Not seeing a Scroll to Top Button? Go to our FAQ page for more info.
 

Электронны рэсурс «Агонь душы Ніны Мацяш»

Электронны рэсурс «Шчыраверная слову. Галіна Малажай»

Электронны рэсурс «Уладзімір Калеснік — чалавек Адраджэння»

Віртуальны музей «Ян Чачот — прадвеснік беларускага Адраджэння»

Электронный ресурс «Узняцца да лёсу чалавечага: да 75-годдзя з дня нараджэння Валянцiны Локун (1946–2016)»



«Беларусь 1941-1944. Летопись освобождения»: да 80-годдзя вызвалення Беларусі

«Беларусь 1941-1944. Летопись освобождения»: да 80-годдзя вызвалення Беларусі

«Беларусь 1941-1944. Летопись освобождения»: да 80-годдзя вызвалення Беларусі

2024 год у Рэспубліцы Беларусь азнаменаваны важнай датай — 80-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

 

Вызваленне Беларусі ў 1944 годзе стала апафеозам трохгадовай гераічнай і драматычнай барацьбы беларускага народа супраць агрэсара, дзе мужнасць і патрыятызм выступілі непрыступным бастыёнам супраць варожых сіл. Яно адкрыла шлях да канчатковай перамогі над фашызмам у 1945 годзе.

 

У рамках мерапрыемстваў, прымеркаваных да гэтай знакавай даты, у агульнай чытальнай зале Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага арганізавана выстава літаратуры «Беларусь 1941–1944. Летопись освобождения». На экспазіцыі прадстаўлены дакументальныя зборнікі, навуковая і навукова-папулярная літаратура, мемуары, фотаальбомы, якія адлюстроўваюць асноўныя этапы і хроніку падзей у Беларусі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны, якія прывялі да доўгачаканага вызвалення.

 

Трагічнае лета 1941 года, устанаўленне нацысцкага рэжыму, сутнасць і крывавая палітыка генацыду ў Беларусі — матэрыялы па гэтай тэме аб'яднаны ў раздзел «Оккупация», які адкрывае экспазіцыю. Пачатковы перыяд вайны знайшоў сваё адлюстраванне ў шэрагу дакументальных матэрыялаў: «Брестская крепость» С. Смірнова, «Буйничское поле: остаться и умереть…» М. Барысенкі (Мінск, 2024), «На западном фронте летом 1942 года» Б. Далгатовіча (Мінск, 2023), «Минская область в огненном вихре сорок первого» Р. Паўловіча (Мінск, 2009) і інш. Тут жа прадстаўлены тры выданні Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь пад агульнай назвай «Геноцид белорусского народа», у тым ліку новая кніга « Геноцид белорусского народа. Карательные операции» (Мінск, 2024).

 

«Фронт в тылу врага» — другі раздзел выставы, які раскрывае тэму агульнанароднага руху супраць акупантаў. Маштабнае выданне «Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны» (Мінск, 1983–1985) змяшчае багаты фактычны матэрыял аб зараджэнні і развіцці партызанскага руху і падполля, гераізме ўсяго насельніцтва рэспублікі. Інфармацыя аб кіраўніках партызанскага руху ўключана ў даведнік «Высшее партизанское командование Белоруссии 1941–1944» (Мінск, 2009). Асобныя кнігі прысвечаны героям Вялікай Айчыннай вайны — П. М. Машэраву, В. З. Каржу, легендарнаму «Дзеду Талашу», Т. П. Бумажкову, М. Ф. Шмырову, партызанскай брыгадзе «Дзядзька Коля». У дадзеным блоку ёсць матэрыялы пра малавядомыя старонкі гісторыі, у тым ліку прысвечаныя аперацыі па знішчэнні стаўленіка Гітлера ў Беларусі, генеральнага камісара Вільгельма Кубэ, якая стала магчымай дзякуючы подзвігу Героя Савецкага Саюза Алены Мазанік.

 

Цэнтральнае месца экспазіцыі займаюць матэрыялы аб падрыхтоўцы, пачатковым этапе вызвалення і непасрэдна аперацыі «Баграціён» — ваенных падзеях 1943–1944 гадоў у Беларусі. У раздзеле «В огненном кольце 1943-га» побач з картамі ваенных дзеянняў прадстаўлена тэкставая інфармацыя аб Чарнігаўска-Прыпяцкай, Лепельскай і Гомельска-Рэчыцкай аперацыях, паэтапным вызваленні населеных пунктаў Беларусі, першым з якіх 23 верасня 1943 года стаў гарадскі пасёлак Камарын. Раздзел «Операция “Багратион”» раскрывае заключны этап барацьбы беларускага народа, у выніку якога ўся тэрыторыя Беларусі, у тым ліку сталіца рэспублікі горад Мінск, была вызвалена. Тут знайшлі адлюстраванне і матэрыялы аб вызваленні горада Брэста 28 ліпеня 1944 года ў выніку Люблінскай-Брэсцкай аперацыі. Поўнае і дэталёвае асвятленне падзей, звязаных з ходам і вынікамі баявых дзеянняў на тэрыторыі Беларусі, можна знайсці ў навуковым зборніку «Освобождение Беларуси. 1943–1944» (Мінск, 2014), куды ўключаны дакументы з фондаў архіваў Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь. Альбом фотадакументаў «Полководцы Великой Победы: операция “Багратион”» (Мінск, 2020) знаёміць чытачоў з чатырма выдатнымі палкаводцамі Вялікай Айчыннай вайны: І. Х. Баграмянам, І. Д. Чарняхоўскім, Г. Ф. Захаравым, К. К. Ракасоўскім.

 

Заключны блок выставы «Многоликая память» змяшчае матэрыялы і дакументы па захаванні гістарычнай памяці ў Беларусі: абеліскі, помнікі і мемарыялы, успаміны ўдзельнікаў вайны, у тым ліку дзяцей вайны — усё тое каштоўнае, пра што мы, нашчадкі пакалення пераможцаў, павінны ніколі не забыцца. Частка дакументаў мае краязнаўчы характар.

 

Экспазіцыя дапоўнена інтэрактыўнымі элементамі. Сярод іх: відэаматэрыял — дакументальны фільм «Беларусь. Освобождение», а таксама фота і тэкставая інфармацыя пра 12 памятных месцаў на тэрыторыі Брэсцкай вобласці са зборніка «З памяццю ў сэрцы» (Мінск, 2015), якія можна паглядзець праз QR-коды, прадстаўленыя на выставе, а пры жаданні «спампаваць » на сваю мабільную прыладу.

 

Акрамя таго, даведачнае выданне «Памятные места Беларуси» (Мінск, 2022) змяшчае кантэнт дапоўненай рэальнасці; дзякуючы гэтай тэхналогіі многія ілюстрацыі, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне, у кнізе «ажываюць» у фармаце відэа з каментарамі.

 

Выстава «Беларусь 1941–1944. Летопись освобождения» будзе цікавым для шырокага кола чытачоў: спецыялістаў розных арганізацый і ўстаноў, музеяў і бібліятэк, навуковых работнікаў, выкладчыкаў, а таксама стане важным элементам у працы па патрыятычным выхаванні моладзі. Экспазіцыя будзе працаваць у агульнай чытальнай зале да канца 2024 года; па папярэднім запісе можа ажыццяўляцца выезд у арганізацыі і ўстановы горада Брэста.

 

Агульная чытальная зала

+375 162 57 48 74



Зварот да спісу