Месцы, звязаныя з імем Яна Чачота
Фальклорны сшытак «Яну з Мышы. Фальклор у запісах жыхароў Баранавіцкага раёна»
У 2016 г. з нагоды 220-гадовага юбілею з дня нараджэння Яна Чачота, у гонар
слыннага паэта
Баранавіцкай зямлі, Баранавіцкая цэнтральная раённая бібліятэка імя Я. Чачота правяла краязнаўчую
акцыю «Напішам ліст Чачоту разам», вынікам якой стала складанне фальклорнага сшытка «Яну з Мышы.
Фальклор у запісах жыхароў Баранавіцкага раёна».
Права зрабіць запіс у фальклорным сшытку меў кожны, хто памятае ад продкаў
паданні, легенды,
прыказкі, прымаўкі, загадкі, казкі, народныя песні, калыханкі, абрады, трапныя выразы і асобныя
адметныя словы. Колькасць запісаў была не абмежавана. Пасля паведамлення неабходна было пазначыць
дату, сваё прозвішча, імя, імя па бацьку, месца жыхарства і прыгадаць, ад каго і дзе пачулі тое, што
запісалі.
Сёння сшытак змяшчае каля 25 запісаў і будзе далей папаўняцца.
Галоўная мэта фальклорнага сшытка — захаванне мінулага для будучыні.
Пастаноўка па баладзе
Пастаноўка па баладзе Яна Чачота «Мышанка»
Пастаноўка па баладзе Яна Чачота «Мышанка» ў выкананні народнага тэатра «На Мышанцы» УА «Навамышскі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці». Здымкі вяліся на сцэне УА «Навамышскі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці». Артысты — навучэнцы ліцэя. Рэжысер-пастаноўшчык — Станіслаў Пшэўлоцкі. Запіс зроблены ў 2017 г. Пастаноўка па сённяшні час знаходзіцца ў рэпертуары народнага тэатра.
«Песні з-над Нёмана і Дзвіны»
на тэксты Яна Чачота
Сярод паэтаў, да якіх звяртаўся ў сваёй творчасці знакаміты кампазітар Станіслаў Манюшка,
важнае месца належыць збіральнікам і знаўцам беларускага фальклору — Яну Чачоту, Уладзіславу Сыракомлю, Яну Карловічу.
Кампазітара прываблівала песенная аснова іх вершаў, фальклорнасць і прастата тэкстаў.
Ніхто з паэтаў не быў такім частым аўтарам вершаў да яго песень, як Ян Чачот.
Манюшка стварыў музыку на словы беларускіх народных песень, перакладзеных паэтам на польскую мову і змешчаных у
зборніках «Сялянскія песенькі» і «Песенькі з-над Нёмана», а адным з самых вядомых з’яўляецца твор «Праснічка»,
які часта перакладаецца для інструментальнага выканання.
Выстава Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі
Да 225-годдзя з дня нараджэння Яна Чачота на афіцыйным сайце Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі размешчана віртуальная выстава, прысвечаная паэту. Яна складаецца з чатырох частак. Акрамя агульнай інфармацыі пра пісьменніка прадстаўлена вялікая колькасць алічбаваных архіўных дакументаў, звязаных з жыццём і дзейнасцю Яна Чачота і яго сваякоў.
У архіўным фондзе «Мінскі дваранскі дэпутацкі сход» захоўваецца справа аб дваранскім паходжанні роду Чачотаў герба «Астоя», у якой ёсць падрабязныя звесткі пра родных і сваякоў паэта, аўтэнтычныя аўтографы Яна Чачота, а таксама пратаколы паседжанняў Мінскага і Літоўскага дваранскіх дэпутацкіх сходаў аб прызнанні ў дваранскай годнасці роду Чачотаў, арыгінальныя генеалагічныя табліцы. А ў метрычных кнігах, што прадстаўлены на выставе, ёсць запісы аб нараджэнні і хрышчэнні будучых бацькоў, сясцёр і брата Яна Чачота.