Not seeing a Scroll to Top Button? Go to our FAQ page for more info.
 

Cустрэча з Аляксандрам Аляксандравічам Карскім


3 верасня ў памяшканні Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта адбылася сустрэча з Аляксандрам Аляксандравічам Карскім, праўнукам вядомага беларускага мовазнаўцы Яўхіма Фёдаравіча Карскага. Ініцыятарамі гэтай сустрэчы сталі Брэсцкая абласная бібліятэка і гістарычны факультэт БрДУ імя А.С. Пушкіна. З прывітальным словам звярнуліся прарэктар па навуковай дзейнасці і эканоміцы, кандыдат гістарычных навук, дацэнт У.В. Здановіч і доктар гістарычных навук, дацэнт, загадчык кафедры гісторыі славянскіх народаў А.М. Вабішчэвіч.


Вялікую цікавасць у прысутных выклікала выступленне Аляксандра Аляксандравіча Карскага, які распавядаў не толькі пра жыццё і дзейнасць свайго прадзеда, але і пра малавядомыя факты з жыцця родных. і блізкіх яму людзей, сувязі яго сям’і з Брэстчынай. Аляксандр Аляксандравіч прывёз з сабою новыя фотаздымкі з сямейнага архіва, нацельны крыжык, які быў падораны дзесяцігадоваму Яўхіму Праасвяшчэннейшым Аляксандрам, Епіскапам Мінскім і Бабруйскім, за добрыя веды Закона Божага.


Да гэтага мерапрыемства супрацоўнікі абласной бібліятэкі Т.В. Глазкова, І.М. Марашчук, В.К. Вірчык падрыхтавалі выставу “Я.Ф. Карскі: мовазнаўца, этнограф, фалькларыст (Да 150-годдзя з дня нараджэння)”. На ёй былі прадстаўлены рарытэтныя выданні: Карский Е.Ф. “Белорусы. Т.3” (Петроград, 1922), “Алексей Александрович Шахматов” (под редакцией С.Ф. Ольденбурга и Е.Ф. Карского. Ленинград, 1930), а таксама факсімільнае выданне “Славянская кирилловская палеография” (Москва, 1979), рэпрынтнае выданне працы Я. Карскага “Праваслаўныя святыні горада Вiльні” (Гродна, 2005), электронны дыск “Спадчына акадэміка Яўхіма Карскага” і інш.


Акрамя таго, на выставе можна было знайсці цікавыя біяграфічныя матэрыялы, кнігі і артыкулы пра навуковую дзейнасць, палітычныя погляды беларускага вучонага. Таксама экспанаваліся і працы самога Аляксандра Аляксандравіча Карскага: кніга “Карский Евфимий Фёдорович: библиографический обзор”, выдадзеная Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам у 2010 годзе, главы з яго будучай кнігі “Академик Карский”, артыкулы, апублікаваныя ў розных выданнях Беларусі, Украіны, Польшчы.


Для падрыхтоўкі выставы былі выкарыстаны матэрыялы не толькі з фонду абласной бібліятэкі, але і бібліятэк рэспублікі: Гродзенскай абласной, Прэзідэнцкай, Нацыянальнай, Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа. Даслала свае матэрыялы аб жыцці і навуковай дзейнасці Я. Ф. Карскага гарадская публічная бібліятэка г. Бяла- Падляскі (Польшча).


Гал. бібліятэкар чытальнай залы гуманітарных навук Марашчук І.М., 23-21-23