Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
Імя Іагана Вольфганга Гётэ, найвялікшага паэта Германіі, належыць да тых вялікіх імён, якімі ганарыцца ўвесь свет. Да 270-годдзя з дня нараджэння «універсальнага генія» аддзел літаратуры на замежных мовах Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага падрыхтаваў выставу «Der größte Mensch bleibt stets ein Menschenkind. И великий человек — всего лишь человек» : к 270-летию И. В. Гёте.
На выставе шырока прадстаўлены проза і паэзія І. В. Гётэ як на мове арыгінала, так і ў перакладзе на рускую, беларускую, англійскую і польскую мовы. Сярод арыгінальных выданняў на нямецкай мове — кнігі са збору твораў у 16 тт. (Goethe, J. W. Poetische Werke : in 16 B. / J. W. Goethe. – Berlin: Aufbau-Verlag ; Weimar, 1965) і кнігі са збору твораў у 14 тт. (Goethes Werke : in 14 B. / herausgegeben von Erich Trunz. – Munchen: Verlag CH Beck, 1982). Маецца шмат літаратуразнаўчага матэрыялу ў выглядзе кніг і артыкулаў пра жыццё і творчасць паэта, крытыка асобных твораў, а таксама аўтабіяграфічны твор «Dichtung und Wahrheit: Aus meinem Leben» («Паэзія і праўда: з майго жыцця»).
Асаблівая ўвага на выставе нададзена раману ў лістах «Die Leiden des jungen Werther» («Пакуты юнага Вертера»), які ў адно імгненне зрабіў Гётэ папулярным ва ўсёй Еўропе. У гэтым годзе спаўняецца 245 гадоў з дня яго напісання і выдання. Вы можаце прачытаць яго ў нас на нямецкай мове і ў перакладах на англійскую, польскую, беларускую і рускую мовы, а таксама праслухаць аўдыёкнігу на нямецкай мове.
Ўпэўненыя, што вашу ўвагу прыцягнуць і творы Гётэ «Ифигения в Тавриде» (1908) на мове эсперанта і «Фаўст» (1927,1938) на нямецкай мове з фонду сектара рэдкай кнігі. Не застанецца без увагі і кніга «Faust» («Фаўст», 1999), якая змяшчае не толькі кранальныя словы пра аднайменную оперу А. Г. Радзівіла, але і лібрэта оперы, спецыяльна напісанае самім Гётэ і пераведзенае ў канцы XX ст. на беларускую мову В. Сёмухам.
Спяшайцеся пазнаёміцца з творчасцю вялікага нямецкага паэта, бо некаторыя кнігі прадастаўлены ў часовае карыстанне бібліятэкай Інстытута імя Гётэ ў Мінску. Выстава будзе экспанавацца з 26 жніўня да 26 кастрычніка 2019 г.
Болдык Вікторыя Аляксандраўна,
бібліятэкар аддзела літаратуры на замежных мовах
Кантактны тэлефон: +375 162 59 21 74