Брестская областная библиотека имени М. Горького |
|
Брестская областная библиотека имени М. Горького |
|
17 красавіка споўнілася 80 гадоў з дня нараджэння нашага славутага земляка, паэта Міхася Рудкоўскага.
Міхась Рудкоўскі – сапраўдны майстра слова, які плённа шчыраваў на беларускай літаратурнай ніве. Аб гэтым сведчыць вялікая колькасць напісаных ім кніг: “Першыя вёрсты” (1963), “Сінія Брады” (1967), “Позвы” (1971), “У краі тым…” (1975), “Векавечная бацькаўшчына” (1976), “Трыгор’е” (1981), “Засцярога” (1984), “Залатазвон” (1986), “Да пребудешь ты в мире всегда” (у перакладзе на рускую мову С. Красікава) (1990), “Гарынь” (1992), “Трохперсце” (зборнік вершаў паэтаў Берасцейшчыны) (2008).
Сёння на радзіме паэта ў вёсцы Востраў Ганцавіцкі раёна створаны літаратурны музей М. Рудкоўскага, яго імя носіць Востраўская сярэдняя школа.
З нагоды юбілею паэта-земляка ў Ганцавіцкім раёне прайшлі святочныя мерапрыемствы. Сярод запрошаных гасцей: родныя і знаёмыя юбіляра, пісьменнікі і журналісты Берасцейшчыны, супрацоўнікі Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага. У складзе творчай делэгацыі, прадстаўленай паэтамі Міколай Пракаповічам, Алесем Каско, пісьменнікам Аляксеем Філатавым, здымачнай групай Брэсцкай студыі тэлебачання была і галоўны бібліёграф аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі нашай бібліятэкі Ірына Жэлянгоўская.
Гадзінай памяці на месцы пахавання, памінальнай службай і ўскладаннем кветак да магілы паэта распачаліся юбілейныя мерапрыемствы для зямлякоў і прыхільнікаў творчасці М. Рудкоўскага.
Каля роднай хаты, дзе нарадзіўся паэт, мы сустрэліся са старэйшай сястрой Міхася Лідзіяй Міхайлаўнай, якая там жыве.
У музеі памяці паэта прысутныя мелі магчымасць азнаёміцца з кніжнымі выданнямі і фатаздымкамі, дакрануцца да асабістых рэчаў пісьменніка, пачуць цікавы аповед аб яго жыцці і творчасці з вуснаў навучэнцаў роднай школы юбіляра.
Вечар памяці “Я вяртаюся зноўку і зноўку сюды…” сабраў поўную залу Дома культуры г. Ганцавічы. Са шчырымі прывітальнымі словамі, успамінамі аб жыцці і творчай дзейнасці Міхася Рудкоўскага распавядалі яго блізкія і землякі, паплечнікі і паслядоўнікі, госці і прадстаўнікі ўлады. У сценах Дома культуры гучалі вершы, прысвячэнні і песні на словы паэта.
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага таксама далучылася да святочных мерапрыемстваў у гонар паэта-юбіляра. У сценах нашай установы ў аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі дзейнічае разгорнутая кніжная выстава “Вяртаюся ў край свой дарагі…”, прысвечаная жыццю і творчасці Міхася Рудкоўскага, паэта, журналіста і нашага колішняга чытача.
Жэлянгоўская Ірына Іванаўна, галоўны бібліёграф аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі
Тэлефон для даведак: +375 (162) 20 90 41