Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
У аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага пачала работу кніжная выстава «Творчыя вёрсты Міхася Рудкоўскага: 85 гадоў з дня нараджэння», прысвечаная юбілею паэта. Міхась Рудкоўскі нарадзіўся 17 красавіка 1936 г. у в. Востраў Лунінецкага павета Палескага ваяводства (цяпер Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці). Скончыў Пінскае педагагічнае вучылішча (1955), настаўнічаў у Кукаўскай сямігодцы Ганцавіцкага раёна. У 1960–1962 гг. — літсупрацоўнік ганцавіцкай раённай газеты «Сялянская праўда». Скончыў завочна філалагічны факультэт Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна (1961). У 1962–1981 гг. працаваў старшым рэдактарам літаратурна-драматычных і музычных праграм Брэсцкай студыі тэлебачання. Узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.
Першы паэтычны зборнік Міхася Рудкоўскага выйшаў у 1963 г. пад назвай «Першыя вёрсты» (Мінск). Пасля выхаду другога зборніка «Сінія Брады» (Мінск, 1967) паэта прынялі ў Саюз пісьменнікаў СССР. Наступныя кнігі: «Позвы» (Мінск, 1971), «У краі тым» (Мінск, 1975), «Векавечная Бацькаўшчына» (Мінск, 1976), «Трыгор’е» (Мінск, 1981), «Засцярога» (Мінск, 1984), зборнік выбранай лірыкі «Залатазвон» (Мінск, 1986). У 1990 г. у выдавецтве «Советский писатель» (Масква) быў выдадзены зборнік лірыкі «Да пребудешь ты в мире всегда» ў перакладзе на рускую мову Сяргея Красікава.
Апошні, пасмяротны ўжо зборнік «Гарынь» (Мінск) выйшаў у 1992 г. У 2008 г. у Мінску выдадзены калектыўны зборнік «Трохперсце» (Міхась Рудкоўскі, Мікола Пракаповіч, Алесь Каско), які быў узнагароджаны літаратурнай прэміяй імя У. Калесніка.
М. М. Рудкоўскі памёр 7 ліпеня 1991 г. Пахавалі паэта ў роднай вёсцы Востраў.
Рашэннем Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь у 1992 г. сярэдняй школе ў в. Востраў было прысвоена імя паэта, тут створаны літаратурны музей паэта-земляка. У Востраве і Ганцавічах яго імем названы вуліцы. У Брэсце, на доме, дзе ён жыў (вул. Маскоўская, 332), устаноўлена мемарыяльная дошка.
Кніжная выстава складаецца з некалькіх раздзелаў. Першы раздзел прысвечаны творчасці паэта. Прадстаўлены асобныя кнігі аўтара, у т. л. з аўтографамі, і кнігі перакладаў.
У раздзеле «Аб жыцці і дзейнасці» — кнігі, фотаздымкі, артыкулы з часопісаў. Таксама прадстаўлены зборнікі берасцейскіх пісьменнікаў: Расціслава Бензерука, Анатолія Гарая, Валерыя Грышкаўца, Зінаіды Дудзюк, Кастуся Жмінько, Алеся Каско, Міколы Купрэева, якія прысвячалі вершы Міхасю Рудкоўскаму.
Кніжная выстава будзе экспанавацца ў аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі на працягу красавіка.
Бельская Алена Лявонцьеўна,
гал. бібліятэкар аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі
Кантактны тэлефон: +375 162 57 48 79