Not seeing a Scroll to Top Button? Go to our FAQ page for more info.
RU
 

Віртуальны музей Непрачытаная кніга В. Ф. Праскурава



Выстава «Творчыя вёрсты Міхася Рудкоўскага: 85 гадоў з дня нараджэння»

Выстава «Творчыя вёрсты Міхася Рудкоўскага: 85 гадоў з дня нараджэння»

Выстава «Творчыя вёрсты Міхася Рудкоўскага: 85 гадоў з дня нараджэння»

У аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага пачала работу кніжная выстава «Творчыя вёрсты Міхася Рудкоўскага: 85 гадоў з дня нараджэння», прысвечаная юбілею паэта. Міхась Рудкоўскі нарадзіўся 17 красавіка 1936 г. у в. Востраў Лунінецкага павета Палескага ваяводства (цяпер Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці). Скончыў Пінскае педагагічнае вучылішча (1955), настаўнічаў у Кукаўскай сямігодцы Ганцавіцкага раёна. У 1960–1962 гг. — літсупрацоўнік ганцавіцкай раённай газеты «Сялянская праўда». Скончыў завочна філалагічны факультэт Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна (1961). У 1962–1981 гг. працаваў старшым рэдактарам літаратурна-драматычных і музычных праграм Брэсцкай студыі тэлебачання. Узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.


Першы паэтычны зборнік Міхася Рудкоўскага выйшаў у 1963 г. пад назвай «Першыя вёрсты» (Мінск). Пасля выхаду другога зборніка «Сінія Брады» (Мінск, 1967) паэта прынялі ў Саюз пісьменнікаў СССР. Наступныя кнігі: «Позвы» (Мінск, 1971), «У краі тым» (Мінск, 1975), «Векавечная Бацькаўшчына» (Мінск, 1976), «Трыгор’е» (Мінск, 1981), «Засцярога» (Мінск, 1984), зборнік выбранай лірыкі «Залатазвон» (Мінск, 1986). У 1990 г. у выдавецтве «Советский писатель» (Масква) быў выдадзены зборнік лірыкі «Да пребудешь ты в мире всегда» ў перакладзе на рускую мову Сяргея Красікава.


Апошні, пасмяротны ўжо зборнік «Гарынь» (Мінск) выйшаў у 1992 г. У 2008 г. у Мінску выдадзены калектыўны зборнік «Трохперсце» (Міхась Рудкоўскі, Мікола Пракаповіч, Алесь Каско), які быў узнагароджаны літаратурнай прэміяй імя У. Калесніка.


М. М. Рудкоўскі памёр 7 ліпеня 1991 г. Пахавалі паэта ў роднай вёсцы Востраў.


Рашэннем Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь у 1992 г. сярэдняй школе ў в. Востраў было прысвоена імя паэта, тут створаны літаратурны музей паэта-земляка. У Востраве і Ганцавічах яго імем названы вуліцы. У Брэсце, на доме, дзе ён жыў (вул. Маскоўская, 332), устаноўлена мемарыяльная дошка.


Кніжная выстава складаецца з некалькіх раздзелаў. Першы раздзел прысвечаны творчасці паэта. Прадстаўлены асобныя кнігі аўтара, у т. л. з аўтографамі, і кнігі перакладаў.


У раздзеле «Аб жыцці і дзейнасці» — кнігі, фотаздымкі, артыкулы з часопісаў. Таксама прадстаўлены зборнікі берасцейскіх пісьменнікаў: Расціслава Бензерука, Анатолія Гарая, Валерыя Грышкаўца, Зінаіды Дудзюк, Кастуся Жмінько, Алеся Каско, Міколы Купрэева, якія прысвячалі вершы Міхасю Рудкоўскаму.


Кніжная выстава будзе экспанавацца ў аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі на працягу красавіка.



Бельская Алена Лявонцьеўна,

гал. бібліятэкар аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі

Кантактны тэлефон: +375 162 57 48 79


Зварот да спісу