Not seeing a Scroll to Top Button? Go to our FAQ page for more info.
RU
 

Выстава да юбілею паэта Георгія Сцяпанавіча Тамашэвіча

Выстава да юбілею паэта Георгія Сцяпанавіча Тамашэвіча

Выстава да юбілею паэта Георгія Сцяпанавіча Тамашэвіча

1 жніўня 2019 г. у аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага пачала работу кніжная выстава «Сцвярджаю дабрыню...», прысвечаная юбілею паэта, публіцыста, заслужанага журналіста Георгія Сцяпанавіча Тамашэвіча (нар. 1939).


Нарадзіўся паэт у в. Долкінды, паблізу Нясвіжа. Школьнікам удзельнічаў у літаратурных конкурсах, друкаваўся ў раённай газеце «Чырвоны сцяг», рэспубліканскіх «Піянер Беларусі» і «Чырвоная змена».


Закончыў Калініградскае медыцынскае вучылішча, служыў у Савецкай арміі, працаваў памочнікам дырэктара па культурна-выхаваўчай рабоце прафтэхвучылішча ў Данбасе, закончыў факультэт журналістыкі Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Т. Шаўчэнкі. 16 гадоў узначальваў шматтыражную газету «Текстильщик» у Баранавічах. З 1984 па 1991 г. загадваў сектарам сродкаў масавай інфармацыі абкама КПБ; быў кіраўніком абласнога арганізацыйна-метадычнага цэнтра па выданні кніг «Памяць». З 1991 па 2002 г. — начальнік упраўлення па друку Брэсцкага аблвыканкама. З 2003 па 2014 г. — старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі ГА «Беларускі саюз журналістаў». Цяпер — член камітэта па прэміях і прафесійнай этыцы ГА «Беларускі саюз журналістаў», кіраўнік прэс-групы Брэсцкага абласнога савета ветэранаў. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2006 г., а з 2009-га — член Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы.


Георгій Тамашэвіч не толькі кіраўнік, але і — творца. Ён з’яўляецца аўтарам кніг: «Жытнёвае слова» (Брэст, 2007), «Новы дзень» (Брэст, 2009), «Журналистские будни» (Брэст, 2014), «Шлях» (Брэст, 2015), «Анёл над Брэстам» (Брэст, 2019), а таксама ўдзельнічаў у выданні салідных калектыўных зборнікаў: «Берасцейскія карані» (Брэст, 1993 і 1998), «Брестские уроки Машерова» (Мінск, 1998), «Зямля берасцейская» (Брэст, 1999), «Нашчадкам слова застаецца» (Брэст, 2001), «Брэстчына вачыма журналістаў» (Брэст, 2005).


Георгій Сцяпанавіч Тамашэвіч — заслужаны журналіст Беларускага саюза журналістаў (1990), «Выдатнік друку Беларусі» (1999), лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў «Залатое пяро» ў намінацыі «За выдатны ўклад у беларускую журналістыку» (2009), лаўрэат ганаровага звання «Чалавек года» (2013) ў сферы грамадскай дзейнасці і інфармацыйнай палітыкі.


Кніжная выстава складаецца з некалькіх раздзелаў. Першы раздзел прысвечаны творчасці пісьменніка. Прадстаўлены кнігі аўтара і выданні, у якіх Георгій Сцяпанавіч з’яўляецца рэдактарам і складальнікам, зборнікі вершаў, а таксама артыкулы, якія апублікаваны ў вядомых літаратурна-мастацкіх часопісах: «Маладосць», «Беларуская думка» і ў газетах: «Заря», «Народная трыбуна», «Нясвіжскія навіны» і інш.


У раздзеле «Аб жыцці і дзейнасці» прадстаўлены кнігі, артыкулы з часопісаў і газет, фотаздымкі з асабістага архіва пісьменніка і фотаархіва Бібліятэкі.


Кніжная выстава будзе экспанавацца ў аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі на працягу жніўня.


Бельская Алена Лявонцьеўна,
гал. бібліятэкар аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі
Кантактны тэлефон: +375 162 57 48 79


Зварот да спісу