З 20 мая па 27 чэрвеня ў аддзеле літаратуры па мастацтве экспануецца выстава «Акцэнты Вялікага», прысвечаная 90-годдзю з пачатку дзейнасці Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь.
У цэнтры экспазіцыі — «Вялікая энцыклапедыя Вялікага тэатра Беларусі» (Мінск, 2014). Гэта першае энцыклапедычнае выданне ў Беларусі, якое ў даступнай форме асвятляе шлях вялікага тэатральнага калектыву за працяглы прамежак часу. Акрамя таго, гісторыя тэатра, хроніка яго лепшых спектакляў наглядна пацвярджаецца наяўнасцю ўнікальных ілюстрацый — ад архіўных да найноўшых здымкаў, якія адлюстроўваюць сучаснае жыццё тэатра.
25 мая 1933 г. Беларускі дзяржаўны тэатр оперы і балета быў урачыста адкрыты на сцэне Беларускага першага дзяржаўнага тэатра операй «Кармэн» Ж. Бізэ з маладой спявачкай, будучай легендай беларускай оперы Л. Александроўскай у галоўнай партыі. Пра яе жыццё і творчасць апавядае дакументальна-тэатральны раман А. Ладыгінай «Лариса Помпеевна Александровская» (Мінск, 2002).
Уласны будынак тэатр атрымаў у 1939 г. Велічны будынак, які да гэтага часу з’яўляецца візітнай карткай Мінска, быў пабудаваны па праекце архітэктара Іосіфа Лангбарда. З яго архітэктурнай спадчынай знаёміць кніга І. Мельнікава «Іосіф Лангбард: класік беларускай савецкай архітэктуры» (Мінск, 2016).
Пра самыя вядомыя оперныя і балетныя спектаклі, выдатных салістаў і пастаноўшчыкаў, мастакоў-сцэнографаў можна даведацца з артыкулаў на старонках часопісаў «Музыкальная жизнь», «Мастацтва», «Партер» і інш. Таленавітаму балетмайстру, мастацкаму кіраўніку Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра Рэспублікі Беларусь прысвечаны альбом «Валентин Елизарьев» (Мінск, 2003).
У экспазіцыі прадстаўлены кнігі, альбомы, перыядычныя выданні, паштоўкі, вінілавыя грампласцінкі.
Аддзел літаратуры па мастацтве
+375 162 57 48 78