***
Пошук самога сябе, свайго спосабу існавання ў бясконцым мностве мажлівых і немажлівых форм быцця,
належная ацэнка свайго месца ў бясконцым і мнагалікім свеце, – у гэтым бачыцца і цяжар і годнасць жыцця чалавечага.
***
Сэнс быцця. Калі б можна было ахапіць яго і выказаць адным словам, адным афарызмам ці вобразам, ён перастаў
бы быць вечным пытаннем, жыццё наша страціла б сваю прывабную загадкавасць, як траціць яно прывабнасць для тых, хто не шукае сэнсу, згаджаецца проста жыць як набяжыць.
...
***
Дастойнае пражыванне жыцця – справа не простая для душы ўражлівай, чулай, ранімай. Ёй не абысціся ні гордым маўчаннем,
ні ганарлівым скепсісам, ні нават дэманічным бязвер’ем. Разуменне свету і здабытая ў пошуках зычлівасць, ласка – вось спосаб парадкавання ўласнай душы.
У гісторыі многа, бясконца многа цёмных і светлых плям, адсюль рахунак жыццю і заплата яму ж. Чаргуюцца бясконца і ніколі не зраўнаважваюцца шалі касмічных вагаў.
Гайданні веры і сумніву, пэўнасці і асцярогі, плюса і мінуса – ці не закон гэта існавання чалавечай ісціны?
***
Напоўніць увесь свой кароткі ці доўгі век мудрым зместам – значыць забяспечыць сабе месца на тым дыване-самалёце,
які называецца час чалавечы, каб не забылася твая прысутнасць у свеце, каб помнілася зробленае для людзей.
Уладзімір Калеснік
ЯГО ІМЯ
Літаратурная, мастацкая спадчына Уладзіміра Андрэевіча Калесніка – гэта годная старонка жыцця творчай асобы,
гэта годная старонка гісторыі Беларусі, нацыянальнай літаратуры і культуры.
Памяць пра Уладзіміра Калесніка жыве сёння ў назвах разнастайных аб’ектаў на Гродзеншчыне, Берасцейшчыне.
Ярэміцкая сярэдняя школа і гісторыка-краязнаўчы музей
імя У.А. Калесніка
Пастановай Савета міністраў ад 09. 02 1996 № 88 «Аб увекавечанні памяці беларускага крытыка і
літаратуразнаўцы, празаіка і публіцыста Калесніка У.А.» было вынесена рашэнне: «Прысвоіць імя У. Калесніка Ярэміцкай сярэдняй школе Карэліцкага раёна
Гродзенскай вобласці і надалей называць яе „Ярэміцкая сярэдняя школа імя У.А. Калесніка“». Школа вядзе актыўную адукацыйную і асветніцкую працу.
У Ярэміцкай школе ў 2010 годзе быў створаны гісторыка-краязнаўчы музей імя У. Калесніка. Зося Міхайлаўна Калеснік перадала ў
музей копіі некаторых рукапісаў, дакументаў, а таксама кнігі У.А. Калесніка, фота, карціны.
...
Бібліятэка імя Уладзіміра Калесніка
Імя Уладзіміра Андрэевіча Калесніка было прысвоена Брэсцкай бібліятэцы
«Юнацтва» (вул. Маскоўская, 342/1). Біблітэка вядзе актыўную культурна-асветніцкую працу, праводзіць мерапрыемствы,
звязаныя з творчасцю У. Калесніка і пісьменнікаў Беларусі.
Вуліца імя Уладзіміра Калесніка
Рашэннем Брэсцкага аблвыканкама адной з вуліц у новым мікрараёне
«Паўднёвы захад» было прысвоена імя У.А. Калесніка. Гэта новая вуліца, яна актыўна забудоўваецца, тут знаходзіцца сярэдняя школа № 1.
З цэнтральнай часткай горада, дзе жылі Уладзімір Андрэевіч Калеснік і Зося Міхайлаўна Калеснік, гэтую вуліцу звязвае Варшаўскі мост.
Кніга пра Уладзіміра Калесніка «Пасланец Праметэя»
У 2007 годзе з друку выйшла кніга, прысвечаная памяці Уладзіміра Андрэевіча Калесніка, вучонага і пісьменніка,
лаўрэата Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа. Праз літаратурна-крытычныя эсэ, артыкулы, эсэ, успаміны калег-літаратуразнаўцаў, пісьменнікаў,
сяброў-партызанаў, выкладчыкаў і былых студэнтаў раскрываецца жыццёвая і творчая біяграфія Уладзіміра Калесніка, адкрываецца яго багатая даследчыцкая навуковая дзейнасць,
ягоная навукова-асветная дзейнасць.
Адукацыйна-асветны цэнтр імя У.А. Калесніка, навуковыя Калеснікаўскія чытанні
У Брэсцкім дзяржаўным універсітэце з 1995 года былі арганізаваны Калеснікаўскія чытанні. Пазней быў створаны Адукацыйна-асветны цэнтр імя У. Калесніка, дзе працяглы час працавала Зося Міхайлаўна Калеснік. Цэнтру была перададзена частка бібліятэкі У. Калесніка, карціны, фота, разьба.
Калеснікаўскія чытанні сталі традыцыйнымі, у 2020 годзе адбыліся адзінаццатыя чытанні. Па выніках чытанняў выдаюцца зборнікі навуковых артыкулаў.
Існуе ва ўніверсітэце прэмія імя У. Калесніка за навуковыя дасягненні выкладчыкаў.
-
Першыя Калеснікаўскія чытанні. Рэктар Васіль Аляксеевіч Сцепановіч, Алесь Разанаў, Генадзь Праневіч
-
Падчас Першых Калеснікаўскіх чытанняў.Ліля Асташонак, Зося Калеснік, Станіслава Каралевіч, Святлана Варонік
-
Алесь Разанаў. Паэтычныя сустрэчы
-
Аўтограф ад Віктара Карамазава
-
Аўтографы Леаніда Дранько-Майсюка і Эдуарда Акуліна студэнтам
-
Выстава «Велікодная паштоўка»
-
Выстава «Мамін ручнік»
-
Госці канферэнцыі да 90-годдзя Фёдара Янкоўскага
-
Дыялог з Віктарам Карамазавым
-
Зося Міхайлаўна Калеснік, Марыя Новік. Падчас працы над кнігай пра Уладзіміра Калесніка «Пасланец Праметэя»
-
Зося Міхайлаўна Калеснік. У Цэнтры Уладзіміра Калесніка
-
Кніжная выстава перакладаў на беларускую мову «І зорка зорцы голас падае»
-
На выставе Аляксандры Гунас
-
Падчас канферэнцыі «Мова. Культура. Народ»
-
Пасля прэзентацыі кнігі «Дзесяць сустрэч з Беларуссю»
-
Прэзентацыя «Рубельскага слоўніка» Мікалая Пашкевіча
-
Галіна Тварановіч, Святлана Варонік. Творчыя сустрэчы ў Адукацыйна-асветным цэнтры імя Уладзіміра Калесніка
-
Святлана Варонік, Генадзь Праневіч. Паэтычныя сустрэчы
-
Слова ераманаха Мікалая (паэта Зьніча)
-
Сустрэча з Нінай Мацяш
Святы да юбілеяў Уладзіміра Калесніка
Ушанаванне памяці Уладзіміра Калесніка адбываецца падчас ягоных юбілеяў.
Да 80-годдзя з дня нараджэння У. Калесніка была арганізавана вечарына ў Брэсцкім грамадска-культурным цэнтры,
а таксама мастацкая фотавыстава ў гарадской выставачнай галерэі па вуліцы Савецкай. З нагоды 85-годдзя
Уладзіміра Калесніка адбылася выстава ягоных мастацкіх твораў – фота, жывапісу, разьбы – у музеі
«Выратаваныя мастацкія каштоўнасці». Адкрыццё выставы і паэтычная імпрэза сабрала гасцей з усёй Беларусі.
Да 90-годдзя вучонага і пісьменніка была распрацавана і рэалізавана адметная праграма, падчас ажыццяўлення якой госці ўсклалі кветкі да магілы У. Калесніка,
пазнаёміліся з вуліцай яго імя, на творчай сустрэчы «Чалавек Адраджэння» падзяліліся сваімі разважаннямі пра асобу і навуковую і мастацкую спадчыну У. Калесніка.
Да юбілеяў У. Калесніка былі выдадзены і невялічкія каляндарыкі.
Творы-прысвячэнні Уладзіміру Калесніку
Многія беларускія пісьменнікі, паэты прысвяцілі Уладзіміру Калесніку свае мастацкія творы.
Гэта найперш творы ягонага сябра Уладзіміра Караткевіча. Ён прысвяціў Зосі і Уладзіміру Калесніку рамантычнае апавяданне «Залаты бог», а таксама верш
«Белавежскі алень»”. Сярод твораў-прысвячэнняў – вершы Алега Лойкі, Ніны Мацяш, Васіля Жуковіча, Яна Чыквіна.
Удзячнасцю Уладзіміру Калесніку прасякнуты паэтычныя творы пісьменнікаў «Берасцейскага вогішча».
Гэта годны знак удзячнасці Чалавеку, Вучонаму, Настаўніку.
Жыццё пасля жыцця
Анатоль Вярцінскі. Ён быў нашым сябрам
Перачытаў амаль усе кнігі Уладзіміра Андрэевіча Калесніка. Прызнаюся, незвычайнае і няпростае было гэтае чытанне-перачытванне. Чытанне — сумоўе. Чытанне — суперажыванне. Чытанне — роздум. Чытанне — падарожжа ў часе. Чытанне, кажучы інакш, — праца розуму, душы і памяці. Прасвечваўся між радкамі, жыва ўяўляўся яго воблік, чуўся яго голас. І яшчэ не-не ды згадвалася прысвечанае яму, узрушлівае, прасякнутае пачуццём пашаны і ўдзячнасці эсэ Алега Лойкі «Быў ён чалавекам Адраджэння». Алег Лойка, да яго гонару, прывёў, здаецца, ці ні ўсе неабходныя ў дадзеным выпадку высокія эпітэты і азначэнні, даў ці ні вычарпальную характарыстыку — аж да слоў аб «тытанізме духу і чыну». Але, тым не менш, у мяне з’явілася патрэба дапоўніць яе, дадаць яшчэ адзін, даволі істотны, на мой погляд, штрых.
Рэч у тым, што Уладзімір Андрэевіч быў для многіх з нас — як тут лепш сказаць — добрым геніем, ці, дакладней, добрым, мудрым сябрам. Сябрам з вялікай літары. Сябрам як у рэальна-жыццёвым, так і ў больш шырокім, духоўным сэнсе гэтага паняцця. Зоя Мельнікава мела рацыю, калі ў сваім артыкуле пра творчы шлях Васіля Жуковіча, змешчаным недзе гады два таму ў тыднёвіку «Літаратура і мастацтва», зазначала: «Уладзімір Калеснік не толькі падтрымаў першыя спробы пяра свайго студэнта, але і пазней у жыцці па-чалавечы ахоўваў яго, апякаў сяброўскай сімпатыяй і ўвагай. Агульнавядомы факт — яго чалавечае, мужчынскае і творчае сяброўства з Янкам Брылём. Сяброўства, якое рабіла яго тонкім псіхолагам мастацкай творчасці, падказвала яму выснову: «Без сувязі з чалавекам слова пусцее і блекне».
Вядома таксама, колькі клопату і ўвагі праяўляў ён у дачыненні да Ніны Мацяш, якую ролю — настаўніка-гуру і старэйшага сябра і таварыша — адыгрываў у яе чалавечым і літаратурным лёсе, колькі душы, пачуцця адказнасці і інтэлектуальна-аналітычнай мудрасці ўклаў у свой артыкул-прадмову да кнігі яе выбраных вершаў і паэм «Паміж усмешкай і слязой». З другога боку, не выпадковы ж той факт, што адны з самых пранікнёных радкоў, якія склалі зборнік вершаў-прысвячэнняў паэтэсы «Я вас люблю...», адрасаваліся Уладзіміру Андрэевічу Калесніку («Няхай усім ліхім вятрам на злосць...» і «Студня»). Ды і, думаю, дзякуючы ў значнай меры менавіта яму нарадзіўся і наступны твор зборніка, лірыка-філасофскі шэдэўр «Сябрыне»:
Не знадзейвайся. Перажыві.
Хоць якая, ды ёсць патоля:
Намарозіць радня па крыві —
Адагрэе радня па долі.
Скруха — зашмаргай... Перарві.
Ёсць лагода на боль, на скруху:
Адрачэцца радня па крыві —
Паратуе радня па духу.
Праўду гэту — як ёсць — прыві
Да сцяжыны далейшага руху.
Будзь здарова, радня па крыві.
Будзь бяссмертна, радня па духу!
Упэўнены, што гэты верш, гэты гімн «радні па духу» спадабаўся Уладзіміру Андрэевічу. Бо адпавядаў яго светапогляду, яго перакананням, сістэме яго маральных і ідэйна-эстэтычных каштоўнасцей. Нездарма сваё гісторыка-літаратуразнаўчае даследаванне «Берасцейскае вогнішча» ён заканчвае раздзелам, які назваў гэткім жа словам — «сябрына». А ў артыкуле «Два светы Яна Чыквіна» (частка працы «Творчае пабрацімства») звяртае ўвагу на тое, што «беларускі інтэлектуал еўрапейскай школы» Ян Чыквін добра праявіў сябе на пасадзе старшыні літаратурнага аб’яднання, бо «для яго старшынстваваць — значыць разумець, паважаць і захоўваць сяброўскія адносіны з пісьменнікамі ўсіх пакаленняў... Паэзія Я. Чыквіна вырастае на сутыках славянскіх і еўрапейскіх літаратур. Гэта забяспечвае аўтару жывы і непрытворны кантакт з усёй літаратурнай сябрынай».
Словам, сяброўства, словам, сябрына.
Згадваецца тут вядомая французская прыказка: «Les amis de nos amis sont nos amis», што значыць: «Сябры нашых сяброў — нашы сябры». У дадзеным выпадку яна падыходзіць як нельга лепей, мае дакладны рэальны сэнс. Бо ён быў сябрам маіх сяброў і таварышаў па пяры: старэйшых — Максіма Танка і Янкі Брыля, равеснікаў — Ніла Гілевіча, Алега Лойкі, Яна Чыквіна, малодшых — Ніны Мацяш, Васіля Жуковіча, Алеся Разанава, Галіны Тычкі. І яшчэ ён быў ініцыятарам маіх прыездаў у Берасце дзеля сустрэч са студэнтамі інстытута і знаёмства з яго выкладчыкамі. Што мне вельмі імпанавала і за што я быў яму заўсёды ўдзячны.
Такім вось ён быў. «Быў ён чалавекам Адраджэння». Быў ён Чалавекам (Ecce Homo!). Быў ён нашым Сябрам.
Зрэшты, чаму «быў»? Такім застаецца, жыве ён у сваім слове, сваіх кнігах, сваіх уроках. Такім застаецца, жыве ён у нашай памяці, у свядомасці нашай.
Р.S.
Сімвалічнае і вартае яго светлай памяці супадзенне. Якраз тады, калі я стаў накідваць прысвечаныя яму нататкі, я атрымаў адну за адной, з інтэрвалам літаральна ў два дні, дзве кнігі з цёплымі сяброўскімі аўтографамі. Новую кніжку Янкі Брыля «З людзьмі і сам-насам» і толькі што выдадзены, зноў-такі, зборнік вершаў Васіля Жуковіча «У храме хараства і смутку». Адгарнуў, стаў нецярпліва праглядаць лірычныя запісы і мініяцюры Івана Антонавіча і ўбачыў: «У падарожжы па Гомельшчыне (для «Я з вогненнай вёскі...»), калі мы на Калеснікавым чырвоным «Масквічы» ўехалі ў Мележавы Глінішчы, нас запыніла вялікая чарада гусей...» Гэта на дзявятай старонцы. Прадоўжыў гартаць і зноў: «Сляза пякучая айчыны» — зборнік артыкулаў пра творчасць Яна Чыквіна. Хораша выдадзеная кніга дастойна і па-асабліваму прыемна мне адкрываецца словамі Валодзі Калесніка...» Размова ідзе пра згаданую мной і ці не адну з апошніх публікацый Уладзіміра Андрэевіча «Два светы Яна Чыквіна» (раздзел з яго працы «Творчае пабрацімства») ...Знаёмлюся з кнігай вершаў Васіля Жуковіча. І, вядома ж, сустракаю тут радкі, звязаныя з імем яго настаўніка і старэйшага сябра, — вялікі цыкл твораў пад агульным назовам «Любоў і памяць» («Будаўнічы будучыні», «Свет хісткі і век наш кароткі», «14 снежня 1995 года, у дзень І Мемарыяльных чытанняў у Берасці», «Зося Міхайлаўна — Ваша паплечніца...», «Прыроды зімовае ззянне»). Гучыць пранікнёны зварот:
Так нязмушана, шчыра, свабодна
Гаварыла сябрына пра Вас,
Уладзімір Андрэевіч, родны!..
Так, менавіта сябрына гаварыла. Сябрына, не нехта іншы. Інакш і не магло быць у дадзеным выпадку.
Вольга Іпатава. Мужны і непаўторны
Ёсць людзі, прысутнасць якіх у тваім жыцці ты па-сапраўднаму ацэньваеш толькі пасля іхняе смерці. Жыццё імклівае: бяжыш на нарады, сядзіш за кампутарам, гнешся над старонкамі старажытных кніг і падсвядома спадзяешся на пастаянства Жыцця і тых, хто ў ім прысутнічае. Чалавеку ўласціва адчуваць сябе цэнтрам Сусвету і ўспрымаць навакольных як тых, хто абкружае Цябе...
Сёння я ўспрыймаю Уладзіміра Андрэевіча Калесніка як чалавека, у чыёй арбіце пашчасціла, так бы мовіць, круціцца і мне, як маленькаму спадарожніку вакол вялікай Планеты. Таму што ў нейкай ступені сышліся не толькі нашыя чалавечыя, але, што больш важна, літаратурныя жыцці.
Памятаю свой першы прыезд у Брэст разам з Аляксеем Карпюком, колішнім сакратаром Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Нас запрасіў выступіць у Брэсцкім педінстытуце, дзе ён тады выкладаў, менавіта Уладзімір Андрэевіч, які на першым жа прадстаўленні мяне студэнтам сказаў жартаўліва: «Олю Іпатаву я ведаю яшчэ да ейнага нараджэння». І ў адказ на вясёлы шум патлумачыў, што ён быў разам з маімі бацькам і маці ў адным партызанскім атрадзе (там жа, дарэчы, быў і Янка Брыль) і цяжарнасць маёй маладой мамы праходзіла на ягоных вачах.
Я пра гэта не ведала, тым болей што маці мая памерла сапраўды зусім маладой, ёй толькі споўнілася 26 гадоў. Пасля выступлення, калі мы селі палуднаваць, я распытвала яго пра партызанскі атрад, пра маю маці, якую я, канешне, не памятала (у памяці застаўся толькі дзень пахавання і старыя Наваградскія могілкі). Ён адказваў падрабязна, і ад іхніх з Карпюком спагадлівых позіркаў мне стала надзвычай цёпла, нібыта душу маю сагрэў гэты яшчэ тады не надта знаёмы мне чалавек (што-кольвечы з ягоных артыкулаў я, вядома, чытала, але гэтага было мала для сардэчнага адчування яго як чалавека).
З таго часу я заўсёды сачыла за публікацыямі Уладзіміра Калесніка. Яны ўражвалі шырынёй погляду і нейкай не ўласцівай нават таму, колішняму часу інтэлігентнасцю, а таксама глыбокай любоўю да Беларусі і яскравай нацыянальнай арыентаванасцю. Толькі пазней я даведалася, што У. Калеснік вучыўся ў Наваградскай беларускай гімназіі (у артыкуле пра яго ў «Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі» звесткі аб гэтым адсутнічаюць), што ён нейкі час нават быў вучнем славутага Барыса Кіта. Уладзімір Калеснік пайшоў па шляху камсамольства і камуністычнай ідэі, але яна не вытруціла з яго беларускасці, як гэта пазней сталася з многімі камуністамі — і ў гэтым яго ўнікальная вартасць для літаратуры і грамадства. Ён заставаўся ў шэрагу тых нямногіх камуністаў, якія служылі менавіта нацыянальнай ідэі і яскрава асэнсоўвалі трагедыю інтэлігенцыі, падзеленай, вобразна кажучы, паміж БНР і БССР. Лёс і тых, і гэтых — амаль усіх творцаў той, беларускай дзяржаўнасці, — быў трагічным, удалося ацалець толькі той моладзі, якая шчыра верыла ў савецкія ідэалы і, што яшчэ важней, засведчыла сваё змаганне з фашызмам уласнай крывёй.
У друку пачатку 90-х яго раз-пораз крытывалі за «савецкасць» у поглядах. Але я добра памятаю пачуццё, з якім у шэры змрочны дзень разгарнула ў чытальнай залі Нацыянальнай бібліятэкі невялічкую кніжку вершаў Уладзіміра Жылкі — першую за многія дзесяцігоддзі забыцця! — з прадмовай У. Калесніка. Гэтая паэзія перавярнула ўсю маю душу, і былі абсалютна прыймальнымі тыя радкі, дзе беларускі крытык пісаў пра нібыта «савецкасць» Ул. Жылкі — без іх ніяк не ўдалося б увогуле выдаць паэзію гэтага слыннага сына Беларусі. Мы ўжо добра ведалі гэтую «гульню» і навучыліся ацэньваць сутнасць, а не формы. Таму я напісала яму ліст з падзякай — «за Жылку». А ён, прыехаўшы ў Мінск, патэлефанаваў мне і павіншаваў з тым, што я так, як ён выказаўся, «чуйна», ацаніла Паэта. Дарэчы, усё, што ён адкрываў, было для нас, філолагаў, пісьменнікаў (як, зрэшты, і для шырокай грамадскасці) новым і нязведаным — і ў ягонай манаграфіі «Паэзія змагання», і анталогія «Сцягі і паходні», і зборнік «Час і песні», і многае іншае...
За многія гады мы не аднойчы сустракаліся з Уладзімірам Калеснікам — то ў нейкай вёсачцы, дзе ён разам з Я. Брылём і А. Адамовічам рабіў запісы для будучай іх сумеснай кнігі «Я з вогненнай вёскі», то на розных пленумах ці «круглых сталах». Звычайна засяроджана-іранічны, ён усміхаўся мне добрай бацькоўскай усмешкай, і заўсёды ўзгадвалася тая цеплыня, якая так сагрэла сэрца ў самую першую сустрэчу ў Брэсце...
Апошні раз я бачыла яго ў музеі Якуба Коласа, куды нас запрасіў Даніла Канстанцінавіч Міцкевіч. Уладзімір Андрэевіч быў ужо цяжка хворы, мы гэта ведалі. І ўпершыню я ўбачыла, як ён вітаецца і гаворыць без усмешкі, нібыта ўжо аддзелены, аддалены ад усіх нас нябачнай сцяной, і тым папярэджвае, каб не было ніякіх гаворак пра ягоную хваробу, ніякіх спачуванняў і нават напамінкаў пра яе. ГЭТА ён хацеў несці ў сабе і не падпускаў да сваёй душы нікога.
Развітваючыся з ім, я здагадвалася, што бачу яго, мабыць, у апошні раз, і незваротнасць усяго, што з намі адбываецца, пранізала з неверагоднай сілай. Я ледзь стрымала слёзы, а ён, кіўнуўшы нам усім, пайшоў з музею, трымаючыся прама, хаця было відавочна, як яму цяжка...
На ягонае сямідзесяціпяцігоддзе ў Ярэміцкай сярэдняй школе, што ў некалькіх кіламетрах ад Сіняўскай Слабады, дзе ён нарадзіўся, быў урачыста адчынены музей. Мне пашчасціла быць там і ўбачыць частку карцін, якія Уладзімір Андрэевіч маляваў у апошнія гады, яшчэ раз адчуць, якім таленавітым, шматгранным быў гэты сын нашае зямлі.
Любоў да яго як асобы і як Творцы яшчэ раз праявілася і ў святкаванні ў Брэсцкім (цяпер ужо ўніверсітэце) ягонага 80-годдзя. І зноў так склаліся абставіны, што я змагла прыехаць на гэтае свята, ды не адна, а з групай пісьменнікаў. Мабыць, ягоная душа збірае тых, каго яна хацела б бачыць разам, каго яднае ягоны непаўторны воблік і лёс...
Генадзь Праневіч. Уладзімір Калеснік - жыццё пасля жыцця
Уладзімір Калеснік быў яскравым прадстаўніком гуманітарнай навукі ў класічным
рэнесансавым разуменні ўспрыняцця гэтага феномена як сукупнасці самых разнастайных ведаў і навук аб чалавеку і грамадстве:
філасофіі, гісторыі, літаратуры, рэлігіі, жывапісу, медыцыны і інш. Вучоны-энцыклапедыст і носьбіт універсальнай гуманітарнай веды,
ён яшчэ ў савецкія часы чытаў лекцыі па эстэтыцы для дактароў і медперсаналу ў медыцынскіх установах Берасця, на прафесійным
узроўні займаўся жывапісам, фатаграфіяй, разьбой па дрэве. Дасканала ведаў не толькі ўласна гуманітарныя дысцыпліны
(літаратуру, фальклор, філасофію, грамадзянскую гісторыю і гісторыю мастацтваў і рэлігіі) але і практычны бок жыцця:
земляробства, цяслярства, плытагонства (бацькаў занятак) і г. д.
Каштоўнасць асобы, навуковай і творчай спадчыны Уладзіміра Калесніка тым больш значныя,
што ягоны жыццёвы шлях пралёг праз жыццё ў Заходняй Беларусі, выпрабаванні Другой Сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў.
Значны ўплыў на ягоны светапогляд як пісьменніка і вучонага аказалі дзве хвалі грамадска-палітычнай лібералізацыі і
духоўна-творчай эмансіпацыі ды разняволення грамадства ў часы хрушчоўскай адлігі і гарбачоўскай перабудовы сярэдзіны
80–90-х гадоў, якія стымулявалі і накіроўвалі ягоную навуковую і творчую ініцыятыву і дзейнасць. Пісьменнік разумеў,
што ў такія перыяды абуджэння грамадства патрэбныя новыя арыенціры, якія б адпавядалі стоеным чаканням і ўнутраным патрэбам народа.
Агромністы жыццёвы вопыт, змена розных грамадска-палітычных і ідэалагічных укладаў і арыентацый
стымулявалі ягонае станаўленне як даследчыка-канцэптуаліста, тэарэтыка, які ішоў ад канкрэтных фактаў і жыццёвых назіранняў да
тэарэтычных асэнсаванняў і высноў, стварэння шырокай панарамнай карціны гісторыка-літаратурнага працэса. Вузкапрофільнасць,
дробнатэм’е, фрагментарнасць, якія пануюць у сучаснай гуманітарнай навуцы, былі не ягоным выбарам. Глыбокія і разнабаковыя
тэарэтычныя гуманітарныя веды і веданне рэальнага жыцця спалучаліся і выяўляліся ў арыгінальных літаратуразнаўчых і мастацкіх
назіраннях Уладзіміра Калесніка.
Гуманітарныя даследаванні, навука, якую ствараў Уладзімір Калеснік, былі ўсталяваны не толькі на трывалым фундаменце
традыцыйнай гісторыка-культурнай школы і прынцыпах марксісцка-ленінскай дыялектыкі, але насілі сістэмны, канцэптуальны характар, вылучаліся глыбінёй і народным поглядам на жыццёвыя з’явы.
Цэласны падыход да аб’ектаў навуковага даследавання, шырыня і энцыклапедызм ведаў у іх міждысцыплінарных узаемасувязях
і прычынна-выніковай абумоўленасці былі асновай ягонага даследчыцкага метаду і поспехаў у распрацоўцы ідэалогіі і эстэтыкі Беларускага
Шляху як скразнога, магістральнага напрамку даследаванняў, пазначаных выхадам і публікацыяй у друку такіх знакавых для беларускага
літаратуразнаўства прац, як «Паэзія змагання: Максім Танк і заходнебеларуская літаратура» (1959), «Час і песні» (1962), «Зорны спеў»
(1975), «Ветразі Адысея. Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі» (1977), «Тварэнне легенды» (1987), «Усё чалавечае» (1994).
Якраз у гэтай паслядоўнасці выхаду кніг-манаграфій, у якіх даследчык рухаўся ад заангажаванай сацыяльнымі і нацыянальнымі праблемамі літаратуры Заходняй Беларусі да рамантызму і захаплення айчыннай гісторыяй, адраджэнскімі постацямі Францыска Скарыны і Міколы Гусоўскага, заключалася ягонае спасціжэнне Беларускага Шляху як тварэння нацыянальнай легенды, ветразем якой з’явіўся паслядоўны гуманізм, аб чым ён так яскрава заявіў у сваёй апошняй, развітальнай кнізе «Усё чалавечае…».
Уладзімір Калеснік быў адным з першых у беларускім літаратуразнаўстве 50–70-х гадоў, хто вельмі хутка зразумеў,
што актуальны сацыяльны і рэвалюцыйны змест літаратуры (а менавіта такой пераважна была масавая паэзія Заходняй Беларусі) не вычэрпвае
і далёка не раскрывае ўсяго багацейшага зместу нацыянальнага жыцця, якое ўгрунтавана на тысячагадовым вопыце і традыцыях народнага жыцця.
Што масавай літаратуры Заходняй Беларусі для мастацкага самапазнання катастрафічна не стае гістарычнай глыбіні і рэтраспектывы, праявы якіх
ён назіраў у лепшых творах М. Гарэцкага, В. Ластоўскага, У. Жылкі, Н. Арсенневай, М. Танка. Адсюль ягоны зацікаўлены зварот да літаратуры эпохі Сярэднявечча і Рэнесансу, да асобы і творчасці Ф. Скарыны і М. Гусоўскага, пра якіх яму ўдалося сказаць сваё глыбокае і арыгінальнае слова.
Як даследчыка і мастака яго вылучалі найперш маральна-эстэтычная чуласць, непрыманне і адпрэчванне амаральнасці, крывадушша і фальшу. Праўда — якой бы цяжкой і горкай яна не была — стаяла за ўсім, што б ён не рабіў, пісаў ці думаў. Яна была адзіным, самым высокім і годным крытэрыем ягоных ацэнак, паводзін, маральнай пазіцыі, якая ўзвышала даследчыка над прыхільнасцямі і сімпатыямі, бо была бясспрэчнай асновай нармальнага чалавечага жыцця і стасункаў паміж людзьмі.
Аб гуманістычных і маральных прынцыпах, што ляжалі ў аснове навуковай і пісьменніцкай этыкі Уладзіміра Калесніка,
выразна сведчыць расказаны ім у аўтабіяграфічнай кнізе «Доўг памяці» адзін з эпізодаў жыцця аднавяскоўцаў пад Польшчай:
«За зямлю, за права ўладаць ёю ішлі бойкі і здараліся забойствы. На прадзіўленне ўсе злачынствы на глебе ўласніцтва вельмі лагодна караліся ўладамі.
Так, Аляксееў малодшы брат Уладзік, будучы прымаком у Ярэмічах, забіў вечарам на полі швагра і трапіў у турму ўсяго на тры гады, ды і то ўладкавалі
яго там кашаварам, так што вярнуўся выпасвеным, з гладкаю мордай і прыстойным пузам. Дзівіліся людзі, а чулыя да праўды — пляваліся і адварочваліся ад забойцы, не пазнавалі, бо пазнаваць жа азначала хоць часткова мірыцца з яго ўчынкам, дапускаць, што і такое правамерна ў жыцці». Не дзіўна, што гуманітарную навуку, сферу адукацыі, асветы і школьніцтва Уладзімір Калеснік разглядаў як справу грамадзянскую, якая павінна палепшыць духоўны стан грамадства, вызначыць для яго сэнсоўныя гуманістычныя мэты, а таксама ідэйныя, маральныя і эстэтычныя імператывы.
У гэтым сэнсе вузаўская навука, у параўнанні з акадэмічнай, была для прафесара асаблівай сферай, бо была звязана з жывым працэсам адукацыі і выхавання грамадства, адчувала жывыя токі і патрэбы, якія ішлі ад людзей, і аказвала на іх самы непасрэдны і дзейсны ўплыў. Менавіта пагэтаму пастаянны і сістэматычны занятак навукаю Уладзімір Калеснік лічыў важнейшай асновай паспяховай і прадуктыўнай вучэбна-педагагічнай дзейнасці прафесарска-выкладчыцкага складу. Навукова-тэарэтычную аснашчанасць лекцый і практычных заняткаў, абазнанасць выкладчыкаў у навейшых дасягненнях сучаснай гуманітарнай навукі, уменне творча выкарыстоўваць іх у вучэбным працэсе, пры аналізе мастацкіх твораў, разглядаў як асноўны крытэрый іх вартасці. Паводле ягонага цвёрдага пераканання, без навукі няма прафесійнага творчага росту выкладчыка ВНУ. Таму якасці і актуальнасці навуковых даследаванняў выкладчыкаў прыдаваў асаблівае значэнне, бачыў кожнага, сачыў за прафесійным ростам, чытаў усе публікацыі, якія папярэдне выносіліся на абмеркаванне. «Брэсцкая марка» літаратуразнаўчай навукі пры ім стаяла і каціравалася ў рэспубліцы надзвычай высока. Нездарма са сценаў берасцейскай alma mater выйшлі такія вядомыя ў Беларусі вучоныя-літаратуразнаўцы, як акадэмiк НАН Беларусі У. Гніламёдаў, доктар філалагічных навук М. Тычына, прафесары І. Шпакоўскі, А. Майсейчык, В. Зарэцкая, цяперашняя плеяда ўніверсітэцкіх філолагаў-навукоўцаў, якія працягваюць традыцыі Калеснікавай школы.
Уладзімір Калеснік ніколі не баяўся ісці нецярэбленымі сцежкамі, часта выклікаючы агонь на сябе, уступаючы ў вострую палеміку з сталічнымі аўтарытэтамі, калі гэта пярэчыла ягонаму досведу вучонага і грамадзяніна. Такой была, у прыватнасці, ягоная прынцыповая пазіцыя ў дачыненні да тэорыі так званага паскоранага развіцця беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя, у якой паскоранасць тлумачылася амаль выключна ўплывамі высокаразвітых літаратур суседзяў і ў цэлым сусветнай літаратуры, пры гэтым недаацэньвалася роля нацыянальнага фальклору як фактару яе арыгінальнасці і самабытнасці.
Сваёй прыцягальнай асобай, аўтарытэтам незалежнага вучонага і таленавітага пісьменніка Уладзімір Калеснік тварыў і ствараў вакол сябе самадзейную супольнасць творчых людзей, сімвалам і прытулкам для якіх станавілася «Берасцейскае вогнiшча» — як ён сам акрэсліў асяроддзе, дзе пануе няўрымслівы дух творчага гарэння... Ён любiў гэтае таварыскае кола сяброў-лiтаратараў, вучоных і мастакоў, выкладчыкаў i студэнтаў-пачаткоўцаў, людзей розных узростаў i прафесiй, якiх яднаў агонь святой i чыстай любовi да радзімы, роднага слова, лiтаратуры, паэзii, мастацтва, навукі.
У гэтым коле блiзкiх па духу людзей ён быў для ўсiх не проста старэйшым сябрам, настаўнiкам, але паходняю, носьбiтам высокага i ахвярнага Праметэевага агню, што здабываў i выкрэсваў настойлiвай i ўпартай працай на нiве айчыннага пiсьменства i культуры. Захоплены i натхнёны iдэямi слугавання радзiме, людзям роднага краю, ён пачуваў сябе чалавекам Адраджэння, пераемнiкам гуманiстычных i асветнiцкiх традыцый Ф. Скарыны i М. Гусоўскага, Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, М. Танка і інш. Ягоны магутны творчы дух i грамадзянскi тэмперамент, энцыклапедычныя веды i эрудыцыя вучонага выклiкалi ў малодшых не толькi пашану, але i настойлiвае жаданне вучыцца, пазнаваць, тварыць. I на гэтай дарозе ён быў для iх настаўнiкам, бацькам, сябрам.
Ён прыкмячаў кожны новы талент i быў шчаслiвы адчуваннем, як расце i шырыцца знутры Беларусь!.. Iмя гэтага выдатнага чалавека — Уладзiмiр Калеснiк.
Ужо два дзесяцігоддзі як яго няма разам з намi. I замянiць яго ў той ролi i на тым месцы,
якое ён займаў у лiтаратурным i культурным жыццi Берасця i Берасцейшчыны ў 50–90-х гг., не пад сiлу аднаму чалавеку.
Зрабiць гэта магчыма хiба што ўсім разам, з’яднаўшы свае намаганнi i творчыя сiлы дзеля духоўнага прагрэсу чалавека і грамадства, росквіту Айчыны.
Генадзь ПРАНЕВІЧ, www.bk-brest.by
Кастусь Жмінько. Сіламі пазнання
Чалавечая мудрасць — гэта самы вялікі Божы дар, які ахоўваецца сіламі пазнання, раўнавагі і спакою. Вось гэты дар у спадчыну і атрымаў ад Бога і бацькоў, ад сваіх настаўнікаў і роднага краю Уладзімір Андрэевіч Калеснік. Дар, цягам часу вернуты і аддадзены ім людзям як пазыка… Такім быў, ёсць і застанецца ў светлай памяці нашай і нашчадкаў Уладзімір Калеснік — нястомны, мудры настаўнік, шчыры навуковец і творца, сумленны пакутлівы празорца — патрыёт Беларусі і цудам вялікі чалавек. Яму не патрэбная рэклама: жыццё без хлусні і гвалту над жывым светам і прыродай, самаахвярнае служэнне вялікай справе — найлепш гавораць за яго. Як і ягонае імя, за якім аўтарытэт сумленнага чалавека і вучонага, талент творцы. Ужо больш за дзесяць гадоў Уладзімір Андрэевіч вяртаецца да нас з выРАЮ як сейбіт мудрых ісцін, сваім разумным зернем жыцця, якое знічкападам ляціць нам у далоні чыстым, светлым успамінам і цяжкім снежаньскім болем. Якія нявыказаныя словы і думкі, свае няздзейсненныя мары пасылае да нас наш настаўнік, і даляцяць яны да зямлі ці згараць у палёце?
Сёння яго вечнае і мудрае маўчанне, яго жыццёвы шлях становяцца вялікай тэмай для размовы навукоўцаў, сяброў.
Прызнацца, неяк боязна і цяжка мне знайсці сардэчныя словы падзякі лёсу, што прыгнаў наш (мой, а потым і сямейны) човен да парогу Калеснікаў — Уладзіміра Андрэевіча і Зосі Міхайлаўны. Шчасце, якое выпала не кожнаму...
Начны кліч па тэлефоне і трывожны голас Зосі Міхайлаўны хуценька сабраў Галіну і мяне ў дарогу. Спалоханых малых дзяцей Волечку і Алёнку супакоілі надзеяй, што хутка вернемся.
Амаль маўклівы зімовы горад, па даўно знаёмай сцяжыне, прывёў нас 14 снежня 1994 года пасля 23 гадзін у неспакой. Зося Міхайлаўна клапацілася ля Уладзіміра Андрэевіча. Доктарскія абавязкі пачала выконваць Галіна. Выклікалі хуткую дапамогу і пазванілі доктару В. Плаўскаму, сябру сям’і Калеснікаў. Мне ж засталося прасіць і чакаць Божай літасці.
Каля дзвюх гадзін ночы мяне адправілі дамоў. Надзеі на добры вынік было ўсё менш і менш.
У хаце не спалі заплаканыя дзеці, Галіна вярнулася недзе каля васьмі гадзін раніцы 15 снежня. Лёс стаў няўмольны: Уладзімір Андрэевіч пакінуў нас. Назаўсёды ўзнёсся над зямлёй і намі сваім вечным духам і чыстай душою.
— Не страшна паміраць, калі побач ёсць такія добрыя людзі... — перадавала нам Зося Міхайлаўна і Галіна апошні сцішаны выдых Уладзіміра Андрэевіча — багатай душы чалавека. А мне першы раз за наша знаёмства хацелася запярэчыць настаўніку: «Не, Уладзімір Андрэевіч, калі ёсць побач добрыя людзі, патрэбна жыць, а не паміраць».
На той тужлівы час я ведаў Уладзіміра Андрэевіча і Зосю Міхайлаўну болей за трыццаць гадоў і ў розных жыццёвых абставінах, дзе асабіста мог прысутнічаць з настаўнікам: вось Ён чытае нам, студэнтам, свае захапляльныя лекцыі; вось мы з ім разам выпускаем інстытуцкія і факультэцкія насценкі, афармляем літаратурныя стэнды… Мы бачыліся з ім і на літаратурных паседжаннях аб’яднання «Заранка», і на аглядах мастацкай выставы горада і на літаратурных сустрэчах-вечарынах, куды ён запрашаў вядомых пісьменнікаў Беларусі. Ніколі не забуду яго філасофскі тост-роздум на маім вяселлі, які літаральна зачараваў гасцей у сцішанай зале рэстарана «Буг»… Як і доўгую сяброўскую размову з Янкам Брылём, размову паміж двума волатамі беларускай літаратуры і вернымі сынамі сваёй Айчыны, на якой мне пашчасціла прысутнічаць. Былі і сумныя нагоды для сустрэч — пры апошніх развітаннях з А. Авечкіным і М. Рудкоўскім…
Самыя радасныя і сардэчныя — на прыродзе, у ціхіх паляваннях на творчы настрой і дзеля адпачынку з прыладамі грыбніка, рыбака і ягадніка, з мальбертам і фотаапаратам. Гэта толькі невялікі пералік шчаслівых хвілін з Уладзімірам Андрэевічам і Зосяй Міхайлаўнай. Добрыя ўспаміны пакінулі яны і нашым дзецям.
Сказанае і зробленае Уладзімірам Андрэевічам заўсёды бачылася і адчувалася мною як высокадасканалае, абгрунтаванае жыццём, прапушчанае праз сэрца і розум магутнаю сілаю пазнання.
Дзеля працы, якая прыносіла дабро людзям, Ён не шкадаваў ні часу, ні здароў’я. Яму немагчыма было пярэчыць, слаба ведаючы прадмет размовы.
— Што ты мне падказваеш? — злаваўся часам Уладзімір Андрэевіч на субяседніка. Троечнікам я ніколі не быў…
Уладзімір Андрэевіч Калеснік — гэта цэлая творчая планета, якая прывабіла і прыцягнула на сваю арбіту шэраг буйных літаратурных і навуковых спадарожнікаў; у полі ягонай творчай гравітацыі раскрыліся і заззялі таленты М. Рудкоўскага, М. Купрэева, В. Жуковіча, А. Разанава, Н. Мацяш, М. Пракаповіча, А. Каско, І. Арабейкі... Яго мудрая прысутнасць дадавала аптымізму і веры ў сябе.
А як прыгожа смяяўся Калеснік! Шчыра і яскрава гарэлі яго вочы. Здавалася, што смяецца не толькі твар, але ўся ягоная істота, душа, сэрца… Так смяяцца мог толькі адкрыты і добры чалавек, а добры чалавек — гэта больш, чым прафесія.
— Кастусь, табе трэба пісаць гумарэскі, — заліваўся Уладзімір Андрэевіч пасля маёй удалай
«шпількі» на кватэры М. Цялічкі, дзе пісьменнікі Берасцейшчыны працягнулі літаратурную кампазіцыю вечара
«Паэзія — вялікая дзяржава», якая адбылася ў калектыве ўпраўлення ўнутраных спраў. Шмат такіх вясёлых сустрэч з
Уладзімірам Андрэевічам не толькі ў мяне. Пашчасціла многім людзям. І слава Богу.
Разам з радасцю не мінала сэрца Уладзіміра Андрэевіча абурэнне. Абурэнне супраць дурноты, супраць несправядлівасці, супраць слепаты і глухаты да чалавечых бедаў. Балючай, адкрытай ранай для яго як навукоўца і літаратара была пастаянная неабходнасць бараніць беларускасць. І бараніў ён яе на ўсіх узроўнях уладных структур, колькі мог…
І праца, праца, праца да скону сваіх дзён, да апошняй часіны.
— Не хапае часу ўсё напісаць, — скардзіўся Ён на бальнічным ложку.
Амаль дзевяць год перачытвала, перабірала напісанае творцам Зося Міхайлаўна — мілы, дарагі чалавек, вартавы Яго памяці. Больш за 80 папак рукапіснай спадчыны мы загрузілі ў машыну Валодзі Ягоўдзіка, а яшчэ частку пакінулі на другі прыезд. Скарб нашчадкам, да якога, упэўнены ў гэтым, будуць вяртацца і вяртацца…
Гарадскія могілкі «Плоска». Старыя галоўныя вароты. Трыццаць крокаў —
і з правага боку стаіць сціплы чырванаваты гранітны помнік: Уладзімір Калеснік (1922–1994),
а ў нагах вялікі валун, як запавет прахожым: «Жыві, каб помнілася твая прысутнасць у свеце...».
Тут заўсёды кветкі, усё чыста прыбрана. Ля помніка амаль кожны выхадны дзень можна сустрэць сцішаную ў сваёй самоце Зосю Міхайлаўну.
...І чаму так непамерна глыбока кранулі маю душу і сэрца словы маіх заплаканых дзетак:
— Як адна будзе жыць Зося Міхайлаўна?
З саракагадовай даўніны чую пяшчотныя словы Уладзіміра Андрэевіча:
— Зося, золатка маё!..
Яна не адна ў гэтым свеце… Памяццю аб ім мы ўсе разам!..
Зося Калеснік. Назаўсёды разам
Лёс быў для мяне надзвычай спрыяльны. Я сустрэла на сваім жыццёвым шляху чалавека таленавітага, сумленнага, добразычлівага да людзей, чалавека, які бязмежна любіў сваю Радзіму і свой народ.
Мы пазнаёміліся на Каляды ў 1957 годзе. У той час, як я пазней даведалася, Валодзя працаваў над заканчэннем кандыдацкай дысертацыі і залечваў туберкулёз, нажыты яшчэ ў партызанах.
У лютым 1958 г. ён паспяхова абараніўся і ў верасні мы пажаніліся. Жыццё з ім было цікавым і насычаным, да таго ж ён быў вельмі апякунчы, засцерагаў мяне ад усялякіх клопатаў. За яго плячыма я адчувала сябе бяспечнай і шчаслівай.
З кватэрамі нам не шанцавала. Жылі мы спачатку ў невялікім Валодзевым пакойчыку
(дарэчы, на гэтым месцы пабудаваны інтэрнат нашага ўніверсітэта). Былі складанасці, бо не было кухні,
а толькі маленькае памяшканне з умывальнікам. Я ведала, што пасля хваробы Валодзю трэба было добра харчавацца,
таму, як умела, рыхтавала лёгкія стравы на электрычнай плітцы на снеданне і вячэру. Палуднавалі мы звычайна ў
рэстаране «Брэст» або ў «Малочнай кухні», але і тут былі свае нязручнасці: мы не паспявалі часам з’есці заказаныя стравы, як каму-небудзь з нас трэба было ісці на працу.
За час нашага сумеснага жыцця мы памянялі яшчэ дзве кватэры, і, нарэшце,
у 1976 годзе атрымалі прыстойную двухпакаёўку ва ўтульным, ціхім раёне горада, непадалёку ад парку.
Мы вельмі радаваліся новай кватэры, таму што цяпер маглі пакідаць нашых прыезджых гасцей на начоўку. Валодзя працаваў загадчыкам кафедры беларускай літаратуры і часта запрашаў сталічных пісьменнікаў і паэтаў на літаратурныя вечарыны і дыспуты. Дзякуючы яму я далучылася да беларускай літаратуры, пазнаёмілася з многімі пісьменнікамі і іх творамі. Гэта былі, перш за ўсё, нашы сардэчныя сябры — Іван Антонавіч Брыль, Фёдар Міхайлавіч Янкоўскі, акрамя іх я была знаёма з М. Танкам, І. Мележам, А. Вялюгіным, У. Караткевічам, А. Карпюком, В. Іпатавай, Р. Барадуліным, В. Палтаран, А. Кудраўцом і многімі, многімі іншымі.
Янку Брыля я ведала яшчэ да замужжа. У 1957 годзе ён быў у Брэсце, і Валодзя захацеў нас пазнаёміць. Шчыра кажучы, я моцна хвалявалася, бо ведала, што ён вядомы пісьменнік і найлепшы сябра Валодзі. На жаль, у той час я яшчэ не вельмі добра валодала беларускай мовай. Усё, аднак, адбылося проста і сардэчна. Брыль аказаўся такім абаяльным чалавекам, што ўсё маё хваляванне прайшло.
У 1959 г., у ліпені, мы паехалі да Валодзевага бацькі, які жыў у вёсцы Крынкі Карэліцкага раёна разам з Верай Рыгораўнай (дарэчы, гэта не тая мачыха, пра якую Валодзя пісаў у сваёй аповесці «Доўг памяці»). Бацька Валодзі, Андрэй Паўлавіч, працаваў пасля заканчэння вайны загадчыкам млына ў Крынках. Ён таксама быў у партызанах, а зараз ужо быў на пенсіі. Яны хораша сустрэлі нас і хацелі нават наладзіць з гэтай нагоды вечарыну, але мы адмовіліся.
Валодзя вырашыў паказаць мне Міцкевічавы мясціны, якія знаходзіліся непадалёку ад Крынак. Так мы, з рукзакамі, адправіліся на Свіцязь. Там, непадалёку ад возера, жыў яго сябра па інстытуце Міхал Фёдаравіч Петрыкевіч з сям’ёй. Сам ён працаваў загадчыкам па вучэбнай частцы ў тамашняй школе. Ён далучыўся да нас.
Свіцязь і наваколле зрабілі на мяне незабыўнае ўражанне, такіх прыгожых мясцін я яшчэ не бачыла, бо жыла ўвесь час у горадзе. Мы абышлі пешкі ўсё возера, у Валодзі быў фотаапарат, і ён зрабіў многа здымкаў. Тады на беразе возера не было ніякіх збудаванняў, панавала цішыня і толькі зрэдку парушалі яе жанчыны, палошчучы бялізну на доўгім бервяне, кінутым у ваду.
Напрыканцы жніўня мы паехалі ў Гародню да Карпюкоў. Аляксей Карпюк вучыўся разам з Валодзем у Наваградскім педвучылішчы. У іх гасціннай хаце мы затрымаліся на некалькі дзён. Тут мы пазнаёміліся з В. Быкавым. Ён, у сваю чаргу, запрасіў нас да сябе і пазнаёміў з жонкай.
На пачатку 1961 года Валодзя наладзіў у інстытуце дыспут па першай кнізе В. Быкава «Жураўліны крык». Быкаў затрымаўся ў нас на пару дзён. Валодзя паказаў яму Брэсцкую крэпасць і завёз у Белавежскую пушчу, зрабіў здымкі на памяць.
У 1960 годзе прыязджаў да нас Фёдар Міхайлавіч Янкоўскі. Разам яны пісалі падручнік для педінстытутаў «Вусная мова і выразнае чытанне». Ён, як і Валодзя, былы партызан, прайшоў фінскую вайну, быў цяжка паранены і пасябраваў з Валодзем у аспірантуры. Гэта быў вельмі далікатны, чулы чалавек, і ён толькі зрэдку ўспамінаў аб перажытых жахах вайны.
З Валодзем ніколі не было сумна, ён не сядзеў без працы: пісаў кнігі, артыкулы, рэцэнзіі, кіраваў літаратурным аб’яднаннем «Заранка» пры Берасцейскай газеце «Заря», якое з часам перарасло ў аддзяленне СП Беларусі. Да нас заўсёды прыходзіла многа моладзі — будучых пісьменнікаў і паэтаў — В. Жуковіч, А. Каско, М. Пракаповіч, браты Дэбішы, А. Філатаў, К. Жмінько. Ён не стамляўся шукаць і гуртаваць вакол сябе здольных людзей, дапамагаў ім зразумець сваё прызванне, вызначыць свой жыццёвы шлях. Прыходзілі таксама і выкладчыкі, з якімі Валодзя сябраваў. З Нінай Мацяш часта абменьваліся лістамі, часам яна прыязджала ў Брэст ці ён ехаў у Белаазёрск.
У вольныя ад працы хвіліны ён маляваў або рэзаў па дрэве, часам рабіў мне розныя прыгожыя рэчы на кухню з дрэва.
Апрача ўсяго ён быў заядлым рыбаком і па-майстэрску фатаграфаваў. Памятаю, як у першыя гады нашага сумеснага жыцця мы адпраўляліся з вудамі пешкі
або на аўтобусе на рэчку Лясную ці на возера Белае, дзе першы раз паўдня блукалі, пакуль яго знайшлі.
На прадвесні 1962 года мы атрымалі трывожную вестку ад Веры Рыгораўны: бацька, вудзячы на Сэрвачы ў прахалодную пагоду, моцна застудзіўся, і прыйшлося пакласці яго ў бальніцу, у Карэлічы. Валодзя адпрасіўся ад заняткаў на некалькі дзён і паехаў да яго. На вялікі жаль, хвароба аказалася невылечнай. У ліпені таго ж года ён памёр і пахавалі мы яго ў роднай вёсцы Сіняўская Слабада.
Бацька пакінуў свае зберажэнні Валодзю і Веры Рыгораўне. На гэтыя грошы пазней Валодзя купіў машыну «Масквіч», якую У. Караткевіч празваў «Велікоднае яечка», бо была яна чырвонага колеру.
Наша першае падарожжа ў «свет» адбылося ў 1964 годзе. Мы — гэта Ніна Міхайлаўна Брыль, Янка Брыль, Алесь Адамовіч, Валодзя і я — адправіліся на дзвюх машынах у Карпаты. Падарожжа было вельмі цікавым, мы наведалі Луцк, Кіеў, Львоў, Крэменчуг. Нам так спадабаліся горы, што мы вырашылі прыехаць сюды на наступны год і пабыць тут даўжэй.
У часе падарожжа пасажыры мяняліся месцамі, каб падзяліцца ўражаннямі, абмяняцца думкамі. Я любіла ехаць з Іванам Антонавічам. У той час у яго працаваў шафёрам пенсіянер, і зазвычай пасля абеду яго цягнула на сон. Тады Іван Антонавіч садзіўся побач з ім і пачынаў спяваць. Голас у яго прыгожы, і ведаў ён многа беларускіх, польскіх, украінскіх песень, так што шафёру было не да сну, а я атрымоўвала вялікую прыемнасць слухаць яго.
У горы мы больш не паехалі. Нашы планы змяніліся, і мы паехалі наступным разам па Прыбалтыцы і Калінінградскай вобласці.
На пачатку навучальнага года да нас у інстытут прыслалі новага рэктара Доркіна, які ніколі не працаваў у вышэйшых навучальных установах і меў звычку прыслухоўвацца да ўсялякіх «нашэптванняў». У яго ўзнік канфлікт з дэканам філалагічнага факультэта Кароткім Расціславам Лявонцьевічам, які працаваў таксама на кафедры беларускай літаратуры. Апала перанеслася на ўсю кафедру. Валодзя бараніў дэкана і кафедру як мог, гарадскія ўлады падтрымлівалі яго, але гэтая валтузня каштавала яму многа здароў’я і нерваў. Ён паехаў на пасяджэнне Саюза пісьменнікаў у Мінск і захварэў. Праляжаў у бальніцы каля 10 дзён. Я паехала ў Мінск і наведвала яго кожны дзень. Жыла я, як заўсёды, у гасціннай хаце Брылёў, яны таксама вельмі перажывалі за Валодзю. Здароў’е ішло на папраўку, яго выпісалі праз 10 дзён і парэкамендавалі адпачыць у санаторыі ў Нясвіжы. Ён часта званіў дамоў, пытаўся пра справы на факультэце, сумаваў па працы.
Усё скончылася добра, рэктара перавялі выкладчыкам гісторыі ў адзін з мінскіх інстытутаў, але дэкана знялі. Паціху ўсё ўляглося.
Пасля вяртання з санаторыя Валодзю наведалі Іван Антонавіч Брыль і Фёдар Міхайлавіч Янкоўскі, за што я была ім вельмі ўдзячная.
Памятаю, было ранняе прадвесне, свяціла сонейка, было даволі цёпла, і Валодзя павёз нас на прыроду. Мы спыніліся, наколькі я памятаю, на шашы, што вядзе ў Высокае. У лесе дзе-нідзе ляжала крыху снегу, але на вярбе ўжо распускаліся пупышкі. Прыгравала сонейка, мы праходжваліся паўз лес, і свет здаваўся такім прыгожым, і, галоўнае, на душы было спакойна, усё ліхое адышло, а зараз з намі нашы дарагія сябры. Валодзя зрабіў некалькі здымкаў, і некалькі — Фёдар Міхайлавіч на памяць аб сустрэчы.
Настаў спакой, і Валодзя ўключыўся ў працу, пісаў кнігу «Зорны спеў», чытаў лекцыі ў інстытуце. Студэнты паважалі яго за глыбокія веды і любілі за пачуццё гумару.
Былі ў нас яшчэ падарожжы з сям’ёй Брылёў на Свіцязь, Нарач, Кромань, на Далёкую Поўнач з Кіжамі, падарожжа на цеплаходзе ад Масквы да Астрахані з наведваннем дзесяці прыволжскіх гарадоў. Балючае ўражанне пакінуў на нас зруйнаваны і тады яшчэ не адбудаваны гераічны Сталінград.
Мы, аднак, заўсёды пакідалі пару тыдняў, каб пабыць у бабы Веры, паехаць у Сіняўскую Слабаду на партызанскія могілкі, наведаць там Валодзевага хрышчонага Сашу Васілеўскага і маці яго партызанскага сябра Косці Балабановіча, цётку Надзю. А потым ехалі на Добрач. Добрач — гэта маляўнічы куточак паміж Нёманам і Налібоцкай пушчай. Там стаяла толькі леснікова хата і гаспадарчыя збудаванні.
Спачатку мы начавалі ў машыне на беразе Нёмана, але, калі я аднойчы пайшла па малако ў леснічоўку, гаспадар, даведаўшыся, хто мы (ён ведаў мужа па партызанцы), прапанаваў жыллё ў сябе. Мы не згадзіліся, але дамовіліся, што на наступны год пабудуем тут невялічкую хатку, на беразе Нёмана. Праз год мы жылі ўжо ў «сваёй хаце». З гаспадарамі Уладзімірам Клаўсуцем і яго жонкай Зосяй Аляксандраўнай мы хутка сышліся: разам снедалі, а вечарамі бавілі час ля агеньчыка, на які прыходзілі дочка з зяцем гаспадароў і сама гаспадыня. Яна была вельмі гаваркая жанчына і многа цікавага распавядала пра былыя часы. Часта наведваў нас настаўнік з Сіняўскай Слабады Мікалай Феафанавіч Паўлюкоўскі, прыязджалі маладыя паэты з Брэста.
З самай раніцы Валодзя ішоў вудзіць. Рыбалка была тут выдатная. Праз пару гадзін я ішла яму насустрач,
каб дапамагчы несці ўлоў і рыбацкія прылады. Валодзя, як я заўважыла, рыбачыў у розных мясцінах, часам вельмі далёка ад хаты, і,
як мне здаецца, яны напаміналі яму некаторыя эпізоды з партызанскага жыцця. Часам ён расказваў, што менавіта адбылося ў той ці іншай мясціне. У думках
ён быў са сваімі баявымі сябрамі.
Пасля снедання Валодзя рабіў запісы ў сваім блакноце. Некаторыя з гэтых запісаў увайшлі ў кнігу «Доўг памяці».
Часам, калі спрыяла надвор’е, ён браў мальберт і ішоў маляваць цудоўныя нёманскія старыцы. Час ішоў хутка.
Так ужо павялося, што некалькі дзён напрыканцы адпачынку мы пакідалі, каб сустрэцца з Нінай Міхайлаўнай і Іванам Антонавічам у Крынічным, дзе ў іх была дача. Яны заўсёды сардэчна сустракалі нас, і нам было цёпла і ўтульна ў іх хаце. Тут мы сустракаліся таксама з Валодзевым партызанскім сябрам Яўгенам Крамко, які жыў непадалёку ад Брылёвай дачы, у вёсцы Беражна. У Брылёў мы маглі пачуць свежыя навіны аб літаратурным жыцці сталіцы, паколькі іх дача знаходзілася непадалёку ад Мінска і дзеці прывозілі ім кожны тыдзень свежую карэспандэнцыю. Дні, якія мы праводзілі ў Крынічным, застануцца ў маёй памяці назаўсёды: гасцінныя, сардэчныя гаспадары, праходкі паўз бераг Нёмана, цікавыя размовы, а вечарамі гульня ў карты (у «тысячу»), успаміны Я. Брыля і Валодзі.
У 1970 годзе Валодзя захапіўся вершамі мала вядомага тады і забароненага заходнебеларускага паэта Уладзіміра Жылкі. Ён хацеў апублікаваць хоць некалькі вершаў У. Жылкі, каб пазнаёміць беларускага чытача з яго паэзіяй. У зборы вершаў і біяграфічных дадзеных дапамагалі яму Людміла Іванаўна Краскоўская, якая вучылася разам з У. Жылкам у Пражскім універсітэце, дачка паэта Наталля Лазарава і брат Барыс Адамавіч. Светлая ім памяць. (Дарэчы, унучка У. Жылкі закончыла наш філалагічны факультэт). Родзічы У. Жылкі былі ў нас, у Брэсце, некалькі разоў і распавядалі пра цяжкі лёс і сваё нялёгкае жыццё. Нарэшце, сцяна маўчання была прабіта і Уладзімір Андрэевіч надрукаваў у 1977 годзе кнігу «Ветразі Адысея. Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі». Пасля гэтай кнігі ён выдаў яшчэ сем кніжак, апублікаваў каля 500 артыкулаў.
Наступіў час перабудовы і, на жаль, аб далёкіх падарожжах не магло быць гаворкі, хоць нам вельмі хацелася паглядзець возера Байкал.
Час ішоў. Аднойчы Валодзя, прыйшоўшы з заняткаў, паскардзіўся на боль у жываце. Я выклікала «хуткую», хоць ён і супраціўляўся. Яго адвезлі ў бальніцу, аказалася, што гэта апендыцыт і трэба тэрмінова рабіць аперацыю. Тут узнікла складанасць: у Валодзі дрэнна зварочвалася кроў, і трэба было назапасіць яе на ўсялякі выпадак. Аперацыя прайшла добра, але, калі пачалі зашываць рану, адкрыўся крывацёк. Яго ўдалося дактарам спыніць. Калі мне дазволілі заглянуць на хвілінку ў палату, ён ціха спаў. З таго часу яму падлівалі кроў. Ён яшчэ працаваў пару гадоў, чытаў лекцыі, кіраваў дыпломнымі працамі. Аднойчы, калі ён лёг на чарговае пераліванне крыві, нейкі дасужы доктар вырашыў праверыць яго страўнік (у Валодзі была некалі язва). Пачаўся крывацёк, які не маглі спыніць. Яго перавялі ў рэанімацыю і папярэдзілі мяне аб цяжкім стане. Дзякуй Богу, на трэці дзень крывацёк спыніўся. Стан Валодзі значна пагоршыўся. З рэанімацыі яго перавялі ў гематалагічнае аддзяленне. І з таго часу пачаліся нашы пакуты. Месяц у хаце і паўтара ў бальніцы. Ён, пры ўсёй сваёй нямогласці, дапрацоўваў кнігу «Ветразі Адысея», спадзяваўся яе перавыдаць, пісаў таксама свае партызанскія ўспаміны.
Памятаю, кожны раз, калі я паднімалася на пяты паверх у яго адзіночную палату, сэрца замірала: ці ўсё ў парадку? Аднойчы я адчыніла дзверы палаты і ўбачыла пусты ложак. Мне зрабілася дрэнна. Прыбегла сястра і пачала супакойваць: яго перавялі ў іншую палату.
Слёзы наварочваліся на вочы, калі я глядзела на яго схуднелы, стомлены твар, на рукі, на якіх прасвечваліся ўсе жылкі. Крыўда на сябе, на дактароў за нашу бездапаможнасць не пакідала мяне. Пры ім я не плакала, і ён стараўся трымацца, ніколі не гаварыў пра наша растанне, толькі часам, доўга ўглядаючыся ў мяне, пытаўся: «Зося, як ты будзеш жыць адна?». Я спрабавала яго суцешыць, гаворачы, што мы ўдваіх яшчэ доўга пражывем. Хоць абое ведалі, што нас чакае.
Прыкладна за тыдзень да таго жахлівага дня, нас наведалі Іван Антонавіч і Валодзя Ягоўдзік, прыйшоў і Кастусь Жмінько. Валодзя адчуваў сябе дрэнна, але хадзіў, гутарыў з сябрамі, выпіў нават чарку віна за абедам.
Усё жахлівае пачалося ў чацвер, 14 снежня пасля абеду. Ён з ранку паснедаў і пачаў укладаць вершы для зборніка У. Жылкі «Творы», які рыхтаваў да друку. Пасля абеду прыйшла Марыйка Новік і мы складалі змест: яна дыктавала, а я друкавала. Закончыўшы, я заглянула ў спальню да Валодзі, каб памераць тэмпературу. Паглядзеўшы на тэрмометр, я жахнулася — 39°, такой яшчэ не было ніколі. Пазваніла нашым знаёмым дактарам — Галіне Аляксандраўне Жмінько і Вячаславу Міхайлавічу Плаўскаму. Яны хутка з’явіліся, разам з імі прыйшоў і Кастусь Жмінько. Пачалі збіваць тэмпературу, класці кампрэсы, але тэмпература расла. Валодзя быў увесь час пры памяці і, гледзячы, як мы завіхаемся, сказаў: «Добра паміраць, калі побач свае». Пасля поўначы Кастусь пайшоў дахаты, бо там заставаліся дзеці, а Вячаслаў Міхайлавіч паехаў дамоў. Засталіся мы з Галінай Аляксандраўнай удваіх. Доўга вырашалі, ці выклікаць ізноў «хуткую», паколькі першая, якую мы выклікалі, не прынесла аблягчэння. Нарэшце, вырашылі: прыехала «хуткая», зрабілі некалькі ўколаў. Пасля гэтага Валодзя заснуў. Мы сядзелі з Галінай Аляксандраўнай на суседнім ложку і прыслухоўваліся да яго дыхання. Пад раніцу Галіна Аляксандраўна кажа: «У лёгкіх з’явіліся хрыпы, гэта дрэнна».
Была палова восьмай раніцы 15 снежня, калі Валодзя адкрыў вочы, паглядзеў на мяне сваім светлым, прытомным позіркам, але сказаць ужо нічога не мог, і закрыў іх назаўсёды.
Я яго вельмі кахала і, думаю, ён мяне таксама, таму, можа, добры Бог дазволіць нам сустрэцца ў лепшым свеце і быць назаўсёды разам.
Гартаючы яго запісы, зробленыя на шпітальным ложку, я знайшла запіску, якую ён пакінуў мне на суцяшэнне: «Мілая Зося! Дажывай спакойна. Я люблю Цябе. І буду любіць, трапіўшы ў пекла, буду радавацца, што Ты недзе ў раю, па заслугах, і няма Табе роўных».
Літаратурная прэмія імя Уладзіміра Калесніка
У Саюзе пісьменнікаў існавала некалькі гадоў рэспубліканская прэмія імя Уладзіміра Калесніка. Яе атрымлівалі пісьменнікі Беларусі ў галіне крытыкі. Зараз існуе паводле рашэння Брэсцкага аблвыканкама літаратурная прэмія імя Уладзіміра Калесніка. Яе атрымліваюць пісьменнікі Берасцейшчыны ў галіне паэзіі, прозы, дзіцячай кнігі.
КАЛЕСНІКАВЫ НЕЗАБУДКІ
***
Мастацтва сёння ў свеце лічыцца пазнаннем моцна суб’ектызаваным, персаналізаваным,
мастак не можа дайсці да праўды без эмоцый і перабораў, таму мае права гаварыць усё, што хоча, і рана ці позна давядзецца гэтае права
афіцыйна прызнаць і ў нас, без гэтага мастацтва і яго галоўны стрыжань — літаратура — завянуць, страцяць прэстыж і дома, і ў свеце.
***
Спакусліва ўявіць сусветную літаратуру як сістэму мензурак, у якіх па шклянках і гумовых трубачках пераліваецца эстэтычная субстанцыя, займаючы сярэднесусветны ўзровень. Бяда толькі ў тым, што эстэтычная субстанцыя не хоча аддзяляцца ад чалавека, а кожны чалавек нясе ў сабе асобны свет, свой уласны лёс. Тым больш — народы. Універсальна пашыраюцца ў свеце толькі тэхнічныя адкрыцці.
...
***
Яшчэ і сёння ўзнікаюць дэбаты наконт таго, у якую традыцыю — грэка-візантыйскую ці лаціна-рымскую — запусціла карэнні нацыянальная культура таго ці іншага еўрапейскага народа на заранку яго ўзнікнення. Адным выстаўляюцца ацэнкі са знакам плюс, іншым са знакам мінус, але мала разважаецца пра мажлівасці сінтэзу візантыйскіх і рымскіх традыцый. Менавіта на такі сінтэз было настроена беларускае Адраджэнне, а піянерам сінтэзавання традыцый грэка-лацінскай еўрапейскай культуры з нацыянальнаю беларускаю быў Скарына.
***
...Культура непазбежна павінна нешта браць ад суседзяў, але сэнсам яе існавання магло быць не запазычванне, а вяртанне пазыкі з працэнтамі. Так, Скарына чэрпаў матэрыял для роздумаў з сусветнага помніка культуры Бібліі, перасаджваў яе тэмы, матывы на беларускую глебу і ствараў арыгінальную канцэпцыю грамадства. А. Гусоўскі, наадварот, — чэрпаў матэрыял з роднага жыцця і, вылажыўшы яго лацінскім вершам, прапанаваў чытачу еўрапейскаму.
***
Пісаць — значыць дзяліцца перажытым і перадуманым, дзяліцца станоўчым і адмоўным, пакланеннем красе і асуджэннем агіднасці, суцішэннем спакус і адольваннем зла ў сабе.
***
Натхненне — гэта стан вызвалення мастака-творцы з палону штодзённасці, якая сваёй нікчэмнасцю здрабняе пазнанне, навязвае спрошчанае разуменне душы чалавечай... Гнасеалагічная парадаксальнасць натхнення ў тым, што ахоплены ім паэт цераз духоўнае аддаленне ад зямнога жыцця, як ад аб’екту пазнання, шырэй і глыбей ахоплівае яго сутнасць.
***
Пазбыцца творчай адзіноты — значыць перастаць быць паэтам, доляй якога з’яўляецца выдзіранне з сэрца і душы самых дарагіх,
патаемных ідэй, г. зн. як бы ўмярцвенне самога сябе. Вось чаму адзінота — гэта паміранне, адыход ад нармальнага паўнакроўнага чалавечага жыцця.
Творчая адзінота — балючая ахвяра, але не бясплодная...
***
Разгубленасць духу — па сутнасці антынатхненне.
***
Гармонія — гэта залаты плён кавання супярэчлівасцей.
Яна выступае як свята жыцця, як момант, калі пазнаннем, змаганнем і працай пераможана процьма злыбед, калі адолены адны жыццёвыя супярэчлівасці, а іншыя не паспелі завязацца.
***
Гармонія — гэта завяршэнне пэўнага этапу на шляху росту, узыходжання і непрыкметная падрыхтоўка да пачатку наступнага.
Гармонія — гэта апагейны прыпынак у няспынным палёце стыхій, лятункаў, сіл.
***
Паэт шукае гармонію Сусвету ў прыродзе і ў сабе, ды неўпрыцям сам становіцца Сусветам.
***
Мова — матэрыя душы: у мове жыве індывідуальнасць таго, хто гаворыць, — яго розум, тэмперамент, характар, культура. І ўсё гэта не проста жыве, а дзейнічае, прымаючы форму моватворчае сілы. Калі моватворчая сіла выходзіць за рамкі сярэдняй нормы, тады мы маем справу з мастаком слова.
***
Асоба — крыніца ўсякай арыгінальнасці, у тым ліку і творчай, а стыль і манера — знешнія адзнакі яе.
***
Смерць і ўваскрашэнне Беларусі — вось цэнтральны скразны матыў нацыянальнай міфалогіі, ён пранізвае нашу літаратуру і зводзіць яе ў адзіны ланцуг народнага лёсу. Янка Купала назваў яго адвечнаю песняй.
***
Адраджэнне ў творах Купалы мае велічны сэнс, гэта не толькі сацыяльная роўнасць, нацыянальная свабода і дзяржаўная незалежнасць, але і вызваленне прыгнечаных ад духоўнага рабскага сну, збавенне асобы чалавека ад цемры, бездухоўнасці, адраджэнне чалавечай годнасці шляхам далучэння да скарбніцы народных і агульначалавечых каштоўнасцей — свабоды, праўды, дабра, хараства... Купала лічыў беларускае адраджэнне адной з праяў сусветнага прагрэсу, актам абуджэння занядбаных гісторыяй плямён і народаў. Ён адчуваў вызваленчы рух як узлёт да сонца ідэалу, бачыў яго непаўторным і сусветна заканамерным.
***
Жыццё як пазнанне само сабою натыкаецца на адвечны парог апазіцыі — гэта нязгода ўсяго жывога на смерць і нябыт, на мінучасць існавання, прага і дамаганне свайго ў жыцці.
***
Пошук самога сябе, свайго спосабу існавання ў бясконцым мностве мажлівых і немажлівых форм быцця, належная ацэнка свайго месца ў бясконцым і мнагалікім свеце, — у гэтым бачыцца і цяжар і годнасць жыцця чалавечага.
***
Менавіта ў кантэксце жыцця ўсяго чалавецтва, якому няма канца, асоба можа пазнаць самую сябе, знайсці сваю мэту як функцыю мэты ўсечалавечай.
***
Каб свядомасць згадзілася, што ты смяротны, патрэбна адолець страх: каб дацягнуцца да несмяротнасці, патрэбна мужнасць.
***
Стан несмяротнасці — прывілея чалавека і чалавецтва, яна — маці ўсіх жаданняў і стымул самапазнання, з яе выцякае патрэба ўласнай годнасці і пачуцця свайго «я».
***
Хіба можна развітацца з вечнасцю, належачы да яе?
***
Сэнс быцця. Калі б можна было ахапіць яго і выказаць адным словам, адным афарызмам ці вобразам, ён перастаў бы быць вечным пытаннем, жыццё наша страціла б сваю прывабную загадкавасць, як траціць яно прывабнасць для тых, хто не шукае сэнсу, згаджаецца проста жыць як набяжыць.
***
Філосаф Сенека выканаў на сабе смяротны прысуд свайго вучня, самадурнага цара Нерона. Арыстоцель, апынуўшыся ў падобнай сітуацыі, ратаваўся ўцёкамі. Сваю пагарду ён скіроўваў не на ўласнае жыццё, а на суддзяў, якія асудзілі яго на смерць. А яны былі ўзурпатарамі, што захапілі ўладу пасля смерці яго вучня Аляксандра Македонскага. Выканаць на сабе іх смяротны прысуд азначала б прызнаць законнай узурпацыю і тыранію.
***
Дастойнае пражыванне жыцця — справа не простая для душы ўражлівай, чулай, ранімай. Ёй не абысціся ні гордым маўчаннем, ні ганарлівым скепсісам, ні нават дэманічным юязвер’ем. Разуменне свету і здабытая ў пошуках зычлівасць, ласка — вось спосаб парадкавання ўласнай душы. У гісторыі многа, бясконца многа цёмных і светлых плям, адсюль рахунак жыццю і заплата яму ж. Чаргуюцца бясконца і ніколі не зраўнаважваюцца шалі касмічных вагаў. Гайданні веры і сумніву, пэўнасці і асцярогі, плюса і мінуса — ці не закон гэта існавання чалавечай ісціны?
***
Нельга мастаку паўнацэнна жыць для чалавецтва, не жывучы для свайго народа, не памятаючы яго славы, здзяйсненняў, яго страт, не дбаючы пра яго добрае імя ў свеце і яго будучыню.
***
Сакрэт мастацкай творчасці не ў суме прафесійных ведаў і навыкаў, нават і не ў працавітасці, а ў маштабах асобы мастака, у здольнасці чалавечай душы ўбіраць у сябе, акумуліраваць і выказваць самыя вострыя і балючыя праблемы жыцця, матэрыялізаваць у слове дух часу. Вось чаму толькі ў творчым парыве рашаюцца мастакі часам гаварыць пра сваё прызванне, пра місію паэтычнага слова.
***
Каханне — вельмі зыбкі і далікатны тып адносін паміж людзьмі, нават інтэлектуальнае бачанне гэтых адносін крайне суб’ектывізавана… У вершах пра каханне мы сустракаем больш прывіднасці, самасці, чым у грамадзянскай або філасофскай лірыцы. Мройнасць надае любоўнай паэзіі статус невычэрпнасці і бясконцай мнагастайнасці формаў. Пакуль існуе каханне, няма ніякіх шанцаў напісаць пра яго апошняе слова, банальнае — магчыма.
***
Дзве супрацьлеглыя мадэлі хараства — простай, аскетычнай і складанай, раскошнай — узніклі не ў часы Талстога і Чэхава, яны існавалі, мабыць, з таго часу, калі зараджалася эстэтычнае ўспрыманне свету на ўзроўні першых, высечаных у пячорах Альтаміры жывёльных татэмаў. Адна са старадаўнейшых дэфініцый простай красы належыць кітайскаму філосафу Ду Фу, які гаварыў: «Не трэба быць дарагім, як яшма, трэба быць простым, як камень». Няма сумнення, што афарызм Ду Фу ўзнік як альтэрнатыва супрацьлеглай мадэлі красы: нельга быць банальным і шэрым, трэба быць зіхоткім, як дыямент.
***
Напоўніць увесь свой кароткі ці доўгі век мудрым зместам — значыць забяспечыць сабе месца на тым дыване-самалёце, які называецца час чалавечы, каб не забылася твая прысутнасць у свеце, каб помнілася зробленае для людзей.
***
Творчасць — гэта і ёсць спосаб на несмяротнасць, але несмяротнасць не можа быць адзіным і галоўным стымулам літаратурнай працы. Стымулам больш глыбокім з’яўляецца ўсведамленне свайго ўдзелу ў літаратуры, якая нясе праўду аб жыцці, яго ідэалах, мэтах.
***
Спрадвеку чалавецтва, пазнаючы свет, усё цяжкое для пазнання рукамі і розумам аддавала пачуццям, інтуіцыі, таленту, аб’яўляючы яго таямнічым, занябесным, божым. Што і хто валодае сёння таямнічасцю для сучаснікаў, у масе сваёй адукаваных і матэрыялізаваных свядомасна? Мастацкі талент, як магічны крышталь пазнання, застаецца ў ліку таямнічых з’яў, неспазнаных.
***
Гармонія — гэта падрахунак здзейсненага або пакуль што чыста духоўнае,
не абцяжаранае перанапружаннем духу новае далучэнне да спраў свету, сузіранне сімптомаў
тых яго супярэчнасцей, якія спакваля ўцягнуць героя ў новую работу і барацьбу.
Гармонія любіць выступаць як ціхая задуменнасць самога расказчыка над таямніцамі свету, як наіўнае дзіцячае сузіранне праяў быцця.
***
Паэт — сын свайго краю і народа, верны яго слуга. Слугаванне, а не апяванне славы — вось у чым прызванне песняра паняволенага народа.
***
Найвышэйшыя праявы красы ў грамадстве — свабода, а ў мастацтве — праўдзівасць і чалавечнасць або барацьба за іх панаванне.
***
Натхненне — гэта стан вызвалення мастака-творцы з палону штодзённасці, якая сваёй нікчэмнасцю здрабняе пазнанне, навязвае спрошчанае разуменне душы чалавечай.
***
Зборы прыказак — гэта не шкатулка з калье, бранзалетамі, завушніцамі на туалетным століку прыгажуні. Збор народных прыказак, створаных дасціпнымі і мудрымі людзьмі, — гэта матэрыялізаваная ў сціслым і зіхоткім слове народная душа, філасофія жыцця, апраўданне чалавечай прысутнасці на зямлі, абгрунтаванне індывідуальнага, асабістага і грамадскага, гістарычнага існавання, духоўная хартыя народа, яго пашпарт на нацыянальную тоеснасць і несмяротнасць у свеце. Менавіта агульначалавечае ў прыказках розных народаў збліжае, братае людзей, памнажае давер паміж імі, вядзе да дружбы і гуманістычнай супольнасці.
***
Нядаўна матэрыялістычныя, а фактычна вульгарна-прагматычныя тэорыі абзывалі фальклорны пантэізм аблудай і наіўшчынай, ад якое трэба вызваляцца, а не дзяліцца з мухамі ды камарамі ўладай над светам. Але ж самаўладнае панаванне разбэсціла чалавека, зрабіла саманадзейным вымагальнікам, да якога не даходзіў відавочны факт, што стала хірэць і паміраць прырода ў жалезных кіпцюрах тэхнічнага панавання. Урэшце грымнуў сцішны аргумент Чарнобыля.
***
Прыказкі ўжываюць і мудрацы і сафісты, аднак ствараюць іх толькі народныя здольнікі, творцы.
***
Увесь арэол народных прыказак і прымавак можна ўспрымаць як геніяльную рэпліку, лаканічны, высаджаны перламі афарызмаў паўтор высокіх імкненняў і мудрых запаветаў, якія разгорнуты ў песнях і казках як філасофія народа.
***
Для творчых людзей ва ўсе часы вера ў прагрэс была праблемай сэнсу жыцця і ўмовай працы на ніве культуры. Не было пэўнасці, што народ наш уваскрэсне і неўзабаве ўступіць у лепшы час, дык чаго ж было б нам марнавацца, выжыльвацца за рабочым сталом ці ў інстытуцкай аўдыторыі.
***
Дзяржава, якая кіруецца разумнымі і справядлівымі законамі, — гарманічная і прыгожая. Разумны і выхаваны чалавек, які выконвае законы без прымусу, гарманічна дапасоўваецца да грамадства і знаходзіць шчасце. Чалавек, які ўразумее ўніверсальнасць гармоніі свету і сам разумна ўступіць у яе — знойдзе шчасце, спазнае любоў і эстэтычную асалоду.
***
Каб пражываць змястоўна ўласнае адзінкавае жыццё, чалавеку трэба далучыцца да жыцця зборнага, грамадскага, сваяцкага, сяброўскага, нацыянальнага, агульначалавечага, менавіта ў кантэксце жыцця ўсяго чалавецтва, якому няма канца, асоба можа пазнаць самую сябе, знайсці сваю мэту як функцыю мэты ўсёчалавечай.
***
Літаратура выхоўвае прыкладам, цяжарам грамадскай адказнасці мастака за слова, ахвярнасцю жыцця ў мастацтве, складанасцю творчай працы — гэтага згустку крыві і таленту. Літаратура выхоўвае перадусім любоў да нацыянальных і агульначалавечых каштоўнасцяў — роднай мовы, гісторыі, гуманістычных традыцый, а ўрэшце рэшт павышае любоў да жыцця.
***
Нельга мастаку паўнацэнна жыць для чалавецтва, не жывучы для свайго народа, не памятаючы яго славы, здзяйсненняў, яго страт, не дбаючы пра яго добрае імя ў свеце і яго будучыню.
***
Думка, скіраваная на аб’ект, нярэдка вяртаецца да суб’екта і ў яго душы адкрывае сэнс пасцігання і мэту, якой можа аказацца вызваленне духу ад путаў, ад немагаты жыць у непазнаным цёмным бязмежжы.
***
Беларусь жыве надзеяй на новае адраджэнне, якое павінна ж, нарэшце, здзейсніць прарочыя сны Купалы, Коласа, Багдановіча, сны аб волі. Літаратура, мастацтва апынаюцца ў горне грамадскага жыцця, абвальваюцца, растуць, як крышталі ў карону Радзіме. Гарачка пакутлівага абнаўлення спараджае вострыя супярэчлівасці, антыномы быцця і альтэрнатывы ўспрымання, ахоўны рэфлекс аслабляецца, і расце патрэба злучыцца са светам, удзельнічаць, супрацоўнічаць.
***
Унутраны цяжар пазнання пры знешняй лёгкасці, нават гуллівай гарэзнасці вобраза — вось адзін з карэнных парадоксаў паэтычнай прафесіі.
***
Свет дзіцячы — гэта рэчаіснасць, дзе захоўваюцца першародныя сувязі прыроды з чалавекам, з мерай яго гуманістычных патрэб. Дарослыя цывілізаваныя людзі, пазнаючы свет шляхам розуму і навукі, далі строгія найменні прадметам, працэсам і з’явам, ды, на жаль, бязлітасна спрасцілі, унівікавалі сапраўдны свет, дзе нават кожная пясчынка з’яўляецца непаўторнай.
***
Стаўшы перад выбарам: быць або не быць, чалавецтва вымушана абнаўляць свядомасць, выпрацоўваць новае мысленне, ствараць новыя прыярытэты ў сістэме духоўных каштоўнасцей і маральных арыенціраў. Працэс гэты выглядае часам як вяртанне да адвечнага, агульначалавечага, да ідэалу жыцця, які людзі ведалі спакон веку, імкнуліся да яго, але не ўмелі ажыццявіць. Курчылася ў крывавых антаганізмах гісторыя, ламаліся лёсы плямён і народаў, жыла толькі надзея на мір і шчасце, якія бачыліся дарункамі неба.
***
Родавая памяць для нашчадкаў — маральная апора чалавеку, бо ён адчувае сябе не выпадковым суб’ектам жыцця, а гістарычным пераемнікам традыцый і каштоўнасцяў народа, патрыятычных запаветаў.
ВЕРШЫ-ПРЫСВЯЧЭННІ УЛАДЗІМІРУ КАЛЕСНІКУ
Уладзімір Караткевіч
БЕЛАВЕЖСКІ АЛЕНЬ
За спакоем тваім сонца майскае радасна сочыць,
Над табою ў блакіце бязмежных лясоў палавень...
Дык чаму ж у тузе твае мудрыя сумныя вочы,
Белавежскі алень?
І адказваюць вочы, рахманыя, поўныя жалю:
— Як схаваць мне тугу, і пакорлівасць лёсу, і жах,
Калі тысячы год маіх продкаў падступна хапалі,
Калі сто пакаленняў канчалі жыццё на зубах?
Я ляжу ля кармушкі. Лагодны і радасны ранак
Сотні сонечных зайчыкаў сыпануў мне на бок.
Але сню я бязлітасны пошчак крывавых маланак
І — ў зеніце прыпынены — мой апошні скачок.
І ў вачах маіх, чорных персідскіх, тужліва-бяздонных,
Ёсць вышэйшая мудрасць пяшчотных і ўпартых істот,
Бо на гэтай няладнай зямлі мы ратуем ад вечнага скону
І ўратуем наш добры, трывалы і моцны народ.
Ён ідзе да мяне і да друга, як сцішаны вецер,
Галаву падстаўляе, спадзяецца, што сэрца кране:
«Вы мяне не зачэпіце? Вы мяне зберажэце?
Пашкадуйце мяне!
Калі ласка...
Пашкадуйце мяне...»
Міхась Рудкоўскі
МОЙ ДЗЕД БЫЎ СЕЛЬСКІМ КАВАЛЁМ
Мой дзед быў сельскім кавалём,
кавальскай справы каралём:
калі каваць — ужо каваў,
не ў хаце — ў кузні начаваў,
а баляваць — дык баляваць
і дзень, і два, і тры, і пяць.
Стары, а сіла ў руках:
рукі ўзмах — душы размах.
Спакойна дзед мой паміраў,
не паміраў, а дагараў,
не дагараў ён, а згараў,
як вугаль ў горне.
Папрасіў:
— Вады, унучак, прынясі,
усё ў грудзях маіх пячэ...
Прынёс. Ён выпіў.
— Мы яшчэ
з табой, унучак, будзем жыць,
каваць плугі... Ну, ты бяжы —
гуляй... я ж трохі прыкархну...
І я памчаўся ў сінь-вясну,
а ён заснуў... навек заснуў...
Сякеры гахкалі ў лясах,
звінела ў лугах каса,
што дзед загартаваў;
падковай высякаў агонь
на кіламетры сотым конь,
што дзед мой падкаваў.
А вечарам з падхмарных стром
прагрукатаў над кузняй гром,
і, зломленыя ў крыле,
маланкі ўпалі ў траву...
_____________
Яшчэ і сёння на сяле
нас Кавалёвымі завуць.
Мой дзед быў сельскім кавалём,
кавальскай справы каралём.
Алег Лойка
ЗАХОПЛЕНЫ ПРАФЕСАР
Светлай памяці
Уладзіміра Калесніка
Ён быў у захапленнях,
Нібы ў лусцы стронг, быў:
Красу ўвасабленняў,
Як белы свет, любіў.
І бачыў тыя пальчыкі,
Што бачылі яе,
Мо крышачку зухвальчыкі,
Аднак красе свае.
Сам меўшы іх, не імі
Ён цешыўся ўвесь век,
А перш за ўсё чужымі,
Не даўшы іх на здзек.
Ён, нібыта асэсар,
Красу ў прыгон цугляў, —
Захоплены прафесар
Сабою захапляў.
Ніна Мацяш
СА ШЧЫМЛІВАЙ УДЗЯЧНАСЦЮ...
Апошняя мая размова з Уладзімірам Андрэевічам адбылася за дзесяць дзён да Ягонага адыходу. На мой званок у Брэст тэлефонную трубку, як зазвычай, падняла Зося Міхайлаўна. Уладзімір Андрэевіч, пачуўшы ейнае вітанне са мной, сам, хоць я й пярэчыла, прасіла Зосю Міхайлаўну не турбаваць Яго, падышоў да тэлефона. Ягоны кволы, страшэнна стомлены працяглай пакутаю голас на гэты раз ужо не ўтрымваў аніякай надзеі на палёгку. «Хутчэй бы ўсё гэта ўжо скончылася», — адзіная фраза, датычная ўласнага самапачування, якую гэтым разам дазволіў сабе Уладзімір Андрэевіч, і тут жа скіраваў усю ўвагу на мяне, распытваючы, што я раблю, над чым працую. Я расказвала Яму пра нямецкую паэтку Хрысціну Лавант, пра свае пераклады з ейных кніжак і са шчымлівай удзячнасцю адчувала, якой неадменна шчырай, спагаднай зацікаўленасцю да кожнага майго творчага руху ўсё яшчэ поўнілася душа Настаўніка. «Працуй, Ніначка, працуй. Творчасць — адзінае, што тут вартае нашых высільванняў да рэшты, да канца». На маё абяцанне даслаць Яму будучую кнігу з надзеяй на заўжды жаданы, бо справядлівы і мудры, водгук Настаўніка Ён прамаўчаў: Ён ужо ўсё ведаў пра свой побыт на гэтым свеце...
Я праз цябе зледзянела,
я праз цябе згарэла,
ты стаўся чыстцом маёй плоці,
ты расцёр мой пірог велікодны,
ты завініўся мне ўваскрэсеннем.
Жалюся я Мілавіцы вячорнай,
жалюся я Мілавіцы світаннай:
ніколі не буду святлінкай
прад сонцам,
а былінкай на цёмным баку
месяцовым,
дзе ўзыходзяць сумлення
згрызоты.
Што ў табе робіць хлеб
беднай душы маёй,
што ў табе робіць
мой напой памінальны,
каму дазволена зараз табе
пячы ды марозіць,
каму дазволена ісці праз
твой чысцец?
Вось я ад цябе й паела,
вось я ад цябе й папіла,
вечна будзе прасветленай
ува мне тая косць,
што пірог велікодны
твой сузірацьме.
Хрысціна Лавант
СТУДНЯ
Піць,
Не толькі вуснам,
Сэрцу піць.
Кожны сам сваю
капае студню.
Дзе ж мая крынічка
спіць?
Важкі, вязкі глей
далоні студзіць.
Піць.
Каб не адной.
Яшчэ кагось,
Шчэ адну хоць
Блізкую мне душу
Напаіць з калодзежа
майго.
Да крынічкі я дабрацца
мушу!
Уздыхну, шчаслівая,
тады,
Праз гады дарогу
пацалую,
Прыпаду да ломкае
вады,
Смагу наталю
І... засмуткую.
Васіль Жуковіч
МАЙМУ НАСТАЎНІКУ
З тым горадам,
дзе, як паводка,
пятнаццаць год
маіх сплыло,
было развітвацца
мне горка,
не толькі сумна
мне было.
Там з задушэўнымі
сябрамі
дзяліў я радасці свае,
там быў я
зроднены з барамі,
дзе крона
сонечна пяе.
...Цякла бяседа
на змярканні.
Калі ж настаў
расстання час,
мой голас выдаў
хваляванне,
як нельга
выдаць напаказ.
І ты мяне,
як бацька сына,
настаўнік,
к сэрцу прыгарнуў,
перад нялёгкай
пуцявінай
маю ўпэўненасць
вярнуў.
Цягнік
праз ноч ляцеў.
Маланкі красалі
ў цемрыве святло.
А я ўслухоўваўся
да ранку
у сэнс тваіх
нядаўніх слоў.
Настаўнік мой,
харошы самы,
чамусьці гэтак
часта сню,
што ўсё яшчэ здаю
экзамен,
хвалююся,
бы ўпершыню.
1995
ТРЫВОЖНАЯ ВОСЕНЬ
Смяротна хворы
добры мой настаўнік,
як свечка, жоўты, як ўвосень ліст;
уратаваць яго ніхто не ў стане,
а жыццялюб такі ж, як быў калісь.
Агонь жыццёвы зводзіцца павольна,
трымаецца, як прысак у кастры.
Прафесар, ён яшчэ на жарты здольны,
к завітаюць вучні ці сябры;
падобна, не баіцца лютай смерці,
яе так часта бачыў на вайне.
Магутны Бог, не дай пакуль памерці,
дапамажы яму, пачуй мяне!
Ён майстра непаўторна-адмысловы,
спяшаецца, асільваючы боль,
праўдзівыя знайсці такія словы,
каб выказаць бязмежную любоў;
шмат бачылі праніклівыя вочы,
пачуццяў сэрца вынасіла шмат;
паспець сказаць павінен ён да НОЧЫ,
у гэты — мо апошні — лістапад...
Рука пяро трымае, думку — памяць,
яшчэ ў душы гарыць святы агонь.
Сустрэцца з ім лячу праз лісця замець;
ах, лістапад, не забірай яго!
Лістапад 1994
ЛЮБОЎ І ПАМЯЦЬ
Светлай памяці У.А. Калесніка
Будаўнічы будучыні
Паміж Мінулым ды Будучым
мінаючы ці адмяняючы дробязнае,
Чалавек будуе свет;
самае каштоўнае
пераносіць з Мінуўшчыны ў Будучыню:
Чалавек — будаўнічы Будучыні.
Памяць і Любоў — магутныя крылы —
дазваляюць яму
сваё цела
паставіць на службу Духу,
службу верную,
самаахвярную.
Калі на Свет Чалавека
насоўваецца цяжар цемры,
запальваецца свечка цела,
і цемра, разгубленая, марудзіць;
цемра замірае прад святлом.
Цемра памірае перад Духам.
Калі згасае свечка цела,
на зямлі застаецца святло
з крыламі Любові і Памяці.
І з рысамі Мінулага пазнаюць людзі Будучае.
Гэта — змест, гэта — сэнс,
гэта — прыклад служэння
(для сучаснікаў і нашчадкаў).
Снежань 1995
***
Свет хісткі і век наш кароткі;
глядзіш — і палічаны дні, —
пара адпраўляцца да продкаў,
у край незямной цішыні.
Там — вечнасць... Якая там вечнасць,
для нас таямніца сама...
Што ж тут, у жыцці хуткацечным?
Вясна, лета, восень, зіма?..
Шукаю, шукаю няўтомна
ў мурашніку сэнс і ў гняздзе...
А як жа стварае грунтоўна
сябе чалавек між людзей!
Жыцця рухавік незалежны
ад нас,
толькі, што ні кажы,
ў руках мысляра непазбежна
яго дасканаласць душы.
Снежань 1995
* * *
14 снежня 1995 года,
у дзень І Мемарыяльных чытанняў
у Берасці
Так нязмушана, шчыра, свабодна
гаварыла сябрына пра Вас,
Уладзімір Андрэевіч, родны!
Заўтра — сумная дата якраз.
Вобраз Ваш у развагах стваралі
не прыгладжана-посны — жывы.
Калі чулі ўсё,
ці не назвалі
нас, аднак, «пашахонцамі» Вы?
***
Зося Міхайлаўна — Ваша паплечніца —
хутка сівець пачала.
Што, каб яшчэ ды не клопаты вечныя?
Самаахвярна шчыруе, сардэчная,
працалюбівая, быццам пчала.
Усё на высокай любові трымаецца;
вернасць — адданай любові сястра,
з Вамі ўсё Ваша любімая раіцца;
век ёй тужыць, стаўшы белаю чаіцай,
покуль не прыйдзе СУСТРЭЧЫ пара.
17 снежня 1995
* * *
Прыроды зімовае ззянне —
пачатак пагожага дня —
у гэта журлівае ранне
душой не адразу прыняў.
У час, калі свет чалавечы
ішоў — памінальна — са мной,
здавалася мне недарэчнай
усмешка прыроды самой.
Падумаў жа:
ў ззянні прыроды,
душа я г о зліта з якой,
ёсць нешта ад чуйнай турботы
і штось ад усмешкі жывой...
Пачаўся дзень белы-бялюткі,
дзень снежаньскі — сонца ды снег.
З імглой натуральнага смутку
душы далягляд паяснеў.
15 снежня 1995
МОЙ НАРОД
Маналог
Чалавек, радзіна, род, народ...
Радасць і смутак чытаю ў тваіх вачах,
на тваім чале, чала — век.
На радзіны, на вяселле, на памінкі
збіраецца твая радзіна.
Радзіна радуецца. Радзіна засмучаецца.
Радзіна радзіцца. Нараджаецца рада,
удароўваецца парада — людзі даюць рады
розным бедам, нягодам.
З роду ў род перадаецца ўсё святое.
Вядзецца род. Жыве народ.
Падобна, як на ніве залатому коласу
пагражае збуялае пустазелле,
народу майму пагражае
насельніцтва глухата.
Хоць, як і сам народ,
насельніцтва села, асела, пасялілася,
насяліла паселішчы,
яно чужое народу,
бо не знае той высокай еднасці,
якую мае народ. Насельніцтва лічаць,
як статак, каб забяспечыць ядою.
Хлеб і відовішчы — спажыва яго.
Народ — родны, высакародны, высокадухоўны.
Лікам не вылічыць яго велічы.
Маса — паняцце другараднае.
Мне назваць бы вялікім цябе, мой адзіны,
ды няма на планеце народаў малых.
З чым параўнаць народ?
Чалавек — зорка, род — сузор’е.
Народ — гэта цэлы духоўны Сусвет.
З глыбіні стагоддзяў да нас ідзе
сіла яго стваральнай энергіі. Праз цэлае
тысячагоддзе даходзіць святло мужнасці
і любові да Бацькаўшчыны князя Рагвалода
і легендарнай Рагнеды-князёўны. Няўрымслівы
дух нашчадкаў сілкуецца разумнай адвагаю
Усяслава Чарадзея, святасцю Еўфрасінні
Полацкай і Кірылы Тураўскага, стойкасцю
Давіда Гарадзенскага і Канстанціна Астрожскага,
асветнай мудрасцю Францішка Скарыны,
глыбінным гуманізмам Міколы Гусоўскага,
геройствам і самаахвярнасцю Каліноўскага,
хараством талентаў Міхала Агінскага
і Максіма Багдановіча.
Так, народ ёсць духоўны Сусвет. Ды навошта
я прыгадаў Страцім-лебедзя? Бачу страшнае:
«І населі тут на лебедзя
птахі дробныя ўсёй стаяю».
Ці ж не гэтак насельніцтва
насела на народ «усёй стаяю»,
не дае грудзям «вальней уздыхнуць»,
не дае крылам «шырэй узмахнуць...»
Божа мой, не дай Яму
долі жорсткае Страцім-лебедзя!
Сэнс які губіць гэтакі Сусвет?!
Звесці гэткі род — найвялікшы грэх!
З роду ў род перадаецца ўсё святое.
Вядзецца род. Жыве народ.
1995
Алесь Каско
ПЕРАЕМНАСЦЬ
У.А. Калесніку
«Нялёгка будзе маладым,
калі бывалыя салдаты
цераз мяжу апошняй даты
ў легенды сыдуць назаўжды...»
Нам кажуць так не ўпершыню,
і азіраемся ў трывозе
на ўладкаваных пры абозе,
далекавата ад агню.
Надзеі мала,
пабягуць...
Агонь — ён не для ўсіх стыхія.
І ўсё важней нам: хто, якія —
у злітным, шчыльным ланцугу?
Яшчэ ўзмужнелыя не ўсе,
не ўсе напоўнены адвагай,
затое — вераю
і прагай
служыць Радзіме і Красе.
Ёсць, дзякуй богу, і цяпер
каму павесці за сабою
і лініяй перадавою
трымаць аголены свой нерв.
Яно вядома: не ў вайну,
тут іншы фронт...
А ўсё ж ці проста
ўставаць і крочыць поўным ростам,
браць і адстойваць вышыню?
І калі цяжка — кожны раз
нам свецяць лёсы агнявыя,
каб ведалі: не бог нас крые —
салдаты прыкрываюць нас.
1996
Мікола Пракаповіч
ШЛЯХ
Мы шлях выбіралі самі,
Акрыленыя яшчэ...
У вочы ўзіралася Памяць:
Усё чалавечае — з вамі?
І мы не хавалі вачэй.
Быў шлях той — на ўсіх адзіны,
Ад родных сівых муроў...
Гукала Пагоню сябрына,
Вянчаліся мы з Айчынай
Ля чыстых купальскіх кастроў.
Рамантыкі і паэты,
Забыліся мы пра час
І сплочвалі поўніцу свету
За веру, што будзе гэтак:
Пачуе Айчына нас.
Валошкі ў прыбітым жыце —
Нямая туга ў вачах, —
Куды ж мы прыйшлі, скажыце,
І колькі высокіх жыццяў
Запатрабуе Шлях?
Генадзь Праневіч
Кастусь Жмінько
ВЕРАСЕНЬ
А верасень не скінуў лісця
Ў сямідзясяты поўны нод.
Прыдбаў пасля цяжкога выйсця
І сіл, і веры на ўзыход.
Прыдбаў надзеі ў кожным сэрцы:
Ён выдужаў, ён перамог!..
Мелодыя шырока льецца
Яго зямных шляхоў-дарог.
А ля дарог гасцінна хата
Стаіць пад яснай вышынёй.
Яна тым рада, чым багата, —
Айчынай, Песняй, Дабрынёй.
ІСЦІНА
Шукайма ісціны ў патрэбе
пазнання свету і самога сябе.
У. Калеснік
Так блізка лета да журбы.
Мярэжы павуціння.
На Спаса скокну па грыбы,
Згублюся ў дымцы сіняй.
І першы з гумарам крумкач
Між дрэвамі густымі
Мне згушкае на золку плач
Арэлямі старымі.
Звінецьме ў верасе пчалой
Шчымлівая мінуласць.
Дакор, адчай і неспакой
Пачую ў звоне-гуле.
Вуголле згадак марны лёс
Мне на душу абрыне.
Што век нясе, што я прынёс
Пакутніцы-краіне?..
..Пайду назад, да бальшака:
Няма. Хвіліна страху...
Кранецца мудрая рука:
— Твой шлях ёсць пошук шляху.
Расціслаў Бензярук
ЛЯ БЕРАСЦЕЙСКАГА ВОГНІШЧА
Хто дарогу шукаў
як бы вобмацкам,
Хто ішоў праз кусты напралом
к Берасцейскаму зыркаму
вогнішчу,
Каб сказаць, што на
сэрца лягло.
Разгараліся спрэчкі,
што полымя,
Як смалістых падкідвалі дроў...
Ваш бацькоўскі наказ,
каб ніколі мы
не зракаліся праўды й сяброў.
Мы чыталі так вершы, бы ставілі
усё чыста на кон, што маглі...
Побач з Вамі,
любімым Настаўнікам,
нам жылося лягчэй на зямлі.
... Сёння слёзна,
сцюдзёна і воблачна:
расставанне прыспешвае час...
Не згасаць
Берасцейскаму вогнішчу —
гэта добрая памяць пра Вас.
СЛОВА
Памяці Уладзіміра Калесніка
Было гадзіны дзве ці тры,
Калі ў дрымоце соннай мроіў;
Сказаў мне голас унутры:
«Што ж, выбірай для бітвы зброю,
Калі змагаешся са злом,
Каб выкінуць яго на злом!»
Акрыўся б рыцарскім плашчом,
Калі б валодаў адмыслова
Я шпагай, шабляй ці мячом.
«А ты вазьмі за зброю слова! —
Мне той жа голас напрарочыў. —
Шчэ людзі спяць, адкрый ім вочы!»
Узяў я слова і панёс Народу,
Каб не ўмёрла праўда.
Нялёгкі мне дастаўся лёс,
Ды адступаць не маю права.
Гартую слова, быццам сталь,
А зло смяецца, правіць баль.
Мікола Аляхновіч
З надзеяй, любоўю і вераю —
былінка ў сусвеце людзей —
спакон і заўсёды верую:
ёсць ранак, то будзе і дзень.
Не кожны трымаецца вернасці —
прадажны, няверны час!
Ні веры, ні страху, што вернецца
любоў і надзея да нас.
Спыніцца б — часу не дадзена.
Нявер’е — хоць гвалт крычы!
Жыццёвае веры прадзіва
замацаваць бы...
Чым?!
Надзея на кон пастаўлена...
Хто да чаго дабяжыць...
Ты не дазволь, настаўнік, нам
без веры
ў свята
жыць!
Васіль Сахарчук
СТАНСЫ ДА ЗАНАВЕШАНАГА ЛЮСТЭРКА
1
У люстэрка глядзяцца
душы мёртвых,
таму з прыходам Чорнай Госці
яго занавешваюць
і не адкрываюць,
пакуль душа памерлага
не вернецца ў неба.
2
Жыццё на зямлі
аднолькава вымяраецца
і сыпучым пяском, і хуткаплыннай вадою,
і яго апошняя хвіля
спыняе гадзіннік,
які служыць чалавеку
люстэркам часу.
3
Бы вада з пасудзінай,
Бы пясок з ракавінай,
чалавек развітваецца з часам,
але ад таго на зямлі
нічога не мяняецца,
і ён пільней і пільней пазірае
то на гадзіннік, то ў люстэрка.
4
Вада з пасудзіны,
як і пясок з ракавіны,
нікуды не выцякае;
і вада, і пясок нязменныя ў часе;
гэта чалавек выцякае з часу
і не можа прымірыцца
з трагічнасцю свайго лёсу.
5
І калі яго час спустошваецца,
адбываецца тое,
што павінна было адбыцца:
узятае з зямлі ў зямлю і вяртаецца,
пра што красамоўна свядкуе
жоўты пагорак,
акроплены слязьмі яго блізкіх.
6
І сорак дзён і начэй,
пакуль душа наўца
бяздомна блукае па зямлі
ў пошуках новага часу,
у яго спусцелай хаце
занавешанае люстэрка
адлюстроўвае спынены
гадзіннік.
7
Моўчкі схіляю голаў
перад спыненым часам
занавешанага люстэрка.
Бы ад шолаху ветру,
ручнік на ім ледзь улоўна
адхінаецца,
і з астральнай сферы
на яго застылай плыні
адбіваюцца цені Дзядоў.
Анатоль Дэбіш РАЗВІТАЛЬНЫ САНЕТ
Жыццё — як зорка;
блісне сярод хмар
І згасне ў цемры ночы
безнадзейна,
Пакінуўшы на межах
ніў завейных
Зярняткі слоў і
мудрасць ясных мар.
Зазалаціцца пэўным днём
абшар
Цяжкім калоссем справаў
цудадзейных,
Усе задумы выспеюць і дзеі
І высвецяць прарока
думны твар.
Я ведаю, цяпер і праз вякі
І Вас чакае час і лёс
такі —
Аратая, настаўніка, прарока.
Адыдуць прэч і боль,
і тлум журбы.
Не счэзне зерне
Вашае сяўбы, —
Жытнёвым словам
зашуміць высока!
Святлана Варонік
***
У Верасня — душа паэта.
Ля вогнішча пагрэецца душа...
І не адна
яна вандруе і шукае,
маўчыць, гукае...
Чуе Зорны Спеў...
***
У паэта — сумота:
не пішуцца вершы...
Сівеюць скроні, а ты —
не першы...
Падыйшоў малады Калеснік,
падварушвае вогнішча...
***
Майстар і Маргарыта...
Скарыну пра Полацак сняцца сны.
Сняцца сыны...
Прагнучы Прагі — чытаю-п’ю:
«Понеже от прирожения...»
***
Растуць з зямлі камяні
самотна-маўкліва...
Не дзіва...
Расце і магільны камень,
і той, што кладуць у падмурак...
Расце каля ганку памяць...
***
Захочаш у далонях патрымаць
сярод зімы халоднае
валошкі...
І ад галінкі моднае ялінкі
пачуеш пах
Купалля і Дзядоў...
Ян Чыквін
СПОЗНЕНЫ ЛІСТ
Глыбокапаважаны Прафесар Уладзімір Андрэевіч!
Тры дні (12-14.12) я быў у Мінску. Выезд быў звязаны з выхадам адзінаццатага нумару «Нёмана», прысвечанага беларусам Беласточчыны. Была наладжана ў Доме пісьменніка аўтарская сустрэча-вечарына. Прайшла яна выдатна, пра творчасць «белавежцаў» гаварылі Гніламёдаў, Конан, Разанаў, Кудравец.
Аднак, не тое найважнейшае...
Ваш артыкул у «Нёмане» пра нашу літаратурную суполку! Гэта першы шырокамаштабны такі агляд-аналіз, і з якой пранікнёнасцю ён напісаны! Як рэльефна адценены ўсе асноўныя факты!
Вельмі Вас не хапала на гэтай вечарыне, шаноўны Уладзімір Андрэевіч. Вельмі! Я дзякую, і асабліва глыбока ўзрушаны, за Вашыя развагі наконт маёй творчасці.
Прыміце ад мяне ў знак пашаны гэты прыложаны да ліста верш.
Я ўвайшоў,
каб спытаць пра сваё лісце
у індыйскіх мудрацоў.
На старатамільскай мове
мінулае і прышласць прышэльца вырыты
дробненькімі значкамі,
для маласпрактыкаванага вока
амаль нераспазнавальнымі.
Для кожнага маюцца два лісты
у 3665 тамах па 365 лісцяў у кожным.
На адным — аб перажытых ужо жыццях шматразова,
на другім — што ніхто не памірае назаўсёды.
На планеце Зямля,
паложанай на малазначным краю млечнай дарогі,
аддаленай ад яе цэнтра на нейкіх
30 тысяч светавых гадоў.
Уладары часу,
прыбыўшы з вельмі далёка
на тахіёнавых машынах,
перададуць нам аб’ектыўны вобраз нашай рэчаіснасці.
І не паверым.
Зычу, каб Вам было лягчэй. З пашанай і любоўю Ян Чыквін.
15 снежня 1994 г.
Васіль Жуковіч
З РАДАСНА-ШЧЫМЛІВЫМ ПАЧУЦЦЁМ
У маім запаветным горадзе Берасці
Я сустрэўся з Калесніка вуліцай,
Прафесара і пісьменніка, аўтара
Узрушальнае кнігі «Доўг памяці»,
Патрыёта чароўнай зямлі,
Які юнаком ваяваў за яе ў партызанах,
Быў паранены цяжка, страціў многа крыві
І сяброў баявых,
Страціў любую, невыказную,
Што яму часта снілася
У бялюткай сукенцы з крыламі вэлюма,
З таямнічаю мілаю ўсмешкаю…
Я сустрэўся з Калесніка вуліцай,
Чалавека, які праз сухоты, шмат іншых бедаў
Прыйшоў да вяршыняў навукі…
Я сустрэўся з Калесніка вуліцай
Адначасна ў радасці й смутку,
Бо яна, тая вуліца, — на ўскраіне места,
А не там, дзе ён жыў,
Дзе штодня ў альма матэр хадзіў,
Бо, як бачыце, там ёсць Чапаева вуліца,
І яшчэ недарэчная вуліца Крупскае…
Сустрэўся з Калесніка вуліцай
Не ў тым месцы, бо ў часе не тым…
18. 06, 30. 07. 2012 г.
Мікалай Цялічка
В. Колеснику
Мне тесно в моем государстве:
То в степном,
то в березовом царстве.
Не грущу, не томлюсь, не тоскую,
что рожден я на долю такую.
За морями,
В далеком пространстве,
я устал бы от стрессов и странствий.
Здесь, поблизости, я замышляю
костерок сотворить на досуге,
позаботясь о спутнике-друге.
Заварить ему крепкого чаю
и уйти, будто в рощу, в беседу,
разложив пред собой бутерброды…
Вы пришли ко мне, мудрые годы.
Никуда от себя не уеду.
БРЕСТСКИЕ БЕРЕЗЫ
В. Колеснику
Не берестом в древнем Берестье
Бужанское лето цвело,
А было тут пращуру
вместе
С березовой рощей светло.
Спускаются к берегу лозы.
Над ними у стен городских —
Березы,
Березы,
Березы —
Ряды соплеменниц моих.
В их стати,
высокой и славной,
Есть что-то от вечной любви.
Любую зови Ярославной,
Любую Любавой зови.
Недаром же ворог из мести
Пытал тут огнем на коре
За верность Руси и Берестью
Березы мои на костре.
Весь род их железом ужален
На дымной июньской заре.
Вот черные метки подпалин
Остались на белой коре.
Считаю их старые раны,
Былое ищу на золе.
Березы!
Вы все — ветераны
На нашей каленой земле.
СЯРГЕЙ АМЯЛЬЧУК
У.А. Калесніку
На Пушкінскай, ля крамы «Зрабі сам»,
З Калеснікам сустрэўся неяк я.
Разгаманіліся.
Пра што не гаварылі толькі!..
Напрыканцы няспешнай той гамонкі
Настаўнік вершатворцаў запытаўся:
— Ці пішаш што?
А я — зманіў.
А я не пахваліўся,
Што нешта вартае
Зноў выйшла з-пад пяра,
Каб пахвальбой сваёй
Не спудзіць музу.
А ён,
З сусветным сумам,
Задумліва зазначыў,
Што зараз многія не пішуць,
І з мудрасцю бацькоўскаю дадаў:
— Знаць, добра ты жывеш!..
-
Уладзімір Караткевіч. Белавежскі алень
-
Міхась Рудкоўскі. Мой дзед быў сельскім кавалём
-
Алег Лойка. Захоплены прафесар
-
Ніна Мацяш. Са шчымлівай удзячнасцю...
-
Васіль Жуковіч. Майму настаўніку
-
Алесь Каско. Пераемнасць
-
Мікола Пракаповіч. Шлях
-
Генадзь Праневіч. Даў сэрца Бог
-
Кастусь Жмінько. Верасень
-
Расціслаў Бензярук. Ля Берасцейскага вогнiшча»
-
Мікола Аляхновіч. З надзеяй, любоўю і вераю
-
Васіль Сахарчук. Стансы да занавешаннага люcтэрка
-
Анатоль Дэбіш. Развітальны санет
-
Святлана Варонік. У Верасня — душа паэта
-
Ян Чыквін. Спознены ліст
-
Васіль Жуковіч. З радасна-шчымлівым пачуццём
-
Мікалай Цялічка. Мне тесно в моем государстве
-
Сяргей Амяльчук. На Пушкінскай, ля крамы «Зрабі сам»
-
Мікола Мішчанчук. Гэта няпраўда