![]() |
![]() |
![]() |
Брестская областная библиотека имени М. Горького |
|
![]() |
![]() |
![]() |
Брестская областная библиотека имени М. Горького |
|
12 снежня на тэрыторыі гісторыка-мемарыяльнага музея “Сядзіба Нямцэвічаў” у в. Скокі Брэсцкага раёна прайшла ваенна-гістарычная рэканструкцыя “Скокі-2015”, прысвечаная 98-й гадавіне падпісання ў Скоках ваеннага перамір’я ў гады Першай сусветнай вайны. Напярэдадні рэканструкцыі 11 снежня адбылася IV Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя , прысвечаная падзеям Першай сусветнай вайны. У канферэнцыі прынялі ўдзел навукоўцы, краязнаўцы, работнікі музеяў, публіцысты з розных гарадоў Беларусі, Расіі, Украіны.
Са сваімі дакладамі выступілі: доктар гістарычных навук, прафесар, загадчык кафедрай гісторыі славянскіх народаў БрГУ ім. А. С. Пушкіна А. М. Вабішчэвіч; прафесар кафедры фізікі БрДТУ А. А. Гладышчук, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, прафесар кафедры сацыяльна-палітычных і гістарычных навук БрДТУ А. М. Баюра, краязнаўца з Полацка В. Р. Дзяменцеў і інш. З вялікай цікавасцю прысутныя слухалі эмацыянальнае выступленне Ірыны Іосіфаўны Дубейка з Баранавіч, аўтара кнігі “Забытая вайна”(пра падзеі вайны ў Баранавічах і Бранавіцкім раёне). Яна прадстаўляла сваю новую кнігу.
У рабоце канферэнцыі прыняў удзел вядомы расійскі рэжысёр дакументальных фільмаў і тэлепраграм, галоўны рэдактар тэлебачання і радыёвяшчання Студыі “Культура” Віктар Сяргеевіч Праўдзюк, які напрыканцы канферэнцыі падараваў Бібліятэцы некалькі дыскаў: “Великая и забытая. Самая полная видеоистория Первой мировой войны. Русская версия”, “Полководцы великой войны. 1914–1918”, “Вторая мировая война. День за днём. Русская версия”.
Бібліятэка, у рамках правядзення ў Скоках Міжнароднай канферэнцыі і ваенна-гістарычнай рэканструкцыі, падрыхтавала выставу літаратуры ”Вялікая Еўрапейская вайна. Кнігі. Дакументы. Фотаздымкі”. Яна экспанавалася два дні ў выставачнай зале сядзібы. Тут былі прадстаўлены энцыклапедычныя выданні, мемуары палкаводцаў і салдат Першай сусветнай вайны, кнігі вядомых гісторыкаў пра асноўныя падзеі і бітвы не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і другіх краін, кнігі з калекцыі рэдкіх кніг Бібліятэкі.
Асобным блокам на выставе былі прадстаўлены матэрыялы пра ваеннае перамір’е 15 снежня 1917 года і Брэсцкі мір. Кнігі А. Суворава “Брестская крепость.Война и мир”і “Брест на перекрестке дорог и эпох”, А. Гладышчука “Нямцэвічы”, артыкул А. М. Вабішчэвіча ”Крэпасць і горад Брэст-Літоўск у час Першай сусветнай вайны паводле сведчанняў відавочцаў”, зборнікі дакладаў Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі ў Скоках ”Первая мировая война на Беларуси”, вызвалі асобую цікавасць у наведвальнікаў мерапрыемства.
Тэма вайны знайшла свае адлюстраванне ў творчасці пісьменнікаў рознага пакалення, якія былі прадстаўлены на выставе: А. Блока, М. Гумілёва, М. Гарэцкага, С. Чорнага, М. Шолахава, А. Талстога, У. Гніламёдава і інш.
Зборнікі дакументаў, архіўныя матэрыялы, шматлікія фотаздымкі і паштоўкі дапоўнілі нашу экспазіцыю.
Выставу падрыхтавалі: Марашчук І. М., галоўны бібліятэкар агульнай чытальнай залы,
Казакова В. В., бібліятэкар агульнай чытальнай залы.