Not seeing a Scroll to Top Button? Go to our FAQ page for more info.
RU
 

Віртуальны музей «Ян Чачот — прадвеснік беларускага Адраджэння»

Электронный ресурс «Узняцца да лёсу чалавечага: да 75-годдзя з дня нараджэння Валянцiны Локун (1946–2016)»



«КанТэкст»: Літаратурныя прэміі свету

«КанТэкст»: Літаратурныя прэміі свету

«КанТэкст»: Літаратурныя прэміі свету

26 студзеня 2020 г. у Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага адбылося чарговае пасяджэнне чытацкага клуба «КанТэкст». Тэма сустрэчы — літаратурныя прэміі міру. Пасяджэнне суправаджалася выставай і бібліяграфічным аглядам «Книжные премии: золотая коллекция». Равенка Наталля пазнаёміла ўдзельнікаў з найбуйнейшымі сусветнымі прэміямі: Нобелеўскай, Пулітцэраўскай, Букераўскай, Ганкураўскай, а таксама з рускімі літаратурнымі: Дзяржаўнай, «Русский Букер», «Большая книга», «Национальный бестселлер», «Рукопись года» і інш. Найбуйнейшай міжнароднай з’яўляецца Нобелеўская прэмія, якая ўручаецца з 1901 г. у пяці абласцях, адна з іх — літаратура. Прэмія вельмі прэстыжная, з саліднай узнагародай, у той жа час выклікае шмат крытычных заўваг. Толькі пяць рускіх аўтараў сталі лаўрэатамі: І. Бунін, Б. Пастарнак, М. Шолахаў, А. Салжаніцын, І. Бродскі. Прыемна адзначыць, што ў 2015 г. лаўрэатам стала беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч.


У ўдзельнікаў мерапрыемства была выдатная магчымасць пазнаёміцца і з лаўрэатамі прэмій апошніх гадоў. Прыемна адзначыць, што многія падрыхтаваліся і прачыталі кнігі аўтараў-лаўрэатаў. Валянціна Васільеўна падзялілася ўражаннямі аб кнізе Г. Владзімава «Генерал и его армия». Кніга ўдастоена звання «Букер десятилетия». Кніга ёй спадабалася і яна рэкамендавала яе іншым. Казала яна і пра кнігу «Вся жизнь впереди» двойчы лаўрэата Ганкураўскай прэміі Э. Ажара, ён жа Р. Гары. Адзначыла добры пераклад і цікавы сюжэт.


Святлана Мікалаеўна вельмі эмацыянальна расказала пра аўтабіяграфічны раман А. Чудакова «Ложится мгла на старые ступени» («Букер десятилетия»). Кніга ёй вельмі спадабалася і была рэкамендавана для чытання. Людміла Арсенцьеўна падзялілася інфармацыяй пра лаўрэата «Большой книги» Л. Данілкіна і яго манаграфію «Ленин. Пантократор солнечных пылинок». Аўтар спрабуе зразумець асобу Леніна, разабрацца ў ёй, прааналізаваць. Ён сур’ёзна падышоў да вывучэння матэрыялу. Працаваў з дакументамі, прачытаў поўны збор твораў, праехаў па ленінскіх мясцінах. Гэтай працы ён прысвяціў пяць гадоў.


Цікавая гісторыя, звязаная з кнігай лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Вацлава Міхальскага «Весна в Карфагене». Людміла Сцяпанаўна, удзельніца нашага клуба, будучы летась на кніжным кірмашы атрымала камплект з шасці кніг у дар ад дачкі аўтара. Выданне, заснаванае на рэальных падзеях і распавядаючае пра лёс дзвюх дачок адмірала рускага флоту Аляксандры і Марыі Мярзлоўскіх, карыстаецца велізарным попытам у чытачоў. Рэвалюцыя раз’яднала сясцёр. Адна засталася ў Расіі, а другая эмігравала. Аўтар пазнаёміўся з ёй у Тунісе. Кнігі ахопліваюць дарэвалюцыйны, ваенны і пасляваенны перыяды, завяршаюцца сучаснасцю. Актыўны ўдзельнік клуба Аляксей распавёў пра беларускага аўтара Сяргея Грахоўскага і яго аповесць «Зона маўчання». Кніга напісана на дакументальнай аснове, перадае ўвесь драматызм сталінскіх рэпрэсій.


Міжнароднай прэміяй «Имперская культура» за 2013 г. адзначаны беларускі аўтар Мікалай Гаўрылаў. У яго новай аповесці «Разорвать тишину» распавядаецца аб трагедыі беларускай сям’і ў перыяд рэпрэсій.


Удзельнікі закраналі тэмы самых розных кніг-лаўрэатаў: «Музей Революции» А. Архангельскага, «Учитель Дымов» С. Кузняцова, «Вера» А. Снегірова, «Прокляты и убиты» В. Астаф’ева, «Дорога» К. Макарці і інш.


Беларускіх літаратурных прэмій практычна не закранулі, бо вырашылі вылучыць іх у асобную тэму.


Сустрэча атрымалася вельмі жывой, эмацыянальнай і займальнай. Доўжылася больш за дзве гадзіны, але час праляцеў незаўважна. Прыемна адзначыць, што прыйшлі акрамя пастаянных удзельнікаў і новыя: некалькі студэнтак з Туркменістана, якія вучацца ў нашым горадзе, а таксама ўдзельнік літаратурнага аб’яднання маладых пісьменнікаў з Самары, які быў праездам у Брэсце. Так што сустрэча атрымалася інтэрнацыянальнай.


Прыходзьце і Вы! Заўсёды рады.



Равенка Наталля Анатольеўна,

гл. бібліятэкар аддзела абанемента

Кантактны тэлефон: +375 162 57 48 09


Зварот да спісу