Not seeing a Scroll to Top Button? Go to our FAQ page for more info.
 

Разгорнутая кніжная выстава да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання “Слова Скарыны – спадчына чалавецтва”


Разгорнутая кніжная выстава да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання “Слова Скарыны – спадчына чалавецтва”

У 2017 годзе ў нашай краіне шырока адзначаецца 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. З нагоды гэтага юбілею супрацоўнікі  агульнай чытальнай залы Бібліятэкі падрыхтавалі разгорнутую выставу літаратуры “Слова Скарыны – спадчына чалавецтва”.


Асоба Францыска Скарыны займае адно з ганаровых месцаў сярод дзеячоў эпохі Адраджэння і Рэфармацыі ў Беларусі. Гэты чалавек увайшоў у гісторыю нашай дзяржавы як першадрукар і вучоны, асветнік і гуманіст, паэт і медык, батанік і астраном. Сэнс усёй дзейнасці ён бачыў у служэнні народу. Скарына імкнуўся далучыць суайчыннікаў да набыткаў агульначалавечай культуры і рабіў гэта праз кнігі.


Першы раздзел выставы “Беларускае кнігадрукаванне праз прызму часу” прысвечаны гісторыі друкаванай кнігі. Прадстаўлены ўнікальныя выданні: “Гісторыя беларускай (крыўскай ) кнігі” Вацлава Ластоўскага 1926 года выдання (факсімільнае выданне), “Гісторыя беларускай кнігі. Кніга 1. Кніжная культура ВКЛ” М. Нікалаева, “На заре книгопечатания в Литве” А. Анушкіна, “450 год беларускага кнігадрукавання”, “Памятники литературы Беларуси X – XVIII веков” (склад. І. В. Саверчанка) і інш.


Другі раздзел “Адкрываючы нашчадкам Скарыну” знаёміць з выданнямі Францыска Скарыны: “Прадмовы і пасляслоўі”, “Малая падарожная кніжка”, “Скарынаўскі каляндар”. Асобае месца займае мнагатомнае выданне ”Кніжная спадчына Францыска Скарыны” – факсімільнае ўзнаўленне спадчыны асветніка. Шматлікія кнігі і артыкулы, прадстаўленныя ў гэтым раздзеле, знаёмяць з жыццём і дзейнасцю беларускага першадрукара і яго паслядоўнікаў. Прадстаўлены працы вядомых скарыназнаўцаў: А. Цітова, Я. Неміроўскага, У. Агіевіча, Г. Галенчанкі, У. Казбярука, С. Брагі і інш.


На экспазіцыі прадстаўлены распрацоўкі ўрокаў, пазакласных і масавых мерапрыемстваў, прысвечаных юбілею беларускага кнігадрукавання.


Пазнавальнымі для наведвальнікаў будуць матэрыялы з рубрыкі “Берасцейцы, узнагароджаныя медалём Францыска Скарыны”, з якіх можна даведацца пра нашых знакамітых землякоў: мастацкага кіраўніка і дырыжора сімфанічнага аркестра Брэсцкага музычнага каледжа імя Р. Шырмы Людмілу Жабінскую; журналіста, паэта і перакладчыка Валерыя Грышкаўца; намесніка дырэктара па навуковай працы мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” Ларысу Бібік; былога намесніка Генеральнага дырэктара Нацыянальнага парка “Белавежская пушча”, пісьменніка Вячаслава Семакова і інш.


У трэцім раздзеле выставы “Каб памяць пра асветніка жыла” сабрана літаратура, якая адлюстроўвае вобраз Францыска Скарыны ў літаратуры, мастацтве. Такія мастацкія творы, як гістарычны раман “Георгий Скарина” М. Садковіча, раман-эсэ “Францыск Скарына, або Сонца Маладзіковае” А. Лойкі, драматычная паэма М. Арочкі “ Судны дзень Скарыны”, п’еса І. Штэйнера ”Мудрости зачало и конец…, або Спакушэнне Скарыны”, вершы вядомых беларускіх паэтаў абавязкова зацікавяць чытачоў. У гэтым раздзеле прадстаўлены таксама працы беларускіх мастакоў і скульптараў.


Выстава будзе экспанавацца на працягу года.


Запрашаем усіх, хто цікавіцца гісторыяй і літаратурай сваёй краіны наведаць Бібліятэку.


Марашчук Ірына Мікалаеўна, галоўны бібліятэкар агульнай чытальнай залы.

Тэлефон для даведак: +375(162) 57 48 74.


Возврат к списку