякаць было позна.
— Страляючы, за мною на прарыў! — падаў каманду Калеснік і, на бягу страляючы са сваёй «дзесяткі», кінуўся наперад. Усе за ім, акрамя Балабановіча, які затрымаўся ля хаты. Траскатня кулямётаў і аўтаматаў аглушылі наваколле. Здавалася, пагібель немінучая. Трое партызан упалі адразу. Калеснік, Жук і Мікола Перавоз беглі аж да лесу. Наперадзе быў дрот, і на ім павіс Перавоз, а Калеснік і Жук з некалькімі ранамі ўскочылі ў лес і ўратаваліся ад пагібелі.
— Калі б не рызыка, ляжаць бы нам на той палянцы. Бачу кучаравы арэхавы куст, а ля яго твар паліцэйскага, дрыжыць і страляе. Таму, відаць, і не здолеў пацэліць, — нібы жартуючы, расказваў Валодзя. — Трэба памятаць закон жыцця: «Хто сябе беражэ, таго і лёс сцеражэ». А мы парушылі яго.
Разважлівасць, адвага, прадбачлівасць лепшага варыянту ў баі былі ўласцівы Калесніку. Яны выявіліся ў баі за вёску Лядкі, пры разгроме гарнізонаў у вёсках Дудкі і Ярэмічы, у блакаду 1943 года, калі мнагалікія сілы ворага акружылі лес, дзе базіраваліся нашы атрады. У тыя цяжкія дні, больш чым раней, Калеснікам валодаў разважлівы аптымізм.
— Колькі б іх там ні было, яны не здолеюць разбіць нас у нашым лесе. Кожнае дрэва, кожны куст, кожнае балотца — нашы сябры-абаронцы, — упэўнена гаварыў ён.
У падтрымку сына быў і яго бацька Андрыян, які добра ведаў лес і ўмеў так вадзіць атрады, каб не сутыкнуцца з намнога мацнейшым ворагам, які прачэсваў Рудзьмянскі лес і Налібоцкую пушчу. Невыпадкова ў нашым атрадзе страт было вельмі мала.
Вось чаму, калі наш атрад вырас колькасна і з трэцяй роты стварылі новы атрад, камісарам у яго прызначылі Кастуся Балабановіча, а начальнікам штаба Уладзіміра Калесніка.
У народзе бытуе пагаворка: «Калі чалавек адышоў ад нас назаўсёды, аб ім гавораць толькі добра або нічога». Да Калесніка гэта пагаворка не стасуецца, дакладней, будзе несумленна не адзначыць некаторыя яго слабасці. Відаць, у сілу свайго характару, а магчыма,
з-за таго, што мала ведаў штатную працу начальніка штаба, ён абыякава адносіўся да збору дакументаў аб атрадзе і яго людзях, нават тых, хто вызначаўся ў баявой дзейнасці. Недаравальна, што і тыя, што былі сабраны, не здаў у архіў, каб захаваць дакументы аб атрадзе і яго людзях.
Вось чаму ў пасляваенныя гады шмат людзей з іх атрада, якія заслугоўвалі ўвагі, былі пакрыўджаны, асабліва тыя, што працавалі сувязнымі, дапамагалі партызанам.
У пасляваенныя гады дарогі нашы былі розныя: ён — выкладчык настаўніцкага інстытута ў Бабруйску, потым педагагічнага ў Брэсце. А я, па волі лёсу, вымушаны быў насіць афіцэрскія пагоны і многа гадоў служыць за мяжою краіны. Але мы, паколькі абаюдна жадалі, знаходзілі час пабачыцца амаль кожны год. Часта сустракаліся, як былі студэнтамі ў розных навучальных установах, у вёсцы на рыбалцы, на традыцыйных штогадовых сустрэчах партызан нашае брыгады. Усе сустрэчы былі цікавымі і карыснымі для мяне. Калеснік амаль ніколі не дазваляў сабе абыякавую размову. Яна заўсёды мела нейкую мэту, накіраванасць.
На традыцыйную сустрэчу партызан нашае брыгады, якую ў тым годзе праводзілі ў Сіняўскай Слабадзе, роднай вёсцы Калесніка, ён прыехаў з Брэста. Сярод тых, што выступалі, самым цікавым было Валодзева. Хаця з таго часу ў Нёмане працякло шмат вады, тое, што сказаў Валодзя, памятаецца вельмі добра. Коратка нагадаўшы важнейшыя падзеі тых дзён, ён выказаў вельмі важную думку: «Партызанскі рух у нашым Мірскім раёне не быў арганізаваны кімсьці. Партыйныя органы не паспелі пакінуць арганізаванае падполле. Але мясцовая моладзь, пераважна камсамольцы, не маючы дастатковай адукацыі, сэрцам адчула небяспеку акупацыі, што заваёўнікі, калі перамогуць, зробяць наш народ працоўнай жывёлай. Таму пераважна моладзь, не шкадуючы сябе і сваіх сем’яў, стала на шлях барацьбы з чужынцамі».
Шкада, што ў нашых мясцовых хлопцаў-беларусаў у той час, відаць, у характары была нейкая недаацэнка сваёй годнасці, таму не самі ўзначалілі барацьбу, а аддаліся пад каманду іншых. Праўда, тыя мелі некаторы вайсковы вопыт. Як паказала жыццё, не заўсёды ён быў неабходны ў партызанскай барацьбе. Ім, у большасці выпадкаў, характэрны быў кар’ерызм і карысталюбства, што моцна шкодзіла ўсенароднаму руху, асабліва ў адносінах з мясцовым насельніцтвам.
— Раю табе папрацаваць над успамінамі аб ролі мясцовай моладзі ў партызанскім руху. Нельга нам кіравацца тэорыяй Рурыкавічаў, — часта падкрэсліваў ён. — Ты ведаеш, што ніхто іншы з нашых партызан лепш не напіша.
Я заўсёды быў удзячны Валодзю за яго дапамогу ў тым, што мне ўдалося надрукаваць.
Памятаецца адзін выпадак. Калі я напісаў, як мне здавалася, усё аб нашым партызанскім атрадзе, я паехаў у Каралішчавічы, дзе ў доме творчасці быў Валодзя, і паказаў яму. Ён сустрэў мяне надзвычай сардэчна. З алоўкам прачытаў маю працу, многа крэсліў і выказваў свае думкі, якія эпізоды паказаць больш шырока. Над яго заўвагамі я працаваў, і яны без паправак былі надрукаваны ў зборніках «В принёманских лесах» і «За край Родной».
З той сустрэчы памяць трымае і нязначны эпізод. Пачытаўшы мае ўспаміны, пайшлі пагуляць па лесе. З невысокай бярэзіны Валодзя нарваў жменю маладых лісцікаў і, як прыйшлі ў спальны пакой, з шафы дастаў бутэльку гарэлкі, адкаркаваў і ўпіхнуў у яе бярозавыя лісцікі. Вечарам, як ісці на вячэру, прыгалубілі па чарцы пахучага напою.
На рэдкасць ён быў прыдзірлівы, крэсліў рукапіс, як мне здавалася, залішне. Пасылку ад яго звычайна адсылала Зося, яго жонка, і заўсёды рабіла прыпіску: «Не крыўдуй на Валодзю. Ён так і да свайго».
Не зважаючы на выключныя здольнасці аналізаваць падзеі і пісаць, ён лічыў патрэбным усё, што напісана аб партызанскім руху, даваў чытаць мне. У стыль я не меў права лезці, бо ён лепшы майстар, чым я. Але мае заўвагі па датах і ацэнцы падзей успрымаў спакойна, з удзячнасцю. Не раз я здзіўляўся, чаму ён так рэагуе, бо за многія гады ведаў яго характар.
Калі ў кніжцы ці газетным артыкуле штосьці не адпавядала яго поглядам, ён не супакоіцца, пакуль у друку не выкажа свой погляд. Асабліва быў бязлітасны да тых, хто несправядліва даваў ацэнкі партызанскаму руху ці заходнебеларускаму друку, злоўжываў адмоўнымі фактамі таго часу ці суб’ектыўнымі трактоўкамі. Яго ўспаміны, якія друкаваліся ў «ЛіМе» і «Беларусі», за выключэннем некалькіх недакладнасцей, глыбокія па зместу і аб’ектыўныя па апісанні падзей.
Бадай не было ніводнай сустрэчы, каб мы не краналі самага балючага пытання нашага народа: вырашэнне нацыянальнага пытання, лёс роднай мовы і культуры.
— Я патрыёт Радзімы і не магу зразумець, для чаго ім патрэбна так планамерна нішчыць усё беларускае. Гэта супярэчыць марксізму і зусім не патрэбна рускаму народу. У яго і сваіх шмат нявырашаных праблем, — часта выказваў думку.
Як філолаг-прафесар, ён ні на крок не адыходзіў ад барацьбы за годнасць роднай мовы і нацыянальнай літаратуры. Ніхто да яго грунтоўна не паказаў у нашым літаратуразнаўстве значэнне творчасці заходнебеларускай літаратуры ў цэлым, ён вярнуў з небыцця імёны У. Жылкі, Г. Леўчыка, М. Васілька, А. Салагуба, М. Засіма, А. Мілюця і шмат іншых. Навукова абгрунтавана творчасць у манаграфіях пра Максіма Танка, Янку Брыля, Уладзіміра Караткевіча, Уладзіміра Жылку, аб’ектыўныя вытокі і глеба, на якой выраслі іх таленты.
Неяк пры сустрэчы, калі я ўважліва прачытаў падораную ім кніжку аб творчасці Максіма Танка, кажу яму: «Валодзя! Для чаго ты так захапляешся складанай навуковай тэрміналогіяй? Простаму чытачу цяжка зразумець твае думкі. Не насіць жа кожнаму слоўнік».
— Я разлічваю не на выпадковага чытача, а на падрыхтаванага, — настойліва адказваў ён. Я яму не пярэчыў, хаця быў не згодны.
Нельга абысці ўвагаю майстэрства Калесніка і як фатографа. Ён быў непаўторным не толькі ў партрэтнай фатаграфіі, што выяўляецца ў кнізе «Я з вогненнай вёскі», але і ў пейзажы. Бываюць хвіліны ў жыцці і даволі частыя, калі надыдзе сум і абыякавасць да жыцця. Тады я бяру кніжку «Між тых палёў», якую ён зрабіў з Янкам Брылём, і здымкі Валодзі адразу гоняць прэч сум, навяваюць радасць жыцця. І, відаць, іх моц не толькі ў тым, што гэта роднае Наднямонне, а нешта іншае, большае, у тым, што ў свядомасць ідзе прыгажосць жыцця, яго натхняльны змест.
Ён ні хвіліны не быў не ў дзеянні: чытае, піша, або ходзіць з вудамі над Нёманам, або корпаецца над сваім «Масквічом», які прабег шмат розных дарог, крочыць па ўзлеску ля збажыны з сумкаю фотаапаратуры, ці сядзіць перад эцюднікам, або чэша сякерай нейкую чурку, у якой бачыць яму аднаму знаёмую фігуру. У яго гаражы паліцы завалены гэблікамі, фуганкамі, дрэлямі, долатамі, напільнікамі, усе настольныя лямпы рознай формы, што ўпрыгожваюць пакой, уласнай канструкцыі і выканання.
Неяк Янка Брыль, Калеснік і я, ідучы над Нёманам, натрапілі на свежазрэзаны сухі дуб, ды такі тоўсты, аж у нейкія тры абхваты. Затрымаліся. Валодзя зайшоў у камель, паглядзеў.
— Трэба ж, такі здаровы і засох, — падзівіўся ён.
— Вельмі шкода, што гніе такі цуд. Але можна сёе-тое выкарыстаць, — разважае ён.
— Дроў плойма, а больш што? — пытаю.
— Мне ад яго трэба калода метр дваццаць.
Пайшлі, знайшлі чалавека з бензапілою. Ён адрэзаў, колькі паказаў Калеснік. Калоду на машыне прывезлі да мяне ў двор. Дзён два з сякераю і разаком ён працаваў, вычэсваў плашку таўшчынёю ў дваццаць сантыметраў.
— Для чаго табе такая плашка? — пытаю.
— Нарэдкасць будзе арыгінальны стол на дачу.
Гэту плашку зацягнулі ў хлеў, дзе яна прастаяла гады два. Я думаў, што ён пра яе забыўся. Але адно лета, адведаўшы Янку, прыязджае з электрафуганкам і гадзін пяць працуе над ёю, шліфуе. Потым зацягнулі ў яго машыну і ён павёз яе ў Брэст.
Пры сустрэчах амаль ніколі чаркі не цураўся, але не памятаю выпадку, каб калі выпіў хоць кроплю, якая перашкодзіла б весці патрэбную і цікавую размову. У яго ўсё было чалавечае, хіба толькі больш працавітасці і таленту, якога не шмат каму столькі дала прырода.
У жывапісе перавагу аддаваў пейзажам. І ўсе яны не проста задумённыя малюнкі, а характэрныя вобразы роднага краю, які стварыла прырода на вякі для ўсіх пакаленняў. І, відаць, няма чалавека, які глядзеў бы на іх абыякава.
Цесная двухпакаёвая кватэра — гэта своеасаблівая галерэя працы мастака і скульптара, які ў простай чурцы ці карчы бачыў вобразы людзей-стваральнікаў і пры дапамозе разца і нажа паўставаў вобраз з яскравым для яго характарам.
Неяк улетку на сваім архаічным «Масквічы» заехаў Валодзя да мяне ў Беражна і разам паехалі наведаць Янку Брыля. Машыну ля дарогі паставіў пад вярбу ў цянёк. Сам стаў ля дарогі і ўглядаецца ў дубы, што пры дарозе над Нёманам.
— Пойдзем у хату. Няёмка, прыехалі і чагосьці чакаем, — кажу.
Не адказаўшы ні слова, пайшлі ў хату да Янкі. Павіталіся, крыху пагаманілі і Валодзя кажа:
— Я зараз. Пагаварыце без мяне.
Хуткім крокам пайшоў да машыны, дастаў эцюднік, складны зэдлік, невялікі падрамнік з нацягнутай белай матэрыяй і алоўкам пачаў рысаваць контуры дарогі і дубоў, бераг Нёмана. Мы ведалі, што турбаваць яго ў такія хвіліны нельга, можа сказаць штосьці непрыемнае.
Ужо быў час позняга абеду, і Ніна Міхайлаўна (жонка Янкі) кажа:
— Клічце гэтага «Рэпіна», а то памрэ з голаду. Мы з Янкам падышлі і маўчым.
— Што, есці захацелі? Я зараз, толькі некалькі мазкоў.
Гэтыя некалькі мазкоў цягнуліся з паўгадзіны, а мы моўчкі стаім і пазіраем то на дарогу і дубы, якіх бачылі тысячу разоў, то на эцюднік, як нараджаецца карціна.
Добра памятаецца, неяк у чэрвені Янка Брыль, Уладзімір Караткевіч, Калеснік і я ранічкаю выйшлі з хаты ў Крынках на падворак. Наваколле было спакойнае, вясёлае. На Сэрвачы ціха рухалася мірная плынь, і толькі на заставе ля млына манатонна бурчэла. Подых вады лашчыў твар. Відаць, усё гэта рабіла нас разважлівымі.
Як і часта, пайшла размова на злабадзённыя тэмы. Не памятаю, хтосьці з сяброў кажа: «Дрэнна ў нас прапагандуецца, таму і не прадаецца беларуская літаратура».
— Тут недапрацоўкі, безумоўна, ёсць. Але трэба прызнаць, што добрыя кніжкі і на роднай мове ў магазінах не залежваюцца, іх хутка раскупляюць. Бывае, купіш тоўстую кнігу, чытаеш, нібы воўну жуеш, ні дажаваць, ні глынуць. Дойдзеш да канца, а ў галаве нічога не застаецца. Шкода патрачанага часу, — павысіўшы голас, адказаў Калеснік. Яму ніхто не пярэчыў.
— Не буду гаварыць аб рознай моладзі, якой усё роўна, дзе жыць, абы была карысць, там і прыжываюцца, як тое перакаці-поле. Не разумею тых людзей, нават адукаваных, якія забываюць мову маці, радзіму, той куточак, дзе іх пуп закопаны, — працягваў ён.
Потым доўга блукалі па цудоўных ваколіцах, шмат фатаграфавалі то Калеснік, то Караткевіч. Ім больш падабалася рабіць здымкі ля збажыны ці ўзлеску. Той, хто будзе праглядаць фотаархіў Калесніка, а ён надзвычай багаты, пераканаецца ў гэтым.
Ведаючы Уладзіміра Андрэевіча многія гады, я маю права сцвярджаць, што жыццё ён пражыў мэтанакіравана. Яго творчасць як пісьменніка і навукоўца, як сейбіта добрага, разумнага, дзейнасць як педагога вышэйшага класу, нібы святло праз цені, свяціла людзям. Ён бачыў і чула разумеў світанкавыя ранкі, гоман лесу і шум дрэў у садзе, наднёманскія туманы і яго прахалоду, шчэбет птушак, маўклівасць палёў і ўсмешкі кветак, таямнічасць сцяжынак, утульнасць лясных палянак. Усё гэта мы адчуваем у яго літаратурных творах і фатаграфіях.
Ён актыўна жыў інтарэсамі свайго народа, ідэямі адраджэння нашай багатай гістарычнай, літаратурнай і культурнай спадчыны, нашай цудоўнай мовы — як найдаражэйшага багацця народа.
Ён верыў, што мы, як і кожны народ аб сваім, з гонарам скажам: «Мы — Беларусы!»
Генадзь Праневіч. Непаслядоўныя хронікі
— Едзь! Ён цябе палюбіць!.. — падбадзёрваў мяне перад вяртаннем у Брэст мой навуковы кіраўнік Алег Антонавіч Лойка. «Ён» — гэта Уладзімір Калеснік, тадышні загадчык кафедры беларускай літаратуры Брэсцкага педінстытута, на якой я меркаваў працаваць пасля заканчэння аспірантуры пры Белдзяржуніверсітэце.
Здавалася б, трэба было радавацца. Чакаў родны горад, сям’я, ды і працу ў інстытуце мне абяцалі… Аднак настрой быў не з лепшых: адчуваў сябе, хутчэй, на шчыце, чым са шчытом… За спіной універсітэт, служба «двухгадзічнікам» у Савецкай Арміі, праца намеснікам дырэктара ў прафтэхвучылішчы, пасля — у апараце гаркама партыі… І вось па ўласнай волі, ва ўзросце Хрыста трэба было пачынаць усё спачатку. Асістэнтам. З зарплатай у 125 рублёў, ды яшчэ пасля трохгадовых аспіранцкіх 100… З няпэўнай перспектывай абароны кандыдацкай дысертацыі, якая здавалася мне недасканалай і незавершанай, бо ў душы я адчуваў агромністы патэнцыял і важнасць для літаратуразнаўчай навукі абранай мною тэмы, якая палягала на сувязях класічнай паэзіі Янкі Купалы з традыцыямі літаратуры беларускага Сярэднявечча і патрабавала, ні больш ні менш, як стварэння цэласнай канцэпцыі пераходнага перыяду ад старой да новай літаратуры. І вось гэтай-то маёй звышзадачы не разумеў, бадай што, ніхто, акрамя Алега Антонавіча, які ўвесь час падтрымліваў мяне і верыў, што задуманае мне па сілах…
Цяпер, пасля ад’езду з Мінска, я губляў гэтую падтрымку і мог пакласціся толькі на самога сябе…
Імя Уладзіміра Калесніка, пад кіраўніцтвам якога я мусіў быў распачынаць свой новы жыццёвы круг, было вядомае мне, можа, яшчэ з таго часу, калі я сямнаццацігадовым юнаком прыносіў свае вершаваныя спробы ў рэдакцыю газеты «Заря», дзе тады працаваў літкансультантам Міхась Рудкоўскі. І той настойліва раіў мне наведваць літаратурныя серады, якія праводзіў тады Уладзімір Андрэевіч. Ужо пазней, будучы студэнтам-філолагам, а пасля аспірантам БДУ, чытаў яго важнейшыя працы і грунтоўныя навуковыя артыкулы ў сталічных часопісах. Аднойчы нават размаўляў з ім па нейкіх грамадскіх справах па тэлефоне. Аднак пабачыць і пазнаёміцца з ім асабіста давялося толькі ў канцы 1983 года, калі я быў прыняты на працу.
З таго першага знаёмства засталіся ў памяці няёмкасць і разгубленасць першага прыходу на кафедру. Сёння гэта можа падацца дзіўным, але я не ведаў Калесніка ў твар і сярод двух найбольш падыходзячых па ўзросту лабастых, з залысінамі на ўсю галаву, мужчын (гэта былі У.А. Калеснік і А.А. Майсейчык) не мог вызначыць, хто з іх Ул. Калеснік, аж пакуль адзін з іх не заняў за сталом належнае яму месца загадчыка кафедры. Здзівіла суровая і нават некалькі прыгнечаная атмасфера паседжання кафедры — нібы гэта засядаў перад важнай аперацыяй штаб партызанскага атрада: твары выкладчыкаў былі напружаныя, яны яўна хваляваліся, робячы справаздачы ці выказваючыся… Кідалася ў вочы, што аўтарытэт Уладзіміра Андрэевіча быў тут не проста высокі, але бясспрэчны і нават безагаворачны. Яркая партызанская біяграфія, салідныя навуковыя і пісьменніцкія здабыткі, маштаб асобы і таленту, відочныя лідэрскія якасці, нарэшце, прынцыповасць і патрабавальнасць не толькі забяспечвалі яму асаблівае, выдатнае месца на кафедры і ва ўсім інстытуце, але і стваралі пэўную дыстанцыю паміж ім і астатняю часткаю кафедры. І часта ў гэтых «зазорах» не толькі іскрыла, але і грымела… І ўсім было зразумела, хто тут гаспадар. Так што, калі б Уладзімір Андрэевіч хацеў зрабіць пэўнае ўражанне на навабранца, дык задумка яму яўна ўдалася — эффект быў поўны! Прывыклы да больш свабодных каляжанскіх і нават сяброўскіх дачыненняў на сталічнай кафедры, дзе працавалі тады А. Лойка, Н. Гілевіч, С. Александровіч, Дз. Бугаёў, В. Казлова, К. Хромчанка, Р. Семашкевіч, Л. Тарасюк і інш., дзе знакамітасць, што называецца, церлася аб знакамітасць, я быў яўна ўзрушаны кантрастам...
Кафедра закончылася… Усё астатняе працякала звычайна і, бадай што, банальна: супакоены, размерваючы словы і неяк нават будзённа Уладзімір Андрэевіч пацікавіўся тэмай, абмеркавалі нагрузку… Зблізку, сам-насам, гэта быў звычайны і просты чалавек, няспешны ў рухах і гаворцы, з адкрытым і прамым позіркам. Запомніліся яго выразны, як з-пад разца скульптара, твар, напружаны, «мысліцельны» лоб і дзівосныя, колеру чырванаватай алівы, глыбокія і ўважлівыя вочы.
Па часе адкрылася мне ў ім і іншае: пры ўладным, строга дзелавым і прынцыповым (без панібрацтва і ўсякіх інтэлігенцкіх «штучак») стылі кіравання кафедрай, як загадчык ён быў яе сапраўдным лакаматывам, ствараў і ўсяляк падтрымліваў сярод калег па працы атмасферу навуковага пошуку, цаніў арыгінальнасць, заахвочваў навуковыя дыскусіі і сам быў яркім палемістам. Кожны мог свабодна і прынцыпова выказацца па любой навуковай праблеме, працах, што з’яўляліся ў рэспубліканскім друку, рыхтаваліся на кафедры і інш. Часта пад агонь хатняй кафедральнай крытыкі «падстаўляўся» і сам загадчык, выносячы на абмеркаванне свае кнігі і артыкулы, аб якіх хацеў пачуць староннюю думку, выверыць пазіцыю. І трэба сказаць, што такія абмеркаванні не былі ў нас на кафедры фармальнымі, а сам ініцыятар успрымаў іх чула і, думаю, не без карысці… Танная кампліментарнасць, шырока распаўсюджаная ў навуковых асяродках, была тут не ў пашане…
Між тым, мае адносіны з Уладзімірам Андрэевічам складваліся пакуль што няроўна, ішла, што называецца, «прыцірка»… Ён прыхільна ставіўся да маёй працы як выкладчыка. Наведаўшы аднойчы лекцыю, напрарочыў мне будучыню харошага лектара і больш ніколі не прыходзіў з кантрольным наведваннем… У той жа час пабуркваў на маю няўступлівасць ў палеміцы і звычку прыходзіць на пасяджэнні кафедры, што называецца «пад абрэз». Прычым артыкуляваў гэтае сваё незадавальненне так ярка і вобразна, што я, успамінаючы ўсё гэта сёння, не магу не ўсміхнуцца яму туды, насустрач: «апошняе слова павінна быць за ім…», «гэты не недасоліць і не перасоліць…».
Пакуль што прагноз Алега Антонавіча «на любоў» не вельмі апраўдваўся і нават зрэдку выварочваўся для мяне аўчынкай: ці то я паводзіў сябе залішне самастойна і незалежна, што магло ўспрымацца ім як парушэнне субардынацыі, а можа, і як зазнайства звычайнага «выскачкі» з партыйнага асяроддзя, якіх па тадышняй завядзёнцы пасылалі на вытворчасць, у міліцыю, ва ўстановы адукацыі і культуры дзеля кар’ернага росту і ўмацавання, так сказаць, кіруючай ролі партыі… Ці нешта іншае, не ведаю: чалавек жа не бачыць сябе збоку, толькі знутры…
…Неўзабаве гэтае непаразуменне вылілася ў недарэчны і зусім неабавязковы канфлікт. Восенню 1984 года ў Доме літаратара праходзіла вечарына, прысвечаная, здаецца, Валянціну Таўлаю, якую вёў Уладзімір Андрэевіч. Напярэдадні мы дамовіліся па тэлефоне з Алегам Антонавічам, які таксама павінен быў там прысутнічаць, аб сустрэчы, каб абмеркаваць пытанні, звязаныя з маёй працай. І я прыехаў у Мінск. Вечарына, што называецца, удалася. Калеснік выглядаў трыумфатарам. Да яго падыходзілі і падыходзілі людзі… Мне таксама хацелася падысці і павіншаваць яго з удалым выступленнем і поспехам мерапрыемства, аднак перарываць гаворку лічыў непрыстойным і чакаў… Ён гэта добра бачыў і пры гаворцы раз-пораз паглядаў на мяне. Размовы зацягваліся. Алег Антонавіч даўно стаяў апрануты, і я мусіў рабіць выбар — часу на кансультацыю і да цягніка заставалася няшмат…
Назаўтра выпадкова сустрэліся на калідоры. Калеснік быў яўна раздражнёны і бліскаў вачыма. Прычына знайшлася імгненна:
— Чаму паехаў без дазволу?
У запале выгаварылася і галоўнае:
— Бач, які пан! Пачакаць не можа!..
Я здзіўлена і моўчкі пазіраў на яго. Сказаў толькі з горыччу:
— Вось так са мною заўсёды, пакуль людзі мяне не ведаюць…
Ён неяк адразу аціх і сумеўся…
Дзіўна, але нейкай асаблівай крыўды, тым больш страху ад гэтага нечаканага гарачлівага «наезду» я не адчуваў. Можа таму, што і сам Калеснік, і тое, як ён злаваўся, што гаварыў, былі нейкімі вельмі ўжо свойскімі, знаёмымі з маленства, ад бацькоў, а ад таго — нябоязнымі і нават смешнымі… Як гэта бывае, калі дзеці ўжо павырасталі:
— Ну-ну, няхай пакрычыць, з хаты не выганіць!..
Жыццё працягвалася… Адно было мне зразумела: быў гэта не бюракратычны канфлікт начальніка і падначаленага, а, хутчэй, канфлікт бацькоў і дзяцей, канфлікт характараў і абставін, дзе перамога аднаго была б паражэннем абодвух…
Уладзімір Андрэевіч быў чалавекам аскетычным, апантаным працай, з моцным унутраным самакантролем у дачыненні да ўсяго, што датычылася навуковых і творчых планаў, выканання службовых і грамадскіх абавязкаў. Ён быў заўсёды максімальна адмабілізаваны і сканцэнтраваны на тым, што рабіў і чым займаўся ў дадзены момант. Па-за такім вось ахвярным, насычаным працай жыццём, не бачыў ні сябе, ні членаў сваёй кафедры: сам быў у цуглях цяжкой, самаахвярнай працы, дабраахвотных і афіцыйных абавязкаў і ўсіх прыпрагаў у такі ж самы воз… Нейкіх выключэнняў, саступак не прызнаваў… Доўг і абавязак, як ён іх разумеў, дамінавалі ва ўсіх ягоных учынках. Да гэтага дадаваліся яшчэ і нейкія ўнутраныя, не заўсёды бачныя староннім творчыя імпульсы, уласныя перакананні і прынцыпы, якія вынікалі, відаць, з характару выхавання і асабістага жыццёвага вопыту, так што некаторыя ягоныя ўчынкі і рашэнні не заўсёды можна было правільна зразумець і вытлумачыць.
…Пасля Чарнобыльскай трагедыі жыццёвыя абставіны зусім загналі мяне ў куток: у гэты год сям’я мая яшчэ падрасла, нарадзілася дачка, даймала пастаяннае безграшоўе, а навуковая праца мая па-ранейшаму «вісела»… Трэба было нешта рабіць. У 1988 г. я вельмі разлічваў на стажыроўку, якая належала мне пасля пяці гадоў працы, каб папрацаваць у Нацыянальнай бібліятэцы з рэдкімі, недаступнымі ў абласным цэнтры, крыніцамі і матэрыяламі. Уладзімір Андрэевіч, аднак, упарціўся і на стажыроўку чамусьці не згаджаўся. Лічыў тыя стажыроўкі балаўством, ці што…
Было крыўдна… Тым больш, што за гэты час паміж намі ўсталяваліся адносіны поўнага даверу і ўзаемнай сімпатыі, якія з пэўнай агаворкай, улічваючы розніцу ва ўзросце і тую натуральную дыстанцыю, якая вынікала з маштабу асобы Уладзіміра Андрэевіча, можна назваць сяброўскімі: збліжалі навуковыя інтарэсы, блізкія падыходы ў ацэнках літаратурных і грамадскіх працэсаў, людзей і з’яў. Мы мелі патрэбу адзін у адным: сустракаючыся на кафедры, у інстытуце, на розных грамадска-культурных мерапрыемствах і прыватных кафедральна-сямейных урачыстасцях, маглі падоўгу гутарыць на самыя розныя тэмы, абменьвацца думкамі і ўражаннямі. Часта гэтыя гаворкі пераносіліся на вуліцу, на кватэру да Уладзіміра Андрэевіча, дзе ён не раз прыязна сустракаў мяне з прыветнай і гасціннай Зосяй Міхайлаўнай…
Таму неразуменне і адсутнасць згоды цяпер кальнулі асабліва балюча… Міжволі, сам таго не жадаючы, я нечакана грукнуў дзвярыма і пайшоў з кафедры…
Пры звычайнай маёй стрыманасці гэта нешта ды значыла. І Калеснік, відаць, зразумеў… Стажыроўку я атрымаў. І ў мінскіх, з пахам «чаромхі», «Дзядах» 30 кастрычніка 1988 г. пахрысціўся, і свой выпакутаваны раздзел пра адраджэнне і радавод Маладой Беларусі ўсё-такі напісаў…
Тыя 1988 і 1989 гг. былі пераломнымі ва ўсіх адносінах. Як ніколі раней, мы пачуліся з Уладзімірам Андрэевічам у адной лодцы. Наколькі хапала сіл, не згаворваючыся, кожны рабіў сваё: канферэнцыі, дыскусіі, сустрэчы ў школах і на прадпрыемствах, круглыя сталы і перадачы на тэлебачанні, агітацыя за беларускія класы — усё было кінута на алтар новай, што нараджалася ў пакутах гісторыі, радзімы…
І ён, ўжо немалады, пад дышаль загружаны навуковай і літаратурнай працай і рознымі службовымі і грамадскімі абавязкамі, кругом падстаўляў сваё плячо — радзіў, абараняў, дапамагаў, заступаўся…
…Ён першы адведаў мяне ў аддзяленні сасудзістай хірургіі абласной бальніцы, куды я нечакана трапіў улетку 1989 г. пасля крывазліцця ў мозг. Сядзеў… Гаварылі… І для мяне гэта было вельмі важна, каб жыць далей…
Яшчэ праз год ён чытаў маю дысертацыю… Спачатку хмурыўся і бурчаў. Пасля другой главы, што пісалася ў Мінску, супакоіўся, а ў выніку на абмеркаванні сказаў, што «работа арыгінальная…». І гэтая ягоная ацэнка акрыляла і дадавала сілы, умацоўвала веру ў сябе. Я і да гэтай пары захоўваю той першы экземпляр з ягонымі паметкамі, заўвагамі, а часам, з іранічна-смяшлівымі эмацыянальнымі каментарамі ў адпаведных, відаць, не самых удалых месцах працы: «Кот і сабака!..», «Жук і жаба…».
А сказаць, ці, яшчэ дакладней, сказануць Уладзімір Андрэевіч мог!.. Ох, як мог!.. Гумар, досціп былі надзвычай каларытнымі рысамі яго натуры, што ішлі ад глыбокага і арыгінальнага розуму, назіральнасці, імгненнай псіха-эмацыянальнай рэакцыі на самую складаную сітуацыю.
…Неяк у нас на факультэце выступаў з беларускімі песнямі адзін малады, але папулярны ўжо спявак. Голас ён меў цудоўны і поспех у аўдыторыі — адпаведны. Усцешаны Уладзімір Андрэевіч запрасіў яго разам з арганізатарамі праграмы да сябе ў госці. Атмасфера вечара была прыўзнятая і радасная: гучалі песні, жарты, красамоўныя тосты… І тут разамлелы ад ўвагі і выпіўкі госць, відаць, страціў самакантроль і незаўважна перайшоў мяжу дазволенага. Убачыўшы на сцяне цудоўныя пейзажы, выкананыя гаспадаром, пахваліў іх і нечакана выказаў жаданне іх купіць…
Узнікла няёмкая паўза… І тут прагучаў спакойны і далікатна-ўсмешлівы голас Уладзіміра Андрэевіча: «Вы ведаеце, я ўсе свае карціны лічу незакончанымі…».
Ён быў лідэрам ва ўсім — у малым і вялікім, у аўдыторыі і дома, нават калі лавіў рыбу і збіраў грыбы. Ніякае іншае месца, акрамя першага, яго не задавальняла. Выслоўе «Лепей быць першым на вёсцы, чым другім у Рыме» — гэта пра яго…
Помню, паехалі аднойчы ў грыбы, на ягоным легендарным чырвоным «Масквічы-407». Здаецца, учатырох: ён, вядома ж, за рулём, нашы выкладчыкі Мікола Аляхновіч, Уладзімір Сенькавец і я, хто дзе, — у карэце. Добра пахадзілі… Уладзімір Андрэевіч прыстойна-такі назбіраў. Ідзе задаволены, у кошычку акуратна падрэзаныя, падчышчаныя баравічкі бялеюцца… Падцягваемся да машыны, каб ехаць дадому, бо змяркацца пачало. І раптам, ідучы следам за Калеснікам ужо да машыны, пачынаю падымаць (за ім!) баравік за баравіком, адзін прыгажэйшы за другі, ды яшчэ радасна дэманстраваць свае знаходкі…
Гляджу: Уладзімір Андрэевіч зноў пашыўся ў лясны буралом!..
Добра, што сцямнела…
Цярпець не мог розныя «бабскія» (тым больш мужчынскія) плёткі-сплёткі, калянавуковыя інтрыгі і, асабліва, той стан дробязнага запалу і непамерных жаночых амбіцый, аб якім гавораць:» Ну, усё! Зайшла шляя пад хвост…». Таму і жанчын на кафедру падбіраў з асцярогаю… Да навуковых здабыткаў жаночага полу ставіўся паблажліва. Таму з асаблівым піетэтам вылучаў сярод іх «светлыя галоўкі».
— Разумныя!.. Асабліва гэтыя дзве — казаў пра Галіну Мікалаеўну Малажай і Веру Якаўлеўну Зарэцкую. Цаніў у жанчынах розум, але найперш усё ж жаночую красу і абаяльнасць, далікатнасць і інтэлігентнасць. Узорам гэтых якасцяў была для Уладзіміра Андрэевіча ягоная жонка Зося Міхайлаўна — жанчына і прыгожая, і разумная, і адданая яму ва ўсіх справах. З асаблівай сімпатыяй ставіўся на факультэце да Ліліі Валер’еўны Асташонак, Станіславы Антонаўны Каралевіч, Марыі Іванаўны Новік.
Быў ён, так бы сказаць, эстэтам ва ўсім і заставаўся такім і ў старасці. Помню, ідучы на ўступныя экзамены, жартаваў:
— Ну, не набяром разумных, дык прыгожых… Каб было на кім воку спыніцца!
Чалавек ён быў патрабавальны, прынцыповы, часам залішне суровы… Але заўважыўшы ў іншым нейкі талент, нейкую праўду ці іскру, якую той нёс і атуляў у сабе, лагоднеў і дабрэў. Перад бескарыснай красой, адкрытай і шчырай чалавечай душой быў ён безабаронны — адкрываўся і ішоў ёй насустрач, браў пад сваю апеку… Не па абавязку — па сэрцы, па пачуцці натуральнай справядлівасці, па перакананні і веры, што свет павінен быць лепшы, больш дасканалы…
Паводле свайго прызвання Уладзімір Андрэевіч быў літаратурным садоўнікам. Ён меў свой Душэўны Сад, у якім радаваўся кожнаму дрэўцу, даглядаў і песціў кожную дарагую яму былінку. Найперш любіў і атуляў сваёй увагай і клопатам мясцовых гадаванцаў, сваю заходнебеларускую паляну. Уважліва сачыў за публікацыямі членаў кафедры, за кожным маладым літаратурным парасткам, што набіраў сілу…
Зазначу, што не было ў ягоным «садоўніцтве» ні каліва нейкай правінцыйнай абмежаванасці, паблажлівасці да «сваіх» і інш. Наадварот, падцягваў і нацэльваў усю мясцовую навукова-творчую эліту на ўзровень нацыянальны, еўрапейскі. Аднак і ў крыўду не даваў, некваліфікаваных ці беспрынцыпных «наездаў» не дараваў…
Ведаю гэта на ўласным прыкладзе. Калі ў 1985 г. часопіс «Полымя» апублікаваў артыкул адной сталічнай аўтаркі, якая напярэдадні юбілею рабіла агляд друкаванай прадукцыі, прысвечанай скарынаўскай тэматыцы, і, не вельмі клапоцячыся аб фактах і аргументацыі, што называецца ўслодыч «праехалася» па публікацыі невядомага ёй маладога аўтара, ён запатрабаваў ад мяне (а гэта была менавіта мая публікацыя) усе зыходныя матэрыялы, уважліва з імі пазнаёміўся. Паставіў на абмеркаванне кафедры падрыхтаваны мною артыкул у адказ, які рыхтаваўся для друку ў «Весніку БДУ», і пазней у адной лімаўскай публікацыі, прысвечанай праблемам сучаснай беларускай крытыкі, згадаў-такі маю крыўдзіцельку, якая, па яго словах, «села ў лужу смешнага», узяўшыся крытыкаваць працу аспіранта…
Крытэрыі праўды і хараства былі для яго не нейкімі ўмоўнымі, адцягненымі літаратуразнаўчымі паняццямі, але рэальнымі жыццёвымі прынцыпамі і перакананнямі, за якімі стаялі жывыя людзі, іх пачуцці, ідэалы, учынкі, паводле якіх ён сам жыў і тварыў… Гэта і надавала яго працам жыццёвую пераканаўчасць і глыбіню, выводзіла сам жанр літаратурна-мастацкай крытыкі, у якім ён працаваў, на стык з публіцыстыкай.
Крытык ён быў адмысловы… Прызначэнне і функцыю гэтага высокага літаратурнага рамяства, якое сам ён узвёў у ранг мастацтва, разумеў глыбока і дасканала. Гэта ад яго, Уладзіміра Андрэевіча Калесніка, я ўпершыню пачуў выказванне, якое прымусіла моцна задумацца: «Сапраўдны крытык не той, што ўмее адрозніць добрае ад кепскага, а той, хто ўмее адрозніць добрае ад выдатнага».
Над працаўнікамі гэтага літаратурнага цэха яго прыўздымала вышыня мысліцеля, які ўспрымаў і ацэньваў літаратуру і яе творцаў найперш з пункту гледжання іх высокай місіі ў грамадстве — як правадыроў, настаўнікаў і заступнікаў свайго народа…
Ён не проста суправаджаў літаратурны працэс, але разведваў для літаратуры новыя шляхі і дарогі, вёў творцаў за сабою, раскрываў перад імі новыя перспектывы і мажлівасці.
За выключэннем хіба што М. Багдановіча, я нешта не прыпомню ў гісторыі нашай літаратуры імя якога-небудзь іншага крытыка, якому б каля двух дзясяткаў удзячных паэтаў — ад Уладзіміра Караткевіча да маладой і таленавітай паэткі Святланы Варонік (дарэчы, яго былой студэнткі) — прысвяцілі б свае вершы…
А гэта, згадзіцеся, не абы-якое прызнанне!
Было ў ім нешта маладое, хлапечае, вера ў мужчынскую дружбу, у надзейнае плячо сябра, якому давяраеш, як самому сабе…
На ўсё жыццё ў ім захавалася вынесенае, відаць, з вясковых хлапечых грамад і гімназіі пачуццё таварыскай сябрыны, умацаванае пазней у партызанцы абавязкам вернасці доўгу і ўзаемавыручкі, якія ён цаніў у чалавечых узаемаадносінах найвышэй…
Па-за гэтымі якасцямі і атмасферай ён не мысліў сабе стасункі і супольнае жыццё людзей у калектыве, грамадстве.
Добра помню ягоны гнеў і абурэнне, калі, паехаўшы восенню 1991 года па журавіны на Бабровіцкае возера, мы ўтраіх — Уладзімір Андрэевіч, я і добры знаўца гэтых мясцін, выкладчык нашага інстытута Уладзімір Барысюк — былі бяспечна «забытыя» ў глухім балоце, на другім баку возера, мясцовым рыбаком.
Глынуўшы гарэлкі, той бесклапотна спаў сабе дома, забыўшы і пра абяцанак налавіць свежай рыбы для прыезджых, і на іх самых…
Не было яго ні ў назначаны час — у сем гадзін вечара. Ні ў восем… Адплылі апошнія лодкі з вясковымі жанчынамі, якія ладзілі тут свой журавінавы промысел… І на ўсім агромністым балотным абшары — між лесам, небам і вадою — засталіся мы адны …
У святым няведанні адносна таго, што рыхтуе нам лёс, мы, аднак, асабліва не хваляваліся — мала якая магла быць прычына для затрымкі!.. Ды шчыра кажучы, й сама душа не адпускала адсюль, як бы хацела ізноў зліцца з прыродай, вярнуцца ў сваю старую калыску з зялёных ельнікаў і хвой, ірдзяна-залацістых клёнаў і рабін, што навісалі над берагамі і адбіваліся ў акварэльна-мяккай і нейкай ласкава-прыветнай азёрнай вадзе…
Стаяла тая пара залатога адцвітання, калі ўсю істоту ахоплівае разлітая ва ўсёй прыродзе нейкая недасягальна высокая і пранізлівая краса, што аддавалася ў сэрцы салодкай тугой развітання — як бы усё гэта бачыш і адчуваеш ў апошні раз…
Тыя ж пачуцці, здаецца, перажывалі і мае спадарожнікі. Я бачыў гэта па ўлагодненым, задуменна-мройлівым твары Уладзіміра Андрэевіча, сцішанасці звычайна гаваркога і ўважліва-цікаўнага да калег Валодзі Барысюка. Цяпер, чакаючы маторкі і бавячы час у бесклапотным сузіранні навакольнай прыроды, я меў магчымасць неяк пільней прыгледзецца да Уладзіміра Андрэевіча.
Выглядаў ён фацэтна: падцягнуты, па-паходнаму акуратна апрануты, у зухаватай, скошанай крышачку набок, бярэтцы а ля камендантэ Чэ Гевара, з доўгім, падобным да кінжала, паляўнічым нажом у скураной похве, прыладжаным да пояса, ён, і сапраўды, нечым салідарна нагадваў паўстанца з гор Сьерра-Леонэ, што па нейкай неверагоднай траекторыі трапіў у нашэ балатэ…
Словам, каб не банальнае вядро ў руках, напалову напоўненае журавінамі, якое трошкі канспірыравала былога партызана, выглядаў ён вельмі геройскі!.. Было відаць, што рамантыка партызанкі і цяпер, у паважаным ужо ўзросце, не адпускала Уладзіміра Андрэевіча, вяртала яго ў пару адважнай і буянай маладосці…
На жаль, наперадзе нас чакалі не рэвалюцыйны подзвіг і не настальгічныя ўспаміны былога партызана аб гераічных дзеях дзён мінулых. Чытаць бы нам перад гэтай паездкай «Палескіх рабінзонаў» Я. Маўра!..
…Выйшлі ўжо ўсе тэрміны чакання, адпушчаныя на магчымыя замінкі і перашкоды, пазбіраны ўсе падбярозавічкі, выяўленыя побач з нашай «стаянкай», у беразнячку, перагавораны звычайныя ў такіх выпадках тэмы, а матарызаванага нашага правадніка ўсё не было… Цёплы восеньскі надвячорак змяніўся няўтульным вечарам, што няўмольна хіліўся на ноч. Пайшоў дождж, пад нагамі захлюпала…
Такая ж раптоўная перамена адбылалася і ў настроі Уладзіміра Андрэевіча… І тут, каб неяк развеяць няёмкасць і прыкрасць хвіліны, Валодзя Барысюк, які, як ініцыятар паездкі, міжвольна нёс на сабе ўвесь цяжар адказнасці за няўдалае мерапрыемства, падкінуў «тэму»:
— Уладзімір Андрэевіч, раскажыце, як было ў партызанах?.. — Лепш бы ён гэтага не гаварыў! Гневу Калесніка не было мяжы:
— Ты быў у партызанах? Ты ведаеш, хто такія партызаны!.. — Ад Валодзі агонь, як па сухой леташняй траве, перакінуўся далей… Дасталося тут не толькі «евангельскаму рыбаку», які абяцаў забяспечыць нас рыбай, але і жончынай радні Барысюка, якая не трывожыцца і не рупіцца аб «прапаўшых», а ўжо ж цёмна… і павінны ж бачыць, што людзей няма…». Без віны вінаваты Валодзя мужна цярпеў, на ўсякі выпадак, бокам, адыходзіўся бліжэй да возера і пільна ўзіраўся ў даль… Вулканічны выкід агню і сажы закончыўся філасофскай сентэнцыяй, з якой вынікала, што ў гэтым аблудным свеце «… лепш жыць аднаму!» Гэта значыць, пакладацца толькі на самога сябе!
Між тым, сітуацыя, і сапраўды, складвалася трагікамічная: з таго берагу ніякіх вестак. З гэтага — на 15 кіламетраў навакол — непраходнае пасля дажджу балота…
Зняволеныя на невялікім лапіку больш-менш цвёрдай зямлі перад берагам, пад шатром мокрых дрэў, мы ўсё больш хмурнелі і чуйна ўслухоўваліся ў заціхаючыя гукі жыцця, што зрэдку даносіліся з таго другога, далёкага і нябачнага нам берага возера, дзе тулілася вёска, сілячыся пачуць адтуль такі жаданы стук матора…
Цяпер, з дыстанцыі часу, я ўжо не ведаю, абурацца ці захапляцца нашым «ратавальнікам». Праспаўшыся, а, хутчэй за ўсё, разбуджаны сярод ночы сваякамі, ён у суцэльнай цемры абсалютна дакладна, як касманаўт, прыстыкаваў свой чаўнок да берага, дзе яго ўжо даўно падчэквалі згаладнелыя і добра такі выматаныя нечаканымі прыгодамі «палескія рабінзоны»…
Ведаючы нораў Уладзіміра Андрэевіча, я асцерагаўся «другой серыі», але порах, відаць, ужо адсырэў… Ды і ўсе мы былі цяпер разам у адной (зусім не сімвалічнай, а рэальнай) лодцы, з нашым яшчэ неацверазелым гора-правадніком, які, стоячы, як у самнабулічным сне, на самым носе маторкі, гнаў яе некуды ў цемру па адным яму вядомым маршруце…
Хлюпала чорная восеньская вада пад днішчам, мерна гудзеў матор. Усю дарогу назад Калеснік панура і горка маўчаў. Мы сядзелі на карме лодкі плячо ў плячо, і я добра бачыў: Уладзімір Андрэевіч перажываў… За сваю гарачлівасць і нястрыманасць, за нялюдзкі свет, у якім разбураюцца нармальныя чалавечыя адносіны — давер, вернасць слову і абавязку. За дарагую сваю палавінку… за Зосю Міхайлаўну, што недзе там, адна дома, трывожыцца і пакутуе ад няведання, што ж магло здарыцца з ім ў тых журавінах…
Сын патомнага плытагона, былы камандзір разведкі і начальнік штаба партызанскага атрада, ён ведаў цану чалавечай адказнасці перад іншымі людзьмі…
Лес і пушча, вясковыя дарогі і лясныя аселіцы заўсёды супакойвалі і суцяшалі Уладзіміра Андрэевіча. У такіх вандроўках з ім добра было маўчаць, перажываючы разам красу роднай прыроды, яе краявіды, свабодна пускаючы павады думкам…
На ўлонні прыроды, у лесе беларус — як нідзе — становіцца сам сабою, пазбаўляецца свайго звыклага двайнога дна, раскрываючы душу да самага донца. Не маючы ўласнага Зауралля і Сібіры, як расейцы, задняпроўскіх стэпаў — як украінцы, ці адкрытай у шырокі свет воднай прасторы — як прыбалты, беларус вынайшаў уласны спосаб унутранай эміграцыі і дысідэнцтва. Лес — наш старадаўні схоў і прытулак… Яму давяраем мы свае самыя важныя і патаемныя думкі… Ён — адзіны, хто не здрадзіць і не выдасць…
Можа, гэта толькі мае ўласныя, зусім неабавязковыя фантазіі і прыдумкі… Але здарылася так, што менавіта ў часе лясной вандроўкі, недзе ў канцы чэрвеня ці пачатку ліпеня 1991 года, Уладзімір Андрэевіч і сказаў мне:
— Генадзь, трэба выходзіць з партыі. Партыя не рэфармуецца і тармозіць усякі грамадскі прагрэс…
Сітуацыя, і сапраўды, даспела… Думка была супольная. Думаю, аднак, што яму, за доўгія гады працы прывыкшаму да партыйнай дысцыпліны і выканання розных партыйных даручэнняў, суроваму крытыку ўсякага роду калабарантаў і перакінчыкаў, нялёгка далося такое радыкальнае рашэнне…
Праўда, здзейсніць гэты грамадзянскі ўчынак не ўдалося. Рух падзей апярэдзіў нашы намеры…
Не забуду 19 жніўня 1991 года. Раніцай, гадзін каля сямі, мяне разбудзіла жонка:
— Генадзь, уставай! У Маскве ваенны пераварот! — Хутка ўскокваю і кідаюся да тэлевізара… Па Маскве, равучы маторамі і лязгаючы гусеніцамі, суцэльным патокам ідуць бранявыя танкавыя калоны. Паказваюць Красную плошчу, кадры паседжання ГКЧП. Дыктары зачытваюць пастанову аб увядзенні па ўсёй тэрыторыі Савецкага Саюза надзвычайнага становішча…
Ашаломлены ўсім убачаным і пачутым набіраю кватэру Калеснікаў:
— Уладзімір Андрэевіч! У Маскве пераварот! — Ён яшчэ нічога не ведае… Доўгая, цяжкая паўза… Затым кароткае:
— Генадзь, я табе пазваню…
Пазваніў Уладзімір Андрэевіч на трэці дзень:
— Ну, што ты скажаш? Авантурысты!..
І ні слова пра самае галоўнае: колькі паміж гэтымі двума званкамі было ім перажыта і перадумана... З ягоным то жыццёвым вопытам і веданнем таго, як гэта магло быць!..
Калеснік мяняўся разам з часам… Хоць напачатку перамен ён у адной літаратурнай анкеце і заяўляў бяспечна, што яму, маўляў, няма патрэбы перабудоўвацца, час і яго вызваляў з абдымкаў таталітарнай ідэалогіі, выводзіў за чырвоныя сцяжкі марксісцка-ленінскай дагматыкі і нарматыўнай эстэтыкі, прыадкрываў дзверы закрытых спецфондаў і спецхранаў, разбураў манаполію на ісціну. І ён чэрпаў з гэтых новых мажлівасцяў поўнай жменяй…
Той незраўнаны ўзровень творчай свабоды, які ён прадэманстраваў у сваіх апошніх кнігах і публікацыях («Усё чалавечае…», «Доўг памяці», «Менталітэт — птушка крыўдлівая…», у падрыхтаванай да перавыдання галоўнай кнізе жыцця «Ветразі Адысея» і інш.), быў вынікам яго безупыннай працы над сабою, яго абвостранай адказнасці перад жыццём, літаратурай, перад наступнымі пакаленнямі… Але ён і не патураў гэтаму новаму часу, не стараўся патрафляць яму, маючы на ўсё свой уласны, выпакутаваны жыццём і лёсам, погляд, стараючыся, як і раней, зазірнуць за звілістыя павароты сучаснасці — удалячынь… І ў гэтым сэнсе заставаўся самім сабою — Калеснікам!
У тым апошнім для яго 1994 годзе, пры падзеле былой кафедры беларускай літаратуры на дзве, менавіта ён, Уладзімір Андрэевіч, зусім нечакана для мяне прапанаваў маю кандыдатуру на загадванне кафедрай беларускага літаратуразнаўства, якую ён лічыў сваёю і на якой заставаўся працаваць да самай смерці…
Абавязаўшы сваім выбарам і даверам найперш быць самім сабою, жыць і працаваць па самым высокім рахунку, па-за кан’юнктурай часовых палітычных пасьянсаў і грашова-кар’ерных інтарэсаў, дзеля таго, каб большала тых, хто любіць, прафесійна ведае і навучае роднаму слову, дзеля будучыні…
Той ягоны колішні арыенцір для многіх з нас, хто не забыў маральныя ўрокі У. Калесніка, і сёння вышэй і аўтарытэтней усякіх прызначэнняў, званняў і ўзнагарод…
Развіталіся мы з Уладзімірам Андрэевічам восенню, у бальнічнай палаце абласной бальніцы. Без непатрэбных і лішніх слоў… Проста паглядзеўшы адзін аднаму глыбока ў вочы… На развітанне ён толькі леценька, аднымі пальцамі, памахаў мне рукою ўжо праз шкло бальнічнага акна… Як блаславіў!..
Яшчэ праз некаторы час па просьбе Зосі Міхайлаўны мы ўдваіх з Уладзімірам Адамавічам Сенькаўцом апраналі Яго перад апошняй дарогай…
Памяць чамусьці настойліва падказвае мне, што ў пакоі, каля ложка, на крэсле стаяла незакончаная ім карціна. Вясковы пейзаж, змаляваны з ляснога ўзгорка над абрывам, над якім ён пачаў працаваць яшчэ падчас адной з нашых сумесных лясных вандровак…
Сёння той пейзаж узгадваецца мне як ягонае апошняе пасланне ўсім нам, як напамінак аб вечнай, неўміручай сіле мастацтва і роднага слова, што лучаць нас з роднай зямлёю…
Гэта няпраўда, што няма незаменных людзей!.. Пасля сыходу з жыцця многіх выдатных творцаў у свядомасці нацыі — як пасля карчоўкі саду ці дубровы — застаюцца скразныя прагалы і глыбокія рытвіны, якія не зарастаюць дзесяцігоддзямі. Уладзімір Калеснік быў адным з такіх магутных дрэў…
У плыні паўсядзённага жыцця, калі апынаешся перад цяжкавырашальнымі праблемамі ці нечакана падступае да сэрца смяротная туга па нечым высокім і недасягальным, часцей за іншых успамінаецца ягоны твар, ягоныя глыбокія, удумлівыя вочы, якія, здаецца, ведалі пра гэты свет усё…
Ёсць рэчы, пра якія можна было пагаварыць толькі з ім…
Мікола Мішчанчук. Тры сустрэчы з Уладзімірам Андрэевічам
Заўсёды здзіўляўся яго няўрымслівасці, апантанасці, каласальнай працавітасці, непахіснасці ў адстойванні ідэалаў, якія ён лічыў правільнымі. Як і многія іншыя, асабліва маладыя, пачынаючыя літаратуразнаўцы, баяўся яго прысуду — рэзкага, бескампраміснага, хоць і часам завуаляванага вусцем мяккіх слоў, выбачальнай канцоўкай, якой заканчвалася «лупцоўка» на добрую навуку. Аднойчы перажыў страшэнны стрэс пасля ягонай ацэнкі майго лімаўскага дыскусійнага артыкула «Не толькі страты!». Хлопцы (Анатоль Сідарэвіч найперш, калі не памыляюся) падставілі: «Што там яны, „свяцілы“ навукі, усё пра недахопы і страты. А пра дасягненні ніхто ні слова! Напішы. Надрукуем хутка». Напісаў... Надрукавалі... Падгладзілі, каб пазітыў вытыркаўся напаверх, быў бачны няўзброеным вокам. Хай бы на той час усе ручкі ды стрыжні зніклі. Але не зніклі. Ды цешу сябе думкай, што артыкул не такі ўжо і слабы, як падалося строгаму настаўніку. (Па сакрэце пра гэта паведаміў мне былы камандзір разведкі партызанскага атрада, сябра Уладзіміра Андрэевіча — Фёдар Міхайлавіч Янкоўскі, казаў, што артыкул той пісаўся навырост: каб нос не задзіраў да неба ды больш прыслухоўваўся да старэйшых).
Аднак размову павернем у іншае рэчышча... Пры ўсёй сваёй строгасці і бескампраміснасці Уладзімір Андрэевіч быў надзвычай добрым, далікатным, мяккім і шчырым чалавекам. Паважаў і цаніў людзей, заўважаў у іх характарах, душах і сэрцах іскрынку святога і светлага. І яшчэ: будучы сапраўдным інтэлігентам, не ставіўся да людзей абыякава, заўважаў іх, помніў, раз сустрэўшы, ці не ўсё жыццё. Умеў дараваць памылкі тым, хто прагна жадаў іх выправіць і зліквідаваць...
Першая сустрэча з Уладзімірам Андрэевічам (калі не памыляюся, не без удзелу Фёдара Міхайлавіча: «Цябе пасылаюць у Брэст правяраць кафедру Калесніка. Я падказаў у Міністэрстве. Правярай добра. Там многа зроблена») адбылася ці не ў пачатку 70-х мінулага стагоддзя. Малады, «зялёны» выкладчык едзе да вядомага, славутага аўтара кніг, артыкулаў, педагога, пісьменніка, партызана «правяральшчыкам». У душы непакой: «Ці сустрэнуць? Калі не сустрэнуць, што рабіць: горад чужы, нікога не ведаю...» І якое маё было здзіўленне: сустрэў на вакзале САМ Уладзімір Андрэевіч. Не пашкадаваў часу. Не дапісаў новай старонкі пра паэзію, якую старанна не заўважалі, бо пісалася яна ў Заходняй, а не Савецкай Беларусі. А мог прыслаць каго з кафедры — маладзейшага, менш занятага... Пасля зразумеў: Уладзімір Андрэевіч сустракаў не «правяральшчыка», члена камісіі, а Чалавека. Хацеў, каб усё было па-добраму, па-людску. Усё САМ паказаў. Пра ўсё САМ расказаў. Здзівіла, як цяпер помню, краязнаўчая карта «Літаратурная Берасцейшчына» і праца ў гэтым накірунку ў цэлым. Быў уражаны вялікай колькасцю публікацый членаў кафедры ў перыёдыцы. Адчуў яго павагу і сапраўдную чалавечую ласку: як сына свайго павёў дадому, накарміў, затым (як ні адбіваўся) завёў і ўладкаваў у інтэрнат. І адправіў па-чалавечы ў Мінск.
Чым заслужыў я тады яго павагу, думаю да гэтага часу. І схільны меркаваць, што справа тут не ў статусе правяральшчыка (паказаць візіцёрам было што), а ў тым, што хацелася яму пазнаёміцца з яшчэ адным чалавекам, убачыць і зразумець яго, выказаць яму ўвагу.
Другая сустрэча адбылася пазней, калі Антон Аляксандравіч Семяновіч — кіраўнік секцыі беларускай літаратуры пры Міністэрстве адукацыі — павёз нас у горад над Бугам на выязны семінар, абменьвацца думкамі пра стан выкладання слоўнага мастацтва ў ВНУ. І зноў нас сустрэў САМ Уладзімір Андрэевіч — ветліва, шчыра, па-сяброўску. Сам паказваў нам горад. Сам павёз у Гарадзішча, якое толькі-толькі раскапалі і яшчэ не ператварылі ў музей. Ён быў душой семінара, ператварыў чарговае пасяджэнне ў свята гарачых дыскусій, апантаных спрэчак, выпрацоўкі стратэгіі і тактыкі адкрыцця літаратуры студэнтам-філолагам у поўным аб’ёме...
Трэцім разам сустрэча адбылася ў Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя М. Горкага (цяпер педуніверсітэт імя Максіма Танка) на кафедры беларускай літаратуры. Цяпер ужо Уладзімір Андрэевіч прыехаў правяральшчыкам, членам міністэрскай камісіі. Глядзеў навуку, наведваў заняткі. Тактоўна выказаўся пра свае ўражанні, ненавязліва распавядаў пра пажаданні. Я заўсёды (асабліва ў маладыя гады) быў нераўнадушны на лекцыях. Ад некаторых калег атрымаў нават, як гавораць студэнты, «утык» за эмацыянальнасць ды артыстычнасць. Гэтую рысу характару выкладчыка заўважыў Уладзімір Андрэевіч, суаднёс яе з характарам калегі — Рагулі Аляксея Уладзіміравіча, чые лекцыі вызначаліся вытрыманасцю, скіраванасцю на глыбокае асэнсаванне праблем. І на падвядзенні вынікаў праверкі выказаў цікавую думку-прапанову, якая ніяк не пакрыўдзіла выкладчыкаў, заняткі якіх ён наведаў: «Абодва хлопцы на ўзроўні. Ведаюць, што да чаго. Але каб аб’яднаць іх у адной асобе, то было б яшчэ лепш, атрымаўся б ідэальны выкладчык: і артыст, і даследчык, і эрудыт, і пунктуаліст». Сустрэчы з Уладзімірам Андрэевічам былі незабыўныя. Незабыўнай стала яго манера «выказвацца да канца» на канферэнцыях, форумах, пасяджэннях. Ён выказваўся так цікава, што ніхто яго не спыняў: вобразна, эмацыянальна, доказна. Хацелася слухаць і слухаць.
Чалавек арыгінальны, яркі, ён з намі і сёння, памяць пра яго натхняе ўсіх быць лепшымі, дабрэйшымі, хоць крыху падобнымі да яго.
Не будзе жыццё
знявечана,
Пакуль мы чалавечныя,
Пакуль да яго падобныя
Добрыя, непадробныя…
Лілія Асташонак. Незабыўнае
Жыццё чалавека ўяўляецца мне доўгім калідорам, якім ідзеш, а насустрач табе, побач з табою, абмінаючы цябе, рухаюцца людзі. Адны праходзяць, не пакідаючы следу, іншыя зацікаўліваюць сваім нестандартным мысленнем, арыгінальнасцю думак, сустрэчы з трэцімі з’яўляюцца вызначальнымі ў тваім лёсе. Здаецца, каб не адбылася такая сустрэча, тваё жыццё многае б згубіла, было б пазбаўлена яркіх фарбаў.
Для мяне такой выключнай асобай з’яўляецца Уладзімір Андрэевіч Калеснік. Помню, як студэнткай-першакурсніцай спынілася каля раскладу заняткаў, прачытала: практыкум выразнага чытання — дацэнт Ул. Калеснік. У аўдыторыю нетаропка ўвайшоў высокі, падцягнуты, акуратна апрануты чалавек, у руцэ ён трымаў вялікі сакваяж. Мы чакалі, з чаго пачне, што скажа. Уладзімір Андрэевіч сеў за стол, агледзеў аўдыторыю. У гэтым позірку мудрых вачэй чыталася зацікаўленасць, жаданне знайсці сярод моладзі сваіх аднадумцаў. Выкладчык дастаў сшытак і стаў знаёміцца з кожным студэнтам паасобку, запісваючы імя, прозвішча, школу, якую закончыў, а потым папрасіў прачытаць нас свае любімыя вершы. Аўдыторыя паступова запаўнялася мелодыяй паэзіі С. Ясеніна, М. Багдановіча, Я. Еўтушэнкі, не абыйшлося без любоўнай лірыкі Э. Асадава (вядома ж, філалагічны факультэт быў у большасці сваёй жаночым). Мы хацелі здзівіць свайго настаўніка, стараліся, як можна выразней, данесці паэтычнае слова. Але гэта былі намаганні дылетантаў. Уладзімір Андрэевіч уважліва слухаў, нешта запісваў у свой сшытак. Нам было цікава, як ацэньвае наша «майстэрства» выкладчык, чакалі ўхвалення выбару твораў, мастацкага густу, узроўню выканання. Здавалася, што ўсё гэта ёсць у нас.
Напрыканцы заняткаў загучалі словы Булата Акуджавы: «Ах война, что ты подлая сделала?» Верш чытаўся з нейкім штучным надрывам, з залішняй патэтыкай. І раптам пытанне: ці можна ж так чытаць верш пра вайну? Якія пачуцці ўкладваеце Вы ў сваё чытанне і што Вы хочаце сказаць тым, хто вас слухае?
Настрой хутка змяніўся. Тая паблажлівая ўсмешка, якой Уладзімір Андрэевіч суправаджаў наша «высокамастацкае» чытанне, знікла. Мы бачылі, што закранулі нейкую балючую струну нашага настаўніка.
І толькі потым даведаліся, што вайну Уладзімір Андрэевіч пазнаў не па кнігах, яна прайшлася па яго лёсе, пакідаючы шрамы і ў душы, і на сэрцы.
Калі мне пашчасціла пасля заканчэння інстытута пасябраваць з Уладзімірам Андрэевічам і Зосяй Міхайлаўнай, часта бываць у іх гасціннай хаце, падарожнічаць з імі, я заўважыла, з якім болем, з нейкай асабістай віной за загінуўшых сяброў вяртаўся Уладзімір Андрэевіч сваёй памяццю ў партызанскія гады. Мне здаецца, што для яго вельмі важным у ацэнцы чалавека было, што рабіў той у гады вайны, у гады выпрабаванняў. Нават па адносінах Уладзіміра Андрэевіча да сябе я адчула асаблівую цеплыню таму, што была дачкой партызанаў.
Пры гасцінных сустрэчах з беларускімі пісьменнікамі ў хаце Калеснікаў, знаёмячы з Янкам Брылём, Уладзімірам Караткевічам, Аляксеем Карпюком, Нілам Гілевічам, гаспадар прадстаўляў мяне не толькі як маладога выкладчыка нашага інстытута, а заўсёды дадаваў: дачка партызанскага камандзіра.
З удзячнасцю ўспамінаю і такі факт. Раптоўна захварэў мой бацька, яго паклалі ў мінскі шпіталь. Я прыбегла, разгубленая, да Калеснікаў. Уладзімір Андрэевіч тут жа набраў нумар тэлефона Янкі Брыля: нашаму партызанскаму таварышу трэба дапамога.
Праз усё жыццё пранёс Уладзімір Андрэевіч вернасць ваеннаму братэрству, сутнасць якога вельмі трапна адзначаў паэт Булат Акуджава:
Совесть, благородство и достоинство —
Вот оно, святое наше воинство.
Уладзімір Ягоўдзік. З Добраччу ў сэрцы
Вядома, такія паездкі не забываюцца. На дварэ — месяц люты, чырвонае нізкае сонца спяшаецца за далягляд. А мы паціху едзем прыгожаю лясною дарогаю ў растрэсеным ад бясконцых камандзіровак тэлевізійным «уазіку». Куды, чаго на ноч гледзячы? Як звычайна: на літаратурны вечар. Сёння — па запрашэнні Пружанскай раённай бібліятэкі.
У машыне мо крыху цяплей, чым у халадзільнай камеры: тулімся бліжэй адно да аднаго, тупаем нагамі. Але сказаць, што мерзнем, значыць, сказаць няпраўду. Бо на холад амаль не заўважаеш, калі слухаеш Уладзіміра Калесніка. А сёння, нягледзячы на ўсю сваю занятасць — лекцыі ў інстытуце, карпенне над артыкуламі для часопісаў і энцыклапедый — ён разам з намі. I чым дарога даўжэйшая, тым лепш. Будзе што пасля ўспомніць і падумаць над чым — таксама. Бо проста сыпаць словамі на вецер Калеснік не ўмее і не любіць.
Як звычайна, гаворка наша не толькі пра справы літаратурныя, наадварот, яна бліжэй да клопатаў будзённых, зямных. Тым часам пад’язджаем да Пружан. Зірнуўшы на гадзіннік, Уладзімір Андрэевіч кажа: «Хлопцы, дык у нас яшчэ багата часу. Давайце падскочым у Шарашоў. Надта там добрая кніжная лаўка, з пустымі рукамі не застанемся...»
Мы — паэты Алесь Каско, Мікола Пракаповіч і аўтар гэтага слова, канечне, згаджаемся. Нейкіх пятнаццаць-дваццаць хвілін — і мы ўжо ў мястэчку. На жаль, у кніжную лаўку трапіць не давялося: яна была зачынена. Затое кожны купіў сабе цёплыя шкарпэткі. Надзелі іх у машыне на ногі і ў добрым настроі паехалі далей.
Ну, а потым быў літаратурны вечар. У невялікай святочна ўбранай зале людзей сабралася няшмат. Затое на сустрэчу, мабыць, сапраўды прыйшлі толькі тыя, хто любіць і шануе яе вялікасць Літаратуру... Першыя афіцыйна-напружаныя хвіліны. Нарэшце слова бярэ Уладзімір Андрэевіч. Дзіўная рэч: чалавек даўно выкладае ў інстытуце, мноства разоў выступаў перад самай рознай публікай, а ўсё роўна відаць, што хвалюецца. Але толькі напачатку, затым адчуванне мяжы (мы — выступоўцы, астатнія ўсе слухачы) непрыкметна знікае, завязваецца непасрэдная жывая гутарка, у час якой абыякавых няма і не можа быць.
Я асабліва люблю ў такіх выпадках слухаць Калесніка. Сюды, ажно за сто кіламетраў, ён выкраіў час і завітаў не проста, каб расказаць пра новыя творы, надрукаваныя на старонках мясцовых газет ці рэспубліканскіх выданняў. Ён прыехаў падтрымаць аднадумцаў, шчырых прыхільнікаў роднай мовы і культуры. А яшчэ Уладзімір Андрэевіч умее прыкмеціць у сарамлівым зялёным пачаткоўцу не абы-якія паэтычныя здольнасці, дапамагчы яму паверыць у сябе. Таму невыпадкова з кожным годам усё мацней і мацней разгараецца берасцейскае літаратурнае вогнішча, пра якое ён рупліва дбае на працягу ўсяго свайго жыхарства ў горадзе над Бугам.
Седзячы ў цеснаватай, але гасціннай зале, я з цікавасцю ўглядаўся ў захопленыя шчырай гаворкай твары прысутных, быццам спрабаваў здагадацца: чыя іскрынка ўспыхне на нашым літаратурным свяце і паляціць у нялёгкі творчы шлях.
У канцы сустрэчы пасыпаліся пытанні: пра Скарыну і Гусоўскага, пра Купалу і казачніка Рэдкага. I гаварылі мы пра іх, як пра нашых сучаснікаў, жывых людзей, ад чаго на сэрцы асабліва было хораша і светла.
...Назад у Брэст вярталіся позна ўвечары. Мароз прыкметна памякчэў, адчувалася, што нечакана павярнула на адлігу. Амаль усю дарогу маўчалі, зрэдку перакідваючыся словам-другім. Не ведаю, як у каго, а мая душа была аж перапоўнена (не распляскаць бы!) пачуццём радасці.
* * *
«Усё чалавечае» — так называецца яго апошняя прыжыццёвая кніга нарысаў і літаратурных партрэтаў, што ўбачыла свет напрыканцы 1993 г. Неўзабаве я атрымаў яе ў падарунак з сяброўскім аўтографам-пажаданнем: «Няхай не пакідае цябе зычлівая рука Апалона!» А яшчэ праз некалькі месяцаў Уладзіміра Калесніка не стала. I з таго часу, калі мне даводзіцца бываць у Брэсце, я адчуваю сябе на знаёмых з юнацтва вуліцах няўтульна і непрытульна, хоць ёсць да каго зайсці і дзе цябе заўжды прывецяць.
Не, невыпадкова ён даў такую ёмкую назву згаданай ужо кнізе, прысвечанай жыццю і творчасці тых, хто асабліва яму быў блізкі, каго ён добра ведаў і сардэчна шанаваў: Рыгора Шырму, Валянціна Таўлая, Янку Брыля, Уладзіміра Караткевіча, Аляксея Карпюка, Алеся Разанава... У няпростым, нават пакручастым лёсе самога Уладзіміра Калесніка, у яго неардынарнай асобе сплялося столькі «ўсяго чалавечага», што хапіла б на некалькі чалавек. Мабыць, такія рознабаковыя з неўтаймоўнай энергіяй людзі нараджаліся ў эпоху Адраджэння, у легендарныя часы Скарыны, генію якога Уладзімір Андрэевіч прысвяціў нямала пранікнёных старонак, у прыватнасці напісаў грунтоўны ўступны нарыс да энцыклапедычнага даведніка «Францыск Скарына і яго час» (1988). Сапраўды, ён быў таленавіты ва ўсім, за што ні браўся. Сведчаннем таму — яго жывапісныя эцюды, драўляныя скульптуры, шматлікія фотаздымкі, асабліва тыя, што змешчаны на старонках створанай ім сумесна з Алесем Адамовічам і Янкам Брылём славутай кнігі «Я з вогненнай вёскі...» У гады вайны, будучы ў партызанах, Калеснік сам неаднойчы глядзеў у вочы смерці. Пра гэта мы, яго вучні і малодшыя сябры, даведаліся толькі пасля публікацыі на старонках часопіса «Полымя» аповесці «Доўг памяці», за якую ўжо не было каму паціснуць руку...
У 20—30 гг. нядаўна мінулага стагоддзя была ў нас свая беларуская Атлантыда. I называлася Яна — Заходняя Беларусь. Уладзімір Калеснік, узгадаваны на нёманскіх берагах, стаў дасведчаным летапісцам заходнебеларускага літаратурнага жыцця, праніклівым крытыкам і нястомным прапагандыстам такіх выдатных майстроў слова, як Максім Танк і Уладзімір Жылка, імёны якіх зрабілі б гонар любой літаратуры. Наогул, яму было характэрна імкненне разглядаць нацыянальныя духоўныя здабыткі ў агульнаеўрапейскім кантэксце, ён быў аднолькава дасведчаны як у антычнай культуры, так і ў народных фальклорных скарбах. Бадай, у лепшай яго кнізе «Тварэнне легенды» (1987) побач з нарысамі «Постаць Скарыны», «Алегорыя зубра Мікалая Гусавяніна», «Купалы сны нязводныя» змешчана эсэ «Жыў-быў казачнік Рэдкі», з якога я дазволю сабе прывесці тут невялічкую цытату: «Кавалі-асілкі Рэдкага нястомна куюць праўду і долю, куюць будучыню. I гэтае волатнае каванне мудра аб’яўлена сапраўдным сэнсам чалавечага жыцця, вяршыняю зямнога шчасця...»
Менавіта такім нястомным кавалём-чарадзеем быў і сам Уладзімір Калеснік. Прафесар, загадчык кафедры беларускай літаратуры Брэсцкага універсітэта, кіраўнік абласнога літаратурнага аб’яднання, потым сакратар аддзялення саюза пісьменнікаў... Праз яго рукі прайшлі некалькі пакаленняў настаўнікаў роднай мовы і літаратуры, ён блаславіў у творчы шлях Міхася Рудкоўскага і Ніну Мацяш, Міколу Пракаповіча і Алеся Каско. Гэта быў Настаўнік з вялікай літары не толькі за кафедрай ці ў студыі тэлебачання, а найперш у паўсядзённым жыцці.
Вось мы вяртаемся з Камянецкага раёна, дзе выступалі перад вучнямі сярэдняй школы. Шафёр — малады хлапчына — зухавата круціць баранку і пахваляецца сваімі паляўнічымі подзвігамі. «Дзічыны, — кажа, — хапае, бо паблізу — белавежскія лясы...» У Брэсце Уладзімір Андрэевіч просіць яго пачакаць каля пад’езда дома, а праз хвіліну-другую выносіць з кватэры ледзь не цэлае бярэмя кніг з імёнамі на вокладках — Сетан-Томпсан, Джой Адамсан, Бернгард Гржымек: «Пачытай, можа, іншы раз падумаеш, перш чым страляць...»
Я сяджу ў рэдакцыі. Тэлефонны званок: «Калі маеш час, дапамажы мне». Сустракаемся на тралейбусным прыпынку. У руцэ Калесніка — вядро з цэментам і кельмай. Выходзім каля могілак на былой Маскоўскай вуліцы. I потым некалькі гадзін парадкуем забытую сваякамі магілку паэта Міколы Засіма. Я толькі пасабляў: прынёс пяску і вады. Але той цёплы жнівеньскі дзянёк пачатку 80-ых і сёння стаіць перад вачыма, нібыта мы сустракаліся пазаўчора.
А хіба можна забыць нашы сумесныя вандроўкі на Добрач? Добрач — гэта хутар на беразе Нёмана, непадалёку ад Сіняўскай Слабады, дзе нарадзіўся Уладзімір Андрэевіч. О, як ганарыўся я, што сяджу на пярэднім сядзенні ў тым самым чырвонага колеру «Масквічу-407», пасажырамі якога неаднойчы былі Брыль, Адамовіч і Караткевіч! (Дзе тая цяпер старамодная легкавушка? Чаму яна не ў літаратурным музеі? Хоць бы за тое, што абкалясіла ўсю Беларусь, пакуль збіраўся матэрыял да кнігі «Я з вогненнай вёскі...»). Ну, а Добрач — мясціна-казка, проста надзіва беларуская па свайму настрою і гучанню. Срэбнакрылы Нёман, старыя вербы і волаты дубы, лугі-сенажаці, а за імі — лясы-бары ў блакітнай смузе. I незабыўныя сяброўскія сумоўі пры вечаровым вогнішчы. Дзіўная рэч: пры ўсёй сваёй прафесарскай мудрасці і паважнасці, нягледзячы на шаноўны ўзрост, Уладзімір Андрэевіч не развучыўся здзіўляцца, адкрыта радавацца і злавацца. Можа таму я адчуваў яго калі не равеснікам, то старэйшым таварышам, з якім можна было і паспрачацца, як кажуць, «схапіцца ўрожкі». Ці то пра нейкі новы паэтычны зборнік, ці то пра апошнюю выстаўку брэсцкіх мастакоў.
Я ўдзячны яму за вернае мужчынскае плячо, што заўсёды падтрымлівала мяне падчас непрадбачаных жыццёвых ператрусаў, за тыя сардэчныя цікавыя лісты, якія атрымліваў ад яго, працуючы ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва».
«Брэст, 30.Ш.86. Дарагі Уладзік! Высылаю матэрыял з пачуццём няўпэўненасці, не ўпэўнены, што ён патрэбны, дакладней, што з яго патрэбна сённяшняму дню літаратуры і можа быць карысным для паляпшэння культуры прафесійнай дружбы, згуртаванасці, без якой нельга выконваць нашай беднай літаратуры сваёй нялёгкай сёння задачы...»
«Брэст, 19.VШ.89. Дарагі Уладзік! Ляжу ў палаце-адзіночцы абласной бальніцы (невялікая, але дакучлівая траўма) ды думаю, ці не падвёў я цябе з Яўгенам Лецкам запрашэннем на Добрач. Шкадую, што і сам шмат страціў, не пабыўшы з вамі, не нагаварыўшыся. Шкада і лета, што прайшло непрыкметна. Усё ж спадзяюся, што ў аўторак мяне выпішуць і яшчэ хоць на некалькі дзён завітаю ў Наднямонне пераведаць сяброў і знаёмых (родных ужо амаль нікога там не засталося) — такі, як кажуць мудрацы, жыццёвы працэс. А я, хварэючы, напісаў па матывах анкеты «ЛіМа» цэлы артыкул пра творчы працэс. Артыкул выйшаў злосны, цяпер я адышоў троха і бачу, што трэба свежае вока і рэдактарская праполка...»
I, нарэшце, фрагмент з яго апошняга ліста да мяне.
«Брэст, 26.VI.93. Дарагі цёзка! Шлю табе некалькі здымкаў на выбар: на адным мы з Караткевічам рыбачым, на другіх з Брылём — у розныя гады... А той свіцязянскі з Караткевічам рабіў Янка маім апаратам. Наогул, каб не Брыль, то ў мяне магло б не быць ніводнага здымка; у нас пра фатографа не вельмі прынята думаць, як пра сябра, думаюць як пра нейкага функцыянера, якому нябесная канцылярыя даручыла пстрыкаць апаратам і раздаваць фоцікі. А на справе то лёс абавязаў фатографаў-аматараў хадзіць у вечных даўжніках...»
Адметны і непаўторны голас Уладзіміра Андрэевіча Калесніка заўсёды гучацьме ў нашай нацыянальнай літатаруры і абавязкова будзе знаходзіць свайго ўдзячнага адрасата.
Тамара Лаўранчук. Успамінаючы настаўніка
Калі твая будучыня
сумесціцца з будучыняй сусвету —
усе словы дарэчы,
усе ўчынкі да месца,
усе стрэлы ляцяць у цэль.
А. Разанаў
Верасень 1962 года. Брэст. 1 курс філфака. Руска-беларускае аддзяленне.
Мы, пачаткоўцы, наслухаўшыся старшакурснікаў, баімся семінарскіх заняткаў па выразным чытанні, якія вядзе Уладзімір Андрэевіч Калеснік.
— Старанна рыхтуйцеся да знаёмства. Прыгожа чытайце — пажадана на памяць. Пакажыце добрае веданне літаратуры і дасканалае валоданне мовай. І абавязкова вывучыце верш Е. Лось «Друг цудоўнай маладосці», прысвечаны Уладзіміру Андрэевічу. Ён яго вельмі любіць і будзе ўсім шчыра ўдзячны.
«Узброеныя» такім чынам «да зубоў», з нецярпеннем чакаем першай сустрэчы з выкладчыкам.
Нетаропкаю хадою, пільна прыглядаючыся да прысутных ва аўдыторыі, большасць з якіх — дзяўчаты, уваходзіць Ён.
— Добры дзень, шаноўныя. Будзем знаёміцца. Вашай візітнай карткай стане верш, які вы сёння прачытаеце. Хто першы?
Узнялася са свайго месца высокая дзяўчына, што сядзела наперадзе на значнай адлегласці ад «іарданскіх галубіц» (так пазней называў Калеснік нашых дзяўчат).
— Маё прозвішча Міткевіч.
— А чаму не Міцкевіч? Трэба ўнесці папраўку.
— Няхай застаецца, як ёсць. А прачытаю я верш Канстанціна Сіманава «Родина».
Упэўненая ў бездакорнасці свайго чытання, пачала. Урачыста, на поўную сілу голасу — так, як заўсёды чытала патрыятычныя творы, стоячы перад хорам у часе выступленняў.
Аўдыторыя слухала моўчкі, а я, давёўшы да канца, села, узрушаная да слёз, чакаючы пахвалы.
Пасля паўзы выкладчык вынес прысуд:
— Чытала, шаноўная, не шкадуючы галасавых звязак. А калі дайшла да радкоў аб трох бярозах, здалося, што ў тваіх бяроз лісце жалезнае. Так і звініць, так і калоціцца, заглушаючы ўсё навокал. Ні пяшчоты ў голасе, ні любові — адзін метал. Дрэнна! Цяжка слухаць такое чытанне!
Нізка апусціўшы галаву, я моўчкі выслухала гнеўную прамову.
Наступнай «ахвярай» была студэнтка Шуба з доўгай, да кален, касой. Яна чытала праграмны верш, які запомніла яшчэ са школы, і часта шморгала носам.
— Гэта што за кавальскія мяхі суправаджаюць чытанне? Гэта што за чытанне? Так і перад вучнямі будзеш хлюпаць? Ніякай культуры. Дрэнна!
Астатнія чытальнікі, успомніўшы наказ старшакурснікаў, ратуючы сітуацыю, адна за другой чыталі «Друг цудоўнай маладосці». Добра, што Е. Лось не чула заключных акордаў нашага знаёмства з выкладчыкам.
А роўна праз 6 месяцаў, 3 сакавіка 1963 года, я атрымала ў падарунак ад Уладзіміра Андрэевіча яго кнігу «Час і песні» з такім надпісам: «Міткевіч Тамары, цудоўнай чытальніцы вершаў, з найлепшымі пажаданнямі поспехаў у прапагандзе роднага мастацкага слова». Калеснік заўсёды быў шчодры на пахвалу тым, хто гэтай пахвалы заслужыў, і мы вельмі стараліся быць уважлівымі на лекцыях, старанна рыхтаваліся да семінарскіх заняткаў, многа чыталі дадатковай літаратуры.
Як натура ўражлівая, Уладзімір Андрэевіч умеў радавацца чужым поспехам, захапляцца новымі ідэямі, меў патрэбу жыць для іншых, жыць годна. Ён не дараваў хлусні і подласці, не прымаў ілжэкультуру, духоўнае ўбоства і маральныя звырадненні. З ім было цікава ўсім пакаленням студэнтаў.
Апошнія месяцы майго першага года вучобы асабліва запомніліся знаёмствам з Уладзімірам Караткевічам, ужо тады вядомым нам па зборніках паэзіі «Матчына душа» і «Вячэрнія ветразі».
За месяц да гэтай падзеі Калеснік прапанаваў Брылю разам «аб’ездзіць» машыну, наведаць Слонімшчыну і Наваградчыну. Іван Антонавіч параіў узяць з сабой Караткевіча, у якім бачыў «буяны талент». Давяраючы Брылёваму «нюху» на здольных людзей, Уладзімір Андрэевіч згадзіўся. У часе цікавага сумеснага падарожжа яны і дамовіліся аб сустрэчы ў Брэсце.
«Я адкрыў вечар, — успамінаў У.А. Калеснік, — заклікам да студэнтаў набрацца смеласці і выступаць шчыра. Чытацкая думка можа быць карыснай пісьменніку тады, калі яна шчырая, а калі падладжана пад стандартны густ, хрэстаматыйныя нарматывы, — нічога не вартая. Такія веды залічваюцца толькі на экзаменах ды і то педантычнымі выкладчыкамі, а нашаму госцю, мастаку слова, патрэбны жывыя ўспрыманні. Караткевіч выступаў свабодна, раскавана, гаварыў пра свае творчыя планы, чытаў фрагменты з рамана „Каласы пад сярпом тваім“, над якім працаваў, на памяць дэкламаваў вершы пра Машэку, паўстанца Ваўкалаку, пра „Векавечнай бацькаўшчыны клёны“, і ўсё гэта рабілася так непасрэдна, натуральна, што аўдыторыя параднілася з госцем, студэнты ахвотна выступалі».
Падкупляў прысутных і талент Караткевіча-чытальніка. «Сапраўдны артыст», — захапляліся мы, чакаючы свае чаргі на аўтограф. Такія сустрэчы заўсёды мелі працяг на лекцыях:
— Ну і як вам, паненкі, Караткевіч? Халасцяк, між іншым. Прызнавайцеся, хто мае ахвоту стаць ягонай жонкай? Можа, ты, Тамарка? — звярнуўся па-свойму да мяне Уладзімір Андрэевіч.
— Пакуль не планую замужжа.
— А мо прозвішча не падабаецца? — працягваў ён жартаваць. — Тады зробіш праз злучок: Міткевіч-Караткевіч! Гучыць! А што? Згаджайся!
Шмат разоў згадвалі мы пасля за агульным сталом гэты жарт, і заўсёды Уладзімір Андрэевіч ушчуваў:
— Вось паслухалася б мяне, выйшла б за Валодзю, нараджала б яму дзяцей, і род Караткевічаў не звёўся б.
Сталася так, што менавіта Калеснік быў ініцыятарам жаніцьбы Караткевіча на выкладчыцы гісторыі КПСС Брэсцкага педінстытута Валянціне Браніславаўне Вадковіч.
Аўтограф Караткевіча на кніжцы «Вока тайфуна» сведчыць: «Міламу майму Валодзю Калесніку, які мне „ўдружыў“ раз і назаўсёды, свату і брату — ад аўтара. Ул. Караткевіч. 26.ХІ.74 г.»
Наступным госцем нашай студэнцкай аўдыторыі быў Янка Брыль. Мы ведалі, што ён даўні сябар Калесніка, зямляк і аднадумца. Такія розныя па характарах, яны былі знітаваныя агульным клопатам пра становішча роднай мовы і літаратуры, абодва любілі ўсё натуральнае і прыгожае, прыроду, маладыя таленты, шчырых людзей.
Уладзімір Андрэевіч разумеў, што і наша знаёмства з такім чалавекам пойдзе толькі на карысць. Ад Івана Антонавіча сыходзілі такое святло, такая дабрыня, што хацелася, каб сустрэча наша была бясконцай.
Студэнцкае жыццё працягвалася. Пачатак восені 1963 года памятны мне падзеяй, якая адбылася па ініцыятыве Уладзіміра Андрэевіча. У той час ён быў куратарам у пяцікурснікаў, з якімі я ўлетку ездзіла ў складзе студэнцкага будаўнічага атрада ў Казахстан. Верасень, пакуль усе раз’ехаліся па калгасах капаць бульбу, мы адпачывалі. Прапанову паехаць па літаратурных мясцінах Беларусі і Літвы я ўдзячна прыняла. Кіраўніком і экскурсаводам у гэтай паездцы быў неўтаймаваны Калеснік.
Завоссе, Валеўка, Наваградак, Мінск з літаратурнымі музеямі Я. Купалы і Я. Коласа, возера Свіцязь, Вільня — вось далёка не поўны пералік мясцін, якія наведалі мы ў часе гэтай паездкі. Здзівіла, што на нашым шляху не было людзей, якія б не ведалі Уладзіміра Андрэевіча. Ведаў усіх і ён. І нам было з ім цікава і неяк па-сямейнаму ўтульна.
Сардэчны і гняўлівы, узрушаны і чулы, пахмурны і насмешлівы, шчыры і жыццярадасны, цэльны і паслядоўны, Калеснік — з пароды жыццялюбаў, што не так часта сустракаюцца ў жыцці. У яго было вялікае чалавечае сэрца, у якім заўсёды хапала месца сябрам, родзічам і проста блізкім па духу людзям. Напэўна, гэтая акалічнасць і паклала пачатак нашаму амаль 40-гадоваму сяброўству.
На ІІІ курсе (1964 год) мы пісалі курсавыя працы па беларускай літаратуры. Сярод прапанаваных Калеснікам тэм я выбрала, на мой погляд, самую цікавую, нязведаную і патрэбную — «Літаратурныя мясціны Брэстчыны».
Быццам у вір, увайшла ў яе з галавой. Архіў, краязнаўчы музей, бібліятэкі і чытальныя залы з іх пажоўклымі ад часу падшыўкамі газет і часопісаў на польскай, украінскай, беларускай і рускай мовах настолькі паглынулі мяне, што работа выйшла далёка за межы, прадугледжаныя патрабаваннямі. Кансультацыі час ад часу пераносіліся ў кватэру Настаўніка, дзе я пазнаёмілася з яго жонкай Зосяй Міхайлаўнай, гасціннай і мудрай жанчынай.
Вясною 1968 года Уладзімір Андрэевіч прывёз да нас у Высокаўскую школу групу студэнтаў, якім трэба было праходзіць педагагічную практыку. (Сённяшні прарэктар па вучэбнай рабоце Брэсцкага універсітэта Станіслаў Рачэўскі быў адным з іх). Увогуле ўлетку Настаўнік разам з жонкай часта наведваў нас, забіраючы з сабой у лес, на рэчку ці нават на начлег у палатках.
Калеснік быў адмысловым грыбніком. Цешыўся ўдачамі, але на «прамысловыя» рэйкі гэты занятак не пераводзіў: «Мы ў лес прыехалі адпачываць». А дома, даводзячы да ладу сабранае, кожную зялёнку старанна чысціў ад пяску і ляснога смецця адслужыўшай свой век зубной шчоткай, якая спецыяльна для гэтага пакідалася ў гаспадарцы. Сушэнне-саленне лясных прысмакаў, не давяраючы нікому, заўсёды рабіў сам і сам частаваў (не без гонару!) найбольш прыязных наведвальнікаў сваёй гасціннай кватэры. Грыбы хвалілі. Яны сапраўды заўсёды ўдаваліся.
Вельмі любіў дарогу, што злучае Брэст з Высокім — роўную, чыстую, месцамі абсаджаную яблынямі і алычою, месцамі пралеглую праз лес. Адлегласць у 35 км здавалася мізэрнай і, напэўна, таму, дастаўляючы асалоду ў першую чаргу сабе, мог без папярэдніх званкоў прывезці да нас сваіх гасцей — Анатоля Кудраўца, Васіля Жуковіча, Ніну Мацяш, брэсцкіх паэтаў, сваю дачушку па першай жонцы Леначку, калі яна, скончыўшы інстытут замежных моў, лячылася пасля аварыі.
У часе нашых бясконцых вандровак па лесе прыемна было назіраць за Калеснікам, пільнае вока якога заўважала не толькі грыбы-ягады, але і розныя незвычайнай формы галінкі, карэньчыкі, непад’ёмныя вываратні і проста мудрагелістыя цуды прыроды.
Шмат часу любіў праводзіць Уладзімір Андрэевіч на дачы, дзе амаль усё было зроблена яго ўласнымі рукамі: канапа, услончыкі, лавачкі і лавы, стаўні, паліцы і палічкі, стол. Звычайны кавалак дрэва ў яго руках імгненна ператвараўся ў цуд, а кошыкі можна было смела везці на выставу самага высокага кшталту. Тут, на дачы, парадніўшыся з зямлёй, адчуваў сябе яе ўдзячным сынам. Яна ратавала яго ад гарадской мітусні і наталяла душу ўсведамленнем сваёй неабходнасці ў гэтым жыцці.
Толькі хваробу Уладзімір Андрэевіч не змог перамагчы. Прапаноўвалі яму сваю дапамогу мінскія сябры, хацеў забраць у Польшчу да дактароў Ян Чыквін, але не такі ён быў чалавек, каб узваліць цяжар сваёй немагаты на іншых. Прадчуваючы немач, ён адмовіўся ад пышных урачыстасцяў у сувязі з 70-годдзем.
У бальніцы, куды неўзабаве трапіў, Уладзімір Андрэевіч не хацеў бачыць чужых спачуванняў і чуць абнадзейваючыя словы. І толькі Зося Міхайлаўна была жаданай наведвальніцай.
Дадому пасля бальнічнага ложка ён выпісаўся незадоўга перад канцом свайго зямнога жыцця. Даведаўшыся аб гэтым, мая дачка з мужам і шасцімесячнай Паўлінкай прыехалі з Гайнаўкі ў Брэст.
З радасцю сустрэў нас гаспадар. І, хоць рухі яго былі павольныя, а ўсмешка — праз сілу, запрасіў нас, як заўсёды, за стол і нават выпіў некалькі кілішкаў чырвонага віна, прывезенага Наталькай (так заўсёды ён называў Наташу). Цешыўся Паўлінкай, трымаючы на каленях яе жвавенькае цельца (сваіх унукаў не давялося песціць). Гэты момант захаваўся на здымку, зробленым за два тыдні да трагічнага 15 снежня 1994 года.
Праз колькі дзён, убачыўшы фатаграфіі, Уладзімір Андрэевіч заўсміхаўся: «О, які я тут яшчэ прыгожы». Гэта былі апошнія імгненні жыцця цудоўнага чалавека. Суцяшаўся ён, што памрэ на сваім ложку.
Тэлефонны званок нашай агульнай з Зосяй Міхайлаўнай прыяцелькі парушыў ранішнюю цішыню маёй кватэры: «Тэрмінова прыязджай. Памёр Уладзімір Андрэевіч».
На кватэры Калеснікаў былі ўжо найбліжэйшыя ягоныя сябры. Назаўтра прыехалі з Мінска Я. Брыль, Н. Гілевіч, У. Гніламёдаў, В. Жуковіч, А. Разанаў, У. Ягоўдзік. Прывезлі з Белаазёрска Ніну Мацяш, прыйшлі берасцейскія паэты і пісьменнікі, выкладчыкі і студэнты, суседзі і знаёмыя.
Словы развітання. Мноства кветак. Задоўга да апошняга свайго снежня, прадчуваючы хуткаплыннасць жыцця, Уладзімір Андрэевіч прыглядаўся да прыгожых валуноў, звезеных з палёў на ўзлесак: «Я сам зраблю сабе помнік — такі, які хачу, каб стаяў на магіле». Слухаючы гэта, мы ніякавата ўсміхаліся, пераміргваючыся з Зосяй Міхайлаўнай.
Побач з магілаю стаіць высокі прыгожы камень з ружова-бардовымі пражылкамі. На ім надпіс: «Каб помнілася твая прысутнасць у свеце, каб не забывалася зробленае для людзей. У. Калеснік». На магіле — помнік — шліфаваны граніт такога ж колеру з датамі жыцця.
Калі не стала Уладзіміра Андрэевіча, многія былі ўпэўнены, што яго імем назавуць Брэсцкі ўніверсітэт, дзе ён працаваў з 1956 па 1994 год. Аднак атрымалася, як у нас заўсёды бывае: начальству відней. І ўніверсітэту было вернута старое імя — А. С. Пушкіна, хоць Пушкін, пры ўсёй павазе да класіка, ніякага дачынення да Брэста не мае.
Сёння ў старым корпусе вышэйшай навучальнай установы ёсць аўдыторыя № 315 — «Навукова-асветны цэнтр імя Калесніка». Усё тут звязана з яго імем: кнігі, фотаздымкі, перыядычныя выданні, альбомы, рукапісы, іншыя матэрыялы. Захавальніца і ахоўніца гэтага скарбу — Зося Міхайлаўна Калеснік, выкладчыца нямецкай мовы.
Шчырая на словы і пачуцці, інтэлігентная і далікатная, патрабавальная і добразычлівая, яна больш за ўсіх ведае пра чалавека, з якім звёў яе шчаслівы лёс.
Станіслава Каралевіч. А святло ўсё праменіцца
Кажуць, калі зоркі патухаюць, іх святло праменіцца на зямлю яшчэ доўгія гады. Згадваю гэтыя словы, думаючы пра Уладзіміра Андрэевіча Калесніка. Час пакрысе аддаляе ад нас горкую дату яго адыходу, знікаюць колішнія непаразуменні (чаму так заўчасна?) і разгубленасць (як жа без яго жыць філфаку?), прыходзіць падманна-суцяшальнае: «Усе там будзем». Ужо ўсведамляеш, што Калесніка няма з намі. Аднак уражанні аб гэтым чалавеку не цьмеюць, бо інтэлект, творчая энергія, харызма, прыцягальнасць гэтай асобы мелі такую моц, што застануцца ў маёй душы назаўсёды.
Першы раз давялося ўбачыць яго амаль трыццаць гадоў таму назад, калі я была студэнткай-завочніцай. Так аказалася, што Уладзімір Андрэевіч прысутнічаў на абароне курсавых прац (я вучылася на рускім аддзяленні і пад кіраўніцтвам В.Я. Зарэцкай распрацоўвала тэму «А.С. Пушкін у мемуарнай літаратуры»). Тэма мне падалася надзвычайна цікавай, праца пісалася лёгка, нават з задавальненнем. Мабыць, атрымалася нешта цалкам прыймальнае, бо Вера Якаўлеўна мяне хваліла і прыватна, і публічна — у прысутнасці Уладзіміра Андрэевіча. Тады я і пачула яго ўпершыню, бо ён звярнуўся да мяне. Напэўна, сказаў нешта добразычлівае і нават параіў штосьці важнае. Але я, ведаючы, што гэта сам Калеснік, панічна хвалявалася і не тое што не запомніла, а, мабыць, і не ўсвядоміла ніводнага яго слова. Здаецца, ён згадваў пра газету «Заря», але сцвярджаць не бяруся. Здзіўляе, што з тае абароны я не памятаю ні сваёй прамовы, ні водзыва кіраўніка, ні выступленняў аднакурснікаў — наогул нічога і нікога. Толькі выразна і яскрава ўяўляю сабе другі паверх старога філфакаўскага корпуса, шматлікія шафы з паперамі і кнігамі, падлогу, засцеленую чырвонымі дывановымі дарожкамі, і злева, каля шафы, — Уладзіміра Андрэевіча, высокага, у цёмным гарнітуры, падцягнутага, з вострым позіркам, з іскрынкамі ў вачах. Засяроджаны, дзелавіты, сур’ёзны, ён сядзеў з паперамі, часам шукаў нешта сярод кніг у шафе, і здавалася нават, што ён заняты сваёй справай. Зараз я думаю, што ён, можа, тады і не ўваходзіў у склад камісіі па абароне курсавых прац. Аднак у маім уяўленні менавіта ён быў цэнтрам гэтай важнай для майго студэнцкага лёсу падзеі, бо яго прысутнасць адчувалася увесь час.
Пазней, калі пачала працаваць у інстытуце, бачыла Уладзіміра Андрэевіча амаль кожны дзень. Хадзілі ж па адным калідоры больш за дзесятак гадоў! Ужо не так трымцела ў яго прысутнасці, бо аказалася, што сам Калеснік — вельмі абаяльны чалавек. Тактоўны і добразычлівы, нягледзячы на свой высокі статус загадчыка кафедры, пісьменніка, грамадскага дзеяча, сціплы і просты, нягледзячы на сваю вядомасць, жартаўлівы і часам нават гарэзлівы, нягледзячы на сталы ўзрост. Адным словам, проста харошы чалавек. Але ж які цікавы! Колькі разоў у цалкам звычайных сітуацыях (павіталіся і прыпыніліся ля акна ў калідоры, зайшоў у дэканат (я была намеснікам дэкана) паглядзець расклад, сустрэліся на рагу Савецкай) Уладзімір Андрэевіч, па асацыяцыі да нейкага слова, ці паведамлення, ці навіны, пачынаў раптам расказваць. Мала хто ўмеў так гаварыць! Калеснік лёгка пераходзіў ад жарту да сур’ёзнага, ад сур’ёзнага — зноў да жарту, і гэты жарт мог стаць правадніком высокіх ісцін. Думка яго нараджалася тут жа, у вас на вачах (напрыклад, калі ён збіраўся сказаць нешта смешнае, то загадзя пачынаў смяяцца), яна развівалася, абрастала доказамі, падмацоўвалася фактамі, але не станавілася катэгарычнай, не навязвалася суразмоўцам. Зараз мне здаецца чамусьці, што ён такім чынам пры кожным зручным выпадку нястомна вучыў нас, маладых, разумець свет і жыццё.
Уладзімір Андрэевіч меў даволі імпульсіўны характар, але колькі разоў у розных сітуацыях мяне здзіўляла яго цярпімасць, стрыманасць, памяркоўнасць. Даводзілася бачыць, як ён спакойна ўспрымаў рэзкія выказванні радыкальна настроеных маладых нефармалаў — членаў грамадска-культурнай сябрыны «Край», што існавала ў горадзе напрыканцы 80-х, і як гэтак жа стрымана рэагаваў на цалкам процілеглыя па змесце, ідэалагічна вытрыманыя выступленні прадстаўнікоў афіцыйнай улады. Сёння я ўсведамляю, што ён быў не проста вучоны чалавек, выдатны эрудыт, кніжнік. Гэта быў мудрэц, які спасцігнуў нейкія звышведы пра людзей. Амаль у кожным чалавеку ён знаходзіў штосьці своеасаблівае, каштоўнае, вартае ўвагі і павагі. І той, хто быў заўважаны, адзначаны Калеснікам, абавязкова станавіўся цікавым і для іншых. Яго ацэнкі былі важнымі і важкімі для аўтарытэту і маладых нефармалаў, і тых, хто займаў высокія дзяржаўныя пасады. Прыпамінаю, што на факультэце амаль кожны раз, калі ўзнікала складаная сітуацыя, якая патрабавала звароту да гарадскіх улад, справу даручалі Уладзіміру Андрэевічу. Здаецца, яму не смелі адмовіць нават самыя чыноўныя чыноўнікі, бо гэта ж прыходзіў сам Калеснік.
Калі Уладзіміру Андрэевічу канчаткова здрадзіла здароўе, для мяне адкрылася яшчэ адна грань яго асобы — мужнасць. Душа яго была намнога мацнейшай за цела. І ён не шкадаваў сябе, па-ранейшаму імкнуўся ў студэнцкую аудыторыю. Схуднелы, бледны, пры сустрэчах распавядаў не пра хваробу — пра задуманую працу. Памятаю, калі я была ў Мінску на стажыроўцы, ён даручыў мне знайсці ў архіве газетныя матэрыялы, патрэбныя для артыкула, бо сам паехаць не мог. Падчас апошняга наведвання яго ў бальніцы (мы былі з Л.В. Асташонак) ён таксама паказваў нам чарговы артыкул, над якім працаваў і тут. Ён не хацеў траціць часу, нібыта адчуваў, што яго засталося зусім мала, і працягваў пісаць, спяшаўся захаваць для нашчадкаў свае мужныя думкі.
Жыццё Уладзіміра Андрэевіча было кароткае, бо смерць сапраўдных творцаў заўсёды заўчасная. Яго не стала, але святло яго душы ўсё праменіцца са старонак яго кніг, са зробленых ім фотаздымкаў і карцін, з сэрцаў яго выхаванцаў, са светлых згадак пра Настаўніка, Пісьменніка і Чалавека.
Святлана Варонік. Доўг памяці
Сцішана-жоўты верасень… Гэта дні прадчування сустрэчы й расстання… У такія дні — з пяшчотнай пазалотай лісця, срэбрам бабіных павуцінак, сцішаным хараством прыроды — душа імкнецца асэнсоўваць час, жыццё, людзей… Людзей, якія паўплывалі на твой лёс, дапамаглі, сталі Настаўнікамі… З гонарам думаецца-ўспамінаецца, што сярод такіх людзей і твой Настаўнік — Уладзімір Андрэевіч Калеснік. «Беларускі Леанарда да Вінчы» — так сутнасна выявіў моц духу У. Калесніка — славутага беларускага вучонага, пісьменніка, літаратуразнаўцы — А. Лойка.
Уладзімір Калеснік — ураджэнец слыннай Наваградчыны, усё сваё жыццё слугаваў роднай літаратуры, роднаму краю і краю, які стаўся яго лёсам — Берасцейшчыне. На шляху ад Сіняўскай Слабады, што ў Карэліцкім раёне, і да сталічнага Мінску, а затым — Берасця, была вучоба ў польскай гімназіі імя А. Міцкевіча ў Навагрудку, гады ваеннага ліхалецця і мужнага змагання, раненні, страты блізкіх і родных людзей, сяброў… На гэтым шляху нязменнай заставалася вялікая любоў да Кнігі, да Краю, да роднай Мовы, якая з часоў Ф. Скарыны, як трапна зазначыў У. Калеснік, была і застаецца «сімвалам патрыятычнай вернасці». І невыпадкова Уладзімір Андрэевіч даследаваў і пісаў пра самабытныя постаці беларускай гісторыі, літаратуры, культуры: пра Ф. Скарыну і М. Гусоўскага, А. Міцкевіча і Я. Купалу, У. Жылку і М. Танка, Я. Брыля і У. Караткевіча… Даследчыка цікавіла праблема станаўлення духоўных каштоўнасцяў народа, праблема фармавання нацыянальнай самасвядомасці. Даследуючы нацыянальныя мастацкія скарбы, ён не проста адкрываў таямніцы тварэння патрыятычнай легенды роднага краю, але і сам тварыў яе.
Уладзімір Калеснік увайшоў у беларускую літаратуру і культуру, каб ніколі не пакінуць яе. Пра гэта сведчаць і кнігі, што выйшлі ўжо без Настаўніка, захаваўшы на стагоддзі ягонае слова ў мастацкім тэксце, у шматлікіх артыкулах і прадмовах да кніг. А таксама кнігі, падручнікі, вершы, прысвечаныя У. Калесніку. Серыя кніг паэзіі і прозы «Берасцейскае вогнішча» выразна сведчыць, які плён пакінула нашчадкам нястомная праца Уладзіміра Андрэевіча — апекуна, натхняльніка і бласлаўляльніка творчай моладзі, асобаў адораных і таленавітых.
Навукова-асветны цэнтр імя Уладзіміра Калесніка, што месціцца на філалагічным факультэце універсітэта, наведваюць студэнты, настаўнікі, вучні школ горада і ўсе тыя, хто неабыякавы да літаратуры роднага краю, да спадчыны вучонага і пісьменніка і яго сяброў. Наведвальнікі цэнтра маюць магчымасць бачыць Калесніка-мастака — з жывапіснымі мясцінамі Наднямоння, Калесніка-разьбяра — з дзівосна-ўдумлівым Скарынам, Калесніка-фатографа — аўтара тысячаў фотаімгненняў: знаёмыя і незнаёмыя людзі, сведкі вогненных вёсак, Айчына, студэнты і амаль увесь беларускі літаратурны Парнас…
Па кнігах, што падарылі Уладзіміру Андрэевічу яго сябры, калегі, вучні можна вывучаць усю беларускую літаратуру: «Шаноўнапаважанаму Уладзіміру Калесніку — нястомнаму кавалю талентаў пры горане нашага крэўнага духу» (Рыгор Барадулін); «Мудрэйшаму з мудрых нашых даследчыкаў паэзіі, слаўнаму прэзідэнту «Берасцейскага вогнішча» — з павагай і любоўю» (Ніл Гілевіч); «…Сапраўды Скарынавай велічы бласлаўляльніку» (Алег Лойка); «Не быў Вашым студэнтам, а ўсё ж — і шчыра — дзякуй як настаўніку» (Варлен Бечык); «Уладзіміру Калесніку, Брэсцкай крэпасці ў нашай літаратуры, на ахове якой ён хораша стаіць і аб прыгажосці якой заўсёды дбае» (Максім Лужанін)…
Свабода самавыяўлення, незалежнасць былі вызначальнымі рысамі характару У. Калесніка. Вытокі моцы ягонага характару і таленту адкрываюцца праз аповесць «Доўг памяці». У. Калеснік піша: «Жыццёвым дэвізам бацькі была незалежнасць. Ад каго? Ад усіх і ўсяго. У гэтым ён бачыў аснову шчасця і такога шчасця хацеў сыну. Быць незалежным — гэта значыць усё ўмець зрабіць самому, умець зрабіць і зарабіць, каб не кланяцца ніякаму чорту лысаму…»
Дакументальна-мастацкая аповесць «Доўг памяці» напісана шчыра, смела, таленавіта. У ёй — пра свой выток, пра свой род, пра родную зямлю і свой след на ёй, пра сяброў, воблікі якіх захавала душа і памяць… Гэта гісторыя фармавання беларускай душы, гісторыя тварэння нацыянальнай легенды праз дэталёва выпісаныя імгненні сужыцця ў сям’і, у вёсцы, у вучнёўскім калектыве. Гэта гісторыя фармавання, так да канца і не разгаданага, нацыянальнага характару.
Духоўны рост асобы У. Калесніка адбываўся праз спасціжэнне навакольнага свету, розных бакоў жыцця вясковага люду. І словы У. Калесніка блізкія і зразумелыя ў новым часе і прасторы. У іх — абагульненая характарыстыка недасканаласці і супярэчнасці часу, у якім суджана фармавацца кожнаму новаму пакаленню: «Вельмі рана адчуў я нейкую балючую раздвоенасць свету. На адным баку была вясёлая радасць існавання, мілыя сэрцу забаўкі, прыемныя заняткі, дзівосныя, хоць і бескарысныя прадметы — хараство; на другім баку была суровая неабходнасць працаваць, рабіць хлеб, пасвіць каня, вазіць лес, ганяць плыты — чорствая карысць…» Гэта спалучэнне і складае сутнасць чалавека, гэта тое, што фармуе творцу: хараство і праца. Варта прыгадаць некаторыя радкі, у якіх занатаваныя імгненні, што засталіся назаўсёды ў дзіцячай памяці і якія ўспрымаюцца як сімвалы хараства. Гэтае хараство бачыў У. Калеснік і ў падарожжы па Нёмне, калі дзіцячая душа са страхам і сцішаным сэрцам убірала ў сябе такія незвычайныя карціны жыцця, непаўторныя, фантастычныя. «Ехалі на Ўсяночную ў Ярэмічы ў спрытнай, лёгкай, яловай чайцы. Бацька, маці і я». Запомніліся валачобныя песні, смех, рогат, якія Нёман разносіў аж да небакраю. Цёмная разлога рэчкі. Паходні. «Зводдаль лодкі з паходнямі выглядалі таямніча і фантастычна, нібы каралі, што шыкаваліся да начнога бою за Ярэмічы».
Гэтую красу, хараство бачыў і ў тварах землякоў: «Пушча і Нёман фармавалі маіх землякоў, рабілі паджарымі, мускулістымі і спраўнымі іх постаці. Вострым разцом галін і сукоў выразала прырода на іх змочаных салёным потам тварах глыбокія барозны маршчын. Мне падабаліся твары сіняўскіх людзей». Гэта было тое хараство, якое хацелася замаляваць, пакінуць на паперы. Яно хвалявала, пераносіла ў іншы свет, у свет красы. Невыпадкова гімназія, з якой пачынаецца новы этап у жыцці У. Калесніка, ацэньваецца такім чынам: «З 14-ці год я шыбануў у іншы свет, у паднябессе. Там, у гэтым раскошным свеце, матэрыяльныя турботы, фізічная праца і хлеб лічыліся чымсьці нікчэмным, нават непрыстойным і нізкім. Вартасць мелі толькі духоўныя якасці — веды, начытанасць, культурнасць».
Тут, у гімназіі, адбылося і няпростае спазнанне хараства ў жыцці і мастацтве, адкрыццё ісціны — найважней у творы — сутнасць чалавека. Тут, у польскай гімназіі, адбываецца станаўленне і гартаванне беларускага характару, гартаванне на вернасць беларускасці, беларушчыне.
Пасля будзе абарона свае роднае зямлі ў партызанскім атрадзе, і ўсё жыццё будуць гучаць у душы галасы людзей з вогненных вёсак. Але праз усе перашкоды, нястачы захавае У. Калеснік дзяцінную здольнасць і талент бачыць — па-над усім — красу жыцця.
У. Калеснік — вучоны і мастак — адкрываў сабе і іншым, свету постаці беларускага нацыянальнага адраджэння ў розныя перыяды гісторыі Беларусі. Ён звязваў гэтыя звёны нацыянальнай гісторыі ў адзінае цэлае і рабіў гэта праз лёс асобнага творцы, праз адкрыццё ягонага светапогляду, праз ягонае разуменне красы жыцця, праз створанае. І найкаштоўным вызначальным з’яўляліся гуманізм, патрыятызм і вернасць.
У. Калеснік годна і мужна захоўваў вернасць сваёй беларускай душы. Ён захаваў вернасць сваёй прыгожай зямлі, Радзіме. Ягоная спадчына — уся і ўсё, да чаго дакрануліся рукі і душа, — гэта гімн красе і сіле прыроды роднае зямлі, яе слынным людзям, якія спрычыніліся да тварэння нацыянальна-вызваленчай легенды краю. І асоба У. Калесніка ў гэтым кантэксце незвычайна магутная, каларытная і гожая.
* * *
У нашай хаце з 1975 года, ад часу выхаду, захоўвалася кніга «Я з вогненнай вёскі…» Тады, дзіцём, я не разумела, чаму так часта гэтую кнігу гарталі-чыталі-разглядалі бацькі, цётка, сястра і яе сяброўкі, брат, суседзі… Гэтая таямніца адкрылася і ўразіла трошкі пазней: аказваецца, спаленыя вёскі Ніз, Паўлавічы — рукою падаць ад маіх Кастровічаў… На Шчару, у Нізы, сенаваць ездзілі… Ля Нізоў — малінная мясціна Малева — там ягады збіралі… Школьнікамі абавязкова прыязджалі да месца трагедыі і ўскладалі кветкі на 9 Мая. Кожны, хто там быў, ніколі не забудзецца пра Узыходжанне: Абеліск — высока на гары… А ўнізе — Шчара… Дзівосна-прыгожая… Ацалелых з вогненных вёсак у нашых мясцінах ведалі ўсе: Лявон Алізар, Марыя Скок, Яўгеня Бардун… Немагчыма забыцца на словы Марыі Скок з Паўлавіч, што засталася без чатырох братоў і мацеры, якіх «спаролі віламі так, што не было дзе голкай ткнуць. Пад печкай. Гэта ўжо даставалі адтуль, а не хацела гэта дзетвара вылазіць». І далей: «І думаю: «Пайду тапіцца». І палезла, палезла і перайшла на той бок Шчары, і помню, што я не ўтапілася. У якое месца папала і як ішла? Уродзе, я на калені станавілася і паўзла…» Як вытрымлівалі сэрцы тых, хто ствараў кнігу, чуць такое?.. Тысячамі галасоў… А каб мы ніколі не забыліся пра гэта, у пачатку трагічных успамінаў пазначана: «Дзяўчына ў паэзіі ўсіх народаў свету выступае як істота пяшчотнай чысціні. Беларуская песня ўвасабляе яе ў вобразе белай бярозкі, каліны ў цвеце, пялёсткаў ружы ў ранішняй расе». Сёння я зусім па-іншаму прачытваю і гэтыя радкі аўтараў кнігі «Я з вогненнай вёскі…»: «У гэтых мясцінах жыў і працаваў на рубяжы мінулага і нашага веку сусветна вядомы фалькларыст Міхал Федароўскі. З такіх сёл як Дубраўка, Трахімавічы, Васілевічы, Паўлавічы, Ніз, ён чэрпаў вялікім каўшом народныя беларускія песні, казкі, прымхі і прыказкі, што склалі сем вялікіх тамоў кнігі „Люд беларускі“, што ўпрыгожылі славянскую фалькларыстыку».
…Так, завочна, адбылося маё першае знаёмства з пісьменнікам Уладзімірам Калеснікам.
…10 жніўня 2001 года, у дзень, калі маёй маці споўнілася б 60 гадоў, я «правезла» (на веласіпедах) дарогаю, сведкаю трагічных падзей 1942 года, сваю выкладчыцу з Берасцейскага ўніверсітэта і пляменніка. Мы ехалі ў Парэчча, да паўразбуранай царквы, што стаіць у казачнай мясціне на высокім беразе Шчары, атуленая «пасланцамі язычніцкіх святых гаёў» — дубамі, ліпамі, клёнамі… Ехалі да царквы, у якую ў дзявоцтве хадзіла мая мама… Ехалі шляхамі, якія прайшоў, занатаваў Настаўнік — У.А. Калеснік.
* * *
У нашай хаце ўсе любілі чытаць, асабліва мама і сястра. Сястра аднойчы дык аж аслепла ад такой любові. Я ж падбірала за ёю ўсе кнігі, хоць і не заўсёды ўсё ў іх разумела — «Рамэа і Джульета», «Вайна і мір», Прышвін і Бунін, Джэк Лондан, Ясенін, паэзія вагантаў… Цётка ж любіла чытаць газеты і лісткі з адрыўнога календара. Але менавіта яна, убачыўшы маё кніжнае «гарэнне» і дбаючы пра мой будучы лёс, выпісала мне ў 9-м класе амаль усю беларускамоўную прэсу: «Полымя», «Маладосць», «ЛіМ», чым сапраўды паўплывала на мой лёс.
Падчас уступных экзаменаў у педінстытут, той з абітурыентаў, хто набіраў адпаведную колькасць балаў, вызваляўся ад трэцяга экзамена, але абавязкова павінен быў прайсці яшчэ і субяседаванне. І вось на субяседаванні я атрымала высокі бал. Нехта з членаў прыёмнай камісіі запытаўся, ці выпісваю я якія-небудзь перыядычныя выданні. (Мне цяпер здаецца, што гэта была Вера Міхайлаўна Емельяновіч). Я й пачала пералічваць… Тады нехта запытаўся, а што мне з прачытанага апошнім часам у названых выданнях асабліва запомнілася. І я назвала лімаўскую публікацыю «Зорнай паэмы» Яўгеніі Янішчыц. На хаце маёй бабулі і да сёння захавалася маленечкая драўляная зорачка, дзедава, а ў Я. Янішчыц пра гэта ў «Зорнай паэме»: «Свецяць на хатах фанерныя зоры. — // Душы Айчынных салдат…» Пасля я сказала, што мне вельмі спадабаўся артыкул пра творчасць Міхася Рудкоўскага, які напісаў Уладзімір Калеснік. Я помню тое ажыўленне ў аўдыторыі і сёння магу толькі ўявіць, як задаволена крактануў і ўсміхнуўся Уладзімір Андрэевіч Калеснік, бо, што ён прысутнічаў на субяседаванні, я зразумела толькі на Яго першай лекцыі. Паэзія Міхася Рудкоўскага і сёння жыве ў маёй душы.
Гэта было маё другое знаёмства з літаратуразнаўцам і выкладчыкам Уладзімірам Андрэевічам Калеснікам. Знаёмства вочнае, але неўсвядомленае…
* * *
На апошнім курсе педінстытута пад кіраўніцтвам Уладзіміра Андрэевіча я пісала дыпломную працу па творчасці Пімена Панчанкі. На пачатку мая мы, выпускнікі, меліся ехаць на тыднёвую экскурсію па Беларусі. Не ўсё дарабіўшы ў працы, не атрымаўшы апошняга-перадапошняга блаславення-кансультацыі ў кіраўніка, я таксама накіравалася ў падарожжа. Якія цудныя былі дні: мы наведалі Пінск, Ганцавічы, Іўе, Мінск, Гародню. У аўтобусе і на вуліцы гучаў гармонік, песні, смех… 8 Мая, вечарам, мы прыехалі ў Мінск. У гэты дзень у нашага сябра — Мішы Алейніка — быў дзень нараджэння. Я хвалявалася за незавершаную працу, думала, што скажа кіраўнік, ці ўхваліць такі тыднёвы адпачынак… Растрывожаная — заснула. Раніцаю дзяўчаты гаварылі-папракалі, што да нас у пакой прыходзіў Міша, што было весела, што святкаваўся дзень нараджэння, а я ўсё праспала. А я толькі і прамовіла: «Дзяўчаты, мне сніўся Калеснік…»
Днём мы наведвалі музеі, а пасля, учатырох, вырашылі з’ездзіць на Вайсковыя могілкі. Адсталі ад асноўнай групы, спыніліся ля кіёска на шматтысячным праспекце што-небудзь папіць. І раптам з гэтага шматтысячнага натоўпу да нас выходзіць-падыходзіць Калеснік! Кожнай цісне руку, вітаецца, усміхаецца, радуецца нашаму падарожжу і гаворыць, што працу паспеем дарабіць і пасля яго. Мы стаім агаломшаныя яго з’яўленнем, прысутнасцю. Ад нечаканасці частуем Уладзіміра Андрэевіча сваім напоем, а ён не адмаўляецца, выпівае і выкідвае кубачак у сметніцу. На той час аднаразовыя кубачкі толькі-толькі пачалі шырока ўжывацца, і ў тым кіёску, дзе мы пілі напітак, іх забіралі назад. Трэба было бачыць нашыя вочы! Развіталіся. Уладзімір Андрэевіч пайшоў у Акадэмію, а мы — наўцёкі ад таго кіёску.
Была і такая чакана-нечаканая і нат містычная сустрэча з усюдыісным, працавітым, рухавым Уладзімірам Андрэевічам Калеснікам.
* * *
У мяне захоўваецца толькі адна кніга з аўтографам Уладзіміра Андрэевіча — «Усё чалавечае». У ёй — вельмі дарагі для мяне надпіс: «Святлане Варонік — маёй здольнай студэнтцы і пераемніцы майго любімага курса — фальклора, які, веру, будзе чытацца на высокім узроўні і з патрыятычным агеньчыкам. Жадаю поспехаў. Ул. Калеснік. 22.П.1994. Берасце». Кніга «Усё чалавечае» выйшла ў дзвюх розных вокладках: у «скураной» і ў вокладцы з тканіны. Помню, як Уладзімір Андрэевіч прыйшоў на працу, дастаў з партфеля кнігі ў «скураных» вокладках і сеў за стол падпісваць. І ў той момант мая выкладчыца і вучаніца Уладзіміра Андрэевіча раптоўна насмелілася і папрасіла кнігу ў палатнянай вокладцы (і я таксама). Уладзімір Андрэевіч усміхнуўся, сказаў, што і сам хацеў у іншай вокладцы ўзяць, і назаўтра прынёс нам «Усё чалавечае» «заказное».
У 1991 годзе, на самым пачатку маёй працы, я сказала Уладзіміру Андрэевічу, што выйшла кніга «Люд беларускі» Міхала Федароўскага. Уладзімір Андрэевіч усцешыўся, здзівіўся і нат пашкадаваў, што не чуў пра выхад такога выдання. А я, страшэнна радая, паабяцала прынесці кнігу назаўтра і падарыць, бо набыла некалькі экземпляраў. І толькі пазней я расшыфравала той спакой, з якім Уладзімір Андрэевіч прыняў кнігу, убачыўшы тамы Федароўскага на паліцах у ягонай хаце і параўнаўшы іх з маёй танюсенькаю кнігаю «Люд беларускі. Вяселле»…
* * *
Адзін харошы чалавек аднойчы сказаў, чым мяне вельмі ўразіў і ўсцешыў: «Божа, і як напісаць успаміны пра Калесніка?..» Хіба, так і пачаць: «Стаю на дачы ў Калеснікавым садзе і ем яго слівы…»
Алена Ігнацюк. «Філасофскі экспромт» Уладзіміра Калесніка
Трывога гэта ці суцяшэнне, але ў «кадры» літаратурнай творчасці У. Калесніка я часта бачу яго вочы — выразна разумныя, крыху іранічныя, вочы «белавежскага аленя», як паэтычна заўважыў У. Караткевіч; вочы, якія быццам супакойваюць мяне ў маім шчырым жаданні адчуць гуманістычную думку крытыка-берасцейца ў яго «філасофскіх эскпромтах». А «філасофскі экспромт» У. Калесніка (назавём яго вольным літаратурным жанрам), калі не падпарадкаваны, то цесна злучаны з праблемаю мастака і мастацтва ў беларускай паэзіі, а таксама існуе ў «арнаменце» лірычных, эстэтычных, сацыяльных адчуванняў аўтара. Адчуванні гэтыя абумоўлены творчым жаданнем У. Калесніка пазнаць «разумнага» чалавека ў пейзажах Я. Купалы, М. Танка, У. Жылкі, Ф. Багушэвіча, зразумець «прыгожага» чалавека ў эпосе Рэнесансу, знайсці «шчаслівага» чалавека ў вобразе патрыёта-барацьбіта зямлі Заходнебеларускай.
«Філасофскі экспромт» У. Калесніка мае ілюстрацыйнае выяўленне, інакш кажучы, з’яўляецца лаканічна арганізаванай ілюстрацыяй канкрэтнай паэтычнай праблемы. Так, напрыклад, філасофскую думку-экспромт «Ідэал перастае быць ідэалам, як толькі становіцца зусім ясным» («Тварэнне легенды», с. 287) трэба палічыць ілюстрацыяй наступнай паэтычнай праблемы: няяснасць як паказчык рамантычнай ідэалізаванасці асобных вобразаў Я. Купалы. У даным «экспромце» мы бачым У. Калесніка не толькі літаратурным тэарэтыкам, які ставіць знак роўнасці паміж светам ідэальным (няясным) і светам рамантычным (уяўным), але і філосафам, якому за яго амаль платонаўскі ідэалізм хочацца выказаць удзячную ўхвалу.
У. Калеснік — літаратар, які часта сабе супярэчыць, асабліва ў «філасофскіх экспромтах». Знаходзім у аўтара: «Самая паспяховая крытыка любой з’явы — гэта крытыка сцвярджальная» («Тварэнне легенды», с. 281). У гэтых радках ёсць пэўная недагаворанасць, паколькі ў літаратурным жыцці і па-за межамі яго Калеснік-філосаф заўсёды сцвярджаў сябе праз «адмаўленне» і адмаўляў сябе праз «сцвярджэнне». Неяк у прыватнай размове з крытыкам (мы гаварылі пра жанчыну ў вершах А. Разанава), я заўважыла для сябе, што У. Калеснік — гэта рэаліст, які не лічыць жанчыну ідэалам жыцця (памятаю, як ён мне пытальна пярэчыў: «А Баба-яга… Няўжо і яна ідэал?). Ідэальная жанчына, на думку У. Калесніка, абавязкова рэальная: яе можна толькі зрокава адчуць. Аднак падобнае меркаванне не перашкаджае У. Калесніку — лірыку і эстэту — у літаратурным нарысе «Чалавечы бор» палюбіць абстрактную жанчыну ў «любоўных» вершах А. Разанава — сурова-ідэальную — таму незразумелую.
У сваіх «філасофскіх экспромтах» У. Калеснік, бясспрэчна, аптыміст, нават і тады, калі гаворыць пра ахвярную адзіноту творцы. «Творчая адзінота — балючая ахвяра, але не бясплодная, яна патрэбна для нараджэння новых твораў» («Тварэнне легенды»), — сказана аўтарам у яго «экспромце» пра мастацкую арганізаванасць вершаў Я. Купалы. Можна ўявіць, што для Калесніка-аптыміста творчасць — гэта храм, у якім здзяйсняе сваё служэнне мастацтву пакліканы мастацтвам чалавек, але ні ў якім разе ён не павінен быць самаўпэўненым індывідуалістам, як у Ніцшэ. Сталая адзінота мастака, лічыць У. Калеснік, не толькі ахвярны жэст, — гэта яшчэ і творчы бенефіс паэта, які дае яму права быць незвычайным, арыгінальным, непаўторным, а гэтаксама дае права паэту на неўтаймаваную «кабарэтнасць».
«Філасофскі экспромт» У. Калесніка мае і сваю лірычную адмеціну: «белавершавасць» — рытмічна спланаваную, спеўную. Падобную лірыку адчуваем у «экспромце», які ілюструе праблему музыкі ў вершах А. Салагуба. «Паэт-лірык, як шаўкапрад, цягне залатую нітку паэзіі з самога сябе, сваёй душы і сэрца» — чытаем у літаратурным нарысе «Талент». У. Калеснік параўноўвае лірыка з шаўкапрадам, бо шукае ў лірыцы музыку, паколькі музыка ў яго разуменні — гэта «не столькі гукавыя з’явы сапраўднасці […] і адлюстраванне іх у музычных творах, колькі пачуцці і настроі чалавека».
Невыпадкова, што ў рэальна-будзённым жыцці У. Калеснік вельмі паважліва ставіўся да людзей настрою — паэтаў з музыкаю ў душы. Ён нават вітаўся з імі своеасабліва. Прыпамінаецца яго знакамітае выклічнікавае — «О» — з ледзь чутным пераходам у «Э», якое магло азначаць (асабліва для вучняў У. Калесніка) і жарт, і павагу, і параду — адначасна.
Звернем увагу і на філасофскія «ілюстрацыі» У. Калесніка, злітыя з думкаю пра натуралістычны пейзаж, выпісаны ў стылі Русо, у якім прырода — «розум у ідылічнай вокладцы». Напрыклад, пра пейзажы Багушэвіча (у літаратурным нарысе «Беларусь — Радзіма») крытык гаворыць так, быццам хоча знайсці ў іх дух асветніцтва — легенду пра «разумнага» чалавека, замацаваную ў скупым, пункцірна-празрыстым сюжэце. Але афарыстычным завяршэннем падобнага пошуку ў пейзажах Багушэвіча Калеснік лічыць усё ж сацыяльнасць. Вось чаму нам так зразумелы наступны «філасофскі экспромт»: «Пейзажны жанр — натуральная форма ўвасаблення патрыятычных пачуццяў» («Тварэнне легенды»).
Трывога гэта ці суцяшэнне, але ў «кадры» творчасці У. Калесніка я часта бачу яго вочы — выразна мудрыя, падобныя на падказку будучаму паэту — як стаць мастаком і маляваць гронку вінаграду так, каб птушкі зляталіся дзяўбці малюнак («Зорны спеў»).
Уладзімір Ліпскі. Залацінкі з пражытых дзён
Старонкі дзённікаў розных гадоў
Была Ніна Мацяш у Мінску. Вакол яе — рой сяброў.
У той вечар зблізку разгледзеў Уладзіміра Андрэевіча Калесніка. Просты і мудры, вясёлы і засяроджаны, добры і строгі.
Запомніліся яго словы:
— Нанач узяў ды расчыніў фортку. Сніцца сон. Партызаншчына. Лес. Разгроб снег і лёг спаць. Адчуваю, бок прымярзае да моху. Круціўся-круціўся, пакуль не прачнуўся...
Ідуць гады, а чалавеку ўсё сніцца вайна. Сніцца, што ён з вогненнай вёскі...
Віктар Дайліда. Споведзь
У мяне ж столькі сяброў — і сярод простых людзей і сярод пісьменнікаў! На вялікі жаль, многія пайшлі ўжо ад нас. Няма незабыўнага Міхася Стральцова — чалавека чысцейшага сумлення, з якім з’еў пуд солі, які мяне падтрымліваў, часта друкаваў і неаднойчы паўтараў: «Віктар, нікога не слухай, ты — здольны чалавек...» Няма Васіля Віткі, Алеся Асіпенкі, Міхася Рудкоўскага, Аляксея Кейзарава, Уладзіміра Калесніка, нашага літаратурнага Бога і настаўніка... Ах, як без іх цяжка!
-
Васіль Жуковіч. Шчодры падарунак лёсу
-
Уладзімір Гніламёдаў. Такім яго ведаю
-
Яўген Крамко. Сейбіт
-
Генадзь Праневіч. Непаслядоўныя хронікі
-
Мікола Мішчанчук. Тры сустрэчы з Уладзімірам Андрэевічам
-
Лілія Асташонак. Незабыўнае
-
Уладзімір Ягоўдзік. З Добраччу ў сэрцы
-
Тамара Лаўранчук. Успамінаючы настаўніка
-
Станіслава Каралевіч. А святло ўсё праменіцца
-
Святлана Варонік. Доўг памяці
-
Алена Ігнацюк. Філасофскі экспромт Уладзіміра Калесніка
-
Уладзімір Ліпскі. Залацінкі з пражытых дзён
-
Віктар Дайліда. Споведзь
ДЫЯЛОГІ
Мяне заўжды захапляў высокі прафесіяналізм У. Калесніка, выключная скандэнсаванасць зместу яго прац, глыбіня выкладзенай думкі, праблемнасць артыкулаў і манаграфій. Але Уладзімір Андрэевіч быў яшчэ і выдатны палеміст. Можна не пагаджацца з ягонымі меркаваннямі, але прайсці міма іх як нібыта нецікавых нельга. Падобнай непавагі да чытача Уладзімір Андрэевіч не мог сабе дазволіць менавіта як прафесіянал, як чалавек з высокім пачуццём адказнасці за слова — вуснае і друкаванае.
Міхась Мушынскі
Уладзімір Андрэевіч Калеснік — не вучоны «кабінетнага», чыста «бібліятэчнага» тыпу, а вучоны, творчасць якога ўключае ў сябе састаўной часткай акадэмічную доказнасць і — часта — бясстрасную аб’ектыўнасць. Гэтая рыса яго спадчыны раствараецца ў іншых — уменні папулярна і даступна данесці глыбокую ісціну да чытача, запаліць і запаліцца, павесці за сабой, няўрымслівым, непакойлівым, адкрытым — іншых. Такіх, як ён, «палымяна-эмацыянальных» даследчыкаў літаратуры ў нас няшмат. Калі справа датычылася праўды, справядлівасці, правільнасці, як ён іх разумеў, ён безаглядна кідаўся ў спрэчку-бойку, не зважаў на імёны і аўтарытэты. Яго думка высока цанілася ў Мінску і за межамі Беларусі.
Мікола Мішчанчук
Уладзімір Калеснік ніколі не баяўся ісці нецярэбленымі сцежкамі, часта выклікаючы агонь на сябе, уступаючы ў вострую палеміку з сталічнымі аўтарытэтамі, калі гэта пярэчыла ягонаму досведу вучонага і грамадзяніна. Такой была, у прыватнасці, ягоная прынцыповая пазіцыя ў дачыненні да тэорыі так званага паскоранага развіцця беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя, у якой паскоранасць тлумачылася амаль выключна ўплывамі высокаразвітых літаратур суседзяў і ў цэлым сусветнай літаратуры, пры гэтым недаацэньвалася роля нацыянальнага фальклору як фактару яе арыгінальнасці і самабытнасці.
Генадзь Праневіч
Як крытык, я ні ад кога не залежу. Стараюся займаць надгрупавыя пазіцыі, дык часам і кажуць знаёмыя мінчукі: «Добра табе, седзячы далёка…» А што добрага? Ад сур’ёзных праблем творчага асяроддзя нікуды не дзенешся. Проста імкнуся быць аб’ектыўным і мне, можа, крыху лягчэй даходзіць да аб’ектыўнасці, жывучы здалёк ад кратэра. Калі адзін стылёвы кірунак не зносіць другога, гэта нічога, пачубяцца — палюбяцца, але калі нецярпімасць набракне палітыкай, тады бяда.
Уладзімір Калеснік
Жыць ідэяй Адраджэння
У кожнага свая Ясная Паляна. Гутарка Алеся Каско
з лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі
прафесарам Уладзімірам Калеснікам
— Уладзімір Андрэевіч, некаторыя памылкова лічаць вас карэнным берасцейцам, і гэта не дзіўна: так даўно Вы ў Брэсце і менавіта тут сфарміраваліся як пісьменнік і вучоны. Што Вас парадніла з горадам — свядомы выбар ці проста збег акалічнасцей?
— І тое і другое. На пачатку 50-х гадоў закрыўся настаўніцкі інстытут у Бабруйску, і я з загадчыка кафедры перайшоў у «вольныя стралкі». Думаў вярнуцца ў Мінск, дзе мне давалі старэйшага навуковага супрацоўніка ў Інстытуце літаратуры. Але не знайшлося пакоя ў інтэрнаце, а наймаць кватэру было не па кішэні, ды не вельмі хто захацеў бы браць хворага на туберкулёз кватаранта.
Так у 1954 годзе прыехаў у Брэсцкі інстытут выкладчыкам, праз два гады выбралі загадчыкам кафедры беларускай літаратуры. Цяжкая была праца, але маладыя спецыялісты былі цягавітымі і непрывярэдлівымі. Падабаўся дружны інтэлігентны калектыў на факультэце, матэрыяльна жылося туга, але ж так жылі ўсе: што міру, то і бабінаму сыну.
У студэнцкай сталоўцы елі абеды і мы, маладыя, і шаноўныя прафесар Антон Ус са сваёю сяброўкай Соф’яй Сяргееўнай Спаскай. Потым паявілася сям’я. Склалася берасцейская літаратурная сябрына.
У часе летніх канікул ездзіў у архівы і бібліятэкі Вільнюса, Мінска, працягваў вывучаць заходнебеларускую паэзію, канчаў дысертацыю.
— Дык Вы прыехалі ў Брэст, маючы ўжо сваю першую кнігу, хай сабе пакуль што ў рукапісе? Кажу пра манаграфію «Паэзія змагання. Максім Танк і заходнебеларуская літаратура», якая ў 1959 годзе была надрукавана выдавецтвам.
— Так, кніжка зроблена на аснове дысертацыі. Да друку рэкамендаваў вучоны савет БДУ. Не скажу, што я выступіў абсалютным адкрывальнікам паэзіі М. Танка. Паэт меў даволі багатую заходнебеларускую і польскую прэсу. Толькі пра гэта ў Мінску не ведалі, ды і КПЗБ аказалася ў сталіністаў на падазрэнні. Трэба было неяк вяртаць праўду аб рэвалюцыйна-вызваленчым руху ў Заходняй Беларусі, многія песняры і важакі якога аказаліся рэпрэсіраванымі. Сталіністы дапамагалі дэфензіве скампраментаваць авангард вызваленчага руху. А гэта было змаганне суровае, яно патрабавала мужнасці, самаахвярнасці. Сёння, канешне, ёсць магчымасць вырашаць палітычныя праблемы мірным шляхам, а тады з абодвух бакоў лічылася толькі сіла і барацьба. У вершах заходнебеларускіх паэтаў апяваюцца сапраўдныя героі, аплакваюцца сапраўдныя ахвяры. Перадавыя паэты не ўхіляліся ад змагання.
Аднак аналіз, характарыстыка давераснёўскай творчасці ў першай маёй кніжцы былі няпоўнымі: «дапамог» ідэалагічны рэжым: сам сакратар ЦК КПБ па ідэалогіі загадаў «выразаць» каля ста старонак з набору кнігі. Выдавецкія работнікі, спачуваючы мне, аддалі ўпотай тыя гранкі на памяць. Цаню і хвалю. Цяпер, зразумела, пісаў бы не толькі аб тым, як бачылі і ўспрымалі паэта лева-радыкальныя сілы, але найперш пра тое, чаму яго вершы з поўным поспехам чыталіся на камсамольскіх мітынгах і ў цесным коле інтэлігенцкай эліты, у тым ліку польскай.
Цікавы адказ прапанаваў ксёндз А. Станкевіч у рэцэнзіі на паэму «Нарач». Ён гаворыць, што сацыяльнае Танк паказвае як эстэтычнае, знаходзіць у ім чалавечы сэнс, хараство і брыдоту, дабро і зло. Агульначалавечае ў яго творчасці — асноўнае, стрыжнявое.
— Што яшчэ з раней апублікаванага Вам хацелася б перагледзець, дапоўніць і перавыдаць?
— Ужо ёсць дамоўленасць з выдавецтвам на перавыданне кнігі пра Уладзіміра Жылку «Ветразі Адысея». Дай Бог, каб не ўнёс карэктывы пан рынак. Думаю дапоўніць яе больш апісаннем савецкага перыяду жыцця і творчасці паэта. Хочацца перагледзець асобныя ацэнкі, данесці да чытача як мага больш са спадчыны гэтага выдатнейшага заходнебеларускага паэта, у прыватнасці — яго паэмы «Уяўленне» і «Тэстамент». Складаючы да перавыдання зборнікі Жылкі, даводзілася даказваць выдаўцам спасылкай на сведак аўтэнтычнасці тэксту «Тэстаменту», каб надрукаваць гэты твор, напісаны ва Уржуме і абнародаваны ў час вайны, як стала цяпер вядома, сябрам па няволі Яўхімам Кіпелем. У апошнім выданні твораў У. Жылкі, укладзеным мною зборніку «Пожні» «прайшлі» толькі ўрыўкі «Тэстаменту», замаскіраваныя іншым загалоўкам.
Уладзімір Жылка выключна таленавіты паэт гуманістычнага і філасофскага плану. На жаль, ён не заняў яшчэ дастойнае месца ў душах чытачоў і на літаратурным Парнасе. Паспрабую паставіць пытанне ў Акадэміі навук, каб у новай «Гісторыі беларускай літаратуры», у склад аўтарскага калектыву ў якой запрасілі мяне, быў манаграфічны раздзел пра У. Жылку, як, дарэчы, і пра Наталлю Арсенневу, творчасць якой вельмі марудна ідзе да сучаснага чытача. Па інерцыі ў нас мастацтва ўсё яшчэ прачытваецца прыдзірліва, як ідэалогія.
— Апошнім часам публіцысты і мастакі, жадаючы пафарсіць, дабіраюцца да ветэранаў вайны, асабліва партызан, выкукарэкваючы створаны ў час халоднай вайны на Захадзе сілагізм: «не было б масавай «партызаншчыны» — не было б і масавага знішчэння мірнага насельніцтва фашыстамі».
— Згодзен, сапраўды, не было б той жудасці, пра якую расказалі ахвяры Хатыняў у кнізе «Я — з вогненнай вёскі…» Але ж, шаноўныя спадары, хочацца сказаць: адступіцеся яшчэ на адзін крок назад і падумайце, ці не лепш было б для Беларусі, каб не напалі на яе гітлераўцы? Тады не было б паліцаяў, масавых забойстваў яўрэяў, усяго насельніцтва — цыганоў, савецкіх актывістаў і акружэнцаў — усяго таго крывавага жаху і глуму, які падняў на помсту не дэсантнікаў, як дэкларуе ідэалогія паліцэйшчыны, а ўсіх патрыётаў Беларусі, нават падлеткаў і старых, нават праціўнікаў калгаснага ладу і сацыялізму як такога, нават асоб духоўнага стану. Я магу гаварыць пра гэта як партызан атрада, дзе і камандаванне, і радавы састаў былі беларусамі, прыкладна на 80 % былі мясцовыя беларусы. У ўзводзе, якім камандаваў я, больш трэці партызан мелі знішчаныя сем’і.
Я разумею тых калабарантаў, якія шукаюць сабе маральнага апраўдання, але не магу дазволіць рабіць гэта коштам партызан.
У першы год акупацыі прынамсі на тэрыторыі Заходняй Беларусі партызанаў жа не было, стваралася антыфашысцкае падполле. А колькі мірных людзей забілі фашысты і паліцаі? На вёскі назначалі кантрыбуцыю: здаць столькі-та кароў, столькі тон жыта, цёплага адзення — і гэта прывяло да выбуху: трактавалі людзей як жывёлу. Трэба ж было адчаіцца, рашыцца, каб пайсці ў партызаны. Не для прыгодаў людзі ішлі, не ў «вясёлыя разбойнікі». Хіба мала нас палегла?
Не буду ідэалізаваць і партызанаў. Там таксама былі людзі і былі чалавекі. Але тым, хто накіроўваў партызанскі рух, не хапіла палітычнай і вайсковай кампетэнцыі, палітычнай дальнабачнасці, каб стварыць на акупіраванай тэрыторыі структуры ўлады і ўрад. У мясцовасцях, што кантраляваліся партызанамі, утварыліся б свае адміністрацыйныя структуры, як у палякаў. Інтарэсы насельніцтва былі б лепш абароненымі, а партызанам не трэба было б займацца ганебнай «харчразвёрсткай». Людзі самі дзяліліся б з партызанамі хлебам-соллю, адчувалі б сябе патрыётамі.
— Якая памяць аб партызанах у герояў кнігі “Я з вогненнай вёскі…”?
— Мы аб’ездзілі ўсю Беларусь, збіраючы матэрыял для кнігі, не сустракалі варожасці і асаблівых нараканняў на партызан. Памятаю толькі ў адной мясціне, на Віцебшчыне, расказалі нам жахлівую рэч. У часе фашысцкай блакады нейкі паталагічны суб’ект, камандзір атрада, загадаў цэлай вёсцы ісці ў лес. Загад, вядома, бязглузды: ці мог атрад абараніць тых людзей, маючы боепрыпасаў на паўгадзіны-гадзіну бою? А вяскоўцы, сустрэтыя карнікамі ў лесе, успрымаліся б не як мірныя жыхары, а як тыя ж партызаны, бандыты па-іхняму. Дык частка людзей з асцярогі засталася ў вёсцы. Разгневаны камандзір загадаў расстраляць некалькі сем’яў. Паталагічны, ідыёцкі выпадак. Лясны дыктатар не разумеў, што тварыў. Пасля вайны памкнуўся нават прыехаць на святкаванне Перамогі туды, дзе дапусціў злачынства. Вяскоўцы далі такі адпор, што недзе схаваўся і ўлады не змаглі адшукаць, каб аддаць пад суд.
Не пагаджуся, што такія выпадкі былі тыповымі, але той-сёй з эміграцыі хапаецца за іх і крывадушнічае: маўляў, досыць нас папракаць паліцэйшчынай. Нявіннай крыві паліцыя праліла менш, чым партызаны. І гаворыцца з упэўненасцю, нібы справа ідзе пра бартарны абмен. Параіў бы дзелавому чалавеку праехаць па партызанскіх зонах па той жа Віцебшчыне і дазнацца праўды. Паліцэйскія сем’і жылі ў гарнізонах, а партызанскія ў часе блакад ператвараліся ў зверыну, на якую палявалі нямецкія Jagdfuhrer(ы) і мясцовыя паліцэйскія гіцлі. Для забавы збівалі падлеткаў з дрэваў, як цецерукоў. Пісьменнікі, якія ведаюць гэта, ужо адыходзяць, а ветэраны не маюць чым і як бараніць сваёй годнасці. Не дазволіла ж у свой час Масква ўтварыць грамадскую арганізацыю ветэранаў партызанскага руху. У нас усе ветэраны прыведзены пад агульную стрэху. Усё там перамешана — ратны труд і мірны.
— У гэтай сувязі — ці працягваеце працу над уласнымі партызанскімі ўспамінамі?
— Так. Апублікаваў у перыядычным друку толькі асобныя фрагменты, трэба сабрацца і зрабіць кнігу. Не лёгка, браце, пісаць пра загінуўшых сяброў, родзічаў, знаёмых… А гэта асноўная тэма акупацыйнай, блакаднай, партызанскай кнігі.
— Бачыце, мы ўвесь час закранаем не толькі зробленае, а і Вашу будучую працу, Вашы планы. Што цяпер аддадзена ў выдавецтва?
— Здадзена і выйдзе сёлета кніга «Усё чалавечае» — ад назвы раздзела, эсэ, мініяцюры Я. Брыля. У кантэксце лірычнай філасофскай прозы — беларускай, славянскай і шырэй. У кнігу ўвойдуць успаміны пра Караткевіча, Шырму, Таўлая, артыкул пра творчасць А. Разанава, А. Карпюка, пераклады Н. Мацяш. Адзін раздзел складае «Пражскі эпісталярый» — перапіска У. Жылкі з І. Дварчаніным і Т. Грыбам. Апрача таго, публіцыстычныя артыкулы «Адрадзіцца духам», «Тут можна жыць», якія ў свой час друкаваліся.
— Згаданыя артыкулы, як памятаю, прысвечаны праблемам так званай «духоўнай правінцыі», якой з’яўляецца Брэст. У гэтай правінцыі Вы пішаце пра Ф. Скарыну, М. Гусоўскага, М. Танка і Я. Брыля, ствараеце падручнікі і дапаможнікі для студэнтаў, рыхтуеце кадры не толькі настаўнікаў, а і літаратараў. Як жа разумець яе, «духоўную правінцыю»?
— Разумееш яе, калі сутыкаешся з чужою няўважлівасцю і глухатою. Хіба ж не страчвае Берасцейшчына, як і раней, здольную, творчую інтэлігенцыю? Па-ранейшаму, каб рэалізаваць талент, трэба ехаць у Мінск. Адных літаратараў з Берасцейшчыны колькі там. Каб хоць палова засталася ў вобласці, было б не аддзяленне, а мнагалікая і моцная абласная арганізацыя Саюза пісьменнікаў. Можа, большая, чым дзе.
У правінцыі так: паэт здольны, але тутэйшы — значыць яшчэ не тое. Сапраўдных забіраюць туды, у сталіцу… Дасюль яшчэ жыве-пакутуе адміністрацыйны прынцып: абласны начальнік абавязкова разумнейшы за раённага, раённы — разумнейшы за сельсавецкага і г. д. Так і паэтаў лёгка ацэньваць — не абавязкова чытаць, хопіць – адрасны даведнік. У цывілізаваным, развітым грамадстве такога няма. Там, па-першае, літаратура не так залежыць ад палітыкі, не так падуладна ёй. Мастацкая творчасць стварае сваю іманентную сферу ці прастору, прастору духоўную. І ў нас, лічу, праблема цэнтра і культурнай перыферыі здымецца сама сабой, калі абновіцца ментальнасць грамадскасці ў цэлым.
— Скажыце, а ці няма ў жыцці на перыферыі і пэўнай вабнасці? Л. Талстой жыў у Яснай Паляне, А. Пушкін выязджаў у Болдзіна, Я. Купала — у Ляўкі…
— У кожнага сапраўднага пісьменніка павінна быць свая Ясная Паляна — гэта паляна душы, яго творчы набытак. Мне на правінцыі зацішней, абмінаюць многія групавыя ці кланавыя замятні. Канешне, ёсць тут і слабы бок — не дабыць інфармацыі аб жывым літаратурным працэсе.
Як крытык, я ні ад кога не залежу. Стараюся займаць надгрупавыя пазіцыі, дык часам і кажуць знаёмыя мінчукі: «Добра табе, седзячы далёка…» А што добрага? Ад сур’ёзных праблем творчага асяроддзя нікуды не дзенешся. Проста імкнуся быць аб’ектыўным і мне, можа, крыху лягчэй даходзіць да аб’ектыўнасці, жывучы здалёк ад кратэра. Калі адзін стылёвы кірунак не зносіць другога, гэта нічога, пачубяцца — палюбяцца, але калі нецярпімасць набракне палітыкай, тады бяда. Хіба не сапраўдная бяда сталася ў
30-я гады, калі «Узвышша» і «Маладняк» перавялі эстэтычныя разыходжанні ў сферу класавай ідэалогіі ды палітыкі? На маю думку, у залежнасці ад таго, як будзе праходзіць працэс спецыфікацыі літаратуры, выяўленне яе эстэтычнай прыроды і нацыянальна-патрыятычнай функцыі, будзе залежаць добрае ці дрэннае самаадчуванне пісьменнікаў. Будзем спадзявацца, што прыдзе партнёрства на месца падзелаў і градацый. Будуць улічвацца толькі талент аб’ектыўны, прызнаны чытачом уклад кожнага ў росквіт роднага слова, у пашырэнне нацыянальнай і агульнай культуры.
Гутарыў Алесь Каско
Вечерний Брест. — 1992. — № 11. — С. 1, 5
Анкета альманаха «Вобраз-90»
1. Прыгадайце, калі ласка, найбольш удалыя й запамінальныя, плённыя дзеля фармавання нацыянальнае свядомасці літаратурныя вобразы Беларусі і беларуса.
У чалавека, які ўступіў у схіл свайго жыцця, найбольш памятнымі і хвалюючымі, як ні дзіўна, аказваюцца не тыя вобразы ідэалаў і каштоўнасцей, якія паўсюдна шануюцца грамадскасцю і сцвярджаюцца прафесійнай крытыкай (чытач знойдзе іх і ў маіх літаратурных працах, у кнігах «Ветразі Адысея», «Тварэнне легенды»), а тыя, што прыляцелі раннімі птушкамі ў дзіцячую душу ды па праву першынства пасяліліся ў гняздзечку свядомасці. Яны не памерклі побач з новымі, больш багатымі па зместу і шыкоўнымі па форме вобразамі, якія пазней падарыла вучню беларуская і сусветная класічная літаратура і мастацтва.
Для мяне першым у жыцці вобразам беларуса стаў герой прымаўкі, якую меў на языку мой хросны бацька Саша Васілеўскі, нязрушаны аптыміст, што звык падбадзёрваць і падбадзёрвацца выслоўем: «Беларус, не будзь трус!» Да пятаў даймала мяне гэтая прыгаворка, калі хросны, нёманскі плытнік і славуты на ўсю Налібоцкую пушчу вазак, дарыў яе мне асабіста, разам з велікодным чырвоным яечкам: «Ну, хроснік, што вочы апускаеш? Як той казаў, беларус — не будзь трус! Вялікі расці ды нікога не бойся!» А калі я, узяўшы прыгожую пісанку, стараўся хутчэй схавацца за матчыну спадніцу, бо мала што яшчэ старэйшыя сурвіцелі пачуюць ды падхопяць слоўка, перакруцяць ды будуць дражніцца, прылепяць мне новую мянушку, а ў мяне і без таго было іх тры: рэтман (галава плытніцкай арцелі — гэта за бацьку), цыган — гэта за цёмныя вочы, латушка — гэта немаведама за што і за каго, так дражнілі наш род. Я не хацеў тады, каб прыстала да мяне яшчэ мянушка «беларус». Слову гэтаму ў вясковым асяроддзі Заходняй Беларусі надавалася розная афарбоўка. Суседні дзяцюк Ванюша Трафімчык, памятлівы на вершы і песні, вечарамі запяваў купалаўскую:
Не пагаснуць зоркі ў небе,
Покі неба будзе, —
Не загіне край забраны,
Покі будуць людзі.
Беларускаю рукою
Светлай праўды сіла
Славу лепшую напіша
Бацькаўшчыне мілай.
Хросны пад чаркай спяваў «Беларуска мяжой вузкай йшла на поле жаць…». Тут «беларускай» была мая сястра, яе сяброўкі, прыгожыя дзяўчаты, якія хадзілі пераросткамі ў школу авалодваць польскаю граматай і з гарэзнасці бралі ў школу мяне — дашкольніка. Дзяўчаты спявалі песні на трох мовах: роднай, рускай і польскай, на трох мовах чыталі кнігі. Чатыром мовам пачаў вучыцца і я: польскай і царкоўнаславянскай у школе ад настаўніцы і бацюшкі, беларускай і рускай — дома ад маці і сястры. Сярод мужчын існавалі рознагалоссі, якая мова лепшая і, наогул, хто мы такія. Бывалыя мужыкі, што працавалі да першай сусветнай вайны ў Пецярбургу, глядзелі на беларускі рух скептычна: Польшча і тым больш Беларусь здаваліся ім драбнотай у параўнанні з матухнай-Расіяй, ім хацелася вярнуцца ў маладосць. А маладыя дзецюкі шукалі спосабаў, каб лепш уладкаваць жыццё тут, дома, і ганарыцца, што мы, беларусы, таксама не з пустога хлява затычка.
Словы «Беларусь», «беларусы» красаваліся тады на выбарчых плакатах, гучалі ў вершах, якія дэкламавалі дзецюкі і дзяўчаты перад пачаткам спектакляў, у інтэрвалах паміж дзеямі. Вершы пра Беларусь і беларуса друкаваліся ў насценных і настольных календарах, якія купляў бацька ў Міры; пра беларусаў чыталі расказы з нейкіх зборнікаў і часопісаў старэйшыя хлопцы на пашы і ля начлежных вогнішчаў. Урэшце я сам пачаў завучваць іх на памяць у пятым-сёмым класе Ярэміцкай утраквістычнай школы на ўроках беларускай мовы і літаратуры, якіх было два на тыдзень. Прызнаюся, Купалавы вершы пра беларуса-бедалагу («цёмен сам, белы вус, пядзі дзве валасы») не захапілі мяне, я ўспрымаў іх як нешта крыўднае, прыніжаючае. Вакол я не бачыў такіх недалугіх мужыкоў, нашы былі унь якія спраўныя: і касцы, і лесарубы, і плытнікі. Коласавы плытнікі былі больш падобныя на нашых, тыя не прасілі спагады, трымаліся горда, насуперак стыхіям: «Вецер загуляе, хвойнік, лозы гнуцца, плытнік спачывае, як сабака ў будцы». Яшчэ больш падабаліся мне Коласавы «касцы, ваякі мірнай працы, выходзяць з косамі на пляцы і на палоскі верставыя кладуцца коскі іх крывыя…» Але і над плытнікамі і над касцамі ўзвышаліся коннікі з Багдановічавай «Пагоні»:
Мо яны, Беларусь, панясліся
За тваімі дзяцьмі наўздагон,
Што забылі цябе, адракліся,
Прадалі і аддалі ў палон.
Біце ў сэрцы іх — біце мячамі,
Не давайце чужынцамі быць!
Хай пачуюць, як сэрца начамі
Аб радзімай старонцы баліць…
Калі я стаў вучыцца ў гімназіі, мне здавалася, што загад паэта коннікам датычыць і мяне. Гімназія была польская, там беларускай мове не знайшлося месца, мы вывучалі лаціну, польскую, нямецкую і французскую мовы, на ўроках рэлігіі я, як праваслаўны, чуў рускую і царкоўнаславянскую, завучваў на памяць евангельскія тэксты, малітвы, а беларуская мова і літаратура жылі падпольна. Мы, беларусы, гаварылі на ёй толькі ў сваім цесным коле, калі не было побач палякаў, употай перадавалі кніжкі з рук у рукі і прачытвалі начамі, у ложках, пры запаленай свечцы. Гэтае чытанне было як апраўданне душы перад грознымі коннікамі, пасланцамі сумлення. Аднак душа не адчувала сябе чыстай, хоць і даў я сабе зарок пайсці шляхамі Андрэя Лабановіча, працаваць у вясковай школцы і хоць у пазакласны час несці братам-беларусам агеньчык асветы. Зняў у мяне камень з душы мой дваюрадны брат Арсен Балабановіч, вядомы ў ваколіцы рэвалюцыянер, сакратар Шчарсоўскага райкома КПЗБ. Мы сустрэліся з ім нечакана ў часе зімовых канікул на вечарыне. Арсен пасля чатырох гадоў турмы вярнуўся ў вёску і стаў важаком буйных галоваў. Я разгубіўся і вінавата чакаў дакору. Але браценнік абняў мяне, адвёў убок і сказаў: «Добра, што вучышся: нам адукаваныя хлопцы патрэбны!» Я гатовы быў падскочыць ад радасці, пачуўшы такое разуменне маіх цяжкіх праблем, такі давер да мяне.
2. Ваш вобраз Беларусі.
Мой вобраз Беларусі падзяліўся на дзіцячы і дарослы. У дзяцінстве Беларусь, усё яе хараство, усё багацце ўмяшчалася ў краявідах, на якія нельга было наглядзецца і якім не было канца-краю, так яны змяняліся і адкрываліся ў залежнасці ад пары года, пагоды, настрою ну і, зразумела, ад паездак з бацькам у «чужыя бакі». А бакоў было два: той бок, «іхні», і гэты бок — «наш». Той, палявы, пшанічны, — на левым беразе Нёмана і гэты, лясны, грыбны ды ягадны — на правым. Наш бок, гаварылі старыя людзі, быў бяднейшы, але мы, дзеці, хлопцы і дзецюкі ведалі пэўна, што наш бок быў прыгажэйшы. Ён быў высланы дываном заліўных лугоў, сенакосаў, на якіх свабодна раскінуліся старыя дубы і таямнічыя, парослыя арэшнікам, дубняком і ажыннікам астравы, рыбныя азярыны-старыцы — мясціны дзіцячага збіральніцкага промыслу. Далей ад Нёмана ішлі ўжо страшныя цёмныя бары, лясныя ўрочышчы, воступы з таямнічымі назвамі: Мядзведзь лес, Галын бор, Чорная, Рудзьма, Хітры, Вуглы. А за ўсім гэтым прывабная і страшная Налібоцкая пушча з возерам Кромань і Свянцоным калодзезькам. У блізкія ўрочышчы пастухі з вясны да восені ганялі гурты кароў і прыносілі малышам забаўкі — дудкі, «стрэльбы», скручаныя з вершалін маладых сасонак. А ўглыб пушчы даходзілі толькі зімою дарослыя лесарубы і вазакі. Летам туды пранікалі самыя дасужыя і заядлыя ягадніцы ды грыбнікі, што не баяліся ні ваўкоў, ні чарцей. Дзецям належала баяцца і Нёмана, каб не ўтапіцца, і лесу, каб не заблудзіцца ды не прапасці. На нашым лясістым баку было шмат страхаў і таямніц, а на палявым — дастатку і дабра. Пазней, ездзячы з бацькам на правах пестуна ў Мір на кірмаш, у Любчу — браць ходку плытоў, у Наваградак — таксама па яго плытніцкіх справах, я адкрыў, што ёсць таямніцы рукатворныя, якіх няма ў нас — Мірскі і Наваградскі замкі, Любчанскі і Шчарсоўскі графскія палацы. Вобраз Беларусі паступова сацыялізаваўся, набіраўся гістарызму, рабіўся дарослым, трывожным, балючым і пакутлівым. І адзіным.
Паэтычны вобраз Беларусі ў маім дарослым успрыманні — гэта нацыянальная варыяцыя ў межах еўрапейскага архетыпу Айчыны, выснаванага з евангельскага цыкла Марыйных міфаў. Паколькі культ Марыі-дзевы асабліва багаты ў каталіцкай культуры, дык, трэба думаць, і ў беларускую літаратуру сімвал Беларусі-Богамаці прыйшоў з гэтай крыніцы. Мне давялося гаварыць на гэту тэму ў нарысах пра Скарыну, Гусоўскага, Купалу, апублікаваных у названай вышэй кнізе «Тварэнне легенды». Праўда, і ў беларускім праваслаўі ды ўніяцтве культ Марыі ўзбагачаў палемічныя літаратурныя творы — «Фрынас» М. Сматрыцкага, «Казанне двое» Л. Карповіча, «Дыярыуш» А. Філіповіча. У паэзіі неарамантычнай пары вобраз Марыі-Беларусі напоўніўся сімвалісцкай летунковасцю пра таямнічасць жаночай красы ўвогуле. Такое эстэтызаванае ўспрыманне прыдало арыгінальную двухтэмнасць патрыятычным вершам М. Багдановіча, У. Жылкі і паэмам маладога У. Дубоўкі, М. Танка. Па-свойму цераз пейзаж і філасофскі маналог вядуць сказ пра таямнічую красу Беларусі Купала, Колас, Панчанка, Брыль.
І зноў вядзе мяне думка ў літаратуразнаўчыя ўгоддзі. Можа, міжволі адводзіць ад сучаснай балючай публіцыстычнасці. Цяжка бачыць Радзіму каторы ўжо раз апушчанай і запушчанай ды не абы-кім, а вучонымі, адказнымі, вядомымі яе грамадзянамі, да ліку якіх належыш пакрысе і сам, хоць бы з рацыі літаратурнай прафесіі. Дык наша яна ў рэшце рэшт ці чужая?
3. Што Вы разумееце пад беларускім вобразам свету?
Беларускі вобраз свету нічым асаблівым не адрозніваецца ад уяўленняў пра свет усіх малых народаў, якія перажылі або перажываюць сёння трывогі і надзеі, пакутуюць ад няўдач і радуюцца сціплым перамогам на шляхах нацыянальнага адраджэння. Для патрыятычнай інтэлігенцыі гэтых народаў вобраз свету складаецца з дзвюх антыномаў-палавінак: адна — гэта свет радасны і зычлівы адраджэнню, што прызнае права малых адстаючых народаў на роўнае месца пад сонцам, другая — свет вялікіх дзяржаў, высакамерных, варожых малым. Вялікія бачаць у вызваленні малых падрыў устаноўленай спрадвеку субардынацыі. Трагізм патрыятычнай інтэлігенцыі малых залежных народаў у тым, што найбольш гнюснымі ворагамі іх адраджэння нярэдка аказваюцца заражаныя сацыяльнаю паталогіяй суайчыннікі, супляменнікі, прывыклыя да лакейства і прыніжэння. Пра гэта трапна сказаў М. Танк у вершы 1937 года:
Нашу песню даўно грызлі голад з сухотамі,
Не было нават ранаў калі загаіць.
Станавіліся, ведай, на грудзі падкутымі ботамі
І чужынец-гандляр, а найгорш — гэта юды свае…
Беларускі вобраз свету сёння, на маю думку, гэта плеяда блізкіх і далёкіх краін, народаў, дзяржаў, якія ў мінулым бывалі нам партнёрамі па гістарычным жыцці, а потым адны апярэдзілі нас, іншыя выцеснілі на абочыну і прышчапілі многім беларусам пачуццё непаўнацэннасці, безнадзейнасці, зняверылі, убілі ў галовы, нібыта ўжо нічога нельга паправіць, застаецца адно толькі прыстасавацца да абставін, забыць сваё імя. Мне хочацца верыць, што ў працэсе гуманізацыі і абнаўлення сацыялізму беларускі народ здолее вярнуцца да паўнакроўнага культурнага, грамадскага і дзяржаўнага жыцця, адновіць шляхі, якімі ён ішоў у 20-я гады да з’яднання ў сацыялізме і якія трагічна абарваліся беспадстаўнымі рэпрэсіямі супраць патрыятычных сіл і кіраўніцтва рэспублікі, і нацыянальнай інтэлігенцыі у 20—50-я гады, а завяршыліся духоўным летаргам у фунікулёры суслаўскай машыны паскоранага зліцця сацыялістычных нацый. Беларусы сёння яшчэ бачаць свет вачыма грамады збянтэжаных людзей, залежных і прывыклых прыстасоўвацца да сацыяльна-гістарычных абставін, якія ствараюцца недзе высока і далёка ды ад нашай згоды ці нязгоды не залежаць. Мімікрыя ўяўляецца многім як самы лёгкі спосаб фізічнага выжывання ў скалочаным свеце, адсюль паніжаючая грамадская пасіўнасць. Для многіх свабода і шанец на адраджэнне нацыянальнай годнасці, які дае перабудова, гэта не даброты, а лішнія клопаты, без якіх пражыць можна лягчэй і зручней. Аднабаковы матэрыяльна-практычны ўхіл перабудовы ў БССР пры зацяжной стагнацыі сферы нацыянальнай свядомасці, культуры, на жаль, яшчэ ўсё вызначае балючую беларускую «спецыфіку» бачання сучаснага свету і няпэўнага ўяўлення свету будучага.
4. Вобразатворчае пісьмо, здаецца, даўно стала бітым шляхам у літаратуры. Асноўнымі непарушнымі законамі стварэння вобраза, характара, тыпа больш ці менш удала карыстаюцца ўсе аўтары больш ці менш «дабротных» твораў, па сутнасці рамеснікі. Як, на Вашу думку, будзе развівацца літаратурны вобраз? Ці, магчыма, знойдзецца які іншы шлях?
Так, вобразная мова — з’ява архаічная, настолькі архаічная, што ёсць падставы, не будучы прарокам, прадказаць ёй вечнае суіснаванне з мовай лагічных паняццяў, мовай альтэрнатыўнай, якая ўзнікла на больш познім этапе цывілізацыі і сёння ў сваім развіцці дайшла да скрайнасці — безэмацыянальнай камп’ютарнай мовы, мовы чыстай і сухой інфарматыкі. Лагічна дапусціць, што і эмацыянальная вобразная мова, матэрыя мастацтва павінна адэкватна эвалюцыяніраваць, ісці шляхамі распадабнення і спараджаць нейкую чыстую супервобразную скрайнасць, адваротную камп’ютарнай. Спакуса стварыць нейкі феномен супервобразнасці бярэдзіць амбіцыі сучасных мастакоў слова, якія не хочуць адстаць ад вучоных-кібернетыкаў з усёю іх інфарматычнаю прамудрасцю. Ці не з гэтай спакусы прыйшло і на Беларусь, дзе, па словах Караткевіча, «Бог жыве» — захапленне верлібрам ды асацыятыўнасцю. Асацыятыўная вобразнасць уласна і ўяўлялася наватарам як пэўны адпаведнік камп’ютарнага кода, яго адваротная тоеснасць. Абедзве скрайнасці жывуць пад трэпетным сцягам сучаснасці.
Зрэшты такія скрайнасці ўзнікалі ўжо неяк у пачатку ХХ стагоддзя ў авангардных плынях найбольш развітых літаратур. Праўда, скрайняй формай абнаўлення моўнай вобразнасці, на мой погляд, прынцыпова не можа стаць нейкая плынь ці кірунак, нават такі авангардны, як, скажам, футурызм ці сюррэалізм, або такая школа, як імажынізм ці дадаізм, бо вобразнае распадабненне мовы ўваткнецца ў шлагбаумы зборнасці. Дасягнуць сваёй поўнай існасці ён можа толькі ў персанальнай, аўтарскай індывідуалізаванасці (мова Бадлера, Апалінэра, Маякоўскага, Хлебнікава). У нас, у беларускай паэзіі, імкненне да скрайняй персаналізацыі паэтычнай мовы натуральна стрымлівалася, але і падганялася арганічнаю сувяззю літаратуры з нацыянальна-вызваленчым рухам. Нацыянальнае адраджэнне прызнае генеральнаю праграмай усёй грамадскасці гуртаванне, барацьбу за тоеснасць народа і ўмацаванне нацыянальнай мовы цераз яе літаратурную нарматывізацыю. Распадабненне і скрайнія формы індывідуалізацыі моўнай субстанцыі — раскоша, на якую адраджэнне можа сабе дазволіць хіба што на фінальным этапе. Пра гэта сведчыць развіццё вобразна-моўнай тканкі новай беларускай паэзіі, дзе спосабы вострай і скрайняй індывідуалізацыі спарадычна пачалі ўзнікаць толькі ў неарамантыкаў В. Ластоўскага, З. Бядулі ды прыхільніка авангарда Л. Родзевіча. Стваральнікі беларускай класікі Купала, Колас, Бадановіч пры ўсёй самабытнасці творчых манер і вобразнага ладу нарматывізуюць мову і ніколі, барані божа, не арыгінальнічаюць, не забаўляюцца словам. Больш свабодным і нават бурным стала моўнае распадабненне ў паэзіі 20-х гадоў — М. Чарот, У. Дубоўка, У. Жылка, Я. Пушча — гэта і ёсць знак таго, што моладзь адчула здзяйсняльнасць адраджэння. Праўда, і тады адраджэнскі ідэал патрабаваў яшчэ ад паэтаў асветніцкай або нават палітычнай вучыцельнасці, і яны не адмаўляліся, пакуль гэта рабілася па добрай волі і для карысці народа. На жаль, у 30-я гады дайшло да агітпропаўскай тэрміналагічнай пільнасці, ліквідацыі падтэксту і шматзначнасці. Уніфікаваўся жанр каляндарна-паэтычнай лірыкі, якая была прымусова ўкладзена ў пракрустаў ложак валюнтарысцкай ідэалогіі ды стала антыпаэзіяй.
Смелыя скрайнасці моўнага распадабнення ў беларускай паэтычнай мове былі адсунуты рэпрэсіўнай ідэалогіяй ажно да першага пасля смерці Сталіна прадвесня — 60-х гадоў. Сапраўдным вызваліцелем моўнага «я», на мой погляд, трэба назваць А. Разанава. Індывідуалізацыя пайшла ў яго па лініі асацыятыўнага яднання метафарычнасці з кадзіраванай мовай даўніх і сучасных філасофскіх прац, прысвечаных экзістэнцыяльным праблемам. Агульны прынцып індывідуалізацыі ці персаніфікацыі мовы ў Разанава носіць парадаксальны характар: паэтычная несамавітасць сужываецца з абстрактнасцю, інтэлектуалізацыяй, філасафічнасцю, нават сухаватасцю. Вытокі гэтай рэформы можна знайсці ў А. Куляшова, М. Танка, а працяг у асобных паэтаў з групы «Тутэйшыя».
Адначасна ў сучаснай беларускай паэзіі заяўляе пра сябе метафарычна-меладычны, крайне эмацыянальны варыянт персаналізацыі паэтычнай мовы, тут рэй водзяць П. Панчанка, Р. Барадулін, У. Някляеў, Я. Янішчыц. Практычна гэты тып індывідуалізацыі вобразнай мовы з’яўляецца універсальным, бо ён чэрпае навізну і сілу з бяздоннай скарбніцы фальклору і тэрытарыяльных дыялектаў, свабодна спалучае народную песеннасць з публіцыстычнай рыторыкай, лірызм з празаізмамі. Сюды можна аднесці практычна мову кожнага нацыянальнага па стылю мастака, ад Караткевіча, Бураўкіна, Гілевіча — да Сыса.
І ўсё ж, пры ўсіх скрайнасцях персаналізацыі паэтычная мова застаецца кодам, наборам нарматыўных мікравобразаў, асацыяцый, параўнанняў, паралеляў, сімвалаў, метафар, метанімій, гіпербал, літот, ёмістых эпітэтаў — адным словам, умоўных сігналаў, якія ў людзей, што прыпісаны жыццём да пэўнай нацыянальна-паэтычнай канвенцыі, абуджаюць акрэсленыя эмацыянальна-эстэтычныя настроі, пачуцці, уяўленні, парыванні. Дзеля таго, што паэтычная мова і сама паэзія, як бы яна ні распадабнялася, была, ёсць і будзе адначасна нацыянальнай паэтычнай мовай і мовай індывідуальна-аўтарскай. Паэтам, хоць бы выходзячы са станаў скрайняй творчай натхнёнасці, пажадана памятаць, што няма вялікай паэзіі без вялікага чытача. А вялікім, гістарычна выхаваным, з’яднаным роднасцю мовы, звычаяў, маральна-этычных ідэалаў, эстэтычных густаў чытачом з’яўляецца народ, свой народ, а потым — чалавецтва.
Думаю, што шляхі вобразнага адлюстравання жыцця такія ж бясконцыя, як і шляхі навуковага пазнання. Ніводзін з іх не можа ўсыхаць і адміраць, бо яны звязаны дыялектычнай узаемаабумоўленасцю і перасякаюцца недзе ў доследзе, у практычным пазнанні, якое апрадмечвае паняцці, канкрэтызуе абстракцыі і выступае стымулятарам пазнавальных патрэб, сродкам апрабацыі гіпотэз. Вобразатворнае пісьмо не можа быць прычынай літаратурнага рамесніцтва. Такою прычынай з’яўляецца цярпімасць да пасрэднасці, якая ўзнікае ў празмерна нарматызаваных грамадствах.
Гуманізацыя грамадства, раскаванасць асобы і густу не толькі творцы, але і чытача і прататыпа — вось дзе ўніверсальны спосаб вызвалення творчых рэзерваў жыцця і мастацтва.
5. Паспрабуйце, калі ласка, перадаць уласны аўтавобраз.
Вобраз-90 : літаратурна-крытычныя артыкулы.
Мінск, 1990. С. 3–13.
Адам Мальдзіс. Даследчык з уласнай думкай
…У маім хатнім архіве аказаўся неапублікаваны рукапіс Уладзіміра Андрэевіча, датаваны красавіком 1992 года. Гэта — «Выступленне ў спрэчках на секцыі літаратуры». Адбылося яно ў маі 1991 года ў час І Міжнароднага кангрэса беларусістаў. Праз нейкі час мы пачалі рыхтаваць матэрыялы кангрэсу да друку, расшыфроўваць выступленні ў дыскусіі. Уладзімір Андрэевіч напісаў тэкст нанава. І які тэкст! Востры, прынцыповы. Як бачна з суправаджальнага ліста, вучонага трывожыла, што адна рыторыка, сацыяльная, можа змяніцца другой, нацыянальнай — і тады хоць ты стварай «Палітбюро адраджэння і беларусізацыі». Прысланае выступленне я пачаў ужо рыхтаваць да друку, але потым аказалася, што Д. Дынглі і М. Арочка, з якімі палемізаваў У. Калеснік, сваіх тэкстаў не прадаставілі, таму друкаваць і палеміку з імі асаблівага сэнсу не мела. Ды і ўрэшце ад дыскусіі адмовіліся ўвогуле: аб’ём не дазваляў.
Аднак сёння выступленне варта публікацыі само па сабе — як дакумент сваёй эпохі. Як зацікаўленае слова спецыяліста, што найвышэй ставіў інтарэсы роднай літаратуры. Часам пры гэтым памыляўся. Але памыляўся разам з эпохай.
«Дарагі Адаме!
Пасылаю тэкст выступлення, ён, натуральна, гладчэйшы і эмацыянальна больш зраўнаважаны, чым быў жывы экспромт, але ў прынцыпе — гэта тое самае выказванне. Няма толькі высвятлення адносін з Арочкам, якое адбылося пасля закрыцця пасяджэння — у кулуарах, няма і водгукаў станоўчых і крытычных, якія пачуў ад знаёмых, што прысутнічалі. Асабліва вострым крытыкам аказаўся пан Сэнюк, перакладчык Я. Брыля, polak kresowy, які жыў у Польшчы недзе ў Любчы, сям’я мела канфлікты з савецкімі актывістамі пасля верасня, а ў акупацыю жыла так лаяльна, што давялося выехаць на ziemie odzyskane. Абурыўся на мяне як нейкі фанатычны Klechda, хоць па натуры — Савось-распуснік, — за тое, што я мысліў ураўняць камуністычную ідэалогію з антыкамуністычнай, але лічыў гэта obraza chrzescijanstwa. Я сказаў яму, што езуіцкая ідэалагічная інтэрпрэтацыя хрысціянскай ідэі ператварыла яе ў інквізітарскія tortury і кастры, на якіх спальвалі западозраных у konszachtach z dіablem падобна таму, як гітлераўцы спальвалі непаўнацэнных з іх пункту гледжання грамадзян у печах лагерных крэматорыяў, а сталіністы замучвалі і стралялі ў сібірскім Гулагу. Ён не згадзіўся і пачуў сябе абражаным як прававерны католік. Такім чынам, тэма не вычарпана, спрэчкі не закончаны.
Наогул мне тады падалося, што неяк мала было дыскусій, хоць выступленні часам былі правакацыйнымі, як хоць бы ў таго вучанічка пані-таварышкі Бергмановай — Іванова, што вырашыў рэвізаваць верасень 1939 г. і падагнаць яго ацэнку ў беларускай свядомасці пад польскую схему у Салідарнасцёва-капээнаўскім выданні. Нашы былі заблакіраваны і падаўлены пачуццём віны за злачынствы і хітрыкі сталіністаў, дзейнічала, відаць, і адчуванне гасціннасці ў эскімоскім варыянце, калі госця на сямейны ложак спаць запрагаюць. Ну, нічога, дасць бог навучымся. Насцярожыла мяне толькі закрытасць новай канферэнцыі гісторыкаў. Так можам і дайсці да ўтварэння Палітбюро адраджэння і беларусізацыі. А што гіцляў ад навукі развядзецца плойма, то я ўпэўнены. Шкада, што вучоныя ідуць на такія неабачлівыя крокі.
Жадаю Твайму Цэнтру поспехаў і дасягненняў. Толькі хвалююся за Слоўнік. Хто ж яго давядзе на належным узроўні без Цябе? Дапамагай, браце, не крыўдуй на акадэмічнае начальства, важна зрабіць сваю і нашу агульную справу, а ўсё астатняе застанецца фонам, акампанементам. Фальшывы акампанемент не павінен спыніць салістаў.
Думаю, што добра было б наладзіць выданне ў колькасці ад 30 да 300 экз. старажытных помнікаў пісьменства, бо сёння перыферыйныя гуманітарныя факультэты рыхтуюць «спецыялістаў» якія не нюхаюць нават першакрыніц. Калі б міністэрства выдала і разаслала ў ВНУ такія ксеракопіі, дык адкрыла б дарогу да пісання дыпломных работ па старажытным перыядзе гісторыі і літаратуры. ВНУ сталі б такімі, якімі павінны быць і якімі ёсць ва ўсім цывілізаваным свеце.
Абнімаю. Ул. Калеснік.
Паклон спадарыні Мальдзісавай!
20.ІV.1992
Берасце.
P. S. Калі ў тэксце што не gra, дык прыстрыжы, калі ласка!»
УЛАДЗІМІР КАЛЕСНІК
ВЫСТУПЛЕННЕ Ў ДЫСКУСІІ
Шаноўныя спадары, калегі! Мне пашанцавала двойчы стаць аб’ектам крытыкі на нашым кангрэсе: учора, у дакладзе доктара Джыма Дзінглі на пленарным пасяджэнні, і сёння, на секцыі літаратуры, у паведамленні доктара Міколы Арочкі.
Сустрэўшыся з першым дакладчыкам пасля пасяджэння, я растлумачыў госцю прычыны хібаў, якія ён заўважыў у складзеным мной зборніку паэзіі Заходняй Беларусі «Ростані волі». Я шчыра падзякаваў шаноўнаму даследчыку за ўвагу, бо чакаў і не дачакаўся такой крытыкі ад тутэйшых калегаў і чытачоў. Знаёмыя літаратары гаварылі мне, праўда, што названы зборнік адрозніваецца ў лепшы бок ад папярэдняй маёй кнігі «Сцягі і паходні», складзенай у 1962 г. Другая кніга ўключае шмат новых імёнаў і твораў. Больш прэзентабельна выглядае панарама заходнебеларускай паэзіі, лепш высвечваецца патрыятычная дамінанта гэтай паэзіі. Сапраўды, першы зборнік быў вельмі жорстка рэгламентаваны цэнзурай і выдавецкім планам. Стараючыся ўціснуць як мага больш забытых імёнаў і твораў у малую па аб’ёму кніжку, я вырашыў тады не ўключаць тых аўтараў, якім удалося выдаць пасля вайны свае асобныя кніжкі. Няма па гэтай прычыне ў «Сцягах і паходнях» М. Танка, В. Таўлая, М. Машары, М. Васілька, П. Пестрака, М. Засіма, Н. Тарас і іншых.
Над тым, першым зборнікам вісеў яшчэ цэнзурна-ідэалагічны меч, дзейнічаў тады артадаксальны прынцып: «Хто не з намі, той супраць нас». Сярод забароненых цэнзурай было шмат не рэабілітаваных ахвяраў сталінскіх рэпрэсій і проста аўтараў з невядомым лёсам, загубленых у бясчассі. Каб атрымаць дазвол на друкаванне іх твораў, складальніку трэба было правесці не літаратуразнаўчыя пошукі, а дэтэктыўныя даследаванні. Трапілі ў чорныя спіскі ўсе, хто выехаў на Захад, а таксама паэты нейтральныя, якія ва ўмовах Заходняй Беларусі не ўвязваліся ў палітыку, падымаліся над ідэалагічнай сутычкай — як Наталля Арсеннева ці Анатоль Бярозка. Сапраўднай свабоды слова яшчэ не было, даводзілася друкаваць толькі тое, што праходзіла, а не праходзіў, напрыклад, Казімір Сваяк і іншыя паэты, звязаныя з Беларускай хрысціянскай дэмакратыяй, Сялянскім саюзам і іншымі нацыянальна-дэмакратычнымі згуртаваннямі. Кніга «Ростані волі» выходзіла ў значна лепшых, але не ідэальных умовах. Запланавалі ў выдавецтве яе выданне на 1989 год, да 50-годдзя ўз’яднання беларускага народа ў адзінай дзяржаве. Пабачыла ж свет яна годам пазней. Асноўнай прычынай спазнення аказалася тое, што ідэалагічнае ведамства забараніла друкаваць творы Н. Арсенневай. Я дабіваўся як мага большай паўнаты зборніка, даводзячы, што ў Расіі друкуюцца пісьменнікі, якія не прымалі савецкай улады, а чым мы горшыя? Але на чале ідэалагічнага ведамства ў БССР стаяў тады вядомы цэрбер Савелій Паўлаў. Чорны спісак літаратараў ён лічыў святым пісаннем. Хадайніцтвы мае хоць і знаходзілі падтрымку ў выдавецтве, разуменне з боку неартадаксальных работнікаў апарату ЦК КПБ, але адхіляліся «гаспадаром». А час ішоў, выданне затрымалася на год, страціла «юбілейнасць». У забароншчыкаў знайшліся «непрабіваемыя» аргументы — фінансавыя: Наталлі Арсенневай, бач, давядзецца плаціць ганарар у валюце, а долараў на рахунку выдавецтва няма... Мне прапанавалі таксама выкінуць дзеля паслядоўнасці гаворку пра творчасць Арсенневай з прадмовы, але тут ужо я меў права заўпарціцца: альбо ўсё, альбо нічога. Дзякуючы падтрымцы работнікаў выдавецтва Г. Шупенькі і У. Арлова прадмова засталася без купюр. Па задуме гэта была першая мая спроба адблакіраваць заходнебеларускую тэму ў літаратуразнаўстве, вызваліць ацэнку ад ідэалагічных прадпісанняў, не дзяліць пісьменнікаў паводле іх сацыяльнага паходжання і стану ці адносін да палітыкі, а бачыць іх перадусім творцамі самастойнай формы грамадскай свядомасці — мастацтва, каштоўнасць якога залежыць не проста ад ідэалагічнай зараджанасці аўтараў, а перадусім ад таленту, эстэтычнага густу, творчай моцы і культуры, ад глыбіні бачання мастаком чалавечых праблем у гістарычнай прасторы і ва ўласнай душы. З удзячнасцю прыгадваю, што гэтую задуму заўважыў рэцэнзент рукапісу В. Рагойша. На падобнае разуменне я разлічваў і з боку іншых калегаў па рамяству, чакаў, што яны здагадаюцца, чаму гаворка ў прадмове не мае пакрыцця ў тэкставай частцы кнігі і папракнуць вінаватых. Мне думалася, што спрэчка такая зможа прынамсі звярнуць увагу грамадскасці на дыскрымінацыю па ідэалагічных матывах шэрагу заходнебеларускіх літаратараў — Хведара Ільяшэвіча, Сяргея Хмары, Макара Краўцова і іншых. Створацца прадумовы, каб неўзабаве выдаць не зборнік, а сапраўдную анталогію з творамі паэтаў і ацэнкамі заходнебеларускіх літаратуразнаўцаў — Уладзіміра Сулімы, Рыгора Шырмы, Адама Станкевіча, Антона Навіны, А. Бужанскага, Янкі Шутовіча і інш.
Зразумела, што літаратура нацыянальнага адраджэння не можа быць цалкам апалітычнай і так наэстэтызаванай, каб замкнуцца на чыстай красе, асалодзе і застацца мастацтвам для мастацтва. Гэтая літаратура заўжды заангажаваная, уключаная ў грамадскія злыбяды, у барацьбу за свабоду, роўнасць, братэрства, чалавечую годнасць так, што нават інтымныя вершы сумяшчаюць там любоў да каханай з любоўю да Беларусі. Жыццё ж кіпела сутыкненнямі палітычных ідэй, арыентацый, не сціхалі ідэалагічныя сваркі. Пра антаганізм і барацьбу напісана шмат і паэтамі і літаратуразнаўцамі, але мала напісана аб’ектыўнага і разумнага пра гуртаванне на платформе агульнанацыянальных інтарэсаў, а гэтыя ж збліжэнні далі такія магутныя ўздымы грамадскіх сіл, прылівы творчасці, якія і называць сталі перыядам Грамады, Народнага фронту. Сталінісцкая артадоксія лічыла ўсялякія згоды мяккацелымі ўступкамі. Але ж звычайна яны паўставалі стыхійна і наперакор устаноўкам, — напрыклад, у выглядзе сімпатыі заходнебеларускіх камсамольцаў-бязбожнікаў да паэзіі ксяндза Казіміра Сваяка або ў выглядзе ўдзелу ў вучнёўскім хоры Р. Шырмы тых жа падпольных камсамольцаў з Беларускай віленскай гімназіі і іх альтэрнатыўнікаў, слухачоў Праваслаўнай духоўнай семінарыі (школы размяшчаліся ў тых самых базыльянскіх мурах). Палітычныя рухі і органы тыпу Беларускага нацыянальнага камітэту, Грамады ці Народнага фронту толькі афармлялі імкненні народных мас. Нікога не здзівіць сёння думка, што літаратура і мастацтва ў краіне, ахопленай вызваленчым рухам, як ні былі б яны наідэалагізаваныя, іграюць перадусім ролю стабілізатара грамадства і выступаюць крытэрыем гуманістычнай ацэнкі ўсяго, нават палітыкі, практычнай дзейнасці партый, рухаў, згуртаванняў.
Я здзівіўся, што закладзеная мной у кнізе «Ростані волі» зачэпка для спрэчак выстраліла ажно на Міжнародным кангрэсе беларусістаў. Вінаватым, мажліва, аказаўся спознены выхад і малы тыраж кнігі, а, з другога боку, затлумленасць чытача гаманой вакол пакта Рыбентропа-Молатава, калі насаджалася догма з арсеналу халоднай вайны, нібы і Заходняя Беларусь у верасні 1939 г. была не вызвалена, а акупіравана чужой краінай, як Прыбалтыка. Папулісты перастаўлялі прозвішчы савецкага і нямецкага дыпламатаў месцамі і трубілі, што чырвоны агрэсар знюхаўся з карычневым, каб паняволіць увесь свет. Але ж у часе нападу вермахту на Польшчу там спявалася па радыё, памятаю песенька пра здрадлівасць Рыбентропа, з якім у палякаў быў усё ж дагавор аб ненападзенні. Ініцыятарам агрэсіі прызнаваўся заходні сусед.
Доктар Дзінглі, даведаўшыся ў час нашай размовы пра цяжкія роды зборніка «Ростані волі», прасіў прабачэння за вострую крытыку, а я зусім шчыра дзякаваў яму за тое, што ён звярнуў увагу літаратурнай грамадскасці на недапасаванасць паміж прадмовай і зместам. Яго выступленне паслужыць добрым прыкладам, як трэба дбаць пра літаратурную гаспадарку. Справядлівую крытыку трэба вітаць як вестуна адраджэння.
А вось сёння я стаў аб’ектам крытычнага наезду з боку шаноўнага калегі Міколы Арочкі. Што ж, на пахілае дрэва і козы скачуць. Перыферыя ў нас прызвычаілася да крытыкі. Але тут мне не выпадае застацца паблажлівым, бо апанент даўно пачаў спецыялізавацца на абароне «пакрыўджаных» мной паэтаў. Памятаю, пасля выхаду ў свет «Сцягоў і паходняў» ён спрабаваў лавіць мяне на тым, быццам я спрэпарыраваў вершы У. Жылкі, апусціў у іх самыя вострыя мясціны, перастрахаваўся. На справе ж гэта былі самыя слабыя мясціны, а мне хацелася прадставіць Жылку лепшымі ў мастацкіх адносінах тэкстамі ды аптымальна выкарыстаць плошчу зборніка. Выходзіць, мы здаўна разыходзімся са спадаром Арочкам у намерах і густах. Сёння ён пайшоў далей, абараняючы Ларысу Геніюш. Мой артыкул у часопісе «Полымя», на які тут спасылаўся мой апанент, гэта пашыраны варыянт прадмовы да зборніка «Ростані волі». Аказваецца, ён перашкаджае Арочку кананізаваць Ларысу Геніюш і перайсці на новую кан’юктурную хвалю ў ідэалогіі. Але ж рабіць паэтку святой — гэта мядзведжая ёй паслуга. Ніводная паэтка свету не змагла стаць нацыянальнай святой, асобныя станавіліся толькі нацыянальнымі дамамі, хоць бывалі і грэшніцамі. У санктуарыях паэзія вяне, ёй патрэбна прастора палёту, патрэбны вятры і штормы жыцця. Я ўспрымаю лёс Ларысы Геніюш у кантэксце вайны і пасляваенных рэпрэсій як трагічны. Корань жа трагізму ў хібнасці ацэнак дзвюх палітычных сіл, якія сутыкнуліся ў 1941 г. на палях Беларусі, а таксама ў рэпрэсіўнай прыродзе савецкай сістэмы.
Доктар Арочка бачыць шлях паэткі толькі праведным і прамым. Ідэалізацыю ён пачаў з таго, што ў Прагу перанёс месца жыхарства беларускай ідэі ў 30-я гады. На самой справе Прага ад часоў Скарыны не была і не магла быць месцам жыхарства беларускай ідэі. Месцам размоў вакол ідэі — так, стала. Восенню 1921 г. там прайшла Беларуская нацыянальная канферэнцыя, што асудзіла арыентацыі палітыкаў на Маскву і Варшаву, адмежавалася ад Булак-Балаховіча і заклікала не паўтараць горкага вопыту Слуцкага паўстання, дакладней, пазбягаць дрэнна падрыхтаваных паўстанняў.
У Празе пасля канферэнцыі застаўся прадстаўнік БНР Вяршынін ды некалькі дзесяткаў беларускіх студэнтаў, падзеленых палітычнай і светапогляднай іншасцю. У 1923 г. у Прагу пераехала на сталае жыхарства частка ўрада БНР з прэзідэнтам П. Крэчэўскім. Дзеячы спрабавалі згуртаваць моладзь, утварылі Беларускую раду, але шырокай падтрымкі не знайшлі па дзвюх прычынах: па-першае, дзеячы БНР правалілі задуманае і кіраванае імі з тэрыторыі Літвы беларускае паўстанне на Беласточчыне і Гродзеншчыне. Кіраўнікі паўстання і актывісты падпольных дружын сталі перад польскім палявым судом, пяцярых расстралялі, а недалужны ўрад БНР перастаў цікавіць літоўскага саюзніка. У выніку разладу ўнутры БНР ужо ў 1924 годзе большасць міністраў разам з прэм’ерам А. Цвікевічам здала ў Берліне свае паўнамоцтвы ўраду Савецкай Беларусі і выказала жаданне пераехаць у БССР для работы на культурна-асветніцкай ніве.
Прэзідэнт БНР Пётр Крэчэўскі застаўся ў Празе, аб’явіў сябе і вернага намесніка Васіля Захарку рамантыкамі, апошнімі магіканамі, а тых, што яго пакінулі, — нізкімі рэалістамі і здраднікамі беларускай ідэі. Ён астаўся дажываць век у адзіноце, памёр у 1928 г., перадаўшы паўнамоцтвы В. Захарку, які спрабаваў напамінаць свету пра БНР палітычнымі дэкларацыямі ды ўскосна аддзячыць чэшскаму ўраду за пенсійную дапамогу.
Знаёмства Ларысы Геніюш з верным ідэі БНР беларускім дзеячам зрабіла на яе глыбокае ўражанне. Паэтка адчула сябе далучанай да беларускай ідэі асабіста і, можа, гэта было найвялікшым творчым стымулятарам на пачатку яе творчага жыцця. Яна не разумела, што кансерватызм Захаркі засціць ёй свет, перашкаджае зразумець тыя палітычныя рэаліі, у якіх на самай справе жыла беларуская ідэя. Тут мне бачыцца прычына яе хібных крокаў на публічнай арэне ў часе гітлераўскай агрэсіі ў Еўропе і акупацыі Беларусі.
З В. Захаркам падтрымлівалі сувязь кансерватыўныя адзінкі з ліку тых выпускнікоў універсітэта, якія засталіся ў Чэхаславакіі на сталае жыхарства. Актыўнічалі ў зямляцтве медыкі Янка Ермачэнка і Іван Геніюш. Тамаш Грыб, атрымаўшы тытул доктара філасофіі, адышоў ад палітыкі, заняўся ўпарадкаваннем дакументаў у беларускім архіве і даследаваннем нацыянальнага харрактару беларусаў на аснове фальклорных матэрыялаў.
Л. Геніюш чула шмат расказаў, чытала дакументы пра палітычныя камбінацыі вакол БНР у мінулым, але гэта не дапамагло ёй зарыентавацца ў палітычнай штодзённасці тагачаснай Еўропы, не змагла яна ўцяміць, што ўсё прагрэсіўнае грунтуецца там у антыфашысцкіх народных франтах, што еўрапейцы бачаць пагрозу цывілізацыі ўсё ж з боку гітлераўскай, а не сталінскай імперыі. У «Споведзі», наколькі я зразумеў, яна вінаваціць Ермачэнку за афёру з дэкларацыяй лаяльнасці Гітлеру, навязанай беларускаму зямляцтву. Сапраўды, Ермачэнка прымяніў там шантаж, гэта відаць з таго, што падпісаць тое ганебнае пасланне вымушаны быў нават перакананы антыфашыст Міхась Забэйда-Суміцкі. Палітычная афёра была праведзена агрэсіўна: або падпішаш, або станеш адкрытым ворагам фюрэра і новага парадку ў Еўропе. Адчуўшы пятлю на шыі, выдатны спявак пайшоў на сувязі з чэскім супраціўленнем, трапіў у лапы гестапа, страціў сяброўку ў катоўнях, а пасля ачышчаўся, перадаючы выручаныя з канцэртаў сродкі дваюроднаму брату, старшыні Брэсцкага антыфашысцкага камітэта і камандзіру партызанскай брыгады Юзіку Урбановічу. Ларыса Геніюш таксама, відаць, пачувала сваю пахібку, бо шукала сабе апраўдання, распушваючы жаночую амбіцыю, пераконваючы сябе, што бальшавікі былі горшыя за фашыстаў, а партызаны, «сталінскія бандыты» горшыя за Кушалевых паліцаяў і нямецкіх афіцэраў разам узятых. На жаль, падставы для такіх разважанняў былі: савецкія органы ўлады рэпрэсіравалі перад вайной яе бацьку, як класава чужы элемент, а муж, хоць і насіў форму нямецкага ваеннага ўрача, але пры адборы людзей на работы ў Германію, рабіў дзе мог палёгкі для супакаення сумлення.
Вершаваны пасквіль на партызан яна напісала па нотах гебельсавай прапаганды з улікам мянушак і прыдумак, сплоджаных у калабаранцкім асяроддзі. Ларыса Антонаўна раздзяляла погляд мужа, паводле якога гітлераўцы не захапілі Беларусі, а вызвалілі яе ад бальшавікоў. У паэткі былі важкія асабістыя прычыны для крыўды і справядлівай помсты саветчыкам з іх нялюдскай класавай рэпрэсіўнасцю, што абрынулася на сям’ю. Аднесціся да становішча і стану паэткі трэба са зразуменнем і спачуваннем. Але нельга аб’яўляць такую пазіцыю слушнай у шырокім нацыянальным і палітычным плане толькі таму, што гэта пазіцыя таленавітай паэткі і шчырай патрыёткі. Паэтычнае ўспрыманне жыцця адрозніваецца ад палітычнага прынцыпова: у паэтаў дамініруе гуманістычная інтуіцыя, а не халодны разлік і інтарэс, разглядаць выказванні мастакоў у катэгорыях палітыкі — некарэктна. Будзеш бачыць у гэтых спантанных выбухах зраненай душы трагізм, высакародны гнеў, але і праяву жахлівай нацыянальнай скалочанасці беларусаў, нашу бяду. Тое, што Л. Геніюш, знаходзячыся пад уплывам міфа пра БНР, перанятага ад прэзідэнта і свайго мужа, не дайшла да такога разумення палітычнай сітуацыі ў акупаванай Беларусі, якое мела тая частка беларусаў, што стварыла антыфашысцкае падполле і партызанскі рух, вяртала гонар Беларусі — усё гэта з’яўляецца не віною яе, а бядою. Сённяшнія спробы падладзіць гісторыю пад разуменне паэткі, на мой погляд, — абраза яе памяці. Са сваімі шчырымі пахібкамі і памылкамі Ларыса Геніюш не перастае быць выдатным мастаком слова і шчыраю патрыёткай, якая акумулявала ў сабе жах, боль і трагізм нацыянальнага жыцця Беларусі ваенных гадоў.
Пахвальна, што спадар Арочка ўзяўся абараняць сваю зямлячку ад мяне, былога партызана, шкада, што спазніўся без мала на тры дзесяткі гадоў. Мне давялося быць у яе хаце тады, калі яна і сценаў баялася, і на гарышча паказвала пальцам, а потым прыкладвала той палец да вуснаў — асцярожней гаварыце, там можа быць устаноўлены подслух. Калі яна ў мяне гасцявала, я, таксама, прасіў яе часам асцерагацца ў словах. Усе тады яшчэ пад страхам хадзілі. Але ж перажылося і давер застаўся, хоць гаварылі тое, што думалі, і здаралася сказаць такое, што магло быць выкарыстана кімсьці супраць асобы. Была, аднак, і тады мажлівай звычайная ўзаемная сумленнасць і карэктнасць. Думаю, што сёння, у час абвальнай дэвальвацыі, валюта чалавечага даверу расце ў цане. На жаль, не памятаю, каб тады Мікола Арочка праяўляў клопат аб зямлячцы. Не была такой прызнанай, як зараз?
Праслухаўшы даклад майго крытыка, я звярнуў увагу на скразную лінію гаворкі, падмену ідэалогіі артадаксальна-камуністычнай на камунафобскую. А яны — абое рабое і канфліктуюць з гуманістычнаю сутнасцю літаратуры. Мастацтва — субстанцыя больш эфірная за палітыку. Памятаю, яшчэ ў студэнцкія гады, пры жданаўшчыне, талковыя сябры і калегі, нядаўнія франтавікі і партызаны разумелі гэта і прытрымліваліся правіла: хочаш стаць граматным літаратарам, а не кан’юнктуршчыкам, трымайся ад ідэалогіі далей. Тады ідэалогіяй на Захадзе ішла прапаганда халоднай вайны супраць імперыі зла, а ў нас — контрпрапаганда, на Захадзе камунафобія, а ў нас — капіталафобія. Тое і тое адводзіць ад праўды і красы.
Што датычыцца беларускай ідэі, шаноўны калега Арочка, то яна магла жыць не толькі ў Пражскім беларускім зямляцтве, але, перадусім, у віленскім і мінскім цэнтрах. Жыла насуперак дыскрымінацый і рэпрэсій у асяроддзі творчай інтэлігенцыі, у беларускіх школах, ВНУ, калі там працавалі сумленныя настаўнікі, выкладчыкі, даследчыкі і кіраўнікі. Гінула, калі трапляла ў рукі прыстасаванцаў і канфармістаў. А ў часе гітлераўскага нашэсця гарэла ў катоўнях гестапа, у беларускіх Хатынях, паднімала дух франтавікоў і партызан, давала стойкасць, спаталяла душы пакутнікаў сталінскіх і гітлераўскіх канцлагераў, тлелі іскрынкі яе і ў акупацыйных ды савецкіх установах, калі туды траплялі патрыёты. Жыла там, дзе жылі беларусы. Манаполіі на любоў да Беларусі і на слугаванне Беларусі не павінна быць у нікога. І ніводзін доктар не можа выдаваць на гэтае святое пачуццё рэцэптаў, а тым больш талонаў ці купонаў са штэмпелям непагрэшнасці. Бірачкі, цэтлікі дэфіцыту не знімуць.
Прашу прабачыць, калі сказалася нешта неўпапад. Выступаю экспромтам.
Беларуская літаратура жыве ідэяй адраджэння, а не нажывы. Гутарка Генадзя Праневіча з Уладзімірам Калеснікам
— Уладзімір Андрэевіч! У юбілейных датах так добра знаёмы кожнаму чалавеку прысмак радасці і смутку. Гэта схіляе вярнуцца зноў у пару маладосці — туды, дзе пачыналіся першыя крокі, дзе яшчэ не напісанае, не зробленае, а толькі цвет, толькі завязь.
Як ішлі вы да свайго прызвання літаратара? Якія якасці і схільнасці натуры, жыццёвыя абставіны і варункі штурхалі вас да авалодвання нялёгкай і часта няўдзячнай прафесіяй літаратурнага крытыка?
— Ой, Генадзь Мікалаевіч! Гэта, як кажуць, шлях — сем вёрст да нябёс, ды ўсё лесам. Чалавек ідзе да сваёй прафесіі (кожны, і я таксама) у залежнасці ад таго, што ў яго ўнутры, куды цягне і схіляе закладзеная ў генах нейкая ўнутраная патрэба. Ды справа яшчэ ў абставінах і магчымасцях: ці зможаш ты гэтую ўнутраную патрэбу праявіць, ці не...
Я змалку любіў маляваць, майстраваць. Добра вучыўся ў школе. Дык выбар — вучыць мяне ў гімназіі — зрабіла маці. Сказала, што я яго буду вучыць, а бацька не хацеў. Меркаваў, што гэта дарэмная трата грошай, усё роўна палякі работы сыну не дадуць, ад зямлі адарвецца, а неба не дастане. Навошта вучыцца-мучыцца, панам не стане... Вось пойдзем на плыты, навучу яго плытнікам, стане рэтманам, будзе на Нёмане грошы добрыя зарабляць. І будзе жыць кум каралю, сват міністру, як я.
А маці мела амбіцыі. О! Амбіцыі яна мела... У бацькоў быў бюджэт двайны: матка трымала бюджэт тактычны, на розныя сямейныя і хатнія справы і патрэбы (сродкі сюды ішлі з гаспадаркі, то бычка прададуць, вяпрука ці гусей — усё гэта ішло маці). А з плытоў бацька папаўняў свой стратэгічны бюджэт, на які куплялася зямля, сенакос, прыбаўлялася гаспадарка. Дык маці сказала бацьку: «Я буду яго на свае грошы вучыць, не хочаш — не трэба». Бацька і павёз мяне нехаця ў Наваградак здаваць экзамены ў гімназію і, развітваючыся, кажа: «Ну, лепш, сынок, каб не здаў». А пасяліў ён мяне ў свайго знаёмага, купца Саламянскага, каторы Налібоцкую пушчу эксплуатаваў. Кажа таму: «Ну, няхай ён у цябе пажыве на гарышчы, у адрынцы ці стайні, дзе коні стаяць. Не трэба, кажа, яму нічога». Так я і жыў на тым гарышчы: рана ўстанеш, салому абтрасеш — і пайшоў на экзамены. Кончыліся экзамены, вывесілі вынікі (а там на пяцьдзесят месц было дзвесце пяцьдзесят заяў, ды некаторыя паступаючыя па два-тры гады рыхтаваліся, рэпетытараў бралі дзецям чыноўнікі наваградскія). Прыходжу я (ішоў так спакойна, думаю: не паступлю — бацьку дагаджу, паступлю — матцы дагаджу) — паступіў... І патопаў дадому сорак пяць кіламетраў, прынёс гэтую вестку.
— Відаць, трэба было мець нейкія прыродныя здольнасці, каб вытрымаць такую канкурэнцыю?
— Там экзамены праводзілі, скажу шчыра, дык арыентаваліся не так на веды мнеманічныя, памяць, запамінанне фактаў, а на здольнасць да творчага мыслення, арыгінальнасць адказаў. Я, напрыклад, быў адзіным, хто растлумачыў, чаму мяняюцца поры году, нават схему намаляваў. Дык такое іх цікавіла... Былі ў мяне, канечне, і пэўныя схільнасці да гуманітарных навук. Па тым часе — як на свае гады — я быў добра начытаны.
— А эстэтычная чуласць, уражлівасць?
— Я маляваў акварэлямі добра, любіў стругаць, габляваць, сам сабе лыжы рабіў, маці чаўнакі рабіў і іншыя прылады для ткацтва. І табурэтку зраблю, дык лепшую, чым бацька — маці хваліла. Канкурэнцыя ў нас была! А там у гімназіі (гэта была з гуманітарным ухілам гімназія) я таксама мог развіваць свае здольнасці. Там быў выдатны выкладчык рысунка прафесар Крук, які скончыў акадэмію ў Кракаве па аддзелу прыкладных мастацтваў. Ён мяне палюбіў чамусьці — ці за тое, што ў мяне быў спрыт у руках, ці за гордасць (аднойчы ў яго на вачах я ваяводзічу даў па карку за «хама»). Прафесар Крук нават даверыў мне ключ ад майстэрняў. Я мог у любы час, калі замаруся чытаючы ці пішучы, пайсці адкрыць і там сабе габляваць, рэзаць па дрэву, тачыць што-небудзь. Што мы з ім рабілі? Розныя цацкі, полачкі прыгожыя, рамкі. Рабіў я таксама мадэлі самалётаў, прывозіў іх дадому на канікулы...
— Можна лічыць, што ўсё тое, што мы бачым тут, на сценах вашай кватэры: і разьба па дрэве, і маляванне, карціны — гэта вынік захаплення яшчэ з дзяцінства?
— Так. Я цікавіўся мастацтвам, многа чытаў кніг па жывапісе. Рэгулярна — часопіс «Sztuka» (выходзіў такі квартальнік на польскай мове). Мастацтва ўсіх краін, у тым ліку і савецкае, мадэрнісцкае мастацтва 20-х гадоў, Кандзінскі, Аненкаў, Малевіч і другія — усе кірункі былі прадстаўлены. У мастацтве, гісторыі мастацтва арыентаваўся я свабодна. Праўда, мне думалася, што, можа, я не выцягну на жывапісца (дзе мне там у акадэмію патрапіць, гэта ж недасяжныя рэчы!..), а вось крытыкам я бы мог стаць — так мне здавалася... І хацелася пісаць так цікава пра мастакоў, як Гэрсан-Дамброўская.
— Ужо тады?
— Тады. А пазней жыццё пераключыла з жывапісу на літаратуру. Было гэта пасля вайны, як я вучыўся ў Мінскім педінстытуце. Брыль мяне звёў з пісьменнікамі. Да паступлення чытаў многа, у школе з паўгода выкладаў беларускую літаратуру.
— Жывучы ў Заходняй Беларусі, ва ўмовах нацыянальнага ўціску, паланізацыі, якую мэтанакіравана праводзіў урад Польшчы, беларусу было, відаць, няпроста ўстаяць перад спакусай «прышчапіцца» да культуры, як яму здавалася, «вышэйшай», ды яшчэ пануючай. Вы, тым не менш, сталі беларускім літаратарам, адстойвалі свой народ, яго гонар у гады Вялікай Айчыннай са зброяй у руках. І ў мірны час як літаратар, вучоны, педагог змагаліся за яго культуру. Які сэнс укладваеце вы ў гэтае паняцце «беларускі інтэлігент»?
— Канечне, выхаванне ў арэале чужой культуры (хоць і суседняй, славянскай) для прадстаўніка нацыі, якая складала нацыянальную меншасць, ставіла многа спецыфічных праблем. Я не буду на іх спыняцца, бо гэта забярэ многа месца і часу. Скажу, што калі мне давялося паступаць у гімназію, з беларускіх гімназій ужо засталася толькі адна — у Вільні, а ехаць туды і жыць было дорага. Наваградак жа бліжэй, бацька пад’едзе, дый самому ў разе чаго можна вярнуцца дамоў. Бацька ўсё ж разлічваў, што калі сын скончыць польскую гімназію, то можа што-небудзь і будзе, знойдзе якую работу «панскую», а як з беларускай, то зусім нічога — турму знойдзе, у камеру трапіць, як і многія гімназісты-вяскоўцы.
— Практычна глядзеў, як бацька?
— Практычна... Я, як паступіў, застаў у гімназіі, у старэйшых класах, вучняў з былой мясцовай беларускай гімназіі, каторыя перайшлі ў польскую. Ім была пастаўлена ўмова, як закрывалі гімназію: альбо пераходзьце ў польскую, альбо едзьце ў Вільню. Так некаторыя паступалі ў польскую, прычым вельмі здольныя хлопцы былі — такія, што лідэрствавалі, вадзілі рэй у гімназіі. Яны нас «аўстрыйцаў» сабіралі і вялі гутаркі, наказы давалі: «Трымайце прэстыж беларускай нацыі! Вы павінны вучыцца лепш, чым палякі!». А беларускія кніжкі можна было толькі ўпотай чытаць, творы савецкіх аўтараў гімназістам чытаць было забаронена. У мяне засеклі «Ціхі Дон» пад падушкаю — нехта падаткнуў, што ноччу чытаю, спаць не даю. Знайшлі ў мяне гэтую кніжку, і дырэктар выклікаў ды заявіў: «Ты дэмаралізуеш вучняў. Я не жадаю, каб «takie dziecko» вучылася ў мяне ў гімназіі».
— Беларускай інтэлігенцыі ў Польшчы, у Заходняй Беларусі даводзілася, як відаць, нялёгка, пакутлівая ёй выпала доля?
— Там ахвярніцкая была інтэлігенцыя. Яна групіравалася ў Вільні, у адным цэнтры бадай што. А на перыферыі жылі адзінкі, упартыя інтэлігенты, паэты, самадзейнікі, асветнікі такія. Таварыства Беларускай Школы дзейнічала. У 30-я гады яно было ўжо забаронена. Грамада ж яшчэ ў канцы 20-х гадоў аб’яўлена незаконнай, арыштаваны яе актыў, асуджаны. Даўжэй крышку праіснавалі беларускія каталіцкія арганізацыі пад патранатам Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, лідэрам якой быў ксёндз Адам Станкевіч. То іх Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры, яго чытальні, яго культурныя вогнішчы даўжэй захоўваліся. Але ў 1938 годзе, як ні дзіўна, нават лідэраў БХД выслалі з Вільні, бо гэта, маўляў, зона пагранічная, а сітуацыя была напружаная (вайны ж чакалі), так што і ксёндз Адам Станкевіч вымушаны быў пераехаць на пасяленне, на высылку. Усіх, хто ў турмах пабываў за палітыку, улады адсялялі далей ад савецкай граніцы. Дома не жыві, зарабляй, дзе і як хочаш, на сваё ўтрыманне, ды яшчэ раз альбо два на тыдзень у пастарунак павінен прыйсці адзначыцца...
— Лёс беларускай інтэлігенцыі заўсёды быў цяжкі. Нялёгкая ноша, відаць, наканавана ёй і сёння?
— Генадзь Мікалаевіч! Сёння маладыя, мне здаецца, вельмі любяць плакацца каму-небудзь у камізэльку. Калі чытаю ў газеце матэрыял: «Так, так... беларускім настаўнікам найбольш цяжка сёння...», то думаю: перш, чым такое заяўляць, трэба запытаць у старых настаўнікаў: а як ім было і як цяпер? Маладыя не хочуць пытаць старых... Маўляў, яны сваё аджылі. Кажуць, нам вось змагацца трэба! А яны хіба не змагаліся? Мы сёе-тое знаем (ад выпускнікоў нашага педінстытута). Калі пачалі яны скардзіцца на лёс свой настаўніцкі? Прыйдзеш лекцыю чытаць у інстытуце ўдасканалення, дык закідаюць пытаннямі: чаму нам горшыя ўмовы? Чаму нам скарачаюць гадзіны? Чаму па нашых дысцыплінах няма экзаменаў? Вядома, слухачы лічаць жа, што ты — іхні настаўнік, ды яшчэ пісьменнік, член праўлення СП, друкуешся, знаёмы са сталічнымі свяціламі, — дык маеш жа ўплыў вялікі на стан жыцця ў рэспубліцы. А я казаў бывала: «Вы мяне выбралі б прэзідэнтам рэспублікі, можа, тады я што-небудзь і зрабіў бы. А так я таксама, дзе надараецца мажлівасць, пытаюся толькі «чаму?» І адказу не чую. У нас жа ўсё творыцца «калектыўна». Так выгадна начальству.
Я выступаў на праўленні СП Беларусі, калі тадышні сакратар ЦК Пілатовіч вынес пытанне аб закрыцці беларускамоўных выданняў. Тая ж «Заря» выходзіла на дзвюх мовах. Дык беларускае — ліквідаваць, пакінуць рускае. Чаму? Бо гэта, бачыце, дорага каштуе. Я выступаю і кажу, што гэта няпраўда, каштуе танна. Там усяго тры чалавекі працуюць над беларускім выданнем: намеснік рэдактара, стылькарэктар і машыністка-перакладчык. Пілатовіч прыводзіць новы аргумент: мала разыходзіцца, усяго пяць тысяч. Дык што з таго, што пяць тысяч? З нашага ж народа ідуць паэты, пісьменнікі, празаікі, будучыя вучоныя — яны ж па-беларуску гавораць, думаюць, пішуць. Не прымушаюць іх: могуць пісаць па-руску, па-ўкраінску. Але ж большасць піша па-беларуску, дык дайце магчымасць ім застацца сабою. Перасохне ж крыніца, што жывіць нацыянальную культуру, дух народны, спадзе жывая вада, што жывіць таленты. На Палессі генафонд абсалютна чысты, яшчэ не крануты ўплывамі, нават не разбуджаны. Пры цары і пры Польшчы мала выбівалася людзей і станавілася пісьменнікамі. А цяпер — кажу — гужам ідуць у навуку і мастацтва палешукі.
Я гэта гавару, а Пілатовіч: «Средств нету, денег нету, надо удешевить издания, сделать их рентабельными».
А на справе гэта ж была самая звычайная ідэалагічная афёра: хітрыкамі прыкрыць беларускамоўнае выданне «Зары» і «Гродзенскай праўды», скараціць урокі па беларускай літаратуры да мінімуму, зрабіць неабавязковым наведванне ўрокаў беларускай мовы і завяршыць русіфікацыю, якую два стагоддзі праводзіў царызм. Мілая пераемнасць місіі!
— Вы закранулі вельмі балючую праблему, бо сёння адраджэнскі рух на Беларусі сутыкаецца з вялікімі цяжкасцямі. Асабліва гэта датычыцца праблем, звязаных з функцыянаваннем і выкарыстаннем беларускай мовы ў якасці дзяржаўнай. Выязная сесія абласнога Савета, што адбылася нядаўна ў Ляхавіцкім раёне, нават прыняла спецыяльны зварот да Вярхоўнага Савета рэспублікі з прапановай увесці ў праект новай Канстытуцыі Беларусі ў якасці другой дзяржаўнай мовы — рускую. Прытым, каб абгрунтаваць неабходнасць такога палітычнага кроку, асобныя дэпутаты спрабавалі спекуляваць нават на адрозненнях мясцовага дыялекту ад літаратурнай беларускай мовы. Што вы думаеце на гэты конт?
— Я думаю, што гэта камуфляж, прыкрыццё свайго калецтва нацыянальнага, недаразвітасці нацыянальнай з боку дэпутатаў-беларусаў. Прынялі гэтую пастанову большасцю, відаць, але ж не ўсім складам, не ўсімі ста працэнтамі. Дык трэба падумаць гэтым дэпутатам: каго і што яны прадстаўляюць? Ці ж толькі калгас нейкі ці прадпрыемства, гандаль? Даспадобы гэта і прадстаўнікам былой наменклатуры, адчужэнне якіх ад роднай мовы і культуры было ў свой час запраграмавана. Бо калі нехта рабіў службовую кар’еру ці ў гаспадарчай, ці дзяржаўнай альбо партыйна-апаратнай сферы, дык павінен быў перайсці на рускую мову, русіфікавацца так, каб нават акцэнту беларускага не засталося — тады ў Маскву хутчэй трапіш. Альбо і тут будучы: калі па-руску чыста «говорит», дык усё роўна што па модзе апрануты — куды ні сунься — прапусцяць. Раскрываць сёння трэба кадравую статыстыку: хто ж кіраваў і чаму мясцовыя адракаліся ад роднай мовы, чаму канверціраваліся? Абзываць манкуртамі не трэба, грубасць і хамства не памочнікі беларускаму адраджэнню... Але ж і ім сёння не хочацца мяняць сябе. Нашто самому мяняцца, калі можна памяняць законы? Вось і дабіваюцца... Абласны Савет прыняў ганебнае рашэнне, сорам павінен быць і дэпутатам, і выбаршчыкам. Удвая прыкра, што адбыўся гэты акт на радзіме Фёдара Еўлашэўскага, які ў сваім «Дзённіку» захапляўся нацыянальнай годнасцю землякоў, сенатараў і паслоў Вялікага княства Літоўскага, іх аўтарытэтам на алімпе ўлады.
А ў нас, пачынаючы з хрушчоўшчыны, калі бацькам было аддадзена права рашаць, вывучаць ці не вывучаць іх дзецям родную мову, лічылася ледзьве не подзвігам адмаўленне ад беларускай «простай» мовы ў карысць мовы «старэйшага брата». Ды што раўняць: выкладчык беларускай мовы, дай Бог, калі мае адзін дапаможнік па тэме ўрока, часта не мае ніводнага, а выкладчык рускай мае пяць-дзесяць на выбар. Яго ўрок ужо за кошт метадычнай аснасткі выходзіць больш цікавым, больш прывабным для вучня. Ды і колькасная перавага... У школе працавала звычайна пяць настаўнікаў рускай мовы і адзін-два беларускай. Адсюль вынікае, што паставіць сёння развіццё беларускай і рускай мовы ва ўмовы свабоднай канкурэнцыі — гэта тое самае, што недакормленага баксёра пеўнікавай вагі выпусціць на рынг супраць кандыцыйнага цяжкавагавіка.
Адразу пасля рэвалюцыі ўрад БССР узяў правільны курс на тое, каб стварыць для былой пад уціскам культуры шанец выраўняцца, тое ж трэба рабіць і сёння, каб паправіць шкоду, учыненую дзяржавай і партапаратам у часе іх «барацьбы» за стварэнне супернацыі — адзіны савецкі народ.
Яшчэ ў канцы 20-х — пачатку 30-х гадоў пачаўся тэрор супраць беларускай адраджэнскай інтэлігенцыі. З 86 удзельнікаў судовага працэсу па справе СВБ (Саюз вызвалення Беларусі) пяць год высылкі ў глыб Расіі атрымалі каля 80 чалавек, яшчэ 8 ці 9 былі асуджаны на пяць гадоў заключэння ў канцлагерах.
Следам за тым другі працэс — заходнебеларускіх палітэмігрантаў — паслоў Грамады ў польскім сейме, лідэраў Змагання, ГПУ абвінаваціла ў шпіянажы і катаваннямі дабівалася самаагавораў.
Заходнебеларуская прэса тады ўлавіла, што ідзе франтальны русіфікатарскі націск на Беларусь, пад выглядам барацьбы з контррэвалюцыяй і «нацдэмамі» выбіваюцца з сядла не толькі інтэлігенты, але і палітыкі-патрыёты, такія, як А. Чарвякоў, М. Галадзед, А. Бурбіс, Ц. Гартны, У. Ігнатоўскі і іншыя. Дык хіба можна на гэта забыцца, не ўлічваць сёння, выконваючы закон аб мовах?
— Мастацтва, літаратура ў таталітарным грамадстве заўсёды былі пад пільным наглядам улады. Аб іх «клапаціліся», бо разглядалі як магутны сродак ідэалагічнага ўздзеяння на масу. Аднак сёння падобна на тое, што развітваючыся з таталітарнай мадэллю грамадства, мы развітваемся і з прыярытэтамі дзяржаўнай палітыкі ў дачыненні да сферы літаратуры, мастацтва, навукі. Як гэта адаб’ецца на духоўным стане грамадства? Ці зможа ва ўмовах рынку жыць і выжыць беларускае мастацкае слова, культура?
— Такі няпэўны час, што цяжка праракаваць сёння. Літаратура ва ўмовах рынкавых спакусаў?.. Рынак у нас ненармальны, дзікі, значыць, і адносіны да культуры такія ж. Літаратура беларуская не мае шанцаў прабіцца да рынку, паколькі жыве ідэяй адраджэння, а не нажывы. Кніжны рынак... Ды там жа працуе шмат людзей, каторыя беларускай мовы і не нюхалі. Прыходзіць пакупнік у кнігарню, а яму кажуць: «Это на белорусском языке...». Так людзі на зарплатах дыскрэдытуюць не толькі літаратуру, але і мову. Пагарда пачалася са школы, дайшла да кніжнага гандлю і да чытацкай практыкі. Нават пісьменнікаў дзяліла наменклатура на «московских писателей» і «нашых», мясцовых, бедных родзічаў Апалона.
Прадукцыя кніг сёння прымае рынкавы характар, але ў духоўным плане ён хваравіты... Што ж гэта за прадукцыя, якая дае прыбытак на кніжным рынку? Гэта парнаграфія, фантастыка, прыгодніцкая літаратура, сенсацыйныя мемуары. У большасці гэта творы, перакладзеныя з замежных моў. Яны прадаюцца па высокай цане і на расійскай мове. Ёсць такія фірмы і ў нас, на Беларусі. Дык дырэктар адной з іх хацеў у нас, пісьменнікаў, адкупіць «Іслач» — Дом творчасці. У яго свая брыгада з двух дзясяткаў пёркаў: перакладчыкі, празаікі, якія пішуць пад дэтэктыў, фантастыку, сэкс, прыгодніцтва. Тавар ідзе нарасхват, кнігі друкуюцца, а творцы атрымліваюць вялікія грошы...
— Дык гэта можа і ёсць новая мастакоўская свабода?
— Выходзіць, так... Я тут згодзен з міністрам інфармацыі А. Бутэвічам, што на пераходным этапе (пакуль рынак ненармальны) абавязкова патрэбны падтрымка і клопат дзяржавы ў дачыненні да літаратуры нацыянальнага адраджэння. Трэба выйсці хоць бы на ўзровень чытацкай зацікаўленасці, на якім знаходзіцца літаратура ў Прыбалтыцы, ці хоць бы на Ўкраіне.
— Уладзімір Андрэевіч, агульнапрызнаная ваша роля ў «распальванні» Берасцейскага пісьменніцкага вогнішча. Значны ўклад унеслі вы ў даследаванне і развіццё культуры Берасцейшчыны, падрыхтоўку настаўнікаў для школ вобласці. Якімі бачацца вам сёння творчы патэнцыял краю, перспектывы яго духоўнага адраджэння і развіцця? Што новага, арыгінальнага ўносіць ён у культуру ўсёй Беларусі?
— Я думаю, што гэты край нездарма даўно лічыцца краем экзатычным, як бы запаведнікам культуры карэннай славянскай, беларускай, каторая аформілася як культура дзяржаўная ўжо ў перыяд Вялікага княства Літоўскага. Ужо тады берасцейцы ігралі вялікую ролю ў духоўным жыцці дзяржавы і беларускай народнасці. Дастаткова назваць імёны Льва Сапегі, канцлера Вялікага княства Літоўскага, ці выдатнага пісьменніка-палеміста Афанасія Філіповіча, якія паходзяць з Берасцейшчыны.
У 20-я гады нашага стагоддзя адсюль таксама пайшоў прыліў, але слабейшы, чым у іншых зонах Заходняй Беларусі. Р. Шырма адсюль выйшаў, У. Ігнатоўскі, хоць той сфарміраваўся ўжо ў Савецкай Беларусі, у агульнабеларускім арэале, браты Цвікевічы. На жаль, пры Польшчы адсюль выходзіла мала талентаў, хоць былі такія зоркі, як Міхась Забэйда-Суміцкі. Але большасць — М. Засім, П. Пестрак, В. Таўлай — цераз турмы выходзілі ў літаратуру, а не цераз школы. Сапраўдная паводка наступіла пасля вайны. І стварыла гэты цуд ахвярнае настаўніцтва. Гэта сапраўдны подзвіг. А перспектывы, будучыня будуць залежаць ад таго, як зможа развівацца наша культура ў цэлым, і, зразумела, ад таго, як будзе дыхаць эканоміка рэспублікі.
Ёсць тут і негатыўныя тэндэнцыі. Я лічу, што ўрбанізацыя, зададзеная зверху, падарвала той народны жывец, які радаваў і цешыў вока Р. Шырмы, М. Доўнар-Запольскага, іншых збіральнікаў беларускага фальклору менавіта на Палессі. Раней вёска выступала стваральніцай і ахоўніцай культуры беларускай. Чаму я беларускасць палюбіў? Не толькі на ўзроўні абрадаў ці гаворкі матчынай, а на ўзроўні кніжнай культуры, паэзіі, тэатра, песні. У нас у вёсцы рэгулярна спектаклі ставіліся, усе п’есы беларускія я помню з дзяцінства, а песні — ад матчыных калыханак... Моцна падорваны гэтыя карэнні... Але як пагляджу па тэлебачанні фальклорныя перадачы (жыўцом яны ідуць ці крыху рэжысурай падчапурыліся), а ўсё роўна з Палесся самыя моцныя, самабытныя, шчырыя. Тут усё-такі кансерватызм зрабіў станоўчую справу, захаваў культурны генафонд. Таму палескія пісьменнікі — тыя ж А. Наварыч, Л. Філатаў, С. Крываль, Н. Мацяш, А. Разанаў, Л. Дранько-Майсюк, В. Жуковіч, З. Дудзюк — уносяць у беларускую літаратурную мову слоўкі, якія становяцца залацінкамі паэзіі, узбагачаюць творчы матэрыял.
А вось тым, хто хацеў бы зрабіць з палескага дыялекту асобную мову, мне хочацца запярэчыць. Я не супраць, каб тое, што пішуць на дыялекце, друкавалі, выдавалі кніжкі. Я за гэта. Так ва ўсіх цывілізаваных народаў робіцца. У палякаў на гуральскім дыялекце некалькі кніжак выдадзена — і неблагімі паэтамі Падкарпацця, якія жывуць і твораць у арэале польскай літаратуры. І ў нас трэба так рабіць. Але ператвараць гаворку тэрытарыяльную ў нацыянальную штучна — гэта, па-мойму, афёра.
— Бо працэс станаўлення і крышталізацыі нацыянальнай мовы ёсць складаны вынік тысячагадовага развіцця пэўнай папуляцыі ці этнасу.
— А як жа. Трэба мець духоўны арэал нацыі, вялікую пісьмовую традыцыю: летапісы, юрыдычныя кодэксы, канфесійную літаратуру і ўсякую іншую — з гэтага ўтвараецца душа нацыі і нацыянальная мова. А палеская гаворка жыла і развівалася ў арэале Вялікага княства Літоўскага. Пасля ў зоне канкурэнцыі і ўплываў Польшчы і Расіі. Дзякуючы агульнасці гістарычнага лёсу, духоўнай роднасці, яна пры ўсіх адметнасцях нясе ў сабе агульнанацыянальны стрыжань. Ды і характар, духоўны і псіхалагічны склад палешука блізкі беларускаму характару з ягонай лагоднасцю, памяркоўнасцю, дабрынёй, развагай. Хоць апошні я не стаў бы ідэалізаваць.
Што датычыцца майго «вялікага ўкладу» ў культуру краю, дык гляджу на справу крытычна і цвяроза. Проста працаваў, рабіў сумленна асветніцкую работу, наколькі мне дазвалялі мае здольнасці. Асабіста я ўдзячны тым настаўнікам школ, якія ператрывалі страшнае ліхалецце і не здаліся, засталіся беларускімі настаўнікамі, якіх шанавалі дзеці і бацькі. Не кідаліся гэтыя настаўнікі ў паніку, не спяшаліся пераходзіць на рускую мову і літаратуру ці дзесьці ва ўстановы, каб пазбегнуць цяжару гэтай дыскрымінацыі. Цяжар гэты павінен быў нехта несці, каб даць прыклад патрыятызму. І тыя, хто нёс яго сумленна, дзякуючы сваім здольнасцям, дабіліся таго, што непрэстыжная па кіраўнічай ідэі, па плану «начальственному» беларуская літаратура і мова была прадметам паважаным, любімым. Яны і літаратараў запрашалі, і выпускалі літаратараў. Пра гэтых ахвярнікаў я магу сказаць, што яны стаялі на варце культуры Палесся, не далі марнавацца талентам і сыходзіць у чужую культуру. А мы — тут (я ж не адзін тут, у горадзе. Тут М. Засім і М. Рудкоўскі жылі. Потым Н. Мацяш і Я. Янішчыц прыйшлі, В. Жуковіч, М. Пракаповіч, М. Купрэеў, А. Каско, многія іншыя хлопцы). З іх сябрына стваралася літаратурная. Да яе далучаліся прыезджыя — А. Авечкін, А. Бакуменка, М. Цялічка, С. Курылёва. Ягоўдзік тут працаваў выдатна, вось выдаў альбом берасцейскіх пісьменнікаў. Цяпер Валя Кукса, Зіна Дудзюк, Сідарук, браты Дэбішы — сілы значныя. Так што тут літаратурная сябрына, хутчэй, саюз душ — блізкіх, творчых. «Паэт паэту ёсць кунак!» — як казаў Ясенін (жартуе, пасміхаецца). Яны самі сябе стваралі, раскрывалі таленты. А што да мяне, дык я, канечне, нейкія тэарэтычныя абгрунтаванні па іх работах, па іх творчасці рабіў, знаёміў па серадах з тэорыяй літаратуры, з эстэтыкай. Напэўна, гэта было карысна. Тым болей, што ўзнікалі ў нас вострыя творчыя дыскусіі...
— Ну, што ж, Уладзімір Андрэевіч! «Вялікі» ці «значны» быў гэты ваш уклад — пра гэта, напэўна ж, скажуць нашчадкі. Вам жа вялікі дзякуй за гутарку. Усе прыхільнікі вашага таленту жадаюць вам здароўя, шчасця, творчага плёну.
З Уладзімірам Калеснікам гутарыў літаратуразнаўца Генадзь Праневіч.
Газета «Заря». 1992. — 17 сентября. — С. 1, 3