Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
У аддзеле рэдкай кнігі Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага завяршыўся трэці этап кнігазнаўчых сустрэч «Брэсцкая Біблія — шэдэўр беларускага Адраджэння» пад назвай «Брэст — горад Бібліі».
У нашым горадзе ў XVI ст. была надрукавана знакамітая Брэсцкая Біблія па ініцыятыве і на сродкі нясвіжскага князя, віленскага ваяводы, канцлера Вялікага Княства Літоўскага, брэсцкага старасты Мікалая Радзівіла Чорнага.
Чаму менавіта Брэст быў абраны ім у якасці месца выдання такой знакавай кнігі? Адказ на гэтае пытанне паспрабавалі знайсці студэнты фізіка-матэматычнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна разам з супрацоўнікам аддзела рэдкай кнігі.
Што сабой уяўляў наш горад у XIV–XVI стст.?
У 1390 г. Бярэсце першым з беларускіх гарадоў атрымлівае магдэбургскае права. Тут у 1409 г. адбылася сустрэча вялікага князя літоўскага Вітаўта, польскага караля Ягайлы і татарскага хана Джэлал ад-Дзіна, на якой было вырашана даць адпор крыжакам. Сімвалічна, што ў Бярэсці ў 1515 г. быў зацверджаны вайсковы статут ВКЛ. З Бярэсцем звязана жыццё і дзейнасць такіх выбітных асоб як Астафій Валовіч, Лаўрэнцій Зізаній, Афанасій Філіповіч, Іпацій Пацей. Сюды Мікалай Радзівіл запрашае шматлікіх інтэлектуалаў з ВКЛ і іншых краін.
Такім чынам, Брэст у той далёкі час уяўляў сабой буйны і развіты палітычны, адміністрацыйны, духоўны, культурны, інтэлектуальны цэнтр з шырокімі міжнароднымі кантактамі. Таму цалкам заканамерна, што Мікалай Радзівіл Чорны адкрыў першую на тэрыторыі сучаснай Беларусі друкарню менавіта ў Бярэсці. Тут 4 верасня 1563 г. і была выдадзена Брэсцкая (Берасцейская) Біблія — унікальны помнік айчыннай і сусветнай культуры, шэдэўр паліграфічнага мастацтва.
Цыкл будзе прадоўжаны тэмай «Брэсцкі фаліянт: паліграфічныя сакрэты і асаблівасці».
Пінкевіч Алена Аляксееўна,
заг. аддзела рэдкай кнігі
Кантактны тэлефон: +375 162 57 48 30