Not seeing a Scroll to Top Button? Go to our FAQ page for more info.
BY
 

Прэзентацыя зборніка Віталя Воранава «Шэптам»

Прэзентацыя зборніка Віталя Воранава «Шэптам»

Прэзентацыя зборніка Віталя Воранава «Шэптам»
28 красавіка ў 17 гадзін у агульнай чытальнай зале Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага (бул. Касманаўтаў, 48, 2-гі паверх) адбылася прэзентацыя зборніка Віталя Воранава «Шэптам». Кнігу прадстаўляў сам аўтар, які прыехаў на сустрэчу з Польшчы (г. Познань).

Віталь Воранаў з’яўляецца аўтарам кніг : “Нявечны каляндар”, “Апавяданні адным сказам” , “Вялікае княства Беларусь”. Ён займаецца перакладамі з англійскай, чэшскай і польскай моў. Пераклаў на беларускую мову “У чаканні Гадо” Сэмюэла Бекета, “Віня-Пых” Алана Мілна. Піша прозу, палемічныя артыкулы і рэцэнзіі, якія друкуюцца ў беларускіх часопісах і перыёдыцы.

У беларускай літаратуры ён дэбютаваў з апавяданнем “Цётка”, што было надрукавана ў 2006 годзе ў часопісе “Дзеяслоў”.


Зборнік “Шэптам
выйшаў у 2014 годзе на дзвюх мовах: беларускай і польскай. Падрабязней аб выданні.

Мадэратарам сустрэчы стаў кандытат філалагічных навук, дацэнт, загадчык кафедры беларускага літаратуразнаўства БрГУ імя А. С. Пушкіна Уладзімір Адамавіч Сенькавец. Ён распавёў сабраўшымся на вечарыне пра жыццёвы і творчы шлях Віталя Воранава, даў ацэнку новаму зборніку літаратара.


Затым выступіў сам аўтар. Ён расказаў пра тое, як стваралася кніга, пра экспедыцыю па рэгіёне беларуска-польскага памежжа, пра цікавыя сустрэчы з “шаптухамі”, пра цяжкасці, з якімі прыйшлося сутыкнуцца пры напісанні кнігі, прывёў прыклады замоў , якімі ён карыстаўся ў сваім жыцці. Акрамя таго, літаратар прачытаў два сваіх новых апавяданні, а потым адказаў на пытанні чытачоў.


Напрыканцы сустрэчы Віталь падзякаваў Бібліятэцы за магчымасць прэзентаваць сваю кнігу ў Брэсце і падарыў некалькі сваіх кніг, з якімі ўсе жадаючыя могуць азнаёміцца, наведаўшы нашу ўстанову.


Да гэтага мерапрыемства супрацоўнікамі агульнай чытальнай залы была падрыхтавана выстава “Віталь Воранаў – літаратар, перакладчык, выдавец”.


У першым раздзеле сабраны матэрыялы пра яго празаічныя зборнікі, пераклады, пра ўдзел у музычным праекце “Тузін. Перазагрузка” інтэрнэт-парталу “Тузін Гітоў”. У другім раздзеле былі прадстаўлены кнігі па беларускім фальклоры: беларускія святы і абрады, замовы, прыкметы і павер’і, пасловіцы і пагаворкі, народныя песні.


Запрашаем усіх, хто цікавіцца беларускай літаратурай, наведаць нашу Бібліятэку, прыняць удзел у шматлікіх прэзентацыях і літаратурных вечарынах.


Ірына Марашчук, галоўны бібліятэкар агульнай чытальнай залы

Тэлефон для даведак: (+375 162) 20-90-35



Возврат к списку