Not seeing a Scroll to Top Button? Go to our FAQ page for more info.
 

Электронны рэсурс «Агонь душы Ніны Мацяш»

Электронны рэсурс «Шчыраверная слову. Галіна Малажай»

Электронны рэсурс «Уладзімір Калеснік — чалавек Адраджэння»

Виртуальный музей «Ян Чачот — прадвеснік беларускага Адраджэння»

Электронный ресурс «Узняцца да лёсу чалавечага: да 75-годдзя з дня нараджэння Валянцiны Локун (1946–2016)»



Рыгор Барадулін: летапіс жыцця і творчасці

Рыгор Барадулін: летапіс жыцця і творчасці



Рыгор Іванавіч Барадулін (24 лютага 1935, хутар Верасоўка, Ушацкі раён, Віцебская вобласць — 2 сакавіка 2014 г., Мінск), вядомы таксама як Дзядзька Рыгор, беларускі паэт, эсэіст і перакладчык.


Іван Рыгоравіч Барадулін — бацька паэта (1939 г.)

Нарадзіўся ў сям’і Івана Рыгоравіча і Акуліны Андрэеўны Барадуліных на хутары Верасоўка. У 1937 г. хутар быў ліквідаваны і сям’ю паэта перасялілі ва Ушачы. Пасля вайны Рыгор Барадулін вучыўся ва Ушацкай сярэдняй школе (скончыў у 1954 г.), затым на філалагічным факультэце БДУ (скончыў у 1959 г.).


Працаваў рэдактарам у розных перыядычных выданнях: газеце «Советская Белоруссия», часопісах «Бярозка», «Полымя», а таксама ў выдавецтвах «Беларусь» (з 1969 г.), «Мастацкая літаратура» (з 1972 г.).


У складзе дзяржаўнай дэлегацыі БССР прымаў удзел у 39-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (1984 г.).


Рыгор Барадулін быў актыўным членам Саюза беларускіх пісьменнікаў, адным са стваральнікаў і актыўных удзельнікаў Беларускага ПЭН-цэнтра (1989–1999 гг., прэзідэнт з 1990 г., віцэ-прэзідэнт з 1999 г.).


Быў жанаты з Валянцінай Міхайлаўнай Барадулінай. Дачка Ілона — мастачка, ёсць унучка Дамініка.


Памёр 2 сакавіка 2014 г. у сваёй кватэры ў Мінску.



Рыгор Барадулін (з кнігай) і Уладзімір Дубоўка (1961 г.).

Пачаў публікавацца ў 1953 г., першыя вершы былі надрукаваныя ў газеце «Чырвоная змена». Першы зборнік паэзіі «Маладзік над стэпам» выйшаў у 1959 г. Усяго выйшла каля 70 зборнікаў паэзіі (сярод іх ёсць зборнікі сатыры і гумару, а таксама вершы для дзяцей), крытычных артыкулаў, эсэ, перакладаў. Двойчы выдаваліся кнігі выбраных вершаў паэта (1984, 1996–2002).


Рыгору Барадуліну належыць і значная колькасць вершаваных перакладаў на беларускую мову, у т. л. «Слова пра паход Ігараў» (1986), кніг Федэрыка Гарсія Лоркі («Блакітны звон Грэнады», 1975), Габрыэлы Містраль («Ветраліст», 1984), Караля Вайтылы, Амара Хайяма («Рубаі»), твораў Шэкспіра, Байрана, Неруды, Міцкевіча, Ясеніна і інш.


Летам 2006 г. выйшла кніга выбраных вершаў Барадуліна «Руны Перуновы».


Творчасць паэта адрозніваецца разнастайнасцю жанраў, вобразна-стылявых сродкаў, яркай метафарычнасцю, псіхалагізмам, багаццем моўнай палітры. У яго творах адкрываецца жывая крыніца прыгажосці мовы і мудрасці народа, яго традыцый і звычаяў, своеасаблівай натурфіласофіі. Разам з тым народна-паэтычнае ў творчасці Рыгора Барадуліна нельга вылучыць з індывідуальнага. Дзякуючы такому сінтэзу паэту ўдаецца ствараць манументальныя вобразы Маці, Радзімы, Айчыны.


Захапленне лінгвістыкай


Схільнасць да лінгвістыкі праявілася ў Рыгора Барадуліна яшчэ падчас навучання ў беларускамоўнай школе мястэчка Ушачы. Барадулін быў выдатнікам па нямецкай мове, меў высокія адзнакі па рускай мове і літаратуры. Беларуская мова выклікала ў Барадуліна найбольшую цікаўнасць.


Творы Рыгора Барадуліна вылучаюцца вялікай колькасцю дыялектызмаў і неалагізмаў, яны выходзяць на розных нормах беларускай мовы: акадэмічнай, класічнай і аўтарскай норме самога паэта (у залежнасці ад выдавецтва).


У 2013 г. выйшаў «Вушацкі словазбор Рыгора Барадуліна». Гэта не проста дыялектны слоўнік з радзімы Рыгора Барадулін — Ушаччыны — гэта, па сутнасці, поўнае апісанне жывых традыцый цэлага беларускага раёна з асобнай «вушацкай», як кажа Барадулін, культурай. У кнізе сабрана амаль усё пачынаючы ад традыцыйных «ушацкіх» імёнаў, заканчваючы падрабязным апісаннем страў мясцовай кухні, святкаваннем народных і рэлігійных свят. Адметнай рысай кнігі з’яўляецца таксама і поўная адсутнасць цэнзуры, што робіць мову яшчэ больш жывой. Сам паэт казаў, што гэта самая галоўная кніга ўсяго яго жыцця, пісаць якую ён пачаў яшчэ ў дзяцінстве. «Вушацкі словазбор Рыгора Барадуліна» прызнаны лепшай кнігай 2013 г. па версіі газеты «Наша Ніва».


Сучасную сітуацыю з адначасовым існаваннем у беларускай мове дзвюх літаратурных нормаў паэт ацэньваў негатыўна, сцвярджаючы, што гэта спрыяе дэкансалідацыі беларускамоўнай часткі насельніцтва Беларусі, якая і гэтак складае меншасць. «Тарашкевіцу» паэт крытыкаваў за наяўнасць граматычных рыс, якія характэрныя для заходнеславянскай, а не ўсходнеславянскай моўнай падгрупы, за дамінаванне ў лексіцы заходнебеларускага дыялекту і за свядомую замену слоў, аднолькавых для рускай і беларускай моў, польскімі аналагамі. «Наркамаўку» — за лексічную русіфікаванасць, значную абмежаванасць у выкарыстанні прыстаўных гукаў, замену традыцыйных назваў беларускіх населеных пунктаў адпаведнікамі найноўшага часу. Рыгор Барадулін выступаў за распрацоўку і афіцыйнае зацверджанне новай версіі беларускага правапісу, пры стварэнні якога былі б улічаны:


1)      граматыка 1918 г. Браніслава Тарашкевіча і іншыя творы ў галіне так званага «класічнага правапісу», або «тарашкевіцы»;


2)      распрацоўкі ў галіне беларускага мовазнаўства савецкіх часоў (у т. л. нормы так званай «наркамаўкі»);


3)      усе захаваныя беларускія народныя гаворкі з іх адметнымі асаблівасцямі.


Фонд агульнай чытальнай залы Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага змяшчае кнігі, у якіх раскрыты жыццёвы і творчы шлях пісьменніка.


Зямля бацькоў дала мне права

Паэтыка Рыгора Барадуліна

Рыгор Барадулін. Паэт беларускай правінцыі

Тры мяхі дзядзькі Рыгора, альбо Сам-насам з Барадуліным

Super flumina Babylonis : біблейскія міфалагемы ў паэзіі Рыгора Барадуліна


Гарэлік, Л. М. Зямля бацькоў дала мне права: станаўленне творчай індывідуальнасці Рыгора Барадуліна / Л. М. Гарэлік ; [рэдактар М. М. Арочка]. – Мінск : Навука і тэхніка, 1983. – 126, [2] с.


У кнізе асэнсоўваецца творчы шлях аднаго з яркіх, самабытных беларускіх паэтаў, чые жыццёвыя турботы і імкненні блізкія сённяшняму чытачу, даследуецца шматграннасць таленту Р. Барадуліна, яго палымяная грамадзянскасць, сувязь з народнымі і класічнымі традыцыямі, непаўторнасць мастацка-вобразнага ўяўлення, багацце метафарычна-асацыятыўнага мыслення. Нястомны наватарскі пошук паэта разглядаецца ў адзінстве з агульнымі тэндэнцыямі і заканамернасцямі развіцця сучаснай савецкай паэзіі.


Разлічана на літаратураведаў, выкладчыкаў і студэнтаў, настаўнікаў сярэдніх школ, усіх аматараў паэзіі.

Дуброўскі, А. У. Паэтыка Рыгора Барадуліна: рытмічная арганізацыя верша / А. У. Дуброўскі ; навук. рэд. В. П. Рагойша. – Мінск : Рэйплац, 2006. – 127 с.


Кніга з’яўляецца першым манаграфічным даследаваннем рытмічнай арганізацыі верша Р. Барадуліна. Раскрыты заканамернасці функцыяніравання рытмічнай арганізацыі як кампанента паэтыкі верша. Прааналізаваны шырокі спектр версіфікацыйных форм паэзіі Р. Барадуліна. Значная ўвага надаецца семантыцы рытму і метра.


Для выкладчыкаў і даследчыкаў літаратуры, студэнтаў і ўсіх, хто цікавіцца паэзіяй.

Мельнікаў, А. М. Рыгор Барадулін. Паэт беларускай правінцыі / Андрэй Мельнікаў. – Мінск : Харвест, 2017. – 63 с. – (100 выдатных дзеячаў беларускай культуры).


Выданне выйшла ў серыі «100 выдатных дзеячаў беларускай культуры» і цалкам прысвечана жыццю і творчасці Рыгора Барадуліна.


У кнізе змешчана бібліяграфія твораў пісьменніка. Разлічана на ўсіх аматараў паэзіі.

Шапран, С. У. Тры мяхі дзядзькі Рыгора, альбо Сам-насам з Барадуліным : [кніга гутарак з пісьменнікам] / Сяргей Шапран. – Мінск : І. П. Логвінаў, 2012. – 360, [1] с. – (Кнігарня «Наша Ніва»).


«Тры мяхі дзядзькі Рыгора, альбо Сам-насам з Барадуліным» — кніга гутарак журналіста, лаўрэата літаратурнай прэміі імя Алеся Адамовіча Сяргея Шапрана з Рыгорам Барадуліным, размова ў якой ідзе не толькі пра чалавечы і творчы лёс народнага паэта Беларусі, але і пра родную Ушаччыну, пра маму Акуліну Андрэеўну і самых блізкіх сяброў: В. Быкава, У. Караткевіча, М. Стральцова, Г. Бураўкіна, У. Някляева. І ў непарыўнай сувязі з гэтым — пра літаратуру, родную мову і пра краіну, у якой Барадулін даўно адчувае сябе, па ўласным вызначэнні, іншакраінцам.

Штэйнер, І. Ф. Super flumina Babylonis : біблейскія міфалагемы ў паэзіі Рыгора Барадуліна / Іван Фёдаравіч Штэйнер. – Мінск : Кнігазбор, 2008. – 74, [1] с.


Аналізуюцца ўвасабленні асноўных кніг Бібліі («Эклезіяст», «Прытчы Саламонавы», «Найвышэйшая Песня Саламонава»), перапевы і перастварэнні евангельскіх міфалагем у паэзіі Р. Барадуліна пералому тысячагоддзяў на фоне класічных і нацыянальных традыцый. Зроблена спроба аналізу вобразна-выяўленчай сістэмы і паэтыкі твораў, паказана іх роля ў творчай эвалюцыі народнага паэта і беларускай паэзіі ў цэлым.

Прэміі і ўзнагароды


Пасведчанне Рыгора Барадуліна аб званні «Народнага паэта Беларусі»

Узнагароджаны ордэнамі Дружбы народаў, Знак Пашаны, латвійскім ордэнам Трох Зорак (атрымаў званне Афіцэра Ордэна [IV ступень], 1997), медалём Францыска Скарыны. Ганаровы доктар БДУ і ганаровы грамадзянін Ушацкага раёна. Рыгор Барадулін — апошні беларус, якому надалі званне «Народны паэт Беларусі» (1992). Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1976) і Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы (1976) за зборнік вершаў «Рум» і пераклады Гарсія Лоркі.


У 2006 г. кандыдатура Барадуліна была сярод намінантаў на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры за зборнік вершаў «Ксты».




Спіс выкарыстаных інтэрнэт-рэсурсаў:


1.      Біяграфія і невядомыя факты [Электронны рэсурс] // Афіцыйны сайт Рыгора Барадуліна. – Рэжым доступу: http://www.baradulin.by/biyagrafiya.html. – Дата доступу: 21.01.2020.


2.      Рыгор Іванавіч Барадулін [Электронны рэсурс] // Вікіпедыя : свабодная энцыклапедыя. – Рэжым доступу: https://be.wikipedia.org/wiki/Рыгор_Іванавіч_Барадулін. – Дата доступу: 21.01.2020.


3.