Not seeing a Scroll to Top Button? Go to our FAQ page for more info.
BY
 

Выстава літаратуры “Васіль Быкаў: знаёмы і незнаёмы”

Выстава літаратуры “Васіль Быкаў: знаёмы і незнаёмы”

Выстава літаратуры “Васіль Быкаў: знаёмы і незнаёмы”

У рамках святкавання 90-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава, якое адзначаецца 19 чэрвеня 2014 года, Бібліятэка прапануе выставу літаратуры “Васіль Быкаў: знаёмы і незнаёмы”. На ёй сабраны матэрыялы, якія расказваюць пра жыццё і творчасць пісьменніка.

В. Быкаў з’яўляецца адным з найбольш знакавых і вядомых празаікаў Беларусі. Яго творчасць характарызуецца праўдзівасцю і адкрытасцю прадстаўленай ім рэчаіснасці. 
Экспазіцыя змяшчае некалькі раздзелаў.
Першы раздзел “Ашчадны быкаўскі радок” прадстаўляе літаратурную спадчыну В. Быкава. Гэта як мастацкія зборнікі, выбраныя творы, так і асобныя выданні  пісьменніка, якія друкаваліся ў розны час, а таксама электронныя дакументы. 
Акрамя гэтага, тут можна ўбачыць і апошняе апавяданне В. Быкава “Час шакалов” (2005), а таксама няскончаны рукапіс –апавяданне “У тую вясну…”, які быў надрукаваны ў часопісе “Дзеяслоў” (№ 5, 2007). 
Вялікую цікавасць прадстаўляе кніга В. Быкава “Бліндаж” (2006), у якую ўвайшлі невядомыя творы класіка. Аповесць “Бліндаж” была апублікавана ў часопісе “Дзеяслоў” толькі ў 2006 годзе, а аповесць “Апошні баец” друкавалася ў газеце “Чырвоная змена” ў 1958 годзе і пасля не ўключалася аўтарам у ніводзін свой зборнік.
На выставе творчая спадчына пісьменніка прадстаўлена на розных мовах – беларускай, рускай, польскай, англійскай, нямецкай і французскай.
У другой частцы выставы “Мастак і грамадзянін” сабраны матэрыялы даследчыкаў літаратурнай творчасці В. Быкава ў розныя перыяды яго жыцця. Асаблівасцю выставы з’яўляюцца выданні, якія раскрываюць невядомыя факты з жыцця славутага празаіка.
На экспазіцыі змяшчаецца ўнікальнае выданне “Васіль Быкаў. Гарадзенскі архіў: невядомыя творы (1957–1972). Незавершанае. Нататнікі” (2012). Гэта архіўнае выданне, куды ўвайшлі раннія творы В. Быкава, напісаныя больш паўстагоддзя таму, і якія ніколі дасюль не друкаваліся. Кніга грунтуецца на матэрыялах, якія захоўваюцца ў гарадзенскім архіве пісьменніка ў яго малодшага сына В.В. Быкава.
Выставу дапаўняюць фотадакументы з кніжных і перыядычных выданняў.

З матэрыяламі экспазіцыі “Васіль Быкаў: знаёмы і незнаёмы” (Да 90-годдзя з дня нараджэння В. Быкава) можна пазнаёміцца ў агульнай чытальнай зале Бібліятэкі на працягу чэрвеня 2014 года.

Выставу падрыхтавала бібліятэкар агульнай чытальнай залы Страпко С.В.
Тэлефон для даведак: +375 (162) 23 21 23.

Возврат к списку