Not seeing a Scroll to Top Button? Go to our FAQ page for more info.
 

Бабіна лета Ніны Мацяш - 2012


20 верасня ў Белаазёрску адбылося штогадовае літаратурнае свята “Бабіна лета Ніны Мацяш”, якое ўжо ў трэці раз праходзіла ў родным горадзе славутай паэтэсы. Як і ў мінулыя гады ўшанаваць памяць паэткі ў Белаазёрск з’ехаліся госці з усіх куткоў Беларусі. Сярод іх — прадстаўнікі Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага.


Усе мы наведалі мемарыяльную кватэру Ніны Мацяш, сядзібу, дзе яна нарадзілася і вырасла, усклалі кветкі на магілу паэтэсы, разам памаліліся, адстаяўшы паніхіду ў белаазёрскай царкве.


Зала гарадскога Дома культуры сабрала шмат прыхільнікаў творчасці зямлячкі: вучняў, настаўнікаў, бібліятэкараў, сябраў і родзічаў. Гучалі вершы і песні на словы Ніны Іосіфаўны, цёплыя ўспаміны аб яе жыцці і творчай дзейнасці.


Дэлегацыю пісьменнікаў з Мінску прадстаўлялі: Анатоль Вярцінскі, Васіль Жуковіч, Эдуард Акулін, Алесь Пашкевіч, Міхась Скобла, Валянцін Перапёлкін і іншыя.Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч адзначыў, што вядзецца плённая праца па збіранню творчай спадчыны паэткі і заклікаў сяброў і землякоў пісьменніцы далучыцца да гэтага працэсу. Берасцейская сябрына (Іван Мельнічук, Лявон Валасюк, Сяргей Амяльчук) цёпла і шчыра ўзгадвала зямлячку, адзначала яе вялікі ўзнёсак у айчынную і сусветную літаратуру. У гэтым годзе на свята паэзіі прыехалі літаратары з Гародні: Алесь Пяткевіч, Ала Петрушкевіч. Безумоўна, найбольш шчыра і пранікнёна аб Ніне Мацяш адгукалася яе сяброўка, знакамітая паэтка і пісьменніца Данута Бічэль. Яна ўзгадала, як неаднаразова наведвала сваю сяброўку ў Белаазёрску, якія гасцінныя і цёплыя былі гэтыя сустрэчы.


Арганізатарам мерапрыемства, гарадской бібліятэцы Белаазёрска, якая носіць імя Ніны Мацяш, вядучым Тамары Кузняцовай і Галіне Скарыне ўдалося стварыць у зале атмасферу любові і павагі да сваёй зямлячкі.


Хочацца выказаць шчырую падзяку пісьменнікам Дануце Бічэль, Але Петрушкевіч і Васілю Жуковічу, якія падаравалі свае кнігі з автографамi Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага.


А на заканчэнне дамо слова самой паэтцы Ніне Мацяш:


Сябрыне

Не знадзейвайся. Перажыві.
Хоць якая, ды ёсць патоля:
Намарозіць радня па крыві —
Адагрэе радня па долі.

Скруха — зашмаргай… Перарві.
Ёсць лагода на боль, на скруху:
Адрачэцца радня па крыві —
Паратуе радня па духу.

Праўду гэту — як ёсць — прымі
Да сцяжыны далейшага руху.
Будзь здарова радня па крыві.
Будзь бяссмертна радня па духу

Тэлефон для даведак: +375 (162) 23 22 04 Жалянгоўская Iрына Iванаўна