Штогод 28 красавіка адзначаецца Сусветны дзень аховы працы. Ахова працы ўключае прававыя, сацыяльна-эканамічныя, санітарна-гігіенічныя, тэхнічныя, арганізацыйныя, лячэбна-прафілактычныя і іншыя мерапрыемствы, накіраваныя на захаванне жыцця, здароўя і працаздольнасці людзей падчас іх працоўнай дзейнасці.
У Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага з 27 красавіка па 5 мая 2023 г. прайшоў Тыдзень мерапрыемстваў па ахове працы.
Тэма Сусветнага дня аховы працы ў 2023 годзе — «Бяспечнае і здаровае працоўнае асяроддзе — асноватворны прынцып і права ў сферы працы». У фае галоўнага будынка бібліятэкі арганізаваны куток інфармацыі з метадычнымі рэкамендацыямі і правіламі да арганізацыі бяспечнай працы з новым падыходам «Vision Zero» («Нулявы траўматызм»).
27 красавіка ў агульнай чытальнай зале супрацоўнікам і чытачам бібліятэкі была прадстаўлена выстава «Бяспечная праца — права кожнага чалавека: 28 красавіка — Сусветны дзень аховы працы». На экспазіцыі размешчаны кнігі, брашуры, перыядычныя выданні, буклеты па нарматворчай дзейнасці Міжнароднай арганізацыі працы, сістэме аховы працы ў Рэспубліцы Беларусь, прававым рэгуляванні аховы працы, пытаннях аховы працы ў арганізацыях і на прадпрыемствах.
3 мая ў дзіцячым аддзеле прайшла гульня-падарожжа па асновах бяспекі жыццядзейнасці «Ведай, умей, дзейнічай!» для вучняў 2 «А» класа гімназіі № 1 г. Брэста. Дзеці замацавалі ўжо знаёмыя ім правілы паводзін на дарозе, з дапамогай віктарыны «Што рабіць, калі...» разабралі іншыя небяспечныя сітуацыі і парадак дзеяння пры іх узнікненні, пазнаёміліся з літаратурай па тэме.
У юнацкім аддзеле бібліятэкі 4 мая адбылася пазнавальная гадзіна «Таямнічая павуціна», прысвечаная асновам бяспечнай працы ў Інтэрнэце. Чытачы даведаліся, як пазбегнуць Інтэрнэт-залежнасці, не стаць ахвярай махляроў, адрозніць ілжывую інфармацыю ад дакладнай.
Аддзел маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці
+375 162 57 48 76