Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
Кніжная выстава «Jane Austen’s romantic world» («Романтический мир Джейн Остин»), прысвечаная 245-гадоваму юбілею з дня нараджэння вядомай брытанскай пісьменніцы Джэйн Осцін, адкрылася ў аддзеле літаратуры на замежных мовах Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага.
Джэйн Осцін (1775–1817) — адна з самых вядомых пісьменніц канца XVIII – пачатку XIX ст., класік англійскай і сусветнай літаратуры, аўтар нораваапiсальных, сацыяльна-бытавых жаночых раманаў. Літаратурныя крытыкі па праве называюць Джэйн Осцін «першай лэдзі англійскай літаратуры», якая змяніла рух рамана «ад рамантычнай выдумкі» ў бок рэальнага жыцця. У кнігах пісьменніцы адлюстраваны ўклад жыцця, норавы і псіхалогія правінцыйнага грамадства, асуджаюцца абыякавасць, падман, бессардэчнасць і ашчаднасць. Можна смела сказаць, што па тонкасці іроніі, па вернасці рэалістычнай дэталі, па глыбіні пранікнення ў псіхалагічную сутнасць характараў пісьменніца не мае сабе роўных у англійскай літаратуры таго часу. Раманы Джэйн Осцін аказалі неверагодны ўплыў на развіццё сусветнай культуры, шмат разоў былі экранізаваны і натхнілі на творчасць не адно пакаленне пісьменнікаў.
На выставе прадстаўлены як творы самой пісьменніцы, так і кнігі і артыкулы пра яе, яе жыццё і творчасць. Раздзел, у якім прадстаўлены творы Джэйн Осцін, знаёміць з арыгіналамі на англійскай мове, якія выйшлі ў знакамітай брытанскай серыі «The Millenium Library». Сярод іх самыя вядомыя творы: «Розум і пачуцці» («Sense and Sensibility»), «Гонар і прадузятасць» («Pride and Prejudice»), «Мэнсфілдскі парк» («Mansfield Park»), «Довады розуму» («Persuasion»), «Сэндзітон і іншыя апавяданні» («Sanditon and other stories»), «Эма» («Emma»). Прапануюцца таксама пераклады Джэйн Осцін на рускую і польскую мовы. Для чытачоў, якія толькі вучацца чытаць па-англійску, прапанаваны творы пісьменніцы ў кнігах для чытання, забяспечаных слоўнікам і каментарыямі.
У раздзеле крытыкі экспануюцца энцыклапедыі, кнігі і артыкулы з перыёдыкі з біяграфіяй і матэрыяламі па творчасці Джэйн Осцін на англійскай і рускай мовах.
Выстаўка «Jane Austen’s romantic world» будзе дзейнічаць ў аддзеле літаратуры на замежных мовах з 14 снежня 2020 г. па 14 студзеня 2021 г.
Новікава Мая Мікалаеўна,
вядучы бібліёграф аддзела літаратуры на замежных мовах
Кантактны тэлефон: +375 162 59 21 74