Not seeing a Scroll to Top Button? Go to our FAQ page for more info.
 

Прэзентацыя кнігі Дарафея Фіоніка


Прэзентацыя кнігі Дарафея Фіоніка

28 сакавіка ў аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі адбылася прэзентацыя кнігі Дарафея Фіоніка “Айцец Канстанцін Байко. Багаслоў, настаўнік, лекар” з удзелам аўтара і прэзентацыя новага нумара краязнаўча-культурнага зборніка “Бельскі гостінэць” з матэрыяламі па гісторыі Берасця.


Супрацоўнікамі аддзела была падрыхтавана кніжная выстава “Святыні хрысціянскай Берасцейшчыны”, прысвечаная рэлігійнай спадчыне нашага рэгіёна. Першы яе раздзел прадстаўлены шматмоў’ем кніг Бібліі, шырынёй рэлігійнага веравызнання, асобнымі выданнямі, прысвечанымі гісторыі праваслаўных і каталіцкіх храмаў вобласці. Сярод іх кнігі: ks. Grzegorz Sosna, m. Antonina Troc-Sosna “Hierarchia i kler kościoła prawosławnego w granicach II Rzeczypospolitej I Polski powojennej w XIX—XXI wieku” (Ryboły, 2012), С.М. Восович “Брестское Свято-Николаевское братство и его культурно-просветительская деятельность в 1867 — 1914 гг.” (Брест, 2009), “Храм-победитель: Свято-Николаевский гарнизонный собор в Крепости-Герое г. Брест 1851—2011” (Брест, 2011), “Праваслаўныя храмы Ганцаўшчыны” (Пинск, 2011) і інш. Другі раздзел выставы “Жыццё ў малітве і любові” знаёміў з жыццём і рэлігійнай дзейнасцю свяшчэнна- і царкоўнаслужыцеляў, чый лёс быў і ёсць звязаны з Берасцейшчынай. Гэта такія кнігі, як: Епіскап Мітрафан (Зноско) “Хроника одной жизни.” (Нью-Йорк, 1995), Л.У. Маракоў “Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- і царкоўнаслужыцелі Беларусі 1917—1967” (Мінск, 2007), С.А. Падокшын “Іпацій Пацей: царкоўны дзеяч, мысліцель, пісьменнік на пераломе культурна-гістарычных эпох” (Мінск, 2001), А. Коршунов “Афанасий Филипович” (Минск, 1965) і інш.


На пачатку мерапрыемства з уступным словам выступіла дырэктар Бібліятэкі Данілюк Тамара Паўлаўна, якая прывітала гасцей і запрошаных, а таксама выказала удзячнасць і спадзяванні на далейшае плённае супрацоўніцтва з аўтарам прэзентуемага выдання.


Мадэратар сустрэчы, Вабішчэвіч Аляксандр Мікалаевіч, доктар гістарычных навук, прафесар, загадчык кафедры гісторыі славянскіх народаў гістарычнага факультэта БрДУ імя А.С. Пушкіна прадставіў прысутным Дарафея Фіоніка – польскага і беларускага гісторыка, этнографа і фалькларыста з Беласточчыны, заснавальніка грамадскага Музея малой айчыны ў Студзіводах (раён Бельска Падляшскага, Польшча), дзеяча беларускай культуры на Падляшшы. Аляксандр Мікалаевіч распавёў аб творчай дзейнасці шаноўнага госця і адзначыў важнасць новага выдання для польскай і беларускай грамадскасці.


Далей слова ўзяў сам аўтар кнігі “Айцец Канстанцін Байко. Багаслоў, настаўнік, лекар”. Ён пазнаёміў прысутных з асобай праваслаўнага святара, акрэсліў яго жыццёвы шлях, адзначыў унікальныя дакументы, ілюстрацыі і фотаздымкі новага выдання.


Яшчэ адной прыемнай нагодай сустрэчы з Дарафеям Фіёнікам з’явілася прэзентацыя новага нумару краязнаўча-культурнага зборніка “Бельскі гостінэць”, рэдактарам якога ён з’яўляецца. Сярод удзельнікаў мерапрыемства быў і аўтар некалькіх артыкулаў, надрукаваных у новым нумары зборніка — Гладышчук Анатолій Антонавіч, кандыдат фізіка-матэматычных навук, прафесар, дацэнт кафедры фізікі БрДТУ, краязнавец. Анатолій Антонавіч выказаў сваё стаўленне да прэзентуемага выдання і яго аўтара, закрануў тэмы вывучэння гісторыі края і, непасрэдна, Берасцейскага замка.


На працягу мерапрыемства кожны жадаючы меў магчымасць задаць пытанні ўсім выступоўцам, а таксама пагутарыць з Дарафеем Фіонікам і набыць кнігу з яго аўтографам.



Жэлянгоўская Ірына Іванаўна, галоўны бібліёграф аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі.

Тэлефон для даведак: + 375 (162) 57 48 79




Еще по теме:


 Прэзентацыя гісторыка-краязнаўчых выданняў Дарафея Фіёніка [Электронный ресурс] / БрГУ им. А.С. Пушкина – Брест, 2017. – Режим доступа: http://www.brsu.by/news/prezentatsyya-gistoryka-krayaznawchyh-vydannyaw-darafeya-fiyonika – Дата доступа: 22.03.2017





Возврат к списку