Брестская областная библиотека имени М. Горького |
|
Брестская областная библиотека имени М. Горького |
|
25 кастрычніка 2018 г. Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага сумесна з Інстытутам гісторыі НАН Беларусі зладзілі Міжнародны круглы стол да 130-годдзя Л. Дзекуця-Малея і 1000-годдзя г. Брэста «Лукаш Дзекуць-Малей (1888–1955): святар, настаўнік, перакладчык». Прапаведнік, рэлігійны дзеяч, перакладчык, выдавец — ён зрабіў значны ўнёсак у культурна-гістарычную спадчыну Беларусі і Берасцейшчыны.
Адкрыла круглы стол дырэктар Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага Стрыжэвіч Алена Якаўлеўна. Яна прывітала ўсіх прысутных і прадставіла ганаровых гасцей мерапрыемтва, сярод якіх: кандыдаты гістарычных навук Унучак Андрэй Уладзіміравіч і Бачышча Юрый Алегавіч; гісторык Уладзімір Віктаравіч Ляхоўскі; магістр багаслоў’я, рэктар Мінскай багаслоўскай семінарыі, епіскап аб’яднання цэркваў ЕХБ па г. Мінску і Мінскай вобласці Леанід Іванавіч Міховіч; пастар Царквы «Ян Прадвеснiк» (г. Мiнск) Антоній Бокун; прадстаўнікі евангельскіх цэркваў г. Брэста Сяргей Брышталь і Аляксандр Барысюк. Берасцейскую гістарычную і краязнаўчую грамадскасць прадстаўлялі: доктар гістарычных навук, прафесар Аляксандр Мікалаевіч Вабішчэвіч; доктар педагагічных навук, дацэнт Таццяна Вітальеўна Лісоўская; гісторыкі і краязнаўцы Валерый Вячаслававіч Мароз, Анатоль Антонавіч Гладышчук і інш. На мерапрыемста былі запрошаны і госці з суседняй рэспублікі. Польскую дэлегацыю складалі: гісторык, доктар габілітаваны Алена Глагоўская і нашчадкі Лукаша Дзекуця-Малея — унучка Альжбэта Дзекуць-Малей і ягоны праўнук Лукаш.
Унучка вядомага пастара Альжбэта падаравала ў фонд нашай Бібліятэкі сваю магістарскую працу «Лукаш Дзекуць-Малей (1888–1955), яго жыццё і дзейнасць у асяродку беларусаў і баптыстаў». Падчас мерапрыемства спадарыня Алена Глагоўская ўзгадала пра сваё знаёмства і сяброўства з сям’ёй Дзекуцяў-Малеяў, а таксама пра свае даследаванні жыцця Лукі Мікалаевіча і месца яго пахавання ў Гданьску. Дарэчы, яна адзначыла, што сёння адна з вуліц у гэтым горадзе носіць яго імя. Антоній Бокун распавёў пра асаблівасці перакладніцкіх прац Дзекуця-Малея і ўвогуле пра сучасныя пераклады Бібліі на беларускую мову (на сённяшні дзень іх налічваецца 12). «Круглы стол — не проста лагічны працяг выставы «Біблія і Беларусь», якая экспанавалася ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, але яшчэ і новы этап у даследаванні жыцця і творчай працы настаўніка, святара, перакладчыка Новага Запавету на сучасную беларускую мову», — адзначыў у сваім выступленні Аляксандр Вабішчэвіч.
На круглым стале былі прадстаўлены дакументы з асабістых архіваў жыхароў Брэста з арыгінальнымі подпісамі Лукі Дзекуця-Малея, культавыя рэчы з яго асабістага карыстання, грашовыя знакі, якія былі ў карыстанні ў Брэст-Літоўску (1921–1939 гг.). Таксама ўдзельнікі і госці круглага стала маглі пабачыць першае выданне Новага Запавету і Псалмоў 1931 г. (з асабістай калекцыі калекцыянера Андрэя Паўлючыка).
Напрыканцы мерапрыемства музычны гурт «Спасение» прэзентаваў прысутным сваю новую песню «Спадчына Дзекуць-Малея» на словы Аляксандра Барысюка, музыку напісаў Павел Шальпук.
Вынікам працы круглага стала сталі шматлікія прапановы прысутных, якія былі агучаны Андрэем Уладзіміравічам Унучакам. Сярод іх — назваць адну з вуліц горада Брэста імем Лукаша Дзекуця-Малея.
Спецыяльна да мерапрыемства супрацоўнікамі аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі была падрыхтавана кніжная выстава «Лукаш Дзекуць-Малей: асоба XX стагоддзя». Падчас круглага стала адбылася яе прэзентацыя. На выставе былі прадстаўлены матэрыялы з фондаў Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага: «Лукаш Дзекуць-Малей і беларускія пераклады Бібліі» (Брэст, 2011), «Евангельская Царква Беларусі: гісторыя і сучаснасць» (Мінск, 2014), дакументы Дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці «Брест в 1919–1939 гг.» (Брест, 2009), зборнікі канферэнцый «Берасцейскія кнігазборы: праблемы і перспектывы даследавання» (Мінск, 2016), «Брестчина: история и современность» (Брест, 2012), «Трансфармацыя культуры і грамадства Беларускага Палесся: мінулае, сучаснасць, перспектывы» (Брэст, 2003), «Славянские языки: системно-описательный и социокультурный аспекты исследования» (Брест, 2010) і інш. Таксама на выставе экспанаваліся ксеракопіі і арыгіналы перыядычнага мясцовага і рэспубліканскага друку.
Дваццаць тры гады свайго жыцця аддаў Лукаш Дзекуць-Малей нашаму гораду, дзе ён жыў і прапаведаваў. Яго імя атрымала шырокае прызнанне і вядомасць, жыццё і дзейнасць даследуюцца гісторыкамі і навукоўцамі, працы якіх з’яўляюцца ў друку. Са свайго боку бібліятэкі імкнуцца захаваць памяць пра асобу Дзекуця-Малея. Супрацоўнікі нашай установы і ўдзельнікі круглага стала спадзяюцца, што гэтая падзея вызаве рэзананс у грамадстве, а фонды Бібліятэкі папоўняцца новымі выданнямі аб жыцці і дзейнасці Лукаша Дзекуця-Малея.
Жэлянгоўская Ірына Іванаўна, галоўны бібліёграф аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі
Тэлефон для даведак: +375 162 57 48 79
Декуть-Малей: забытое имя брестского отца Белорусской Библии [Электронный ресурс] // Вечерний Брест. – Режим доступа: http://virtualbrest.by/news60132.php – Дата доступа: 29.10.2018