УЛАДЗІМІР КАЛЕСНІК — ПАДАРОЖНІК-МАСТАК

Уладзімір Калеснік

    Былі ў нас сумесныя падарожжы і адпачынкі. Падарожжы бліжэйшыя, па роднай Наваградчыне, і далейшыя, то ўдвух, то сем’ямі, то ў сяброўскай кампаніі. Па Літве і былой Усходняй Прусіі; па Валыні, Львоўшчыне і Закарпацці; па Узбекістане, ад Ташкента да Самарканда; па Волзе ад Масквы да Астрахані і назад; па Карэліі, з Кіжамі і Салаўкамі ўключна. На працягу 1970–1973 гадоў летнімі тыднямі мы сустракаліся з ацалелымі жыхарамі беларускіх «вогненных вёсак». Адпачывалі разам над Нёманам і Шчарай, на Нарачы і Свіцязі, у Юрмале і Каралішчавічах. А яшчэ ж і паходы і выезды на рыбалку: Нёман, Прыпяць, Ясельда, Рыта, Лясная, Сэрвач, Кромань...
    Колькі было перагаворана — каля надрэчнага вогнішча, на лясной дарозе, на свежым сене гумнаў, у хатняй утульнасці, пры настольнай лямпе і без яе, у начной цішыні то ў яго, то ў мяне, то ў нейкай незнаёмай да таго сціплай гасцініцы. Мужчынская шчырасць дружбы. «Падабенства сэрцаў», як напісаў мне на сваёй першай кнізе яшчэ адзін наш Валодзя, Караткевіч.

Янка Брыль

    Ён быў не толькі вялікім пісьменнікам, вучоным з энцыклапедычнымі ведамі, але і таленавітым мастаком, скульптарам, майстрам разьбы па дрэве, а таксама сталяром, цеслем, печніком… Ён ведаў і ўмеў рабіць усё! Рысы сапраўднага гаспадара Уладзімір Андрэевіч, бадай, узяў у спадчыну ад бацькі, земляроба і плытагона.

Аляксей Бакуменка

    Ён ні хвіліны не быў не ў дзеянні: чытае, піша, або ходзіць з вудамі над Нёманам, або корпаецца над сваім «Масквічом», які прабег шмат розных дарог, крочыць па ўзлеску ля збажыны з сумкаю фотаапаратуры, ці сядзіць перад эцюднікам, або чэша сякерай нейкую чурку, у якой бачыць яму аднаму знаёмую фігуру.

Яўген Крамко



Краса прыроды і чалавека

ЖЫВАПІС

Уладзімір Калеснік. За мальбертам

    Яшчэ ў дзяцінстве, захапіўшыся мастацтвам, У. Калеснік на працягу ўсяго свайго жыцця не пакідаў улюбёнага занятку – пераносіць на паперу, палатно малюнкаў красы прыроды, свайго захаплення непаўторнымі краявідамі роднае зямлі. Сябры, якія бывалі ў падарожжах з Уладзімірам Андрэевічам, назіралі, як паездка ў грыбы ператваралася нечакана ў пленэр. Грыбнікам тады даводзілася або самастойна шукаць грыбоў ці стаць удзельнікам-сузіральнікам пленэру, а то і пабыць у майстэрні мастака.

     Былі і дамоўленыя выезды на прыроду з эцюднікам. Алесь Каско прыгадвае такі выпадак з падарожжа, калі быў удзельнікам нараджэння адной з карцін Уладзіміра Андрэевіча:

     «Памятаю апошні яго выезд на эцюды. Дзень стаяў ветраны: то залаціўся халаднавата-празрыстым сонцам, то зноў занавешваўся хмарамі і сыпаў дробным дажджом. Мне хацелася знайсці для яго мясціну як мага зацішнейшую, аднак у густым бярозавым гаі Уладзімір Андрэевіч доўга не затрымаўся, адно разы два шчоўкнуў фотаапаратам. „Вядзі ў дуброву, а сюды наведаемся як-небудзь іншым разам“, – сказаў ён і падаўся да машыны.
Што ж, я мусіў падпарадкавацца і паказаць маляўнічую купку старых дубоў на ўскрайку Здзітава, вёсачкі, што за нядаўнім часам стала прыгарадам Жабінкі. Сюды мы збіраліся ранняй восенню, а прыехалі ледзь не на зыходзе яе. Толькі на гэтых магутных дрэвах і трымалася яшчэ лісце, ды і то сям-там. Прафесар паставіў свой легкавік на ўездзе ў дуброву, падняў дзверцы багажніка і так, засланіўшыся ад ветру імі ды башлыком курткі, прастаяў пяць-шэсць гадзін запар за эцюднікам. Гарачыя бульбіны, якія пёк я на вогнішчы непадалёку і насіў яму, адрывалі яго ненадоўга. А на аркушы кардону адзін за адным паўставалі і ўсё гусцей „апраналіся“ ў бурую лістоту волаты-дубы. Чым далей прафесар маляваў, тым цяжэй было супастаўляць малюнак з рэальным краявідам. Вось і дарога знікла пад апалымі суччам і густалісцем, паявіліся бярозкі, якія тут не раслі, невялічкая паляна, а на ёй першыя абрысы зубра... Загарманізаваў эцюд Уладзімір Андрэевіч ужо дома, стварыўшы, як мне здаецца, не проста восеньскі пейзаж, а вобраз беларускага краю – адвечнага і трывушчага, як сама прырода.
Гэтая праца, бадай, адзіная ў У. Калесніка, пазначаная сумна-трывожным каларытам.»

     Любіў маляваць родныя мясціны – Нёман, Сэрвач, краявіды ля вёскі Крынкі. Яны – як ахвяра тым, хто не вярнуўся з пекла вайны, як спраўджванне дадзенага ў гады вайны абяцання-мары – змаляваць, перадаць іншым убачаную красу, падзяліцца хараством тых «непаўторных дзівосных з’яў, цудаў, народзін святла і сонца» з іншымі...

Марыя Новік

Святло жывых колераў

ФОТАМАСТАК

Ля Нёмана

Творчы талент Уладзіміра Калесніка адкрыўся, адкрываецца і будзе яшчэ адкрывацца як праз ягоную навуковую спадчыну, так і праз ягоныя мастацкія творы. Быў адораны чуйнай душой да красы, да хараства ў прыродзе і чалавеку, імкнуўся падзяліцца ўбачаным, адчутым душою і сэрцам з іншымі, найперш са сваімі сябрамі. Быў падарожнікам па прасторах нацыянальнай гісторыі і культуры, быў і застаецца адкрывальнікам непаўторных талентаў Беларусі, сузіральнікам непаўторнай красы беларускай зямлі.

Падарожжы ягоныя былі звязаныя з навуковай дзейнасцю, а таксама з прагай адкрыцця знаёмых і незнаёмых мясцін, з адкрыццём створанага прыродай і талентамі людзей. Любіў падарожнічаць з сябрамі, любіў адкрываць студэнтам-філолагам літаратурныя мясціны Беларусі і яе замежжа, любіў занатаваць на плёнцы непаўторныя імгненні. Ягоным заўсёдным «спадарожнікам» у вандроўках быў фотаапарат. Іх было некалькі на працягу ягонага жыцця. Некаторыя з іх падарыла яму Зося Міхайлаўна Калеснік. Фотамастацтва патрабавала многа часу, аднак гэтае захапленне падзяляла Зося Міхайлаўна. Невыпадкова ўжо ў першыя гады жыцця ў Берасці Уладзімір Калеснік удзельнічае ў фотавыставе і атрымлівае Дыплом як узнагароду за сваю працу. Рэпартаж і фота ў газеце «Зара» за 1964 год адкрывае нам Уладзіміра Калесніка і Зосю Міхайлаўну за праяўкаю чарговай фотаплёнкі. Яна паважала захапленне Уладзіміра Андрэевіча, ды і сама добра фатаграфавала. Многія здымкі ў архіве У. Калесніка – гэта фота, зробленыя ёю.
У вандроўках з сябрамі – Янкам Брылём, Алесем Адамовічам, Фёдарам Янкоўскім, Уладзімірам Караткевічам – было зроблена мноства цікавых фотапартрэтаў, фотапейзажаў, якія сталі прыгожай аздобай кніг, фотаальбомаў пісьменнікаў.
Адметным быў і застаецца фотаальбом пра «Зямлю, што натхняла Міцкевіча», створаны разам з Янкам Брылём падчас сумеснага падарожжа. І хоць, як адзначыў Уладзімір Караткевіч, выдадзены ён быў не надта якасна поліграфічна, аднак захоўвае нам цікавыя, непаўторныя выявы людзей часу на нашай зямлі. Гэта адметныя адбіткі часу, выява чуйнага сэрца і ўражлівай душы аўтара-фотамастака. Наваградская зямля ў гістарычных ужо сёння фотавыявах Уладзіміра Калесніка можа пры спрыянні выдаўцоў і выдавецтваў выйсці ў высокім поліграфічным выкананні. Беларускія выдавецтвы невыпадкова маюць сёння за свае прыгожыя выданні ўзнагароды міжнароднага ўзроўню.
Унікальная кніга «Я з вогненнай вёскі…» вынік балючага падарожжа А. Адамовіча, Я. Брыля і У. Калесніка па вогненных вёсках Беларусі. Фотаздымкі, зробленыя У. Калеснікам, дазваляюць убачыць тых, хто прайшоў праз пекла агню, ды ўсё ж цудам застаўся жывы. Стваральнікам кнігі ўдалося «зберагчы, утрымаць, „як плазму“, невыносную тэмпературу чалавечага болю, недаўмення, гневу, якія не толькі ў словах, але і ў голасе, у вачах, на твары».
Вынік працы фотамастака У. Калесніка – у многіх кнігах беларускіх пісьменнікаў, у кнігах пра іх. Марыў стварыць некалькі фотаальбомаў пра любімых пісьменнікаў у жыцці, пра непаўторную красу роднай зямлі. Магчыма, тое багацце фотавыяў, што пакінуў фотамастак Уладзімір Калеснік, будзе запатрабавана, і выйдзе з друку не адзін прыгожы і патрэбны альбом пра Беларусь і беларусаў.
Праз фотавыявы таленавітага мастака адкрываецца гісторыя, культура, краса роднае зямлі, якая дала чалавецтву геніяльных людзей, зямлі, якую так узнёсла любіў Уладзімір Калеснік. У іх – яго душа.

Марыя Новік



З гісторыі здымкаў

Фотаэцюды

  • Возера Палік

  • Вясновая ралля

  • Дубы. Нёман

  • Заснежанае Берасце

  • Касцы. Прастор

  • Касцы

  • Ля ракі Вуша

  • Мір, замак

  • Мір, капліца

  • Мост

  • Наваградскія муры

  • Нёман

  • Нёманскія волаты

  • Прадвесне

  • Самарканд. Архітэктура

  • Самарканд. Архітэктурны пейзаж

  • Самарканд. Пейзаж

  • Сасна

  • Смалярня

  • Смольня

СКУЛЬПТУРА

Уладзімір Калеснік

Уладзімір Андрэевіч «унутраным зрокам» прыкмячаў красу, створаную самой прыродай, і спрактыкаванай рукою дапаўняў яе, пераўвасабляючы галіны, карані, нарасты дрэў у асобныя фігуры, кампазіцыі, партрэты.
Самы адметны – партрэт Ф. Скарыны, мастацкая вартасць якога і ва ўмелым выкарыстанні матэрыялаў, яго фактуры, і ў глыбіні задумы, у аўтарскай фантазіі і натхнёнасці, з якою нараджаўся твор. Не пра аматарскае майстэрства, зноў жа, даводзіцца гаварыць!
І наогул, у выяўленчым мастацтве Уладзіміра Андрэевіча Калесніка, як правіла, прысутнічае глыбокая дапытлівая думка, цеплыня душы і сэрца, лёгкасць, за якою тоіцца напружаная праца. І гэта хвалюе, і гэта – застанецца.

Алесь Каско

КАНТАКТЫ

Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага

Адрас: г. Брэст, б-р Касманаўтаў, 48, 224016
Тэлефон:+375 162 57 48 79