Not seeing a Scroll to Top Button? Go to our FAQ page for more info.
RU
 

Адбылася лекцыя «Абарона Брэсцкай крэпасцi: падыходы да вывучэння i ацэнкi»

Адбылася лекцыя «Абарона Брэсцкай крэпасцi: падыходы да вывучэння i ацэнкi»

Адбылася лекцыя «Абарона Брэсцкай крэпасцi: падыходы да вывучэння i ацэнкi»

26 верасня 2019 г. у Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага адбылася лекцыя «Брэсцкая крэпасць», чацвёртая з серыі адкрытых публічных лекцый, прысвечаных асноўным культурным сімвалам нашага горада: Брэсцкай Бібліі, Брэсцкай уніі, Брэсцкаму міру і Брэсцкай крэпасці у рамках праекта «Гістарычныя сімвалы Брэста» (да 1000-годдзя горада Брэста).


З лекцыяй на сустрэчы выступіў доктар гістарычных навук, прафесар, загадчык кафедры гісторыі Беларусі БрДУ імя А. С. Пушкіна Уладзімір Васільевіч Здановіч. Ён распавёў прысутным аб шматлікіх і разнастайных падыходах да вывучэння і ацэнкі тэмы «Абарона Брэсцкай крэпасці», спрэчных пытаннях і складанасцях даследавання. Лектар звярнуў увагу на традыцыйныя і новыя напрацоўкі, гістарыяграфію тэмы. Актыўны ўдзел у абмеркаванні шматлікіх складаных пытанняў па тэме лекцыі ўзяла намеснік дырэктара па навуковай працы мемарыяльнага комплекса «Брэсцкая крэпасць-герой» Бібік Ларыса Рыгораўна.


Да мерапрыемства супрацоўнікамі Бібліятэкі была падрыхтавана кніжная выстава «Брэст. 1000 гадоў гісторыі», праілюстраваная рознымі відамі дакументаў: кнігамі, перыядычнымі выданнямі, аўдыя- і відэаматэрыяламі, буклетамі, афішамі і паштоўкамі, а таксама рэдкімі выданнямі.


Асобны раздзел экспазіцыі быў прысвечаны непасрэдна тэме «Брэсцкая крэпасць». На ім арганізатары прадставілі розныя выданні і перавыданні кнігі Сяргея Сяргеевіча Смірнова: «Брэсцкая крэпасць», адна з якіх — з аўтографам аўтара, пакінутым у 1966 г. Адметнасцю раздзела сталі і арыгіналы фотаздымкаў сустрэчы супрацоўнікаў Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага з пісьменнікам у 50-х гг. мінулага стагоддзя.


У экспазіцыі былі прадстаўлены кнігі Аляксандра Суворава «Брестская крепость на ветрах истории» (Брэст, 2004) і «Брестская крепость. Война и мир» (Брэст, 2010), Расціслава Аліева і Іллі Рыжова «Брест. Июнь. Крепость» у 2-х кн. (Брэст, 2012, 2013) і «Брест и крепость: трагический июнь» (Масква, 2016), публікацыі Уладзіміра Бяшанава і інш.


З абаронай крэпасці ў 1939 г. знаёмілі кнігі: Józef Geresz «Twierdza niepokonana» (Biał Podl. – Międzyrzec Podl., 1994), Jerzy Sroka «Obrońcy Brzeskiej Twierdzy we wrześniu 1939 roku» (Biała Podlaska, 1992) і інш.


Вядучым сустрэчы было адзначана, што пры вывучэнні тэмы крэпасці асаблівую цікавасць у чытачоў і карыстальнікаў Бібліятэкі звычайна выклікаюць наступныя выданні: «Брест. Лето 1941 г. Документы. Материалы. Фотографии», аўтар-складальнік Крысціан Ганцэр (Смаленск, 2016), «Атлас крепости Брест-Литовск. Т. 3» (Брэст, 2017), «Март 1918 года. На изломе истории...» (Брэст, 2018), біябібліяграфічны даведнік «Смоляне — защитники Брестской крепости» (Смаленск, 2018), кнігі Лайлы Ахметавай «1941. Брестская крепость. Казахстан» (Алматы, 2016) і Ганны Грабёнкінай «Живая боль. Женщины и дети Брестского гарнизона (1941–1944)» (Мінск, 2008), «Брестская крепость : путеводитель по местам боев» (Масква, 1959), «Форт V и другие форты Брестской крепости: уникальные объекты военной фортификации» (Брэст, 2009) і інш.


Асобная ўвага на выставе была нададзена тэме «Брэсцкая крэпасць у літаратуры і мастацтве» (прадстаўлены п’есы Канстанціна Губарэвіча, Алеся Махнача, зборнік вершаў «Рэха ў граніце» [Мінск, 1975], зборнік «Брэсцкая крэпасць-герой у творчасці мастакоў» [Мінск,1991] і інш.).


На заканчэнні мерапрыемства арганізатары падзякавалі лектару і ўсім прысутным за сумесную працу над праектам «Гістарычныя сімвалы Берасця» і выказалі надзею, што праект з’явіўся добрым падарункам усім жыхарам і гасцям горада да яго юбілею.


Жэлянгоўская Ірына Іванаўна,
заг. аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі
Кантактны тэлефон: +375 162 57 48 79


Зварот да спісу