Not seeing a Scroll to Top Button? Go to our FAQ page for more info.
 

Ресурс «Цифровая память Брестчины»

Электронны рэсурс «Агонь душы Ніны Мацяш»

Электронны рэсурс «Шчыраверная слову. Галіна Малажай»

Электронны рэсурс «Уладзімір Калеснік — чалавек Адраджэння»

Виртуальный музей «Ян Чачот — прадвеснік беларускага Адраджэння»

Электронный ресурс «Узняцца да лёсу чалавечага: да 75-годдзя з дня нараджэння Валянцiны Локун (1946–2016)»



Мерапрыемствы V Тыдня нямецкай мовы і культуры ў Брэсце (6–16 кастрычніка 2011 г.)

Мерапрыемствы V Тыдня нямецкай мовы і культуры ў Брэсце (6–16 кастрычніка 2011 г.)

У чацвер 06.10.2011 у 17.00 у Бібліятэцы адбылося адкрыццё V Тыдня нямецкай мовы і культуры. Пачатак шматлікім мерапрыемствам Тыдня быў пакладзены прэзентацыяй фотавыставы “Незвычайны Брэст”, зробленай студэнтамі эканамічнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта. Тыдзень па традыцыі адкрылі Карын Краус, настаўніца нямецкай мовы СШ № 7, супрацоўнік ZfA (Цэнтральнага ўпраўлення школ за мяжой), і намеснік дырэктара абласной бібліятэкі імя М. Горкага Галіна Бурына. Удзельнікамі і гледачамі выставы былі студэнты БрДТУ і старшакласнікі СШ № 7 і СШ № 20. Пасля прывітальных слоў арганізатараў тыдня перад гледачамі выступілі аўтары фотаздымкаў. Гаворка пайшла пра гісторыю ўзнікнення ідэі выставы, пра яе ўдзельнікаў (25 студэнтаў) і рэалізацыю гэтага творчага праекта, які быў спачатку задуманы як даведнік па Брэсту для нямецкамоўных і рускамоўных гасцей горада і рэалізаваны пры фінансавай падтрымцы праграмы лектараў Фонду імя Роберта Боша і Пасольства Германіі ў Беларусі. Падчас работы над праектам было зроблена шмат цікавых фотаздымкаў, на якіх Брэст паўстаў у самых нечаканых ракурсах. Ажыццявіць свае творчыя задумкі студэнтам дапамагалі прафесіяналы фатаграфіі і дызайна. Лепшыя фота былі змешчаны на выставе. Фотаздымкі прадстаўлены па тэмах: гісторыя Брэста, сучасныя любімыя вуліцы, культурнае жыццё, духоўная спадчына, прырода. Да кожнага фотаздымка аўтары дадалі кароткія паэтычныя назвы на нямецкай і рускай мовах. Усе прысутныя мелі магчымасць не толькі паглядзець экспанаты выставы, але і задаць пытанні аўтарам фотаздымкаў. Аўтарам параілі і далей развіваць свае здольнасці. 

Выставу можна было наведаць кожны дзень у зале Інтэрнэт-класа з 11.00 да 17.00 на працягу кастрычніка. 

У чацвер 06.10.2011 у 18.00 у актавай зале Бібліятэкі адбылося аўтарскае чытанне журналісцкіх артыкулаў па тэме “Немцы і нямецкая мова”. Рэферэнт Хайкэ Забэль.
Нямецкая журналістка з “Саксонскай газеты” Хайкэ Забэль, якая стварыла аб’яднанне “Разам у будучыню”, мэтай якога з’яўляецца аказанне дапамогі раёнам, пацярпеўшым ад Чарнобыльскай катастрофы, прадставіла свае працы па тэме “Немцы і нямецкая мова”. Спадарыня Забэль паведаміла пра лёс некалькіх немцаў. Больш за ўсё запомнілася гісторыя дзіцячага хору, які прыехаў на канцэрт у Венгрыю 13 жніўня 1961 года. У гэты дзень пачалі будаваць Берлінскую сцяну. Страх, непаразуменне, адчай – вось тыя пачуцці, якія апанавалі нямецкі народ у гэты момант. Напрыканцы спадарыня Забэль прачытала некалькі артыкулаў, прысвечаных Беларусі. Заўсёды цікава, як тваю краіну ўспрымаюць іншыя людзі, што кідаецца ім у вочы, што яны лічаць займальным. “Беларусь – гэта краіна ў сэрцы Еўропы, людзі якой жывуць адной нагой у мінулым, другой – у будучым. Беларусь – гэта краіна, якую можна альбо любіць, альбо не любіць, але абыякавым яна не пакідае нікога”. Гэтыя словы закранулі душу кожнага слухача і напоўнілі радасцю і надзеяй на тое, што беларуска-нямецкія адносіны застануцца такімі ж плённымі і надалей. 

У суботу 08.10.2011 у 17.00 удзельнікі V Тыдня нямецкай мовы і культуры мелі магчымасць пачуць паведамленне на гістарычную тэму “70 гадоў. Трагедыя немцаў у Расіі”, якую падрыхтавала Святлана Шпаннагель. Гэта лекцыя – працяг яе паведамлення “Гісторыя немцаў у Расіі” на мінулым IV Тыдні нямецкай мовы і культуры. Святлана пачала з аповеда пра невядомую для многіх дату 28 жніўня 1941 г., калі выйшаў загад Сталіна аб дэпартацыі немцаў – жыхароў СССР. Яна закранула самыя цяжкія і страшныя старонкі жыцця савецкіх немцаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, іх выпрабаванні і трагічныя лёсы, у тым ліку і лёс сям’і Шпаннагель. Многія прысутныя ўпершыню пачулі імёны тых немцаў, якія гераічна змагаліся за сваю савецкую радзіму супраць ворагаў, а потым сталі ахвярамі сталінскіх лагераў; упершыню даведаліся пра колькасць загінуўшых пры дэпартацыі людзей нямецкай нацыянальнасці. У апошняй частцы свайго паведамлення Святлана Міхайлаўна паказала на вялікім экране фотаздымкі і расказала пра маладых людзей, якія разам са сваімі бацькамі выехалі на сталае месца жыхарства ў Германію, і зараз дасягнулі вялікіх поспехаў у розных галінах спорту, навукі, культуры, літаратуры, музыкі. Некалькі выдатных маладых людзей сталі прызёрамі міжнародных навуковых прэмій, у тым ліку і Нобелеўскай прэміі ў галіне фізікі. На працягу паведамлення некалькі разоў гучалі паэтычныя радкі добрага сябра Святланы Роберта Лейнонена, расійскага немца па маці і фіна па бацьку. Ён, грамадзянін былога СССР, перажыў у сваім родным горадзе Ленінградзе блакаду, а ў жніўні 1942 года быў высланы ў Алтайскі край, працаваў у трударміі, потым жыў у Чэлябінску. У 1982 годзе вярнуўся ў Ленінград, адкуль ў 1991 г. эмігрыраваў у Германію, зараз жыве ў горадзе Лауша (Цюрынгія), піша вершы і малюе карціны. У 2011 г. Роберт Лейнонен адзначыў 90-годдзе. Ён і яго жонка Ірына Лейнонен падарылі чытачам абласной бібліятэкі імя М. Горкага кнігу вершаў на рускай мове “Тебе писал я строки эти. Избранная лирика”, якую Святлана Шпаннагель у канцы мерапрыемства перадала намесніку дырэктара Галіне Бурынай. 

У нядзелю 09.10.2011 у актавай зале Бібліятэкі адбыўся паказ фільма “Сляпыя небаракі”, створанага нямецкімі кінематаграфістамі ў 2004 г. Фільм на нямецкай мове; ўсе, хто вывучае нямецкую мову, мелі магчымасць далучыцца да прагляду.

У панядзелак 10.10.2011 у актавай зале Бібліятэкі прадстаўнік партнёрскай арганізацыі “Кола сяброў Брэста ў Равенсбургу” Фолькер Янзен (з зямлі Сярэдні Шусенталь) прадставіў паведамленне на тэму: “Сацыяльная розніца паміж старымі і новымі федэральнымі землямі”.
Фолькер Янзен прачытаў даклад пра сацыяльныя адрозненні паміж новымі і старымі федэральнымі землямі. Спадар Янзен зрабіў спробу параўнаць жыццёвыя ўмовы ў Заходняй і Ўсходняй Германіі. Усе ведаюць, што Германія доўгі час была падзелена і што гэта наклала пэўны адбітак як на эканамічнае, так і на сацыяльнае жыццё. Прысутныя мелі магчымасць даведацца пра тое, як адрозніваюцца памеры пенсій, заработнай платы, дапамога для беспрацоўных у старых і новых землях і ад чаго гэта залежыць. Даклад быў напоўнены лічбамі, таму прэзентацыя ў Power Point, якая суправаджала даклад, зрабіла гэтую інфармацыю больш даступнай для ўспрымання. 

У аўторак 11.10.2011 у Бібліятэцы адкрылася выстава “У падарожжах па Еўропе. Падарожжы Генрыха фон Клейста”, прысвечаная 200-годдзю з дня смерці вядомага нямецкага пісьменніка-рамантыка, навеліста, паэта. Семінар да выставы, дакументальны фільм, паведамленне пра выставу прадставіла выкладчыца нямецкай мовы ў БрДУ імя А. С. Пушкіна, прадстаўнік DAAD Альмут Каплунова.
Клейст добра вядомы не толькі ў сваёй краіне, але і за яе межамі, таму ў гэтым годзе праводзяцца шматлікія мерапрыемствы, прымеркаваныя да гэтай падзеі. Бібліятэка не стала выключэннем і спадарыня Каплунова сумесна с Інстытутам Гётэ падрыхтавала выставу на рускай мове, якая знаёміць з падарожжамі Клейста па свеце. Акрамя таго, спадарыня Каплунова падрыхтавала даклад пра жыццё і творчасць Клейста. Дакладчыца адзначыла, што даследчыкі называюць Клейста “самым няшчасным паэтам Германіі”. І гэта не дзіўна, бо Клейст імкнуўся ўсё жыццё да прызнання, але яго творы не былі вядомыя чытачам, ён шукаў каханне, але і тут яго чакала расчараванне. Таму ён не знайшоў у сабе сілы жыць далей і скончыў жыццё самагубствам. Слухачы мелі магчымасць патрымаць у руках некаторыя творы Клейста, прадстаўленыя Інстытутам Гётэ ў Мінску. 

У аўторак 11.10.2011 у 18.00 у памяшканні СШ № 7 адбыўся майстар-клас “Швабская кухня”, у якім прымалі ўдзел намеснік дырэктара Бібліятэкі Галіна Бурына, загадчыца аддзелам літаратуры на замежных мовых Таццяна Налобіна, супрацоўнікі аддзела літаратуры на замежных мовах Таццяна Лазеба і Тамара Міхальчук. Сярод удзельнікаў майстар-класа былі таксама выкладчыкі БрДТУ і настаўнікі нямецкай мовы СШ № 7, удзельнік Тыдняў нямецкай мовы і культуры ў Брэсце Святлана Шпаннагель, журналістка Брэсцкага радыё Інна Хоміч, настаўнік рускай мовы і літаратуры ў Германіі Фолькер Янзен. Майстар Дітгард Нэер, якая больш за 40 гадоў выкладала дамаводства ў нямецкіх школах, паказала і навучыла прысутных гатаваць некалькі вядомых і распаўсюджаных швабскіх страваў. Гэта былі Schwäbischer Wurtsalat, Spätzle, Kässpätzle, Geschnetzeltes, Ofenschlupfer, Hanfwickel oder Korkenzieher. Для майстар-класа Дітгард Нэер прывезла з Германіі спецыяльныя прадукты (крывяную каўбасу, высакагорны альпійскі сыр, розныя сухія прыправы). Пад кіраўніцтвам прафесійнага повара былі прыгатаваны ўсе пачастункі, а потым удзельнікі былі запрошаны за вялікі стол на святочную вячэру. Майстар-клас праходзіў тры разы: 9, 11 і 13 кастрычніка. У ім прынялі ўдзел 32 асобы. 

У сераду 12.10.2011 ў 16.00 ў актавай зале Бібліятэкі адбылася лекцыя прафесара БрДТУ М. Стральца “Адносіны ФРГ да Халакосту”. Назва Халакост была зразумелая ўсім прысутным, як сімвал генацыду яўрэйскага народу ў часы Другой сусветнай вайны. Але лекцыя ўдумлівага даследчыка, гісторыка была пабудавана на новых і малавядомых фактах з сучаснай гісторыі Германіі, якія трымалі ўвагу слухачоў. Яны пачулі пра тое, што дыпламатычныя адносіны дзяржавы Ізраіль з ФРГ былі ўстаноўлены яшчэ ў 1965 годзе, а з ГДР – не; пра штогадовае адзначэнне дня памяці ахвяр Халакосту ў ФРГ, калі ў Бундэстагу абавязкова выступаюць прадстаўнікі яўрэйскай грамадскасці або Ізраіля. У 2010 годзе для выступлення быў запрошаны сам прэзідэнт Ізраіля Шымон Перэс; пра прысутнасць канцлера ФРГ Конрада Адэнаўэра на адкрыцці сінагогі ў Кёльне; пра тое, што ў дзесяці краінах Еўропы прыняты закон аб крымінальнай адказнасці за адмаўленне Халакосту. На сустрэчы прысутнічаў старшыня праўлення Брэсцкай гарадской яўрэйскай грамадскай арганізазацыі Барыс Мендзелевіч Брук. 

У суботу 15.10.2011 у Бібліятэцы адбылася аўтарская прэзентацыя новай кнігі вершаў Алеся Разанава “Der Mond denkt, die Sonne sinnt“ = “Месяц думае, сонца разважае” на беларускай мове. Алесь Сцяпанавіч – заўсёды жаданы госць у нашай Бібліятэцы. Ён наведваў Бібліятэку некалькі разоў сам, а таксама разам з беларускімі і нямецкімі паэтамі. Апошні раз – у сакавіку 2011 года. Тады гэта была другая за дзень сустрэча паэта з публікай, першая адбылася ў БрДУ імя. А. С. Пушкіна.
Так было і ў суботні вечар Тыдня нямецкай мовы і культуры. Пасля сустрэчы з выкладчыкамі і студэнтамі ўніверсітета А. Разанаў прыйшоў на творчую сустрэчу ў залу Бібліятэкі. Усе жадаючыя маглі набыць зборнікі яго вершаў на беларускай, нямецкай і польскай мовах. Вечарыну вялі супрацоўнікі ўніверсітэта Генадзь Праневіч і Святлана Варонік. Адбыўся цікавы дыялог паэта са слухачамі аб сэнсе паэзіі. А. Разанаў чытаў свае вершы розных гадоў сам, гучалі ягоныя вершы ў выкананні берасцейскіх паэтаў. На вечарыне была прадстаўлена разгорнутая выстава, прысвечаная творчасці паэта, якую падрыхтавалі супрацоўнікі аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі. На заканчэнне Алесю Сцяпанавічу было зададзена шмат пытанняў. Адказаў паэт амаль на ўсе, нават расказаў пра свою любімую кнігу – Псалтыр, якую заўсёды носіць з сабой. Потым яшчэ доўга раздаваў аўтографы зацікаўленай моладзі. Усім удзяліў увагу і адказаў на пытанні журналістаў. Видеоматериал программы «Край» (РУП РТЦ «Телерадиокомпания «Брест»)


У нядзелю 16.10.2011 адбылося апошняе мерапрыемства V Тыдня нямецкай мовы і культуры ў Брэсце. Гэта была сустрэча-майстэрня знакамітага беларускага паэта Алеся Разанава з моладдзю, якая вывучае нямецкую мову, іх настаўнікамі і ўсімі, хто с захапленнем ставіцца да паэзіі Разанава, нягледзячы на мову, на якой яна гучыць. Але менавіта гэта сустрэча была цалкам прысвечана новай кнізе вершаў паэта “Der Mond denkt, die Sonne sinnt“ = “Месяц думае, сонца разважае”. Сустрэча была сапраўдным дыялогам культур, дзякуючы мадэратарам Юліі Гідлеўскай (беларуская мова) , Адрыяне Бжаскоўскай (нямецкая мова) і перакладчыку-германісту Яўгену Бяласіну. Маладыя людзі пазнаёміліся з кароткай біяграфіяй і творчым шляхам свайго земляка - беларускага паэта А. Разанава на дзвюх мовах. Вучні СШ № 7 падрыхтавалі паэту сапраўдны сюрпрыз: дэкламавалі вершы з яго новай кнігі на нямецкая мове, потым паспрабавалі сябе ў якасці перакладчыкаў – зрабілі пераклады нямецкіх вершаў Разанава на рускую і беларускую мову. Гэта было вельмі складанай справай, але некалькі перакладаў паэту спадабаліся. На сустрэчы прысутнічаў лектар DAAD (Германская служба акадэмічных абменаў), літаратуразнавец, філолаг, перакладчык, выкладчык Андрэ Бём, які таксама выступіў з успамінам пра знаёмства і сумесную працу з паэтам. Цікавымі для моладзі былі разважанні выкладчыка кафедры беларускага літаратуразнаўства БрДУ імя А. С. Пушкіна Генадзя Праневіча на тэму блізкасці нямецкай і беларускай мовы і культуры. Карэспандэнт газеты “Брестский вестник” У. Барысюк падарыў спадару Алесю рэпрынтнае выданне малітваў 12 стагоддзя св. Кірылы Тураўскага і пачаставаў мясцовай журавінай, якую спадар Алесь пасля сустрэчы прапанаваў усім удзельнікам. На працягу мерапыемства гучалі песні на нямецкай мове пад гітару ў выкананні вучня СШ № 7. Заканчэнне было традыцыйным – пытанні і адказы, але і яны былі на тэму дыялога культур і высокага сэнсу і прызначэння паэзіі. На памяць аб сустрэчы намеснік дырэктара Галіна Бурына падарыла Алесю Разанаву фотаальбом “Сучасны беларускі жывапіс. XXI стагоддзе”. Сустрэча была падрыхтавана настаўнікамі СШ № 7, супрацоўнікамі аддзела літаратуры на замежных мовах. 

БИБЛИОТЕКА В СМИ: V Тыдзень нямецкай мовы i культуры ў Брэсце. 6–16 кастрычніка 2011 г.

Возврат к списку

'undefined' is not a component