Брестская областная библиотека имени М. Горького |
|
Брестская областная библиотека имени М. Горького |
|
Моцнага здароў’я, творчага плёну і шчасця Вам, Зінаіда Іосіфаўна!
З нагоды юбілею таленавітай пісьменніцы і ганаровай чытачкі Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага Зінаіды Дудзюк у аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі экспануецца кніжная выстава «З маленства помню сілу слоў…».
Зінаіда Дудзюк нарадзілася на Браслаўшчыне, з 1968 г. жыве ў Брэсце. Яна скончыла Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут і Вышэйшыя літаратурныя курсы пры Літаратурным інстытуце імя А. М. Горкага ў Маскве, працавала інжынерам, журналістам, загадчыкам літаратурнай часткі драмтэатра.
Зінаіда Дудзюк з’яўляецца аўтарам лірычных паэтычных зборнікаў, шматлікіх кніг мастацкай і дакументальнай прозы. Яе раманы «Год 1812», «Кола Сварога», «Велясіты», «Слодыч і атрута», «Гонды», «Лаза», «Сотворение» — гэта сапраўдная літаратура на самы розны чытацкі густ. Кніга «Кола Сварога» ў 2008 г. была ганаравана Літаратурнай прэміяй імя У. А. Калесніка Брэсцкага аблвыканкама. За кнігу ўспамінаў, нарысаў, эсэ «Пара высокага сонца» пісьменніца атрымала Нацыянальную літаратурную прэмію (2018 г.) у намінацыі «Публіцыстыка». Пісьменніца выдала таксама некалькі зборнікаў драматычных твораў, упершыню пераклала на беларускую мову камедыю Яна Ходзькі «Вызваленая Літва, або Пераход цераз Нёман», вядомую казку «Канёк-гарбунок» Яршова. Зінаіда Іосіфаўна сама піша казкі для дзяцей. У 2018 г. яна стала пераможцай абласнога літаратурнага конкурсу «Духоўная веліч» у намінацыі «Дзіцячая літаратура» за кнігу «Незвычайныя прыгоды Бусліка і яго сяброў». Дзякуючы няўрымслівасці і працавітасці Зінаіды Дудзюк краязнаўчая літаратура папоўнілася кнігамі аб гісторыі некаторых брэсцкіх прадпрыемстваў, гісторыі развіцця лясной гаспадаркі вобласці. Асаблівая цікавасць і любоў пісьменніцы — беларуская (славянская) міфалогія і гісторыя слова. Шэраг кніг прысвечаны гэтым тэмам.
Талент пісьменніцы шматгранны. Ён мацуецца шчырасцю, навуковым падыходам да тэмы і любоўю да працы, да сваёй роднай зямлі, да свайго народа.
На кніжнай выставе прадстаўлена творчасць Зінаіды Дудзюк, копіі цікавых фотаздымкаў з яе асабістага архіва. Многія кнігі падораны самой пісьменніцай, многія пазначаны яе аўтографамі. На выставе можна ўбачыць, што яе біяграфічныя звесткі змешчаны ў самых аўтарытэтных энцыклапедычных выданнях Беларусі, а літаратурная творчасць з’яўляецца прадметам даследавання многіх беларускіх вучоных-філолагаў.
Выстава дзейнічае ў аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі на працягу сакавіка – красавіка 2020 г.
Кавенька Таццяна Сямёнаўна,
бібліёграф I кат. аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі
Кантактны тэлефон: +375 162 57 48 79