Not seeing a Scroll to Top Button? Go to our FAQ page for more info.
 

Электронны рэсурс «Агонь душы Ніны Мацяш»

Электронны рэсурс «Шчыраверная слову. Галіна Малажай»

Электронны рэсурс «Уладзімір Калеснік — чалавек Адраджэння»

Виртуальный музей «Ян Чачот — прадвеснік беларускага Адраджэння»

Электронный ресурс «Узняцца да лёсу чалавечага: да 75-годдзя з дня нараджэння Валянцiны Локун (1946–2016)»



Дзень беларускага пісьменства

Дзень беларускага пісьменства

Дзень беларускага пісьменства

Дзень беларускага пісьменства


Штогод у першую нядзелю верасня адзначаецца Дзень беларускага пісьменства. Традыцыйна гэта свята праходзіць у гарадах, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання. 


У гэтым годзе гасцей вітаў горад Іванава Брэсцкай вобласці.


У рамках свята ўдзельнікі і госці маглі азнаёміцца з новымі кніжнымі выданнямі, сустрэцца з беларускімі літаратарамі, паслухаць выступленні паэтаў і пісьменнікаў, творчых калектываў і выканаўцаў. Адбыліся: навукова-практычная канферэнцыя «Іванаўскія чытанні», Міжнародны круглы стол беларускіх і замежных літаратараў «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго», адкрыццё памятнага знака, прысвечанага ХХV, юбілейнаму, Дню беларускага пісьменства. Вялікую цікавасць у гасцей горада выклікаў фінал рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка», прысвечанага Году малой радзімы ў Беларусі, конкурс духавой музыкі «Фанфара-2018» і інш. 


Прыняла ўдзел у святочных мерапрыемствах і Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага. Супрацоўнікамі Бібліятэкі была падрыхтавана разгорнутая выстава літаратуры «Напісанае застанецца».


Кнігі першага раздзелу экспазіцыі «Вытокі беларускай кніжнасці» дазваляюць здзейсніць экскурс у гісторыю беларускай кнігі, гісторыю кнігадрукавання Беларусі. 


З працы Вацлава Ластоўскага «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі», якая выйшла ў 1926 г., можна даведацца пра большасць вядомых на той час помнікаў беларускага пісьменства, напісаных кірылічным алфавітам у ХІ–ХVIII стст. Вялікую цікавасць уяўляюць сабой прадстаўленыя на выставе факсіміле рукапісаў: «Тураўскае Евангелле: факсімільнае ўзнаўленне, даследаванні», «Житие блаженной Евфросинии, игумении монастыря Вседержителя Святого Спаса во граде Полоцке», «Баркалабаўскі летапіс»  і інш.
Поўнае ўяўленне аб развіцці кнігадрукавання ў Беларусі даюць кнігі: «Узнікненне кнігадрукавання ў Еўропе і Беларусі», «500 гадоў беларускага кнігадрукавання», «Чатырохсотлецьце беларускага друку, 1525–1925» (выйшла ў свет у1926 г.).


Другі раздзел выставы «Сталіцы свята беларускага слова» прысвечаны гарадам, у якіх праходзілі Дні беларускага пісьменства. Былі прадстаўлены матэрыялы аб архітэктурных помніках і выбітных асобах Полацка, Турава, Навагрудка, Нясвіжа, Оршы, Пінска і інш. гарадоў. Наведвальнікаў зацікавілі матэрыялы пра г. Іванава, пра лабараў (жыхароў горада, якія займаліся зборам грошай для царквы), пра святога Андрэя Баболю, пра радавое гняздо Дастаеўскіх у в. Дастоева, а таксама пра жыццё і дзейнасць Напалеона Орды, Аляксея Кузьміча, Хаіма Вейцмана і інш. Былі прадстаўлены творы пісьменнікаў, жыццё і дзейнасць якіх таксама звязаны з гэтым горадам: Аляксея Каўко, Васіля Жушмы, Анатоля Крэйдзіча, Уладзіміра Гетманчука, Адрэя Мазько, Валерыя Кухарчука і інш.


Традыцыйна падчас правядзення свята праходзіць узнагароджанне пераможцаў конкурсу «Нацыянальная літаратурная прэмія». На ўрачыстым адкрыцці Дня беларускага пісьменства былі названы лаўрэаты за 2017 год. У намінацыі «Найлепшы твор паэзіі» перамог Казімір Камейша са зборнікам вершаў «Высокі бераг»; у намінацыі «Найлепшы твор прозы» —  Васіль Шырко з кнігай «Я нязваны госць»; у намінацыі «Найлепшы твор драматургіі» —  Георгій Марчук са зборнікам п’ес  «Святло вышыні»; у намінацыі «Найлепшы твор публіцыстыкі» —  Зінаіда Дудзюк з кнігай «Пара высокага сонца»; у намінацыі «Найлепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства» —  Іван Штэйнер з кнігай «Смехъ зъ болѣстию смешанъ будеть: смехавыя традыцыі Рэнесансу ў сатырычнай літаратуры ХХ стагоддзя»; у намінацыі «Найлепшы твор для дзяцей і юнацтва» — Вольга Нікольская з кнігай «Выкраданне шэдэўра, або Новыя прыгоды агентаў “Колбафіржык”»; у намінацыі «Найлепшы дэбют» — Юлія Алейчанка з кнігай «Пад чароўным шкельцам». 


 Пераможцы прэміі за мінулыя тры гады былі прадстаўлены ў трэцім раздзеле выставы «Нацыянальная літаратурная прэмія. Кнігі – лаўрэаты».


Чацвёртая частка выставы «Літаратура Берасцейшчыны: юбілеі года» прысвячалася пісьменнікам-юбілярам бягучага года. 2018 год багаты на юбілейныя даты нашых творцаў-землякоў, сярод якіх такія гучныя імёны, як Піліп Пестрак, Мікола Засім, Мікола Федзюковіч, Святлана Курылёва, Васіль Сахарчук, Ніна Мацяш, Яўгенія Янішчыц, Мікола Пракаповіч, Алесь Паплаўскі, Валерый Гапееў, Валерый Грышкавец і інш. На выставе прадстаўлены творы гэтых аўтараў. Тут можна было азнаёміцца з кнігамі лаўрэатаў Літаратурных прэмій імя Якуба Коласа, Івана Мележа, Аркадзя Куляшова, Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы, прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, а таксама літаратурнай прэміі Брэсцкага аблвыканкама імя У. А. Калесніка. Упрыгожваннем да мастацкіх твораў сталі і арыгінальныя фотаздымкі пісьменнікаў-юбіляраў з фонду Бібліятэкі.


Выстава экспануецца на працягу верасня ў двух аддзелах: агульнай чытальнай зале, аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі


Запрашаем усіх, хто цікавіцца беларускай гісторыяй і літаратурай  наведаць выставу. 


Марашчук  Ірына Мікалаеўна, гал. бібліятэкар агульнай чытальнай залы,
Жэлянгоўская Ірына  Іванаўна, гал. бібліятэкар аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі,
Пінкевіч Алена Аляксееўна, бібліятэкар аддзела абанемента і МБА
Тэлефон для даведак:  +375 162 57 48 74, +375 162 57 48 79,+375 162 57 48 09


.


Возврат к списку