Not seeing a Scroll to Top Button? Go to our FAQ page for more info.
 

Святочнае мерапрыемства, прысвечанае 350-годдзю заснавання Берасцейскага манетнага двара


Святочнае мерапрыемства, прысвечанае 350-годдзю заснавання Берасцейскага манетнага двара

4 снежня 2015 года ў Брэсцкiм дзяржаўным унiверсiтэце імя А.С. Пушкіна адбылося святочнае мерапрыемства, прысвечанае 350-годдзю заснавання Берасцейскага манетнага двара. Бібліятэка прадставіла выставу літаратуры “Манеты – сведкі гісторыі”.


Выстава знаёміла з матэрыяламі, якія раскрываюць сусветную нумізматычную спадчыну на працягу стагоддзяў, і перш за ўсё Беларусі. Тут можна было пабачыць унікальныя, каштоўныя выданні па нумізматыцы з фондаў Бібліятэкі.


Значная увага на выставе была нададзена дакументам па гісторыі Брэста, асабліва выданням пра ўзнікненне Берасцейскага манетнага двара і адраджэнне яго традыцый на сучасным этапе. Рашэнне аб адкрыцці Берасцейскага манетнага двара было прынята 22 сакавіка 1659 года Варшаўскім сеймам, але з-за працяглай вайны манетны двор пачаў дзейнічаць толькі 6 ліпеня 1665 года. Вядома, што з 4 снежня 1665 па 16 снежня 1666 года манетным дваром было адчыканена 240 680 150 медных шэлегаў. Гэта медная манета вядома больш, як “барацінка”.


Выстава літаратуры з фондаў Бібліятэкі вызвала цiкавасць сярод шматлікіх удзельнікаў мерапрыемства.


Само мерапрыемства было яркім і насычаным. Адкрылі гэта свята: Гарбузаў В.І., намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама, Матыцына І.Г., прарэктар па выхаваўчай рабоце БрДУ імя А.С. Пушкіна, Гладышчук А.А., вядомы даследчык гісторыі Берасцейшчыны, Туцкій А.Л., кіраўнік Брэсцкага аддзялення Прыорбанка.


Апынуцца ў эпоху Сярэднявечча дапамагла гістарычная рэканструкцыя тых падзей. Прысутныя маглі пабачыць у спецыяльнай вітрыне і самі “барацінкі”, якія прадставіў з асабістай калекцыі Аляксандр Жаркоў, член групы ваенна-гістарычных рэканструктараў “Рубеж”. Удзельнікам свята была прадэманстравана тэхналогія чаканкі манет з выкарыстаннем спецыяльных форм і прылад.


У мерапрыемстве прынялі ўдзел: Брэсцкі абласны краязнаўчы музей, які прадставіў выставу архіўных фотадакументаў з свайго фонду па гісторыі Брэста; Брэсцкі філіял РУП “Белпошта”, які арганізаваў выставу-продаж сваей прадукцыі, у тым лiку і паштовак, падрыхтаваных спецыяльна да 350-годдзя Берасцейскага манетнага двара, з магчымасцю іх гашэння і адпраўкі.


Святочнае мерапрыемства дапоўніў “круглы стол” з удзелам вядомых архітэктараў горада, краязнаўцаў, калекцыянераў.


Глазкова Т.В., загадчыца агульнай чытальнай залы,

Кананчук Н.В., вядучы бібліятэкар агульнай чытальнай залы.


Кантактны тэлефон: +375 (162) 20 90 35


Возврат к списку