Menu

Жыццёвы і творчы шлях В. І. Локун

    Першы раздзел «Жыццёвы і творчы шлях В. І. Локун» складаюць кароткі біяграфічны нарыс, даты біяграфіі і аўтабіяграфія «Узняцца да лёсу чалавечага», напісаная В. І. Локун у маі 2009 г., а таксама скан-копіі дакументаў з Занальнага архіва ў г. Пінску.

Хата ў вёсцы Цепянец Пінскага раёна, дзе нарадзілася Валянціна Локун

Падрыхтоўка да экзаменаў

З 60-гадовым юбілеем Валянціну Іванаўну прыехалі павіншаваць пісьменнік, намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Нёман» М. П. Пазнякоў і галоўны рэдактар часопіса «Нёман» Н. Чайка

Кароткі біяграфічны нарыс

    Валянціна Іванаўна Локун нарадзілася 6 жніўня 1946 г. у вёсцы Цепянец Пінскага раёна Брэсцкай вобласці. Скончыла Цепянецкую пачатковую школу, затым вучылася ў Малоткавіцкай сярэдняй школе, а з сёмага класа перайшла ў Пінскую завочную школу, якую скончыла ў 1966 г. з залатым медалём і паступіла на філалагічны факультэт (рускае аддзяленне) Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна.
    У 1974 г. разам з сям’ёй пераехала ў г. Пінск. Вучылася ў аспірантуры пры Беларускім дзяржаўным універсітэце імя У. І. Леніна. У 1984 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю па тэме «Праблемы стылю беларускай ваеннай прозы» (на матэрыяле творчасці В. Быкава, Б. Сачанкі, І. Чыгрынава).
    Працавала загадчыцай Цепянецкай бібліятэкі (1972–1974), старшым выкладчыкам Брэсцкага педінстытута імя А. С. Пушкіна (1985–1998). З 1987 па 2007 г. — супрацоўнік, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, з 1987 па 1998 г. сумяшчала працу ў Інстытуце літаратуры з працай у педінстытуце.
    В. І. Локун — кандыдат філалагічных навук, член Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1998 г., з 2006 г. — член Саюза пісьменнікаў Беларусі.
    У 2004 г. Валянціна Іванаўна была ўдастоена прэміі прэзідэнтаў Акадэмій навук Беларусі, Украіны і Малдовы «за выполнение научно-исследовательской работы „Культурно-исторические белорусско-украинские связи: литературно-языковый аспект“». Яна двойчы станавілася лаўрэатам прэміі часопіса «Полымя»: 1993 г. — за артыкул «У пошуках маральнага ідэалу. Проза Уладзіміра Караткевіча» (№ 6); 2001 — за артыкул «Узняцца да лёсу агульначалавечага (Талстоўскія традыцыі ў развіцці беларускай ваеннай прозы)» (№ 5).
    У 2006 г. узнагароджана медалём Святой Еўфрасінні Полацкай ад грамадскага аб’яднання «Міжнародны фонд Святой Еўфрасінні Полацкай» за актыўны ўдзел у рабоце Фонду з мэтай распаўсюджання ідэй хрысціянскага высокага духу, хрысціянскай маралі, заснаванай на дабрыні і міласэрнасці, вялікую асветніцкую дзейнасць.
    В. Локун — аўтар некалькіх зборнікаў і манаграфій, больш за сто навуковых артыкулаў па праблемах развіцця беларускай літаратуры ў кантэксце сусветнай літаратуры, яна — аўтар чатырох артыкулаў «Гісторыі беларускай літаратуры XX стагоддзя» ў 4 тамах.
    У суаўтарстве з іншымі вядомымі літаратуразнаўцамі прымала ўдзел у напісанні такіх зборнікаў як «Нарысы беларуска-ўкраінскіх літаратурных сувязей» і «Беларуская літаратура ў кантэксце славянскіх літаратур ХІХ–ХХ стст.». У 2003 г. «Нарысы…» былі перакладзены на ўкраінскую мову і выдадзены ў Кіеве.
    Валянціна Іванаўна адна з першых на навуковым узроўні зрабіла спробу прасачыць гісторыю літаратуры краю, асабліва дэталёва аналізуючы творчасць сучасных пісьменнікаў Піншчыны.
    Валянціна Іванаўна Локун раптоўна памерла 16 чэрвеня 2016 г. Апошняя яе манаграфія аб творчасці У. Гніламёдава засталася недапісанай, як і многія яе артыкулы…

Даты біяграфіі

1946, 6 жніўня нарадзілася ў вёсцы Цепянец Пінскага раёна Брэсцкай вобласці
1966 скончыла з залатым медалём Пінскую завочную школу
1966–1971 вучоба на філалагічным факультэце (рускае аддзяленне) Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна
1972–1974 працавала загадчыцай Цепянецкай сельскай бібліятэкі
1973 першая публікацыя ў газеце «Полесская правда»
1974 разам з сям’ёй пераехала ў г. Пінск
1976 пазаштатны карэспандэнт газеты «Полесская правда»
1981–1984 вучоба ў аспірантуры пры Беларускім дзяржаўным універсітэце імя У. І. Леніна
1984, чэрвень абараніла кандыдацкую дысертацыю па тэме: «Праблемы стылю беларускай ваеннай прозы» (на матэрыяле творчасці В. Быкава, Б. Сачанкі, І. Чыгрынава)
1985–1998 працавала старшым выкладчыкам Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна
1987–2007 супрацоўнік, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
1987–1998 сумяшчала працу ў Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі з працай у педінстытуце
1993 прэмія часопіса «Полымя» за артыкул «У пошуках маральнага ідэалу. Проза Уладзіміра Караткевіча»
1996 на вышэйшым савеце Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук Беларусі абрана на пасаду старшага навуковага супрацоўніка інстытута
1998 член Саюза беларускіх пісьменнікаў
2001 прэмія часопіса «Полымя» за артыкул «Узняцца да лёсу агульначалавечага (Талстоўскія традыцыі ў развіцці беларускай ваеннай прозы)»
2004 удастоена прэміі прэзідэнтаў Акадэмій навук Беларусі, Украіны і Малдовы «за выполнение научно-исследовательской работы „Культурно-исторические белорусско-украинские связи: литературно-языковый аспект“»
2004 узнагароджана граматай НАН Беларусі і Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы за добрасумленнае стаўленне да выканання сваіх службовых абавязкаў
2006 член Саюза пісьменнікаў Беларусі
2006 узнагароджана медалём Святой Еўфрасінні Полацкай ад грамадскага аб’яднання «Міжнародны фонд Святой Еўфрасінні Полацкай»
2006 выйшла ў свет новая кніга «Васіль Быкаў у кантэксце сусветнай літаратуры»
2006 узнагароджана граматай НАН Беларусі і Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы
2012 атрымала дыплом «Жанчына года» ад грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын»

Аўтабіяграфія

    Нарадзілася я на Палессі — у невялічкай вёсачцы Цепянец, што на Піншчыне. Назва вёскі (па-руску Тепенец) хутчэй за ўсё паходзіць ад слова «топь», або багна, па-беларуску. Праўда, да сярэдзіны ХХ стагоддзя балоты крыху адступілі ад самой вёскі, але вады, асабліва па вясне, было шмат. Яна віравала не толькі ў ваколіцы, але і ў гародах, перакрывала дарогі. Трэба было доўга чакаць, пакуль яна ўступіць у зямлю, або сцячэ ў яшчэ больш нізкае месца. Затое, як прыгожа было напрыканцы красавіка ці на пачатку мая, калі цвіла чаромха, а пасля зацвіталі сады!
    Нарадзілася я ў жніўні 1946 года. Час быў цяжкі, пасляваенны, галодны. Савецкая ўлада ў нас, заходнікаў, толькі-толькі ўсталявалася. Калгасы арганізоўвалі недзе ў 1949–1950-х гадах. Дзед, які яшчэ да Першай сусветнай вайны паехаў у Амерыку, каб зарабіць «капейку», вярнуўся на радзіму ў 1921 годзе не зусім бедным чалавекам. Заробленых даляраў хапіла, каб ажаніцца на сіраце, паставіць новую хату і прыкупіць некалькі дзесяцін зямлі. Толькі ўсё нажытае панішчыла вайна, удзень рабавалі немцы, а ўначы стукаліся ў вокны партызаны…
    Не ведаю, якім чынам, але пасля вайны бацьку, які прыйшоў з фронту з цяжкім раненнем, удалося разжыцца канём. Які гэта быў прыгажун — на ўсю вёску! Бацька плакаў, калі яго забіралі ў калгас. І праўда, не перажыў конік галоднай зімы, загінуў па вясне. Не вельмі шыкавалі тады і людзі, якія набылі статус калгаснікаў.
    Чытаць, па сутнасці, навучылася яшчэ да школы — у старэйшага брата, калі той рабіў урокі дома. Школа ў вёсцы была толькі пачатковая і мела ўсяго два невялічкія пакоі, у кожным з іх адначасова праводзіліся заняткі двух класаў. Але нічога, урокі праходзілі цікава, па-за ўвагай настаўніцы не заставаўся ніводны вучань.
    Сваю першую настаўніцу амаль не памятаю, бо нешта вельмі мала яна прабыла, увогуле настаўніцы тады часта мяняліся. Цяпер цяжка сказаць, чаму яны ў нас не затрымліваліся. Я ж бегала ў сваю школу з задавальненнем. Вучоба давалася лёгка, за ўсе чатыры гады навучання я атрымлівала адны толькі пяцёркі, калі чацвёркі і былі, то, можа, адна ці дзве.
    Дарэчы, школа была і адзіным культурным цэнтрам. Праўда, з усіх мерапрыемстваў, як памятаю, тут было толькі адно: дэманстрацыя фільмаў. Раз у месяц, а мо і два, сюды прывозілі кіно. Якая ж гэта была радасць для нас — дзетвары! Ды і для дарослых таксама. Зразумела, што месцаў за партамі для ўсіх не хапала, і мы ўсаджваліся на падлозе. Мы не проста глядзелі фільм, мы ў ім саўдзельнічалі. Мы перажывалі за герояў, як за сваіх блізкіх. На добры тыдзень пасля хапала ўражанняў.
    Сярэдняя школа была ў суседняй вёсцы Малоткавічы, за сем кіламетраў ад нашага Цепянца. Хадзілі туды, зразумела, пешшу. На гэта трэба было патраціць добрую гадзіну, а ў разводдзе ці непагадзь то і ўсе паўтары. Сталоўкі ў школе не было, пазней з’явіўся там нейкі маленькі буфет, але хадзіць туды не было як: мала ў каго з нас былі грошы. Усе мы былі дзяцьмі калгаснікаў.
    Пасля шостага класа захварэла на ногі. Школу прыйшлося пакінуць. Марудна пацягнуліся дні ў розных бальніцах. Прадоўжыць вучобу змагла толькі праз тры гады — у Пінскай завочнай школе. Сёмы і восьмы класы здала за адзін год. А праз тры гады — у 1966 годзе — атрымала і атэстат — з залатым медалём.
    Хацелася вучыцца далей. Апантана любіла кнігі. Чытаць магла суткамі. Але дзе было ў вёсцы тыя кнігі дастаць? У Цепянцы бібліятэкі не было, сябры прыносілі з Малоткавіч, з раённай бібліятэкі, па тым часе яна была прыстойна ўкамплектаваная. Адно дрэнна, там амаль адсутнічала замежная літаратура.
    Рызыкнула падаць дакументы ў Брэсцкі педінстытут. Мне пашанцавала: там з разуменнем аднесліся да маёй заявы, і ў тым жа 1966 годзе я без уступных экзаменаў (адыграў сваю ролю залаты медаль) была залічана на першы курс філалагічнага факультэта завочнай формы навучання. Абрала, зразумела, рускае аддзяленне, бо ў праграме завочнай школы беларуская мова і літаратура лічыліся прадметамі неабавязковымі.
    Студэнцтва… Гэта былі лепшыя гады ў маім жыцці! Нарэшце я была далучана да вялікай літаратуры. Усур’ёз захапілася І. Тургеневым. Тады мы ўсе былі рамантыкамі. Марылі ратаваць чалавецтва ад гідры капіталізму. Мы праглі подзвігаў. І агульны пафас тэкстаў І. Тургенева быў сугучны маёй унутранай настроенасці. Я хацела быць адначасова такой, як Джэма і Адзінцова. Я цалкам падтрымлівала думку Базарава, што «прырода не храм, а майстэрня, і чалавек у ёй гаспадар». А мова І. Тургенева! Гэта ж сапраўдныя вершы ў прозе. Такой «празрыстай» і музыкальнай была проза хіба што яшчэ ў А. К. Талстога — аўтара «Князя Сярэбранага». А хто лепш за І. Тургенева мог адлюстраваць прыроду? Успомнім яго «Запіскі паляўнічага»! Адмаўляла Л. Талстога, лічыла яго абсалютным антыподам І. Тургенева. Асабліва ў вызначэнні ролі жанчыны ў грамадстве. Ці магла тургенеўская жанчына, мэтаскіраваная, барацьбітка па духу, ідэйна непахісная, адданая да скону аднаму каханаму, задаволіцца роллю жонкі і маці? Як Наташа Растова, якой так захапляецца Л. Талстой? Яшчэ і года не прайшло пасля смерці князя Балконскага, а яна нараджае ад П’ера Бязухава дзіця і пачувае сябе самай шчаслівай на зямлі. Л. Талстой абмяжоўваў сацыяльную сферу жанчыны сям’ёй, мацярынствам. І. Тургенеў жа ўводзіў у гэтую сферу грамадскія стасункі. Менавіта апошнія і вызначалі ў яго характар жанчыны.
    І яшчэ пра кнігі. Чамусьці лічылася, што маёй настольнай кнігай з’яўляецца раман «Як гартавалася сталь» М. Астроўскага. Такую думку найчасцей выказвалі журналісты. Гэта мяне заўсёды раздражняла. Ну які ж герой з Паўкі Карчагіна? Жыццё яго заганяла ўсё далей у вугал, а ён замест таго, каб годна пайсці ў іншы свет, працягваў за гэта жыццё чапляцца. Другімі словамі, Паўка не сам выбіраў свой лёс, ён толькі падпарадкоўваўся яму. Зусім іншае — Овад Э. Л. Войніч. Вось сапраўдны герой. Як той Сотнікаў будзе пасля ў В. Быкава. Овад сам выбраў свой жыццёвы шлях. Сам ставіў сабе задачу і ўмовы яе вырашэння. І пры гэтым ні на ёту не адступаў ад сваёй мэты-ідэі.
    Мне заўсёды імпанавалі героі, моцныя духам, жыццядайныя, героі з высока ўзнятай галавой. З імі мне было цікава. Менавіта такіх я шукала і ў рэальным жыцці. І мне шчасціла, я іх знаходзіла. Ці, можа, сам лёс мне іх пасылаў.
    У 1971 годзе атрымала дыплом настаўніцы, а разам з ім і характарыстыку-рэкамендацыю для паступлення ў аспірантуру БДУ імя У. І. Леніна. Гэта быў першы выпадак у гісторыі Брэсцкага педінстытута, калі завочніцу рэкамендавалі ў навуку. Без ваганняў абрала кафедру рускай класічнай літаратуры. Планавалася, што даследаваць я буду тургенеўскую аповесць — жанравыя асаблівасці. Але, на жаль, акалічнасці склаліся такім чынам, што недзе праз год кафедру я вымушана была пакінуць. З гэтай нагоды нават прыязджаў тады да мяне дацэнт гэтай кафедры Аляксандр Аляксандравіч Станюта (пасля ў нас з Аляксандрам Аляксандравічам склаліся вельмі добрыя таварысцкія адносіны). Аляксандр Аляксандравіч прыехаў з прапановай заняцца даследаваннем беларускай літаратуры. Была нават дамоўленасць на гэты конт з кафедрай беларускай літаратуры. Толькі я не магла прыняць гэтай прапановы: я не ведала беларускай літаратуры. Ды і мовай беларускай я амаль не валодала.
    Пачаўся ці не самы драматычны перыяд у маім жыцці. Усё, да чаго я так імкліва набліжалася, рухнула. Наперадзе ніякіх маякоў, ніякіх арыенціраў. Усё страчвала свой сэнс. Нават жыццё.
    У 1974 годзе наша сям’я пераехала ў Пінск. Неўзабаве я пазнаёмілася з галоўным бібліёграфам гарадской бібліятэкі Феляй Аронаўнай Грантоўскай. Больш начытанага чалавека ў маім жыцці яшчэ не было. Як і больш блізкага мне па духу. Гэтая жанчына нібыта наноў адкрывала мне Гамера і Дантэ, Расіна і Вальтэра, Шылера і Гётэ, Т. Мана і Фейхтвангера, Рэмарка і Хэмінгуэя, Л. Талстога і Дастаеўскага… Паступова наблізіліся мы і да беларускіх аўтараў: Я. Купала, Я. Колас, М. Гарэцкі, К. Чорны, І. Мележ, І. Шамякін, В. Быкаў, І. Чыгрынаў, Б. Сачанка… Я спасцігала новы для сябе свет — своеасаблівы, шматгалосы, шматфарбны, са сваёй адметнай гісторыяй, традыцыямі, філасофіяй. Паступова асвойвала і мову беларускую — найперш праз багацейшую на адценні прозу Я. Брыля, М. Стральцова.
    У 1979 годзе я зноў паехала ў Мінск. Сустрэлася з шаноўнай Вольгай Васільеўнай Казловай. Яна пазнаёміла мяне з Таццянай Іванаўнай Шамякінай (намячалася нават тады, што Таццяна Іванаўна будзе маім навуковым кіраўніком). Пасля пэўных кансультацый акрэслілася і тэма дысертацыі: «Праблемы стылю беларускай ваеннай прозы» (на матэрыяле творчасці В. Быкава, Б. Сачанкі, І. Чыгрынава).
    Ваенную тэму абрала не выпадкова, гэта была найбольш распрацаваная плынь у развіцці савецкай літаратуры, «рэалістычна-псіхалагічная». У літаратуру ўлілося пакаленне франтавікоў, «лейтэнантаў». Яны прайшлі вайну, зведалі на ўласным вопыце акопную праўду і, наколькі гэта было магчымым па тым часе, намагаліся гэтую праўду данесці да чытача. Пры гэтым кожны з абраных пісьменнікаў меў свой вопыт вайны. Стылёва яны таксама былі адрознымі.
    Праца мяне захапіла. Увесь першы год займалася экзаменамі. Здавала кандыдацкі мінімум. Пасля ўзялася за працу. Навуковым кіраўніком у выніку быў зацверджаны Дзмітрый Якаўлевіч Бугаёў — адзін з вядучых беларускіх літаратуразнаўцаў. Мяне можа зразумець толькі той, хто сам прайшоў школу Д. Бугаёва. Я вельмі ўдзячна лёсу, што ён звёў мяне з гэтым чалавекам. Тонкі аналітык, выдатны знаўца літаратуры, ён «ляпіў» з мяне даследчыка, вучыў не толькі «чытаць» чужыя тэксты, але і працаваць над сваімі.
    Кандыдацкую дысертацыю абараніла ў чэрвені 1984 года. Ваенная проза стане, можна сказаць, галоўнай тэмай майго творчага жыцця.
    Свой першы зборнік «Да новых вышынь» (Мінск, Мастацкая літаратура, 1991) я чакала амаль сем гадоў. Здавалася, што ён не выйдзе ўжо ніколі. І вось мой першынец з’явіўся… Кніга была прыхільна сустрэта чытачамі. Асабліва мяне парадавала рэцэнзія З. Мельнікавай, апублікаваная ў ЛіМе. Зоя Пятроўна дала досыць высокую ацэнку зборніку.
    Большасць са змешчаных у зборніку артыкулаў была прысвечана «ваенным» творам В. Быкава, І. Чыгрынава, І. Шамякіна, Б. Сачанкі, В. Казько, Ю. Бондарава, В. Астаф’ева, В. Бялова і інш. Праўда, мяне цікавіў найбольш формастваральны, стылёвы бок мастацкіх дыскурсаў празаікаў.
    Паступова акцэнты пачнуць мяняцца. Прыблізна з сярэдзіны 80-х гадоў мяне захапіла філасофія «ваеннай» прозы, канцэпцыя маралі, або «нравственности», па-руску. Вынікам гэтага захаплення стала манаграфія «Маральна-філасофскія пошукі беларускай ваеннай і гістарычнай прозы. 1950–1960-я гады» (Мінск, Навука і тэхніка, 1995). Тут я значна пашырыла і кантэкст даследавання, звярнулася да канцэпцыі развіцця эстэтычнай думкі рускай літаратуры (Р. Бакланаў, К. Сіманаў, Ю. Бондараў, В. Кандрацьеў, Б. Васільеў…).
    Прыцягвала кампаратывістыка. Гэтаму садзейнічала, зразумела, і мая праца ў аддзеле літаратурных узаемасувязей Інстытута літаратуры НАН Беларусі. Параўнальнае літаратуразнаўства вымагае ад даследчыка шырокіх паралеляў, можна сказаць, глыбінных ведаў іншых літаратур — еўрапейскай, сусветнай. Але ж гэта так цікава! Цікава і адказна. Мы выходзілі за межы існуючай канцэпцыі нацыянальных літаратур Савецкага Саюза, выходзілі на еўрапейскую культурную прастору. Набліжалася новае тысячагоддзе. Адбывалася змена культурнай парадыгмы. Мы павінны былі не толькі па-новаму прачытаць еўрапейскую літаратуру, але і адкрыць сябе Еўропе і ўсяму свету. Адкрыць дастойна. На роўных. У гэтым плане ўсё было ўпершыню, усё было новым — ад падыходаў да методык. Ніводная з нацыянальных літаратур не можа развівацца аўтаномна, яна бачнымі ці нябачнымі ніцямі, але абавязкова звязана з агульным літаратурным працэсам. Гэта датычыць і літаратуры беларускай — самабытнай па сутнасці і гістарычнаму развіццю. Яна таксама прайшла ўсе этапы агульнаеўрапейскага развіцця. Паскорана, «пункцірна», але прайшла. Можна знайсці ў ёй адзнакі і сентыменталізму і рамантызму, і мадэрнізму.
    Усё часцей узнікала думка заняцца літаратурай «згубленага пакалення» і экзістэнцыяльнай прозай — прозай складанай, супярэчлівай, метафарычнай, а перад усім філасофскай. Ф. Дастаеўскі, А. Камю, Ж.-П. Сартр — яны ж найперш філосафы, а пасля ўжо мастакі. Толькі ў жыцці часта атрымліваецца зусім не так, як мы плануем. Віктар Антонавіч Каваленка, дырэктар Інстытута, а на той час яшчэ і загадчык аддзела літаратурных узаемасувязей, уключыў мяне ў склад аўтарскага калектыву для напісання «Гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя». Яна выйшла пасля ў 4 тамах у выдавецтве «Беларуская навука» (1999–2002). Чатыры гады я працавала над «Гісторыяй». Напісала тры раздзелы: Іван Шамякін, Алесь Асіпенка, Уладзімір Дамашэвіч. У 2014 годзе ўбачыла свет кніга 3-я 4-га тома, дзе быў змешчаны мой раздзел «Валянціна Коўтун» (с. 704–736).
    Разам з гэтым падрыхтавала да друку яшчэ адзін зборнік літаратурна-крытычных артыкулаў «Кругі жыцця, кругі літаратуры», які быў выдадзены ў 2002 годзе (Мінск, ГА БАКК). У зборніку закранаюцца актуальныя для таго часу праблемы развіцця беларускай прозы.
    Літаратура відавочна здавала свае ранейшыя высокія пазіцыі. Як і напачатку стагоддзя, яна была ўцягнена ў палітычныя дыскусіі. Роля творцы дэвальвавалася. У такі вось няпросты час я з блаславення таго ж Віктара Антонавіча і распачала свой галоўны праект: «Васіль Быкаў у кантэксце сусветнай літаратуры».
    Так, В. Быкаў быў беларускім савецкім пісьменнікам, адным з лепшых на савецкай літаратурнай прасторы. Але пры гэтым ён заставаўся і пісьменнікам нацыянальным, нацыянальным па светаўспрыманні, па сакралізацыі духу сваіх герояў. Але ж ён пісьменнік і еўрапейскага кшталту — па глыбіні і маштабах адлюстравання «я» чалавека, па маштабах думкі, аўтарскай занепакоенасці пра будучы свет. Праблема свабоды і права выбару былі цэнтрам філасофіі экзістэнцыялістаў. Вакол гэтага цэнтра будаваў сваю філасофскую сістэму і В. Быкаў: аповесць «Сотнікаў», «Дажыць да світання», «Абеліск», пасля будзе «Аблава» і, нарэшце, «Ваўчыная яма», апавяданні «Сцяна», «Труба» і г. д. Другімі словамі, В. Быкава 70-х і 90-х гадоў хвалявалі тыя ж пытанні, што і Ф. Дастаеўскага другой паловы ХІХ стагоддзя, А. Камю і Ж.-П. Сартра першай паловы ХХ стагоддзя. Дарэчы, усе яны, у тым ліку і В. Быкаў, ахвотна карысталіся метафарай, алегорыяй, прытчай, ствараючы свае адмысловыя коды рэальнага жыцця. Што датычыць літаратуры «згубленага пакалення», тут таксама можна знайсці цікавыя паралелі: той жа Рыбак, скажам, або Антон Галубін. Хоць у цэлым бліжэй да вопыту Э. М. Рэмарка і Р. Олдзінгтона стаіць у нас М. Гарэцкі, («На імперыялістычнай вайне»), пазнейшая «афганская» літаратура. Вядома, што В. Быкаў высока ацэньваў творчасць Э. Хэмінгуэя. Беларускі пісьменнік пісаў аб сваёй вайне ўзбагачаны ўжо мастацкім вопытам амерыканскага празаіка. Параўнаем «Альпійскую баладу» і «Па кім звоніць звон».
    Манаграфія прайшла ўсе этапы абмеркавання ў Інстытуце і была рэкамендавана да друку ў выдавецтве «Беларуская навука». Толькі, на жаль, фінансавае становішча Інстытута не спрыяла рэалізацыі гэтага праекта. Кніга пабачыла свет толькі ў 2005 годзе ў недзяржаўным выдавецтве «Тэхнапрынт». Яна была выдадзена накладам усяго 200 асобнікаў і, такім чынам, не атрымала шырокага распаўсюджання ў навуковых колах краіны. Не было на яе і друкаваных водгукаў. Але яе прачыталі і далі высокую ацэнку такія аўтарытэтныя вучоныя, як У. Гніламёдаў, М. Тычына, Д. Бугаёў, Л. Гаранін, паспеў прачытаць яе ў рукапісе і парадавацца за мяне В. Каваленка, а А. Мальдзіс нават перадаў адзін экзэмпляр манаграфіі ў Лондан, у бібліятэку імя Ф. Скарыны.
    Галоўная кніга была напісана. Тым не менш нешта мяне трывожыла, не задавальняла, і неўзабаве я зразумела што — незавершанасць тэмы вайны, няма генеалогіі, вытокаў. Дасюль я займалася найперш тыпалагічнымі сувязямі. А існуюць яшчэ і традыцыі, генетычныя сувязі, якія робяць літаратурны працэс непарыўным. Агульналітаратурныя метады і накірункі сінтэзуюцца з нацыянальнымі традыцыямі, індывідуальнымі асаблівасцямі мастака — працэс развіцця літаратуры паўстае, такім чынам, як жывы арганізм.
    Ваенная проза мела адметную генетыку: «Пармскі манастыр» Стэндаля, «Барадзіно» М. Лермантава, «Вайна і мір» Л. Талстога. «Вайна і мір» — «выток» агульны для ўсёй славянскай літаратуры, ды што славянскай — еўрапейскай, сусветнай. У аснову даследавання я паклала канцэпцыю гісторыі і чалавека. Дадала сюды яшчэ ўкраінскую ваенную прозу першай паловы ХХ стагоддзя. Уключыла ў даследаванне працы рускіх філосафаў М. Бярдзяева, М. Фёдарава, А. Хамякова. Пісалася лёгка. У выніку атрымаўся зусім нядрэнны нарыс. Пасля ён быў уключаны ў кнігу «Нарысы беларуска-ўкраінскіх літаратурных сувязей». Кніга была выдадзена ў 2002 годзе ў выдавецтве «Беларуская навука». У 2003 годзе «Нарысы» былі перакладзены на ўкраінскую мову. Яны атрымалі досыць высокую ацэнку ў навуковых колах Беларусі і Украіны, і ў 2004 годзе некаторыя з аўтараў — Ж. Шаладонава, У. Мархель і я, — сталі лаўрэатамі прэміі прэзідэнтаў Акадэмій навук Украіны, Беларусі і Малдовы. Як было адзначана ў дыпломе: «За выполнение научно-исследовательской работы „Культурно-исторические белорусско-украинские связи: литературно-языковой аспект“».
    Цяпер можна было ўжо і паставіць апошнюю кропку ў маёй тэме вайны. Здаецца, я гэтую тэму вычарпала. Спачатку былі ўзаемасувязі і ўзаемаўплывы беларускай і рускай літаратур, пасля беларуска-руска-ўкраінскія «паралелі», была, нарэшце, паралель беларуска-нямецка-англійска-французска-амерыканская… Але нашаму аддзелу была прапанавана тэма славянскіх літаратур, і я ў сувязі з гэтым абрала наступны аспект: «Вобразна-жанравыя асаблівасці беларускага рамана 40-х – пачатку 50-х гадоў у кантэксце славянскіх літаратур». А гэта зноў вайна. Я даследавала беларускі раман (К. Чорны, М. Лынькоў) у параўнанні з раманам чэшскім (М. Пуйманава, К. Шульц), балгарскім (Д. Дзімаў) і польскім (В. Журкоўскі, Е. Путрамент, Б. Чэшка, М. Дамброўская, З. Налкоўская). Праца была ўключана ў калектыўную манаграфію «Беларуская літаратура ў кантэксце славянскіх літаратур ХІХ–ХХ стст.» (Мінск, Беларуская навука, 2006).
    Вось цяпер, здаецца, мая вайна скончылася канчаткова.
    Жывучы ўбаку ад сталічных тусовак, я па магчымасці старалася не прапусціць ніводнага больш-менш значнага твора. З сучасных аўтараў з цікавасцю сачыла (гэта пра памерлых) і сачу (пра жывых) за творчасцю У. Караткевіча, В. Адамчыка, В. Карамазава, В. Казько, В. Коўтун, С. Алексіевіч, А. Казлова, Ю. Станкевіча, А. Федарэнкі і г. д. Спіс можна доўжыць. Недаравальна мала ў нас напісана пра Віктара Казько. Гэта пісьменнік унікальнага творчага дыяпазону, у тэкстах якога сінтэзаваліся, здаецца, усе плыні і жанры. Яго проза ўмяшчае столькі філасофіі, столькі чалавечага болю, што дзіву даешся. Шкада, што дасюль ніхто з навукоўцаў усур’ёз не зацікавіўся яго творчасцю.
    Над чым бы я ні працавала, заўсёды «азіраюся» на працы Дзмітрыя Якаўлевіча Бугаёва і Віктара Антонавіча Каваленкі (на жаль, заўчасна пакінуўшага нас). Гэта школа, куды хочацца вяртацца зноў і зноў. Не прапускаю артыкулаў М. Тычыны — вельмі сур’ёзны даследчык, сапраўдны прафесіянал. З цеплынёй і ўдзячнасцю ўспамінаю той час, калі ён працаваў загадчыкам нашага аддзела ў Інстытуце. З цікавасцю чытаю У. Конана, П. Васючэнку, Т. Шамякіну, Я. Гарадніцкага, І. Штэйнера, І. Афанасьева, Г. Кісліцыну, І. Шаўлякову, А. Галубовіча.
    Маю больш за 100 навуковых публікацый. Пішу артыкулы па праблемах развіцця нацыянальнай літаратуры, рэцэнзіі, аглядныя артыкулы, эсэ, нарысы, прадмовы і г. д. Друкавалася часцей за ўсё ў часопісах «Полымя», «Нёман», у газеце «Літаратура і мастацтва», а таксама ў розных зборніках. Двойчы была лаўрэатам прэміі часопіса «Полымя»: у 1993 годзе за артыкул «У пошуках маральнага ідэалу. Проза Уладзіміра Караткевіча» (№ 6) і ў 2001 — за артыкул «Узняцца да лёсу агульначалавечага» (Талстоўскія традыцыі ў развіцці беларускай ваеннай прозы) (№ 5).
    Працоўная біяграфія: працавала загадчыкам Цепянецкай бібліятэкі (1972–1974), старшым выкладчыкам Брэсцкага педінстытута імя А. С. Пушкіна (1985–1998). З 1987 па 2007 год — навуковым, старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, з 1987 па 1998 год сумяшчаючы працу ў Інстытуце літаратуры з працай ў педінстытуце.
    Член Саюза беларускіх пісьменнікаў (1998), з 2006 года член Саюза пісьменнікаў Беларусі.
    Узнагароджана медалём Святой Еўфрасінні Полацкай — ад грамадскага аб’яднання «Міжнародны Фонд Святой Еўфрасінні Полацкай» — за вялікую асветніцкую дзейнасць, а таксама за актыўны ўдзел у рабоце Фонду з мэтай распаўсюджання ідэй хрысціянскага высокага духу, хрысціянскай маралі, заснаванай на дабрыні і міласэрнасці.
    Пішу на беларускай і рускай мовах.
    Жыву ў Пінску.

В. І. Локун Май 2009 годa

Аўтабіяграфія (2004)

Архіўныя дакументы

Пінская завочная сярэдняя школа:

Заліковая кніжка навучэнца 8-га класа завочнай сярэдняй школы і завочнага аддзялення

Прыкладны план работы навучэнца 7-га класа завочнай сярэдняй школы і завочнага аддзялення (1962)

Прыкладны план работы навучэнца 8-га класа завочнай сярэдняй школы і завочнага аддзялення (1962)

Вучэбная картачка за 8-ы клас

Камсамольскі білет (1968)

Вучоба ў Брэсцкім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя А. С. Пушкіна:

Студэнцкі білет

Дыплом аб заканчэнні Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна

Рэкамендацыя В. Каваленкі для ўступлення ў Саюз пісьменнікаў

Членскі білет Саюза пісьменнікаў Беларусі (1998)

Дакументы па абароне дысертацыі

Справка ВАК № 19262

Заява саіскальніка (1979)

Заключэнне спецыялізаванага Савета па кандыдацкай дысертацыі Локун В. І. «Стилевое своеобразие современной белорусской военной прозы: на материале творчества В. Быкова, Б. Саченко, И. Чигринова, 60–70-е годы» (1984)

Выпіска з пратакола №3 пасяджэння Савета філалагічнага факультэта БДУ імя У. І. Леніна (1979)

Заява аб падачы дысертацыі да абароны (1983)

Выпіска з пратакола №3 пасяджэння кафедры беларускай літаратуры БДУ імя У. І. Леніна (1983)

Звесткі аб афіцыйных апанентах па дысертацыі тав. Локун В. І. «Стилевое своеобразие современной белорусской военной прозы: на материале творчества В. Быкова, Б. Саченко, И. Чигринова, 60–70-е годы»

Рашэнне калегіі ВАК аб выдачы дыплома кандыдата філалагічных навук

Дыплом кандыдата навук

Узнагароды

Дыплом аб прысуджэнні Прэміі прэзідэнтаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Нацыянальнай акадэміі навук Украіны і Акадэміі навук Малдовы (2004)

Дыплом Міністэрства культуры БССР і Беларускага рэспубліканскага камітэта прафсаюзаў работнікаў культуры (1970)

Грамата Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2003)

Грамата Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2006)

Віншавальнае пісьмо-падзяка з нагоды 75-годдзя з дня заснавання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2004)

Кантакты

Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага

Адрас: г. Брэст, б-р Касманаўтаў, 48, 224016
Тэл: +375 162 57 48 35

Інфармацыйна-бібліяграфічны аддзел

E-mail: ibobob@yandex.ru
Тэл: +375(162) 57 48 77