БІЯГРАФІЯ

Ян Чачот

    Ян Антоні Чачот нарадзіўся 7 ліпеня 1796 г. у вёсцы Малюшычы Навагрудскага павета Слонімскай губерні ў сям’і беззямельнага шляхціча Тадэвуша Чачота і Клавы Гаціскай. Быў ахрышчаны ў Варончы, прычым, двойчы — спачатку ўніяцкім, а потым каталіцкім святаром, які даў яму другое імя Антоні.
    Згодна з гіпотэзай даследчыкаў прозвішчаў, слова «Чачот» паходзіць ад назвы невялікай жвавай птушкі чачоткі, яно распаўсюджана сярод беларусаў яшчэ з перыяду паганства. Сапраўды, шляхецкі род Чачотаў існаваў здаўна, на пэўным этапе існавання быў нават адзначаны фамільным гербам Астоя. Прадзед паэта, Філіп Чачот, які пражываў у Ашмянскім павеце, разам з жонкай Алёнай выгадаваў пяцёра дзяцей. Дзед — Ян Язэп Чачот, у сваю чаргу, меў чацвёра дзяцей. Яго старэйшы сын і стаў бацькам ставутага філамата.

Герб Астоя

    Aмаль да сярэдзіны ХХ ст. не было адзінага меркавання аб месцы нараджэння Яна Чачота. Акрамя вёскі Малюшычы, якую пазначалі большасць даследчыкаў жыцця і творчасці паэта, некаторыя з гісторыкаў літаратуры ў якасці месца нараджэння называлі Сэрвач, або ўзгадвалі маёнтак Рэпіхава і фальварак Узногі Навамышскай парафіі, што пад Баранавічамі.
    Такую падставу даваў, магчыма, той факт, што бацька Яна Чачота працаваў аканомам у памешчыка Тызенгаўза ў маёнтку Рэпіхава, куды неўзабаве пасля нараджэння Яна пераехала сям’я. І недзе там, ля берагоў ракі Мышанкі (прыток Шчары), праз 10 гадоў нарадзіўся другі сын Чачотаў — Пётр Павел, і, адпаведна, тут праходзіла дзяцінства Яна Антонія Чачота.
    Пра сапраўднае месца нараджэння паэта было вядома ўжо у 1937 г. з артыкула Леанарда Падгорскага-Аколава «Чачот нязнаны», апублікаванага ў польскім часопісе «Лех» (№ 3–4). Аўтар змясціў там выпісы з «Метрыкі хрышчэння» за 1781–1827 гг., якая вялася парафіяльным касцёлам у Варончы. У «Метрыках» было ясна напісана, што Яна Чачота, «сына радавітай шляхецкай сям’і Чачотаў — Тадэвуша i Клавы з дому Гаціскіх», прывезлі сюды хрысціць «з двара Малюшыца», i што абрад хрышчэння адбыўся 6 ліпеня (па ст. ст.) 1796 г.

Фрагмент парку ў Рэпіхава, дзе Я.Чачот
бавіў час у маленстве.

    Малому Яну часта даводзілася чуць ад маці казачныя расповеды пра дзеда-барадзеда, вядзьмарак ды іншых міфалагічных істот, як гэта звычайна рабілася ў сялянскіх сем’ях. Ян бавіў час разам з простымі вяскоўцамі, міжволі назапашваючы ў памяці скарбы вуснай народнай творчасці і традыцыйныя беларускія спевы. Тут, у ваколіцах Новай Мышы, Ян Чачот і пазнаў жыццё беларускага селяніна, яго мову, назаўсёды палюбіў і запомніў яго песні, казкі, паданні. Пад уплывам вясковага асяроддзя гартаваўся характар будучага філамата.
    Не дзіўна, што псеўданім «Ян з Мышы» быў абраны Чачотам з нагоды даніны любаму мястэчку.
    Першапачатковую адукацыю Ян Чачот атрымліваў на занятках з хатнім настаўнікам, або ў парафіяльнай школе ў Новай Мышы.

Навагрудак. Кляштар дамініканаў і павятовая
школа, дзе навучаўся Я.Чачот
Мал. Э. Паўлоўскага

    Але пераломным момантам у ягоным жыцці стала навучанне ў Навагрудку (1809–1815) у дамініканскай школе. На пачатку XIX ст. Навагрудак быў галоўным цэнтрам культурнага і гаспадарчага жыцця заходнебеларускіх зямель, з’яўляўся лакальным асяродкам адукацыі і асветніцтва. Мясцовая гімназія, куратарам якой быў Калегіум дамініканцаў, ладзіла заняткі ў шасці класах са строгім раскладам і іспытамі ў кожным семестры. Менавіта там, падчас засваення неабходных ведаў у галіне мовазнаўства, арыфметыкі, гісторыі, фізікі і іншых навук, Ян Чачот пазнаёміўся і пасябраваў з Адамам Міцкевічам, які быў на два гады малодшы за яго. Сяброўства гэтае было накшталт «не разлей вада» і захоўвалася на працягу ўсяго жыцця. Іх агульны таварыш і паплечнік Ігнат Дамейка ўспамінаў: «Чачот быў з дзяцінства паэтам, як Адам, але хоць яны і былі звязаныя нібыта адзінай душой, ды разам з тым адрозніваліся вонкава, характарам, або, як кажуць, тэмпераментам. Адам заўсёды вылучаўся спрытнасцю і незвычайным дарам прыцягнення да сябе не толькі равеснікаў, але і асоб старэйшых, больш дасведчаных. Ягоны таварыш са школьнай лавы, Чачот, магчыма, адзіны, каму дазвалялася ўшчуваць, стрымліваць і суцяшаць Адама, быў нават з выгляду значна больш лагодны. Нізкі, з акруглым тварам, адначасова памяркоўны да ўсіх і патрабавальны да сябе і Адама, ён здаваўся ўвасабленнем чуллівасці, любові да бліжняга».
    Паяднаныя агульнымі заняткамі і забавамі, любоўю да паэзіі і цікавасцю да гісторыі, Чачот і Міцкевіч былі не толькі сябрамі, але і аднадумцамі. Шчыльныя стасункі двух прыяцеляў узбагачалі абодвух: Міцкевіч у значнай ступені дзякуючы Чачоту звернецца ў сваіх творах да фальклорнай тэматыкі, а апошні будзе атрымліваць ад сябра карысныя парады і шчодрыя заахвочванні. Разам з тым, розніца тэмпераментаў вызначыла адрозненні і ў кірунках іх творчай самарэалізацыі. Паводле слоў таго ж Дамейкі: «Адам хутка ўзнёсся да высокай сферы сваіх цудоўных твораў. Ян жа да смерці застаўся верны народнай паэзіі...».

Дзядзінец Віленскага ўніверсітэта і
Касцёл Святых Янаў. Тут у 1816–1817 гг.
вучыўся Ян Чачот

    Пасля заканчэння дамініканскай школы ў 1815 г. Ян Чачот вырашыў паступаць у «галоўную школу Літвы» — Віленскі ўніверсітэт. Але ў адрозненні ад Міцкевіча, якому адразу пашчасціла трапіць у лік «бюджэтнікаў», Чачоту давялося спярша пабыць вольным слухачом і займацца самастойна, адначасова падпрацоўваючы пісарам у спецыяльнай канцылярыі па ўпарадкаванні родавага архіва князёў Радзівілаў.
    Толькі праз год мара стаць студэнтам здзейснілася, і Ян паступіў на факультэт маральных і палітычных навук з мэтай вывучыцца на адваката. Але правучыцца давялося толькі адзін год. З-за фінансавых цяжкасцей пайшоў працаваць. Аказваў паслугі віленскім адвакатам, а потым уладкаваўся пісарам у Радзівілаўскую камісію, якая займалася распараджэннем спадчыны Дамініка Радзівіла (1786–1813), апошняга прадстаўніка нясвіжскай галіны роду Радзівілаў, палкоўніка войск Варшаўскага герцагства.
    Нягледзячы на вялікую занятасць, Ян Чачот працягваў наведваць вольным слухачом асобныя лекцыі Іаахіма Лялевеля і Ігната Даніловіча: вывучаў літаратуру, гісторыю, мовы і асабліва права, імкнучыся стаць адвакатам.
    Перыяд навучання Чачота і ягоных паплечнікаў у Віленскім універсітэце адпавядаў этапу станаўлення рамантычнага светаўспрымання на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага. Варта адзначыць, што адным з вытокаў рамантызму на тагачасных беларускіх землях, як і ў шэрагу іншых еўрапейскіх краін, у прыватнасці, у Польшчы, Украіне, Італіі, Грэцыі, быў нацыянальна-вызваленчы рух. Рамантычна імклівая і ўзнёслая змястоўнасць эпохі садзейнічала фарміраванню грамадска актыўнай, культурна развітой асобы з моцным адчуваннем нацыянальнай годнасці, веданнем сваіх сацыяльных і палітычных правоў. Ішоў працэс сцвярджэння, узвелічэння і сакралізацыі нацыянальнага быцця, адкрыцця свету новага тыпу ўзвышанай і незалежнай асобы.
    Пачатак XIX ст. на беларускіх землях вылучаўся сацыяльнай напружанасцю, справакаванай далучэннем усходняй часткі былой Рэчы Паспалітай да Расійскай Імперыі. У адказ на прыгнятальную палітыку царызму сярод прадстаўнікоў мясцовай шляхты ўзмацняўся пратэстны настрой, а эфектыўнай формай аб’яднання інтэлектуалаў і вольнадумцаў было стварэнне разнастайных таемных таварыстваў. Вядома, такія суполкі звычайна пераважалі сярод адукаванай моладзі, большасць якой гуртавалася ў Віленскім універсітэце.

Адам Міцкевіч.

    Надзвычай важную ролю тут адыграла дзейнасць Таварыства філаматаў, устаноўчы сход якога адбыўся 1 кастрычніка 1817 г. Адным з галоўных ініцыятараў справы выступаў Адам Міцкевіч. У перакладзе з грэчаскай мовы «філамат» — гэта чалавек, які імкнецца да ведаў. Першапачаткова філаматы ставілі перад сабой выключна культурна-асветніцкія мэты.
    Паводле рэкамендацыі Адама Міцкевіча 16 красавіка 1818 г. у Таварыства філаматаў залічваецца і Ян Чачот. Ён надзвычай актыўна выступаў на філамацкіх пасяджэннях са сваімі творамі, з разглядам творчасці сяброў, з навуковымі паведамленнямі, рабіў агляды навін варшаўскага друку.
    Але больш за ўсё любілі філаматы Яна Чачота за яго вясёлыя і смелыя песні і вершы, якія ён пісаў да ўсіх сходак і вечарынак філамацкай сям’і. Ян Чачот быў як бы штатным «песняром», ці «дударом» згуртавання. Свае песні і вершы пісаў «на народнай гаворцы». Рытуальнаю, напрыклад, стала песня на беларускія словы Яна Чачота «Што мы вашэці скажам...», якую філаматы спявалі на кожнай урачыстасці.
    На паэтычным турніры філаматаў, які адбыўся 21 снежня 1818 г. у Вільні, Ян Чачот быў прызнаны трэцім па значнасці (пасля Адама Міцкевіча і Тамаша Зана) віленскім паэтам.
    У далейшым, дзякуючы такім асабістым якасцям, як шчырасць, зычлівасць, адказнасць і лёгкасць усталявання кантактаў, Чачот выконваў у Таварыстве філаматаў асаблівую місію камунікатара-арганізатара. Апроч таго, ён умеў і падбадзёрыць сяброў сваімі жартаўлівымі песнямі і смелымі вершамі, якія часта гучалі на вечарынах.
    Асабліва ўдалымі былі творы, напісаныя ім на фальклорны манер, якія, хоць і складаліся пераважна на польскай мове, але ж па духу і светаадчуванні былі наскрозь беларускімі. Так паўсталі вядомыя нам песні «Што старыя за варяты», «Прэч, прэч, сум, нудоты...», «Сем дзён малаціла, шастак зарабіла...», «Бяду сабе купіла, ды за свае грошы», «Як не бачу Пятруся, то я з ветру валюся» і інш.
    У 1819 г. Чачот здзейсніў больш маштабны творчы замах, напісаўшы лібрэта оперы «Малгажата з Зэмбаціна» паводле хронікі Марціна Бельскага і Яна Длугаша. Адам Міцкевіч даваў высокую ацэнку музычнасці верша ў пачатковых арыях лібрэта.
    Паступова Таварыства філаматаў, у склад якога ўваходзілі ўсяго два дзясяткі асоб, ператварылася ў ядро цэлага руху, куды ўцягвалася ўсё болей і болей адукаваных маладых асоб, лік якіх у выніку ўзрос амаль у дзесяць разоў. Гэта была выдатная школа для маладых людзей. Яна прывучала іх творча мысліць, удасканальваць сваё паэтычнае майстэрства, развіваць навуковыя здольнасці, не кажучы ўжо пра элементарнае пашырэнне і паглыбленне ведаў.

Тамаш Зан.

    У 1820 г. намаганнямі Тамаша Зана і іншых філаматаў, дзеля масавасці і пашырэння ідэйнага ўплыву, было арганізавана Таварыства прамяністых. Сэнс «прамяністасці» Тамаш Зан растлумачваў так: кожны добразычлівы, высокай маралі чалавек выпраменьвае святло і тым самым дабратворна ўздзейнічае на іншых. Інакш кажучы, Таварыства прамяністых — гэта згуртаванне тых, хто імкнецца быць высокамаральнымі, духоўна багатымі людзьмі. Каб прыцягнуць моладзь у яго, філаматы скарыстоўвалі самую простую тактыку — агульныя пагулянкі, маёўкі, або «тусоўкі» аднадумцаў, як бы мы сказалі зараз. Сцэнарыстам або, па-сучаснаму, культарганізатарам такіх імпрэз звычайна выступаў Ян Чачот.
    Першая ўрачыстая сходка прамяністых адбылася ў маі 1820 г. Пра новую арганізацыю гаварылі ўсе студэнты ўніверсітэта, віленская моладзь. Згуртаванне многім прыйшлося даспадобы, і яно вельмі хутка пашыралася. Праз колькі часу пасля першай маёўкі Ян Чачот пісаў Адаму Міцкевічу ў Коўню, дзе той настаўнічаў, не парываючы з Таварыствам філаматаў: «Ужо ў нас каля паўтары сотні прамяністых, а на мінулай сходцы было недзе каля ста дваццаці. Шторазу лічба павялічваецца, многія былі з тых нават, якія супраць нас выступалі... радуе нейкае ўсеагульнае жаданне не да часовага, а да сталага згуртавання — такое аб’яднанне можа даць надзвычайныя вынікі». Падкрэсліваючы дабратворны ўплыў згуртавання на маральнае ўдасканаленне моладзі, на паводзіны студэнтаў, Чачот далей расказваў сябру: «Нездарма ж цяпер на лекцыі фізікі ціха, як у вуху! Найгоршыя свавольнікі... нават на лекцыях прафесара, з якога можна пасмяяцца, сядзяць, як быццам іх і няма! У касцёле... усе паводзяць сябе сціпла... Такі вось вялікі ўплыў некалькіх на непараўнальна большую масу людзей, так бярэцца ўсімі добры прыклад. Рэктар бязмежна рады з прамяністасці, найбольш радуе яго нечуваная перамена ў касцёле. Тамаш быў у яго, расказваў яму пра мэты прамяністых; ласкава прыняты, атрымаў запэўненні ў спрыянні нам».
    Таварыства прамяністых, хоць і было легальным, але ж пашыралася настолькі імкліва, што міжволі пачало выклікаць нездаровую цікавасць з боку ўлад. Таму філаматы прынялі рашэнне пераўтварыць яго ў таемнае Таварыства філарэтаў (прыхільнікаў маральнай чысціні). Лічыцца, што гэтая ідэя нарадзілася ў філамацкім асяроддзі падчас сустрэч ля легендарнага каменя побач з Туганавічамі (цяпер — вёска Карчова Баранавіцкага раёна).

Камень філарэтаў

    Камень быў з аднаго боку як бы ўсечаны і нагадваў сабою невялікую скалу. Ляжаў ён каля самай дарогі, у падножжы ляснога ўзгорка, што даволі крута ішоў уверх. Так, на гэтым узгорку было вельмі добра наладжваць філарэтам свае сходкі. Тым больш і мясцінка ж зацішная, у баку ад вялікіх дарог, наводшыбе ад вёскі. Прастор і воля!
    У новае аб’яднанне залічылі толькі найбольш надзейных і адданых яму. Пашырыліся і задачы абноўленай арганізацыі. Цяпер яе супольнікі не абмяжоўваліся толькі маральным удасканальваннем. Узяліся і за ўласную асвету, самаадукацыю.

Філаматы і філарэты: уверсе —
Тамаш Зан, Ігнат Дамейка, у
цэнтры — Адам Міцкевіч, унізе —
Антоній Эдвард Адынец, Ян Чачот

    Адметнасцю Таварыства філарэтаў быў падзел на чатыры секцыі: фізіка-матэматычную (яна, у сваю чаргу, падзялялася на саюзы — Малінавы, Ружовы, Зялёны), юрыдычную (саюзы — Белы, Ліловы), медыцынскую (Цёмна-Сіні саюз) і літаратурную (Блакітны саюз). Кожны аддзел і яго падраздзяленне (саюз) выбіралі сваіх кіраўнікоў. Кіраўніком літаратурнай секцыі (Блакітны саюз) з 1820 г. выступаў Ян Чачот. Блакітны саюз аб’ядноўваў літаратараў і ўдзельнічаў у дзейнасці прамяністых. Ян Чачот актыўна ўзяўся за выхаванне літаратурнай моладзі, з вялікай патрабавальнасцю ставячыся да яе творчасці, за што маладыя літаратары жартам празвалі яго «Ментарам». Ён узяў пад асабістую апеку Антонія Эдварда Адынца, заўважыўшы яго відавочныя паэтычныя здольнасці.
    Нельга абмінуць увагай рэдактарскую дзейнасць Чачота. Менавіта яму, як блізкаму сябру і дасведчанаму рэдактару, Міцкевіч даручыў выдаць у 1820 г. у Вільні зборнік сваёй паэзіі. Сам ён у гэты час настаўнічаў у Коўне і не заўсёды мог адтуль прыехаць. Ян, нягледзячы на вялікую загружанасць, з усёй адказнасцю ўзяўся за працу. Фактычна ён быў і рэдактарам, і карэктарам міцкевічавай кнігі. Аўтар быў пастаўлены ў жорсткія ўмовы па тэрміне выдання, таму спяшаўся дапісваць сваю кнігу.
    Міцкевіч і сам адчуваў, што ў творах не ўсё дасканала, але тут поўнасцю даверыўся густу свайго рэдактара, якому даручыў палепшыць тэкст. Чачот уважліва чытаў творы сябра, зрабіў у іх неабходныя праўкі. З некаторымі аўтар не згадзіўся, пэўныя ж з удзячнасцю прыняў. Такім чынам, мы сёння чытаем асобныя творы вялікага Адама Міцкевіча менавіта з гэтымі чачотавымі выпраўленнямі.
    Увогуле, значэнне філамацка-філарэцкай дзейнасці з пазіцыі сённяшніх дзён падаецца надзвычай высокім. Фактычна яе можна параўнаць з пачаткам станаўлення грамадзянскай супольнасці на беларуска-літоўскіх землях. I, як сведчыў Кастусь Цвірка, Таварыства было праўдзівай сям’ёй пабрацімаў, на дзіва моцнай і дружнай. Узаемная дапамога ў вучобе, у побыце была звычайнай нормай у стасунках філаматаў.
    Падтрымку гэтаму незвычайнаму асветніцкаму руху спярша выказваў і рэктар Віленскага ўніверсітэта Сымон Малеўскі, малодшай дачцэ якога давялося стаць Музай для Яна Чачота. Тамаш Зан у адным з лістоў адзначаў, што Зося Малеўская зрабіла на Чачота вялікае ўражанне і ён «складае спевы пра полек і ліцвінак, прысвячаючы іх Зосі».

Вільня.
Брама базыліянскага кляштара,
дзе былі зняволены філаматы і філарэты

    У 1823 г. тайныя студэнцкія згуртаванні пры Віленскім універсітэце былі выкрыты. Пачаліся масавыя арышты. 10 кастрычніка 1823 г. быў арыштаваны і Ян Чачот. Акрамя яго, сярод затрыманых былі ўжо вядомыя Вільні паэты і проста здольныя маладыя людзі: Адам Міцкевіч, Тамаш Зан, Ян Сабалеўскі, Юзаф Кавалеўскі, Антоній Адынец, Аляксандар Ходзька, Ігнат Дамейка, Міхал Рукевіч, Тэадор Лазінскі і інш. Каля 100 філарэтаў і філаматаў былі кінуты ў халодныя сцены розных віленскіх кляштараў, ператвораных у турму.
    Зняволеным філарэтам, якіх спачатку ахапілі адчай і поўная разгубленасць, праз нейкі час удалося хай не разарваць, ды ўсё ж паслабіць свае путы. Дапамаглі ім у гэтым сябры і знаёмыя, што засталіся на волі, ды і ўсе, хто спачуваў філарэтам. Напрыклад, Ануфрый Петрашкевіч, якому давялося пазбегнуць арышту, арганізаваў спецыяльны камітэт дапамогі сваім сябрам, якіх так неспадзявана кінулі за краты.     Дапамога віленчукоў дазволіла зняволеным падкупіць варту, і яны маглі цяпер хаця б збірацца разам са сваіх адзіночных келляў (месцам зняволення стаў касцёл Божага Ушэсця ў Вільні). Звычайна збіраліся ў келлі Адама Міцкевіча. Збіраючыся разам, яны складалі і спявалі песні, аўтарам мноства з якіх быў Ян Чачот.
    Яна Чачота абвінавачвалі «в чтении на собраниях филаретов дерзких и ругательством против россиян наполненных стихов и в произнесении приветствий и речей, противных верности к Российскому Престолу». Каб адвесці пагрозу ад арыштаваных таварышаў, Ян Чачот браў на допытах віну на сябе.
    Следства па справе філарэтаў скончылася толькі ў красавіку 1824 г. Зняволеныя былі выпушчаны на парукі блізкіх і знаёмых. У турме пакінулі толькі трох найбольш «небяспечных злачынцаў»: Тамаша Зана, Яна Чачота і Адама Сузіна. Яны панеслі самае суровае пакаранне — дзесяцігадовае выгнанне ў «аддаленыя губерні» Расіі. Яна Чачота з сябрамі чакала высылка аж на Урал, дзе яны павінны былі да таго ж адсядзець спачатку ў крэпасці. Ян Чачот трапіў у крэпасць Кізіл.
    Як трапна адзначае К. Цвірка, высылаючы філаматаў і філарэтаў з «акругі Віленскага ўніверсітэта» ў Расію, царскія ўлады хацелі дасягнуць адначасова некалькі мэт: першая — гэта пакаранне маладых людзей за вальнадумства — «в назидание» іншым; другая — знішчэнне ў самым зародку беларускага нацыянальнага руху як часткі «агульнапольскага» (а лепш бы сказаць — агульнага рэчпаспалітаўскага) руху; і трэцяя — рабаванне «мазгоў», інтэлектуальнага патэнцыялу Беларусі.
    Пасля разгрому Таварыства філаматаў і Таварыства філарэтаў сябры гэтых згуртаванняў ужо ніколі не змаглі сабрацца разам. Але параскіданыя па свеце, яны і ў разлуцы, перапісваючыся паміж сабой, заўсёды адчувалі сябе сябрамі адной філамацка-філарэцкай сям’і, заставаліся вернымі ёй да канца жыцця. Застаўся ў іхніх душах і вялікі сум, што не паспелі яны разгарнуць сваю дзейнасць на поўную моц. Гвалтоўна разлучаныя з родным краем, філаматы-філарэты вымушаны былі працаваць на карысць іншых народаў.
    Пасля 6 месяцаў зняволення, Яна Чачота перавялі ва Уфу. Уфімскі перыяд яго жыцця (1826–1830) малавядомы, асноўнаю крыніцаю з’яўляюцца матэрыялы паліцэйскага нагляду — даносы, даклады, інфармаванні.
    У 1827 г. Чачот паступіў на дзяржаўную службу канцылярыстам у бюро мясцовага губернатара. Паэту таксама дазволілі жыць на кватэры ў заможных гаспадароў і вучыць іх дзяцей. Атрымліваў ён на жыццё 50 капеек сутачных. У вольны ад гувернёрскіх заняткаў час займаўся вывучэннем замежных моў.
    У маі 1830 г. Ян Чачот быў вызвалены ад паліцэйскага нагляду і атрымаў дазвол пасяліцца ў цэнтральных губернях Расіі. Спачатку ён пераехаў у Маскву, а праз чатыры месяцы — у Цвер, пасля — у Таржок.
    У Цвяры падчас эпідэміі халеры па загадзе губернатара К. Я. Цюфяева разам з іншымі ссыльнымі палякамі паўгода ўтрымліваўся пад арыштам. У гэты час Ян Чачот захапіўся збіраннем мясцовых этнаграфічных і фальклорных матэрыялаў, якія пасылаў свайму сябру філамату, манголазнаўцу Восіпу Кавалеўскаму ў Казань, куды той быў сасланы. На жаль, гэтыя матэрыялы загінулі ў час паўстання 1863–1864 гг.
    Урэшце, у 1833 г. паэту дазволілі вярнуцца ў Беларусь. Ён пасяліўся ў Лепелі, дзе ўладкаваўся канцылярыстам у інжынерным упраўленні Бярэзінскага канала, якое там месцілася. За добрую службу атрымаў чын губернскага сакратара. У Лепелі Ян Чачот заняўся зборам народных песень, якія потым увайшлі ў яго фальклорныя зборнікі «Сялянскія песні» (1837–1846).
    Толькі ў 1839 г. «государь император высочайше повелеть соизволил», як гаворыцца ў цыркуляры, адпусціць Яна Чачота дадому, на Наваградчыну, скасаваўшы паліцэйскі нагляд над ім.

Маёнтак у Шчорсах.
Гравюра Н. Орды,
другая полова XIX ст.

    Але не вельмі прыязна сустракала паэта Радзіма, справе адраджэння якой ён ахвяраваў большую частку свайго жыцця. Вяртанне ў родныя мясціны суправаджалася для Чачота сумнымі перажываннямі: бацькі яго на той час памерлі, родных амаль не мелася, сяброў лёс раскідаў па свеце, здароў’е падчас зняволення і вымушанай ссылкі ў Расіі было падарвана, знайсці працу, адпаведную інтарэсам і здольнасцям, было цяжка.
    Урэшце Яну ўдалося ўладкавацца бібліятэкарам у сядзібу графа Адама Храптовіча ў мястэчку ІІІчорсы, які на той час меў адну з найбагацейшых у тагачаснай Еўропе калекцыю кніг. Тут паэт беспаспяхова спрабуе зацвердзіць у расійскім дваранстве сваю галіну роду Чачотаў, займаецца збіраннем і публікацыяй беларускага фальклору. Гады працы (1841–1844) у Шчорсаўскай бібліятэцы Адама Храптовіча дазволілі паэту адпачыць душой і вярнуцца да напісання надзвычай цікавага твора пад назвай «Спевы пра даўніх ліцвінаў да 1434 года», задума якога ўзнікла ў Яна Чачота яшчэ ў багаты на творчыя здзяйсненні і намеры віленскі перыяд.
    У 1844 г. гаспадар Шчорсаў, былы апякун філаматаў ліберальны граф Адам Храптовіч, памірае. Пасля смерці гаспадара Яну Чачоту прыйшлося змяніць месца жыхарства і перабірацца да сяброў — спачатку да Вяржбоўскіх у Далматаўшчыну, потым у вёскі Вольная і Бортнікі да Слізняў. Тут адбываўся збор, апрацаванне і падрыхтоўка да выдання зборнікаў беларускага фальклору.

Курорт у Друскеніках.
Гравюра Н. Орды, 1868 г.

    Вясной 1847 г., у надзеі палепшыць стан здароўя, Чачот выехаў на лячэнне ў Друскенікі «на воды», дзе з ім здарыўся параліч. Лячэнне наступстваў гэтага трагічнага здарэння не дало чаканага выніку і 23 жніўня 1847 г. Ян Чачот памёр у суседняй з Друскенікамі вёсцы Ротніца. Пахаванне паэта адбылося там жа, на могілках побач з касцёлам. Праз дзесяць гадоў пасля пахавання на магіле Яна Чачота быў пастаўлены помнік з эпітафіяй, напісанай Антоніем Эдвардам Адынцом:

Сваю маладосць ён аддаў для навукі і Цноты,
За век свой ён зведаў і холад, і змрок сутарэння.
Спагада да бліжніх — вось існасць ягонай істоты,
Цяжкое жыццё яго ўсё — гэта шлях да збавення.
Імя яго будзе ў краіне навекі звязана
З Адамам Міцкевічам, з іменем Томаша Зана.
Хто ведаў яго — перад каменем гэтым схіліся,
Пастой, памаўчы і за ўсіх за траіх памаліся.

Ян Чачот за некалькі дзён да смерці.
Мастак Р. Вільчынскі.
Унізе надпіс: «Ян Чачот, народжаны ў 1794 г. — памёр у Друскеніках
11 жніўня г[ода] г[этага] 1847 — пахаваны ў Ротніцы»

ГЕРБ РОДУ ЧАЧОТ

    У артыкуле Зміцера Яцкевіча «Радавод Яна Чачота» з матэрыялаў Трэціх і Чацвёртых Карэліцкіх чытанняў: «Усе адгалінаванні Чачотаў карысталіся гербам „Астоя“». Выява герба ўяўляе сабой чырвоны шчыт, пасярэдзіне якога меч з заладымі маладзікамі, павернутымі вонкі» (мал. 1). Звычайна сустракаецца вертыкальнае становішча мяча, гэта класічны герб «Астоя». Але карыстанне гербам больш чым дзвюма сотнямі родаў Чачотаў прывяло да з’яўлення варыяцый.
     На сайце «Общего Гербовника дворянских родов Всероссийской Империи» герб Чачотаў падаецца з гарызантальным размяшчэннем мяча і трымя пер’ямі замест пяці (мал. 2 і 3). «В червленом щите, серебряный с золотою рукоятью меч в пояс, сопровождаемый сверху и снизу золотыми полумесяцами. Щит увенчан Дворянским коронованным шлемом. Нашлемник: три страусовых пера, из коих среднее червленое, а крайние, справа – серебряное, слева – золотое. Намет: справа – червленый с серебром, слева – червленый с золотом. Щитодержатели: два золотых льва».
    Тут жа звесткі пра паходжанне саветніка Льва Чачота, якія супадаюць з тэкстам артыкула аб радаводзе Чачотаў Зміцера Яцкевіча:
    «Государь Император, по всеподданнейшему докладу Управлявшего Министерством Юстиции определения Департамента Герольдии Правительствующего Сената, в 26 день Августа 1911 года, Высочайше соизволил на утверждение Надворного Советника Льва Чечота с сыновьями: Владимиром-Андреем и Александром-Генрихом в потомственном Дворянском достоинстве, с правом на внесение в шестую часть Дворянской родословной книги, по происхождению от предков Якова, сына его Михаила и внука Филиппа Чечот, владевших населенным крестьянами имением Русоцин в Новогрудском уезде» (мал. 4). У артыкуле З. Яцкевіча гаворыцца пра тых жа прамых продкаў Яна Чачота: Якуб, Міхал, Піліп. Піліп Міхайлавіч прадаў фальварак Русоцін у 1755 годзе. Піліп нарадзіў Яна, Ян – Тадэвуша, Тадэвуш – паэта Яна Чачота.

Яцкевіч, З. Радавод Яна Чачота / Зміцер Яцкевіч // Ян Чачот, Ігнат Дамейка сябры і паплечнікі Адама Мічкевіча : матэрыялы Трэціх і Чацвёртых Карэліцкіх чытанняў (1996, 1997) / [рэдактары: Н. Давыдзенка, А. Мальдзіс (навуковы рэдактар)]. – Мінск, 1998. – С. 6–11.

ВІДЭАФІЛЬМ

Ян Чачот: дабрадзейны паэт-песеннік. Запіскі на палях.

    Дакументальная стужка знята тэлерадыёкампаніяй «Брэст» па заказе Белтэлерадыёкампаніі ў 2018 г. Аўтар ідэі — Аляксандр Красько. Аўтар сцэнарыя — Алеся Зелянко.
    Вядучы — Раман Біч. У праграме бралі ўдзел: Кастусь Цвірка — паэт, перакладчык, фалькларыст, этнограф, мовазнавец, галоўны рэдактар «Беларускага кнігазбору»; Васіль Дубейка — краязнавец; Вальга Міроненка — загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Баранавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Яна Чачота; Аляксей Жбанаў — бард, паэт, перакладчык.

КАНТАКТЫ

Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага

Адрас: г. Брэст, б-р Касманаўтаў, 48, 224016
Тэлефон: 8 (0162) 53-04-40

Баранавіцкая цэнтральная раённая бібліятэка імя Я. Чачота

Адрас: в. Новая Мыш, вул. Паркавая, 1, 225331
Тэлефон: 8 (0163) 64-25-65