У  кожным слове жыве дух усёй мовы.
                                                                                       
   Алесь Разанаў

ШТО СЯЛЬЦО, ТО СЛАЎЦО

Марыя Новік. Што сяльцо, то слаўцо

«ШТО СЯЛЬЦО, ТО СЛАЎЦО...»: ДАСЛЕДАВАННЕ МОВЫ БЕРАСЦЕЙСКА-ПІНСКАГА ПАЛЕССЯ Ў ПРАЦАХ  Г. М. МАЛАЖАЙ    

У сучаснай беларусістыцы імя Галіны Мікалаеўны Малажай вядомае шырокаму колу — навукоўцам, настаўнікам, студэнтам, школьнікам. Гэта абумоўлена найперш яе навуковай дзейнасцю. Прафесар, член-карэспандэнт Беларускай Акадэміі адукацыі, аўтарка публікацый па праблемах беларускай лінгвістыкі і лінгвадыдактыкі. Сярод іх — навуковыя манаграфіі, дапаможнікі для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў, падручнікі па беларускай мове для сярэдняй агульнаадукацыйнай школы з 11-гадовым і 12-гадовым тэрмінамі навучання. На кафедры беларускага мовазнаўства Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, якую яна ўзначальвала на працягу 26 гадоў, сфармавалася навуковая школа Г. М. Малажай, у кола даследаванняў якой былі ўключаны актуальныя праблемы вывучэння сучаснай беларускай лексікалогіі, фразеалогіі, лінгвадыдактыкі. Адным з прыярытэтных накірункаў навуковай дзейнасці Г. М. Малажай  было збіранне, сістэматызацыя, апісанне жывога народнага слова Берасцейска-Пінскага Палесся. Менавіта самабытнае палескае слова стала зместам шматлікіх навуковых артыкулаў
Г. М. Малажай. Збіранне і апісанне палескага слова вядзецца даследчыцай з пазіцыяў складальніка рэгіянальнага слоўніка. Найперш яе ўвагу прыцягваюць эмацыянальна-ацэначныя назвы асобы ў гаворках Берасцейшчыны. Так, аўтарка адзначае багацце эмацыянальна-ацэначных слоў, у тым ліку назваў асобы ў берасцейска-пінскіх гаворках, а таксама развітыя сінанімічныя рады ацэначных назваў асобы. Сярод характарыстычных слоў Г. М. Малажай вылучае паводле спецыфікі значэння дзве групы слоў: “якасна-ацэначныя словы, што спалучаюць указанне на меру, ступень уласцівай чалавеку прыметы (звычайна сталай) і нязначную эмацыянальную афарбоўку”, а таксама “эмацыянальна-ацэначныя словы з выразнай дадатнай або адмоўнай характарыстыкай асобы, для якіх характэрна эмацыянальна-экспрэсіўная афарбоўка” [1, с. 50]. Даследчыца вылучае цяжкасці, звязаныя з уключэннем такіх назваў у слоўнік, акрэслівае складаныя пытанні, звязаныя з распрацоўкай і падрыхтоўкай слоўнікавых артыкулаў. Сярод іншых праблемаў вылучае найбольш цяжкую — “прынцыпы падачы стылістычных паметаў” [1, с. 51]. У цэлым шэрагу наступных артыкулаў Г. М. Малажай прапануе матэрыялы для дыялектнага слоўніка Берасцейшчыны [2, с. 193–198], акрэслівае новыя накірункі ў вывучэнні палескага ацэначнага слова [3, с. 50–57]. Даследчыца зазначае, што “ацэначныя назвы асобы, што бытуюць у моўным асяроддзі жыхароў Брэсцкай вобласці, пакуль што не сістэматызаваны, не вывучаны ў семантычным і словаўтваральным аспектах” [3, с. 51]. У прапанаваным артыкуле Г. М. Малажай даследуе этымалогію адметных характарыстычных слоў, уласцівых гаворкам Берасцейшчыны. З клопатам пра рэгіянальны дыялектны слоўнік Галінай Мікалаеўнай напісаны цэлы шэраг артыкулаў, апублікаваных у калектыўных зборніках “Жывое слова”. Сярод аўтараў публікацый — і выкладчыкі кафедры беларускага мовазнаўства — В. М. Емельяновіч, Т. М. Кананенка, М. І. Аляхновіч, І. У. Сацута і інш. Пад кіраўніцтвам Г. М. Малажай была ўвасоблена ідэя стварэння дыялектнага слоўніка Берасцейшчыны. Складальнікі “Дыялектнага слоўніка Брэстчыны” [4] былі абмежаваныя невялікім аб’ёмам, аднак імкнуліся ўключыць найперш адметныя палескія словы, іх варыянты і сінонімы, у якіх — багатая інфармацыя пра матэрыяльную і духоўную спадчыну беларускага этнасу, пра яго стасункі з іншымі народамі. Патрабавальнасць да адбору ілюстрацыйнага матэрыялу дазволіла падаць найбольш адметныя кантэксты, сярод якіх шмат твораў вусна-паэтычнай творчасці. У гэтым бачыцца працяг традыцыі, пакладзенай яшчэ І. Насовічам і якая выразна выявілася ў лексікаграфічных працах
Г. М. Малажай. Выхад слоўніка не прыпыніў, а, наадварот, актуалізаваў праблемы далейшага даследавання гаворак Берасцейска-Пінскага Палесся. Гэта было звязана не толькі з тым, што аб’ём слоўніка быў абмежаваны і таму ў слоўнік не была ўключана вялікая частка сабранага матэрыялу, але і з тым, што Г. М.  Малажай акрэслівала новыя накірункі ў даследаванні самабытнага палескага слова. І найперш даследчыцу цікавілі характарыстычныя назвы асобы. З’яўляюцца новыя публікацыі, у якіх падаюцца каларытныя назвы, запісаныя на Берасцейшчыне. Так, у артыкуле “Ацэначныя назвы асобы ў гаворках Берасцейшчыны” [5], напісаным у суаўтарстве з Т. М. Кананенкай, падаюцца адметныя ацэначныя назвы, запісаныя ў родных мясцінах аўтараў, а таксама лексемы, сабраныя студэнтамі філалагічнага факультэта падчас дыялекталагічнай практыкі ды падчас працы над курсавымі праектамі.

Г. М. Малажай разглядае палескае слова не ізалявана, а ў кантэксце беларускай літаратурнай мовы, а таксама ў кантэксце іншых славянскіх моў і іх узаемасувязяў. Так, падымаючы праблему выкарыстання беларуска-польскіх моўных супастаўленняў і перакладаў у разнастайных лінгвістычных курсах, што засвойваюцца студэнтамі-філолагамі, Г. М. Малажай гаворыць пра важнасць “польскамоўных супастаўленняў пры вызначэнні этымалогіі слоў і фразеалагізмаў” [6, с. 73]. Аўтарка адзначае, што такі падыход актыўна выкарыстоўваецца выкладчыкамі Брэсцкага ўніверсітэта, якія распрацоўваюць навуковую тэму “Адлюстраванне народнай маралі ў ацэначных словах і фразеалагізмах Брэсцка-Пінскага Палесся” і рыхтуюць тэматычны слоўнік дыялектнай лексікі [6  с. 73].

Г. М. Малажай у сваіх артыкулах актуалізуе праблему грунтоўнага і цэласнага вывучэння гаворак Берасцейска-Пінскага Палесся дзеля акрэслення іх месца ў сістэме ўсходнеславянскіх моў. Сярод новых задачаў навукоўцаў аўтарка вызначае галоўную: “сабраць дыялектныя ацэначныя словы і фразеалагізмы, у якіх выразна адлюстроўваецца народная мараль” [7, с. 89]. Даследчыца адзначае, што ацэначныя назвы асобы, якія ўжываюцца ў гаворках Берасцейшчыны, зусім не вывучаныя, аднак “гэты пласт дыялектнай лексікі вызначаецца багаццем сінанімічных радоў, выразнай стылістычнай афарбоўкай лексем, наяўнасцю словаўтваральных варыянтаў” [7, с. 89]. Г. М. Малажай распавядае пра зробленае ў абраным накірунку даследавання. Так, пасля таго, як у 1991 годзе была складзена праграма-апытальнік
(І ч. — Малажай Г. М., Кананенка Т. М., ІІ ч. — Аляхновіч М. М. і Емельяновіч В. М.), а таксама быў спарадкаваны сабраны матэрыял, былі акрэслены прынцыпы стварэння новага тыпу дыялектнага слоўніка. На думку Галіны Мікалаеўны, у аснову такога слоўніка можа быць пакладзены тэматычна-алфавітны прынцып. “У загалоўкі тэматычных падборак — як зазначае аўтарка, — мяркуецца вынесці маральна-этычныя ацэнкі, выпрацаваныя ў асяроддзі жыхароў Брэсцка-Пінскага Палесся і акрэсленыя (каб гэта ўдалося) у трапных беларускіх выслоўях, напрыклад: “Што сяльцо, то слаўцо...”, “І шыла, і прала, і ткала, і ўсё — языком”, “На галаве строй, а ў хаце з лапатай стой...” і інш.” [7, с. 90]. Г. М. Малажай прапануе прыкладную структуру слоўніка, узяўшы ў якасці загалоўка прыказку “Адзін і пры месяцы робіць, а другі і пры сонцы спіць”, і дае агульную характарыстыку тэматычнай групы ацэначных назваў паводле адносінаў да працы, аб’яднаўшы іх прыказкай “Горуй, шчыруй і діток на шчасте годуй”, прапануе падборку адметных ацэначных назваў гэтай тэматычнай групы, што бытуюць на Берасцейшчыне. Вынікам задуманага стаў рукапісны слоўнік (складальнікі Г. М. Малажай, Т. М. Кананенка) пад назвай “Як пражывеш, так і праслывеш”. Ёсць спадзяванне, што задуманы тэматычны слоўнік эмацыянальна-ацэначнай лексікі Берасцейска-Пінскага Палесся будзе апублікаваны і такім чынам захаваецца жывое народнае слова, якое і называе, і выхоўвае.

Дыялектны матэрыял даследчыца разглядае не толькі як каштоўны скарб, які важна запісаць, зберагчы, уключыць у кантэкст часу і кантэкст гісторыі беларускай нацыянальнай культуры. Народнае слова — гаваркое, самабытнае, часта засвоенае з маленства, з матчыных вуснаў, — асэнсоўвалася Галінай Мікалаеўнай як важны, неабходны складнік прафесійнай падрыхтоўкі будучых настаўнікаў роднай мовы. Засваенне асаблівасцяў беларускай літаратурнай мовы, усіх яе ўзроўняў, даследчыца і таленавіты Настаўнік разглядае ў кантэксце атрыманых ведаў па дыялекталогіі. У сувязі з гэтым, на яе думку, “у курсе сучаснай беларускай літаратурнай мовы неабходна сістэматычна выкарыстоўваць дыялектныя матэрыялы” [7, с. 78].
Г. М. Малажай акрэслівае кола задачаў, якія ставіць выкладчык, выкарыстоўваючы матэрыял берасцейска-пінскіх гаворак у курсе сучаснай літаратурнай мовы. Сярод іх — і ўменне супастаўляць факты літаратурнай і дыялектнай мовы. Для гэтага аўтарка прапануе назіранні пра мнагазначнасць і аманімічнасць дыялектнай лексікі, прыводзіць цікавыя прыклады, звяртае ўвагу і на шляхі асэнсавання марфалагічных асаблівасцяў берасцейска-пінскіх гаворак у курсе “Марфалогія”, прапануе канкрэтныя факты для назірання і супастаўлення пэўных катэгорыяў і формаў часцінаў мовы ў дыялектнай і літаратурнай мове. 
      
У сувязі з развіццём новай філалагічнай навукі — лінгвістычнага аналізу тэксту —
Г. М. Малажай, аўтарка дапаможнікаў па гэтай дысцыпліне для студэнтаў ВНУ, паказвае ў сваіх працах на прыкладзе твораў М. Багдановіча, Я. Купалы, А. Пысіна, С. Грахоўскага, А. Лойкі, Я. Янішчыц ды іншых беларускіх паэтаў вобразна-выяўленчую ёмістасць слова ў мастацкім кантэксце. Асаблівую ўвагу звяртае на сэнс і эстэтычную функцыю гутарковага слова, выразу, беручы для аналізу творы Янкі Брыля, Івана Мележа, Якуба Коласа, Максіма Танка і іншых пісьменнікаў [8, с. 45–55]. Даследчыцу цікавяць і асаблівасці выкарыстання жывога палескага слова ў мастацкай прозе пісьменнікаў Берасцейшчыны. Так, праблемам выкарыстання дыялектнага слова ў творах Г. Марчука, творчасць якога знітавана з Палессем, прысвечаны артыкул “Лексіка-фразеалагічная адметнасць твораў Георгія Марчука” [9, с. 79–80]. Сярод самабытных выразаў — ездзіць “на лёды”, “на вэсну”, якія адкрываюць асаблівасці побыту палешукоў Пагарыння, Г. М. Малажай паказвае жывое палескае слова ў мове персанажаў, а таксама ў аўтарскай мове раманаў Г. Марчука “Крык на хутары”, “Кветкі правінцыі”, “Без ангелаў”. 
     
Актуалізацыя ў беларускай філалогіі праблемаў транслінгвістыкі тэксту абумовіла выхад публікацыяў Г. М. Малажай, у якой яна падымае пытанні адпаведнай дэкадзіроўкі тэксту. У коле гэтых праблемаў аўтарка разглядае вызначэнне семантыкі дыялектных слоў, ужытых у мастацкім творы. Для прыкладу вылучае арыгінальныя назвы дзіцячых гульняў, што сустракаюцца ў творах Г. Марчука, паказвае семантыку і этымалогію цяжка вытлумачальных слоў, сярод якіх — маянка, карагля, клёц, пікар і інш. Даследчыца адзначае і іншыя адметныя дыялектызмы ў творах пісьменнікаў Берасцейшчыны, найперш вылучае тыя словы і выразы, значэнне якіх не вынікае з блізкага кантэксту. У такіх выпадках, на думку Г. М. Малажай, “надзейны, хоць і складаны прыём іх вытлумачэння — выяўленне этымалогіі слоў з увагаю да рэалій мясцовага побыту і асаблівасцей народных звычак пэўнага рэгіёна, звязанага з творчасцю мастака слова” [10, с. 181]. 

Галіну Мікалаеўну цікавілі і праблемы функцыянавання стылістычна маркіраваных моўных сродкаў у навуковым тэксце. Адметныя назіранні і высновы зрабіла даследчыца, прааналізаваўшы ролю стылістычна пазначаных слоў у літаратурным нарысе У. Калесніка “Сцяжыны міфа”. Г. М. Малажай звяртае ўвагу на майстэрскае выкарыстанне У. Калеснікам жывога народнага слова ў навуковай плыні нарыса [11, с. 162–165]. Увага да вобразна-выяўленчай функцыі гутарковага слова ў мастацкім кантэксце — у шматлікіх публікацыях Г. М. Малажай. Неаднаразова даследчыца звярталася да аналізу мастацкай прозы свайго Настаўніка — Фёдара Міхайлавіча Янкоўскага. Найперш паказвае, аналізуе “словы-вобразы”, “словы-характарыстыкі”. “Гаваркія словы на старонках кніг Ф. Янкоўскага, — як зазначае Г. М. Малажай, — гэта ўзятыя з самога жыцця мовы народа прыклады словаўжывання. Іх не знойдзеш у слоўніках літаратурнай мовы. Таму вызначаюцца яны выразнай стылістычнай маркіраванасцю, унутранай (інгерэнтнай) экспрэсіўнасцю” [12, с. 114–118]. 
      
Даследчыца, аналізуючы жыццё гутарковага слова ў мастацкай прозе беларускіх аўтараў, адзначае, што “ўнутраная форма” большасці гутарковых слоў, выяўленых у празаічных творах 60–90-х гадоў, настолькі выразная або незвычайная, што само слова робіцца значнай мастацкай дэталлю ў аўтарскім апісанні або апавяданні” [13, с. 163].

Трапнае народнае слова, яго сэнсава-эмацыянальная напоўненасць у жывым маўленні палешукоў, а таксама ў кантэксце мастацкага ці навуковага твора было заўсёды прыярытэтным накірункам навуковых даследаванняў Г. М. Малажай, а таксама яе вучняў. Невыпадкова для дысертацыйнага даследавання была абрана тэма “Сінанімія і варыянтнасць у дыялектнай фразеалогіі (на матэрыяле гаворак Брэстчыны)”. Пад кіраўніцтвам прафесара Г. М. Малажай Касцючык В. М. рэалізавала ідэю Настаўніка — увесці ў навуковы набытак арыгінальны матэрыял — устойлівыя выразы з гаворак Берасцейска-Пінскага Палесся. Гэты матэрыял — аснова для будучых тлумачальных і сінанімічных фразеалагічных слоўнікаў. Гэта каштоўны матэрыял для вывучэння фразеалагічных адзінак славянскіх моў, а найперш гаворак беларуска-польска-ўкраінскага памежжа. Публікацыя фразеалагічнага матэрыялу Берасцейска-Пінскага Палесся ў навуковых зборніках па-за межамі Беларусі [14, с. 275–283] дазваляе ўключыць гэты каштоўны матэрыял у шырэйшы кантэкст, што спрыяе больш грунтоўнаму і шматграннаму вывучэнню культуры палескага краю. 
      
Знакам мудрага і зацікаўленага стаўлення Г. М. Малажай да роднага слова з’яўляецца калектыўная манаграфія “Слова і фразеалагізм у літаратурным і дыялектным кантэксце” [15], дзе сабраны артыкулы выкладчыкаў кафедры беларускага мовазнаўства Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Тут акрэслены здабыткі і накірункі навуковых пошукаў вучняў Г. М. Малажай, прадстаўнікоў яе навуковай школы, якія імкнуцца годна працягваць справу свайго Настаўніка. Такім знакам годнасці з’явіўся і “Рубельскі лексіка-фразеалагічны слоўнік” М. І. Пашкевіча. 

                                                                              Літаратура 

1. Малажай, Г. М. Эмацыянальна-ацэначныя назвы асобы ў гаворках Брэстчыны і іх месца ў рэгіянальным слоўніку / Г. М. Малажай // Рэгіянальныя асаблівасці беларускай мовы, літаратуры і фальклору. – Гомель, 1973. – С. 49–51.

 2. Малажай, Г. М. Ацэначныя назвы асобы з гаворак Брэсцкай вобласці /
Г. М. Малажай // Народная лексіка. – Мінск, 1977. – С. 193–198.

3. Малажай, Г. М. Да этымалогіі некаторых ацэначных назваў асобы / Г. М. Малажай // Беларуская мова і мовазнаўства. – 1975. – Выпуск 3. – С. 50–57.

4. Дыялектны слоўнік Брэстчыны. – Мінск : Навука і тэхніка, 1989. – 294 с.

5. Малажай, Г. М. Ацэначныя назвы асобы ў гаворках Брэстчыны / Г. М. Малажай,
Т. М. Кананенка // Жывое народнае слова : дыялекталагічны зборнік. – Мінск, 1992. – С. 153–159.

6. Малажай, Г. М. Месца і роля беларуска-польскіх моўных супастаўленняў і перакладу ў падрыхтоўцы настаўніка-філолага / Г. М. Малажай, Т. М. Кананенка // Беларуска-польскае ўзаемадзеянне ў галіне культуры : матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі. – Брэст, 1993. – С. 70–73.

7. Малажай, Г. М. Адлюстраванне народнай маралі ў ацэначных словах і фразеалагізмах Брэсцка-Пінскага Палесся / Г. М. Малажай // Рэгіянальныя асаблівасці Берасцейска-Пінскага Палесся ў мове, фальклоры і літаратуры : матэрыялы рэспубліканскай навуковай канферэнцыі, 9–10 лістапада 1994 г. – Брэст, 1994. – С. 89–91.

8. Малажай, Г. М. Функцыянальная значнасць моўных адзінак у мастацкім кантэксце / Г. М. Малажай // Веснік Брэсцкага ўніверсітэта. – 1998. – № 1. – С. 49–55.

9. Малажай, Г. М. Лексіка-фразеалагічная адметнасць мовы твораў Георгія Марчука / Г. М. Малажай // Праблемы адукацыі, навукі, культуры беларускага Палесся : матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі, 22–23 лістапада 1996 г., г. Мазыр. – Мазыр, 1996. – Ч. 1. – С. 79–80.

10. Малажай, Г. М. Вызначэнне семантыкі дыялектызмаў пры лінгвістычным аналізе мастацкіх тэкстаў / Г. М. Малажай // Чалавек. Этнас. Тэрыторыя. Праблемы развіцця заходняга рэгіёна Беларусі : Матэрыялы Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі. – Брэст, 1998. –
С. 177–182.

11. Малажай, Г. М. Функцыянальная значнасць маркіраваных моўных сродкаў у навуковым кантэксце (на матэрыяле кнігі Уладзіміра Калесніка «Усё чалавечае» /
Г. М. Малажай // Матэрыялы навуковай канферэнцыі «Сучасныя праблемы беларусікі», прысвечанай прафесару Уладзіміру Андрэевічу Калесніку. – Брэст: БрДУ, 2000. – С. 162–165.

12. Малажай, Г. М. Характарыстычнае слова ў мастацкім кантэксце Фёдара Янкоўскага / Г. М. Малажай, Л. І. Арочка // Актуальныя пытанні беларускай лінгвістыкі (да 80-годдзя прафесара М. С. Яўневіча) : зборнік навуковых артыкулаў. – Мінск, 2002. – С. 114–118.

13. Малажай, Г. М. Беларускае гутарковае слова як сродак вобразнасці ў мастацкім кантэксце / Г. М. Малажай // Мастацкі вобраз: генезіс, эвалюцыя, сучасны стан : матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі, 28–30 верасня 2000 г. – Брэст, 2001. – С. 162–166.

14. Малажай, Г. М. Фразеалагічная варыянтнасць на аснове тэматычнай агульнасці назоўнікаў, адпаведных заменнікам ФА, у гаворках Берасцейшчыны / Г. М. Малажай, В. М. Касцючык // Studia Russica. – Budapest, 1999. – С. 275–283.

15. Слова і фразеалагізм у літаратурным і дыялектным кантэксце : манаграфія /
Г. М. Малажай [і інш.]. – Брэст : БрДУ, 2004. – 123 с.

                                                                        Дыялекталогія і гісторыя беларускай мовы:
                                                                        матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі,
                                                                        Мінск, 15–16 красавіка 2007 г. – Мінск, 2008. – С. 183-188.

Галіна Малажай. Адлюстраванне народнай маралі ў ацэначных назвах і фразеалагізмах Берасцейска-Пінскага Палесся

АДЛЮСТРАВАННЕ НАРОДНАЙ МАРАЛІ Ў АЦЭНАЧНЫХ СЛОВАХ І ФРАЗЕАЛАГІЗМАХ БЕРАСЦЕЙСКА-ПІНСКАГА ПАЛЕССЯ

Гаворкі Брэсцка-Пінскага Палесся надзвычай адметныя, асабліва ў лексіка-фразеалагічным аспекце. Прадстаўнікі культурна-асветніцкага згуртавання “Палессе” нават ставяць пытанне пра літаратурны статус палескай мовы. Ёсць выказванні, сцверджанні і пра тое, што гаворкі Брэсцка-Пінскага Палесся з’яўляюцца гаворкамі не беларускай, а ўкраінскай мовы. У дыскусію ўцягнены розныя прадстаўнікі грамадства, сярод якіх нямала аматараў з гіпертрафіраванымі прэтэнзіямі на беспамылковасць вывадаў і рэкамендацый. Пры гэтым пад увагу бяруцца, як правіла, фанетычныя асаблівасці гаворак Брэсцка-Пінскага Палесся, і тут ідуць спасылкі на грунтоўныя працы акадэміка Я. Карскага. Аднак фанетычны лад мовы — гэта толькі яго гукавая абалонка. Мова ж існуе дзеля камунікатыўных зносін і для наймення ўсяго таго, што акаляе людзей. Таму сутнасць яе найперш выяўляецца ў лексіка-фразеалагічных рэсурсах. І каб вызначыць месца гаворак Брэсцка-Пінскага рэгіёна ў сістэме ўсходнеславянскіх моў, неабходна не адно навуковае даследаванне, у тым ліку лексікаграфічнага характару. Калектыў выкладчыкаў кафедры беларускай мовы ў 1989 г. выдаў “Дыялектны слоўнік Брэстчыны”, у якім адлюстравана значная колькасць лексем названага рэгіёна. Цяпер жа частка былога калектыву паставіла перад сабою задачу — сабраць дыялектныя ацэначныя словы і фразеалагізмы, у якіх выразна адлюстроўваецца народная мараль, і выявіць:

— як гэтыя лексемы і фразеалагізмы суадносяцца з лексемамі і фразеалагізмамі беларускай літаратурнай мовы;
— колькі сярод ацэначных найменняў, што ўваходзяць непасрэдна ў бытавы пласт гаворак, фактаў, якія суадносяцца з лексіка-фразеалагічнымі адзінкамі ўкраінскай, рускай і польскай моў.
  
Задуманая праца, зразумела, не на адзін год, тым больш, што ставіцца задача стварыць тэматычны слоўнік, як нам думаецца, арыгінальнай структуры і арыгінальнага зместу. 


                                                                    Аналітычны агляд   

Дыялектныя слоўныя запасы беларускай мовы прыцягваюць увагу ўсё большай колькасці даследчыкаў. З’явілася нямала навуковых публікацый, у якіх апісваюцца лексічныя асаблівасці розных гаворак, паказваецца рэгіянальная спецыфіка асобных тэматычных груп лексікі, раскрываюцца невычэрпныя словаўтваральныя магчымасці жывой народнай мовы. Але лексіка, што ўжываецца ў беларускіх гаворках для характарыстыкі чалавека (яго знешняга выгляду, фізічнага стану, адносін да працы і грамадства), у мовазнаўстве амаль не была прадметам спецыяльнага даследавання. Можна назваць толькі дысертацыю К. М. Панюціч “Лексіка сучаснай народнай гаворкі Ушаччыны” (Мінск, 1971), а потым яе манаграфію “Лексіка народных гаворак” (Мінск, 1976). Другі раздзел гэтых прац прысвячаецца аналізу лексікі для характарыстыкі чалавека. Грунтоўныя і цікавыя назіранні над словаўтваральнымі мадэлямі некаторых ацэначных назваў знаходзім у манаграфіі П. У. Сцяцко “Народная лексіка і словаўтварэнне”, у дысертацыі П. В. Вярхова “Суфіксальнае ўтварэнне назоўнікаў у беларускай мове ХV–ХХ стагоддзяў”, у артыкулах і манаграфіі М. П. Паўленкі, у артыкулах В. А. Ляшчынскай. Гэты пласт лексікі неяк абмінаюць увагаю даследчыкі лексікі Палесся.
 
Ацэначныя назвы асобы, што ўжываюцца на Брэстчыне, зусім не былі прадметам вывучэння. А гэты пласт дыялектнай лексікі вызначаецца багаццем сінанімічных радоў, выразнай стылістычнай афарбоўкай лексем, наяўнасцю словаўтваральных варыянтаў.
      
Пытанне пра моўныя сродкі выражэння эмацыянальнасці, пра прыроду слоў з экспрэсіўна-ацэначнай афарбоўкай таксама прыцягвала ўвагу айчынных і замежных лінгвістаў, але і да гэтага часу канчаткова не вырашана. Цікавасць да гэтай праблемы выклікана тым, што высвятленне аб’ектыўных заканамернасцяў спалучэння ў мове інтэлектуальнага і эмацыянальнага з’яўляецца заўсёды актуальным, бо ў гэтым значна выяўляецца спецыфіка моўных з’яў, фактаў, якія ў працэсе масавай камунікацыі служаць важным сродкам зносін.
    
Распрацоўку праблемы калектыў распачаў у сакавіку 1991 г. Найперш была складзена праграма-апытальнік з дзвюх частак. Першую частку склалі Малажай Г. М. і Кананенка Т. М., другую — Аляхновіч М. М. і Емельяновіч В. М. У аснову першай часткі праграмы пакладзены тэматычна-ацэначны прынцып, напрыклад, вылучаюцца найменні, якія характарызуюць асобу па яе адносінах да працы — станоўчых (роботяга, трэпэтуха…) і адмоўных (гультай, моняло…); па адметнасцях паводзін у грамадскім асяроддзі (волоцуга, трандычыха, рохля…); па знешніх фізічных прыкметах (гойман, кордупель, вірлач…) і г. д. У аснову другой часткі праграмы пакладзены семантыка-стылістычны падыход, які дае мажлівасць апісаць выяўленыя ў гаворках фразеалагізмы, супастаўляючы іх з літаратурнымі адпаведнікамі, апісанымі ў манаграфіі І. Я. Лепешава “Праблемы фразеалагічнай стылістыкі і фразеалагічная норма” (Мінск, 1987), напрыклад: з мухамі ў носе — капрызлівы, ганарлівы чалавек; умытая росіцаю прыгожая ад прыроды дзяўчына, маладзіца; да трох не гавары нервовы, гарачы чалавек.
      
Спарадкаваны матэрыял даў магчымасць акрэсліць агульныя падыходы да стварэння тэматычнага дыялектнага слоўніка. Ён можа мець тэматычна-алфавітны прынцып. У загалоўкі тэматычных падборак мяркуецца вынесці маральна-этычныя ацэнкі, выпрацаваныя ў асяроддзі жыхароў Брэсцка-Пінскага Палесся і акрэсленыя (каб гэта ўдалося) у трапных беларускіх выслоўях, напрыклад: Што сяльцо, то слаўцо…; І мыла, і прала, і ткала, і ўсё – языком; На галаве строй, а ў хаце з лапатай стой… і інш. 
 

                  Семантыка-стылістычная характарыстыка ацэначных назваў асобы  
 
У працэсе вывучэння лексічных запасаў гаворак як пэўнай сістэмы агульнанародныя і дыялектныя словы характарызуюць на роўных правах, бо, як зазначае Ф. П. Філін, “з пункту погляду носьбітаў гаворкі дыялектызмаў не існуе”. Таму ў час збірання матэрыялу, яго характарызавання фіксаваліся ўсе ацэначныя назвы асобы, якія ўжываюцца ў розных раёнах Брэсцкай вобласці. Запісы рабіліся ў Брэсцкім, Камянецкім, Кобрынскім, Пружанскім, Маларыцкім, Пінскім, Ганцавіцкім, Столінскім, Драгічынскім раёнах. Найбольш матэрыялу ў картатэцы з Драгічынскага, Ганцавіцкага, Столінскага і Кобрынскага раёнаў.

Пры аналізе зафіксаваных ацэначных назваў асноўная ўвага ўсё-такі звяртаецца на тыя словы, якія не ўжываюцца ў літаратурнай мове. Праўда, пры вызначэнні ўзаемаадносін паміж дыялектнай лексікай і лексікай літаратурнай мовы сустракаюцца цяжкасці. Актыўная праца над тэмаю вялася тады, калі не было яшчэ акадэмічнага “Тлумачальнага слоўніка беларускай літаратурнай мовы”, да гэтага часу няма зводнага слоўніка беларускіх народных гаворак, мала і рэгіянальных слоўнікаў. Вырашаючы пытанне, ці з’яўляецца тое ці іншае слова літаратурным, даводзілася карыстацца пераважна “Беларуска-рускім слоўнікам” (Мінск, 1962), “Руска-беларускім слоўнікам” (Мінск, 1953), дзе ацэначныя назвы звычайна маюць паметы разм., абл.
      
Без спецыяльных назіранняў можна сказаць, што дыялектная лексіка значна багацейшая на ацэначныя назвы, чым літаратурная. У ацэначных словах звычайныя намінатыўныя значэнні спалучаюцца з указаннем на пэўныя адметныя якасці асобы, напрыклад: скыбыха — скупая жанчына; швэндало – непаседлівы чалавек, які ходзіць без мэты; мохняўка — непаваротлівы, нязграбны чалавек; надурэй — неразумны, някемлівы чалавек; жлуктач — п’яніца; кушылыха пляткарка; огрызя той, хто не змоўчыць, агрызаецца.


                                                  Пра тэматычны дыялектны слоўнік  

Першасны варыянт слоўніка створаны. Ён мае дзевяць раздзелаў, якія адпавядаюць тэматычным пластам дыялектнай эмацыянальна-ацэначнай лексікі. Кожны раздзел пачынаецца невялікім навукова-папулярным уступам і мае адпаведныя падраздзелы, сэнс якіх мэтанакіравана падводзіцца пад распаўсюджаныя на Брэсцка-Пінскім Палессі прыказкі. Гэта новы падыход да стварэння лексікаграфічнай працы. Ён дае магчымасць не паўтараць тлумачэння ацэначнай лексемы, не даваць ёй стылістычнай характарыстыкі. Інакш бы нельга было пазбегнуць паўтарэнняў, таўталогіі. Аўтары слоўніка імкнуліся ў назвах падраздзелаў змясціць семантыка-стылістычную інфармацыю, якая і аб’ядноўвае адпаведныя семантычныя палі дыялектнай лексікі. Першы раздзел слоўніка, напрыклад, мае назву “Адзін і пры месяцы робіць, а другі і пры сонцы спіць”, а яго падраздзелы аб’ядналі ацэначныя назвы асобы, якія па-рознаму характарызуюць людзей па іх адносінах да працы: “Горуй, шчыруй і діток на шчасте годуй”; “ Нэ хочэцця, дык нэ можэцца,; “Од людэй сміх і од Бога гріх”; “Працуе і смаку нэ чуе”; “Гультяй і  сядзець стамляецца”. Назва другога раздзела “Калі б на свеце не было б дурняў, то і разумных не стала б”, думаецца, адразу сведчыць пра тое, што будуць сістэматызаваны ацэначныя назвы, якія характарызуюць асобу па яе разумовых якасцях. Падраздзелы групуюць найменні па тых семантычных і стылістычных адценнях, якія вызначаюць ацэначныя лексемы: “Нэ сілою, то розумом”, “Розум не кулеш, у голову не ўвольеш”, “Вырос до нэба, а дурны як не трэба”, “Гуляючы, розуму ны прыдбаіш”, “Пусціўся Мікіта ў валакіту…”, “Нэдбаліца і п’яніца — брат і сэстрыца”…
     
Сабраныя фразеалагізмы таксама сістэматызаваны: вызначана іх значэнне, прыведзены прыклады. Асноўны матэрыял увайшоў у змястоўны артыкул, які падрыхтавала В. М. Емельяновіч і адправіла ў акадэмічны навуковы зборнік.

                                                                                                                                              З рукапісаў Г. М. Малажай

Галіна Малажай. З матэрыялаў да слоўніка

З МАТЭРЫЯЛАЎ ДА СЛОЎНІКА 
«ЯК ПРАЖЫВЕШ, ТАК І ПРАСЛЫВЕШ»

                                АДЗІН І ПРЫ МЕСЯЦЫ РОБІЦЬ, А ДРУГІ І ПРЫ СОНЦЫ СПІЦЬ

Спрадвеку людзі ацэньвалі сваіх родных, блізкіх, знаёмых па тым, як яны ставяцца да працы. Дбайны і старанны чалавек забяспечвае дабрабыт сабе і сваёй сям’і. Руплівая і рухавая гаспадыня паспявае і дома стварыць утульнасць, і каля хаты ўсё дагледзець, і на службе справіцца. Такіх на Брэстчыне заўсёды заўважалі, паважалі, часам зайздросцілі, звычайна —  па-добраму, зрэдку з нядобразычлівасцю. Станоўчая народная ацэнка працавітасці замацавалася ў шмат якіх прыказках: Хто дбае, той і мае; Божа, дапамажы, а ты, нябожа, не ляжы; Работа ў доброго господара заўсёды нойдзецца.
      
На Брэсцка-Пінскім Палессі адмоўна ставяцца да няспрытных у працы людзей. Найбольш сярод іх звычайных гультаёў, якім хочацца пажыць за кошт працавітых і руплівых, старанных і дбайных. Нямала і няўдалых, няспрытных ад прыроды, надта павольных, нерухлівых. Пра такіх у народзе кажуць: Гультаю заўсёды свято; Жывэ абы дэнь до вэчора; І ў працы дрэмле, і на вэчорках спыть.
      
Асабовыя назвы, якія ацэньваюць людзей па адносінах да працы, умоўна аб’яднаем спецыяльна падабранымі прыказкамі, што бытуюць на Брэстчыне.


                                          ГОРУЙ, ШЧЫРУЙ І ДІТОК НА ШЧАСТЕ ГОДУЙ    

 ГАСПАДАР, ГОСПОДАР м. Добра жыве дачка. Мужык еі настояшчы госпадар. І рукі добрые, і голова розумная. Шэйпічы Пруж. Гэтой чоловек  господар-господар. І хапае ў ёго сілы на ўсэ ў господарцы. Шылін Бяроз.

ГОРОВАЛЬНІК м. і ж. Гэтой горовальнік робыть, бы муряшка, цілый дэнь. Маладзельчыцы Пін.    
     
 ГОРУЛЯ м. і ж. От і горуля наша Каця, як машына ўсё робіць В. Малешава Стол. 
    
 ГОРУХА м. і ж. Колы ны прыйды, то гэтой горуха усе шчось робыть. Асабовічы Пін. У мане ўсе дочкі  горухі, беды нема. Мачуль Стол. Гэта горуха ныек ны посыдыть, усюды ўспіе. Псышчава Іван.
      
ДБАЙЛЫВЫЙ  м. Дбайлывый еі чоловік, добрэ так жыты. Хаціслаў Малар.
     
ЗАЯДА м. і ж. Твый, Манё, такая заяда до роботы, шчо з трактора ны злазыть з ранку до вэчора. Моладава Іван. От заяда рыбак будзе, бы стары Міроша. Гарадзец Стол. От ужэ заяда, хватае і хватае ягоды бэз пэрэстанку і бэз одпочынку. Маладзельчыцы Пін.
      
ЗДАТНІЦА ж. А гэта Грыпіна така здатніца, за шчо не возьмецца, усё зробіць: і пошые, і помые, і покосіць, і звяжэ, навет стога скідае. В. Малешава Стол. Ны була б вона така здатніца. На юй усэ сяе. Біллё гэтак чысто помытэ, як у ныкого. Моладава Іван.
       
ОГНЯНКА ж. Огнянка Мар’іна дочка. Тут почала дялку полоты, тут і кончыла. Моладава Іван.
     
ПЛУГ м. Плуг гэты Міхась. Але ўжэ Маруся і жыве за ім. Сама ляжыць, а ён і за яе і за сябе ўсю работу паробіць. Шэйпічы Пруж.
     
ПРАЦОЎНІК м. Працоўнік за роботою свету не бачыць. Німа ніколі адпачынку, ні разу ніхто не бачыў, каб калі ляжаў. В. Кругловічы Ган. 
     
ПРОВОРНЯК м. Рая ў мэнэ ны такая, а Люба – такый проворняк, хутко зробыть і хорошэ так. Выжлавічы Пін. 
      
ПЫРЫБІЛУХА ж.Прыбілуха ны купыть абы-шчо, ны наложыть абы-чого, а сама як зробыть шчо, то любо глянуты. Моладава Іван. 
     
РАБОТНІЧАК м. Ах, работнічак мой! І што б я без цябе рабіла, і хто мне памагаць будзе, як ты з дому пойдзеш? Шэйпічы Пруж. 
     
РАБОТЬКО м.і ж. Ну і работько хлопыц. По цілым днем дома помагае. Брашэвічы Драг.
   
РАБОТЯГА, РОБОТЯГА, РАБОЦЯГА, РУБУТЯГА м. У Мартына он якій работяга. Ужэ й хату построів. Моладава Іван. Усёй свуй вік прогороваў гэтой роботяга, а шчо на ёму знаты. Асабовічы Пін. Ото сына мае Ганна. Рубутяга з рубутяг. Дарапеевічы Малар. 
     
РОБОТУХА, РОБОТЮХА ж. Малая, а такая роботуха, усэ дома пэрыробыть. Крамно Драг. От ужэ роботюха ўдалася, нэколы она нэ посыдыть, да всэ нахватьвае і нахватьвае роботы. Маладзельшчыцы Пін. 
  
СПЕЦ м. Він настояшчэ спец. Шоб нэ взявся зробыты, то зробыть, гэбы одмалюе. Маладзельшчыцы Пін. Добрый спец тут у гэтой машыні можэ нэ розобраціса, не то шо любый роботнік. Шылін Бяроз. 
    
ТРУДОВІК м. Вчора бачыла Васіля, то ж трудовік, завшэ за роботою. Мачуль Стол.   
     
ТРУДЯГА м. і ж. Про Маню я спокойная, жывэ за трудягою такою, шчо за тры рокі хату поставіў, усю обстаноўку купіў. Моладава Іван. Настуля у нас трудяга: можэ за дэнь такую коробку ягід чорных набраты і шэ дома справно бігае. Дарапеевічы Малар. На гэтого трудягу хорошэ глянуты, выробыў хату, бы цяцьку, а хлыва якого хорошого поставыў. Выжлавічы Пін. 
    
ТРЭПЭТУХА м. і ж. Трэпэтуха ёго баба, у хаце чысто, мужык догледжоны, на робоце спраўная. Галоўчыцы Пруж. 
     
УМЕКА м .і ж. Такі вжэ ўмека, ліпш за батька зробыть. Матыкалы Брэсц. 
    
ХОРОШУХА ж. Вжэ й удалася хорошуха, на всэ здатна. Ныгдэ такэі справноі ў сылі ны найдэш. Псышчава Іван. 
      
ЦЯГОВІК м. Посеяць столькі за дзень можэ только добры цяговік. Мачуль Стол. 
     
ЧЫСТЁХА, ЧЫСЦЁХА  м.і ж. Ну і жінку собі взяв сусід, гэтака чысцёха, а було ў хаты ны ўлізты. Крамно Драг. Ты знаеш, якая вона чыстёха! У еі, колы ны зайды, то ў хаты порадок. Луччоі жоночыны ты ны найдэш. Асабовічы Пін. Чысцёхою ў нас любого называют, хто любіт у во всём  порадок і сам заўшэ чысты. Шылін Бяроз.  

                                                                                                                                              З рукапісаў Г. М. Малажай

ГАЛІНА МАЛАЖАЙ. ДА ЭТЫМАЛОГІІ НЕКАТОРЫХ НАЗВАЎ АСОБЫ

ДА ЭТЫМАЛОГІІ НЕКАТОРЫХ НАЗВАЎ АСОБЫ

Мова непасрэдна звязана з усімі бакамі жыцця чалавека і здольна называць разнастайныя прадметы, паняцці, з’явы рэчаіснасці. У працэсе моўных зносін часта выражаецца экспрэсіўна-эмацыянальная характарыстыка пэўных асоб або прадметаў. 
   
Асабліва багатая на выразнасць і ацэначнасць гутарковая мова. У гаворках бытуюць свае адметныя ацэначныя назвы, якія складаюць значную частку лексічнага багацця народа: сямідзелуха ‘працавіты, рупны чалавек’, пасялуха ‘жанчына, якая ходзіць без справы па хатах’, лантух ‘лянівы, нядбайны гаспадар’, моняло ‘вельмі марудны чалавек’, сызма ‘сварлівы чалавек, джога ‘высокая здаровая жанчына’, балута ‘весялун, балбатун’, сыкса ‘бурклівы, заўсёды нечым не задаволены чалавек’. Намінатыўныя значэнні такіх слоў ускладняюцца выразнымі ацэначна-характарыстычнымі адценнямі.    

Амаль кожнае слова ў пэўным ужыванні можа несці дадатковую характарыстычную нагрузку, але не кожная лексема мае больш ці менш сталую ацэначную афарбоўку. Словамі з устойлівай эмацыянальнасцю з’яўляюцца асабовыя назвы.    

Ацэначныя назвы асобы, што бытуюць у моўным асяроддзі жыхароў Брэсцкай вобласці, пакуль што не сістэматызаваны, не вывучаны ў семантычным і словаўтваральных аспектах. Наяўныя ж матэрыялы даюць падставы сцвярджаць, што гэты тэматычны пласт лексікі гаворак вельмі багаты і адметны. Ён можа быць выкарыстаны для розных лексікалагічных назіранняў, асабліва пры этымалагічных даследаваннях, бо распрацоўка праблем гісторыі мовы, вывучэнне сувязяў паміж роднаснымі славянскімі мовамі немагчымы без адпаведнага выкарыстання слоўнікавага багацця народных гаворак (Филин Ф. П. Проект “Словаря русских говоров”. М.–Л., 1961, с. 5).     

Лакальна абмежаваныя ў выкарыстанні лексемы, як і спарадычна ўжывальныя ў моўнай практыцы словы, — каштоўны матэрыял для этымолага.    

Слова гойман ‘высокі здаровы мужчына’ не ўваходзіць у склад беларускай літаратурнай лексікі, не адзначана яно і дыялектнымі слоўнікамі. У гаворках жа Брэстчыны яго можна пачуць даволі часта: Гойман стояв под окном і бачыв, шо робіцца в хаты (в. Ласінцы Драгічынскага раёна); Ек жэ вырос ёго хлопыць, гойман дый годы (в. Карсынь, Іванаўскага раёна). Гэта лексема этымалагічна ўзыходзіць да праславянскага кораня *goj у складзе дзеяслова gojiti і прыметніка gojьnъ (Булахаў М. Г. Гісторыя прыметнікаў беларускай мовы. Мінск, 1973, с. 46). У славянскіх мовах названы дзеяслоў, акрамя распаўсюджанага ў сучаснай беларускай мове значэння ‘зажыўляць (рану), лячыць’, меў яшчэ значэнне ‘даваць магчымасць жыць’ (Прэабр, ЭС, І, 176). У. Даль у разанскіх гаворках зафіксаваў прыметнік гойный ‘відны, прыгожы’ (І, 366), які ўжо ў той час лічыўся ўстарэлым (Прэабр. cа спасылкай на СРЯ). У сучаснай украінскай мове лексема гойний бытуе са значэннем ‘шчодры, раскошны’ (УРС, 137), у чэшскай hojny ‘багаты, вельмі багаты, шчодры’ (ČRS, 151). Каб пацвердзіць думку пра семантычную і словаўтваральную сувязь лексемы гойман з праславянскім коранем *goj, параўнаем таксама балгарскія гоя ‘адкормліваю’, гоен ‘адкормлены’, славенскае goj‘догляд’, серба-харвацкае гоjан ‘выпеставаны, адкормлены’ (Прэабр, ЭС, І, 176). Магчыма, вядомае на Гродзеншчыне слова гойна ‘старанна, добра’ ўзыходзіць да названага кораня, тым больш што яно звычайна ўжываецца ў кантэкстах, дзе гаворыцца пра догляд: Мы йайе гойна гадавал’и, ал’е ж н’и дачакал’ис’а малака (Чэхі Астр. — МСГ Сцяшк., 123). Семантычная блізкасць усіх гэтых лексем, агульнасць іх фанетыка-марфалагічнай структуры сведчыць пра іх цесныя этымалагічныя сувязі. З’яўленне ж інтэрфікса -м- у слове гойман, як і ў некаторых іншых ацэначных асабовых назоўніках (глушман, глушмень, рыжмель, сушман) — заканамерная з’ява дыялектнай сістэмы беларускай мовы (Лещинская О. А. Суффиксальное словообразование атрибутивных существительных в современном белорусском языке. Автореф. канд. дис. Минск, 1974, с. 9, 15).    

Лексема вэрэня (вярэня) ‘някемлівы, непаваротлівы чалавек’ пашырана не толькі на Брэстчыне, але і на іншай тэрыторыі Беларусі (Янк., ДС, І, 56). Асабовая назва ўзнікла ў выніку пераноснага ўжывання слова вэрэня (вярэня), вэрэнька (вярэнька) ‘мяшок, торбачка’, параўн.: Маты завшэ добрэ ладкувала пастухову вэрэньку (в. Корчыцы, Кобрынскага раёна); Адносіў у вызначаны час вярэньку, альбо торбу (“Маладняк”, 1933, № 1, 33); Такі вжэ вэрэня, шчо світ нэ бачыв, до того ны додуматыся (в. Ласінцы Драгічынскага раёна); Хыба тая вэрэня хутко хату побілыть? (в. Яміца Маларыцкага раёна). Гэтая лексема паходзіць ад праславянскага кораня *υer, які знаходзім і ў нашых аднакарэнных словах. М. Фасмер тлумачыць лексему верета як ‘мяшок з рагожы або грубага палатна, грубае палатно’ (Фасм. І, 297). У этымалагічным слоўніку Прэабражэнскага зафіксавана абл. руск. веретье ‘дзяруга, мяшок’ і ц. сл. вретище ‘рубішча’. Тут жа падаюцца лексемы, што бытуюць у іншых мовах: укр. верета ‘мяшок’, вереня ‘род дывана’, славенск. υreča,балг.  вретшинка ‘мяшочак’, чэшυrece, υrecko, с.-хар. бpёhа ‘мяшок’. Ва ўсходнеславянскіх мовах развілася поўнагалосная форма вере-, якая ўскладнілася рознымі суфіксамі: -н- (вереня, вэрэня, вярэнька),   -т- (верета, веретье). Назоўнік вэрэня на Брэстчыне больш вядомы з асабовым значэннем. Пераасэнсаванне слоў з канкрэтным прадметным значэннем, набыццё імі асабовага семантычнага адцення — распаўсюджаная моўная з’ява, параўн.: дубіна ‘дурны, неразумны’; жэрдка ‘высокі, худы чалавек’;  бодня ‘тоўстая, непаваротлівая жанчына’.    

Цікавая этымалогія і дыялектнай лексемы данда ‘неахайная, нядбайная гаспадыня’. Гэта назоўнік агульнага роду, аднак у наяўных запісах усюды зафіксаваны ў адносінах да асоб жаночага полу (спрыяе марфалагічнае афармленне слова): Шчо б вы тэ побачылы, шчо ў еі хаты робыцця — ны ўлізты, дыхаты ныма чым — сушча данда (в. Карсынь, Іванаўскага раёна). Лексема запазычана з англійскай мовы праз польскую, параўн. польск. dandys ‘франт, фарсун’ (WSPR, 127). Назоўнік dandy спачатку атрымаў распаўсюджанне ў Шатландыі (канец ХVІІІ ст.) і пазней (каля 1813–1819 гг.) стаў часта ўжывацца ў Лондане (ЭСРЯ, І, вып. 5, 70). Аўтары ЭСРЯ, спасылаючыся на Partrigte (139), прыводзяць дзве магчымыя этымалогіі гэтай асабовай назвы. Заслугоўвае ўвагі думка, што назоўнік  dandy мог з’явіцца як другаснае ўтварэнне ад шатландскага dander ‘гуляць’. Семантыка названага дзеяслова лёгка дае вытворныя значэнні — ‘быць нядбайным, неахайным у гаспадарцы’, — якія замацаваліся ў беларускім дыялектызме — данда. Роднасныя ж руск. денди, укр. денді, польск. dandys, балг. денди, с.-хар. денди, славенск. dandy, чэш. dandy ў значэнні ‘франт, фарсун’ выражаюць павышаную ўвагу да знешняга выгляду асобы. У. Даль тлумачыць гэта слова так: “денди — модный франт, чистяк (выдзелена намі. — Г. М.), модник, щеголь, лев, гоголь” (Д., ТС, І, 427). Магчымы і іншы шлях развіцця дыялектнага значэння слова данда. Спачатку яно ўжывалася як назва франтаватага чалавека, потым набыло іранічны змест (параўн.: разумнік, вундэркінд); іранічнае ўжыванне гэтага слова замацавалася моўнай традыцыяй, ператварылася ў сталае яго значэнне. З іранічным адценнем ужываецца і польск. dandys, якое WSPR падае з паметай — устарэлае (127). 

На Брэстчыне бытуюць лексемы байстэр, бэнок (бенок), бэньсь, якія маюць зніжаную стылістычную афарбоўку і ўжываюцца са значэннем ‘дзіця, народжанае да шлюбу’. Гэтыя словы прыйшлі да нас з польскай мовы, у якую, у сваю чаргу, трапілі з нямецкай. Байстэр непасрэдна ўзыходзіць да ст. польск. baster < сяр.-верх.-ням. bastard. Гэтая лексема бытуе і ва ўкраінскай мове: байстэр, байстря (СУМ, Грынч.). Байстэр у гаворках ужываецца, як правіла, паралельна са словамі байструк, вядомым на ўсёй беларускай тэрыторыі, параўн.: укр. байстрюк; яно запазычана і рускай мовай (ЭСРЯ, І, вып. 2, 13). Словы бэнок (бенок), бэнсь  узыходзяць  да сучаснага польск. bękart < ням. benkart. СРНГ фіксуе лексему банкарт у Літве (вып. 2, 94). Слова бэньсь знаходзім і ў КСМ Бялькевіча (99), МСГ Сцяшковіч (65). Цікава, што гэтая лексема ўжываецца і ў іншым значэнні — ‘непаслухмянае дзіця, вісус’: Бэнся такого выростылы на свою голову (в. Шчытнікі, Брэсцкага раёна); параўн. таксама бэньсь ‘балавень’ (КСМ, Бяльк.).    

У розных кутках Брэсцкай вобласці бытуюць лексемы байбус, байбас, бэйбус, бэйбас. Так называюць вялікага здаровага, але неразумнага або лянівага хлопца: Сядзіць унь у Алеся гэтакі байбус. І ні ў калхоз ні ідзе, ні дома ні памагае (в. Востраў, Ганцавіцкага раёна); Ляжыць бэйбас днямі і ны думае за косу узетысь (в. Карсынь, Іванаўскага раёна); Вжэ бэйбус Антолін потягнувся, от удався, ны до роботы, ны до навукы (в. Корчыцы Кобрынскага раёна). М. Фасмер гаворыць пра магчымае запазычанне слоў бейбус, байбус, засведчаных Дабравольскім у смаленскіх гаворках. Ён мяркуе, што ў другой частцы гэтых лексем захавалася дыялектная форма турэцкага слова bas ‘галава’ (Фасм., І. 145). П. У. Сцяцко зазначае, што асабовы назоўнік байбус ‘абібок’ утворана ад той асновы, што і рускае байбак, пры дапамозе суфікса –ўс (Сцяцко П. У. Народная лексіка і словаўтварэнне. Мінск, 1972, с. 247). Этымалогія ж слова байбак даўно раскрыта. Гэта запазычанне з татарскай або башкірскай мовы. Першапачатковае значэнне яго — ‘сурок — вялікі і нязграбны грызун, што з ранняй вясны да позняй восені спіць у сваёй норцы’. Значэнне ‘лянівы, непаваротлівы чалавек’ — другаснае. У ЭСРЯ сцвярджаецца, што гэтае слова праз рускую мову трапіла ў беларускую, украінскую, польскую, славенскую мовы. БРС падае гэтую лексему толькі як заалагічны тэрмін. У значэнні ‘абібок, лежабока, гультай’ яна прыводзіцца ў МСГ Сцяшковіч (43), на Брэстчыне ж гэтае слова ўжываецца рэдка. Магчыма, у дыялектным асяроддзі лексема байбак магла атрымаць новае марфалагічнае афармленне. Гэта, відаць, адбылося пад уплывам слоў біндас, біндус ‘вялікі, гультай’, запазычаных з літоўскай мовы, пра якія Ю. В. Адкупшчыкаў піша, што яны з’яўляюцца пэўнай “гіперлітуанізацыяй” па мадэлі многіх літоўскіх слоў на -as/-us (Лексічныя балтызмы ў беларускай мове. Мінск, 1969, с. 35). Наяўнасць у дыялектнай мове паралельных марфалагічных утварэнняў байбус — байбас, бэйбус — бэйбас, біндус — біндас яшчэ раз сведчыць пра магчымае вар’іраванне названых суфіксаў. У польскай мове бытуе ўстойлівы выраз klutuś — bajdus ‘балбатня, глупства’ (ПРС, 198), дзе існуе лексема bajdus < bajda ‘няпраўда’. У вёсцы Падлаззе Ляхавіцкага раёна зарэгістравана слова байтус ‘пляткар’. Апошнія два словы этымалагічна не звязаны з разгледжанымі вышэй, але таксама сведчаць пра ўплыў назоўнікаў на -us.    

Пры аналізе лексем бэйбус, бэйбас узнікае пытанне, як этымалагічнае а магло даць э. Верагодным здаецца такое разважанне. У гаворках шырока бытуе шэраг слоў са значэннем ‘неразумны, дурань’: бэлбас, бэльбас, бельбас, былбас, быльбас, балбес.  Усё гэта фанетычныя варыянты аднаго і таго ж слова, запазычанага з цюркскай мовы: білбес < білмес ‘ён не ведае’, якое, як сцвярджаюць аўтары ЭСРЯ, з’яўляецца вытворным ад біл- ‘ведаць’ (ЭСРЯ, І, вып. 2, 22). У запазычаннях з цюркскіх моў пасля санорных -мес
дало - бес (ЭСРЯ, І, вып. 2, 22); апошняе, напэўна, магло перайсці ў -бас. Дыялектныя формы былбас, быльбас непасрэдна ўзыходзяць да білбас. Ва ўкраінскай літаратурнай мове замацавалася лексема бельбас, якая часта ўжываецца і на Брэстчыне (з цвёрдым і мяккім варыянтамі л). Форму балбес Корш тлумачыць як вынік кантамінацыі з рускім баловать (ИОРЯС, 1903, 4, 27), а аўтары ЭСРЯ не без падстаў мяркуюць пра ўплыў лексем болван, балда. Параўн.: балдэс ‘дурны, нерастаропны чалавек’ (КСМ, Бяльк., 81); Зараз жа даведацца і прыслаць яго сюды. У-у, балбэсы, — зусім выходзіў князь з прызвычаёнай ангельскай раўнаважнасці (М. Гарэцкі. Панская сучка).    

Усе названыя словы семантычна звязаныя паміж сабой, таму ў адной дыялектнай сістэме лёгка маглі ўплываць адно на другое. Так, у словах байбус, байбас  па аналогіі з бэлбас, бэльбас  адбылася замена а на э, у выніку чаго з’явіліся бэйбус, бэйбас.    

У сувязі з разглядам адзначаных лексічных гнёздаў нельга не звярнуць увагу і яшчэ на адзін рад слоў: бэйлас, бэйла, бэйлыско, бэйло, бэйля, бэля, бэлік, байла ‘неразумны; лянівы, нядбайны чалавек; п’яніца’. Паходжанне гэтых лексем у вядомых нам этымалагічных працах не раскрываецца. Думаецца, што яны ўтвораны ад агульнаславянскага кораня бал —  бел, які знаходзім у рускім балда ‘дурань’, украінскім бала ‘дубіна, пянцюх’ (СУМ, Грынч.), у польскім бела ‘стос чаго-небудзь’, ‘непаваротлівы чалавек’ (ПРС, 33). Апошнюю лексему знаходзім і ва ўстойлівым польскім выразе pijany  jak bela, з якім цікава параўнаць напэўся ек бэйло (в. Брашэвічы, Драгічынскага раёна). У серба-харвацкай мове бытуе бала ‘сліна, соплі; пена, мыла (у загнанага каня)’ (СХРЯ, 27), бало ‘сапляк, слюнцяй’ (СХРЯ, 28). Калі ўлічыць, што беларускія дыялектызмы бэйля, байла часта ўжываюцца са значэннем ‘п’яніца’, то можна меркаваць, што яны семантычна і марфалагічна блізкія з серба-харвацкім бала. 

Паколькі семантыка і фанетыка-марфалагічнае аблічча ўказаных слоў блізкія да бэйбус, байбус, можна думаць пра ўзаемаўплыў гэтых лексем, вынікам якога з’явілася й у словах байла, бэйла  і нават форма бэйлас. Пра кантамінацыю гэтых двух семантычных гнёздаў сведчыць і наяўнасць у гаворках наступных лексем: байбах ‘вялікі, неразумны’, бэльбах ‘неразумны, п’яніца’. 

Абагульняючы сказанае, неабходна зазначыць, што амаль усе разгледжаныя лексемы, за выключэннем байбус, быльбас, уваходзяць у пасіўны слоўнікавы састаў простанароднай мовы, ужываюцца яны спарадычна і, як правіла, не маюць адпаведных дэрыватаў. Таму і фіксацыя іх, раскрыццё семантыкі і шляхоў пранікнення ў жывую народную мову патрабуюць пільнай увагі. Складана прэтэндаваць на вычарпальнасць і беспамылковасць сцверджанняў адносна этымалогіі названых дыялектных лексем, бо дакладна вызначыць іх паходжанне цяжка нават тады, калі заўважаецца іх структурнае і семантычнае падабенства да адпаведных лексічных адзінак іншых моў.    
                               
                                                                                СПІС СКАРАЧЭННЯЎ 

БРС — Беларуска-рускі слоўнік. М., 1962. WSPR — Wielki słownik polsko-rosyjski. W. — M., 1967. Д., ТС — Даль В. И. Толковый словарь живого великорусского языка, т. 1. М., 1956. КСМ, Бяльк. — Бялькевіч І. К. Краёвы слоўнік усходняй Магілёўшчыны. Мінск, 1970. МСГ, Сцяшк. — Сцяшковіч Т. Ф. Матэрыялы да слоўніка Гродзенскай вобласці. Мінск, 1972. Прэабр., ЭС — Преображенский А. Г. Этимологический словарь русского языка. М., 1956. ПРС — Польско-русский словарь. М., 1960. СРНГ — Словарь русских народных говоров, вып. 1–8. Л., 1970. СУМ, Грынч. — Грінченко Б. Словник українскої мови, т. 1–4. Київ, 1907–1909. СХРЯ — Толстой И. И. Сербско-хорватско-русский словарь. М., 1957. УРС — Украінско-російский словник. Київ, 1965. Фасм. — Фасмер М. Этимологический словарь русского языка, т. 1–4. М., 1964–1973. ЭСРЯ — Шанский Н. М. Этимологический словарь русского языка, т. 1, вып. 1–4 (А–Г). М., 1963–1972. Янк., ДС — Янкоўскі Ф. М. Дыялектны слоўнік (І). Мінск, 1959. 
                                                                                                                                  
                                                                                                                                  Беларуская мова і мовазнаўства : 
                                                                                                                                                      міжвузаўскі зборнік. – 
                                                                                                                                   Мінск, 1975. – Вып. 3. – С. 50–57.  

ГАЛІНА МАЛАЖАЙ. ВЫЗНАЧЭННЕ СЕМАНТЫКІ ДЫЯЛЕКТЫЗМАЎ
ПРЫ ЛІНГВІСТЫЧНЫМ АНАЛІЗЕ МАСТАЦКІХ ТЭКСТАЎ

  ВЫЗНАЧЭННЕ СЕМАНТЫКІ ДЫЯЛЕКТЫЗМАЎ ПРЫ ЛІНГВІСТЫЧНЫМ АНАЛІЗЕ МАСТАЦКІХ ТЭКСТАЎ

У другой палове ХХ стагоддзя на скрыжаванні семіётыкі і прагматыкі, паэтыкі і рыторыкі, тэксталогіі, літаратуразнаўства і лінгвістыкі паступова акрэсліваецца новая філалагічная навука — транслінгвістыка, аб’ектам вывучэння якой з’яўляецца звязны і вербальны тэкст.     

Навукоўцы-філолагі і практыкі-лінгвісты усё больш цікавяцца праблемамі дэкадзіравання (успрымання) літаратурна-мастацкіх тэкстаў. Як зазначае М. Абабурка, “падзеі, характары, адносіны да падзей і характараў кадзіруюцца ў творы (літаратурна-мастацкім тэксце) сродкамі той ці іншай літаратурнай (нацыянальнай) мовы, якія і ўтвараюць тэкст, робяць яго звязным і суцэльным. Таму стылістыка дэкадзіравання ў асноўным займаецца “расшыфроўкай” таго, як чытач узнаўляе аўтараў “код” і “кодавыя камбінацыі”, г. зн. як чытач зразумеў аўтарскую задуму, рэалізаваную ў вершаваным ці празаічным маўленні” (АСЛТ, 5).     

Пры такім дэкадзіраванні часта даводзіцца вызначаць семантыку ўжытых у тэксце дыялектызмаў, уключэнне якіх у літаратурны твор дазваляе больш выразна адлюстраваць розныя сферы жыцця і дзейнасці персанажаў. Б. Сачанка прыгадвае, як у дзяцінстве ў яго родным Вялікім Бары, што на Гомельшчыне, падлеткі “гулялі ў клёца, пікара, караглі, лапту…” (“Вечны кругазварот”). Г. Марчук, расказваючы пра гульні дзяцей у даўняй заходнепалескай вёсцы, піша: “часцей за ўсё збіраліся хлапчукі пагуляць у апуку (скручаны з ануч мячык), ці ў маянку, ці ў ножыка на грошы…” (“Крык на хутары”).     

Чытач, нават філалагічна падрыхтаваны, уявіць не ўсе названыя аўтарам дзіцячыя гульні, а гэта значыць — няпоўнасцю ўсвядоміць аўтарскую задуму. Не дапаможа  і ТСБМ, бо выдзеленыя словы знаходзяцца па-за межамі літаратурнай мовы. Калі б дапытлівы чытач зазірнуў у дыялектныя слоўнікі, то знайшоў бы тлумачэнне толькі некаторых лексем: караглі — дзіцячая гульня ў гарадкі (ТС, т. 2, 182), опука — мяч (ДСБ, 155). Апошняе слова падае і УБС з паметаю устарэлае (414). Значыць, устаўная канструкцыя ў тэксце Г. Марчука не так вызначае семантыку слова, як звяртае ўвагу на тое, якімі былі дзіцячыя мячы ў апісаны аўтарам час.   

Семантыка слова маянка выразна звязана з адным са значэнняў дзеяслова маяті — ‘мерна калыхацца’ (УБС, 331). Гульня заключалася ў тым, што хлапчукі станавіліся спінаю адзін да аднаго, сашчэплівалі ў локцях рукі і вагаліся-калыхаліся папераменна то ў аднаго, то ў другога на спіне. Хто першы знемагаў, той і прайграваў. Не без падстаў Г. Марчук, прыгадаўшы такую гульню, дадае: “Ад маянкі бацька папругай адвучыў аднойчы і назаўсёды. Два дні не мог сесці. “Вось вырасце кіла, на бальніцы грошай не хопіць!” — пырскаючы слінай крычаў стары” (“Крык на хутары”).    

Пошукі іншых выяўленых у тэкстах слоў у энцыклапедычных і лексікаграфічных даведніках прывялі да наступных вывадаў: і ў заходнім, і ва ўсходнім Палессі распаўсюджаны дзіцячыя гульні, падобныя на сучасныя гарадкі: караглі (кароглі), пікар (пігель), клёц (клёк, клёст). У беларускай літаратурнай мове гарадкамі называюць і спартыўную гульню, і драўляныя цыліндрычныя цуркі, якія расстаўляюць у чужым горадзе (начэрчаным на зямлі квадраце) у форме розных фігур (ТСБМ, т. 2, 28). Сама назва гульні і назвы яе прылад (біта, гарадок) адлюстроўваюць няпростыя семантычныя і словаўтваральныя моўныя працэсы. Яны яшчэ больш складаныя ў дыялектнай мове. Без іх асэнсавання вельмі цяжка нават вытлумачыць ужытыя ў тэкстах дыялектызмы караглі, клёц, пікар.     

Яшчэ П. Шэйн зафіксаваў слова кароглі, растлумачыўшы яго як ‘пяць невялікіх кавалкаў кола (для гульні)’. ЭСБМ (т. 4, 279) таксама падае слова кароглі без выразнага тлумачэння яго семантыкі і этымалогіі. І гэта натуральна, бо значэнне слова абумоўліваецца яго “ўнутранай формай”, якая ў сваю чаргу вызначаецца на падставе семантычных паказчыкаў. Думаецца, назва гульні мае сувязь са словамі, што абазначаюць нешта, звязанае з дрэвам. У ЭСРЯ М. Фасмер падае слова корга ‘дуга, кривое дерево’, сэнсава і словаўтваральна звязваючы яго са словамі корёга (дадамо самі — коряга) — ‘дерево с корнямі, плывущее по воде’ і корень (ІІІ, 323). Прымаючы ход разважанняў вядомага этымолага, параўнаем руск. коренастый і бел. каржакаваты. Прапанаваны этымалагічны аналіз маглі б удакладніць асобныя дэталі названай гульні, якія, на жаль, нам пакуль невядомыя. Аднак, ужо цяпер можна заўважыць, што ў “Тураўскім слоўніку” семантыка лексемы караглі акрэслена недастаткова, як і прыблізна вытлумачана слова клёст —‘дзіцячая гульня’ ў КСУМ.   

Відавочна, што названыя гульні адрозніваліся, хоць аснову іх складала спрытнае кіданне кіёў (бітаў). Выкажам папярэдняе меркаванне, што назва гульні клёст, засведчаная І. Бялькевічам у КСУМ (227), найхутчэй генетычна звязана з літ. klesti ‘моцна біць, сячы’, параўн. польск. kleskas, klaskas ‘шчоўкаць, хлопаць, моцна біць’. Мабыць, можна прыняць пад увагу і меркаванне М. Фасмера пра гукапераймальную аснову семантыкі слова клёск і дзеясловаў  клёскаць, клескаць, клёснуць ‘хлопать, бить в ладоши’ (ЭСРЯ, т. 2, 248). Тады і варыянтнасць назваў клёц, клёк, клёст будзе вытлумачальная. А вось этымалагічна невыразная назва пікар, якая бытуе на Брэстчыне і як пігель з’явілася найхутчэй у выніку запазычання: фр. piguet — кол, калок. Параўн. пікіроўка, пікет. Пра адметнасць гульні можна прачытаць у ЭБ (398).    

Лінгвістычны аналіз мастацкіх твораў, напісаных аўтарамі, жыццёвы і творчы шлях якіх звязаны з Берасцейшчынай, выводзіць і на вытлумачэнне дыялектызмаў, што абазначаюць найбольш распаўсюджаныя заняткі асобных груп насельніцтва пэўнага рэгіёна. Зноў жа ў рамане Г. Марчука “Крык на хутары” чытаем: “Хоць дзяўчаты былі, як гаворыцца, у целе, але ж добрых дзесяць дзён, акурат з таго дня, як бацька і два старэйшыя браты паехалі на лёды, яны не бачылі ў вочы мяса”. У рамане “Кветкі правінцыі знаходзім структурна блізкае спалучэнне слоў на вэсну: “Суседзі збіраліся на вэсну”.     

“Ездзіць на лёды” — гэта самім рабіць марожанае і гандляваць ім, а ездзіць “на вэсну” — рупліва збіраць насенне кветак і гародніны і вясною выязджаць з ім у розныя, не толькі беларускія гарады. Сэнс такіх дыялектызмаў спачатку раскрываецца ў вузкім кантэксце, а потым звычайна падмацоўваецца іншымі апісаннямі і разважаннямі, напрыклад: “Прадчуванне таго, што мара жыцця яго набліжаецца да здзяйснення, не давала заснуць, упарта гнала гандляваць лёдамі” (“Крык на хутары”). Паланізм лёды ўзнік на аснове метанімічнага пераасэнсавання агульнаславянскага слова лёд у форме множнага ліку. Метанімічна ўспрымаецца слова вэсна (вясна) і ў спалучэнні на вэсну.   

У творах пісьменнікаў, звязаных са Століншчынаю, непасрэдна ці ўскосна адлюстроўваецца распаўсюджаны ў гэтым рэгіёне занятак жыхароў — вырошчванне кветак і гародніны, а потым гандаль іх насеннем. Гэтай тэме прысвечаны раман Г. Марчука “Кветкі правінцыі”. Пра руплівасць сваіх землякоў, іхняе ўменне шанаваць прыгожае прыгадвае і Л. Дранько-Майсюк у эсэ “Стомленасць Парыжам”. Названы твор прасякнуты думкамі пра родныя мясціны, кветкі з давыд-гарадоцкага матчынага гародчыку. Нават у Парыж аўтар узяў з сабою фанерныя квадрацікі з малюнкамі кветак, так званыя на Століншчыне цікеткі. Як піша Л. Дранько-Майсюк, “цікетка — французскае etiguette ў давыд-гарадоцкім вымаўленні”. Пісьменнік разважае пра тое, што падрыхтоўка цікетак — гэта ўжо нейкая самастойная мастацкая плынь. Цікетка — гэта не звычайная этыкетка, гэта “мініяцюрны наіўны жывапіс, старанны рэкламны служка вечна капрызнай Флоры”. Як бачым, семантыка рэгіяналізма цікетка раскрываецца ў шырокім кантэксце, які дазваляе выкарыстаць і дэрываты названага слова, якія таксама “працуюць” на раскрыццё яго значэння: “…усе кветкі, маляваныя на фанеры, адразу набываюць у маім уяўленні цікетачны “статус” або “бубновалетавец Ілья Машкоў цікетачна намаляваў “Бягонію”.     

Асаблівай увагі пры лінгвістычным аналізе мастацкіх твораў патрабуюць семантычныя дыялектызмы, якія лёгка могуць быць успрыняты як літаратурныя словы з прывычным сэнсам. Паводле ТСБМ, слова латы можа абазначаць ‘металічныя даспехі, якія ў старажытнасці засцерагалі ад удараў халоднай зброі, а ў сярэднія вякі — і ад агнястрэльнай зброі’ (т. 3, 25). Натуральна, што слова латы ў маўленні можа ўспрымацца як форма множнага ліку ад лата — ‘кавалак тканіны або скуры, якімі прыкрыта дзірка на адзенні або абутку’ ці ад лата — ‘дошка, жэрдка, якія кладуцца ўпоперак крокваў’ (ТСБМ, т. 3, 24). Ніводнае з гэтых значэнняў не рэалізуецца ў наступным мастацкім кантэксце Г. Марчука: “Саракагадовы механік суднаверфі Якаў Сушчык узяў трохі падсобнікаў, кінуў на воз латы, пасадзіў побач Улю, накінуўшы ёй на плечы фрэнч, і пагнаў коней да Хабішчанскай кручы. А яшчэ праз гадзіну-дзве метраў за пяцьдзясят па рацэ, стаміўшыся кідаць латы, людзі нарэшце вылавілі няшчасных” (“Крык на хутары”). Латамі на Століншчыне называюць вялікую сетку, нерат. Чаму ўзнікла такая назва, вызначыць няпроста. Ці няма тут сувязі са словамі лат. latuka — ‘вадкасць’, эст. latikas, latik — ‘плотка’, бел. латак — ‘адкрыты жолаб для сцёку’. Прыгадваюцца і вядомыя нам бел. лотаць — ‘расліна з жоўтымі кветкамі, якая расце па балотах і берагах сажалак’, параўн. з тым жа значэннем укр. латать, польскlataj.    

І яшчэ адно назіранне. На Cтоліншчыне дзеяслову гараваць часта надаюць значэнне ‘многа і напружана працаваць’. Невыпадкова ў Г. Марчука адзін з галоўных персанажаў рамана “Крык на хутары” разважае: “Ну і чакайце вы там, у сябе, у Варфаламея, а мяне цікавіць адно таінства, не менш вялікае — жыццё! І толькі жыццё! Чаму адны шчаслівыя, не гаруючы, а няшчасныя тыя, хто больш гаруе? Чаму адзін багаты, а другі бедны? Чаму няма любові і ладу паміж людзьмі?” Той, хто не заўважыць дыялектызму ў гэтым разважанні, па-сапраўднаму не асэнсуе Ігнатавай думкі: праца далёка не заўсёды прыносіць шчасце чалавеку. Больш выразна дыялектная семантыка дзеяслова гараваць выяўлена ў абяцанні Змітра адрабіць восенню за пазычаныя ў мясцовага гандляра Шумахера грошы: “Бульбу выбіраць будзем. Ваш конь, ваш дагавор, гарую я. За два дні трыста злотых вернем, падлічыў. Рабіць е каму, дома хеўра. Не хлопцы — агонь”. Не выключана, што ў семантыцы слова гараваць — ‘многа і напружана працаваць’ выяўлена пераноснае значэнне слова гарэць, параўн. гарэць на працы, усё (у каго-небудзь) гарыць у руках.     

Сема інтэнсіўнасці ў дыялектным дзеяслове гараваць можа паслабляцца, як у наступным кантэксце: “Калі яго [Данілу] аднавяскоўцы, бывае, пыталі: “І чаго ў цябе, Даніла, такія агрубелыя рукі? — загараўся ўвесь, адказваў сурова, бы асуджаў лайдака: “Таму што не лянуюся, як ты. А ўсё жыццё гарую. Хату сам збудаваў, сад пасадзіў, дзяцей выгадаваў, на ногі паставіў усіх.” (Г. Марчук. Сустрэча).     

Семантыка дыялектных лексем у мастацкіх творах часта раскрываецца ўжытымі побач ці блізка сінонімамі. Спашлёмся толькі на адзін прыклад: “Прашу да нашага шалашу, і вашу сумоту, турботу, ганёту, дурноту як рукой здыме.” (Г. Марчук. Без ангелаў). Слова ганёта няма ў ТСБМ, хоць матывацыя яго празрыстая: гэта стан чалавека, якога нешта гняце, мучыць.     

Такім чынам, пры лінгвістычным аналізе літаратурна-мастацкіх тэкстаў заўсёды патрабуюць дэкадзіравання дыялектызмы, значэнні якіх непасрэдна не раскрываюцца ў блізкім кантэксце. Надзейны, хоць і складаны прыём іх вытлумачэння — выяўленне этымалогіі слоў з увагаю да рэалій мясцовага побыту і асаблівасцей народных звычак пэўнага рэгіёна, звязанага з творчасцю мастака слова.   

                                                                                    Умоўныя абазначэнні  

АСЛТ — Абабурка М. В. Асновы лінгвістыкі літаратурна-мастацкага тэксту: Матэрыялы да спецкурса. Магілёў, 1997. ДСБ — Дыялектны слоўнік Брэстчыны. Мінск, 1989. 
КСУМ — Бялькевіч І. К. Краёвы слоўнік усходняй Магілёўшчыны. Мінск, 1970. 
ТС — Тураўскі слоўнік, т. 2. Мінск, 1982. 
ТСБМ — Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: У 5-ці т. Мінск, 1977–1984. 
УБС — Лемцюгова В.П. Украінска-беларускі слоўнік. Мінск, 1980. 
ЭБ — Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя. Мінск, 1989. 
ЭСБМ — Этымалагічны слоўнік беларускай мовы, т. ІV. Мінск, 1988. 
ЭСРЯ — Фасмер М. Этимологический словарь русск. языка, т. І – ІV. Москва, 1964–1973.    

                                                                                                                                                     Берасцейскія карані ’98 : 
                                                                                     гісторыка-краязнаўчы і літаратуразнаўчы зборнік. – 
                                                                                                                                                    Брэст, 1998. – С. 300–304.

Галерэя

І толькі слова, толькі песні  
жывучыя, як мой народ.


Сяргей Законнікаў

ПАЭТ — ДУША МОВЫ 

Галіна Малажай. Вершы Максіма Багдановіча «Зімовая дарога» і «Зімой»

                     
                        ВЕРШЫ МАКСІМА БАГДАНОВІЧА «ЗІМОВАЯ ДАРОГА» І «ЗІМОЙ»

Паэтычныя творы М. Багдановіча даюць багаты матэрыял для лінгвістычных назіранняў. Чалавек дапытлівага розуму, зроку і слыху, як піша пра яго А. Лойка, талент, які “не мог прайсці абыякава міма ўсяго, што ёсць Жыццё, Зямля і Чалавек” (А. Лойка. Максім Багдановіч. Мінск, 1966. С.56), М. Багдановіч пакінуў нашчадкам у спадчыну цудоўныя вершы, у якіх арганічна спалучаюцца пачуццё і розум, глыбіня думкі і адточанасць кожнага радка.

Паэта заўсёды хвалявала праблема мастацкай формы. Ён любіў паўтараць выслоўе: “Над формай працуй упарта, каб словам было цесна, а думкам прасторна”. І вершы Багдановіча — узор такой працы,узор таго, як

                                                     Трэба з сталі каваць, гартаваць гібкі верш, 
                                                     Абрабіць яго трэба з цярпеннем.   

Тонкі лірык, чалавек, які глыбока адчуваў хараство навакольнага свету, М. Багдановіч стварыў цыкл прыродаапісальных вершаў, аб’яднаных агульнай назвай “У зачараваным царстве”. Амаль кожны верш гэтага цыкла вызначаецца дасканалай формай, якая перадае думкі і пачуцці аўтара.

Звернем увагу на два вершы — “Зімовая дарога” і “Зімой”. У абодвух апісваецца зімовы пейзаж, тонка паказваецца хараство і сіла прыроды, што так дабратворна ўплывае на чалавека, здольнага бачыць, адчуваць прыгожае.

 Вершы быццам аднатэмныя. Познім марозным вечарам па заснежаным прасторы імчаць сані. Далёка чуваць мілагучныя перазовы срэбных званочкаў. Гэтыя гукі, шырыня і прыгажосць прастораў абуджаюць сілы лірычнага героя, нараджаюць светлыя надзеі. Такі ў агульных рысах змест абодвух твораў. Але гэта два вершы, і яны не аднолькавыя. Калі іх чытаеш, нават не ўзнікае думкі, што аўтар паўтараецца.
       
Даследчыкі творчасці М. Багдановіча (С. Майхровіч, М. Барсток,    М. Грынчык, А. Лойка, М. Стральцоў) не раз звярталі ўвагу на тое, што ў прыродаапісальных вершах (як і ў многіх іншых) заўсёды выразна адчуваецца настрой паэта. Выдатна ўмеючы слухаць і бачыць навакольнае, М. Багдановіч паказвае розныя грані жыцця, розныя куточкі “царства светлай прыроды”, розныя нюансы “радасці адчування, што ты жывеш”. Робіць гэта паэт, падбіраючы тое адзінае слова, якое найбольш поўна перадае думку, найбольш дзейсна ўплывае на людскія адчуванні.

Вершы “Зімовая дарога” і “Зімой” — словам створаныя рэалістычныя карціны, у якіх адчуваюцца контурнасць прадметаў, фарбы і гукі позняга зімовага вечара, водар роднай прыроды. 

Перачытаем верш “Зімовая дарога”:

                                                                       Шпарка коні імчацца ў полі,
                                                                       Сумна бомы гудзяць пад дугой, 
                                                                       Запяваюць аб долі і волі, 
                                                                       Навяваюць у сэрцы спакой.   

                                                                       Ўюцца змейкай срабрыстай дарожкі, 
                                                                       Брызгі золата ў небе блішчаць, 
                                                                       І маркотныя месяца рожкі 
                                                                      Праз марозную мглу зіхацяць.   
 
                                                                      Поле нікне у срэбным тумане, 
                                                                      Снег блішчыць, як халодная сталь,
                                                                      І лятуць мае лёгкія сані, 
                                                                     Унашуся я ў сінюю даль.

Самыя звычайныя словы, звыклыя і арыгінальныя метафары, азначэнні, якія характарызуюць з’явы і адначасова перадаюць настрой паэта, мілагучнасць радкоў — усё злілося ў адно, нішто не звяртае на сябе асаблівай увагі. Паспрабуем жа прыгледзецца да слоў, сказаў, вобразна-фанетычнай структуры твора. 

Пачынаецца верш радкамі:  

                                                                      Шпарка коні імчацца ў полі, 
                                                                      Сумна бомы гудзяць пад дугой…   

Усе словы, акрамя сумна, ужываюцца з прамым значэннем. Гэта не выпадкова. Аўтар дае прадметна-канкрэтнае апісанне зімовай дарогі, на якую будзе глядзець вачыма чалавека, што ляціць у лёгкіх санках па заснежаным полі. Першы радок меў і другі варыянт: Шпарка коні бягуць чыстым полем… 

Каб выразней паказаць імклівасць руху, надаць радку большы дынамізм, Багдановіч выкрэслівае бягуць чыстым полем і надпісвае імчацца ў полі. У слове імчацца — большая хуткасць руху. Змянілася і гучанне радка, ён стаў значна карацейшы, хоць колькасць складоў захавалася. Параўнаем:  

                                                                Шпарка коні бягуць чыстым полем… 
                                                                Шпарка коні імчацца у полі…  

 Прыслухаемся да радка, прыгледзімся да яго гукавой інструментоўкі: Шпарка коні імчацца у полі… Ці няма тут своеасаблівай гукавой асацыяцыі? Паўтарэнне гукаў а - а – о – а – а – у – о нагадвае рэха ў марозным паветры, свіст ветру ў вушах ад хуткага бегу лёгкіх санак. Вось што значыць “гібкі верш”, створаны з надзвычайнай цярплівасцю, увагай да сэнсу і гучання слова.      

Калі загаварылі пра музыку Багдановічавых радкоў, дык перачытаем яшчэ і канцоўку верша.

                                                                І лятуць мае лёгкія сані, 
                                                               Унашуся я ў сінюю даль.

Паўтарэнне галосных гукаў [а], [у] таксама перадае працяжны посвіст ветру ў марозным паветры. Бязмежнасцю вее ад спалучэння слоў у сінюю даль. Эпітэт сіні да слова даль прывычны. Пад пяром некаторых аўтараў гэта гатовы выраз, штамп. А ў Багдановіча сіняя даль — гэта і заснежаная прастора, што цьмяна асвятляецца маркотным месяцам, і нешта светлае ў будучыні, што ўбачылася лірычнаму герою, які, “з прыродай зліўшыся душою”, пачынае думаць “пра волю і долю”.
     
М. Багдановіч часта карыстаўся эпітэтамі. У вершы “Зімовая дарога” бачым, што поле нікне ў срэбным тумане, дарожкі ўюцца змейкай срабрыстай, снег блішчыць, як халодная сталь. Гэтыя мастацкія азначэнні падпарадкоўваюцца адзінай думцы: паказаць, даць адчуць халодны бляск заснежанага поля, асветленага месяцам, маркотныя рожкі якога зіхацяць праз марозную мглу. Метафарычныя эпітэты срэбны (туман), срабрыстая (змейка), сіняя (даль) перадаюць фарбы зімовага наваколля, а эпітэт маркотныя (месяца рожкі) — аўтарскае бачанне з’яў прыроды праз прызму настрою. Можа, паэту здалося, што месяц замаркоціўся ў адзіноце (пачуццё, такое знаёмае аўтару), можа, праз марозную мглу проста неакрэслена былі відаць абрысы месяцавага сярпочка, таму ўзнікла такое апісанне, а можа, і што-небудзь іншае выклікала такі вобраз.
      
Метафара заўсёды цікавіла М. Багдановіча як выразны сродак эмацыянальна-пластычнага адлюстравання з’яў жыцця. Карыстаўся паэт метафарай тады, калі яна “прасілася” ў радок, які павінен быў загаварыць, засвяціцца нейкімі адценнямі думкі. І вось бомы не толькі гудуць, але і запяваюць аб волі і долі, навяваюць у сэрцы спакой. Значыць, сум святлее, душа спакайнее, болей выразна бачыш навакольнае хараство. Так метафарычнае слова ў вершы паэта рэалізуе глыбокі сэнс.
    
На метафарычнай аснове ствараў М. Багдановіч перыфрастычныя выразы. У вершы чытаем: Брызгі золата ў небе блішчаць. Гэта пра зоры (у вершы “Прывет табе, жыццё на волі” яны бачацца паэту як серабро іголак).
    
Алегарычнасць думкі М. Багдановіча найчасцей мае канкрэтную аснову, толькі ён як мастак бачыць падабенства і там, дзе другі чалавек, можа, яго не прыкмеціў бы. Таму ў творы знаходзім і прывычнае параўнанне дарогі са змейкай (уюцца змейкай срабрыстай дарожкі), і параўнанне бляску снегу з бляскам сталі (снег блішчыць, як халодная сталь). Абодва параўнанні арганічна ляглі ў вобразную сістэму верша, памаглі аўтару стварыць выразны малюнак зімовай прыроды.
      
Перачытваючы “Зімовую дарогу” пад “лінгвістычным мікраскопам”, варта звярнуць увагу на сінтаксічную структуру верша. Яна надзвычай цікавая, падпарадкаваная пэўнай заканамернасці: тры страфы — тры складаныя сказы, часткі якіх аб’ядноўваюцца ў асноўным бяззлучнікавай сувяззю, толькі ў другім і трэцім сказах ёсць злучнік і. Кожны радок нясе адносна закончаную думку. Бяззлучнікавая сувязь, аднародная структура сказаў добра перадаюць плаўнасць хуткага руху, дапамагаюць стварыць настрой захаплення. 

А вось верш “Зімой”:

                                                                    Здароў, марозны, звонкі вечар! 
                                                                    Здароў, скрыпучы, мяккі снег! 
                                                                    Мяцель не вее, сціхнуў вецер, 
                                                                    І волен лёгкіх санак бег.   

                                                                   Як мары, белыя бярозы 
                                                                   Пад сінявой начной стаяць. 
                                                                   У небе зоркі ад марозу 
                                                                   Пахаладзеўшыя дрыжаць. 

                                                                   Вільготны месяц стуль на поле 
                                                                   Празрысты, светлы стоўп спусціў 
                                                                   І рызай срэбнаю раздолле 
                                                                  Снягоў сінеючых пакрыў.   

                                                                  Ўзрывайце ж іх санямі, коні! 
                                                                  Звіні, вясёлых бомаў медзь! 
                                                                  Вакол лятуць бары і гоні, 
                                                                  Ў грудзях пачала кроў кіпець.  

Пра тое, што асноўны змест верша “Зімой” нагадвае змест верша “Зімовая дарога”, ужо гаварылася. І тропы, “гэтыя наймагутнейшыя рычагі паэтычнага ўздзеяння”, як называў іх сам паэт, амаль тыя самыя, а верш іншы. Галоўнае тут у настроі, якому падпарадкоўваецца ўсё апісанне.

Хуткая язда, марознае паветра, прыгажосць прыроды можа бадзёрыць чалавека і заспакойваць яго, што і выяўляецца ў вершы “Зімовая дарога”, але ўсё гэта можа захапіць, узбудзіць, выклікаць хваляванне, – і такі вось настрой перадае
М. Багдановіч у вершы “Зімой”. Заўважым, якімі моўнымі сродкамі гэта дасягаецца. 

Пачынаецца верш двума клічнымі сказамі з разгорнутымі звароткамі:

                                                                Здароў, марозны, звонкі вечар! 
                                                                Здароў, скрыпучы, мяккі снег!  

Своеасаблівая форма звароту-прывітання “здароў!”, у якой так і чуецца фізічная і душэўная энергія чалавека, — асноўны гукавы фон радкоў, створаны гукамі [з], [р], [ч], дакладна падабраныя азначэнні звонкі (вечар), скрыпучы (снег) адразу настройваюць на бадзёры тон, на аптымістычнае сцвярджэнне жыцця. Паэта захапляе і ўзбуджае гармонія красы зімовай прыроды.
    
Яшчэ раз успомнім азначэнне звонкі (вечар). Лепей і не скажаш пра позні час, калі працоўны дзень з яго мітуснёй, рознымі гукамі адышоў на спачын, а ў марозным паветры далёка чуваць “вясёлых бомаў медзь” і скрып снегу пад палазамі лёгкіх санак. Метафарычны эпітэт звонкі падтрымліваецца і гучаннем радка і азначэннем скрыпучы (снег), якое таксама – выразная дэталь у гукавым малюнку. Ні скрып снегу, аднак, ні гукі бомаў не парушаюць цішыні прыроды: Мяцель не вее, сціхнуў вецер.
      
Асноўная частка верша (дзве сярэднія страфы) будуецца на зрокавых вобразах. Зноў перад намі апісанне снягоў, марознага неба, як і ў “Зімовай дарозе”, але на ўсё гэта глядзіць другі чалавек, у другі час – і бачыць ён іншае. Заснежаная начная прастора, асветленая месяцам, адлівае сінявою. І паэт пры яе апісанні выкарыстоўвае словы, якія абазначаюць колеры той самай гамы, што і ў “Зімовай дарозе”: срэбная рыза, белыя бярозы,сінеючыя снягі, сіняваначная, але не звяртае ўвагі на халодны бляск снягоў: усё наваколле ў гэтым вершы напаўняецца дыханнем жыцця.
      
З вялікім майстэрствам паэт “ажыўляе” прыроду, і робіць ён гэта, карыстаючыся мастацкімі прыёмамі, заснаванымі на пераносных значэннях слова. Прыгадаем:

                                                                          У небе зоркі ад марозу 
                                                                          Пахаладзеўшыя дрыжаць.  

Тут метафарычны дзеяслоў дрыжаць і такое ж метафарычнае азначэнне пахаладзеўшыя ад марозу надалі малюнку жыццё, напоўнілі яго дыханнем зімовай ночы. Таму, напэўна, месяц, на гэты раз вільготны (а ў вершы “Над возерам” — заплаканы), не проста свеціць ці, дакладней, адбівае святло на зямлю, а спусціў на поле празрысты, светлы стоўп, пакрыў срэбнай рызай снежную прастору. Дзеясловы спусціў, пакрыў, назоўнікі стоўп, рыза рэалізуюць таксама пераноснае значэнне.

Жыве прырода, абуджае сілы чалавека. Як да пэўнай, жывой асобы, звяртаецца паэт да вечара, снегу, званочкаў пад дугой. Усё злілося ў адно, і над усім — чалавек. Ён настолькі захапіўся шпаркай яздою, хараством краявідаў, што нават пачынае адчуваць, як у грудзях пачала кроў кіпець.
        
Перачытваеш вершы М. Багдановіча, і ўспамінаюцца яго словы: “Вершы, вершы дарагія! Спарадзіў я вас, маленькіх, у час, калі мне падымала грудзі хваля пачуцця”. Надзея паэта, што чытач не абміне іх, знойдзе ў іх сугучнае сваім думкам і пачуццям, спраўдзілася. Вершы “Зімовая дарога” і “Зімой” сталі хрэстаматыйнымі творамі, на іх мы вучымся бачыць красу роднай прыроды, вучымся шанаваць роднае слова. 
                                                                                                          
                                                                                                              З кнігі «Лінгвістычны аналіз тэксту»  
                                                                                                                                         Мінск, 1992. – С. 124–129.
   

Галіна Малажай. Верш Янкі Купалы «Дзве таполі»

                                                             ВЕРШ ЯНКІ КУПАЛЫ «ДЗВЕ ТАПОЛІ»

Рускі пісьменнік Б. Емяльянаў у кнізе “Талант” прыгадваў, як Купала расказваў пра “сустрэчу” з перакладам свайго верша “Дзве таполі”. Тое, што твор зацікавіў
Э. Багрыцкага, беларускі паэт ведаў, але ніяк не мог зразумець, чаму некаторыя хваляць пераклад яго верша “Дзве бярозы”. А было ўсё так: Э. Багрыцкі, перакладаючы Купалаў верш, слова таполі замяніў на бярозы. Факт такога падыходу, такой замены галоўнай рэаліі твора — унікальны ў практыцы перакладу з блізкароднасных моў  (ВРагойша. Інясе яна дар… Мінск, 1977. С. 31). Ён прымушае задумацца над характарыстычнай функцыяй слова таполя ў Купалавым тэксце. Удумліва перачытаем верш:

                                                           Там, за вёскай, у полі дзве стаялі таполі, 
                                                           Як адна, дзве таполі стаялі, 
                                                           І стагналі у полі сухавейна таполі, 
                                                           Як адна, дзве таполі стагналі.  

                                                          Аб Усходзе у полі ўсё шумелі таполі, 
                                                          Як адна, дзве таполі шумелі,
                                                          І аб Захадзе ў полі лісцьмі пелі таполі, 
                                                          Як адна, дзве таполі ўсё пелі.

                                                         Што пануюць у полі над дубамі таполі,   
                                                         Як адна, дзве таполі пануюць, 
                                                         Што начуюць у полі самаўладна таполі, 
                                                         Як адна, дзве таполі начуюць…   

                                                       Неба помсту у полі тут пачулі таполі, 
                                                       Як адна, дзве таполі пачулі, 
                                                       І навекі у полі дзве заснулі таполі,   
                                                       Як адна, дзве таполі заснулі.    

Пафас твора — у паэтызацыі імкнення да волі. Таполі сімвалізуюць у Купалы непадуладнасць лёсу, імкненне да свабоды жыццёвага выбару, адначасовае выяўленне слабасці і сілы. Пейзажнаму вершу ўласцівы асацыятыўнасць і пэўная зашыфраванасць: гэта, безумоўна, роздум над лёсам роднага краю, мілай сэрцу Беларусі. Слова  Беларусь жаночага роду, таполя — таксама. І ў вершы імкненне да свету, волі падаецца праз адчуванне нейкай жаночай існасці, таму перакладчык ніяк не мог ужыць слова тополь, якое ў рускай мове мужчынскага роду. 

Верш “Дзве таполі” напісаны ў 1911 г. у Акопах. Цікава, што ў той самы дзень, а гэта было 17 ліпеня, Купала напісаў і верш “Як спытаюцца ў нас”, у якім больш адкрыта выказаў боль за родную Беларусь. У абодвух вершах ён ужывае словы Захад, Усход, і ў абодвух выпадках яны падаюцца з вялікай літары. Яго хвалюе “доля чалавека і народа, узятая ў ракурсе гісторыі народаў і кантынентаў” (Лойка А. А. Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастрычніцкі перыяд. Мінск, 1980. Ч. 2. С. 119). Купала імкнецца адказаць на пытанне людзей “з Усходу” і “з Захаду”: 
     
                                                                Скуль, якога вы роду? 
                                                               Дзе зямля ваша будзе, 
                                                               Дзе айчызна у вас?

 Сваё месца сярод акаляючага свету хочуць знайсці і таполі:  

                                                               Аб Усходзе у полі ўсё шумелі таполі… 
                                                               І аб Захадзе ў полі лісцьмі пелі таполі…

 Няпросты лёс дзвюх таполяў, што растуць у полі за вёскай. Яны сухавейна стогнуць, але знаходзяць сілы жыць і расці. Прыслоўе сухавейна, утворанае ад прыметніка сухавейны, нячаста ўжываецца нават у паэтычнай мове; у тэксце яно, спалучанае з дзеясловам стагнаць, паказвае на прычыну пакут і скаргаў таполяў — іх сушыць гарачы вецер, ім не хапае вады, якая так неабходна ўсяму жывому. Але насуперак гэтаму таполі нават пануюць над дубамі. Слова панаваць мае некалькі значэнняў: гэта і ‘мець уладу над кім-небудзь або чым-небудзь, уладарыць’, гэта і ‘мець пераважнае распаўсюджанне, пераважаць’, гэта і ‘ўзвышацца над чым-небудзь’, гэта і ‘быць галоўным у чым-небудзь, пяршынстваваць’, і нават ‘жыць у раскошы’. У тэксце, безумоўна, рэалізуецца трэцяе значэнне слова панаваць: таполі, нягледзячы на сухавей, незадаволенасць жыццём (яны ж шумелі аб Усходзе, пелі аб Захадзе)выраслі вышэйшыя за дубы — магутныя, моцныя дрэвы. І выраслі самаўладна — зноў надзвычай сэнсава багатае слова ў тэксце. Яно дае нечаканы паварот аўтарскай (ды і нашай) думцы: дубы былі незадаволеныя тым, што таполі ўзняліся вышэй за іх, бо так нядоўга і займець уладу над чым-небудзь. Як бачым, і першае значэнне слова панаваць недзе ў падтэксце радкоў ажывае. І неба адпомсціла таполям. За што? Найхутчэй за недазволенае імкненне самасцвердзіцца — узняцца вышэй за такую мяжу, якая вызначана невядома кім. Чалавек, які ўспрымае гэтыя Купалавы паэтычныя радкі толькі як пейзажныя, скажа, што маланка звычайна б’е ў самыя высокія дрэвы, імі за ваколіцай і былі дзве таполі. Аднак падтэкст намнога глыбейшы. Перыфраза навекі заснулі дае магчымасць асцярожна, мякка сказаць пра смерць таполяў, якія так імкнуліся да сонца, да свету. Значыць, аўтар падзяляе такое іх імкненне, верш заканчваецца на сумнай ноце, якая сведчыць пра агульнафіласофскае асэнсаванне праблемы жыцця і смерці.

Эмацыянальнае ўздзеянне твора ўзмацняецца яго структурнай арганізацыяй: унутранымі рыфмамі, паўторамі ў кожнай страфе з некаторымі варыяцыямі другога і чацвёртага радкоў. Пры гэтым варта заўважыць, што сэнсава апорнае слова першага радка становіцца носьбітам рыфмы другога. Гэта яшчэ раз дае магчымасць падкрэсліць аўтараву думку:

                                                                 І стагналі у полі сухавейна таполі, 
                                                                Як адна, дзве таполі стагналі.   
                                                                Неба помсту у полі тут пачулі таполі, 
                                                                Як адна, дзве таполі пачулі…

Каб захаваць метрычную будову верша, аўтар адступае ад некаторых арфаэпічных патрабаванняў беларускай мовы: стагналі у полі, помсту у полі тут пачулі і інш. Гэта, безумоўна, версіфікацыйныя адхіленні ад нормы, якія нават і не заўважаюцца пры ўспрыманні паэтычнага твора.    
                                                                                                                                   Лінгвістычны аналіз тэксту. –
                                                                                                                                                Мінск, 1992. – С. 155–158.

Галіна Малажай. Верш П. Броўкі «Пахне чабор»

                                                               ВЕРШ П. БРОЎКІ «ПАХНЕ ЧАБОР» 

Верш Петруся Броўкі “Пахне чабор”, напісаны ў 1957 г., даў назву паэтычнаму зборніку, створанаму ў другой палове 50-х гг. Асоба лірычнага героя ў творчасці Броўкі той пары вызначаецца духоўным багаццем і грамадзянскай актыўнасцю. Паэта цікавіць гістарычнае мінулае народа, вабіць чалавек у разнастайных сваіх праяўленнях. Лірычны герой П. Броўкі — патрыёт сваёй зямлі, чалавек, які з павагай ставіцца да культуры, гісторыі ўсіх народаў свету, гуманіст, працаўнік. У ліку яго перажыванняў трэба назваць і асабістыя. Броўка стварае шэраг вершаў на інтымную тэму: “Пра вочы”, “Ты, мая пчолка”, “Памылка” і інш. Асаблівую папулярнасць сярод чытачоў набыў верш “Пахне чабор”, які стаў хрэстаматыйным. Перачытаем яго:

                                                             Хіба на вечар той можна забыцца? 
                                                             Сонца за борам жар-птушкай садзіцца, 
                                                             Штосьці спявае пяшчотнае бор, 
                                                             Пахне чабор. 
                                                             Пахне чабор.   

                                                            Лёгкія крокі на вузкай сцяжынцы. 
                                                            Дзеўчына ў белай іскрыстай хусцінцы, 
                                                            Быццам абсыпана промнямі зор. 
                                                            Пахне чабор. 
                                                            Пахне чабор.   

                                                           Выйсці б насустрач, стаць і прызнацца. 
                                                           Вось яно – блізкае, яснае шчасце. 
                                                           Клікнуць хацелася — голас замёр. 
                                                           Пахне чабор. 
                                                           Пахне чабор.   

                                                          Год адзінаццаць, а можа дванаццаць 
                                                          Сэрца баліць, што не здолеў спаткацца, 
                                                          Сэрца нязменна хвалюе дакор. 
                                                          Пахне чабор. 
                                                          Пахне чабор.   

                                                          Час той схаваўся за дальняй гарою. 
                                                          Здасца хвілінай — яна прада мною… 
                                                          Выйду. Гукаю. Маўклівы прастор. 
                                                          Пахне чабор.
                                                          Пахне чабор.

 Запаволенае, удумлівае чытанне лірыкі мае выключнае значэнне.    Я. Вінакураў у інтэрв’ю карэспандэнту “Литературной газеты” зазначаў: “Марына Цвятаева пісала: “Маё найглыбейшае перакананне, што з першага разу, ды яшчэ з голасу, сэнс верша ўвогуле не даходзіць, — скажу нават: для большасці ў вершах галоўнае зусім
не сэнс…”. Я таксама перакананы што да вершаў трэба вяртацца зноў і зноў, перачытваючы, удумваючыся, адкрываючы нанова глыбіню думкі, захапляючыся музыкай, што іх напаўняе” (Винокуров Е. Великая неимоверность жизни // Лит. газ. 1985. 23 окт.). Мэтанакіраванае чытанне верша “пад лінгвістычным мікраскопам” дапамагае заўважыць тое, што раней не прымушала задумацца, не кранала.

Лірычны герой верша “Пахне чабор” паказваецца на працягу доўгага часу. Мы знаёмімся з яго думкамі, пачуццямі, зменамі душэўнага стану. На пачатку твора перад намі юнак, які светла, аптымістычна глядзіць на жыццё і людзей. Ён бачыць хараство прыроды, жыве ў прадчуванні шчасця. Зусім невыпадкова ў першую страфу ўводзіцца вобраз жар-птушкі. З яго дапамогай паэту ўдаецца стварыць запамінальны малюнак летняга надвячорка — з незвычайным багаццем фарбаў у прыродзе на захадзе сонца: Сонца за борам жар-птушкай садзіцца…

Казачны вобраз жар-птушкі асацыіруецца з пошукамі шчасця, якога прагне кожны, асабліва ў юнацтве. Прыслухаемся да гукапісу ў першай аўтарскай замалёўцы. Паўтарэнне галосных [о],  [а], узмоцненае паўторам радкоў Пахне чабор, пахне чабор, дапамагае пачуць, “як штосьці спявае пяшчотнае бор”. І параўнанне, пра якое ўжо гаварылася, і гукапіс, і асабліва ўвасабленне сонца садзіцца, бор спявае ажыўляюць апісанне, робяць яго дынамічным. Выразна ўяўляем мы і лірычнага героя — чалавека, здольнага бачыць хараство прыроды, радавацца жыццю, умець перадаваць гэта адчуванне іншым.

Перачытаўшы дзве наступныя страфы, несумненна, зробім вывад, што твор напісаны ўжо сталым чалавекам, які прыгадвае сваю маладосць. Пра гэта сведчыць згадка пра той час, што схаваўся за дальняй гарою. Зноў у тэксце выкарыстана метафарычнае слова: час нават не прайшоў (гэта была б сцёртая метафара), а схаваўся, і не проста за гарою, а ўжо за дальняй гарою. Прайшлі гады, а дзяўчына, убачаная ў маладосці, засталася для героя ўвасабленнем хараства. Даўно сцерліся ў памяці канкрэтныя рысы яе вобліку, але гэтае адчуванне засталося. Яно выяўляецца праз асобныя дэталі, створаныя трапна ўжытым словам. Помняцца лёгкія крокі, белая іскрыстая хусцінка. Быццам абсыпана промнямі зор – вось такое ўражанне, якое засталося ад мімалётнай сустрэчы. Чытач сам можа дамаляваць канкрэтны воблік дзяўчыны, які захаваўся ў памяці лірычнага героя.
   
Прыгледзімся, якія моўныя сродкі дапамагаюць паэту так многа расказаць. Броўка, зразумела, апіраецца на традыцыйныя народныя вобразы, вядомыя ў беларускім фальклоры. Пастараемся заўважыць паэтычныя радкі, якія так даверліва-інтымна выявілі душэўны стан лірычнага героя. Паэт піша, што помняцца лёгкія крокі на вузкай сцяжынцы. Мы не толькі верым у тое, што дзяўчына ішла лёгка, імкліва, а і чуем гэтыя крокі ў цішы летняга вечара. Дасягаецца гэта націскным [о] ў першых складах пастаўленых побач слоў: лёгкія крокі… Эпітэты іскрыстая (хусцінка), лёгкія (крокі), метафарычны выраз абсыпана промнямі зор актывізуюць нашы зрокавыя і слыхавыя ўяўленні, абуджаюць нашу фантазію. І мы разам з юнаком любуемся хараством звычайнай дзяўчыны, якая запамінаецца сваёй натуральнасцю і адсутнасцю ўсякай позы. Як тут не прыгадаць народную характарыстыку дзявочай прыгажосці — умытая расіцаю.
       
Даследчыкі творчасці Броўкі падкрэсліваюць “шматзначную прастату”, якая выяўляецца і ў словаўжыванні, і ў кампазіцыі яго твораў. Такой прастатой асабліва вызначаецца трэцяя страфа верша “Пахне чабор”. Звернем увагу на сінтаксічную арганізацыю. Як і ў другой і чацвёртай строфах, гэта адзін бяззлучнікавы сказ, аднак унутраная яго структура адметная. Умоўны лад дзеяслова-выказніка першай часткі  перадаюць барацьбу пачуццяў, жаданняў героя, падкрэсліваючы рэальнасць, магчымасць знаёмства і наступных сустрэч. Не выпадкова тут чатыры дзеясловы побач: выйсці, стаць, прызнацца, клікнуць. Каб названыя імі дзеянні адбыліся, узнікла б рэальная ўмова шчасця, але намеры не здзейсніліся — голас замёр.
      
У апошніх дзвюх строфах перадаюцца пачуцці, думкі сталага чалавека — прайшло год адзінаццаць ці можа дванаццаць пасля той нечаканай сустрэчы з хараством. Лірычны герой не згубіў на жыццёвых дарогах свежага адчування, ён верны самому сабе, бо захаваў жывую рэакцыю на тое, што вабіць позірк, выклікае замілаванне. Шчыра гаворыць ён пра незваротную страту: сэрца нязменна хвалюе дакор. У прыведзеным радку асаблівую сэнсавую нагрузку мае слова нязменна: не мяняюцца адносіны героя да таго, што ён прайшоў міма магчымага шчасця, таму і ўспаміны, таму і думкі пра мінулае.

Параўнаем другую і апошнюю строфы верша, заўважым, што іх аб’ядноўвае і што адрознівае. У абодвух пяцірадкоўях гаворыцца пра сустрэчу з дзяўчынаю. Спачатку — пра сапраўдную, потым — пра ўяўную. У абодвух выпадках надаецца ўвага дзеянням, толькі ў першай сітуацыі яны — умова шчасця, у другой — запозненая актыўнасць. Значную ролю адыгрывае ў паэтычным тэксце дзеяслоўная антанімічнасць. У маладосці лірычны герой не выйшаў дзяўчыне насустрач, не загаварыў з ёю, яго голас замёр, у сталым узросце чалавек прызнаецца: Выйду. Гукаю. Адказу няма — маўклівы прастор. Гэтым асабліва выразна падкрэсліваецца пафас верша — неабходнасць быць верным самому сабе нават у інтымных пачуццях, інакш жыццё будзе няпоўнае, нешчаслівае.

Праз увесь верш праходзіць рэфрэн — паэтычныя радкі Пахне чабор, пахне чабор… Яны, спалучаючы строфы, надаюць вершу цэласнасць, дазваляюць знітаваць мінулае і сучаснае. Яны — і тое светлае, чыстае, што засталося з юнацтва, мабыць, у кожным чалавеку. Таму і выносіць іх Броўка ў загаловак.
                                                                                                                         Лінгвістычны аналіз тэксту. –
                                                                                                                                 Мінск, 1992. – С. 158–162.

Галіна Малажай. Пустога слова не выцерпіць глыбінная душа...

Пустога слова не выцерпіць глыбінная душа…
(Адзін са спосабаў выяўлення суб’ектыўнай мадальнасці ў паэзіі Я. Янішчыц)

Вынесены ў загаловак артыкула паэтычны радок Яўгеніі Янішчыц выразна сведчыць пра яе станаўленне да выбару моўных сродкаў, што ўвасаблялі творчую задуму “ластаўкі палескага краю”. У анатацыі да кнігі “У шуме жытняга святла” (Мінск, 1988), якая сабрала лепшае з напісанага Я. Янішчыц за дваццаць гадоў, адзначаецца, што, “тонка адчуваючы сваю кроўную сувязь з роднай зямлёй, паэтэса ўражвае глыбінёй асэнсавання складаных праблем сучаснасці, прагай сцвярджэння высокачалавечых адносін паміж людзьмі”. У гэтым пераконваешся, чытаючы паэмы і вершы розных гадоў, змешчаныя ў паэтычным зборніку.

Я. Янішчыц выразна выяўляе сваё стаўленне да таго, што стала прадметам яе ўвагі, роздуму, а то і перажывання. Напрыклад:

                                                                 Ах, вёсачкі ажурныя: 
                                                                 Жытцо, лянок, авёс…
                                                                                                       (Пра назвы)

                                                                Не шкада, што кружыцца дачасна
                                                                Зелянцовы лісцік нада мной.
                                                                                                       (***Лістапад. Разгадкавы спакой…)

                                                                О, як хацела жыць я гордай 
                                                                 І незалежна-маладой!..
                                                                Ды падступаецца да горла
                                                                Клубочак ніткі суравой.
                                                                                                       (***Не дакарала, не журыла…)

Пры ўдумлівым чытанні твораў Я. Янішчыц пачынаеш заўважаць асноўныя сродкі стварэння суб’ектыўнай мадальнасці тэксту. Сярод іх найчасцей трапляюць у поле зроку словы з памяншальна-ласкальнымі суфіксамі, якія надаюць прадметам і прыметам станоўчую або адмоўную ацэнку, адначасова выяўляючы цэлую гаму пачуццяў: замілаванне, спачуванне, спагаду або часам шкадаванне, насмешку, іронію:  О сэрцайка, не дай мне памыліцца ні ў шчырасці, ні ў ласцы, ні ў бядзе.  (Зімовае); Шчыруе мама. Бульбачка кіпіць. (***Не назавём – само не назавецца…); У лёгенькім, як вецер, паліто, нясмелая, нагадваю лілею. (*** Не падмігнуць нам вулачкі ці пашы…); А нашы дарожанькі — так розна — разбегліся. (Хата); Здрыганулася: воблакам тваім кропелька твая бяжыць са школы. (Рыгору Семашкевічу); А ноч гудзе, і ў зарыве маланак танюткую рабіну лупіць град. (Брат); Ох, модачка на цыгарэты, куды ж яна дзевак завяла… (Ягадны хутар).

Ацэначная шкала ў паэзіі Я. янішчыц, маючы суб’ектыўна-аб’ектыўны характар, даволі шырокая, але пры вызначэнні прагматычнай якасці моўных адзінак з выразнай канатацыяй стрэлка звычайна затрымліваецца там, дзе даюцца станоўчыя ацэнкі, выяўляюцца быццам бы станоўчыя эмоцыі, але ў падтэксце вельмі часта адчуваецца горыч, боль або неспакой, душэўная неўладкаванасць. Найбольш выразна заўважаецца прагматычная значнасць слоў з ацэначнымі афіксамі, што даюць магчымасць выявіць не столькі семантыку слоў, колькі суб’ектыўную мадальнасць тэксту, у вершы “Маналог яблыні”, асабліва ў наступных радках:

 ​                                                                А як мне, пасаджанай, раслося — 
 ​                                                                Адзін вятрыска ведае аб тым…
 ​                                                                Дык дзякую за тое, што бялілі
 ​                                                                Мяне вясной, каб на кару не палі
 ​                                                                І вусені, і мурашы падчас.
                                                                 Але чаму чарнела ўслед пабелка
 ​                                                                На яблыньцы малой? 
 ​                                                                І без разбору
 ​                                                                Тачылі дрэўца — хто — калі — хацеў?..

Словы вецер і яблынька маюць толькі намінатыўны змест, а ўжытыя ў прыведзеным кантэксце вятрыска і яблынька набылі кантрастную канатацыйнасць, таму чытач разумее, нават адчувае, як складана было яблыньцы пад халодным вятрыскам. Сама форма маналогу, ды і яшчэ расліны, а не асобы, спрыяе ўзмацненню суб’ектыўнага плану выказвання з глыбокім падтэкстам, які выводзіць на разуменне душэўнага стану самой аўтаркі паэтычнага твора — ёй таксама няпроста жылося між “блізкіх-далёкіх” людзей.

Суб’ектыўная мадальнасць, выяўленая ці падкрэсленая словамі з ацэначнымі суфіксамі, заўважаецца  шмат у якіх вершах Я. Янішчыц палескай тэматыкі. Непасрэдна пра сябе і сваю сувязь з роднай зямлёю паэтка піша так:

                                                                 Пакуль стажкі стаяць
                                                                 І ходзіць важна бусел, —
                                                                 Дазволю нагадаць
                                                                 Я пра сябе ў скрусе
                                                                 Хаця б травінкай той
                                                                 Між багны ды асокі,
 ​                                                                Як даўняй нематой
 ​                                                                Перадапошняй спёкі.
                                                                                                        (Палескае)

Словы з памяншальна-ласкальнымі суфіксамі наогул у мове, а ў творах Я. Янішчыц асабліва далёка не заўсёды абазначаюць невялікія ў прасторы і часе аб’екты і з’явы рэчаіснасці. Стажкі, што запомніліся Жэні Янішчыц з дзяцінства, былі не абавязкова невялікія, жытцо і лянок — не маларослыя, чэзлыя, акружныя вёсачкі былі розныя — вялікія і малыя. Выкарыстаныя ў мастацкіх тэкстах формы слоў даюць магчымасць дасягнуць неабходнага прагматычнага эфекту. Ён выразны ў многіх творах паэткі, напрыклад, у вершы “Па дарозе ў Дастоева”, які аўтарка пачынае звернутым да сябе і іншых заклікам-пытаннем: Шукаць карэньчыкі роднасці сваёй? Спрадвеку лічылася, што людзі павінны добра ведаць свае карані. Нашы ж карэньчыкі кволыя, затаптаныя, іх нялёгка знайсці ў “падзолістай глебе”. І ўсё-такі ваколіцы Дастоева, як пафасна сцвярджае Я. Янішчыц, — месца, якое нараджала і нараджае творчых людзей:

                                                         Язычнікаў куточак? Не, музык!
 
Жэні Янішчыц хацелася б верыць у прарочыя словы свайго славутага земляка Фёдара Дастаеўскага, што “красота спасёт мир”, таму яна іх і выносіць у эпіграф названага верша. Рэальнасць, праўда, не абнадзейвае: “сад здзічэў”, “завялі пралескі”, “напяты стрэлы сэрцаў і планет”, але, нягледзячы на гэта, паляшуцкая “струна душы, падобная на ўскрык, перажагнала радасць і гаркоту”. Заўважым: зноў жа невыпадкова побач радасць і гаркота… Як і ў многіх паэтаў з “глыбіннай душой” (А. Міцкевіча, М. Лермантава, М. Багдановіча, Я. Купалы, Я. Коласа, А. Куляшова, П. Панчанкі…). Безумоўна, ёсць у творах Я. Янішчыц і выключна “светлая” суб’ектыўная мадальнасць, выяўленая тым марфалагічным спосабам, які прыцягнуў нашу ўвагу, напрыклад: З укропчыкам ядроным, з пахам яблык бачэначак выкочваецца ў лёх. (Шаткаванне капусты) Прывязі — прашу — шыпшыны мне і мяты, гаварок палескі наш негаваркі. (***Сустракаемся так рэдка) Вясной павеяла, вясной і першым спорным дожджычкам (Двое) Ды выбежыць цераз гады той вобраз, што не стаўся словам: дзяўчынка ў вэлюме маёвым (***У белым кіпені сады…) Здымі сандалікі, Не бойся зямлі, не бойся, дзіцятка, пожні… (Мама) У апошнім прыкладзе аўтарка дала слова маці. У вершах чуюцца галасы і яе аднавяскоўцаў, суседзяў, родных. Тады натуральна ў паэтычных радках знаходзім звароткі, выражаныя назоўнікамі і прыметнікамі з суфіксамі суб’ектыўнай ацэнкі, што як бы вызначае ўжыванне і іншых падобных слоў у кантэксце: “Ты смятанку еш, дзіцятка, ай, худзенькая саўсім! На, паеш, мая лябёдка, галасочак каб не знік”. “Выпі, золатца, вады, сэрца супакоіцца”, “Пятрок жа, кабетанькі, сёння, а вы не святкуеце што ж?”. “Куды ж мне ехаць, пражыўшы у вёсцы век. У мяне ж тут — свая зямліца, знаёмы кожны кусцік і чалавек”. Выкарыстанне слоў з суфіксамі суб’ектыўнай ацэнкі добра перадае ў творах Я. Янішчыц натуральнасць вуснага беларускага маўлення.

Натуральнасцю ўспрымання жыцця вызначаецца наогул уся творчасць адметнай беларускай паэткі. А ў жыцці адбываюцца такія працэсы і ўзаемадачыненні, якія мастаку даводзіцца адлюстроўваць з максімальнай слоўнай беражлівасцю і эмацыянальнай напружанасцю. Тады аўтары карыстаюцца і некаторымі мастацкімі прыёмамі ўжывання канатацыйна пазначаных слоў. У творчасці Я. Янішчыц можна вылучыць наступныя:

— выкарыстанне ў блізкім кантэксце, нават побач, мадальна нейтральнага слова і яго ж у форме суб’ектыўнай ацэнкі, напрыклад: П’ю халодную ваду, нібы вадзіцу на зажынках у спякотную пару. (***Сустракаемся так рэдка…) Няма ў сястры сардэчнае сястрыцы… (Брат) — Ты ідзі стараною, старонкай, мой, да кропелькі мой і — чужы! (***Гэта, мілы мой, лёсу насмешка…);

—  ужыванне ў блізкім кантэксце спачатку слова з суб’ектыўнай ацэнкай, а потым яго ж без такой фармальна выражанай ацэнкі, ад чаго звычайнае слова набывае асаблівую функцыянальную значнасць, напрыклад: …І чыя ж гэта песенька спета? …І чыя гэта песня звініць? (***Вось і лета маё на схіле…) Сыне мой першы, наіўны Андрэйка, і сын мой апошні, мужны Андрэй! (***Схлынуць гады, як за вадою…) Звіняць гадоў званы: да каласочка колас. (Старэйшыя мае);

— выкарыстанне ў блізкім кантэксце некалькіх слоў рознай семантыкі з аднолькавай суб’ектыўнай ацэначнасцю, напрыклад: Уладна ў ранішняй руцэ лавіць сняжок падталы, тваю журынку на шчацэ адчуць за тры кварталы. (Ранішняе) Цікавінка, дзяўчо, былінка, я памылялася той час! (Акно ў дождж) —  Скінь гэты модны жупанчык ды грабелькі ў рукі бяры. (Ягадны хутар);

— наўмысна падкрэсленае выкарыстанне слоў з памяншальна-ласкальнымі суфіксамі для выяўлення ў тэксце асуджэння або іроніі, напрыклад: — Ах, як ззяюць срэбным бляскам Вашы пальчыкі, мадам! (***Праклінаем долю, неба…) — параўн.: Расцалуй да чыстых слёз, да смеху, пальчыкі азяблыя сагрэй. (Святло); Востры каменьчык — пад ногі мае! (***Схлынуць гады, як за вадою…) Шукай, як кажуць, у полі ветру, ды грошыкі зноў рыхтуй. (Ягадны хутар);

— пашырэнне суб’ектыўнай ацэначнасці на займеннікі і прыслоўі, характэрнае для вуснага маўлення, напрыклад: Усё відно да саменькіх драбніц… (Мацей і Пцімея) Блізенька сядзем, сялянкі і дамы, зблізіцца, ох, як пара… (Зорная паэма);

— графічнае вылучэнне ў паэтычным радку слова з суб’ектыўнай ацэнкай, абумоўленае агульным зместам твора і скіраванае на актуалізацыю ўвагі на асобных яго сэнсавых нюансах, напрыклад: 

                                                               Ой круты расстання бе-                                      
                                                                                                           ра-                                        
                                                                                                                  жок,
 ​                                                               Але горыч не ўтапіць. 
                                                                                                                      (***І сямейнай картай бітая…)
 
Яўгенія Янішчыц у зборніку “На беразе пляча", выдадзенага ў 1980 годзе, змясціла верш без назвы, у якім выказала спадзяванне, што “выняньчаны” ёю радок “не зможа з іншымі змяшацца”. Спадзяванне беларускай паэткі спраўдзілася. Яе творы становяцца аб’ектам увагі не толькі звычайных чытачоў, але і спецыялістаў.

                                                                                                                                                           Загароддзе–2 :
                                                                                                                             матэрыялыканферэнцыі. –
                                                                                                                                                  2000. – С. 155–158.

Галіна Малажай. Чытаючы З «Нялёгкіх дарог» Фёдара Янкоўскага

           ЧЫТАЮЧЫ З «НЯЛЁГКІХ ДАРОГ» ФЁДАРА ЯНКОЎСКАГА

Дзесяць гадоў назад выйшла з друку кніга “З нялёгкіх дарог” Фёдара Янкоўскага. Яе назва добра вызначае жыццёвы і творчы шлях аўтара — нястомнага рупліўца  на ніве беларускай культуры. Апавяданні, абразкі і замалёўкі, уключаныя ў гэты збор твораў, не раз і не два перачытваліся з увагаю не толькі да іх зместу, а і да функцыянальнай значнасці кожнага слова і выразу. Узнікла жаданне напісаць пра моўную адметнасць літаратурных твораў Ф. Янкоўскага. Потым падумалася: гэта могуць зрабіць і тыя, хто асабіста не ведаў аўтара мастацкіх тэкстаў, што адлюстравалі стан ягонай душы ў асобныя моманты жыццёвай дарогі.

Мабыць кожны, хто жыў, працаваў з гэтым чалавекам побач, добра памятае: Фёдар Міхайлавіч вельмі часта быў пад уражаннем нейкай падзеі светлага або балючага ўспаміну. Тады ў яго думках звычайна выспяваў новы абразок, які потым можна было прачытаць у родным яму “Полымі” або на старонках ЛіМа, “Голасу Радзімы”, “Настаўніцкай газеты”.

Мне не так часта выпадала сустракацца з маім Настаўнікам. Аднак уражанні ад пачутага і ўбачанага да гэтага часу свежыя і моцныя. Выразна помняцца амаль усе дэталі размоў з Фёдарам Міхайлавічам у кафедральным кабінеце, у доўгім калідоры філалагічнага факультэта, па якім ён заўсёды хадзіў, размаўляючы з калегамі, аспірантамі, студэнтамі.

Неяк давялося прыехаць у Мінск позняй восенню 1975 года. Паднялася на чацвёрты паверх педінстытуцкага будынка, дзе і цяпер займаюцца філфакаўцы. Гляджу: у канцы калідора стаяць выкладчыкі і аспіранты (чалавек шэсць) і ўважліва глядзяць на Янкоўскага і незнаёмага мужчыну. Падыходжу бліжэй, чую: Фёдар Міхайлавіч ціха спявае беларускую народную песню:

 ​                                                                Нехта ў лесе гукае — 
  ​                                                               Татка дзетак шукае.
                                                                 Ідзеце, дзеткі, дадому,
                                                                 Ой, як трудна жыці адному.

Мелодыя песні з такімі шчымлівымі радкамі кладзецца на мелодыю “Сурка” Людвіга ван Бетховена, якую вядзе, як потым зразумела, інстытуцкі выкладчык музыкі і спеваў. Фёдар Міхайлавіч па-дзіцячы радуецца ад выніку такога эксперыменту. Звычайна стрыманы, размахвае рукамі, увесь свеціцца, расказваючы тое, як упершыню пачуў “Сурка” на ўроках спеваў у рагачоўскім педтэхнікуме і вельмі здзівіўся, бо мелодыю чуў у родным Клетным на Глушчыне і ад сваёй мамы, і ад суседак, што часта прыходзілі да іх. Словы толькі былі іншыя — пра бацьку, які па нагаворах другой жонкі завёз дзяцей у лес і кінуў. Праз некаторы час у друку з’явілася апавяданне “Нехта ў лесе гукае”. Назва яго пераклікаецца з песенным радком, але набывае значна большы сэнс. Мастацкі твор невялікі, але ўзнімае, як кажуць, некалькі жыццёвых праблем. Тут і роздум пра тое, што былое Пад’елле ў родных мясцінах, дзе “раслі грабы, ясені, ліпы, клёны, асіны, дубы” і зусім не было елак, стала не лесам, а чыстым роўным полем, бо “інтэнсіўна, нібы нязмерна даўжэзнаю пілою, рэзаліся і, здавалася, усе падрад лясы”. Тут і ўспамін, выкліканы сустрэчаю з Пад’еллем і гаворкай з жанчынамі-саракоўкамі, якія зусім не ведаюць, што раней каля Клетнага быў казачны лес. Аўтар прыгадвае сваё дзяцінства з пастушковымі клопатамі і здарэннямі. І было аднойчы такое: прамоклае да ніткі хлапчанё схавалася пад дрэва і знясіленае задрамала: праз сон яму пачулася песня, ад якой не раз сціскалася душа: “Нехта ў лесе гукае…” Гэта спалоханая Матруна, на чатыры гадочкі за яго старэйшая, дадумалася, што, можа, песня хутчэй даляціць да малога і ён адгукнецца ці дома схамянуцца, што так “доўга няма тавару, шукаць пойдуць, то хоць ведацьмуць, дзе шукаць”. Апавяданне заканчваецца пачутымі ў калідоры разважаннямі пра дзіўныя “меладычныя перазовы”. Інакш і не назавеш тое, што прыкмеціў пісьменнік. На пастаўленыя ім пытанні цяжка адказаць: “Дакацілася да Клетнага Бетховенава песня? А, можа, дакацілася яна, мелодыя, адсюль да панскіх пакояў. Адкуль ішла і пайшла далей, далёка? Пайшла, і ці не пачуў яе Бетховен?” А вось вывад пераконвае адразу: “Калі так то паздароў божа!” Але гэта не толькі выяўленне эмоцый. Гэта глыбокае перакананне мудрага навукоўца: “Геній не толькі стварае, умее ствараць, геній умее ўбачыць, пачуць тое, што ёсць на свеце, у прыродзе, у людзях, на людзях”.

Умеў многае заўважыць, пачуць і адчуць і сам Фёдар Міхайлавіч. Як піша Павел Місько, “пра Ф. Янкоўскага як майстра дэталі і слова, пісьменніка тонкага густу можна было б пісаць цэлае даследаванне”. Добры знаўца чалавечай душы, настаўнік па прызванні, ён пакінуў нам абразкі, якія вучаць далікатнасці і руплівасці, чысціні чалавечых адносін і вернасці роднай зямлі… Кожны раз, як толькі трапляе на вочы апавяданне “Чаго ж не зрабіла?”, адчуваю сябе вінаватаю. Мабыць, і я была сярод тых “трох галоў, трох душ”, якія не адгукнуліся ў дзень нараджэння таго, хто заўсёды помніў пра сваіх вучняў, ніколі не пакінуў без увагі напісанага, ніколі не затрымаўся нават з адказам на чарговы ліст. Ды не толькі я магу сказаць: “Настаўнікавы рукі паднялі мяне!” Ягоныя парады, папярэджанні запомніліся на ўсё жыццё. Іх шмат пачула, размаўляючы з Фёдарам Міхайлавічам у ягоным хатнім кабінеце — спачатку на праспекце Машэрава, потым — на Нямізе.

Гэты кабінет устае перад вачыма, калі чытаеш абразок “Сярод кніжак”, асабліва яго пачатак: “Гаспадар? спакойны і далікатны чалавек. Ён —кніжнік: любіць кніжку, сам піша. Госці таксама кніжнікі <…> І пакуль сяго-таго яшчэ не хапае на стале, хоць ён і так аж гнецца ад усялякага рознага, госці пры гаспадару аглядаюць, разглядаюць яго бібліятэку. Адзін застыў каля слоўнікаў — беларускіх, рускіх, чэшскіх, польскіх, славацкіх, балгарскіх. Другі, спыняючыся, павольна праходзіць, спыняецца каля стройных паліц стройных лексікаграфічных шматтомнікаў. Трэці разглядае непрывычны ў гэтай бібліятэцы строй кніжак — асобную і шырокую паліцу. На ёй кніжкі з аўтографамі. Усё ў бібліятэцы — калі ласка! — аглядаецца і разглядаецца. І толькі апошняя паліца, самая ніжняя справа і нейкая бедная, заслоненая крыху парудзелым доўгім лістом паперы”.

Гэта мастацкі твор, але гаспадара і яго бібліятэку пазнаць няцяжка. Як лёгка ўжо на самым пачатку абразка пазнаць і аўтара па ёмістасці азначэнняў: спакойны і далікатны гаспадар, непрывычны  строй кніжак рознага памеру, нейкая бедная (потым зразумеем: добра, што бедная) паліца з парудзелым лістом паперы; па матываванасці паўтораў тых самых і аднакаранёвых слоў: стройныя паліцы стройных шматтомнікаў, усё аглядаецца і разглядаецца; па лаканічнасці і змястоўнасці сказаў: Ён — кніжнік: любіць кніжку, сам піша.

І сёння бачу радасныя вочы Фёдара Міхайлавіча, калі ён паказваў дасланыя або прынесеныя яму кніжкі духоўна блізкіх людзей: В. Рагойшы, Г. Каханоўскага, Н. Гілевіча, Л. Падгайскага, А. Каўруса… І помніцца, як папярэджваў: перш, чым падпісаць каму кніжку, добра падумайце, ці варта… Гэта было ў 1974 г., калі ў мяне з’явілася першая асобна выдадзеная лінгвістычная праца. А ў 1976 г. у названым абразку чытаю: “Крыўдна і за аўтара — навукоўца-даследчыка, “інжынера чалавечых душ” — пісьменніка, што пранікаюць у таямніцы жыцця прыроды і часам не адрозніваюць ад культурных людзей цемрака з партфелем і атэстатам, падпісваюць такому…” Выпісаны сказ спачатку прыцягнуў увагу тым, што ў ім традыцыйная перыфраза інжынер чалавечых душ і індывідуальная  цемрак з партфелем і атэстатам. Потым успомніла папярэджанне, якое, безумоўна, асэнсоўваецца толькі з пазіцыі жыццёвага вопыту.

І яшчэ адзін Настаўнікаў урок. Недзе ў канцы 1980 г. атрымала я ліст ад Фёдара Міхайлавіча з парадаю абавязкова знайсці кнігу Лукаша Калюгі “Ні госць ні гаспадар” і прачытаць яе з увагаю да аўтарскага словаўжывання. Праз некалькі дзён званок і просьба: “Пашукайце ў сваёй картатэцы перыфразы, якія замяняюць слова статак. Помніцца яны былі ў Вас”. Пашукала, знайшла, выслала карткі, на якіх былі зафіксаваны перыфразы рагаты сыты транспарт (Я. Купала “Пры скаціне”), рагатая парафія (Я. Колас “На ростанях”), рагаты транспарт (Р. Сабаленка “Іду ў жыццё”). Калі з’явілася ў “Полымі” чарговая падборка абразкоў Ф. Янкоўскага, я зніякавела: у адным з іх, названым “Чытаючы Лукаша Калюгу”, я знайшла ў тэксце спасылку з картатэкі Г. Малажай. Удакладненне не клалася ў радок, замінала агульнай думцы, таму я потым прасіла зняць устаўку. Не, у кнізе “Прыпыніцца на часіну” засталося так, як як у першым варыянце. І толькі пры падрыхтоўцы “З нялёгкіх дарог” спасылку, нарэшце, знялі. Фёдар Міхайлавіч шчодра раздаваў ідэі, падказваў словы і фраземы, шмат часу траціў на рэцэнзаванне і рэдагаванне напісанага іншымі, у тым ліку і мною, але прысвоіць “чужое” не мог.
      
Фёдар Міхайлавіч вельмі адказна ставіўся да адбору моўных фактаў у вучэбных і навуковых выданнях. Пра гэта ён пісаў і ў літаратурных творах. Каб пераканацца, дастаткова прачытаць абразкі “Толькі адна цытата”, “Вельмі нават”, “Наша дзьвесьце”, “Варта вартаваць”.
      
Зусім не выпадкова асобныя абзацы апавядання “Перад бацькавым полымем” гучаць як клятва служэння роднаму краю і роднаму слову. Удумаемся ў напісанае чалавекам, які сваім жыццём пацвердзіў тое, да чаго імкнуўся:
      
Цвёрда і заўсёды: на світанні і змярканні, золкаю ці ведранаю ноччу, хмурным ці сонечным днём — заўсёды і ўсюды жыццё маё будзе не дзеля кавалка хлеба; найгалоўнейшае, ад чаго не адступлюся, хоць апынуся ці ў акопах, ці ў шпіталі, хоць буду халодны ці галодны, — маё роднае слова, родная натура вялікага краю, родная Беларусь. Вы — мая радасць і ўцеха, вы — мая скруха і боль, вы  — маё шчасце і жыццё”. 
        
Апавяданне “Перад бацькавым полымем” ёсць у розных зборніках Ф. Янкоўскага, у кнізе “З нялёгкіх дарог” яно стала часткай раздзела “Полымя”, дзе друкуецца з такімі выдзяленнямі, як у прыведзенай цытаце. Аўтару хацелася ўзмацніць ролю асобных слоў і выразаў у тэксце, бо яны сапраўды вызначалі ягоныя адносіны да ўсяго дарагога і роднага. У гэтым жа апавяданні ёсць і тыя радкі, якія часта прыгадваюць беларускія лінгвісты: “А з ім [родным словам.  Г. М.] працуй з вымытымі рукамі, адгортвай ад сябе ўсялякае мурзатае, здрадлівае, адгортвай пацяруху, смецце”. А пацяруху і смецце не раз заўважала пільнае вока філолага. Адмятаў яго ён у сваіх лінгвістычных працах, навучальных дапаможніках, выстаўляў напаказ і ў мастацкіх творах. Перачытаем хоць бы “Ні — знаўства, ні слова”, “Ні матчына, ні цешчына”, “Словы, радкі”, “Добра, і неяк зажурыла”…
     
Фёдар Міхайлавіч журыўся, заўважаючы ў беларускім маўленні недакладнасць, засцерагаў ад ужывання “не тых слоў”, абураўся, калі прапагандавалася, распаўсюджвалася непісьменнасць. Часам і адбіваўся ад нападак тых, хто прызнаваў толькі рух у кірунку, вызначаным уплывовымі дзяржаўнымі ўстановамі. З’явіўся ж некалі ў “Звяздзе” артыкул К. Крапівы “Грамадская неабходнасць і беспадстаўнае наватарства”. Пра ўражанне ад напісанага там чытаем у абразку “Званок”, апублікаваным праз восем гадоў.
     
Разважлівы і дасведчаны аўтар і педагог, ён не спяшаўся шукаць у артыкуле таго, што называюць “слабымі мясцінамі”, — недакладнасці, памылкі. Не дапускаў нават спробы пераключыць сваю ўвагу на тое, каб сфармуляваць хады і фразы лагічнага адказу аўтару газетнага артыкула, шукаць у артыкуле заганы. “Пішаш, разважаў, то не забывайся: тое, пра што пішаш, ведаеш не адзін ты, а ведаеш, то не абавязкова найлепей. Пішаш — то дзесьці і схібіш: або не хапіла ці не ўзяў належных фактаў, прыкладаў, або не хапіла думкі, або — нельга дараваць — не хапіла належных слоў ці не належным чынам шукаў і падбіраў словы”.
   
Пасля такога быццам бы спакойнага разважання ідзе невялікі абзац, падтэкст якога адлюстроўвае сапраўдны стан чалавека, з якім абышліся не па-людску: несумленна паставіліся да цытавання ягоных прац… “Унучку свайму ў тую раніцу, аднак, не дазволіў зайсці ў свой пакой”.
       
Добра помняцца тыя трывожныя дні 1972 года. Слова ж лечыць і калечыць… Думалася пра хворае Настаўнікава сэрца, пра ранімасць гэтага ўражлівага чалавека. Былі спробы супакоіць, разважыць. Званіў яму, мабыць, тады не адзін выхаванец, не адзін навуковец. Але, як чытаем у абразку “Званок”, “крыўда — узяла сваё”. І амаль адразу напісалася замалёўка з выкладчыцкай практыкі “Толькі адна цытата”. Хто чытаў абразок тады, у 1973 годзе, адразу зразумеў, адкуль узяла цытату неспрактыкаваная, хоць і перспектыўная выкладчыца. Ды і цытата прыводзілася поўнасцю: “У мове ёсць сотні хімічных элементаў, назвы якіх ужываюцца з канчаткам –й: натрый, калій, кальцый, берылій”. Яна з таго артыкула, пацверджанага аўтаравым подпісам і аўтаравым званнем навукоўца. А далей ідзе аналіз тэксту: “Хімічных элементаў не сотні. Сёння навука ведае іх крышачку больш за сто: элементы запісаны ў табліцы Мендзялеева, і наўрад ці ёсць сёння на Беларусі хоць адна такая школа, у якой не было б гэтай дасканалай, разумнай і простай табліцы, складзенай геніяльным чалавекам. А хіба ж -й  кантатак у назоўніках натрый, калій, берылій (натрый-у, калій-у, кальцый-у, берылій-у)? Канцавы -й — гэта апошні гук асновы, яе частка. І яшчэ. Ці ёсць у беларускай мове, як у рускай, украінскай, хоць адно слова з канчаткам й (j)?
       
Сітуацыя на няўдалых занятках творчы вымысел, які даў магчымасць публічна сказаць пра ўжо не толькі пацяруху ў мовазнаўчым артыкуле, аўтар    (тады і цяпер думаецца аўтары) якога ўпэўнена і безапеляцыйна вырашаў амаль усе праблемныя пытанні культуры беларускага маўлення.
      
Крыўда была не малая. Інакш не з’явілася б яшчэ адно “рэагаванне” артыкул у мастацкім творы пра людскую падтрымку ў нялёгкі час: “Крытык напісаў, напрыклад, што ён, аўтар кнігі, “лічыць нават недапушчальную думку. Ні ў кнізе, ні ў артыкуле пра тую “недапушчальнасць думкі” не было Не згаджацца з нейчым сцверджаннем ці меркаваннем — адно, а каб не дапускаць нейчае думкі і меркавання?” Пастаўленае пытанне не патрабуе адказу, ён у самым пытанні. Але вывад, якім заканчваецца абразок, амаль афарыстычны: “Калі робіш добрае і робіш добра, не чакай і не шукай сабе спакою. Ён, мабыць, не твой”.
    
Не шукаў сабе спакою ў жыцці Фёдар Міхайлавіч Янкоўскі, таму і пакінуў нам кнігі, якія вучаць роднаму слову, вучаць цаніць і паважаць людзей, служыць Беларусі. 

                                                        Улюбёны ў роднае слова : зборнік навуковых артыкулаў. –
                                                                                                                                 Мінск, 2000. – С. 13–18.

Родная мова ў вуснах чалавека асабліва выдатнага, надзеленага  
аўтарытэтам вучонасці, была з часоў Скарыны і засталася назаўжды 
сімвалам патрыятычнай вернасці.


Уладзімір Калеснік

ЖЫВІ, НАША СЛОВА

Галіна Малажай. «Мова наша ёсць такая ж людская і панская...»

  «МОВА НАША ЁСЦЬ ТАКАЯ Ж ЛЮДСКАЯ І ПАНСКАЯ...» 

Змест прадмовы Францішка Багушэвіча да зборніка “Дудка беларуская”, што выйшаў у 1891 годзе, цяпер вядомы не толькі філалагічна адукаваным людзям, палымяныя і выпакутаваныя радкі гэтага звароту да “дзяцей Зямлі-маткі” нашай асэнсоўваюцца ўжо на ўроках як беларускай мовы, так і беларускай літаратуры. Праўда, не да ўсіх даходзіць, што “добра, нават і трэба знаць суседскую мову, але найперш трэба знаць сваю”.

Францішак Багушэвіч ведаў, акрамя беларускай, некалькі моў: рускую, украінскую, быў далучаны да грэчаскай і лаціны... Сцяпан Александровіч нават прыгадвае “глухія звесткі”, паводле якіх былі творы Багушэвіча, напісаныя па-ўкраінску. Разам з тым беларускі даследчык пагаджаецца з польскім біёграфам нашага пісьменніка — Напалеонам Роўбам, што ў гады бадзяння па чужыне Францішак Багушэвіч у вольныя ад працы хвіліны пісаў вершы найперш па-беларуску, праўда, яны звычайна станавіліся здабыткам толькі прыватных архіваў сяброў. Ёсць у Багушэвіча вершы, напісаныя па-польску, амаль зусім польскамоўная публіцыстычная і эпісталярная спадчына пісьменніка. Аднак, добра ўсвядоміўшы, што “гаворка, язык ёсць адзежа душы” народа, Багушэвіч і пісаў пра яго па-беларуску. Лірычны герой ягонага верша “Праўда” разважае пра тое, што адбываецца на роднай зямлі, наступным чынам:

                                                       Даўней, кажуць, Праўда па свеце хадзіла:
                                                       Жабруючы ж, змерла, а людцы схавалі,
                                                       Каменнем накрылі, зямлю пааралі,
                                                       Каб не чуць, не ведаць аб ёй ані весці,
                                                      Ды цяпер і кажуць: “Праўда ў небе гдзесьці!”
                                                      Ды пашлі ж ты, Божа, Праўду сваю тую
                                                      З неба на зямельку, слязьмі залітую!..

Па-народнаму простыя і па-грамадзянску завостраныя паэтычныя радкі Багушэвіча і цяпер знаходзяць водгук у душах многіх беларусаў. Не абыходзілі іх увагаю і сучаснікі паэта. Польская пісьменніца Элаіза Ажэшка ў 1887 годзе паведамляла Яну Карловічу: “Тры тыдні таму назад быў у мяне добры ваш знаёмы з Вільні пан Багушэвіч... Ён чытаў мне свае беларускія творы і нават даў мне іх копію з асобным вершам, напісаным па-беларуску. Ці ж няпраўда, што гэта рэчы вельмі цудоўныя. Яны маюць асаблівае хараство”. У 1888 годзе зноў жа ў лісце да гэтага польскага вучонага
Э. Ажэшка расказвае: “Быў у мяне нядаўна п. Багушэвіч і чытаў мне сваю толькі што напісаную па-беларуску казку, доўгую, поўную фантазіі, цудоўную”.

Пра асаблівыя адносіны Багушэвіча з польскім мовазнаўцам, фалькларыстам і этнографам Янам Карловічам, які да таго ж быў выкладчыкам музыкі ў Варшаўскай кансерваторыі, многія ведаюць. Звернем увагу толькі на тое, што Ян Карловіч, сам працуючы над “Слоўнікам слоў іншамоўнага паходжання, якія ўжываюцца ў польскай мове”, прапанаваў Багушэвічу скласці слоўнік беларускай мовы. Праўда, у пачатку лістапада 1889 года Багушэвіч піша Карловічу: “Адносна слоўніка да гэтага часу нічога не зрабіў. А з памяці гэта не выходзіць і не выйдзе.” У наступным лісце знаходзім і тлумачэнне, чаму праца над слоўнікам адкладваецца: “А я загруз у плюгавай адвакацкай (adwokátowskiej, як гаворыць тут адзін карэнны паляк) працы для надзённага кавалка хлеба, і застаецца мала часу, каб пачытаць што-небудзь карыснае: юрыдычныя талмуды — самы пракляты матэрыял, бо адбіраюць у мяне лепшыя хвіліны жыцця.” Разам з тым у гэтым жа лісце знаходзім сведчанне, што ўвагу Багушэвіча прыцягвалі адметныя беларускія словы, значэнне якіх ён імкнуўся растлумачыць то інтуітыўна, то кантэкстуальна. А то і з выхадам на этымалогію. Ды і не беспадстаўна!

У час маёй працы над гэтым паведамленнем стала зразумела, што нашы лінгвісты пакінулі без увагі цікавыя запісы і небеспадстаўныя тлумачэнні Францішка Багушэвіча. Дачытаем ліст Яну Карловічу, напісаны 11 студзеня 1890 года: “Учора з вялікай прыемнасцю я сустрэўся на хвілінку з львоўскім прафесарам Семірадскім, які абяцаў, што праз тыдзень сустрэнецца з п. Растафінскім і запытае яго пра беларускія навінкі. Хоць і вельмі нязначна, але павялічыў лік гэтых навінак, а іншыя паправіў, запісаў некалькі прымавак, успомніў некалькі новых слоў, уласцівых толькі гэтай мове, пра якія хацеў бы калі-небудзь пагаварыць з вяльможным панам, растлумачыць іх паходжанне...” І далей прыводзіцца спіс слоў з іх тлумачэннямі і спробамі акрэсліць асаблівасці ўжывання гэтых слоў у беларускім маўленні.

Сярод зафіксаваных Багушэвічам “беларускіх навінак” ёсць слова апрандаваць, растлумачанае як захоўваць (напр. святы), шанаваць, паважаць (напр. бацьку). Прафесар А. Я. Супрун, які працаваў над адпаведным раздзелам “Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы” (т. 1, с. 133), таксама прыводзіць дзеяслоў апрандаваць і пазначае, што ён на Гродзеншчыне запісаны Апанасам Цыхуном. А на гэтае слова, як бачым, значна раней звярнуў увагу Францішак Багушэвіч. Праўда, у Супруна абгрунтавана вызначаецца шлях гэтага слова да беларусаў: фр. apprende — ‘пазнаваць‘ → польск. aprendować — ‘прызнаваць‘. Адсюль ужо беларускія значэнні ‘паважаць, шанаваць, захоўваць‘ (святы, звычаі, бацькоў...).

Фіксуе Багушэвіч і слова балазе, пасля якога робіць такі запіс: азначае добра што; хвала богу што; напрыклад: “балазе хлеб ёсць!” У сучаснай беларускай літаратурнай мове слова балазе ўжываецца нячаста. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы зусім не падае яго, у нарматыўным акадэмічным “Слоўніку беларускай мовы” (Мінск, 1987) яно ёсць з паметаю — размоўны злучнік. Слова балазе было ў слоўніках І. Насовіча, Шатэрніка, Каспяровіча. Прытым там яно падавалася як безасабова-прэдыкатыўнае прыслоўе: Балазе тобе , а якъ то мне зъ дробными дзетками кормицьца. Балазе тому жицъ, чия бабка умеець ворожиць. (СБМ, Насовіч, 1983, с. 13) Як бачым, і тады, і цяпер слова захоўвала і цьмяна захоўвае станоўчае вызначэнне жыццёвай сітуацыі. І гэта натуральна, бо яно паходзіць ад праславянскага bolgъ ‘добры‘. Цікава тое, што Багушэвіч, запісаўшы слова балазе, прывёўшы ілюстрацыі да яго ўжывання ў маўленні, потым выказвае меркаванне: ці не было нейкага бажаства, ад імя якога паходзіць гэты выраз? Нечаканае і, здавалася б, недарэчнае меркаванне. Але не так усё проста. Вядомы этымолаг М. Фасмер прыводзіць розныя паралелі да слова “болого”: нар. болозе , у тым ліку чэш. blahu “блаженный”, н.-луж. bložki “блаженный”, і дапускае думку пра сувязь са стар.-інд. bhargas “лучезарный блеск”, bhźgaras мн. “полубожества — воплощения молнии”.

Інтуітыўнае ўспрыняцце асобных беларускіх слоў на глебе ведання грэчаскай і лацінскай мовы, польскай, рускай і ўкраінскай моў, як бачым, было далёка не беспадстаўнае. Хоць бы такая заўвага Багушэвіча: здзекавацца — мучыць. Ці не ад “дзікі”? Каб жа быў час, каб былі сродкі ў Францішка Багушэвіча, то мы мелі б, мабыць, цікавы слоўнік беларускай мовы. Як бы там ні было, можна смела сцвярджаць, што ў пісьменніка былі запісаны не толькі тыя словы, якія ён прыгадваў у сваіх лістах. Дарэчы, у верасні 1891 г. Багушэвіч пытаўся Яна Карловіча: “Ці праўда, што граф на Геранонах ахвяраваў на слоўнік 10 тысяч? Калі гэта праўда, то ўжо сапраўды “няма нічога на свеце немагчымага”! А такая думка надае надзеі, як таму “Кондратию Трафоновичу” Шчадрына” (Багушэвіч Ф. Творы. 1991. С. 218).

Можа, няма нічога немагчымага, і хто-небудзь у архівах знойдзе старонкі беларускага слоўніка Багушэвіча, што яшчэ раз сцвердзіць: “Мова наша ёсць такая ж людская і панская”, як і іншыя мовы. Пра гэта пераканаўча пісаў у сваіх прадмовах пачынальнік нашай беларускай літаратуры. А тое, як ён адмыслова карыстаўся беларускай мовай у сваіх творах, выклікала і выклікае, як пісаў Янка Брыль, “і здзіўленне, і недаўменне, і пашану” да яго, бо ён сто гадоў таму назад “упарта, між дзвюма стыхіямі, рускай і польскай, насуперак усім... пралез і вырас са сваім і зрэбным, і глыбока, па-народнаму, па-хлебнаму свежым беларускім словам. І славы не было, а толькі адчуванне абавязку”. Абавязку перад сваім народам, перад Бацькаўшчынай.

                                                                                                 Асоба і творчасць Францішка Багушэвіча
                                                                                    ў прасторы і часе : Зборнік навуковых артыкулаў
                                                                              да 170-годдзя Ф. Багушэвіча. – Брэст, 2010. – С. 63–66.

Галіна Малажай. Светлы след Максіма Багдановіча

            ​                                            СВЕТЛЫ СЛЕД МАКСІМА БАГДАНОВІЧА
                                                                Ў  ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ 

Нядоўгая, дзесяцігадовая творчасць Максіма Багдановіча была звязана са складанай і велічнай эпохай — пачатккам ХХ ст. Янка Купала пра гэты час пісаў: “Калі ў памятным 1905 г. зрабілася завіруха, калі ў Расіі ў кожнага чалавека стала будзіцца душа да новага жыцця, да новага шчасця, то і ў беларуса будзіцца стала пачуццё свайго “я”, стала лунаць доўга дрэмлючая думка, што і мы людзі. Паявіліся паэты, песняры свайго, забытага богам і людзьмі краю і долі народнай” ( Чаму плача наша песня? // Зб. твораў у 7 т. Т. 7. – Мінск, 1976. – С. 197–198). Сярод іх і Максім Багдановіч, які і цяпер “вечна светла і вечна дужы, вечна юны, як наша зямля” (У. Караткевіч). Паэт пакінуў нашчадкам цудоўныя вершы, у якіх глыбіня думкі спалучаецца са свежасцю людскіх адчуванняў і настрояў, з адточанасцю кожнага радка. Пісаць Багдановіч пачаў рана, першы яго твор “Музыка” апублікавала “Наша ніва”, калі Максіму не было яшчэ шаснаццаці гадоў. І жыў ён тады па-за межамі Беларусі. Казкі і песні бацькоўскага краю, трапныя беларускія прымаўкі і загадкі ажывілі паэтычную душу Максіма, які вырашыў “авалодаць роднай мовай сваіх продкаў і валодаць так, каб пісаць прыгожыя вершы і абагаціць гэтую мову новымі мастацкімі формамі”. У працы Багдановіч быў настойлівы і ўпарты. Захаваліся сшыткі з яго выпіскамі са слоўнікаў, зборнікаў, са старажытных друкаваных кніг. Засталіся рукапісы яго твораў з папраўкамі, стараннымі дапрацоўкамі. 

Паэта заўсёды хвалявала праблема мастацкай формы. Ён любіў паўтараць выслоўе: “Над формай працуй упарта, каб словам было цесна, а думкам прасторна”. І вершы Багдановіча — узор такой працы: 

Трэба з сталі каваць, гартаваць гібкі верш. 
Абрабіць яго трэба з цярпеннем.    

Паэт ведаў, што не мае права на слабыя творы, бо па іх будуць меркаваць аб здольнасці беларускай мовы расказваць пра свой народ, які выходзіў на шлях усведамлення і адраджэння. Яго паэзія нараджалася з імкненнем служыць беларускаму народу: 

Табою ўсягды пагарджалі, 
Цябе не пускалі з ярма 
І душу тваю абакралі, — 
У ёй нават мовы няма.    

Багдановіч ставіць перад сабою задачу — даказаць, што беларуская культура “не монстр, не рарытэт, не унікум, а глыбока жыццёвая з’ява”, што на беларускай мове можна выказаць самыя высакародныя пачуцці, яна здатная для такіх “вытанчаных” паэтычных жанраў, як санет, трыялет, рандо, тэрцына. У цыкле вершаў “Старая Беларусь” Багдановіч нагадвае, што быў час, калі беларусы адыгралі значную ролю ў развіцці культуры ўсходняга славянства (“Летапісец”, “Кніга”, “Перапісчык”). У вершы “Нашых дзедаў душылі абшары лясоў” паэт раіць: 

З гэтых дзедаў суворых прыклад нам бы ўзяць —  
Не хіліцца з бяды, не пужацца агня, 
Бо мы толькі тады дачакаемся дня, 
Калі нас не здалее змаганне злякаць.   

Багдановічавы вершы пра родны край і сэнс жыцця (“Слуцкія ткачыхі”, “Мяжы”, “Пагоня”, “Жывеш не вечна, чалавек”, “Зразаюць галіны таполі”), пра красу прыроды і хараство чалавечых пачуццяў (“Добрай ночы, зара-зараніца!..”, “Зімой”, “Па-над белым пухам вішняў”, “Раманс”, “І зноў пабачыў я сялібы”, “На чужыне”) і сёння прымушаюць шмат каго задумацца, хвалююць услаўленнем жыцця, маладосці, гуманістычнай сутнасці мастацтва. З цікавасцю перачытваюцца яго мудрыя апавяданні “Музыка”, “Апокрыф”, “Марына”, змястоўныя літаратуразнаўчыя і публіцыстычныя артыкулы “За сто лет”, “Беларускае адраджэнне”. У аглядзе беларускай літаратуры за 1911–1913 гг. Багдановіч адзначае, што ў нас “вырабілася літаратурная мова” і цяпер не трэба “ісці ў чужыя людзі, шукаючы глыбокіх і трывожных дум, чулага і хвалюючага пачуцця, душу радуючай красы”. У канцы  ХІХ – пачатку ХХ стст. сапраўды адбывалася станаўленне новай літаратурнай мовы. Творчасць Багдановіча спрыяла выпрацоўцы нормаў, узбагачэнню лексічных запасаў кніжных стыляў мовы — мастацкага, навуковага, публіцыстычнага. На пачатку ХХ ст. акрэсліваліся адцягнена-абстрактныя вобразныя моўныя сродкі, і паэзія Багдановіча, скіраваная на адлюстраванне высакародных пачуццяў чалавечай душы, спрыяла замацаванню ў літаратурнай мове назваў абстрактных паняццяў і спалучэнняў слоў узнёслага гучання (“згадка”, “воля”, “туга”, “расстанне”, “патоля”, “справаванне”, “жыццёвая бура”, “краса жывая”, “шырата духоўная”, “нязгасны свет”, “пасеў зор”, “краскі думак шчырых”). На вышыню паэтычнага гучання ўзнімаў паэт і самыя простыя, “будзённыя” словы свайго народа (“хлюпае слата”, “свет газніцы”, “пыльная глеба”, “рагатаць пад ракітамі”, “спарадзіць у муках”). Вось некалькі паэтычных радкоў Багдановіча пра навакольную цішыню. Усе яны з розных вершаў: “вецер лістка не зварушыць”, “чую ў цішы, як расце трава”, “цішыня агартае мне душу”, “міла бомы смяюцца ў цішы”, “ціхі вечар, знікнула спякота, весялей струіцца між чаротаў рэчка, што ўцякае ў ставок”. 

Паэт умее слухаць і бачыць навакольнае, ён паказвае розныя грані жыцця, куточкі “царства светлай прыроды”, нюансы “радасці адчування, што жывеш”. Багдановіч падбірае тое адзінае слова, якое найбольш поўна перадае думку, дзейсна ўплывае на людскія адчуванні. Верш “Зімовая дарога” цяпер пачынаецца так: 

Шпарка коні імчацца ў полі. 
Сумна бомы гудзяць пад дугой…    

Усе словы, акрамя “сумна”, ужываюцца з прамым значэннем. Гэта не выпадкова. Аўтар прадметна-канкрэтна апісвае зімовую дарогу, на якую будзе глядзець вачыма чалавека, што ляціць у лёгкіх санках па заснежаным полі. Першы радок меў і іншы варыянт: “шпарка коні бягуць чыстым полем…” Каб больш выразна паказаць імклівасць руху, надаць радку дынамізм, Багдановіч выкрэслівае “бягуць чыстым полем” і надпісвае “імчацца ў полі”. Змянілася і гучанне радка, ён стаў больш кароткі, хоць колькасць складоў захавалася. Прыслухаемся да пачатку верша, прыгледзімся да да гукавой інструментоўкі радка. Паўтарэнне гукаў а-а-о-а-а-у-о нагадвае рэха ў марозным паветры, свіст ветру ў вушах ад хуткага бегу санак. Вось што значыць “гібкі верш”, створаны з надзвычайнай цярплівасцю, увагай да сэнсу і гучання слова. 

Найбольш тонкімі сродкамі паэтычнага ўздзеяння Багдановія лічыў асананс і алітэрацыю. У яго вершах чуем грымоты (“Бура”), скрып снегу (“Зімой”), пошум лесу (“Чуеш гул?..”), глухое бубненне даху (“Завіруха”). У паэтычных радках хораша выяўляецца звонкае і плаўнае гучанне беларускага слова, таму так добра кладуцца вершы паэта на музыку. Напомнім, беларускім гімнам чыстаму каханню стаў яго раманс “Зорка Венера”. 

Багдановіч заўсёды добра адчуваў сэнс слоў, якія выкарыстоўваў у мастацкай творчасці. Уключаныя ў сістэму вобразных сродкаў, яны выяўляюць то прамыя, то агульнамоўныя пераносныя значэнні, атрымліваюць нечаканыя сэнсавыя прырашчэнні, выклікаюць дадатковыя асацыяцыі. Адзін з вершаў гарадскога цыкла “Места” пачынаецца радкамі: На глухіх вулках — ноч глухая. Не менш глухі людскі натоўп.    

У тройчы выкарыстаным слове “глухі” ў кожным выпадку выяўляецца новае значэнне: спачатку прыгадваюцца вуліцы, па якіх мала хто ходзіць і ездзіць, асабліва ў глыбокую, познюю ноч, потым нечаканая асацыяцыя — “не менш глухі людскі натоўп”. Гэта ўжо пра абыякавасць людзей да таго, што робіцца навокал, пра іх нячуласць і неспагадлівасць, душэўную глухату. 

Багдановіч часта выкарыстоўвае эпітэты. У вершы “Зімовая дарога” бачым, што поле нікне ў “срэбны тумане”, дарожкі ўюцца “змейкай срабрыстай”, снег блішчыць, як “халодная сталь”. Гэтыя мастацкія азначэнні падпарадкоўваюцца адзінай думцы: паказаць, дапамагчы ўбачыць халодны бляск заснежанага поля, асветленага месяцам, “маркотныя рожкі” якога зіхацяць праз марозную мглу. Метафарычныя эпітэты перадаюць фарбы зімовага наваколля і аўтарскае бачанне з’яў прыроды праз прызму настрою.  

Метафары ў творах Багдановіча — выразны сродак эмацыянальна-пластычнага адлюстравання з’яў жыцця. Паэт карыстаўся імі, калі яны “прасіліся” ў радок, які павінен быў загаварыць, засвяціцца рознымі адценнямі думкі. І вось бомы не толькі гудуць, а і “запяваюць аб долі і волі, навяваюць у сэрцы спакой”, “сэрца пяе: не нудзіся! Прыйдзе вясна!”; “рынуліся хмары да ракі радзімай і зліліся з ёю ліўнем кропель-слёз”; “за сцяной смяецца поле”, “у небе зоркі ад марозу пахаладзеўшыя дрыжаць”. На метафарычнай аснове створаны перыфразы, напрыклад, “брызгі золата”, “серабро іголак” — зоры; “агністы меч”, “залатая дратаванка” — маланка; “мадон тварыцель” — Рафаэль; “прыгожы труд” — перапісванне; “красная пісьменнасць” — мастацкая літаратура. 

Паэт ведаў, што жыццёвая дарога будзе нядоўгая, бо сухоты, на якія ён хварэў, тады рэдка калі вылечваліся. Багдановіч спарадкаваў лепшае з напісанага і ў 1913 г. выдаў зборнік “Вянок” — класічную кнігу па прадуманасці кампазіцыі і імкненні ахапіць усё кола чалавечых адчуванняў. У зборніку адлюстраваны стан беларускай літаратурнай мовы пачатку ХХ ст. У творах Багдановіча знаходзім словы і формы слоў, якія не сталі нарматыўнымі (“рыбалка” — рыбак, “спачуццё” — спачуванне, “дзіцёнак” — дзіця, “сведак” — сведка), “твар травой аблутана”, “дзярэўі”, “лепш ад мяне”), некаторыя, як устарэлыя, захаваліся ў пасіўных лексічных запасах, напрыклад, “мястоўцы”, “двакроць”, “капшчызна”, “залатар”, “мыта”. Паэт, які жыў у рускім моўным асяроддзі, сам перакладаў свае творы на рускую мову, асобныя пісаў па-руску, не мог пазбегнуць у беларускіх творах русізмаў (“скаратаць вечар”, “папутчык” “уладзець”, “адляпіўшаяся”, “трасцісь”). Тонкае моўнае пачуццё, аднак, засцерагала ад неўласцівых беларускай мове слоў і формаў. Больш русізмаў сустракаецца ў артыкулах і рукапіснай спадчыне Багдановіча. 

Жыццё мастака абарвалася 12 (25) мая 1917 г. Сярод папер, якія засталіся на кватэры паэта ў Ялце, дзе ён пражыў апошнія месяцы, знайшлі матэрыялы азбукі для дзяцей “краіны-браначкі”. Так ён называў Беларусь. Задумваешся над гэтым, і прыгадваюцца афарыстычныя радкі Багдановіча: 

Жывеш не вечна, чалавек,
Перажыві ж у момант век!    

Так жыў і сам паэт. Ён звяртаецца да сваіх паэтычных твораў, як да кроўных дзяцей: 

Вершы, вершы дарагія! 
Спарадзіў я вас,
 маленькіх, у час, калі мне падымала
грудзі хваля пачуцця.
    
Надзея, што чытач не абміне іх, знойдзе ў іх сугучнае са сваімі думкамі і настроем, спраўдзілася. Асобныя паэтычныя радкі Багдановіча сталі крылатымі выслоўямі. Яны заклікаюць нашчадкаў да грамадзянскасці і духоўнасці: 

“Жыві і цэльнасці шукай, аб шыраце духоўнай дбай”; 
“Рупная пчала ўмее мёд сабраць і з горкіх кветак”; 
“Хваробы лечаць і атрутамі”; 
“Усё знікае, праходзіць, як дым, светлы ж след будзе вечна жывым”; 
“Беларусь, твой народ дачакаецца залацістага, яснага дня!” 

                                                                                                     «Беларуская мова і літаратура ў школе». –
                                                                                                                                            1991. – № 4.– С. 50–52.  

Галіна Малажай. Руплівы даследчык і выдатны педагог

         РУПЛІВЫ ДАСЛЕДЧЫК І ВЫДАТНЫ ПЕДАГОГ 
(Слова ў кантэксце пашаны і памяці)

Ёсць людзі, якіх называюць “людзьмі-паходнямі”. Яны пакідаюць значны след у культуры і гісторыі свайго народа, у душах тых, хто разам крочыў па жыцці. Фёдар Міхайлавіч Янкоўскі— з тых людзей. Яго самаахвярнае служэнне беларускаму народу, нястомнае творчае гарэнне, уменне натхніць аднадумцаў на працу дзеля роднай зямлі добра ведаюць усе, хто працаваў побач з вучоным, каму пашчасціла ў яго вучыцца — у школе, інстытуце, аспірантуры, проста ў жыцці.

Больш за дваццаць гадоў таму назад у сувязі з выхадам з друку адзінаццатай працы
Ф. М. Янкоўскага — гэта была “Беларуская фразеалогія” — вядомы майстар слова, лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і БССР, народны пісьменнік БССР Янка Брыль, жадаючы ёй шчаслівай дарогі, пісаў, што ў бібліятэцы кожнага, хто разумее значэнне народнага слова, яго “гаючы ўплыў на наша мастацкае дый маральнае здароўе наогул”, стаяць кнігі гэтага беларускага вучонага. І нялёгка сказаць, каму яны больш патрэбныя: дапытліваму падлетку, які імкнецца пазнаць выразныя назвы і выслоўі свайго народа, чуе гучанне, музыку беларускага слова, захапляецца яго характарыстычнасцю, ці вучонаму, які даследуе праблемы мовы; студэнту-філолагу ў перыяд падрыхтоўкі да заняткаў і экзаменаў ці спрактыкаванаму лектару, які з клопатам ставіцца да ўжывання слова.
     
Імя заслужанага дзеяча навукі БССР, члена Саюза пісьменнікаў СССР, доктара філалагічных навук, прафесара Фёдара Міхайлавіча Янкоўскага ведаюць не толькі ў Беларусі. Сярод сучасных вучоных-лінгвістаў, як прызнаў заслужаны дзеяч культуры БССР, двойчы лаўрэат прэмій БССР І. Новікаў, няма роўнага Ф. М. Янкоўскаму “па мэтанакіраванасці працы, па лінгвістычных творчых здабытках”. Навуковыя кантакты прафесара Ф. М. Янкоўскага былі багатыя і шырокія. Шмат каго вабіла яго філалагічная эрудыцыя, улюбёнасць у роднае беларускае слова, вернасць свайму народу, любімай справе, асабліва прыцягвала яго чалавечая абаяльнасць. Педагагічны талент Ф. М. Янкоўскага бачылі, цанілі ўсе, хто ведаў яго і яго вучняў. Доктар педагагічных навук Л. П. Падгайскі пісаў пра свайго Настаўніка: “Усебаковая дасведчанасць, уменне данесці кожнае слова, захапіць слухача, выклікаць на шчырую размову, задушэўнасць у бяседзе — вось асноўныя якасці гэтага педагога і чалавека. Кожны, каму давялося хоць бы раз пагаварыць з Фёдарам Міхайлавічам, на ўсё жыццё пранікаўся глыбокай да яго павагай”.
     
Ф. М. Янкоўскі быў настаўнікам і па прызванні, і па адукацыі.
     
Са школьных гадоў на ўсё жыццё захаваў Фёдар Міхайлавіч пачуццё ўдзячнасці да свайго настаўніка Станіслава Бараноўскага, які прывіў любоў да роднага слова, навучыў слухаць народную казку, песню… Невыпадковай, мабыць, была вучоба ў Рагачоўскім педагагічным тэхнікуме, якая вызначыла далейшы працоўны і творчы шлях Янкоўскага. У 1936 г. ён стаў працаваць настаўнікам беларускай і рускай мовы і літаратуры ў Буцавіцкай школе Заслаўскага раёна Мінскай вобласці. Паляшук апынуўся на Міншчыне, блізка ад родных мясцін Янкі Купалы, Якуба Коласа, Ядвігіна Ш., Ігната Буйніцкага, Льва Шчэрбы, Уладзіслава Сыракомлі. Будучы вучоны-лінгвіст уважліва прыслухоўваецца да таго, як гавораць яго вучні, іх бацькі, параўноўвае з тым, як “сказалі б у яго дома, у родным Клетным, у Глуску”. Малады настаўнік задумваецца над моўнымі таямніцамі, робіць першыя запісы яркіх, выразных народных слоў (пазней ён назаве іх “гаваркімі”), фразеалагізмаў, прыказак, пажаданняў. З гэтага часу пачалася дзейнасць Ф. М. Янкоўскага як збіральніка народных скарбаў, будучага даследчыка роднай мовы. Праца ў школе, завочная вучоба ў Мінскім настаўніцкім інстытуце амаль не пакідалі вольнага часу, але за тры гады запісаў назбіралася нямала. Адразу даць ім які-небудзь ход не давялося: быў прызваны ў армію, удзельнічаў у вайне з белафінамі. А потым пачалася новая вайна — страшная і жорсткая. Настаўнік стаў партызанам, начальнікам баявой агентурнай разведкі атрада “Грозны”, які дзейнічаў супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў на Міншчыне. Не раз рызыкаваў і сваім жыццём, і жыццём блізкіх, сяброў, знаёмых. Сустракаўся з людзьмі і людзьмі. Былі сярод іх маўклівыя, былі і гаваркія, аматары вострага, смачнага слова. Назапашваліся дарагія збіральніку запісы. У прадмове да кнігі “Беларуская фразеалогія” (1968) Фёдар Міхайлавіч пісаў: “Каля дарогі з Лагойска ў Плешчаніцы, недалёка ад Гарбатага маста на Дзвінасе, ідучы ў разведку ў час навальнай блакады ўвесну 1944 года я закапаў на паляначцы між дзвюх хвоек старонкі майго дзённіка і першы агульны сшытак народных выслоўяў”, запісаных у вёсках Маладзечанскага, Мінскага і Лагойскага раёнаў, “мірным часам не раз ездзіў на Дзвінасу, як заўсёды — чыстую, крыштальную, толькі крыху абмялелую, шукаў свой скарб і не знайшоў”.
      
Вельмі многа адняла ў Фёдара Міхайлавіча вайна: родных, блізкіх, таварышаў, сяброў… Але не апусціліся ў яго рукі пасля перажытага, не ачарсцвела сэрца, не зменшылася вера ў людзей, любоў да жыцця, прага дзейнічаць, тварыць. Яшчэ ў гады вайны выспела цвёрдае рашэнне: “уцалею, выжыву — адно будзе: няспынная праца чорнарабочага на ніве роднай філалогіі”.
    
Гэта няспынная праца, у будні і ў святы, у інстытуце і дома, у доме адпачынку і ў бальніцы, працягвалася больш за сорак гадоў. Пасля вайны Ф. М. Янкоўскі, закончыўшы ў 1948 г. філалагічны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута, выкладае беларускую мову і літаратуру ў Радашковічскай сярэдняй школе і займаецца ў аспірантуры пры Мінскім педагагічным інстытуце імя А. М. Горкага. Кандыдацкая дысертацыя “Глускія гаворкі”, абароненая Ф. М. Янкоўскім у 1954 г., адпавядала вялікай задачы вывучэння сучаснай беларускай мовы. Даследчык дэталёва апісвае фанетычную і марфалагічную сістэмы глускіх гаворак, тлумачыць узнікненне асобных дыялектных рыс, вызначае ступень іх устойлівасці, паказвае, як канкрэтныя гаворкі ўспрымаюць уздзеянне літаратурнай мовы.
     
Асноўны матэрыял назіранняў Ф. М. Янкоўскага — асабістыя запісы народнай мовы, якіх назбіралася да гэтага часу нямала. Толькі ў дадатку да дысертацыі сістэматызавана (лексікаграфічна апрацавана) больш за 1300 слоў, якія не ўжываюцца ці рэдка ўжываюцца ў літаратурнай мове або адрозніваюцца ад літаратурных словаўтваральнымі марфемамі, граматычнымі катэгорыямі, месцам націску; тут жа — больш за сто запісаных фразеалагізмаў.
       
Ужо ў першай навуковай працы Ф. М. Янкоўскага выявіліся выключна ўважлівыя адносіны яго да сістэматызацыі моўных фактаў, што давала магчымасць рабіць абгрунтаваныя вывады пра фанетычную і марфалагічную адметнасць вывучаных гаворак, дакладна вызначаць ступень устойлівасці асобных дыялектных рыс. Так, параўнаўшы вакалізм і кансанантызм глускіх гаворак з вакалізмам і кансанантызмам літаратурнай мовы, а таксама дыялектную марфалагічную сістэму з сістэмай літаратурнай мовы, Ф. М. Янкоўскі прыходзіць да высновы, што гаворкі паўночнай часткі раёна маюць больш рыс, агульных з літаратурнай мовай, чым гаворкі паўднёвай часткі Глушчыны. Гэта абумоўлена тым, адзначаецца ў працы, што ў эпоху феадальнай раздробленасці, калі пачыналі фарміравацца тэрытарыяльныя дыялекты, Глуск і блізкія да яго з поўдня землі ўваходзілі ў Турава-Пінскую воласць Кіеўскай зямлі. Некаторыя асаблівасці гаворак паўднёвай часткі Глускага раёна (напрыклад, саканне, адсутнасць аглушэння звонкіх зычных на канцы слова і ў сярэдзіне перад глухімі, лабіялізацыя [ы] пасля губных зычных, будучы час дзеяслова на -іму) уласцівы так званым палескім гаворкам, што выразна адрозніваюцца ад цэнтральных беларускіх, асноўныя рысы якіх ляглі ў аснову сучаснай літаратурнай мовы.
     
Навуковым кіраўніком Ф. М. Янкоўскага ў аспірантуры быў акадэмік АН СССР і АН ЧССР, АН ГДР і АН ФРГ В. І. Баркоўскі — вучань і выхаванец заснавальніка беларускай лінгвістыкі, беларускай філалогіі Я. Ф. Карскага. Пазней пісьменнік Ф. Янкоўскі ў сваіх апавяданнях раскажа пра сустрэчы з Віктарам Іванавічам, пра перапіску з ім, абавязковыя (хоць іх, безумоўна, акадэмік не патрабаваў) справаздачы і напіша: “Я меў шчасце вучыцца ў яго працаваць”. І Я. Ф. Карскаму, і В. І. Баркоўскаму нашчадак гэтых вялікіх людзей навукі Ф. М. Янкоўскі прысвяціў па кнізе.
    
Як працаваў сам беларускі вучоны Ф. М. Янкоўскі — інтэнсіўна, штодзённа, — добра ведаюць многія, асабліва навукоўцы Мінскага педагагічнага інстытута, на кафедры беларускага мовазнаўства якога ён выкладаў больш за трыццаць гадоў. “Гады працы ў гэтым калектыве — мае добрыя гады, пісаў Ф. М. Янкоўскі ў аўтабіяграфіі, змешчанай у кнізе “Вытокі песні”. — Узаемная павага і падтрымка, шчырыя адносіны да працы, роднага слова забяспечылі калектыву поспехі”. У 1956 г., калі Янкоўскі ўзначаліў кафедру, гэта была “жменька з шасці супрацоўнікаў”, сярод якіх — адзін кандыдат філалагічных навук. Хутка кафедра беларускага мовазнаўства дзякуючы педагагічным і арганізацыйным здольнасцям яе загадчыка (кіраваў ён кафедрай дваццаць сем гадоў) ператварылася ў калектыў, здольны рашаць складаныя навуковыя і педагагічныя праблемы. 
   
Падрыхтоўка настаўнікаў-філолагаў, якія прывівалі б любоў да роднага, дарагога, з асабліваю ўвагай — да мовы свайго народа, клопаты пра чысціню беларускай літаратурнай мовы, стараннае збіранне і навуковае асэнсаванне лексічных і фразеалагічных багаццяў нацыянальнай мовы сталі зместам жыцця Фёдара Міхайлавіча, зместам яго шматлікіх кніг, артыкулаў, апублікаваных і неапублікаваных дакладаў, выступленняў, размоў.
   
Працягваючы дысертацыйную тэму “Глускія гаворкі”, але ўжо ў лексікаграфічным і лексікалагічным аспекце, Янкоўскі публікуе тры выпускі “Дыялектнага слоўніка” (1959, 1960, 1970). У слоўніку адлюстроўваецца дыялектная лексіка не толькі Глускага раёна, аўтар падае паралелі з іншых беларускіх гаворак, некаторых славянскіх і неславянскіх моў. У сувязі з тым, што ў 60-я гг. ХХ ст. значна ажывілася збіранне дыялектнай лексікі, якую запісвалі і сістэматызавалі не толькі навуковыя супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства імя Я. Коласа АН Беларусі і педагагічных інстытутаў рэспублікі, але і студэнты-філолагі, Ф. М. Янкоўскі ў прадмове да другога выпуску слоўніка адзначыў істотныя аспекты збіральніцкай дзейнасці, лексікаграфічнай апрацоўкі дыялектных матэрыялаў. У першую чаргу, падкрэсліваў вучоны, неабходна асаблівая ўвага да дыялектнай сінанімікі — таго невычэрпнага багацця, без авалодання якім, без выкарыстання якога не можа паспяхова развівацца любая літаратурная мова. Дыялектолаг прыводзіць багатыя сінанімічныя гнёзды, адлюстроўвае сэнсавыя адценні слоў, ілюструе іх ужыванне прыкладамі з гутарковай мовы, з народных песень, апавяданняў, казак. Слоўнік Ф. М. Янкоўскага — тлумачальна-сінанімічны, пры тлумачэнні слоў раскрываецца змест таго ці іншага паняцця, прыводзяцца звесткі пра жывёльны свет і прыроду беларускай зямлі, пра звычаі і вераванні беларускага народа. Вучонага заўсёды цікавіла этнаграфія роднага краю, і гэта натуральна адлюстравалася ў слоўніку, выявілася і ў наступных публікацыях.
     
Асаблівую ўвагу Ф. М. Янкоўскі аддаваў словаўтварэнню ў народна-дыялектнай мове; яно — багатае, выключна цікавае — павінна стаць, на думку вучонага, прадметам не аднаго спецыяльнага даследавання. Асабліва ўважліва, падкрэсліваў Ф. М. Янкоўскі, трэба збіраць прымаўкі, прыказкі, фразеалагізмы, “прыгаворкі”. Фіксуючы гэты “дзівосны матэрыял не толькі для парэміяграфіі, парэміялогіі і лінгвістыкі, а таксама для этнаграфіі і гісторыі”, неабходна настойліва імкнуцца вытлумачваць паходжанне і ўзнікненне фразеалагічных і іншых выразаў.
     
Сам Ф. М. Янкоўскі яшчэ з даваенных гадоў старанна запісваў “залацінкі” народнай мовы. Побач са словамі яны былі тым матэрыялам, які даследаваўся ў кандыдацкай дысертацыі (1954), сталі аб’ектам спецыяльнага вывучэння ў наступных працах. У 1957 г. вучоны выдае кнігу “Беларускія народныя прыказкі і прымаўкі”. У канцы таго самага года і пачатку наступнага ў рэспубліканскім друку з’явіліся рэцэнзіі, аўтары якіх (лінгвісты, фалькларысты, філосафы, літаратуразнаўцы, акцёры, педагогі) станоўча ацанілі гэту працу філолага. Што выклікала такую ўвагу да першай апублікаванай кнігі маладога вучонага? Беларускія прымаўкі, прыказкі, у якіх народ афарыстычна сфармуляваў і выказаў свае адносіны да шматлікіх фактаў і з’яў жыцця, як вядома, і раней цікавілі таленавітых збіральнікаў. Да месца прыгадаць тут І. Насовіча,  М. Федароўскага, Е. Раманава, Я. Ляцкага, высакародная і самаадданая праца якіх адлюстравалася ў зборніках народных прымавак, фразеалагізмаў, пажаданняў. Але ж гэта было яшчэ ў дарэвалюцыйны час, работы згаданых збіральнікаў даўно сталі бібліяграфічнай рэдкасцю. Кніга Ф. М. Янкоўскага была першым зборнікам беларускіх прымавак і прыказак, выдадзеных у савецкі час. Гэта — вынік актыўнай збіральніцкай дзейнасці вучонага, які тэматычна спарадкаваў, лексікаграфічна апрацаваў больш за пяць тысяч устойлівых народных выказванняў, якіх ва ўласнай яго картатэцы ў той час было каля дваццаці тысяч.
      
Другое выданне зборніка, якое мела нязначна змененую назву —  “Беларускія народныя прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы”, выйшла ў 1962 г. Аўтар пашырыў тую частку працы, у якой прыводзяцца фразеалагізмы. Яшчэ ў першым выданні шмат якія фразеалагізмы былі занатаваныя і мелі кароткі каментарый: тлумачылася значэнне, раскрываўся змест асобных кампанентаў, напрыклад: гізунты выцягнуць — наздзекавацца, змучыць; выесці вантробы, душу выняць; гізунты ад нямецкага Gesundheit (здароўе), gesund — здаровы. У другім выданні такія тлумачэнні пашыраныя: пасля некаторых фразем прыводзяцца звесткі пра іх узнікненне, да прыкладу: смаргонская палітыка няўмелае абыходжанне, няўклюднасць; узнікла ў сувязі з утаймаваннем мядзведзяў у Смаргоні. Адбіраючы матэрыял для другога выпуску зборніка, Ф. М. Янкоўскі замяніў частку прыказак больш выразнымі, падаў новыя афарыстычныя народныя выслоўі, што характарызуюць сучасную рэчаіснасць.
       
Рыхтуючы зборнік беларускіх прымавак і прыказак, Ф. М. Янкоўскі адначасова збіраў афарыстычныя выслоўі літаратурнага паходжання. Вызначэнне прынцыпаў адбору матэрыялу, яго размяшчэння ў задуманай новай кнізе ўскладнялася тым, што раней не было нават спробы стварыць беларускі даведнік крылатых слоў, афарызмаў, вобразных выказванняў.
       
Прадмова Ф. М. Янкоўскага да яго кнігі “Крылатыя словы і афарызмы” (1960) была першай і да гэтага часу застаецца адзінай у беларускім мовазнаўстве спробай навукова асэнсаваць ролю крылатых выслоўяў у сучаснай беларускай літаратурнай мове — у яе пісьмовай і вуснай формах. Сярод крылатых слоў, якія бытуюцьу беларускай мове, нямала запазычаных (са старажытнагрэчаскай і лацінскай, з сучасных рускай, украінскай, нямецкай і іншых моў), аднак, падкрэслівае
Ф. М. Янкоўскі, неадкладная задача беларускіх фразеолагаў — збіранне афарыстычных выслоўяў з беларускіх літаратурных крыніц, вытлумачэнне гэтых выслоўяў, адлюстраванне ўжывання іх у маўленні. Зыходзячы з таго, што крылатыя словы не маюць “сваіх уласных” структур (С. І. Ожагаў), аўтар падае ў кнізе і сінтаксічна закончаныя вобразныя выразы (Добра быць у дарозе, якую сам сабе выбіраеш; Дум не скуеш ланцугамі; Помнікам віны не загладзіш; Покі Юрка не меў чына, быў нішто сабе дзяціна), і словазлучэнні (хварэць на пана, свінтус грандыёзус, атаман мужыцкай праўды), нават асобныя, праўда, адзінкавыя словы (Туляга, Гарлахвацкі), якія ў беларускай мове не менш характарыстычныя, чым Обломов, обломовщина у рускай.
     
Цікавасць Ф. М. Янкоўскага да афарыстычных літаратурных выслоўяў не зменшылася пасля выдання кнігі; да гэтай праблемы ён не раз звяртаўся ў наступных сваіх кнігах, напрыклад, у “Беларускай мове” (1978), у многіх артыкулах і выступленнях (1961, 1966, 1967, 1972, 1975, 1983, 1985, 1988, 1989), да апошніх дзён жыцця працягваў папаўняць картатэку крылатых слоў. Выступаючы на славістычнай канферэнцыі ў Адэскім дзяржаўным універсітэце (1962), Ф. М. Янкоўскі гаварыў пра неабходнасць вывучэння народнай фразеалогіі, у прыватнасці беларускай. Вучоны быў глыбока перакананы, што толькі паралельнае, а не змешанае даследаванне літаратурна-кніжнай і народна-дыялектнай фразеалогіі прывядзе да абгрунтаваных вывадаў пра асаблівасці станаўлення і функцыянавання фразеалагічных сістэм усходнеславянскіх і іншых сучасных моў. Тады ж выказаў ён думку пра стварэнне трохтомнага зборніка “Беларуская фразеалогія”. У першы том, лічыў Янкоўскі, павінны ўвайсці ўласна фразеалагізмы, у другі — народныя прымаўкі і прыказкі, устойлівыя народныя параўнанні, у трэці — крылатыя словы, афарыстычныя выразы. У той час, у 1962 г., ужо былі выдадзеныя “Беларускія народныя прыказкі і прымаўкі”, “Крылатыя словы і афарызмы”. Стаяла вялікая і складаная задача — сабраць, даследаваць народныя ўласна фразеалагізмы. Невыпадкова Ф. М. Янкоўскі паўтарыў тады сказанае прафесарам Р. Г. Мельнічэнка: “Изучение фразеологии по письменным источникам никуда от нас не уйдет, а изучение её в живой народной речи, особенно в местных говорах, не терпит отлагательства: то,что не зафиксировано сегодня, завтра может быть безвозвратно потеряно”. У багатай картатэцы беларускага вучонага ўжо было нямала фразеалагізмаў; яны публікаваліся ў дадатках да першага і другога выпуску “Дыялектнага слоўніка” (1959, 1960), у калектыўным зборніку “Матэрыялы для слоўніка народна-дыялектнай мовы” (1960), у першым і другім выданні зборніка беларускіх прыказак і прымавак (1957, 1962), на старонках рэспубліканскага часопіса “Полымя”. 
      
Ф. М. Янкоўскі, працягваючы выяўляць, фіксаваць народныя фразеалагізмы, займаецца і складанымі тэарэтычнымі праблемамі фразеалогіі. У навуковых зборніках, часопісах з’яўляюцца артыкулы вучонага, дзе разглядаюцца суадносіны беларускай народнай і літаратурнай фразеалогіі (1965, 1967), раскрываецца этымалогія фразем (1965, 1966, 1967, 1968, 1969), распрацоўваюцца прынцыпы і прыёмы фразеалагічнай сістэматызацыі матэрыялу (1962, 1965, 1966, 1967, 1968).
     
Ф. М. Янкоўскі найбольш выразна і падрабязна выказвае сваё разуменне фразеалагізма ў кнізе “Роднае слова” (1967). Вызначаючы сутнасць фраземы як гатовай адзінкі мовы з гатовым вядомым сэнсам, вучоны паказвае яе семантычную цэласнасць, сінтаксічную непадзельнасць, экспрэсіўна-эмацыянальную выразнасць, на неадзінкавых яркіх, самабытных прыкладах паказвае генетычную сувязь са звычайным, свабодным словазлучэннем, звяртае ўвагу на тое, што працэс фразеалагізацыі вельмі часта абумоўліваецца пераносным значэннем словазлучэння. Упершыню ў беларускім мовазнаўстве ён узняў пытанне пра пераклад фразеалагізмаў, у прыватнасці з рускай мовы на беларускую; прывёў тонкія назіранні, пераканальныя меркаванні пра сутнасць перакладу фразеалагізмаў, а таксама даў практычныя рэкамендацыі.
        
У 1968 г. выйшла з друку кніга Ф. М. Янкоўскага “Беларуская фразеалогія: Фразеалагізмы, іх значэнне, ужыванне”. Гэта тлумачальны слоўнік беларускай народнай фразеалогіі. Ён адразу прыцягнуў увагу даследчыкаў мовы. Па словах нямецкага вучонага К. Гутшміта, прыгаданая праца з’яўляецца адзінай у сваім родзе ў славістыцы. Падбіраючы народныя фразеалагізмы ў гэты слоўнік, Ф. М. Янкоўскі спецыяльна не браў пад увагу, ужываецца ці не ўжываецца той ці іншы фразеалагізм у беларускай літаратурнай мове, сустракаецца ці не сустракаецца ён у суседніх славянскіх мовах — рускай, украінскай, польскай. Аўтар хацеў паказаць багацце і разнастайнасць народнай фразеалогіі беларусаў. “Беларуская фразеалогія” — выключна каштоўная крыніца звестак, неабходны даведнік для тых, хто даследуе славянскую ідыяматыку ў гістарычным і параўнальным плане. З усяго, што ён выявіў у апублікаваных тэкстах жывой народнай мовы, фальклорных творах беларусаў, з уласных запісаў фразеалагізмаў, якімі і цяпер актыўна карыстаюцца жыхары розных рэгіёнаў Беларусі, Ф. М. Янкоўскі змясціў у слоўніку самае выразнае, тыповае, у першую чаргу далікатнае, мілагучнае, быццам адчуваў, што яго кніга будзе мець не толькі навуковую каштоўнасць, ведаў, што ёю будуць карыстацца на занятках у вышэйшай школе, што яна стане настольнай у пісьменнікаў, журналістаў, філолагаў.
         
Фразеалагічная сістэматызацыя дыялектных матэрыялаў — справа выключна складаная. Ф. М. Янкоўскі прыводзіць у слоўнікавых артыкулах варыянты кампанентаў фразеалагізмаў, паказвае, з дапамогай якіх слоў ажыццяўляецца іх сувязь з кантэкстам, падае да часткі фразем стылістычныя паметы, паслядоўна прыводзіць ілюстрацыі ўжывання ўстойлівых выразаў у народнай мове. У некаторых артыкулах аўтар выказвае кароткія этымалагічныя меркаванні, звяртае ўвагу на “ўнутраную форму” асобных фразем, што часам замяняе тлумачэнне моўнай адзінкі. У слоўніку прыводзіцца нямала адпаведнікаў з рускай мовы. Яны дазваляюць меркаваць як пра генетычную агульнасць усходнеславянскай фразеалогіі, так і пра самабытнасць фразеалагічных сістэм роднасных моў.
      
Выдадзены ў 1968 г. фразеалагічны слоўнік увайшоў у другі том доктарскай дысертацыі “Беларуская народная фразеалогія”, якую Ф. М. Янкоўскі паспяхова абараніў у 1969 г. На абарону беларускі вучоны выйшаў як вядомы ў айчынным мовазнаўстве фразеолаг і дыялектолаг, заснавальнік беларускай фразеалагічнай школы, поспехі якой ужо ў той час былі значныя і відавочныя. У даследаванні “Беларуская народная фразеалогія”, выкананым на багатым нацыянальным матэрыяле (аналізавалася больш за 7500 уласна фразеалагізмаў, зафіксаваных у народнай мове, а таксама сабраная і часткова раней апублікаваная вучоным дыялектная лексіка), рашаліся выключна важныя навуковыя праблемы.
         
Адносіны сучаснай беларускай літаратарнай мовы да жывых беларускіх гаворак выразна адрозніваюцца ад адносін рускай літаратурнай мовы да яе гаворак. Абумоўліваецца гэта тым, што сучасная літаратурная беларуская мова складвалася пазней за рускую і ўзнікла галоўным чынам і найперш на аснове гаворак, якія і да гэтага часу застаюцца крыніцай папаўнення яе актыўных запасаў. Таму збіранне фразеалагічных матэрыялаў жывой беларускай народнай мовы, іх вывучэнне, асабліва публікацыю, Ф. М. Янкоўскі лічыў не толькі навуковай задачай, але і клопатам пра развіццё беларускага літаратурнага слоўніка, пра яго стылістычную разнастайнасць, стылёвае багацце.
        
Збіранне і сістэматызацыя беларускай народнай (як і літаратурнай) фразеалогіі не могуць весціся без тэарэтычнага асэнсавання фразеалагізмаў як моўных адзінак, вызначэння аб’ёму фразеалогіі, яе асноўных паняццяў, вывучэння і апісання граматычнай структуры фразеалагізмаў, асаблівасцей іх ужывання, спалучальнасці з іншымі моўнымі адзінкамі. Прытрымліваючыся ў той час шырокага разумення фразеалогіі, вучоны асноўным аб’ектам вывучэння ўсё-такі абраў уласна фразеалагізмы, прычым не ўключыў фразеалагічныя спалучэнні, у якіх аналітычнасць пераважае над сінтэтычнасцю. Раскрываючы сутнасць фразеалагізма як складанай моўнай адзінкі, вызначаючы адносіны паміж словам і кампанентам фразеалагізма, паміж фразеалагізмам і словазлучэннем, Ф. М. Янкоўскі робіць вывад, што большасць беларускіх народных фразеалагізмаў не “адарвалася” ад свайго генетычнага вытока — словазлучэння. Кампаненты шмат якіх фразеалагізмаў могуць “прымаць” паясняльныя словы, як “прымаюць” такія словы пераменныя, свабодныя словазлучэнні, таму непранікальнасць не з’яўляецца істотнай рысай усіх фразеалагізмаў, іх кампаненты ў многіх выпадках захоўваюць уласцівасці слоў. У значнай частцы фразеалагізмаў рэалізуюцца граматычныя формы кампанентаў, праўда, часта пры няпоўнай іх парадыгме; кампаненты могуць мець формы суб’ектыўнай ацэнкі: рады даць  радачкі (раданькі) даць, калі ласка  калі ласачка. Кампаненты фразеалагізмаў, як правіла, “осознаются говорящими как слова” (Н. М. Шанскі), абсалютна відавочная іх раздзельная аформленасць; далёка не ўсе фразеалагізмы маюць устойлівы, фіксаваны парадак кампанентаў.
    
На фактах беларускай народнай фразеалогіі Ф. М. Янкоўскі паказвае, што словы-кампаненты фразеалагізмаў часам лагічна выдзяляюцца, падкрэсліваюцца; гэта адбываецца найчасцей у зваротах мадэляў “прыметнік (займеннік) + назоўнік”, “назоўнік + прыметнік”: гад печаны, малатарня пустая, асёл маляваны, блізкі свет, каторая пара, вялікая песня. Лагічна выдзяляюцца ў экспрэсіўна афарбаваным маўленні тыя словы, якія застаюцца пры эліпсаваным ужыванні фразеалагізмаў (гад печаны  гад, асёл маляваны  асёл, не вельмі што  не вельмі). Вывад пра тое, што кампаненты беларускіх фразеалагізмаў не страчваюць уласцівасцей слова, хоць у нейкай ступені змяняюць або зацямняюць, прыглушаюць сваё значэнне,
Ф. М. Янкоўскі добра аргументуе, выразна ілюструе.
        
Параўноўваючы фразеалогію беларускай літаратурнай мовы і дыялектную фразеалогію па наяўнасці запазычаных слоў, вучоны робіць вывад, што такіх слоў значна менш у дыялектных устойлівых выразах. Тлумачыцца гэта тым, што і самых запазычаных слоў, і запазычаных фразеалагізмаў у народнай мове менш, чым у літаратурнай. І ўсё-такі… Наяўнасць запазычаных слоў у структуры беларускіх народных фразеалагізмаў абумоўліваецца запазычаннем саміх фразеалагізмаў, напрыклад: даць гасла — з польскай; ужываннем у фразеалагізме сінанімічнага (запазычанага) слова замест спрадвечнага: узяць за шкірку (з украінскай мовы) — узяць за каршэнь; уключэннем у структуру фразеалагізма даўно запазычанага і даўно засвоенага слова: ліса фарбаваць, у нерат трапіць.
     
Ф. М. Янкоўскі даследаваў полісемантычныя народныя фразеалагізмы, паказаў адметнасць фразеалагічнай аманіміі дыялектнай мовы. Характарызуючы сінанімічныя адносіны ў фразеалогіі, ён адрознівае агульнанацыянальную сінаніміку і сінаніміку асобных дыялектаў і гаворак. З праблемай сінанімічнасці цесна звязана не менш складаная, асабліва на ўзроўні народнай мовы, праблема фразеалагічнай варыянтнасці. Яна разглядаецца і ў дысертацыі, і ў пазней выдадзеных кнігах “Роднае слова” (1972), “Беларуская мова” (1978), “Беларуская фразеалогія” (1981), “Сучасная беларуская мова” (1984). Фразеолаг апісвае на багатым фактычным матэрыяле народнай фразеалогіі фанетычную, лексічную, марфалагічную, сінтаксічную, камбінаваную варыянтнасць, паказвае спалучальныя магчымасці, асаблівасці ўжывання, этымалогію многіх фразем, дае структурна-граматычную характарыстыку тыповых мадэляў беларускіх фразеалагізмаў.
      
Чалавек вялікай эрудыцыі, філолаг і педагог па прызванні, Фёдар Міхайлавіч Янкоўскі шчыра і глыбока захапляўся сам і ўмеў захапіць, натхніць іншых. Шмат засталося ў яго вучняў і паслядоўнікаў. Нямала сярод кандыдацкіх даследаванняў, выкананых пад кіраўніцтвам Ф. М. Янкоўскага, прысвечана праблемам фразеалогіі ў шырокім і вузкім яе разуменні.
      
Вельмі складаныя прычыны і ўмовы, якія фарміруюць ідыяматыку нацыянальных моў. Ф. М. Янкоўскі прыходзіць да думкі, што неабходна даследаваць знешняе кола беларускай фразеалогіі, у прыватнасці вывучыць перыфрастычныя выразы, цікавыя як выразны стылістычны сродак маўлення і як асаблівыя “загатоўкі” фразеалагізмаў. Даследаванне “Перыфразы ў беларускай літаратурнай  мове”, выкананае аўтарам гэтага артыкула пад кіраўніцтвам Ф. М. Янкоўскага, было першай у славянскім мовазнаўстве спробай даць структурна-семантычную і стылістычную характарыстыку перыфрастычных выразаў. Пад кіраўніцтвам прафесара вывучаны  і апісаны параўнальныя канструкцыі беларускай літаратурнай мовы (Рабкевіч В. І. Параўнальныя канструкцыі ў мове беларускай мастацкай літаратуры: Структурна-граматычны аналіз — 1973); сінтаксічныя асаблівасці беларускіх прымавак
(Бурака Н. І. Сінтаксіс беларускіх народных прымавак: Просты сказ — 1974). Праблемы фразеалогіі закраналіся ў даследаваннях А.А. Каўруса “Станаўленне апавядальнай мовы Я. Коласа” (1965), Т. М. Трыпуцінай “Аналіз мовы твораў Я. Брыля і рускага іх перакладу” (1977); стылістычнай ролі фразеалагізмаў у літаратурнай мове была прысвечана праца І. Я. Лепешава “Фразеалагізмы ў творах К. Крапівы” (1973).
       
У 1972 г. у кнізе “Роднае слова” Ф. Янкоўскі пісаў, што пакуль не можа быць і гутаркі пра гістарычны слоўнік беларускай фразеалогіі, што наперадзе вялікая збіральніцкая і даследчыцкая фразеалагічная і фразеаграфічная праца. Да таго часу быў апублікаваны толькі адзін артыкул аб фразеалагізмах у беларускіх старажытных тэкстах. Прыблізна праз дзесяць гадоў пасля гэтага вынікі паслядоўнай, добра прадуманай сістэмы даследавання беларускай гістарычнай фразеалогіі сталі відавочныя: быў вывучаны беларускі фразеалагічны фонд у беларускіх летапісах (дысертацыя В.К. Мароз), у помніках ХVІ–ХVІІ стст. (дысертацыя Т.І. Тамашэвіча), у беларускіх тэкстах, напісаных у  ХVІІ–ХІХ ст. арабскім пісьмом (дысертацыя В. І. Несцяровіча), у беларускай літаратурнай мове ХІХ–пачатку ХХ ст. (дысертацыя М. М. Аляхновіча).
      
Безумоўна, такія звязаныя паміж сабою даследаванні могуць служыць надзейнай базай для навуковых вывадаў пра станаўленне фразеалагічнай сістэмы беларускай мовы, выяўлення тэндэнцыі ў яе развіцці і параўнання з сістэмамі іншых славянскіх моў. Грунтоўны аналіз беларускіх фразеалагізмаў, вывады, падмацаваныя канкрэтнымі фактамі з пісьмовых крыніц розных перыядаў, а таксама з вуснай народнай мовы, стварэнне фразеаграфічных прац сведчаць пра тое, што беларуская фразеалагічная школа Ф. М. Янкоўскага працуе актыўна і вынікова.
      
Пачынаючы з 1973 г. на старонках беларускіх часопісаў і газет з’яўляюцца філалагічныя эцюды Ф. М. Янкоўскага — невялікія мастацкія замалёўкі, абразкі. Пазней яны склалі зборнікі апавяданняў, нарысаў і мініяцюр “Абразкі” (1975), “Прыпыніся на часіну” (1978), “І за гарою пакланюся” (1982), “Радасць і боль” (1984), выдадзеную на рускай мове кнігу “И за горою поклонюсь” (1983), зборнік выбраных твораў “З нялёгкіх дарог” (1988). Валодаючы дарам слухаць і ацэньваць, думаць і асэнсоўваць, вобразна адлюстроўваць тое, што радуе і баліць, Янкоўскі-пісьменнік у адметнай форме і манеры расказвае пра паходжанне слоў (“Паперня”, “Пасеймікуем”, “З лаўцом і скваркаю”, “Слова дзьвесце — песня!”), паказвае багатую сінанімічнасць і вобразнасць народнай беларускай мовы (“Спёка, суша, сухмень”, “Мілавіца”, “Гарывада”, “Давай насыплю — трымай мех”), арыгінальным спосабам, прыёмам звяртае ўвагу чытача на ўжыванне асобных слоў і выразаў (“Заснаваць аснову”, “Святдзень і будзень”, “Тамсама”, “Дубок шэпчацца?..”). Пісьменнік не прымае неапраўданага запазычвання слоў, прыназоўнікава-іменных канструкцый (“Прадстаўлены”, “І склоны не скасабочаныя”, “Над рукапісам”, “Ні матчына, ні цешчына”). Запазычванне, лічыць філолаг, працэс натуральны і неабходны, але ён заканамерны толькі тады, калі ў роднай мове няма назвы для пэўнага паняцця або калі самім кантэкстам абумоўліваецца выкарыстанне сінанімічнага слова. Браць чужое, забываючы на сваё, — дзейнічаць як неразумны гаспадар: “гнаіць уласнае дабро і ў той самы час жабрачыць па суседзях” (І. Новікаў).
     
Калі прафесар пачаў публікаваць свае апавяданні, абразкі, у некаторых узнікла пытанне: няўжо вядомы вучоны, што так багата зрабіў як лінгвіст і педагог, пачынае адыходзіць ад праблем мовазнаўства, філалогіі? На гэтае пытанне Ф. М. Янкоўскі адказаў у прадмове да кнігі “Абразкі”: “Беларускае мовазнаўства, беларуская філалогія — шырокае роднае поле, на якім яшчэ ёсць неўзараныя дзялянкі і недагледжаныя нівы. Яшчэ не ўсе сабраныя мною матэрыялы і назіранні апрацаваў і падрыхтаваў да друку; яшчэ не ўсё з гэтага асэнсавана, вывучана. Лінгвістыка, філалогія не стане ў мяне пабочным заняткам”. Хутка чытачы зразумелі: літаратурныя творы па-свойму працягваюць, дапаўняюць лінгвістычныя працы
Ф. М. Янкоўскага, на якія пайшло некалькі дзесяцігоддзяў нялёгкай працы, творчага неспакою вучонага.
     
На новым літаратурным “полі” Фёдар Міхайлавіч беражліва расціў добрае, разумнае, вечнае: расказваў пра дарагіх яму людзей, пра сустрэчы з радасцю жыцця і з пеклам вайны, пра сустрэчы з роднай песняй, яшчэ і яшчэ — з  родным словам. Пры гэтым у яго творах, як адзначыў пісьменнік І. Новікаў, няма празмернага захаплення толькі сваім, няма і адзнакі нацыянальнай абмежаванасці. Цёпла і шчыра пісаў Ф. Янкоўскі пра баявых сяброў — людзей розных нацыянальнасцей, пра дружбу з славацкім прафесарам Э. Гашынцам, пра асабістыя сувязі з рускімі, украінскімі філолагамі, шчыра радаваўся, калі з’яўляліся змястоўныя слоўнікі, глыбокія тэарэтычныя даследаванні ў Маскве, Ленінградзе, Кіеве, Самаркандзе, Ноўгарадзе… Беларускі вучоны шчодра расссылаў кнігі — і не толькі свае! — у розныя куткі краіны і за яе межы. Вядомыя філолагі іншых народаў лічылі сваім абавязкам паслаць у Мінск — Янкоўскаму — свае чарговыя публікацыі.
      
Ф. М. Янкоўскі не быў кабінетным вучоным. Ён кожны дзень быў на людзях, з людзьмі, нават тады, калі дактары настойліва рэкамендавалі яму адпачыць ад “усяго”. Але гэтае “ўсё” для Фёдара Міхайлавіча было яго жыццём, а ад яго “адпачыць нельга”. Ён не мог уявіць, як можна спакойна прачытаць лекцыю, уважліва не паглядзець напісанае аспірантам, калегам, не даведацца, як спраўляюцца з нялёгкім кіраўніцтвам кафедрай яго вучні ў Брэсце, Віцебску, Гродне, Мазыры, Мінску, не задумацца, чаму калега ў апошні час неяк перамяніўся…
    
Настаўнікі, работнікі органаў народнай адукацыі розных рангаў і пасад, выкладчыкі вышэйшых навучальных устаноў Беларусі з гонарам і своеасаблівым падтэкстам заўсёды гавораць, што ім пашчасціла слухаць лекцыі Фёдара Міхайлавіча. І гэта зразумела. У кожнай лекцыі вучоны адкрываў таямніцы мовы, знаёміў з яе багаццямі. Назіранні над моўнымі фактамі прыводзіліся ў стройную сістэму, якая адлюстроўвала заканамернасці развіцця мовы, а з прачытаных курсаў лекцый нараджаліся вучэбныя дапаможнікі для філалагічных факультэтаў рэспублікі, такія, як, напрыклад, “Гістарычная граматыка беларускай мовы” (1983, 1989). Ф. М. Янкоўскі арганізаваў і ўзначаліў калектывы, якія падрыхтавалі вучэбныя дапаможнікі па сучаснай беларускай літаратурнай мове (Сучасная беларуская літаратурная мова: Лексікалогія. Арфаграфія. Фаналогія — 1976, 1984; Сучасная беларуская літаратурная мова: Марфалогія — 1975, 1980; Сучасная беларуская літаратурная мова: Практычныя заняткі — 1987). У кожным з гэтых дапаможнікаў ёсць раздзелы, напісаныя самім вучоным. Абмеркаванне рукапісаў пад кіраўніцтвам прафесара Янкоўскага было сапраўднай школай педагагічнага майстэрства. Кожны, хто яе прайшоў, шчыра і назаўсёды ўдзячны Фёдару Міхайлавічу.
      
Вельмі многа часу і сілы аддаваў прафесар рэдагаванню і рэцэнзаванню навуковых, вучэбна-метадычных прац. Усё выдадзенае членамі кафедры беларускага мовазнаўства Мінскага педінстытута (а гэта падручнікі па беларускай мове для ўсіх класаў сярэдняй школы, больш за дваццаць вучэбных дапаможнікаў для студэнтаў-філолагаў, некалькі манаграфій, штогадовыя зборнікі навуковых артыкулаў — спачатку “Беларуская фразеалогія, лексікалогія”, потым “Слова і фразеалагізм у кантэксце”, “Моўныя адзінкі ў кантэксце”) не раз уважліва перачытвалася, папраўлялася, дапрацоўвалася Фёдарам Міхайлавічам. Таксама ўважліва ставіўся ён да рукапісаў выкладчыкаў іншых навучальных устаноў, і ўсяму давалася прынцыповая ацэнка. У заключэннях прафесара заўсёды была падтрымка таму, што абагачала філалогію, садзейнічала павышэнню ўзроўню выкладання ў сярэдняй і вышэйшай школе. На пасяджэннях рэдакцыйных саветаў, калегій, дзе даводзілася абмяркоўваць пытанні планавання, падрыхтоўкі, выдання манаграфій, зборнікаў навуковых артыкулаў, слова Ф. М. Янкоўскага было важкім і аўтарытэтным. Смела можна сказаць: навукова-метадычная праца на кафедрах беларускай мовы ва ўсіх педінстытутах рэспублікі вялася актыўна дзякуючы прафесару Ф. М. Янкоўскаму.
      
Наспела вялікая дзяржаўная неабходнасць — стварыць першую ў гісторыі Беларусі энцыклапедыю. У Мінску арганізавалі Галоўную рэдакцыю БелСЭ. Ф. М. Янкоўскі адразу стаў нязменным членам тэрміналагічнай камісіі пры гэтай рэдакцыі. Ён быў навуковым кансультантам пяцітомнага выдання “Беларуская ССР. Кароткая энцыклапедыя”.
       
Прафесар Ф. М. Янкоўскі заўсёды вельмі аддана ставіўся да выхавання педагагічнай змены, ён быў прынцыпова патрабавальны да сябе і да іншых, ва ўсім, нават, здавалася б, у дробязях, выяўляў клопат пра галоўнае — культуру роднага краю. Навукова-метадычныя семінары, пасяджэнні секцыі беларусазнаўцаў Міністэрства асветы Беларусі, што праводзіліся па яго ініцыятыве і пры самым актыўным яго ўдзеле, — заўсёды былі падзеяй у жыцці выкладчыкаў-філолагаў рэспублікі, і гэта ніякае не перабольшанне. Ніводнае пытанне на такіх пасяджэннях не абмяркоўвалася фармальна, прынятыя рашэнні актыўна ажыццяўляліся: уносіліся змены ў вучэбныя планы педінстытутаў, складаліся праграмы, ствараліся аўтарскія калектывы вучэбных дапаможнікаў, уводзіліся на філалагічных факультэтах новыя спецкурсы і спецсемінары, актывізавалася вучэбная і дыялекталагічная практыка, выпрацоўвалася методыка заняткаў па новых лінгвістычных дысцыплінах.
     
У дваццаць адным аўтарэфераце кандыдацкіх дысертацый па беларускай філалогіі запісана: кіраўнік даследавання — кандыдат, потым доктар філалагічных навук
Ф. М. Янкоўскі. Гэта прозвішча — і на дысертацыях яшчэ трох лінгвістаў, што абараняліся ўжо без яго. Гэта вучні прафесара, кожнаму з якіх ён аддаў часцінку сваёй душы і сэрца. Стаць філолагам, вызначыць сваё месца ў культуры роднай зямлі вучоны дапамог значна большай колькасці даследчыкаў, і не толькі маладых.
Ф. М. Янкоўскі шчодра і бескарысліва раздаваў ідэі, падказваў тэмы, дапамагаў ажыццяўляць навуковыя і метадычныя задумы тым, хто невыпадкова прыйшоў у беларускую нацыянальную навуку. Творчы (як і асабісты) лёс кожнага, каму дапамог Ф. М. Янкоўскі, не быў абыякавы яму і пасля атрымання гэтымі людзьмі дыпломаў аб навуковых ступенях і званнях. Вучні Янкоўскага — аўтары манаграфій, слоўнікаў, серый навуковых артыкулаў і вучэбных дапаможнікаў — усё жыцццё будуць памятаць парады свайго Настаўніка, бо ў гэтым чалавеку яны бачылі ўзор вернасці роднай Беларусі, узор адданасці роднаму слову.
      
Яшчэ ў 1968 г. у прадмове да кнігі “Беларуская фразеалогія” Ф. М. Янкоўскі напісаў так: “Ідуць гады імклівага жыцця. Наш час вымагае не бясследнага існавання, а жыцця, запоўненага клопатам і працаю, жыцця для Радзімы-Бацькаўшчыны”. Так ён жыў сам, таму працу выдатнага педагога, вучонага, пісьменніка “не сорамна пакласці ад імя Беларусі на міжнародны стол” (Янка Брыль).
                                                                                            
                                                                                   Моўныя адзінкі і кантэкст: зборнік артыкулаў. –
                                                                                                                                           Мінск, 1992. – С. 6–23.


Галіна Малажай. Ведаў, любіў, адмыслова карыстаўся

       ВЕДАЎ, ЛЮБІЎ, АДМЫСЛОВА КАРЫСТАЎСЯ…

Уладзімр Андрэевіч не адзначаў афіцыйна свае дні нараджэння. У гэтым годзе яго вучні, ужо не пытаючыся дазволу Настаўніка, сышліся ясным вераснёўскім днём у адной з вялікіх аўдыторый Брэсцкага ўніверсітэта, каб падзяліцца ўспамінамі пра чалавека, які пакінуў светлы след у душы кожнага. Прыгадваліся жыццёвыя сітуацыі, якія выразна характарызавалі адносіны Калесніка да грамадскіх падзей, асобных людскіх учынкаў, да беларускай культуры, роднага слова. І падумалася: мабыць, зусім не выпадкова адна з першых кніг Калесніка, што выйшла ў 1962 годзе, была напісана разам з яго добрым сябрам — лінгвістам Фёдарам Янкоўскім. Яны абодва рабілі ўсё магчымае, каб беларускае слова не толькі гучала ў час выкладання, а натуральна лілося з вуснаў прамоўцаў, настаўнікаў, журналістаў, людзей розных прафесій і заняткаў. Дзеля гэтага і пісалася кніга “Вусная мова і выразнае чытанне”. Дзеля гэтага навуковец рэдагаваў вучэбныя дапаможнікі па выразным чытанні, спрыяў выданню спецыяльнай фонахрэстаматыі.
   
Сам Уладзімір Андрэевіч быў добрым знаўцам роднага слова. Яго лекцыі, публічныя выступленні запомніліся многім не толькі іх зместам, а і адметнай формай выкладу, нават нейкім артыстызмам прамоўцы. Выключна валодаючы навуковым стылем (пра што сведчаць асабліва ягоныя апошнія кнігі “Тварэнне легенды”, “Усё чалавечае”…), Калеснік мог дазволіць сабе то непасрэдную гутарковасць, якая часам даходзіла да прастамоўнасці, то ўзнёслую паэтычнасць, што рабіла выступленне завострана публіцыстычным. Гэта, безумоўна, залежала ад таго, пра што гаварылася, але немалы ўплыў на такія стылёвыя адступленні і “зігзагі” рабіла няўрымслівая натура лектара і прамоўцы, які не мог спакойна рэагаваць на некаторыя праявы жыцця. Былым студэнтам Калесніка да гэтага часу помняцца характарыстычныя выслоўі, якія вырываліся з вуснаў Настаўніка, калі ён абураўся невуцтвам, душэўнаю лянотай, абыякавасцю да свайго, беларускага. І толькі цяпер па-сапраўднаму даходзіць змястоўнасць такіх характарыстык, як “сацыялістычныя папуасы”, “пашахонцы няшчасныя”, “галубіцы іарданскія”…
     
Невыпадкова ў дакументальнай аповесці “Пасланец Праметэя” Калеснік напісаў: “Каб слова брала за душу, той, хто кажа ці піша яго, сам павінен мець шчырую душу ды чулае гарачае сэрца”. Такое сэрца меў аўтар шматлікіх літаратуразнаўчых прац, публіцыстычных артыкулаў, дакументальных кніг. Аўтабіяграфічны нарыс пра сябе Уладзімір Андрэевіч некалі (а было гэта яшчэ ў 1966 г.) назваў “Сваім следам”. Свой выразны след ён пакінуў не толькі ў літаратуразнаўстве і дакументалістыцы.
       
Працы Калесніка вызначаюцца адметным стаўленнем аўтара да слоўна-фразеалагічных і граматычных рэсурсаў беларускай мовы. У выбары слоў і пабудове сказаў заўсёды выяўляецца “нястомная работа духу” (А. Чычэрын) таго, хто ступіў на дарогу творчасці. Першая манаграфія Калесніка называлася “Паэзія змагання”. Не засяроджваючы ўвагі на сэнсавай ёмістасці гэтага загалоўка, адразу скажам: большасць манаграфій Калесніка называецца так, што адразу робіцца заяўка не на строгае акадэмічнае даследаванне, а на паэзію, якой заўсёды поўніцца творчая праца. Перачытаем назвы на вокладках некаторых кніг: “Ветразі Адысея”, “Зорны спеў”, “Пасланец Праметэя”, “Лёсам пазнанае”, “Тварэнне легенды”, “Усё чалавечае”… Паэтычная сутнасць душы даследчыка падказала, што ў загалоўкі варта вынесці спалучэнні слоў, якія ўздымаюць нас над будзённасцю жыцця. У літаратуразнаўчым нарысе “Купалы сны нязводныя” сам Калеснік піша, што яму хацелася “выкласці справу так папулярна, каб і воку не ўзброенаму вучонай лупай, адкрылася […] дзівосная духоўнасць яго паэзіі, яе еўрапейскі кантэкст і арганічная беларускасць…”
    
Арганічная беларускасць самога Калесніка заключалася ў тым, што ён заўсёды падкрэсліваў: родная мова — адна з найдаражэйшых духоўных каштоўнасцяў беларуса. Яе ён пачуў на мілай сэрцу Карэліччыне, не цураўся ні ў гады ваеннага ліхалецця, калі партызаніў у беларускіх лясах, ні ў студэнцкія і аспіранцкія гады, а ў перыяд выкладчыцкай і навуковай працы быў надзейным абаронцам і прапагандыстам роднага слова. Уладзімір Андрэевіч добра ведаў тых філолагаў, якія рупіліся на ніве беларускай мовы. На ягоных паліцах і цяпер стаяць кнігі Яўхіма Карскага і Фёдара Янкоўскага, разнастайныя слоўнікі і даведнікі. Помніцца, якой радасцю свяціліся Калеснікавы вочы, калі ён убачыў “Дыялектны слоўнік Брэстчыны”, выдадзены калегамі з кафедры беларускага мовазнаўства.
      
Асабліва трапяткія адносіны выяўляў Калеснік да мастацкага слова. На яго думку, гэта адзін са сродкаў “абуджэння аслеплай соннай душы”. Мастацкае слова ў адных выпадках “аказваецца словам суровай ці горкай праўды, звернутай да развагі і сумлення”, у другіх — “рамантычным згусткам чалавечага духу, заклінаннем, святым агнём, здольным уваскрашаць упалыя душы, распальваць нячулыя сэрцы, напаўняць душы хараством свабоды і светлай будучыні”. Найбольшую сілу мае паэтычнае слова, якое, як сцвярджае навуковец, “з’яўляецца выпрабаваным сродкам уваскрашэння духу свабоды і годнасці ў народзе”. Гэтак Калеснік успрымаў не толькі прарочае, трыбуннае слова, а і простае слова беларускае, бо яно “не толькі экспрэсіяй, празорлівасцю ці праўдзівасцю, а самой наяўнасцю [падкр. — Г. М.] сваёй адраджае мёртвыя душы, усяляе пачуццё тоеснасці асобы, нацыянальнай годнасці, дае адчуванне гістарычнага быцця”.
                                                                                                                                          
                                                                                                                              Крыніца. – № 1. – 1996. – С. 42.
 

Галіна Малажай. «Трэба аднаўляць крыніцу»

                                                «ТРЭБА АДНАЎЛЯЦЬ КРЫНІЦУ» 

Дыскусія пра лёс роднай мовы закранула сёння не 
толькі спецыялістаў, але і практычна ўсю грамадскасць рэспублікі.
Думкі і меркаванні часам супрацьлеглыя: ад патрабаванняў надаць
беларускай мове статус дзяржаўнай, да «я ненавіжу эту “родную мову”». 
Дзе крыецца “залатая сярэдзіна?” Ці не паказваюць
сённяшнія гарачыя дыскусіі, што моўная сітуацыя  — 
толькі вонкавая праява тых складаных праблем,
з якімі мы сутыкнуліся і якім публічнасць дала выхад?
Ці не хаваецца ў гэтай масавай заклапочанасці небяспека “перагібаў”,
жаданне вырашыць праблему мовы ў першую чаргу,
як найбольш простую? 
Мая субяседніца, загадчык кафедры беларускай мовы
педагагічнага інстытута, прафесар Галіна Мікалаеўна Малажай
 не драматызуе сітуацыю, але і не хоча спрашчаць. 

— Лёс беларускай мовы непакоіць шмат каго ў рэспубліцы. Людзі як бы схамянуліся. Хто ж мы такія  —  “Иваны непомнящие” ці народ, які ніколі, нават у самыя цяжкія часы, не траціў пачуцця ўласнай годнасці, народ са сваёй няпростай, але слаўнай гісторыяй, адметнай мовай, здольнай назваць найскладанейшыя паняцці і выказаць самыя тонкія чалавечыя адчуванні? І тое, што многія схамянуліся, занепакоіліся станам мовы, яе месцам у грамадскім, культурным і паўсядзённым жыцці ў горадзе і вёсцы, безумоўна, добра. Гэта выразныя адзнакі дэмакратыі і публічнасці нашых дзён. І дыскусіі, нават няхай з празмернымі эмацыянальнымі ўсплёскамі, але, бясспрэчна, з павагаю да ўсіх, хто імкнецца абгрунтаваць свой погляд на няпростыя праблемы сённяшняга часу, думаецца, толькі на карысць абуджэнню грамадзянскай свядомасці ўсіх, хто жыве ў Беларусі, і ў прыватнасці — на Брэстчыне. 

Сённяшняя моўная сітуацыя ў рэспубліцы складвалася паступова і, мякка кажучы, не без актыўнай дапамогі тых, хто “даганяў і пераганяў” і ўжо бачыў той час, калі будзе ў краіне адзіная мова… Цяпер некаторыя дзівяцца ці проста бяздумна сцвярджаюць: беларусы самі адмаўляюцца ад сваёй мовы, навошта ствараць “праблемы” там, дзе іх няма, навошта вяртацца да таго, што само адыходзіць. А ці само адыходзіла і адыходзіць? Гэта нядобры след складаных грамадскіх, эканамічных, культурных працэсаў, што адбываліся ў краіне, у нас на Беларусі. Рэпрэсіі 30-х гадоў знішчылі цвет нацыянальнай інтэлігенцыі, засталіся тыя, што “прыціхлі”, а то і прыстасаваліся. Калі раней старшыня ЦВК Чарвякоў, старшыня СНК Галадзед, Генеральны сакратар ЦК КП (б)Б Гікала размаўлялі з народам па-беларуску, то наступілі гады, калі нават карыстацца беларускай мовай ва ўрадавых установах, ВНУ стала рызыкоўна — вельмі ж лёгка было навесіць такому ярлык нацыяналіста. Абяскровілася беларуская вёска — каго вывезлі далёка ад родных мясцін, хто сам падаўся ў горад, а там пастараўся як найхутчэй пазбавіцца прыкмет “дзеравеншчыны” — загаварыў, як мог, па-руску.   Паступова выкарчоўваліся з народнага побыту спрадвечныя звычаі, абрады, традыцыі, знікалі нацыянальныя школы, а ў выніку размываўся адметны вобраз беларусаў. І калі цяпер агульнымі намаганнямі мы не зможам адрадзіць асноўных прыкмет беларускага ладу жыцця, не далучыўшыся да сваіх гістарычных каранёў, да беларускай мовы, то згубім ужо, мабыць, назаўсёды адзнакі асобнай нацыі, ператворымся ў насельніцтва, якому ўсё роўна, дзе жыць, якія песні спяваць, якімі словамі карыстацца, пад якую “дудку скакаць”. Думаю, гэта не такая простая праблема, як некаторым здаецца. Многія далёка ўжо зайшлі ў нацыянальным бяспамяцтве. Таму ўрадаваыя пастановы неабходныя. Яны, спадзяюся, прымусяць кіруючыя органы клапаціцца пра культуру народа і падтрымаюць намаганні тых, хто імкнецца, каб у рэспубліцы было сапраўднае, а не ўяўнае беларуска-рускае двухмоўе. Цяпер яно пакуль што без першай часткі.
   
 Галіна Мікалаеўна, што можна сказаць
 пра стан беларускай мовы ў вобласці? 
Калі лічыць першакрыніцай мовы вясковыя гаворкі, 
то мы ўбачым, што гаворкі Брэстчыны
значна адрозніваюцца ад нарматыўнай, літаратурнай мовы.
Ці не ўзнікаюць тут пэўныя супярэчнасці, бар’еры
на шляху пранікнення ў побыт і грамадскае жыццё,
 скажам так, “правільнай” мовы?  

— Думаю, што не. Быў час, калі на Брэстчыне нелегальна распаўсюджваліся адозвы “Мужыцкай праўды” Кастуся Каліноўскага, напісаныя, як вы гаворыце, “правільнай” беларускай моваю, калі сяляне Кобрынскага павета патрабавалі адкрыцця беларускай школы. Адразу пасля Вялікай Айчыннай вайны ў вобласці было нямала беларускамоўных школ. Ніхто і не думаў вызваляць дзяцей ад вывучэння мовы карэннага насельніцтва рэспублікі. Многія свабодна валодалі беларускай і рускай мовай, не цураліся і сваёй роднай гаворкі, і ніякіх супярэчнасцей не ўзнікала. А дыялектныя асаблівасці нашага рэгіёна цікавыя і непаўторныя. Тут пераплятаюцца рысы многіх славянскіх моў, гэта некалі давала жыхару з Брэстчыны разумець і ўкраінца і рускага, паляка і, нават, з большага чэха, славака. Разумныя людзі спрадвеку з павагай ставіліся да тых, хто валодае некалькімі мовамі. І гэта не замінала агульнаму развіццю, не шкодзіла здароўю. Кажу гэтак таму, што да нядаўняга часу бацькі якія толькі прычыны не знаходзілі, каб вызваліць сваё чада ад “лішняй” нагрузкі — далучэння да беларускай мовы.    

Працэс станаўлення нацыянальнай самасвядомасці
набірае ў рэспубліцы тэмпы. Якая роля ў гэтым працэсе
 навучальнай установы, у прыватнасці інстытута, вашай кафедры? 

Сёння ў рэспубліцы пастаўлена задача — адрадзіць нацыянальны дух школы. Натуральна, што роля калектыву Брэсцкага педінстытута, як і іншых навучальных устаноў рэспублікі, надзвычай вялікая. Найперш неабходна забяспечыць вобласць кваліфікаванымі  настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры. Хацелася б бачыць сярод іх як мага больш такіх, якія па-сапраўднаму ўсвядомяць сваю адказную місію на гэтым пераломным этапе. З новага навучальнага года інстытут выходзіць на эксперымент — паскораную падрыхтоўку настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры з дадатковай спецыяльнасцю “Гісторыя”. Тры гады студэнты будуць займацца на стацыянары, два — на завочным аддзяленні.   

Акрамя разнастайных навуковых распрацовак, у інстытуце створана канкрэтная праграма па развіццю беларуска-рускага двухмоўя. З верасня гэтага года пры нашай кафедры пачнуць працаваць курсы беларускай мовы для выкладчыкаў грамадазнаўчых і псіхолага-педагагічных дысцыплін, завяршыліся заняткі на курсах для работнікаў кніжнага гандлю вобласці. Можна прыводзіць яшчэ шмат фактаў, але я думаю, што агульны кірунак нашай работы зразумелы.    

Што вы можаце сказаць пра студэнцкую моладзь? 
Адкуль прыходзяць у інстытут найбольш падрыхтаваныя
абітурыенты, з горада ці з вёскі?  

— Рабіць абагульненні цяжка. У гэтым годзе ў нас, напрыклад, заканчвае Наташа Смаль, якая ўсе гады вучылася на “выдатна”. Паступіла на аддзяленне беларускай мовы і літаратуры пасля заканчэння брэсцкай школы. Добрыя абітурыенты прыходзяць да нас з розных рэгіёнаў, напрыклад, з Бярозаўскага, Лунінецкага, Пінскага раёнаў. У асноўным залежнасць тут не геаграфічная. Шмат залежыць ад грамадзянскай пазіцыі студэнта.    

На заканчэнне мне б хацелася прыгадаць радкі паэта Алеся Разанава: “Чым далей ад сваіх вытокаў, тым бліжэй да іх разумення”. Так, мы ўжо досыць далёка зайшлі ў выраканні нацыянальнага, каб зразумець, што далей ісці ў гэтым кірунку проста небяспечна. Трэба тэрмінова брацца за працу, аднаўляць добра-такі засмечаную крыніцу роднай мовы. Творчага плёну і ўдачы ў гэтай высакароднай справе нам усім.
 
                                                                                                                                                   Гутарку вёў І. Арлоў 
                                                                                                                                        Заря. – 1989. – 14 ліпеня.    

Галерэя