Not seeing a Scroll to Top Button? Go to our FAQ page for more info.
 

Электронны рэсурс «Агонь душы Ніны Мацяш»

Электронны рэсурс «Шчыраверная слову. Галіна Малажай»

Электронны рэсурс «Уладзімір Калеснік — чалавек Адраджэння»

Віртуальны музей «Ян Чачот — прадвеснік беларускага Адраджэння»

Электронный ресурс «Узняцца да лёсу чалавечага: да 75-годдзя з дня нараджэння Валянцiны Локун (1946–2016)»



Прэзентацыя зборніка «Дараванне»: сустрэча з аўтарамі і складальнікам

Прэзентацыя зборніка «Дараванне»: сустрэча з аўтарамі і складальнікам

Прэзентацыя зборніка «Дараванне»: сустрэча з аўтарамі і складальнікам

24 кастрычніка 2023 г. у Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага адбылася чарговая сустрэча ў рамках культурна-асветніцкага праекта «Праз кнігу да міру і стварэння», прысвечаная сучаснай беларускай літаратуры.


На сустрэчу з жыхарамі Брэста з прэзентацыяй зборніка аповесцей «Дараванне» прыехалі аўтары — Алена Брава і Анатоль Бензярук, а таксама складальнік і аўтар уступнага слова да выдання, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч.


Кніга «Дараванне» — першы зборнік з дванаццаці выданняў серыі «Сучасная беларуская літаратура», якую выпускае выдавецтва «Аверсэў» сумесна з Саюзам пісьменнікаў Беларусі. Кнігавыдавецкі праект ставіць асноўнай мэтай адлюстраваць шматаблічны характар сучаснай беларускай мастацкай кнігі. У зборнік увайшлі аповесці Андрэя Федарэнкі, Алега Ждана, Алены Брава і ўраджэнцаў Берасцейшчыны Алеся Бадака і Анатоля Бензерука.


Імпрэза адбылася ў форме інтэрв’ю, дзе кожны з прысутных мог задаць пытанні гасцям, выказаць свае ўражанні ад прачытанага.


Алесь Мікалаевіч Карлюкевіч расказаў аб творах не толькі са зборніка «Дараванне», але і з усёй серыі: тэмах, актуальнасці, праблематыцы, мастацкай каштоўнасці; выказаў надзею аб аднаўленні фармату чытацкіх канферэнцый, на якіх чытачы дзеляцца сваімі думкамі аб прачытаным і абмяркоўваюць творы з аўтарамі.


Алена Брава расказала пра філасофію назвы твора, падзялілася фактамі з біяграфіі сваёй сям’і, апісанымі ў аповесці «Дараванне». На пытанне «Чаму Вас дагэтуль хвалюе тэма вайны?» Алена Валер’еўна адказала, што «гэтая тэма не мусіць пакідаць творы сучасных аўтараў, а гістарычная памяць павінна хваляваць кожнага». Аповесць «Дараванне» —  твор найперш пра гістарычную памяць, пра тое, як яна адгукаецца ў сучасніках. Таксама аўтарка падзялілася з прысутнымі, над чым працуе сёння. Спадзяемся, што хутка чытач зможа пазнаёміцца з новай кнігай Алены Брава — зборнікам «жаночай» прозы.


Анатоль Расціслававіч Бензярук разважаў над аспектамі асабістай прафесійнай журналісцкай, гісторыка-даследчай і пісьменніцкай дзейнасці; расказаў аб 10-гадовай працы над дакументальным творам «Галавасек», што апісвае трагедыю спаленай вёскі Драмлёва (Жабінкаўскі раён) і хутка пабачыць свет асобным выданнем.


У прэзентацыі таксама прынялі ўдзел прадстаўнікі выдавецкага дома «Звязда» і выдавецтва «Аверсэў». Для знаёмства з шырокай аўдыторыяй «Звязда» прывезла сваю кніжную прадукцыю — апошнія і найбольш значныя выданні. Спецыяліст па камунікацыям выдавецтва «Аверсэў» Павел Махінаў расказаў аб мастацкім афармленні серыі «Сучасная беларуская літаратура». Кожнае выданне — гэта дуэт літаратуры і жывапісу: у афармленні вокладак выкарыстаны рэпрадукцыі карцін з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. На вокладцы зборніка «Дараванне» змешчана рэпрадукцыя карціны Зоі Літвінавай «Вяртанне з храма» (1989). Акрамя гэтага, быў наладжаны кніжны гандаль крамай «Акадэмкніга» (г. Мінск): усе зацікаўленыя маглі набыць мастацкую літаратуру, у тым ліку презентаваны зборнік і кнігі серыі, а таксама выданні па мовазнаўстве і літаратуразнаўстве.


Аддзелам краязнаўства абласной бібліятэкі была падрыхтавана выстава «Шляхамі ісціны: праз свет беларускай прозы», якая прадставіла кніжныя здабыткі аўтараў зборніка і Алеся Карлюкевіча. Назвай выставы паслужыла назва водгука Таццяны Сідаравай на зборнік «Дараванне», які выйшаў у восьмым нумары грамадска-палітычнага часопіса «Полымя» за гэты год.


Сваімі думкамі аб прачытаным падзяліліся дацэнт кафедры беларускай філалогіі БрДУ імя А. С. Пушкіна, кандыдат філалагічных навук Святлана Мікалаеўна Шчэрба і кандыдат педагагічных навук, прафесар кафедры лінгвістычных дысцыплін і міжкультурных камунікацый БрДТУ Марыя Пятроўна Жыгалава. Выкладчыкі выказалі словы ўдзячнасці выдаўцам і Саюзу пісьменнікаў Беларусі за магчымасць пазнаёміцца з сучаснай беларускай літаратурай у такім прыгожым, лаканічным і зручным фармаце.


Падчас сустрэчы даследчык і краязнаўца, ганаровы чытач абласной бібліятэкі Валерый Мароз урачыста перадаў у фонд установы арыгінал рукапісу верша Яўгеніі Янішчыц.


Маем надзею на паспяховае развіццё сучаснай беларускай мастацкай кнігі, рост зацікаўленасці да нацыянальнай літаратуры з боку грамадства, а таксама на новыя кніжныя прэзентацыі, сустрэчы з аўтарамі і выдаўцамі ў Брэсцкай абласной бібліятэцы!


 

Публикации в СМИ читайте по ссылкам:

1.  У Брэсце прэзентуюць сборнік аповесцей «Дараванне» 

2.  Зборнік сучасных беларускіх аповесцей «Дараванне» прэзентуюць у Брэсце

  




Отдел маркетинга и социокультурной деятельности

+375 162 57 48 76


Зварот да спісу