Узняцца да лёсу чалавечага
да 75-годдзя з дня нараджэння Валянціны Локун (1946–2016)
«Зробленае, напісанае чалавекам і крытыкам светлай душы Валянцінай Іванаўнай Локун варта ўвагі чытачоў розных пакаленняў. Яна, чалавек шматпакутны і разам з тым на дзіва дзеяздольны, рабіла ўсё магчымае і часам нават немагчымае для таго, каб ствараць свой партрэт сучаснага літаратурнага працэсу…»
Алесь Карлюкевіч
Аб праекце
З мэтай ушанавання памяці беларускага літаратурнага крытыка і літаратуразнаўцы, кандыдата філалагічных навук, члена Саюза беларускіх пісьменнікаў, старшага навуковага супрацоўніка Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Валянціны Іванаўны Локун Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага падрыхтавала электронны рэсурс «Узняцца да лёсу чалавечага: да 75-годдзя з дня нараджэння Валянціны Локун (1946–2016)». Ён уключае дакументныя рэсурсы за 1973–2021 гг. Гэта бібліяграфічная, фактаграфічная і графічная інфармацыя, якая сістэматызавана і прадстаўлена ў раздзелах: «Жыццёвы і творчы шлях В. І. Локун», «Літаратурныя і навуковыя працы В. І. Локун (1973–2016 гг.)», «Літаратура аб жыцці і творчасці (1984–2021 гг.)», «Успаміны сучаснікаў», «Фотагалерэя», «Ушанаванне памяці».
Бібліяграфічныя запісы ў электронным рэсурсе складзены ў адпаведнасці з міждзяржаўнымі стандартамі «ГОСТ 7.1-2003. Библиографическая запись. Библиографическое описание. Общие требования и правила составления», «ГОСТ 7.80-2000. Библиографическая запись. Заголовок. Общие требования и правила составления». У раздзеле «Літаратуразнаўчыя і навуковыя работы В. І. Локун (1973–2016 гг.)» загаловак апісання не прыводзіцца.
Падчас работы над электронным рэсурсам выкарыстоўваліся электронныя каталогі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага, традыцыйныя каталогі і картатэкі, дзяржаўныя бібліяграфічныя паказальнікі Нацыянальнай кніжнай палаты Беларусі, бібліяграфічныя даведнікі, а таксама прыкніжная і прыартыкульная бібліяграфія і інш. Прагледжаны камплекты асобных рэспубліканскіх і мясцовых газет, часопісаў і іншых выданняў, у якіх маглі знаходзіцца артыкулы пра В. І. Локун. Увесь сабраны матэрыял правераны de visu. Адбор матэрыялу закончаны ў маі 2021 г.
Складальнікі электроннага рэсурсу спадзяюцца, што рэсурс будзе не толькі данінай памяці нашай выдатнай зямлячцы, але і карысным дапаможнікам для шырокага кола карыстальнікаў, якія цікавяцца беларускай і сусветнай літаратурай і культурай роднага краю.
З вялікай удзячнасцю прымем усе вашы заўвагі і прапановы.
Кантакты
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага
Адрас: г. Брэст, б-р Касманаўтаў, 48, 224016
Тэл: +375 162 57 48 35
Інфармацыйна-бібліяграфічны аддзел
E-mail: ibobob@yandex.ru
Тэл: +375(162) 57 48 77