Not seeing a Scroll to Top Button? Go to our FAQ page for more info.
 

Рэсурс «Рэдкія кнігі ў зборах Берасцейшчыны»

Рэсурс «Лічбавая памяць Брэстчыны»



Музейна-бібліятэчны занятак у сектары рэдкай кнігі «Брэсцкія друкарні XIX– першай паловы XX стагоддзя»

Музейна-бібліятэчны занятак у сектары рэдкай кнігі «Брэсцкія друкарні XIX– першай паловы XX стагоддзя»

Музейна-бібліятэчны занятак у сектары рэдкай кнігі «Брэсцкія друкарні XIX– першай паловы XX стагоддзя»

21 студзеня 2026 г. для слухачоў курсаў павышэння кваліфікацыі БрАІРА ў сектары рэдкай кнігі Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага быў праведзены музейна-бібліятэчны занятак «Брэсцкія друкарні XIX– першай паловы XX стагоддзя».


У гарадоў, як і ў людзей, свае лёсы: трагічныя, шчаслівыя, звычайныя. Брэст — прыгожы старажытны горад з няпростым гістарычным лёсам. За сваю, больш за тысячагадовую гісторыю, горад быў у складзе розных дзяржаўных утварэнняў і па-рознаму называўся: Берасце, Брэст-Літоўск, Брэст-над-Бугам…


Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 г. Брэст увайшоў у склад Расійскай імперыі і стаў павятовым горадам спачатку Слонімскай, затым Літоўскай, а з 1801 г. Гродзенскай губерніі.


У канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. у Брэст-Літоўску працавалі гасцініцы, бальніцы, цырк, кінематографы, музычна-драматычнае таварыства, навучальныя ўстановы, кнігарні, грамадскія бібліятэкі, гарадскі сад, друкарні...


Да пачатку 1870-х гг. манапалістамі ў сферы паліграфіі і кнігавыдання ў горадзе былі Шарашэўскія, якія адкрылі друкарню ў 1859 г. У ёй выпускалася рознабаковая літаратура: ад звычайных падручнікаў да статыстычных выданняў, а таксама друкаваліся фірмовыя бланкі і візітоўкі.


У апошняе дзесяцігоддзе ХІХ ст. распачалі сваю дзейнасць самыя прадуктыўныя друкарні Брэст-Літоўска — Абеля Разенталя (з 1891 г.), Ёселя Кобрынца (з 1893 г.), пазней Іцкі-Зельмана Лейбавіча Ракава (з 1902 г.); кнігарні з бібліятэкамі — Янкеля Капланскага (з 1891 г.), Беркі Лібермана (з 1896 г.), Іцкі Рыбацкага (з 1899 г.) і інш.


Друкарня Іоселя Кобрынца працавала з 1893 па 1913 г. і лічылася адной з самых паспяховых. Яе прадукцыя адрознівалася добрым мастацкім густам і высокай паліграфічнай якасцю. Менавіта І. Кобрынцу мы абавязаны існаваннем шырока вядомых і паважаных гісторыкамі і краязнаўцамі крыніц па гісторыі горада – «Календаря-справочника гор. Брест-Литовска на 1913 г.», складзенага Я. М. Хмялеўскім (1913), і «Истории города Брест-Литовска, 1016–1907» Х. Зонненберга (1907). У нашай бібліятэцы гэтыя кнігі захоўваюцца ў выглядзе ксеракопій у сектары краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі.


У гэтай жа друкарні выйшаў каталог «Русская охотничья библиотека» Н. Ю. Анофрыева (1905), які ўключае бібліяграфічныя апісанні выданняў пра паляванне і рыбалку, а таксама «Сборник обязательных постановлений для жителей города Брест-Литовска, составленных Городскою Думою» (1911), які дае ўяўленне аб тым, чым і як жыў наш горад больш за 100 гадоў таму. Гэтыя рарытэты захоўваюцца ў сектары рэдкай кнігі нашай бібліятэкі.


Наведвальнікі мерапрыемства не толькі даведаліся шмат новага пра Брэст таго часу, але і мелі ўнікальную магчымасць пагартаць кнігі пачатку XX ст. з рэдкага фонду абласной бібліятэкі.


Запрашаем усіх, хто цікавіцца гісторыяй горада Брэста і кніжнымі рарытэтамі на нашы музейна-бібліятэчныя заняткі!


Сектар рэдкай кнігі

+375 162 57 48 30


Зварот да спісу