Not seeing a Scroll to Top Button? Go to our FAQ page for more info.
 

Прэзентацыя паэтычнага зборніка Алены Ігнацюк “Будзе ўсё наадварот”


Прэзентацыя паэтычнага зборніка Алены Ігнацюк “Будзе ўсё наадварот”

3 лістапада ў актавай зале Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага адбылася прэзентацыя чарговага паэтычнага зборніка Алены Ігнацюк “Будзе ўсё наадварот”.


Алена Ігнацюк нарадзілася 23 лютага 1962 г. у в. Восаўцы Драгічынскага раёна. Яна скончыла філалагічны факультэт Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна, працавала на радзіме, у Брэсце, у Мінску. Зараз, кандыдат філалагічных навук, Алена Ігнацюк выкладае ў Палескім дзяржаўным універсітэце, даследуе літаратуру, культуру, мастацтва, піша вершы. Паэзія Алены неаднаразова друкавалася ў беларускіх часопісах “Полымя”, “Маладосць”, “Нёман”, “Дзеяслоў”, “Роднае слова”, “Бярозка”, газеце “Літаратура і мастацтва”. Яна – аўтар паэтычных зборнікаў “Нота “ля” (Мінск, 2000), “Летаргія” (Мінск, 2006).Яе творчасць высока ацэньвалі Адам Мальдзіс, Уладзімір Арлоў, Леанід Галубовіч, Анатоль Кудравец.


Згодна традыцыі адкрыла імпрэзу дырэктар Бібліятэкі Тамара Данілюк, удумлівым і крыху іранічным мадэратарам мерапрыемства выступіў кандыдат філалагічных навук Уладзімір Сенькавец. Павіншаваць Алену Ігнацюк з новай кнігай прыйшлі брэсцкія пісьменнікі Мікола Пракаповіч, Лявон Валасюк, Уладзімір Лебедзеў, Мікола Аляхновіч, землякі Мікола Панасюк, Анатоль Дзенісейка і Міхась Кулеш. З Мінска прыехаў літаратуразнавец, крытык Ціхан Чарнякевіч, які прывёз прывітанні ад пісьменніцкай арганізацыі, а таксама асабіста Алеся Разанава і Васіля Жуковіча. Своеасаблівым падарункам для Алены стала мастацкае выкананне яе вершаў вучаніцамі ліцэя № 1 г. Брэста пад кіраўніцтвам Ларысы Візгульб.


Галоўны бібліёграф аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Ірына Жэлянгоўская, вядомая як беларуская паэтэса Ярына Дашына, таксама далучылася да віншаванняў і звярнула ўвагу прысутных на змястоўную кніжную выставу аб жыцці і творчасці Алены Ігнацюк “Дакрануцца да няўлоўнага”. Ілюстрацыямі да выставы сталі фотаздымкі з асабістага архіва Алены: малая Алёнка з любімай няняй “мамай” Фрузай, выпускніца школы і студэнтка Алена, дарослая прыгожая жанчына... Выстава будзе дзейнічаць на працягу лістапада ў аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі.


Кніга “Будзе ўсё наадварот” выйшла ў серыі “Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў “Кнігарня пісьменніка”.У анатацыі выдаўцы напісалі: “Для філасофскага асэнсавання быцця, для пошукаў ідэальнага хараства, для размовы з паэзіяй паэтка абрала імпрэсіяністычную манеру пісьма, асацыятыўную вобразнасць і галоўнае – шчырасць”. Сама Алена лічыць новую кнігу своеасаблівым працягам дзвюх папярэдніх.


У масцы я… На карнавале.

Вобраз мой не разгадалі

ўсе, хто знаў раней мяне.

Маску не адняць ад твару –

Як прылепленую мару…

Карнавал мой праміне?!

Альбо…

Я гуляла з сабою ў хованкі…

І падглядвала за сабой…

Нават вецер прыгожа-лёгенькі

Захапляўся такой гульнёй.

Ад сябе ці ад ветру хавалася

Ў самай гушчы крыклівых падзей.

Хто шукаў мяне – адгукалася

На той час у палоне надзей:

што “гульня мая – непатрэбная…”.

Мне хавацца? Ці ў гэтым сэнс?

Ад сябе ўцякаю дарэмна я

ў новы горад ці казачны лес…


Таццяна Кавенька, загадчыца аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі

Тэлефон для даведак: +375(162)57 48 79