Not seeing a Scroll to Top Button? Go to our FAQ page for more info.
 

Кніжная выстава «Мне хацелася быць адкрытай»: 90 гадоў з дня нараджэння Святланы Курылёвай


Кніжная выстава «Мне хацелася быць адкрытай»: 90 гадоў з дня нараджэння Святланы Курылёвай

У аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Бібліятэкі пачала работу кніжная выстава «Мне хацелася быць адкрытай»: 90 гадоў з дня нараджэння Святланы Курылёвай (1928–2011), пісьменніцы.


Святлана Леанідаўна нарадзілася 25 красавіка 1928 г. у горадзе Жытоміры (Украіна) у сям’і ваеннаслужачага. Скончыла рускае аддзяленне філалагічнага факультэта Харкаўскага дзяржаўнага ўніверсітэта (1950); жыла ў г. п. Камянец Брэсцкай вобласці, працавала выкладчыцай рускай мовы і літаратуры ў школе (1950–1983). У друку пачала выступаць у 1950 г. (брэсцкая абласная газета «Заря»), пісала на рускай мове. У 1960 г. у часопісе «Юность» (Масква) было апублікавана апавяданне «Дорога». З 1980 г. — член СП СССР. Аўтар кніг апавяданняў, аповесцей «Жаворонки на улице» (Мінск, 1965), «И нелегко и непросто» (Мінск, 1975), «Формула успеха» (Мінск, 1979), «Доброта» (Мінск, 1983), «Самый короткий день» (Мінск, 1987) і кнігі-дыялога з Ю. Марозам «Совхоз-комбінат „Беловежский“: сегодня и завтра» (Мінск, 1990). (Беларускія пісьменнікі (1917–1990) : даведнік / [склад. А. К. Гардзіцкі; навук. рэд. А. Л. Верабей]. Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. С. 320).


Кніжная выстава складаецца з некалькіх раздзелаў. Першы раздзел прысвечаны творчасці пісьменніцы, уключае творы, многія з якіх апублікаваны ў вядомых літаратурна-мастацкіх часопісах і газетах: «Нёман», «Беларуская думка», «Полымя», «Еврорегион Буг», «Навіны Камянеччыны», «Советская Белоруссия».


У раздзеле «Аб жыцці і дзейнасці» прадстаўлены кнігі, артыкулы з часопісаў і газет, фотаздымкі. Вядомы берасцейскі пісьменнік, аўтарытэтны крытык і гісторык літаратуры У. Калеснік у артыкуле, прысвечаным 65-гадоваму юбілею пісьменніцы, адзначаў: «Святлану Леанідаўну Курылёву нетактоўна было б прадстаўляць чытачу, бо сярод празаікаў на Берасцейшчыне яна найбольш папулярная, найбольш чытаемая пісьменніца. Сёння яна дайшла да ўзроставага і творчага рубяжа, калі дасягнутае талентам і працай стала карысным для самой культуры рэгіёна…» (Народная трыбуна. 1993. 30 крас. С.4).


Дзякуем за прадстаўлены ілюстраваны матэрыял Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя У. Ігнатоўскага.


Кніжная выстава «Мне хацелася быць адкрытай» будзе працаваць у аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі да сярэдзіны мая.


Бельская Алена Лявонцьеўна, бібліятэкар аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі

Кантактны тэлефон: +375 162 57 48 79




Возврат к списку