Брестская областная библиотека имени М. Горького |
|
Брестская областная библиотека имени М. Горького |
|
У зале аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі распачала сваю дзейнасць кніжная выстава “Зямной непаўторнасці мала…”, прысвечаная жыццю і творчай дзейнасці берасцейскага пісьменніка і перакладчыка Алеся Каско.
Ён з’яўляецца лаўрэатам Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова, Міжнароднай прэміі імя Ганны Краснапёркі (Германія), Літаратурнай прэміі Брэсцкага аблвыканкама імя У. Калесніка. 10 снежня Алесь Канстанцінавіч адзначае 65-гадовы юбілей. Адметна і годна гучыць голас нашага земляка ў сучаснай беларускай літаратуры:
* * *
Зямной непаўторнасці мала,
каб тое, што сееш, пажаць.
Маленства, юнацтва і сталасць —
Пад знакам адзіным: мяжа.
Але і пад гэтай пячаткай,
сарванай на міг, на іспыт,
жывеш не аднойчы пачаткам
дарогі ў бязмежны нябыт.
Бы храм, багавіш кут радзінны,
бы квет, беражэш маладосць,
мкнеш духам і словам з руціны,
дарма, што мяжа ўсё-ткі ёсць.
Даволі, што ёсць неўміручасць
імгнення; ёсць неба, зямля,
з якімі і зараз ты лучыш
сябе — і з’яднаеш пасля.
На выставе прадстаўлены асобныя зборнікі паэта, калектыўныя выданні, публікацыі ў мясцовым і рэспубліканскім перыядычным друку. Гэтыя крыніцы даюць магчымасць ўсім жадаючым азнаёміцца і з новымі творамі аўтара, і пагартаць старонкі сёння ўжо рарытэтных выданняў, каб прасачыць, з чаго пачынаўся творца Алесь Каско. Алесь Каско таксама вядомы як цікавы празаік, уважлівы публіцыст, таленавіты перакладчык. Ён выступае як адзін з аўтараў і ўкладальнікаў кніг: “Думы і песні Валыні. Творы паэтаў і празаікаў Вылыні ў перакладах берасцейскіх пісьменнікаў на беларускую мову” і "Берестейське багаття. Твори поетів і прозаȉків Берестейщіні в перакладах волинських літераторів украȉнською мовою”. Асобны раздзел прысвечаны літаратурна-крытычным даследванням і вывучэнню жыцця і творчай дзейнасці Алеся Канстанцінавіча. Сярод аўтараў водгукаў і рэцэнзій на яго творы: В. Я. Ляшук, Н. М. Борсук, А. А. Майсейчык, Л. М. Галубовіч і інш. Выстава аздоблена фатаздымкамі з фонда аддзела, на якіх адлюстраваны творца, яго родныя і блізкія, а таксама калегі па пяру.
Запрашаем усіх аматараў прыгожага пісьменства і прыхільнікаў творчасці пісьменніка ў аддзел краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага, дзе на працягу снежня экспануецца кніжная выстава “Зямной непаўторнасці мала…”.
Ірына Жэлянгоўская, галоўны бібліёграф аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі
Тэлефон для даведак: +375(162)57 48 79